epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Жаданы госць

У небе сузор’і такія сінія,

Сон над снягамі яшчэ плыве.

«Добрага ранку, ўдава-гаспадыня,

Мір клапатлівай тваёй галаве».

Полымя цёплы чалеснік ліжа.

Лёд на акне ад яго сышоў,

Проста ў акно, ад водбліску рыжы,

Звонку глядзіць і зайздросціць воўк.

«Ты як знаходка для ўсёй брыгады:

Сытыя ўсе, абшытыя ўсе...

Толькі жывеш не сабе на радасць...

Ведаеш?.. Не, пайду пакрысе».

 

* * *

«Сонца якое, ўдава-гасгіадыня,

Дзень які добры... Сустрэліся зноў...

Што гэта села на скронях? Іней

Ці сівізна ад мінулых гадоў?

Ёсць ад чаго. І я гэта маю.

Цяжка было нам жыць на зямлі:

Мужа забілі твайго паліцаі,

Жонку маю пад расстрэл падвялі:

Боль абаім яшчэ сэрца паліць,

Ты яго несці дапамагла...

Тузіну год мы па іх сумавалі,

Пухам няхай ім будзе зямля.

Шкода глядзець на цябе, гаротная,

Так бы й пагладзіў па галаве.

Ці вінаватая ты ў адзіноцтве?

Ці вінаваты я ва ўдаўстве?

Ранак быў цяжкі. Стамілася, мусіць?

А выглядаеш, як сліва ў расе.

Добраю б жонкай была ты камусьці...»

«Дзякуй на слове».— «Я... пайду пакрысе»

 

* * *

Ноч надыходзіць. За вокнамі сінія

Зноў заляглі бясконца снягі.

«Што ж ты сядзіш без святла, гаспадыня?

Пэўна, стамілася? Дзень даўгі...

Ведаеш... восень — цяжкая штука,

Але ж бывае і цёплай яна.

Калі трымаеш жончыны рукі —

Сэрцам адчуеш: зноўку вясна.

Што ж ты такое зрабіла са мною,

Што ад цябе мне дарогі няма,

Што на душы мне так неспакойна,

Што ў галаве маёй нейкі туман.

Снег замятае шляхі-дарогі.

Любая. Што ж ты? Не трэба, не плач...»

Падае,

Падае на падлогу

З рук гаспадыні чорны рагач.


1954-1958?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан