epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

"Зацвітае дрэва Іудзіна..."

Зацвітае дрэва Іудзіна,

Горы ў весняй, цёплай журбе...

Ну куды ж уцячы мне, людзі,

Ад кахання, ад дум, ад сябе?!

 

Не купляў я зямлі гаршчэчніка,

І нікога ў жыцці не прадаў,—

Што ж ты помсціш мне, чалавечнасць,

Што ж ты, лёс, мне нічога не даў?

 

Так, нічога ў жыцці не зроблена,

Так, пражыты нікчомны век,

Так, і словы і справы дробныя,—

Але ж хоча святла чалавек,

 

Гімнаў тых, што няма і не будзе...

Рук дзіцячых і словаў яе...

Цяжка, людзі. Нясцерпна, людзі.

Сонца здрадзіць. Шчасце заб’е.

 

Хутка сорак і хутка восень...

Ужо адна толькі прага пячэ,

Каб скаціліся цёплыя росы —

Хай на крыж мой з людскіх вачэй.

 

І малю я вышэйшаю верай —

Ўздайце мне дабрынёю ці злом

Не за тое, што на паперы,

А за тое, што ў думках было.

 

Мы бываем невінаватыя,

Што звінім, як струны лазы,

Што вісяць нашы рукі клятыя,

Што маўчыць наш слабы язык.

 

Ўздайце мне. Хай, што будзе — будзе.

Нельга больш захлынацца ў крыві

Пад праклятым дрэвам Іудзіным

Без нянавісці і любві.

 

6 красавіка 1967 г. Ялта


06.04.1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан