epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Зямля пад белымі крыламі

ЗЯМЛЯ МАЯ БЕЛАРУСКАЯ
  АД ПАЛЕСКІХ ІМХОЎ ДА АСВЕЙСКІХ КРЫНІЦ
  ВЁСКА, О РОДНАЯ ВЁСКА МАЯ!
  ПРОСІМ У ХАТУ, ГОСЦЕЙКІ НАШЫ!
  ХЛЕБ І ДА ХЛЕБА
  КУФАР ЖЫЦЦЯ
  КАЛЯ ХАТЫ Ў САДОЧКУ
  ЗА ВЁСКАЮ РАЗЛІВЫ КАЛАСОЎ
  ЗА РЭЧКАЮ, ЗА БЫСТРАЮ АЗЯРЦО МІЛЬГАНУЛА
  ЗЯЛЁНЫ ШУМ
  ЛЮДЗІ ЗЯМЛІ БЕЛАРУСКАЙ
КАМЯНІЦЫ, І ГМАХІ, І ВЕЖЫ
  ГОРАД НА НЯМІЗЕ
  ПОЛАЦКІЯ ФРЭСКІ
  ВІЦЕБСК – МЕСЦА МАЙСТРОЎ
  ГОРАД МАГІЛЫ ЛЬВА
  ГОРАД ЗЕЛЯНІНЫ І ВАДЫ
  БРАМА КРАІНЫ
  ГРОДНА — МЕЧ, І ВОЛЯ, І СЛАВА
  «ВЯЛІКІЯ» МАЛЫЯ ГАРАДКІ
ПРАЗ ДЫМ СТАГОДДЗЯЎ
  НАЗАД ДА КІЕЎСКАЙ РУСІ
  ПРАДЗЯРЖАВА І ЯЕ ЛЮД
  І ПАЎСТАЎ РОД НА РОД І ПЛЕМЯ НА ПЛЕМЯ
  ЛІТВА. БЕЛАЯ РУСЬ
  НЯЗМЕРНА ЦЯЖКІЯ ЧАСЫ
  БЕЛАРУСКІЯ ГУМАНІСТЫ
  СЯЛЯНСКАЯ ВАЙНА
  НАВАЛА. АБНАЎЛЕННЕ. ПАЎСТАННІ
  У НОВЫМ РЭЧЫШЧЫ
  ПАСЛЯ 1812 ГОДА
  ПЕРШЫЯ ЛАСТАЎКІ, АБО ПАДАРОЖЖА ЭНЕЯ
  ГОЛАС ЗАБАРОНЕНАЙ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ
  МУЖЫЦКІ АДВАКАТ
  АБУДЖЭННЕ
  НОВЫЯ ПЕСНІ НОВАГА ДНЯ
«БЕЛАРУСЬ НА КУЦЕ Ў ХАЦЕ СВАЕЙ СЕЛА...»
  ВАЙНА І РЭВАЛЮЦЫЯ
  РАЗ’ЯДНАНАЯ ЗЯМЛЯ
  А НА ЗЕМЛЯХ ВОЛЬНАЙ БЕЛАРУСІ...
  ПА ЭТАПАХ
  ЧАС ВЯЛІКАЙ БЯДЫ
БУДОЎЛІ, БУДОЎЛІ, БУДОЎЛІ
  З ПАПЯЛІШЧАЎ, ЯК ФЕНІКС
  СЁННЯШНІ ДЗЕНЬ


Зараз вясна. Над усёй нашай краінай, наставіўшы белыя ветразі крылаў, планіруюць буслы. Іх многія і многія тысячы — хто лічыў? На вільчыках сялянскіх хат, на дрэвах, на калонах старых разбураных палацаў, на слупах капліц сярод маладога зялёнага жыта. Гнёзды паўсюль.

І таму мне здаецца, што ў гэтыя — і не толькі ў гэтыя — дні зямлю нашу, Беларусь, можна назваць «зямлёю пад белымі крыламі». І не здзіўляйцеся, дзяўчаты і хлопцы, на дзіўную назву кнігі, якая трапіла да вашых рук.

Да пэўнай ступені бусел — сімвал Беларусі. Ёсць, вядома, дацкія буслы, апетыя Андэрсенам, ёсць буслы і ў іншых заходніх краінах. Ёсць яны і на поўдні. Але на ўсход ад Беларусі, калі не лічыць сярэднюю Азію, яны ўжо амаль не водзяцца. Так што нават цікава, а хто там прыносіць у дом дзяцей.

Вось так і планіруюць, планіруюць буслы. Ветразі іхнія раскрылены над дрэвамі, пушысты хвост, як веерам, накрыў выцягнутыя ногі. А мне пад іхні палёт асабліва добра думаецца пра Беларусь, нашу з вамі радзіму. І для вас я і хачу, наколькі хопіць маіх ведаў і здольнасцяў, расказаць пра яе.

Па-першае, чаму «Беларусь»? Ёсць некалькі варыянтаў паходжання гэтай назвы. Прывяду два з іх.

Першы: белыя адзенні даўніх вясковых людзей, белыя іхнія валасы, белы колер скуры.

Другі. А ён аніяк не супярэчыць з першым. Калі на нашы старажытныя славянскія землі прыйшлі татара-манголы — здолелі адбіцца ад іх амаль адны толькі мы. Паў Уладзімір, Разань, Кіеў. Да Ноўгарада захопнікі не дайшлі толькі таму, што пачаліся дажджы.

Мы — адбіліся. І менавіта таму мы «белая», «чыстая ад нашэсця татараў» Русь. А гэта да шмат чаго абавязвае. І вы заўсёды памятайце гэта.

Здарылася так, што я пачаў па-сапраўднаму пазнаваць Беларусь толькі ў вашым узросце. Яна была «да вайны», і за час вайны моцна забылася. Бамбёжкі, акружэнні, эвакуацыя. Масква ў кастрычніку 1941 года, горы Урала, Казахстан, Арэнбургскія стэпы. А пасля руіны Мінска і роднае мне Оршы, высечаныя ля дарог акупантамі (ад жаху перад партызанамі) лясы, пераховы забітых людзей. Так усё і пачало запісвацца зноў, нібыта на чыстай дошцы. Любоў да Беларусі нараджалася ў самыя галодныя, халодныя і цяжкія часы. І, магчыма, таму стала асабліва моцная.

Бачыў я пасля, як цяжка даводзілася нам аднаўляць сваю гаспадарку, падводзіць пад кроквы новыя хаты замест спаленых, садзіць новыя сады, будаваць новыя школы. Бачыў на свае вочы, як аднаўляліся Мінск і дзесяткі іншых нашых гарадоў. Бачыў, як набіралі сілы беларускія сёлы. І вось менавіта таму, што я — сведка, я і лічу, што маю некаторае права расказаць пра нашу рэспубліку вам, дарагія падлеткі.

Мы з вамі дзеці адной гісторыі, аднолькавай сучаснасці і агульнай будучыні. Нас яднае агульны лёс.

Нават у «важлівых дробязях».

Уся розніца паміж мною і вамі ў тым, што я на нейкія трыццаць год старэйшы за вас і таму крыху болей бачыў. Дажывяце да майго — можа, будзеце куды больш бывалыя. А пакуль што я хачу трошкі памагчы вам у вашых першых кроках, даць вам ключ ад нашага дома, каб далей вы ўжо асвойваліся ў ім самі.

Я аб’ездзіў на Беларусі амаль усё. Няшмат засталося нават глухіх куткоў, дзе я не пабываў бы. Таму я насмельваюся сказаць, што ведаю сваю краіну і яе людзей. І менавіта таму, дарагія дзяўчаты і хлопцы, я стану гаварыць з вамі толькі аб тым, што сам бачыў і чуў. Гэта будзе кніга, напісаная сведкам, які многае (што датычыць сучаснасці) бачыў на ўласныя вочы. І я дужа хацеў бы, каб вы мне верылі, нават калі я стану вам расказваць самыя незвычайныя рэчы. Таму што жыццё багацейшае, чым мы яго ўяўляем. Жыццё часам бывае настолькі падобнае на казку, што нельга не ўскрыкнуць: «Ды не можа гэтага быць!»

Вы можаце спытаць, нашто гэта вам, калі вы самі жывяце тут і шмат чаго бачыце «на свае вочы». Ну, па-першае, Беларусь вельмі розная. Розняцца людзі, будоўлі, пейзажы. Калі вы жывяце на вёсцы недзе пад Столінам, вы можаце не ведаць, як жывуць вашы браты і равеснікі недзе на Віцебшчыне. Па-другое, калі вы — дзіця вялікага горада, вы можаце ўвогуле не мець уяўлення пра першабытныя лясы недзе над Бярозай-ракой. Па-трэцяе, не тая ўжо і вёска. Людзі носяць не тыя ўборы, глядзяць замест батлейкі тэлевізары. Яны жывуць нязмерна лепей, але і... падабней адзін да аднаго. І мне хочацца расказаць вам аб тым, што знікае і чаму я быў сведкам, каб добра ведалі сваё месца ў гэтым жыцці і вы.

Мне патрэбна будзе расказаць і пра гісторыю. І тут вы, вядома, можаце злавіць мяне на слове, сказаўшы, што не мог я, скажам, быць сведкам барацьбы майго народа з крыжакамі. Ваша праўда. Але я ў гэтых выпадках, ведайце, браў кнігі людзей найбольш вартых даверу, кнігі таксама сведкаў, кнігі сумленныя і цікава напісаныя.

То пойдзем у наша падарожжа.

У дарогу, сябры!

 

ЗЯМЛЯ МАЯ БЕЛАРУСКАЯ

 

АД ПАЛЕСКІХ ІМХОЎ ДА АСВЕЙСКІХ КРЫНІЦ

Насельніцтва Беларусі складае больш за 9 мільёнаў 300 тысяч чалавек. З іх беларусаў 7 мільёнаў 286 610 чалавек. У вайну, вы ведаеце, загінуў кожны чацвёрты жыхар рэспублікі. Часам едзеш лесам, і раптам — паляна, здзічэлыя садовыя дрэвы (вёска так і не адрадзілася) і абеліск, а на ім словы, ад якіх сціскаюцца кулакі і ідзе па скуры мароз:

«Тут пахаваны расстраляныя немцамі
12.IX. 1943 г.
Кароль Алена Мікітаўна
1925 года нараджэння,
Павел 1920 г.,
Васіль 1898 г.,
Зофія 1892 г.,
Уладзімір 1922 г.,
Іван 1924 г.,
Мікола 1927 г.,
Марыя 1934 г.,
Вера 1939 г., бабуля 70 год,
Сіневіч Антон Валяр’янавіч 1884 г.
і Серафіма Іллінічна 1888 г.
і іншыя».

 

Гэта значыць, за сувязь з партызанамі ці проста так, з помсты, прыехалі немцы, ачапілі сяло, загналі мірных жыхароў у гумно і спалілі. Такім ці іншым чынам было ператворана ў попел 9200 вёсак. 706 з іх — разам з людзьмі. І 187 засталіся неадноўленыя. Акрамя таго, знішчана 209 гарадоў і пасёлкаў.

Але не трэба думаць — ды вы і самі чулі гэта з расказаў старэйшых, што забітыя гінулі пакорліва. Гэта не так. Хто мог змагацца — загінуў у баі: на фронце, у падполлі або ў партызанскіх атрадах. Беларусь нездарма называюць краінай класічнай партызанскай барацьбы. Партызанаў было тут 374 тысячы. Падпольшчыкаў каля 70 тысяч чалавек. Гэта толькі тыя, што змагаліся са зброяю ў руках, не лічачы сувязных. А калі ўжо казаць пра тых, хто спачуваў, збіраў звесткі, здабываў медыкаменты, ежу і іншае, калі гаварыць пра так званы «партызанскі рэзерв», то ў лік партызан смела можна залічыць ледзь не ўвесь народ.

Наша Беларусь займае 207,6 тысячы квадратных кіламетраў, ці 0,9 % тэрыторыі СССР, але гэта больш чым Балгарыя, больш чым ЧССР, чым Венгрыя, чым Партугалія, Грэцыя, і больш чым Бельгія, Галандыя, Данія і Люксембург, разам узятыя. Працягласць нашай радзімы з поўначы на поўдзень 560 км і з усходу на захад 650 км. Мяжуе яна з Украінай, Расіяй, Латвіяй, Літвою і Польшчай і займае выгоднае геаграфічнае становішча на шляхах з Заходняй Еўропы на Усход і з Украіны ў Прыбалтыку. Гэтае выгоднае становішча, аднак, часта і падводзіла. Дзе выгоднае становішча, дзе зручныя шляхі, там і вораг. Так што ніводная вайна, якая грымела ва ўсходняй Еўропе, не мінула Беларусі.

...Нехта сказаў, што па абрысах наша краіна нагадвае дубовы ліст. Па-мойму, параўнанне не вельмі. На мой погляд яна па абрысах хутчэй нагадвае зубра.

Умоўна Беларусь дзеляць на пяць вялікіх раёнаў.

1) Азёрны край. Гэта самая поўнач рэспублікі.

2) Цэнтр. Ён прыблізна супадае з Мінскай вобласцю.

3) Панямонне. Заходнія раёны па берагах Нёмана.

4) Усход. Аршанскае ўзвышша, Аршанска-Магілёўская раўніна, а таксама раўніны па рацэ Беразіне і каля Чачэрска.

5) Поўдзень, або Палессе.

Я — але гэта мая прыватная думка — выдзеліў бы за кошт усхода і ўсходняй часткі Палесся яшчэ шосты раён. Прыдняпроўе. Занадта ўжо ўплывае на эканоміку, пейзаж, побыт, нават псіхіку чалавека вялікая Рака.

У адпаведнасці з раёнамі розныя і пейзажы.

У іншых краінах ёсць горы ў зялёнай футры лясоў, мора стэпавых траў і проста сіняе мора. У нас гэта ўсё таксама ёсць, толькі што сабранае ў мініяцюры.

 

Вось АЗЁРНЫ КРАЙ. Марэнныя грады, шматкіламетровыя «агароджы» з валуноў на межах. І, паміж бясконцых градаў і ўзвышшаў, многія і многія сотні азёр. Паверхня самага вялікага з іх, Нарачы, 79,9 кв. км. Глыбіня самага глыбокага (гэта з вялікіх азёр), Струсты, 30 м. А сярод малых ёсць і такія, глыбіня якіх каля 50 м. Азёры гэтыя розныя. Вада Нарачы такая чыстая, што пры вялікай глыбіні можна бачыць усё, што ляжыць на дне. А вось вада змрачнаватага, ляснога і балотнага возера Палік (у Бярэзінскім запаведніку) нагадвае густа завараны чай.

Паміж азёраў частыя ўзгоркі, і на іх пілы лясоў, пераважна хвойных. А па схілах — палі. Малінавыя шары канюшыны, сінявокія льны, жыта, сям-там расквечанае валошкамі.

На ўзгорках вострыя шпілі гарадкоў з гарбатымі вуліцамі і вялізнымі купамі старых ліп. Адзін амерыканскі падарожнік, што аб’ехаў палову свету, пісаў на пачатку нашага стагоддзя, што пейзажаў, лепшых за пейзажы беларускія, ён не бачыў ва ўсёй Еўропе.

Часам з адной гары можна бачыць да дзесятка азёр. Асабліва гожыя яны ў летнія ночы, калі ў іх адбіваецца перакулены дагары нагамі спічасты лес і, здаецца, ночы зусім няма і слізгоча ў чыстых, як сляза, глыбінях доўгае, плямістае цельца стронгі. А стронга можа быць толькі ў ідэальна празрыстай, без кроплі каламуці, вадзе.

Зноў на ўсход. І зноў узгоркі і азёры. Мачтавыя бары на схілах. Аж медныя. І — нібы рубеж, які перавалілі,— замест шпіляў, аж празрыстыя, белыя, нібы са святла пабудаваныя, старажытныя званіцы Полацка.

 

...ЦЭНТР — таксама разнастайны. Поўнач — гэта грады і ўзгоркі, укрытыя сям-там лесам. Сярод іх ёсць і «горы», асобныя вяршыні, якія не дужа рэзка вылучаюцца ў рэльефе. Гэта гара Лысая, гара Маяк і іншыя. Але тут жа, у нізіне па Бярозе-рацэ, быццам зусім іншая зямля. На многія і многія дзесяткі кіламетраў старажытныя чорныя лясы, глеба нібы сочыцца вадой. Рэчкі, азёрцы, межытокі. А над імі дзіч ялін, хвояў, бяроз, дубоў, чаромх і ўсяго такога. Лішайнік бародамі звісае з дрэў, чырванеюць на беражках тарфяных вымачын мухаморы, і ў гэтым змроку, валюхаючы, праходзіць гаспадар гэтых мясцін — мядзведзь.

Калі ехаць на поўдзень — грады паступова паніжаюцца і пачынаецца Слуцкая раўніна: бязмежны разліў палёў, што калыхаюцца пшаніцай і жытам, маленькія пятачкі лесу, вялізныя, як дубы, дзічкі на месцы былых межаў, крыжы ветракоў. Гэта — беларуская жытніца. Так бы мовіць, беларуская Украіна.

 

...Адразу ясна, што ПАНЯМОННЕ атрымала сваю назву ад галоўнай сваёй ракі, у басейне якой яно і ляжыць. Нёмана. Таго, які, як кажа беларуская прыказка, «пачынаецца з арэхавай шкарлупінкі». Гэта дужа ціхая, дужа ласкавая зямля. Мяккія сытыя ўзгоркі, купы магутных дубоў і ліп на іхніх верхавінах, прыгожыя вёскі, бясконцая, глухая Налібоцкая пушча. Дубы і па берагах. Многа. Вялізныя, як зялёныя хмары, часта шматвяковыя.

І тое, што надае мясцовасці асабліва рамантычны характар: замкі, што збольшага ляжаць у руінах. На ўзгорках, на берагах рэк, на астравах. Яны дужа розныя, гэтыя старажытныя будовы. То гэта проста нібы каменныя загоны для быдла: квадрат высачэзных муроў метры ў тры таўшчынёй (Ліда). То як быццам нейкая пахаваная пачвара высунула з зямлі сточаныя часам зубы вышынёй з вялізны дом (Наваградак, Крэва). А часам гэта велічныя бела-чырвоныя вежы, муры, што злучаюць іх, багаты палац пад чарапіцай — прыкладзі крыху працы і маеш цудоўны дом адпачынку (Мір).

 

...УСХОД. Часам марэнныя грады, часам раўніны. На водападзелах тарфяныя і мохавыя балоты. Дурманіць там галаву багун, а журавіны ўвосень збіраюць саўкамі. Тут трапляюцца бадай што найлепшыя на Беларусі сасновыя бары. Нацэленыя ў неба, звонкія, прапахлыя жывіцай. Грыбоў — хоць касой касі. На поўдні ўсё часцей і часцей трапляюцца дубровы з іхнім шырокалістоўным холадам. Шмат старых паркаў. У прыватнасці, парк пры Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, самы стары батанічны сад рэспублікі.

І паўсюль яры, поймы, паплавы, што шумяць разнаквеццем, сады.

 

...ПОЎДЗЕНЬ, АБО ПАЛЕССЕ дарэмна лічаць адной суцэльнай забалочанай нізінай. Ёсць, вядома, і гэта. Некаторыя балоты цягнуцца на дзесяткі кіламетраў і толькі сям-там вытыркаюцца з іх «выспы», гэта значыць, астравы, парослыя першабытным лесам. Калісьці на такія астравы можна было прайсці толькі ў люты мароз або вялікую засуш. Калі наступала раптоўная адліга або ішлі залевы, то чалавек, які зайшоў на выспу, мог застацца там і на год і на два. На пачатку XIX ст. была засуш. Некалькі паляўнічых зайшлі на адну такую выспу і ўбачылі на ёй зрубы, сляды зямлянак, а на галіне дуба вялізны звон, што аж урос верхавінаю ў дрэва. Выявілася, што жыхары бліжэйшай вёскі хаваліся тут ад шведаў. Пасля зарадзілі дажджы. Людзям удалося выбрацца, а маёмасць засталася. Звон правісеў на дубе больш за сто год.

Цяпер, вядома, такая недаступнасць здараецца дужа і дужа рэдка. На гарадзішча-схоў, каля вёскі Гарадное, куды перабіраліся ў вайну тысячы паўтары год назад жыхары, цяпер можна свабодна праехаць гаццю.

Але ж і раздолле на выспах! Хвоі, бярозы, зараснікі маліны, паветра звініць ад птушак, на кожным кроку барсучыныя і лісіныя норы.

А вакол, вядома, балоты. Часам небяспечныя, зарослыя незабудкамі, сіўцом, белакапытнікам, а часам і звычайныя, на якіх вясною танцуюць, падскакваючы ў паветра, жураўлі.

На сухіх месцах саснова-лішайнікавыя бары: зямля аж сівая. І яшчэ дубровы. Велічэзныя. Часам з дубоў, якім пяцьсот—шэсцьсот, нават тысячу год. Амаль равеснікаў Полацка або Віцебска. Колькі б яны маглі расказаць, каб умелі гаварыць! У такіх лясах заўсёды змрок, крыху паплямаваны сонцам; курыцца, як з кадзільніц, зямля, і ў гэтых выпарэннях стаяць стрункія, як калоны, амаль белыя ствалы волатаў. Тут ёсць ласі, козы, дзікі, рысі, бабры, а на захадзе, у Белавежы, першабытныя зубры.

Ёсць тут і малыя пустыні. Высеклі лес, панізіўся ад асушэння ўзровень грунтавых вод, і вось пяскі вырваліся на волю, пачалі крочыць, утвараць барханы, насоўвацца на палі, часам засыпаць балоты (і гэта страшней за балота, бо чалавек можа, даверыўшыся пяску, ступіць і праваліцца, і ніхто нават не даведаецца, дзе ён знік). Менавіта таму з павалам лесу і асушэннем трэба быць дужа-дужа асцярожным.

Аб гэтым цяпер усё больш думаюць, засяваючы пяскі травамі, а пасля лесам. Але аб чым думалі яшчэ год дзесяць назад? Безадказнае асушэнне — таксама шкода. Балота часта не вораг, а захавальнік вільгаці, рэзервуар з’яўлення аблокаў, пачатак крыніцы, ручаіны, ракі.

Ёсць тут і паплавы і ўзвышшы з крутымі абрывамі на берагах. Узвышшы з сухім гонкім морам лясоў.

Яшчэ і зараз падчас паводкі многія вёскі стаяць на астравах або па калена ў вадзе і па вуліцах ходзяць маторкі, на якіх возяць вучняў — у школу, сялян — на работу і г. д. А яшчэ нядаўна (подаўна ўжо не быў на Палессі ў час разліву і таму не ведаю, ці ёсць яшчэ такое цяпер) можна было ўбачыць на гэтай бязмежнай,— у шырыню на некалькі дзесяткаў кіламетраў, у даўжыню — на сотні,— роўнядзі вады, нават плывучы кірмаш. Штук трыццаць дужа вялікіх чаўноў, змацаваных масткамі, сотня меншых, і ўсё гэта плыве ад вёскі да вёскі, а пасля да гарадка, прадаваць і купляць. Коні касавурацца за борт: «Ну вас да д’ябла, яшчэ патонеш з вамі», мыкаюць каровы, крычаць пеўні, вішчаць парсюкі. Лодачнік, які плыве насустрач і ведае, што вакол — на кіламетры — вада, і раптам чуе з туману такую сімфонію, можа падумаць, што звар’яцеў.

Ды што казаць, у 1969 годзе бачыў я на Прыпяці такое: плывуць дзве вялізныя лайбы, а ў іх стаіць грузавік. Правыя колы ў адной, левыя ў другой. Дзядзька вычэрпвае з чаўноў цёмную і празрыстую прыпяцкую ваду.

Значыць, пераганяюць кудысь. Ёсць два пункты, а дарогі між імі ніякай няма.

Я ўжо казаў, што выдзеліў бы ПРЫДНЯПРОЎЕ ў асобны раён. І хаця ў географаў такое дзяленне не прынята — я паспрабую гаварыць пра землі над Дняпром, як пра асобны край. Бо ўся гэтая мясцовасць створана Дняпром і ніжняй часткай яго прытокаў, уся носіць на сабе яго адбітак. І разлівы, як мора, і паплавы з акіянам кветак (часам чалавек з вудай хаваецца ў іх), з рамонкамі, смолкамі, шалёнай вясёлкай разнатраўя. І старажытныя гарадзішчы са скарлючанымі дубамі на іх. І гарады і вёскі, што ўзніклі на тых гарадзішчах. І сінія старыцы ў цені дубоў на тых жа паплавах. І сотні курганоў, у якіх спачылі продкі. Бары на «родненькім» Дняпровым пясочку, і зарасці шыпшыны і бэзу на месцы былых паселішч. Шумлівыя паркі, броханне вялізнай, з вясло, рыбы, бабёр, што куляецца ў ваду, убачыўшы твой човен, ранішнія слупы пары над ракой, вогнішча касцоў ля будана, брэх сабак у начных вёсках, калі праплываеш паўз іх.

І, галоўнае, далечы, роўных якім не знайсці на зямлі. То снежныя, то шматкаляровыя, то з шаломамі стагоў і качкамі, што ўздымаюцца са «старыкоў». Як шпакоў, гэтых качак!

Гэта пейзаж. Але неад’емную частку пейзажу складаюць цяпер нівы. Гэта не тыя нівы, што на Украіне, Кубані або цаліне — бяскрайнія абшары пшаніцы і кукурузы. У нас яны па 5—10 гектараў на поўначы і крыху большыя на поўдні. Бульбяное, жытняе, ільняное поле. Белыя зорачкі, жоўты сухмень, сіняе азерца. А яшчэ малінавая канюшына, белы россып грэчкі, залатое мора лубіну ці сланечніку, бледна-зялёныя кучары гароху.

Ну і, вядома, пашы, выганы з каровамі і авечкамі. Духмяныя зарасці канопляў, «расліны ўцекачоў», бо ў ёй чалавека і з сабакам не дагоніш: сабака адразу губляе нюх.

 

У каноплях, у пахучай імгле зацішнай

прытулак знойдзе звер і чалавек увішны.

Зайчо, што ўзнята на гародных градах,

ў каноплі ад сабак імкнецца без агляду,

і псам не ўзяць яго у нетрах канапляных,—

саб’юцца са слядоў яны ў імгле духмянай,

дваровы там сядзіць, у цень густы схаваны,

пакуль не адыдзе прыпадак гневу ў пана...

(Адам Міцкевіч. «Пан Тадэвуш»)

 

...Давайце цяпер пяройдзем да вёскі, хаты, чалавека. Толькі я хачу папярэдзіць вас, што гэта будзе размова хутчэй этнаграфічная, што многа чаго змянілася, што вопратку народную носяць не паўсюль, а толькі месцамі, астраўкамі на Палессі, Гродзеншчыне, Прыдняпроўі, што гаспадыні самі цяпер пякуць хлеб нячаста і г. д.

Размова пойдзе пра тыповае, пра тое, што розніць побыт беларуса ад побыту, скажам, грузіна ці ўкраінца.

 

ВЁСКА, О РОДНАЯ ВЁСКА МАЯ!

Дык вось, вёска. Яна не такая, як на Украіне або на Доне. Там не рэдкасць вёскі ў 200—300—1000 двароў. У нас 20—30 двароў — гэта ўжо вёска. Мала таго, на захадзе яшчэ й дагэтуль досыць многа хутароў, хаця людзі паступова і кідаюць іх. Ёсць, праўда, і вялікія вёскі, двароў на 1500, такія, як Рубель на Століншчыне. Але іх мала, напэўна, некалькі соцень, не больш.

За выключэннем некаторых раёнаў Палесся, беларускую хату ніколі не беляць знадворку, толькі ўнутры. Але старая беларуская вёска, тым не менш, прайграючы ў весялосці знешняга выгляду перад вёскай, скажам, карпацкай або малдаўскай, мае нейкі дужа мілы, задумлівы і паэтычны каларыт, дзякуючы прысадам вялікіх дрэў на вуліцах і ў завулках, векавым дубам на сядзібах, вялізным дзічкам на былых межах, садкам і, урэшце, таму, што калі не адразу за хатамі, то хаця б на гарызонце амаль абавязкова відаць лясы ці пералескі, што калі не тут жа, то непадалёку — рака, рачулка ці возера. Шмат зеляніны, шмат вады, шмат неба над галавою.

У нас хату часта будуюць талакою, з тоўстых і смалістых сасновых бярвенняў. Таму што лесу ўсё яшчэ многа. Па той самай прычыне амаль няма глінабітнай падлогі, як на поўдні СССР, а ёсць падлога з дошак. Столь, вядома, таксама дошкавая, зверху, на гары, на яе насыпаецца пілавінне, для цеплыні. Стрэхі раней былі саламяныя або, на поўдні, з чароту, які даўжэй служыць. Таму даўжэй, што, калі страху растрэплюць вятры і дажджы, чарот можна зняць і зноў перакрыць ім хату. І так два-тры разы. Але і тады часта сустракаліся «шчапяныя» дахі. Цяпер гонтавы дах бывае на хаце часцей за ўсё. За ім ідзе шыфер. Чарапіца сустракаецца досыць рэдка. Дахі двухскатныя. Шатровыя або напаўшатровыя досыць рэдкая рэч.

Хата заўсёды будуецца вокнамі на вуліцу, уваход калісь быў, у пераважнай большасці выпадкаў, з двара, а цяпер усё часцей, з вуліцы. Франтон часта аздабляецца разьбою. На Давыд-Гарадоччыне, напрыклад, на ўсіх хатах знак сонца і расліны вакол яго. Разьба і навокал акон і на акяніцах. Не ўсюды, але часта. Раней хату абкружала прызба, цяпер хаты, вядома, на фундаментах.

Для прыкладу апішу некалькі вёсак. Спачатку хутар. Расолы Астравецкага раёна на Гродзеншчыне.

Цэнтральная база саўгаса досыць далёка. Да бліжэйшай станцыі Гудагай некалькі кіламетраў лесам, палямі, пералескамі. Паўсюль раскіданы грады ўзгоркаў, а на іх сіні зубчасты лес. Між градаў палі канюшыны, залатыя лапікі стральчастага лубіну. Праз густыя зарасці чорнай вольхі бяжыць вясёлая і чысцюткая, на дзве трэці зацененая дрэвамі рачулка Лоша. «Лоша» па-літоўску «стронга». І стронга сапраўды водзіцца тут. На беразе рэчкі прыткнуліся наводдаль адна ад адной некалькі спраўных хат са студнямі, пунямі і адрынамі, у якіх так добра спаць на сене. Крыху далей, у звіліне Лошы, векавыя дрэвы былога фальварка. Ад дома засталіся толькі прыступкі ганка, якія вядуць у нікуды. А ля дарогі высачэзны крыж з неашкуранага, крывога дубовага ствала з гэткай жа папярочынай. Кажуць, што крыж пастаўлены былой гаспадыняй фальварка ў памяць аб павешаным правадыры паўстання 1863—1864 гг. Каліноўскім, якога яна кахала.

Другі край рэспублікі. Паўдзённы. Лахва Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Рака з непрыго жаю назваю Смердзь ёсць, аднак адна з найпрыга жэйшых рэчак, якія мне даводзілася бачыць у маім жыцці. Недзе кіламетраў за дзесяць да ўпадзення ў Прыпяць рака пачынае драбіцца на рукавы. Атрымоўваецца некалькі астравоў, злучаных драўлянымі мастамі. На гэтых астравах хаты, што патанаюць у садах. Вада рукавоў цёмна-зялёная, з сонечнымі плямамі, бо над імі вербы ўтвараюць суцэльныя тунелі. І ў гэтых тунелях, у імгле, цэлыя чароды чаўноў. Тут цудоўныя новыя пабудовы. У прыватнасці, школа. І, нібы вакол мала вады, тут яшчэ і шмат сажалак, дзе разводзяць карпаў.

Той самы поўдзень, але Мазыршчына. Вёска Данілегі. Гэта адна з тых мясцін, дзе жыхары яшчэ носяць па нядзелях і святах старадаўнюю народную вопратку. Хаты, выцягнутыя ў два рады, так густа абраслі дрэвамі, што здаюцца пагружанымі на дно глыбокага зялёнага возера. Некаторыя з іх пабелены і знадворку. Часам — крытыя трысцём. Вокны абведзены сінім. Наваколле — дрымучыя лясы. Трапляюцца дубровы па 400—500 год. Гэта менавіта тут стаіць у атачэнні шасцісотгадовых дубоў — «дуб Крывашапкі», «цар-дуб», «дрэва вечнасці» — вось колькі ў яго назваў. Яму тысяча гадоў. Разменьвае другую тысячу. Немцы хацелі спілаваць яго і вывезці ў Германію, але партызаны паставілі варту. Не ведаю, ці трэба было. Немцам усё адно гэта не ўдалося б. З якою тэхнікай падступіцца да дрэва таўшчынёю з вялікі пакой?!

Возера Свіцязь, апетае Міцкевічам. Вялікі, амаль правільны круг, з усіх бакоў зарослы дужа старымі дубамі. Вада тут такая, што, калі нават проста выкупацца — валасы рыпяць дні два. У наваколлі яго тры досыць тыповыя вёскі. Міратычы, што працягнуліся доўгай паласою харошых хат. Тут захавалася даўно зачыненая чатырохсотгадовая драўляная цэркаўка з тыпу «патаемных». Назнарок малая, назнарок у гушчары, каб на час навалы і вайны не знайшлі. Яна славутая цудоўнай народнай разьбою.

Валеўка. Гэта вёска сучасная, але і тут ёсць старажытнасць.

У прыватнасці курганы, гарадзішча, трохсотгадовая драўляная царква (раней яна была касцёлам, і гэта ў ёй, згодна паданню, вянчаўся з Зосяю Міцкевічаў пан Тадэвуш), а ў ёй іконы работы... В. М. Васняцова. Так-так, вывезеныя калісьці з Варшавы ў Баранавічы і ў некалькі вёсак. У прыватнасці, у Валеўку... Тут багатыя фермы і будынкі, школа з музеем, ледзь не самым багатым сярод усіх школьных музеяў на Беларусі: ад палеаліта да нашых дзён. У школе ёсць і свой цікавы батанічны сад з мноствам экзатычных раслін. А ў садзе невялікія сажалкі, у якіх дзеці разводзяць рыбу і куды яны выпусцілі чарапах.

Варонча. Вёска амаль гарадскога тыпу. Тут некалькі прадпрыемстваў. Але і гэта — вёска-музей. Тут, над запруджанай рачулкай, у гушчары, стаяў — а можа, і цяпер стаіць — васьмісотгадовы дуб, звязаны з імем Міцкевіча. Унутры — дупло, у якім могуць паснедаць вакол стала чалавек дзесяць. Нават акенца ёсць, на другі бок. Можна высунуць галаву і глядзець проста з дрэва, як лясны дух. Наводдаль — руіны дужа даўняга касцёла і могілкі з цудоўнымі помнікамі з італьянскага мармуру. Тут пахаваны бацькі польска-беларускага паэта і фалькларыста Яна Чачота, блізкага сябра Адама Міцкевіча, а таксама — Верашчакі, сваяка Марылі Верашчакі, першага кахання паэта. Маёнтак Верашчакаў, Туганавічы, быў некалі побач. На яго месцы застаўся парк і «альтанка Марылі», некалькі ліп, пасаджаных кругам. Яны так зрасліся, што, каб адна не ўпала — унутр гэтага драўлянага круга нельга было б трапіць.

Як бачыце, амаль у кожнай беларускай вёсцы ёсць што паглядзець. Толькі трэба ведаць, што глядзець.

Пра воблік новага беларускага сяла, пра саўгасы і калгасы я раскажу крыху далей.

 

ПРОСІМ У ХАТУ, ГОСЦЕЙКІ НАШЫ!

Але зойдзем у хату, якой яна была яшчэ не так даўно, а часам сустракаецца і зараз. Спачатку трапляем у сенцы. Яны і зараз служаць для гаспадарчых мэт. Тут вёдры, цэбры з рознай рознасцю, маслабойкі (цяпер часта сепаратар) і г. д. Дзверы насупраць вядуць у камору, дзе таксама рэчы для гаспадаркі і на паліцах розныя прыпасы. Другія дзверы вядуць у халодныя пакоі. Іх адзін ці два. Раней гаспадыня ўлетку выносіла сюды кросны, ткацкі станок, бо ў самой хаце горача. Тут жа ўлетку спалі старэйшыя (для маладых служыла і служыць адрына з сенам). Тут узімку ляжаць на аўсянай саломе яблыкі, рассыпаныя тоўстым пластам жалуды для свіней, іншыя прыпасы. Раней зрэдку, а цяпер досыць часта ў халоднай палове ёсць і грубка, так што пры выпадку (наезд гасцей ці яшчэ нешта) можна размясціць процьму людзей. У мінулым стагоддзі, калі шафаў, вядома, не было, а ў куфры (скрыні) не ўсё змяшчалася, тут стаялі і «кублы» з лішнім адзеннем і іншым дабром.

У некаторых хатах да халоднай паловы была прыбудова, у якой спалі ў зусім нясцерпную спёку тыя, хто не хацеў ісці проста ў садок, пад дрэвы. Часам яе можна ўбачыць і зараз. Я аглядаў некалькі такіх, і «абстаноўка» іх заўсёды была аднолькавая: нізкая, дужа шырокая і доўгая, «скрыня» на ножках, у ёй сяннік, набіты сенам, мякенькай аўсянай саломай ці гарахавіннем, радно, падушкі і полаг. Абавязкова. Ад камароў. Зроблены з радзіны, падобнай на марлю.

Вернемся ў сенцы. Ага, мы забылі яшчэ вось што. Лесвіцу, «драбіны», або проста бервяно з засечкамі, якое вядзе на гару, дзе вісяць шынкі і летнія каўбасы (зімнія каўбасы, залітыя салам, і само сала — у дзежках і гарлачах, у сенцах ці ў каморы).

Цяпер — у хату. Выгляд яе для кожнай мясцовасці быў розны. У даўніну бывалі хаты з комінам (цяпер комінам завецца пячны дымаход), плеценым і абмазаным глінаю конусам, пад якім на жароўні ці ў свечніку гарэла лучына, а дым ішоў комінам праз столь і страху. Бывалі хаты з вялізным, таксама абмазаным, каўпаком ля ачага, дзе ў зімнія ночы (там было цяплей) збіралася прасці і майстраваць уся сям’я. Ды і ў розных мясцовасцях хаты былі розныя. На два пакоі (трысцен і ўласна хата), на два пакоі з прыбудовамі і г. д. Але найбольш тыповы выгляд быў такі. З трысцена, дзе елі летам і, хто хацеў, спалі зімой, і куды ўзімку бралі маладняк быдла, быў уваход у хату. Ля ўвахода, справа, мыцельнік, месца для мыцця посуду і кухонных рэчаў. Пасля печ. За печчу, па правай сцяне пол (нары). Пад полам складалі розныя рэчы. Але ўжо тады замест пола часта стаялі шырокія ложкі, адзін з завескаю, для гаспадара. Уздоўж астатніх дзвюх сцен ішлі шырокія лавы, часам з тканымі налаўнікамі. На іх сядзелі і ноччу маглі спаць, асабліва калі бывалі госці. Часам гасцей клалі і пад лаўкі, залежна ад стану. У беларускай ананімнай паэме XIX ст. «Тарас на Парнасе», дзе іранічна апісваецца гулянка «грэчаскіх» багоў, ёсць такія радкі:

 

І кожны бог так разгуляўся,

Што аж не можна удзяржаць,

А хто гарэлкі насцябаўся,

Таго пад лаўку клалі спаць.

 

Перад лаўкамі — стол. Заўсёды дужа белы, бо яго часта скрэблі нажом. Стол і лаўкі часцей за ўсё былі з тоўстых дубовых дошак. Ля той сценкі, дзе дзверы, стаялі куфры і — узімку — гаспадыніны кросны.

З упрыгожанняў былі — абразы на покуце. Бывалі сярод іх і лубачныя, але здараліся й дужа цікавыя. Ці старажытныя, ці наіўныя, уніяцкіх яшчэ часоў, дзе святыя былі ў беларускіх народных вопратках. Асаблівым поспехам карыстаўся святы Юры, які забівае дракона, і святы Мікола за сваё сялянскае паходжанне і за тое, што (па беларускай легендзе) аднойчы ўратаваў адзіную кабылку беднага мужыка, якая заблукала ў лесе. Не даў раздзерці ваўкам і памог ажарабіцца, а пасля прывёў гаспадару. Згодна павер’ю, калі жарабятка падрасце, то на ім паедзе той, хто дасць волю народу.

І яшчэ адно ўпрыгожанне — тканыя посцілкі (у шашачкі, у шэсць, дванаццаць і дваццаць чатыры «ніты», чынаватыя і інш.).

І, вядома ж, ручнікі. Мноства. Раней вакол абразоў і акон. Цяпер каля карцін і партрэтаў. Ручнікі ў нас на Беларусі таксама розныя, па мясцовасці, і дужа разнастайныя. Узоры іншыя, чым у суседзяў, хаця ёсць і падобныя. Галоўная розніца — менш «раслін і кветак». Арнамент часцей геаметрычны. Меней чорнага колеру. Пераважае «вясёлка», жоўты, чырвоны, сіні, блакітны і іншыя такія колеры.

Ну вось. А цяпер паколькі я кепскаваты танцор, то пайду танцаваць ад печы. Печ — гэта цеплыня. Печ — гэта здароўе застуджанаму. Печ — гэта і гарачая, смачная ежа. На поўначы печ дужа вялікая і простая, хіба што з «пячуркамі» для запалак і лучыны на распал. Затое на поўдні яна меншая і часам нагадвае архітэктурную спаруду. Дзесяткі выступаў і ніш, у якіх гліняныя збанкі, ліверы (пасудзінка з дзвюма дзірачкамі, «цякло, бы з лівера, з вачэй»). Тут ёсць дзе ўстанавіць спарыш (два гаршкі, злучаныя ручкай, каб насіць на поле абед), паставіць і «ўдаву» — гаршчок, падобны на абаранак. Печ уся распісана кветкамі, дзяўчаткамі з каромысламі і коннікамі — улюбёны матыў. Зараз у наш час печ выцясняецца плітамі і плітамі газавымі, але пакуль ёсць у многіх хатах.

Дзе печ, там і тое, што з печы.

 

ХЛЕБ І ДА ХЛЕБА

Беларус любіць смачна паесці. Вось апісанне абеду з ананімнай паэмы XIX ст. «Энеіда навыварат» (напісанай як наследаванне Осіпаву і Катлярэўскаму). Пра беларускія ананімы я яшчэ буду гаварыць.

 

За стол усе порадам садзілісь,

Мялянік1 на стале ляжаў.

Дыдона варыва ўлівала,

Шматкамі мяса ў місы клала

І забяляла малаком.

Трупаціла яна крупеню,

Яечню, руднік, жур, смажэню.

Каму пячэню з часнаком;

Былі й салодкія пацешкі:

Вяземскі пернікі, арэшкі,

Мязгі й мязюму2 рашаты.

 

З такой фламандскай сакавітасцю мог апісваць ежу толькі чалавек, які ўмее і любіць пад'есці і якому часам, што ўжо казаць, даводзілася і недаесці.

На куццю на стол ставілася 12, 18, а то і 24 стравы. І ўсё гэта трэба пакаштаваць. Некаторыя са страў я апішу. Не сказаць каб усё гэта заўсёды стаяла на стале, але гэта стравы нацыянальнай кухні.

Перш за ўсё страва інтэрнацыянальная. Аснова ўсяго. Хлеб. Пшанічны, як на поўдні, у нас пякуць рэдка. Беларус любіць чорны хлеб і сумуе па ім, трапіўшы туды, дзе яго няма. Так што хлеб у нас жытні, вельмі духмяны. Пякуць яго на паду, на капусных або кляновых лісцях, а пасля, спырснуты вадою, астывае хлеб пад ручніком, напаўняючы хату найлепшым у свеце пахам. Няма нічога смачней, як адрэзаць гарачую лусту, густа пасаліць яе і з’есці.

Дарэчы, ад хлеба і вылячэнне. У незапамятныя часы беларус заўважыў, што плесня, якая ўтвараецца ў дзежцы на рошчыне летам,— у гарачую пару, калі хлеб не пякуць,— загойвае нават раны, ад якіх вось-вось пачнецца гангрэна. Колькі трэба было ісці чалавецтву, пакуль яно вынайшла пеніцылін!

Улетку, калі дарагая хвіліна, елі праснакі (прэсны хлеб) і цацні. Да белага ставіліся ў даўніну крыху недаверліва, «нэндза прымусіць калачы есці» (г. зн. не здолеў пракарміцца з зямлі, пайшоў у горад на заробкі — апошняя справа! — а там, ясна ж, калачы). Але пірагі заўсёды любілі. З яблыкамі і ўвогуле з садавінай, з чарніцамі, кручаны з макам (струцаль). Калі пяклі іх, то рэшткі цеста раздавалі дзецям, каб кожны спёк сабе хаця б па маленькай булачцы, сваёй. І, як паўсюль у славян, існаваў «зайцаў хлеб», што бацька прыносіць з лесу ці з дарогі.

Хлеб даставаўся цяжка. Кінуць яго быў смяротны грэх. Абраніўшы, трэ было падняць кавалак, пацалаваць і сказаць: «Даруй, божухна». Хлеб абагаўлялі.

Бульба. Другі хлеб. Беларусы ведаюць каля тысячы страў з бульбы. Ад звычайнай, печанай на начлезе, якую так добра выкаціць з прыску, абскрэбці, разламаць і, калі яна яшчэ дыміцца, саліць і, захлынаючыся, глытаць — ад гэтай, печанай, і да «клёцак з душамі» (вялізныя клёцкі з цёртай бульбы, начыненыя мясам), да бульбы, фаршыраванай сушанымі грыбамі і запечанай у гарачай печы. Апісаць усе спосабы немагчыма. Але і проста вараная, з падгарэлымі вяршкамі, высыпаная на абрус на стале яна — дзіва! Бяры і еш. А да яе сала, салёныя агуркі (з кропам, халодныя) і селядзец (раней бульбу мачалі ў селядцовы расол — лёк). Або зялёны канапляны ці залаты сланечнікавы алей, масла каровіна ці міска кіслага халоднага малака, якое ў маёй мясцовасці падсольваюць. Кепска было раней, калі яшчэ не было бульбы. Тады замест яе былі параная рэпа, бручка ці нешта такое іншае.

Дарэмна нас дражняць бульбаю. Ёсць бульба, ёсць і да бульбы. Я не кажу пра ежу даўніх беларускіх магнатаў, усе гэтыя «ласіныя губы ў падсалоджаным воцаце», «бабровыя хвасты» і іншае. Нават кухарская кніга XIX стагоддзя «Гаспадыня літоўская» (Беларусь тады часта называлі Літвою), кніга для сярэдніх класаў, дае тысячы рэцэптаў дужа складаных страў.

Добра. Ідзём далей. Што ў нас на першае?

Боршч раней у нас варылі досыць рэдка. Галоўнай была «капуста» з кіслай або свежай капусты. Затым ішлі «поліўка» — дужа тлусты гарачы суп, падбоўтаны мукой, «панцак» — пярловы суп з грыбамі. «Булён» — адкуль такая назва — невядома, бо гэта проста бульбяны суп, зашквараны салам, а зусім не французскі «бульён». Лапша з курынымі патрахамі. Супы па сезону — шчаўе, маладая крапіва з яйкамі. Славуты халаднік з халодным мясам і гуркамі. Малочныя супы і сярод іх «гушча наліваная» — уласна, пшанічная каша, залітая гарачым малаком. І ўрэшце квас, род баршчу з буракоў. У чырвоны празрысты адвар клалі мяса, грыбы і іншае. Словам, як пісаў Я. Колас:

 

Аздоблен квас быў і грыбамі

(Выключна ўсё баравічкамі)

Цыбуля, перчык, ліст бабковы —

Ну, не ўясісь, каб я здаровы!

 

Над сваім апетытам беларус заўсёды пасмейваўся (уменне іранізаваць не толькі над кімсьці, але і над самім сабою — адна з самых, па-мойму, вартых рыс беларускага нацыянальнага характару):

«Прадаў на рынку кабана, пайшоў закусіць. З’еў тры міскі капусты з боханам хлеба, сала хатняга з фунт. Тут купіў яшчэ тры порцыі смажанай каўбасы ды ўмяў. Пасля бульбы змамоніў міскі тры. Зноў баршчу міску ўбіў з булкай. А пасля як успомніў, што брат у салдатах, то як завязала».

Чуллівы чалавек, праўда? Есці не можа, калі брату цяжка.

...Першай стравы, здаецца, насёрбаліся. Пераходзім да другой. Нават не ведаю, з чаго пачаць. Занадта ўсяго. Ну, ясна ж, на другое кашы. Усякія. Робяць у місцы з кашай «калодзеж», наліваюць туды падлівы з мясам і чэрпаюць па краях. «Калодзеж», ясна, шырыцца, і туды даліваюць і даліваюць, аж пакуль не зробіцца адна суцэльная «студня» з мяса. Тады яе дабіваюць лыжкамі і просяць яшчэ.

І яшчэ назаву некалькі назваў без усякай сістэмы. Скажам, калдуны, нешта накшталт вялікіх і доўгіх пельменяў. Ну і, вядома, яешня. Проста яешня «глазуха» і яешня, запечаная з мясам і салам у гаршку — «верашчака».

Або мачанка з блінамі. Своеасаблівая падліва з мяса, рабрынак і сала, падбоўтаная мукой, у якую «мачаюць» бліны. На поўдні і ў Прыдняпроўі вялікім поспехам карыстаюцца «кіяшы» — вараная маладая кукуруза. На кіяш кладуць кавалак масла і, пакуль не растаў, падсольваюць і ядуць.

Цяпер пра мяса. Беларус згодзен толькі з другой паловай украінскай прыказкі «риба — линина, а м’ясо — свинина». Лін у нас не лічыцца добрай рыбай, засалодкі. Але свініна надзейна займае першае месца. Раней галоўным было сала, прычым асаблівым шыкам было есці «сала на повен рот, а хлеба так толькі, для смаку». Цяпер сала ўсё больш саступае месца летнім і зімнім каўбасам, паляндвіцам і іншаму. Вэнджаную ў хатняй капцільні шынку і так ядуць, і закусваюць, і проста перекусваюць, калі раптам перад абедам забурчала ў жываце... Ядуць, вядома, і ялавічыну і бараніну. Ну і, вядома, птушка займае сваё месца на стале. У азёрных і балотных мясцовасцях, дзе і стрэльбы ёсць і на рынак не дужа адвязеш, у сезон ядуць усё, аж да качак, запечаных з прыправамі ў гліне. Гэта на паляванні. І рэдка мне даводзілася есці нешта смачнейшае. Дужа смачная таксама качка з бруснічным варэннем, крышанымі бурачкамі і яблыкамі.

І, ясна ж, рыба. З яе таксама ёсць шмат страў, і апісаць іх тут усе няма магчымасці. Толькі пару слоў пра цудоўную юшку, празрыстую, бурштынавую ад тлушчу і ад таго, што цыбулю туды кладуць, зняўшы толькі верхнія сухія жоўтыя лушпайкі. Ніжнія, таксама жоўтыя, але яшчэ жывыя, не здымаюцца. У юшку ідуць прыправы і прысмакі. Часам робіцца юшка «ў дзве ці ў тры рэдзі». Гэта значыць, што спачатку варацца акуні ці яршы, пасля іх вымаюць, і толькі тады ў адвар кладзецца «сапраўдная рыба», рыбцы, ляшчы, сцерлядзь, калі трапіцца.

У ежу ідуць амаль усе гатункі рыб і іхняя ікра (яе некаторыя соляць). Не ядуць толькі ікры мірона, якая часам бывае атрутная. На поўдні ядуць яшчэ і ўюноў, якіх ловяць узімку так: устаўляюць у палонку кошыкі без дна, напханыя сенам. Але паўночней замест уюна часцей ідзе ў ход вугор. Яго вараць у юшцы, часцей вэндзяць. Добрая таксама і сялява, якую смажаць ва ўласным тлушчы.

Ракаў ядуць далёка не ўсюды. Нядаўна, ловячы рыбу з жыхарамі вёскі Церабяжоў на Століншчыне, убачыў на беразе поўна ракаў, дзе жывых, а дзе і высахлых. Выявілася, што, калі выцягваюць нерат, ракаў выкідваюць, «каб не паскудзілі раку».

— Што ж вы робіце? Смакоцце такое!

— Гідка.

Але як наварыў, сабраўшы (цяпер ужо аддавалі мне), і паказаў, што і як, то ўмялі за добрую душу... І так ва многіх мясцінах.

Не гідуйце, але ёсць пара мясцін, дзе арцелі ловяць жаб (не рапух, а зялёных жабак) і маюць з таго добры прыбытак. Яны ідуць за мяжу.

Пра што яшчэ... Ага, малако. І сырое, і кіслае, і смятана, і тварог. Як пісаў у паэме «Новая зямля» Якуб Колас:

 

Тварог, запраўлены смятанай,

Нясла з вялікаю пашанай.

 

Ну і ясна, кісялі, узвары, яблыкі, свежыя і мочаныя і проста залітыя вадою з прыправамі, так што зімою, як свежыя, але нібыта апушчаныя ў яблычны сок, памідоры і гуркі (узімку салёныя). На поўдні і ў Прыдняпроўі нават вінаград беларускіх гатункаў. Хто мае 20—30 лозаў, той часам зберагае яго да вясны, уторкваючы чаранкі кожнай гронкі ў дужа познія грушы, што аж да каляд цвёрдыя, як кій. Або ўстаўляе чаранок кожнага грона ў бутэльку з разбоўтаным попелам... І п’юць мёд, вядома, калі ён ёсць.

І, ясна ж, суніцы і чарніцы. Чарніцы часта ядуць, заліўшы ў місе малаком. Рот робіцца чорны, як у злоснага сабакі, затое смачна.

Нацыянальныя беларускія напоі — гэта квас і, перш за ўсё, бярозавік. Сок бярозавы п’юць і свежы і даўшы яму перабрадзіць і крыху закіснуць. Так ён зберагаецца ў бочцы да жніва, і яго бяруць у поле. Кіславата-салодкі (часам у яго дабаўляюць хатні парэчкавы ці яблычны сок), рэзкі, дужа добры ў спёку. Робяць таксама віно з яблыкаў. Выціскаюць сок і даюць брадзіць. Любяць моцнае хатняе піва, а на паўночным усходзе — брагу. Заліваюць наліўкі. Папулярнасцю карыстаецца крупнік, звараны з мёдам, вострымі прыправамі, травамі і карэннямі, а таксама «тройчы дзевяць», лячэбная настойка на дваццаці сямі травах. Рабінаўка, кмяноўка. Я ўжо не кажу аб настоях для лекаў, якіх сотні.

Ну і «жыватоўка» — тое, што ўкраінская «горілка з перцем». І зуброўка — на сапраўднай, пахучай і ільснянай зубровай траве.

І вось вам апісанне гулянкі багоў з «Тараса на Парнасе»:

 

Наперш дала яна капусту,

Тады са скваркамі кулеш,

На малацэ крупеню густу

Дае уволю, толькі еж.

І з пастаялкай жур сцюдзёны,

І з кашы сала аж цякло,

Ды і гусяціны пражонай

Уволю ўсім багам было.

Як унясла ж на стол каўбасы,

Бліны аўсяны ў рашаце,

Аж слінкі пацяклі ў Тараса

І забурчала ў жываце.

Багі гарэлку піць пачалі,

З насадкі3 ў чаркі так і льюць,

Падпіўшы, песні заспявалі.

 

Чаму я апісваю вам гэта? А таму, што ежа розных народаў, як і вопратка і жыллё, усё больш і больш падпадае стандарту.

І ў Маскве, і ў Кіеве, і ў Мінску, у хаце і ў сталоўцы — амаль паўсюль вы ясце тыя ж самыя катлеты ды біфштэксы, носіце тыповыя вопраткі з падобных матэрыялаў, усё больш забываеце непаўторнасць і адметнасць жыцця той мясціны, адкуль вы родам. А да канца забываць пра гэта нельга.

 

КУФАР ЖЫЦЦЯ

...Пяройдзем цяпер да куфра. Ён зараз амаль выціснуты шафаю, але я кажу аб параўнаўча нядаўнім мінулым, і да таго ж ёсць мясціны, дзе куфар, або скрыня, яшчэ й зараз пануе ў хаце, іх нават яшчэ робяць сям-там. Лепшымі куфрамі лічацца тыя, што робяць у Іванаўскім раёне на Палессі.

Куфар у нас прыблізна такі, як і ў Расіі, і на Украіне, хіба што большы памерам. Часам нават на колцах, як палтаўская скрыня. Адрозненне — у колерах, якімі ён распісаны. Колеры беларускага куфра больш глухія: фіялетавы з чырвоным, карычневы з сінім і чырвоным і г. д. Ды акрамя кветак і «букетаў» на нашых куфрах ёсць яшчэ стылізаваныя фігуркі людзей, коней і г. д.

Адкрыем куфар. І прабачце мне, што я скарыстаюся тым жа ходам думкі, які так удала ўжыла ў сваёй паэме «Куфар» беларуская паэтэса старэйшага пакалення Ларыса Геніюш. Толькі ходам думкі, толькі прынцыпам. Праз куфар — жыццё чалавечае.

 

Шырокі, высокі, акованы куфар,

Малёваны вокал, з клямкаю са сталі,

Не ўстыдно б такому і на панскі хутар.

Куфар не замкнёны, бо ў нас не кралі.

 

Гэта праўда. І зараз у далёкіх вёсках гаспадар, выходзячы з хаты, толькі прыпірае дзверы кійком, каб ведалі, што нікога няма дома, і каб часам не ўлезлі сабакі ці свіння.

 

У пахучым куфры важка ўсё ляжала,

што сама бабуля працай рук прыдбала.

Быццам водар з поля пранясло ля хаты,

так запахла лугам, чабаром і мятай.

 

Вось ляжыць, на памяць, пялюшка першынца. У некаторых мясцінах яе кладуць маці ў труну, калі памрэ. Каб «памятала», як маладую маці на трэці дзень, на «ўзвары», наведвалі суседкі і прыносілі ёй розныя стравы, як «бабку» (нават калі маці была ў радзільным доме) садзілі ў санкі ці на воз і з песнямі везлі па сялу, а тая падганяла жанок доўгай хлудзінай, як «бабка» частавала ўсіх «бабінай кашай», а тыя за гэта дарылі бабу.

Як мужчыны, «на шчасце кугакалу»4, стралялі за весніцамі са стрэльбаў у паветра (гэты звычай, між іншым, быў не ўсюды).

Як спявалі бясконцыя песні, у якіх, не заўсёды нявінна, даставалася бабцы, куму і куме.

А вось стаяць, як палі, сувоі белага ільнянога палатна. І можна ўспомніць, як, дзяўчынаю ўжо, церла гэты лён і прала, віла і снавала, і як у маі ўвесь свет быў белы: ад вішань, ад яблынь, ад палотнаў на лузе пад сляпучым сонцам.

Цяпер саматканыя палотны робяць рэдка, але робяць, дый старое палатно берагуць. «Свая» тканіна і вопратка з яе лічацца самай здаровай для летняй спёкі.

Далей ляжаць «сцежкамі ў полі» розна вышытыя ручнікі. На іх «сінія валошкі з макамі ў вяночак, галубок і пеўнік, ягады каліны, нагаткі, рамонкі, гожыя юргіні. Па канцах карункі тонкім павуціннем...»

У кожнай мясціне вышыўка была непаўторнай, каларытнай, мясцовай, не такой, як у суседзяў, хаця, вядома, якой бы яна ні была, чалавек заўсёды скажа: «Вось польскі ручнік, вось украінскі, а вось гэта — беларускі». На Беларусі вядома больш за сто спосабаў і відаў вышыўкі.

Ручнікі на сценах, ручнікі ў мыцельніку.

А ручнік яшчэ ж і падарунак... Вось гэты падрыхтаваны для свата, каб лепей жартаваў на вяселлі.

Ляжаць белыя «кашулі» (сарочкі), вышытыя па каўняры, рукавах, поліках, а часам і па ўсёй пазусе. Чорна-чырвоныя візэрункі, зялёныя, калі травамі, зялёна-карычневыя, сінія, калі валошкі.

Тут жа безрукаўкі. У іх апраналіся паўзверх сарочкі, і называліся яны па-рознаму: «шнуроўка», «кабат», «станік», «гарсэт». Яны барвовыя, зялёныя, сінія, шнураваныя.

Звычайна безрукаўкі падпярэзваліся тонкім паяском, які ззаду завязваўся прыгожым бантам і спускаўся на спадніцу. Некаторыя ўпрыгожаны каляровымі шаўковымі істужкамі, срэбным ці залатым галуном.

Спадніцы з сукна, так званыя «андаракі». Густа-сінія, зялёныя, часцей чырвоныя, як жар. У папярочныя тканыя палосы з ромбаў і квадратаў. Самыя прыгожыя, шырокія палосы ідуць ля падола. Чым вышэй, тым яны вузейшыя, тым прасцейшы ўзор.

Часам тканы андарак — гэта твор мастацтва.

Урэшце фартухі. Іх насілі абавязкова. Палатняныя, кужэльныя. Затканыя гарызантальнымі ці (радзей) вертыкальнымі палосамі з кветак, зорак ці крыжыкаў.

 

Можна ім закрыць вочы ад шчасця,

калі шчокі калінай ірдзяць,

схаваць слёзы, калі не удасца

тое шчасце навекі ўтрымаць.

Хвартушок — чарадзейнае хусце —

гэта стан свой задорна абвіць.

У бель чаромухі голаў чыюсьці

ў забыцці на хвартух палажыць.

 

У баку ляжаць некалькі тканых узорных настольніц.

Хай едуць госці, хай едуць нават сваты — пасцялі на стол, стаў пірагі, частуй мёдам.

Тут жа дываны, тканыя па лёне воўнай.

 

То узорам чорным

па утку зялёным,

то на белым-сінім,

бы расой замглёным,

то ў вянкі, ў алені

нейк перабірана,

быццам не рукамі,

а машынай ткана.

То з адное воўны

дываны на сані.

Ярыя, як вішні,

кутасы звісаюць.

 

Тут хусткі. Цёмныя на жалобу, ясныя — на свята, на нядзелю, у гасціну.

 

Яшчэ адна хустка, цёплая, цяжкая,

баба яе велькай хусткай называе.

Ёю ў непагоду трэба атуліцца,

старым у дарозе і для маладзіцаў.

Мяккаю, шырокай,

зложанай удвое,

ахінуць ля сэрца

дзіцянё малое.

 

Але да дзіцяці яшчэ далёка. Усё ў куфры падрыхтавана для вяселля. Вяселле ў розных мясцінах таксама рознае. Запісана некалькі сот варыянтаў. Раскажу аб адным, якое ад пачатку да канца бачыў сам.

Жаніх і нявеста даўно дамовіліся, але вёска была глыбінная, моцна трымалася звычаяў, і таму многае было, як раней.

Сват, бацька жаніха і жаніх паехалі за некалькі кіламетраў у суседнюю вёску, у хату нявесты. Сват — сваяк жаніха, мажны дзядзька, паважаны на сяле чалавек, вынаходлівы і востры на язык. Пад’ехалі, вылезлі, топчучы сіні ад месяца снег, сталі пад акном.

— Пусціце, добрыя людзі, на начлег.

— Здаровыя былі, ідзіце ў хату.

У хаце прыезджыя паклалі на стол дары, у тым ліку хлеб і віно, і пачалася размова, уся на выкрутасах, уся на жартах, на двухсэнсоўнасцях. То купецкая пра тое, а ці ёсць цялушка для прадажы — «ды прадалі б, каб купец знайшоўся». То паляўнічая, наконт пошукаў куніцы. То рыбацкая, пра залатую рыбку. Урэшце прама гавораць, чаго прыйшлі. Гаспадар улешчаны, але куражыцца. Гаворыць нешта накшталт:

— Ды што вы, людзі. Яна ж у нас яшчэ малая. Яна ж у нас яшчэ ў рэшаце спіць51.

Урэшце дамовіліся. Маладая дорыць усіх багатымі ручнікамі.

Далей многае ідзе падобна як на вяселлях розных славянскіх народаў. Падрыхтоўка, шэсце нявесты ў народным строі па вёсцы, з запрашэннем на вяселле. Адметным было хіба тое, што былі яшчэ «запоіны», на якіх абмяркоўваўся парадак вяселля, ды некалькі дзён перад вяселлем хата нявесты была аддадзена ў поўнае карыстанне ёй і сяброўкам. Частаваліся, спявалі песні, гаварылі пра былое і будучае. Ніхто з мужчын не меў права носа паткнуць бліжэй, чым да суседняга двара.

«Пасад» нявесты на дзяжу, укрытую кажухом поўсцю наверх, ёсць, здаецца, не толькі ў нас. Каравай з «шышкамі» таксама. А вось адметнае.

Раніцай жаніх з дружынай у два дзесяткі хлопцаў і з «баярамі» закусілі дома і паехалі на конях да нявесты.

 

Іваньку матка радзіла,

У дарогу выпраўляла;

Месяцам абгарадзіла,

Зарою падперазала:

Едзь, дзіця раджонае,

Па сваё суджонае.

 

Усю дарогу спявалі песні. Пра тое, як травы расцвітаюць пад капытамі жаніховага каня, што «бог таму дае, хто дачку аддае за яго». У нявесты ўжо быў накрыты стол, але прыезджых не пускалі, рабілі выгляд, што будуць страляць, біцца насмерць. Урэшце, за выкуп, пусцілі.

Ішоў пачастунак. Пасля будучыя свацці на парозе зляпілі ў адну дзве свае палаючыя свечкі.

 

І ў цябе свяча, і ў мяне свяча,

І ў цябе дзіця, і ў мяне дзіця.

Злепема свечкі да купкі,

Зведзема дзеткі да хаткі

Да адзінай маткі.

 

Толькі тады ўсе зайшлі, размясціліся за сталом. Маладыя на покуце. З'яўляецца каравай, абвіты кветкамі. Ідзе пагулянка, а пасля абрад завівання касы. Малы брат нявесты яшчэ да абраду хоча вялізнымі авечымі нажніцамі гэтую касу абрэзаць. Ужо нават заціснуў: «Тут яна вырасла, тут і застанецца». Жаніх, ясна, выкупляе.

Валасы жаніха і нявесты (расплеценыя) прадзяваюць па адной пасме ў пярсцёнак і разам падпальваюць, а пасля надзяваюць жаночы галаўны ўбор.

Пачынаюцца плач, рыданні нявесты, лямант, усхліпы. Ясна, што тая самая нявеста будзе насіць, што хоча, заплятаць валасы, як хоча, што «галаву», «намётку», «чапец», «крэндаль» (так называюцца жаночыя галаўныя ўборы) адразу схаваюць у скрыню. Але ў глыбінных вёсках абраду, яго дробязных, вонкавых рысаў, трымаюцца зацята.

Пры завіванні спяваюць:

 

А я цябе, сестранька, завіваю,

Шчасцем, доляю абсыпаю;

Ой, будзь прыгожа, як ружа,

Ой, будзь здарова, як вада,

Будзь багатая, як зямля.

 

Тут неадменна знойдзецца нейкі парсюк, які прыбавіць якую-небудзь гадасць, накшталт: «Будзь пладлівая, як свіння».

Жанчыны яго за гэта «б’юць», ва ўсякім разе, валяюць і шчыкаюць. Той раве.

З таго часу і ляжыць у скрыні, побач з хусткамі, дзявочы галаўны ўбор, вянок, абшыты парчой і сусальным золатам (часта стогадовы), і «намётка», палаценкавы галаўны ўбор, які абвіваўся вакол галавы, пад падбароддзем і пасля спускаўся на спіну (дзявочая намётка патыліцы не прыкрывала, а спускалася па плячах на грудзі багата і гожа затканымі і вышытымі канцамі).

...Зноў ядуць, дзеляць каравай. Усе дораць нявесту, а маці яе — сваякоў жаніха.

На падарунках стаіць гэты абрад, як і многія-многія іншыя народныя абрады.

 

Ці то маладога ў войска прызываюць,

ці далёка сына з хаты выпраўляюць.

 

Дораць на радзіны і на наваселле,

дораць на хрысціны, дораць на вяселле,

бацькоў маладога, і сястру, і брата,

дораць музыкантаў, шчодра дораць свата.

 

Гуляюць вяселле. П’юць сябры не дарам!

Дораць ўсе ад сэрца маладую пару.

 

Дружна пры гасціне п’юць, пяюць, гавораць,

выйдуць, патанцуюць і ўсё дораць, дораць.

 

Цяпер сялянскі аркестр нівеліраваўся. Скрыпка або дзве, басэтля, гармонік (баян ці акардэон), нейкі духавы інструмент ды бубен. Радзей, хаця яшчэ досыць часта, сустракаюцца цымбалы. Але амаль зніклі гуслі, а «дуда» (валынка), я мяркую, знікла зусім. Ва ўсякім разе вось ужо пятнаццаць год як мне нідзе не даводзілася ні чуць яе, ні чуць пра яе.

Асаблівасцю вяселля з’яўляюцца здзеклівыя песні пра свата, а часам і пра жаніха. Сват, часцей за ўсё, адбрэхваецца, прымушаючы застолле качацца з рогату.

Бабы спяваюць: і сам сват-п’янюга — за гарэлку ён хоць чорта з вярбою сасватае, і кабыла ў яго такая галодная, што нават на вяселлі не толькі з’ела авёс, засыпаны ёй гаспадаром, а і ў суседняга каня з’ела, а пасля

 

Каля тыну крапіву, крапіву,

Каля саду расаду, расаду.

 

Сват у адказ:

— Барабаніце, як парожнія бочкі, брэшаце на свой хвост. Ты ўжо, Хаўроння, і на сабак брахаць навучыш, і шыеш і мыеш — і ўсё языком, а надумаеш пірагі пячы, то ўсе вароты ў цесце будуць.

 

У нашага свата

Увесь двор на памосце,

Прыйшла свіння ў госці.

 

— Бадай вас, бабачкі, кот убрыкнуў, па цэламу сабаку ў вас з рота скача. Вы тут мяне лаеце, а за тым сталом людзі дабрэйшыя за вас. Во (паказвае голую косць), костку далі. Ад вас і таго не дапросішся... А ты ўжо, Галачка, што фігуруешся? Ва ўсіх чэсных людзей чупрына на галаве, а ў твайго мужыка плеш. Дай вам, божа, бабы, пабіцца, а мне на вас падзівіцца.

Жаніху:

 

А ў гародзе морква цвіцела.

Наша Зосечка за харошага хацела,

Як прыйшлося, за п’яніцу заляцела.

 

Тры дні ішла гулянка ў нявесты. Пасля конны паязд накіраваўся ў вёску жаніха (калі жаніх з той жа вёскі, то часам бывае так: выедуць, праедуць некалькі кіламетраў і прыедуць у вёску з другога боку. Гэта, як і сварка з жаніхом, калі збіраюцца «біцца» — перажытак. Калісьці нявест «умыкалі», і абавязкова з іншага месца).

Тут адбыўся таксама цікавы абрад. Відаць, калі яшчэ кралі нявест, то стралялі па-сапраўднаму. Цяпер гэта перажытак. Пры выездзе з вёскі — на шляху высачэнная барыкада з бярвенняў, снегу, калоў. За барыкадай «паходні» (факелы), доўбні, па-акцёрску злыя твары. Пагражаюць, патрабуюць выкупу, іначай не адпусцяць.

Выкуп далі, і барыкада знікла менш чым за пяць хвілін. І паязд з коньмі, разубранымі кветкамі і стужкамі, памчаў. А вакол конныя часам стралялі ў паветра. Не «ад сурокаў», як раней, а проста для настрою.

Шалёны лёт коней.

А пасля яшчэ тры дні ў жаніха, а пасля «перазовы», калі клічуць у госці сваякі жаніха і нявесты, «каб не гаварылі кепска аб радзіне».

І ўвесь час звіняць, звіняць, звіняць песні. То сумныя, то заліхвацкія. Між іншым, за ўсе дні амаль ніводная не паўтараецца.

...Ідзе жыццё замужняй жанчыны. У куфры некаторыя рэчы яе, мужа, іншых членаў радзіны. Цяжкі суконны сувой на світку мужу, «дзедаві». У куфры хавалі з мужчынскага адзення толькі такое, ды яшчэ паясы. Вопратка мужчынская хавалася або вісела асобна. Мужчынскія, больш скупа вышываныя сарочкі, нагавіцы з палатна, для лета, і з сукна, для зімы. Вышывалі сарочкі толькі на грудзях, каўняры, манжэтах, па ніжнім краі, а сям-там ля плечавога шва. У мужчынскі гарнітур уваходзіла яшчэ «камізэлька» (безрукаўка).

Ну, і ясна, што асобна зберагалася верхняя вопратка, як мужчынская, так і жаночая: кажухі і кажушкі (частка вышытыя), буркі, тоўстыя — у палец-паўтара — і доўгія паліто з капюшонам, для зімовай дарогі, світкі (другія назвы — «латуха», «сярмяга», «сукман», «жупан») рознага колеру6, але, часцей за ўсё, белыя, часам расшытыя чырвоным сукном (Гомельшчына), сінім шнурком (Быхаўшчына), зялёным шнурком або чорнай скурай (пад Клімавічамі). Таму натоўп сялян заўсёды здалёк выглядаў белым.

Ясна, што не трымаліся ў куфры і валяныя шапкі «магеркі» (усечаны конус з адгорнутымі краямі), брылі, футравыя шапкі «аблавухі», або «рагатоўкі» з белай аўчыны. Не трымаўся і абутак: скураныя «пасталы» («хадакі», «поршні») з цэлага куска скуры або рознакаляровых яе палосак, плеценых у шашачкі, лапці (дарэчы, дужа зручныя ў гразь ці ў балотны сенакос: вада не затрымліваецца, лёгка назе, практычна нічога не каштуюць), чаравічкі («храмавы абутак», бо надзявалі хіба толькі ў адну царкву), боты.

...А паясы ляжалі ў куфры. Плеценыя або тканыя. У ёлачку, у капытца (ромбы), у пчолку, двух- і шматкаляровыя, шырокія і вузкія.

Іх некалькі разоў абгортвалі вакол таліі, а пасля канцы, заўсёды ўпрыгожаныя кутасамі, спускалі збоку, радзей спераду ці ззаду.

 

Паясочак сіні — недзе ад матулі,

а чырвоны, яры — мужу да кашулі,

а вось гэты — гожы, доўгі, з кутасамі,

падпярэзваў святам бабін брат часамі.

Загудзелі дуды, гуслі заігралі,

брат скакаў, а з ветрам кутасы ляталі...

І слязу змахнула рукавом бабуся,

бо адзіны брат той з вайны не вярнуўся.

А шырокі пояс, зложаны ў дзве столкі,

падпярэзваў колісь дзед бабулін толькі.

Зіхацеў на свіце, шырынёй бы ў пана,

толькі што не слуцкі, а удома тканы.

Хутчэй, чым прыняці той абычай панскі,

спадабала шляхта паясок сялянскі,

не са слуцкіх — родны паясок зрадзіўся,

а насіці пояс пан ў сялян вучыўся.

 

Побач з паясамі адгароджана ў куфры месца для прыкрас. Тут пярсцёнак: пасля заручын яго заўсёды здымалі і хавалі, бо перашкаджаў працаваць. Побач ляжаць каралі, часам сапраўды з караляў ці нават «бурштына» (янтара) і «гырната» (граната), ці штучнага жэмчугу, а то і проста шкляныя. Дарэчы, бісер на Беларусі зусім не карыстаўся павагай.

І, ясна, запасныя завушніцы. Завушніцы насілі ўсе. Пратыкалі мочкі вушэй год у сем, працягвалі голкай ільняную нітку, якая там да часу і заставалася, а месца праколу некалькі разоў прамывалі гарэлкай або, лепей, грудным малаком.

Дзяўчаткі, як і паўсюль, плялі сабе вянкі, рабілі ажаролкі з белай лілеі — нізалі кавалкі сцябліны на нітку, пакідаючы ўнізе кветку. Рабілі — і робяць — каралі з ягад глогу, арабіны, шыпшыны, каліны.

І, урэшце, апошняе аддзяленне куфра, прыскрынак. Пад ім складзены фартух, андарак, кашуля, абутак, хустка. Гэта — апошняя, смяротная, вопратка. З той спакойнай стойкасцю, з тым прыродна-філасофскім поглядам на канец жыцця, якое ўласціва простаму чалавеку, які рабіў заўсёды самую патрэбную на зямлі справу,— усё гэта загадзя адкладзена, «каб не патрабаваць чужое ласкі». Адкладзены нават грошы, што спатрэбяцца на ўсё, нават на тое, каб людзі сышліся на хаўтуры, на трызну, і памянулі дабром.

Ну, пра гэта гаварыць не трэба. Хіба аб тым, што ў труну сям-там кладуць улюбёны прадмет нябожчыка: калі быў добры музыка — скрыпку, калі цесля — сякеру і г. д. Кладуць часам манету, «каб мог купіць месца», хлеб, соль, гарэлку. Гэта ўжо даўно не вера, а проста абрад, дый той, між іншым, выконваюць не заўжды.

І яшчэ адна асаблівасць. Гэта жаночыя плачы, або галошанні. Галосяць па чарзе. Адна, пасля другая, трэцяя. Па дарозе на могілкі і на могілках галосіць жонка па мужу, дачка па маці, маці па дачцэ. Аплакваецца сваё гора і гора сям’і, гора суседзяў, апісваюцца добрыя звычкі нябожчыка. Гатовых заплачак няма. Плачы не рыхтуюць загадзя — іначай які ж трагізм? Уся невыносная горыч выліваецца на месцы, імправізавана, існуе толькі схема, «канва», ды некалькі агульных месцаў, і па гэтай канве плакальшчыца «вышывае» сваё галошанне. Тут ужо ўсё ад таленту, ад паэтычнасці жанчыны, ад яе фантазіі і сэрца, што ўмее спачуваць.

 

...Некалькі год назад мы здымалі фільм аб ахвярах фашызму.

Магілёўская вобласць. Вёска, спаленая карнікамі разам з жыхарамі. Агульная магіла, куды склалі абгарэлыя косці. Абеліск. Падышла старонняя жанчына з суседняй вёскі. Сваякоў у яе тут не было. І раптам яна заклала рукі за галаву і, пагойдваючыся, пайшла вакол магілы, нібы падаючы, загаласіла так, што мароз пайшоў па скуры і дыбарам усталі валасы. Мы слухалі і ледзь не плакалі. Кавалак гэты, на жаль, не пусцілі на экран: «Інсцэнізацыя, не павераць, скажуць — актрыса». А гэта была проста выключная плакальшчыца з уменнем настроіцца так, каб ірвалася сэрца, і выліць гэты настрой, каб ірваліся сэрцы ў іншых. Таму кожная заплачка унікальная.

Вось вам да прыкладу адна,— плач жонкі па мужу,— запісаная асабіста мною. Болей нідзе такое галошанне не паўторыцца.

 

А я за табой на край свету хадзіла,

А я ж за табой ў вагонь лётала,

Сакол ты мой міленькі, каханенькі!

А ўстану ж, бывала, я раненечка,

А мой жа саколік па палетачках ходзіць.

А кветачкі ж ад яго красуюць,

А небачка ж ад яго ззяе.

Зірнеш —

мятлушкі ад яго ў вачах лётаюць,

Зірнеш —

нібы ігруша белая зацвіла,

Зірнеш —

як лісцічак кляновы ён прытульненькі,

Зірнеш —

сэрца молатам у грудзіну валіць...

Як жа мне цяпер цяжанька без любага дружачкі...

Вой, як павалюся я на тваю магілачку,

Як закуваю я цяпер па табе кукулечкай.

Дружыначка ж ты мая, нашто ж ты мяне... пакідаеш?

А ці дабра ты ад дзетак, ад жонкі... не маеш?

Як жа нам цяпер...

пражыць?

Як жа нам жыццё без цябе...

прабыць?

Як мы цябе забываць...

будзем?

Адкуль мы цябе дажыдаць...

будзем?

Да каго ж мне ўначы цяпер цмокам прысмактацца?

Адкуль жа мне парады цяпер дажыдацца?

 

Вось так настае канец.

 

А дзе пахаваці?

Бабусіна воля:

сялянка жыве

й застаецца на полі.

Здалёк супраць вёскі,

на горцы пясчанай

схілілі бярозы

галіны з пашанай.

Туды на сон вечны

сышліся сяляне,

пад крыжам бяспечна

ляжаць на кургане.

Каменныя пліты

касцей ім не гнуць,

іх памяць і славу

нашчадкі нясуць.

 

Закрываецца вечка куфра.

 

КАЛЯ ХАТЫ Ў САДОЧКУ

Паўтару яшчэ раз: многае з таго, аб чым я расказваю ў гэтай частцы кнігі (побыт, этнаграфія, звычаі), прызабыта, сёе-тое адышло, адыходзіць у нябыт, або хаця і моцна зберагаецца, дык толькі ў некаторых мясцінах. Хата, двор, абстаноўка робяцца ўсё больш аднолькавыя. Даўно ўжо сталі звычнымі халадзільнікі, пральныя машыны, матацыклы. Над хатамі — крыжы тэлевізійных антэн. Усё гэта добра і радасна, але часам не шкодзіла б зберагчы частку старой непаўторнасці, часам хочацца бачыць старыя хаты хаця б у музеі пад адкрытым небам, часам на хвіліну абуджаецца сум, і хочацца ўпрыгожыць хату непаўторным старым ручніком або даматканай посцілкай.

У вершы «Жалейка» паэтэса так перадае дыялог дзеда з унукам:

 

«Мяне не вучылі, я быў мужыком;

калі было з гэтага сумна,

я, узяўшы жалейку, выходзіў тайком

ў шырокае поле, за гумны.

І скардзіўся гоням, траве і лясам

на лёс свой, цяжкі аж да смерці,

і толькі не граў на жалейцы панам —

чужым не кране яна сэрцаў».

 

Унук кажа яму:

 

«Я гэтых часоў не шкадую нічуць,—

сказаў ён,— я рад, што я ў школе...

Адно толькі, дзеду... хацеў бы я чуць —

як плача жалейка у полі».

 

* * *

Ну вось. Хату пакінулі. Цяпер — двор. Да самой хаты прымыкае чысты двор, абсаджаны дрэвамі. Часцей за ўсё гэта вішні, слівы, арабіна. Часам тут жа, ля плота, узвышаюцца адна-дзве бярозы ці ліпа. Сам двор парос травою, пахучымі дробнымі рамонкамі, вясною — залатымі манетамі дзьмухаўцоў. Менавіта на чыстым двары пераважна размяшчаецца «склеп», або (на поўдні) «лёх». (Другі склеп, у якім частка запасаў заўсёды пад рукой, каб не бегаць кожны раз на двор — у самой хаце ці ў сенцах, пад падлогай.) У склепе бульба, гародніна, бочкі з капустай, гуркамі, мочанымі яблыкамі, дзежачка з грыбамі і тоўчанай ягадай, а калі гаспадар рыбак, то, можа, і з салёнай рыбай.

Далей ідзе двор задні, для жывёлы. Яго абкружаюць хлявы, у якіх стаіць жывёла. Тут жа павець або дрывотня — крытае памяшканне, з трох бакоў запушчанае сценкамі. Тут складзены дровы, раней стаялі вазы, санкі, плугі, а цяпер абгоннік, каб, узяўшы ў калгасе каня, абагнаць бульбу.

Замыкаецца двор вялікаю клуняю (свірнам). У стараннага чалавека ёсць яшчэ капцільня.

Раней пры кожнай хаце на задворках было гумно, а то і два з «еўняю» (сушыльняй) — земляным, гладка ўбітым токам. Адсюль вымалачаны хлеб ішоў у засекі клуні. Гумно было нібы сімвалам гадавой працы селяніна. І я ўспамінаю адзін з самых сумных і, аднак, самых аптымістычных беларускіх анекдотаў.

Згарэла гумно, поўнае снапоў. Згарэла праца за цэлы год. Гаспадар стаіць на папялішчы і бядуе: «Ой, і пагарэў ты, Яўхім! Вой, і пагарэў жа!! Ну й пагарэў!!! — і раптам.— Але ж затое і мы-шэй ляснула!!!»

Многа ляснула мышэй!.. Яшчэ адна рыса характару. Самасуцяшэнне, спалучанае з гумарам і стойкасцю. Знаходзіць выхад, хай маральны, з самага, здавалася б, безнадзейнага становішча.

Пры калектыўнай гаспадарцы патрэба ў гумнах адпала, і яны яшчэ толькі сям-там дажываюць на задворках свой век.

...Затое значна павялічылася колькасць лазняў. Іх і раней было нямала, а цяпер там, дзе няма агульнавясковай лазні, такія ёсць ледзь не ў кожным двары або, калі суседзі жывуць добра, на чатыры-пяць двароў.

Пары на каменку часта паддаюць разведзеным бярозавікам, квасам або вадою, у якой распарана мята ці іншыя пахучыя травы.

Парацца да знемажэння, а пасля бягуць акунацца ў рэчку або качаюцца ў снезе.

За дваром гарод і сад. Садоў намнога пабольшала за апошнія дзесяцігоддзі. Акрамя агульных гатункаў ёсць і свае, мясцовыя. Па-першае, лепшая ў свеце антонаўка, вялізная, жоўта-празрыстая. Ідзеш восенню садам, убачыш забыты яблык, адкусіш ад яго, халоднага, укрытага сцюдзёнай расою,— нібы дзесяць год скінеш з плячэй. Ну і потым такія славутыя грушы, як слуцкая бэра, ур’янтоўка, сапяжанка. Або духмяная лошыцкая вішня, што выспявае ў чэрвені.

Над гародам і садам — сонца. Віецца матавы гарох, пахне кропам і каноплямі, матылямі чырванее на градах мак, гудуць, вылятаючы з вулляў, пчолы. Лапушацца вялізныя, на чырвона-зялёных ножках-сцяблінках, лісты рэвеня, «беларускага апельсіна». А ўначы, калі ляжаш на посцілцы пад дрэвам, часам чуеш, як глуха, нібы гіры, падаюць на дах антонаўкі, і бубняць, ракочуць, скочваючыся па ім.

На ўскраіне вёскі вадзяны млын. Уздыхае, ходзячы, кола, зелянеюць тванню латкі. У люстры сажалкі адбіваецца жоўтая вячэрняя зара і цені соснаў на тым беразе. Ластаўкі часам чапляюць крылом ваду, брохае рыба. Вечарамі на вадзяным млыне неяк таямніча і крыху трывожна. Нездарма млынароў некалі лічылі ведзьмакамі.

Ветракі ў нас досыць рэдкая рэч, хіба на Случчыне і пад Клецкам. Мне здаралася бачыць там стопяцідзесяцігадовыя ветракі, у механізме якіх не было ніводнай металічнай часткі. Усё дрэва. І, ясна ж, цяпер не ім належыць першае месца ў пачэснай хлебнай справе. Элеватары, паравыя млыны, млынзаводы — куды ўжо цягацца з імі?!

