epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Здратаваныя магілы

Петрасу Антэасу

 

Там, дзе Лесбас у пенных карунках прыбою,

Я адчула цябе і на свет нарадзіла.

Вёсны скрыпкай спявалі, а зімы — трубою.

Дзе ж цяпер ты, мой любы, мой добры, мой мілы?

Ты не вер дактарам. Мне не цяжка прыйшлося.

Проста ўзяў мяне вечар, празрысты і сіні.

За труною людзей — нібы ў полі калоссяў,

Лесбас мора вянкоў надаслаў у Афіны.

Мне не цяжка. Мне іншае горка, мой родны,

Што цябе ўладары ліхалецця і ночы,

Баючыся за «Грэцыі роднай свабоду»,

Не пусцілі сюды, каб закрыў ты мне вочы.

Хто ж з іх горшы, мой сыне? Язычнікі злыя

Ці рупліўцы аб славе Хрыстовай і сіле?

На Галгофу калісьці пусцілі Марыю,

А цябе — на магілу маю не пусцілі.

Праз абшары марэй, праз світанні і ночы

Я кажу са сваёй здратаванай магілы:

Ты не плач, маё сонца, мой любы сыночак,

Мой далёкі, мой блізкі, мой бедны, мой мілы.

Я прывыкла да вечных з табой развітанняў,

Войны, турмы, падполле і Грамаса скалы,

Немцы, ўласныя каты і англічане,—

Ўсё жыццё я чакала, бясконца чакала.

Што было мне да вашых сутычак і зброі?

Проста я не хацела знішчэння і смерці,

І маланкі над Грамасам білі не ў хвоі,

Не ў сыноў, а ў маё набалелае сэрца!

Нехта чорную здраду між вамі пасеяў,

І пайшлі вы з радзімы ў выгнанне, ў выгнанне.

З доўгай, цяжкай, паўночнай тваёй Адысеі

Я чакала цябе, як чакаюць світання.

І канец. І людскія маўклівыя турмы.

Толькі ў сэрцы маім не згасае трывога.

Хай праклён на вас, межы, хай праклён на вас, турмы,

Хай праклён на вас, ворагі людства і бога.

Без сыноў, без надзеі, без шчасця, без мая,

Не схіліўшы да скону жаночыя плечы,

Маці-Грэцыя ў муках маіх памірае,

Маці-Грэцыя, маці сыноў чалавечых.

Па зямлі прапаўзаюць гадзюкамі межы

І дапытваюць кожную былку і камень.

На зямлі руднікі, і турэмныя вежы,

І капцы мацярок, што спавіты дратамі.

...Іскра ў цемры згасала. І тут мне здалося:

Ты ішоў да мяне з дабрынёй і адвагай.

На чале тваім — церні, ў далонях — калоссі,

За спіною — бясконцыя гордыя сцягі.

Я люблю, я хачу цябе бачыць, я маці.

Але ўсё ж, пакуль гора зямлі не ў магіле —

Ты не смей, ты са мною не смей сустракацца,

Мой далёкі, мой смелы, мой добры, мой мілы.




Беларуская Палічка: http://knihi.com