epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Заяц варыць піва

Туман плыве з нізіны сівы

Над нівай голай і пустой.

«Глядзіце, заяц варыць піва»,—

Жартуюць людзі між сабой.

А я відушчым бачу зрокам,

Як ён прысеў каля агню,

Трыгубы, шэры, касавокі,

І піва варыць з ячмяню.

Яліна іскрамі страляе,

А ён прыладзіў кацялок

І трэскай варыва мяшае,

Каштуе, сплёўвае набок.

І піва заяц зварыць густа,

А на закуску — бурачок,

Трава, заечая капуста,

Галін асінавых пучок.

З зайчыхай вып’юць па маленькай

І дзеткам трошкі паднясуць,

Пужлівым галаском таненькім

«Цвіцела морква» завядуць.

Пабачыш — не гані з абсады,

Дай хоць на гэты дзень спакой,

Павінна ж быць і ў зайца радасць

Перад халоднаю зімой.


07.10.1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан