epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

З падсветам

Пад вербамі, што нахіляюць

У цемры над вірамі стан,

Над ціхаю вадой палае

Маленькі залаты вулкан.

Смаллё ў жароўні сыпле іскры,

І ціхай рэчкі глыбіня

Святлом няпэўным, алым, чыстым

Пранялася амаль да дна.

Ноч пахне радасна і смутна

Вярбовай горкаю карой,

І нос чаўна плыве нячутна

Над змрочным лесам пад вадой.

І ў гэтым лесе, дзіўным, сінім,

Стаяць забіўшыся углыб,

Шырокія тугія спіны

Заснуўшых пад вадою рыб.

Трапечуць багавіння струны,

Рыб клоніць бурштыновы сон...

Замры, падобны да Нептуна,

Трызубец сціснуўшы ў далонь!

Бліжэй! Бліжэй! Як слёзы цёплыя,

Ад жаркіх водбліскаў святла

Чырвоныя падвескі кропляў

Нячутна падаюць з вясла.

Адзін удар трызубай снасці,

І ў ходзе казачных падзей

Жывое, трапяткое шчасце

Само ў далоні упадзе.




Беларуская Палічка: http://knihi.com