epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Жанчыне з бэзам

І я прайшоў калісьці паўз цябе.

Паўз вусны смелыя і рук прынаднасць,

І змрок вачэй, глыбокіх, як сусвет.

На дне тваіх вачэй блішчэлі зоры,

Далёка так, што цэлага жыцця

Мне не хапіла б даляцець да іх...

Не паляцеў...

І гэта так было,

Як быццам качаня не захацела

Агіднае да лебедзя ляцець.

О лебедзь мой, які я быў дурны!

Якой дарогай сноўдаўся па свеце,

Каму сябе аддаў і раздарыў?!

Начамі сон бяжыць вачэй халодных.

Начамі змрок. Халодны вецер свішча,

Каб разбудзіць змярцвелыя дубы.

Крывавыя пупышкі вінаграда

Прыціхлі і чакаюць цёплых дзён.

А ты ляжыш, і трапятанне вей

Бяссоннае, як трапятанне крыл...

...І сёння я ўначы цябе успомніў:

Ты крочыла па вуліцы вясенняй,

Трымаючы ў руках шалёны бэз,

Вільготны бэз, букет вялікіх гронаў,

І сонца ў люстрах дажджавых ляжала

Пад кожным крокам дарагім тваім.

А вочы — два глыбокія сусветы —

Паўзверх вільготных і пахучых гронаў

З пяшчотаю глядзелі на мяне.

Я зразумеў.

Яны ж мяне вучылі

Калісьці нездрадліваму каханню,

Каханню маладому, на якое

Не зменіш вопыт схаладнелых год.

Ім нельга здрадзіць, і забыць іх нельга,

Як нельга з сэрца выкінуць пяшчоту

І подла здрадзіць бэзу і сабе...

...Якая раніца ляжыць над светам!

Які разліў! Да гарызонта сінь!

І ветразі зялёных вербалозаў

На сініх водах — зараз страпянуцца,

Напоўняцца і ў грэкі паплывуць.

Ты, што мяне чакаць даўно забыла,

Дапамагла мне, ўспомніла, прыйшла...

...Будзь блаславёна, доўгае жыццё,

Яшчэ не скончанае ў добрым свеце.

Усё будзе. Толькі гронаў тых не будзе,

Цябе не будзе і тваіх вачэй.

А можа?

Глянь, як свет вакол чакае

Святла і цеплыні, даўно забытых.

Чакае дуб скарэлы на пагорку,

Чакаюць хаты сонечных праменняў,

Чакаюць вішні белых пакрывалаў.

Душа чакае крыл.

І на адхонах

Вось-вось, здаецца, расквітнее бэз.




Беларуская Палічка: http://knihi.com