 

ЗА ВЁСКАЮ РАЗЛІВЫ КАЛАСОЎ

За вёскамі палі. Зноў жа розныя. Поўнач. Мядзельшчына з яе азёрамі і перакатамі ўзгоркаў. Гэта менавіта тут склалася загадка: «Поле ў паясках, поле ў піражках, поле ў дзірачках». Ты ломіш галаву над тым, што гэта такое, а адказ нечаканы: «поле». Паяскі — межы, піражкі — камяні, дзірачкі — дзірачкі сцяблін на іржышчы. Палі не дужа вялікія. Валуны значнага памеру сцягваюць на межы трактарамі ці спіхваюць бульдозерамі, і таму на межах цэлыя каменныя валы, крэпасці. З валуноў, расколатых берталетавай соллю, будавалі і часам будуюць і цяпер стайні, свірны, пуні.

Чаго-чаго, а каменя тут хопіць. Як сказаў паэт П. Панчанка: «Аматар трымаць чорны камень за пазухай тут мог бы набраць іх на дзесяць вякоў». Здавалася — прыбралі. Не, пасля кожнага ворыва лезуць з зямлі, кожны дождж выбівае іх наверх.

На гэтых палетках лілавее канюшына, варушыцца вусаты ячмень, цягнецца, чапляе за ногі вільготнае і сакавітае сіло гароху.

Лубіну менш, затое сінія хвалі ільноў літаральна бясконцыя.

Сярэдняя паласа. Тут разнастайнейшы рэльеф і такія ж палі. На Навагрудчыне з яе высачэзнымі ўзгоркамі — меншыя, на раўніннай багатай Случчыне — шырокія і раздольныя. Паўдзённы ўсход шмат займаецца гародніцтвам: капуста, цыбуля, радыс, морква, памідоры, гуркі, часнок, салата. Тут буйныя парнікова-цяплічныя камбінаты, якія працуюць не толькі на Беларусь.

Поўдзень. Палескае роўнае поле. То спрадвечнае, то нядаўна асушанае. На гарызонце зубчасты сілуэт лесу. На дрэвах пасярод поля па адной, па тры, па пяць пчаліных калод на кожным. Тут іх называюць «свепет». І зусім няма камення. Захацеў бы ў ворага кінуць, і то не знайшоў бы.

І ячменю мала. Яго, мужыка, нягледзячы на вусы, перамаглі грэчка і проса. І тут жа да іх у хаўрус уціснулася салодкая кампанія: кармавы лубін (паўсюль), цукровы бурак (на паўднёвым захадзе) і нязлічаныя каноплі (на паўднёвым усходзе). Ну і яшчэ тытунь. А раз так, то ясна, што ёсць цукровыя заводы і тытунёвыя фабрыкі.

Гэта мы ўсё займаліся пакуль што паважанай, але не самой важнай кампаніяй. Цяпер пра галоўнае.

Бульба. Яна паўсюль, яна — універсал. За выключэннем некаторых паўночных раёнаў, дзе яе пасевы складаюць 15,8 працэнта ад пасяўной плошчы,— паўсюль яе да 20 працэнтаў. А значыць, тут жа працуюць заводы спіртавыя і крухмальныя.

33,3 працэнты плошчы збожжавых захапіла і самаўладна размясцілася там асноўная культура — азімае жыта. Падцясніла менш ураджайную ярыну, а пшаніцу, разлівы якой так шырока расцякліся па Сібіры, Кубані, Украіне, увогуле трымае ў чорным целе — усяго 17,4%, хаця сеюць пшаніцу па ўсёй рэспубліцы.

Пра ячмень я ўжо казаў раней. Яму аддадзена менш плошчы. Такі сабе падпанак. Ведае, што беларус не можа абысціся без ячнага супу з грыбамі і піва.

Нават авёс крыху больш пан, чым пшаніца, хаця пасевы яго і скараціліся за апошні час у тры разы. Ён служыць кормам для хатняй жывёлы, а ў басейне Бярэзіны — і для мядзведзяў, якія прыходзяць уначы ласавацца на аўсяныя палі. Нашморгаюць поўныя жмені, высмакчуць «малако», а жмакі раскідаюць па полі. Мясцовыя калгаснікі гэтага разбою дуж-жа не любяць.

Шмат у краіне кармавых культур, бо добра развіта мяса-малочная вытворчасць. Таму тут табе і кармавы лубін, і кукуруза на сілас, і канюшына, бручка, турнэпс, рэпа.

У рэспубліцы амаль 6 млн. буйнай рагатай жывёлы, з іх 2 млн. 592 тысячы кароў. Пераважна чорна-белыя і бурыя, латвійскія, але ёсць і швіцкая, сіментальская, яраслаўская пароды.

...Сядзіш над Дняпром. Сонца набліжаецца да гарызонту. На дрэвах, на вадзе, на гліне адхонаў аранжавы водбліск. І раптам у вадзе з’яўляюцца нейкія незразумелыя кропкі. Бліжэй-бліжэй, і вось ясна ўжо, што гэта рагатыя галовы. Плыве цераз раку вялізная чарада. Пярэднія ўжо выйшлі на бераг, чорна-бела ільсняцца на сонцы, і вада сплывае з іх, заднія яшчэ плывуць. А за імі, стоячы ў чаўне, плыве пастух. Гэта пераганяюць статак на новую пашу, на паплавы са свежай, кветкамі апырсканай травой. У аднаго майго знаёмага дзядзькі было аж сем коз. «Дзядзька навошта вам іх столькі?.. Ды яшчэ чацвёра — казлы».— «Ды не купляе ніхто, а рэзаць нейк рука не падымаецца. Занадта на чорта падобныя».— «Ну а свінню вы ясцё?» Адказ пасля нядоўгага роздуму: «Свінню ем. Калі б свінню не есці, яна б... увесь свет запаланіла».

Дык вось, у некаторых раёнах Беларусі трымаюць 60—100 свіней на адзін гектар пашы. У 1972 г. Свініна складала 47,7 % усяго мяса, якое атрымала Беларусь.

...Сцэнка на пашы. Два пастухі пасвяць авечкі. Адзін ля лесу, другі — наводдаль. Воўк схапіў адну. Той, што далей, крычыць:

— Што гэта? Воўк?

— Анягож, халера твайму бацьку, заяц?!

— То што ён, авечку панёс?!

— Анягож, трасца тваёй матары, табе прынёс?!

То вось і ваўкоў павыбілі і засталося іх мала, але і авечак паменела таксама. Гэтаму ёсць прычыны. Раней ледзь не адна авечка давала чалавеку вопратку: кажух, катаная світка, ваўняны бурнос, бурка, зімовыя порткі, андаракі, валёнкі. Цяпер на змену ўсяму гэтаму прыйшоў крам, ды яшчэ й сінтэтыка дапамагла. Ва ўсякім разе, на кожны раён тры-чатыры-восем гаспадарак з невялікімі авечымі фермамі, і рэдка дзе можна ўбачыць ферму болей чым на 400 галоў. Ды і ў гэтых гаспадарках авечкі не галоўнае.

Дужа распаўсюджана птушкагадоўля. На Беларусі 28 мясных птушкафабрык. Гэта буйныя прадпрыемствы. Напрыклад, птушкафабрыка імя Н. К. Крупскай атрымала на 1973 год 180 млн. яек, 2384 тоны птушынага мяса, па 274 яйкі на курыцу-нясушку.

Пры гэтай фабрыцы аж 1100 га сельгасугоддзяў. Ёсць і міжкалгасныя птушкафермы.

А ёсць і зусім новая галіна — зверагадоўля. Чорныя і серабрыстыя лісы, пясцы, норкі.

...Я ўжо казаў, наколькі пабольшала ў нас садоў. Зараз іх у калгасах і саўгасах больш чым 167 тыс. га. Славіцца садамі Случчына, Міншчына, Мазыршчына, Бабруйшчына і асабліва маё Прыдняпроўе. Тут не рэдкасць сады ў некалькі сот гектараў... Я ўжо не кажу, што ледзь не кожная больш-менш «пажылая» хата тоне ў садзе. Нават дзецям, для якіх набег на сад заўсёды быў нібыта выпрабаваннем удаласці, цяпер нецікава гэта рабіць. У досыць далёкай ад горада вёсцы мех яблык, бывае, прадаюць літаральна за капейкі, з умоваю, што ты здымеш гэтыя яблыкі сам. Бо рукі не заўсёды даходзяць. І гэта кепска. Таму што, значыць, дрэнна арганізавана скупка, мала садавінаапрацоўчых і кансервавых заводаў, дый для тых не заўсёды хапае баначнай белай бляхі, якую ў нас вытварае ледзь не адзін толькі Магнітагорскі камбінат. Які б магутны ні быў манапаліст — задаволіць усе кансервавыя заводы ён не можа.

Цяпер сельская гаспадарка пераважна механізаваная. Ручной засталася прарыўка парасткаў цукровага бурака, збор садавіны і ўсё такое, дзеля чаго не прыдумана машын. А рэспубліка выпускае шмат відаў машын для сельскай гаспадаркі: сіласаўборачныя камбайны, ільнамялкі, бульбаўборачныя машыны, сенакасілкі, жняяркі і многае іншае. І, самае галоўнае, універсальныя калёсныя трактары «Беларусь». Кожныя шэсць хвілін — трактар з маркай «МТЗ». У нас, дый не толькі ў нас, трактары гэтыя ласкава называюць «беларус».

Калі ўлічыць, што ў 1910 годзе зямлю скраблі ў значнай ступені сахою, што, напрыклад, у Мінскай губерні было каля 60 тысяч сох і 198 тысяч драўляных барон,— каментарыяў, як кажуць, не трэба.

Ёсць у беларуска-польскага мастака Фердынанда Рушчыца геніяльная карціна «Зямля». Паўкруглы ўзгорак увесь у ільсняных глыбокіх барознах. І вось з-за гэтага бугра, падобнага на вяршыню зямнога шара, выпаўзае запрэжка валоў і магутны чалавек, схілены над сахою. Вялізнае напружанне, упартасць: усё ўбіта ў гэтую неласкавую зямлю, усё жыццё і ўсе сілы. У гэтым веліч, але ў гэтым і трагізм.

Па гэтых узгорках замест валоў ходзяць зараз машыны. А астатняе — што ж, і напружанне, і ўпартасць, і веліч працы земляроба — яны засталіся.

 

ЗА РЭЧКАЮ, ЗА БЫСТРАЮ АЗЯРЦО МІЛЬГАНУЛА

Наша з вамі зямля, можна сказаць, сочыцца вадою. Крыніцы, азёрцы, вымачыны, балоты, ручаі, рачулкі, магутныя рэкі і вялікія азёры. Мая карта рэк (а на ёй памечаны толькі рэкі даўжэйшыя за пяць кіламетраў) уся пранізана сінімі жылкамі, мабыць, гусцей, чым плоць чалавечая капілярамі. Такіх рэк на Беларусі дзве тысячы дзевяцьсот.

Усе рэкі Беларусі належаць да басейнаў двух мораў: Чорнага і Балтыйскага. Басейн Балтыйскага — гэта сістэмы Нёмана, Заходняй Дзвіны, Буга і Ловаці. Басейн Чорнага — сістэма Дняпра з Бярэзінай, Сожам, Прыпяццю і іншымі, больш дробнымі рэкамі. Рэкі, за выключэннем некаторых, плывуць па раўнінах і таму павольныя. Але бываюць і невялічкія рэчкі, што бяруць вытокі з узвышшаў і таму бягуць досыць хутка. У такіх рачулках і водзіцца стронга.

Першымі адчуваюць подых вясны Прыпяць і Нёман. Яны бліжэй да Атлантыкі, да яе мяккага подыху. Пасля — Дняпро і толькі потым — Дзвіна з прытокамі. Гарматны грукат ляціць над ракою. Ільды спачатку пасоўваюцца, пасля ідуць трэшчынамі, ламаюцца — і пайшло.

Крыгі грувасцяцца адна на адну. Вокамгненна ўзнікаюць і так жа хутка бурацца ледзяныя замкі, вежы, валы. Ледзяныя гмахі рвуць берагі, калоцяць іх. Рацэ досыць ледзянога прыгону. Яна хоча дыхаць, вольна каціць свае празрыстыя воды, без перашкод адбіваць у сабе сіняе неба і сліпуча белыя веснія аблокі і жаўрукоў, што трапечуць, прывязаныя да гэтых аблокаў нябачнаю гумкай.

У сярэднім на пачатку красавіка рэкі ўжо чыстыя. Пачынаецца повень. Цягнецца яна два месяцы з чымсьці, а на Прыпяці часам больш за тры. Мы ўжо гаварылі аб разліве на Прыпяці і плывучых кірмашах. Што дзіўнага, шырыня вады бывае там у трыццаць і болей кіламетраў. Але і Дняпро ў повень бывае нішто сабе, разліваецца ў некаторых месцах кіламетраў на дзесяць. Дзед мой сам бачыў, як такі разліў нёс на сабе вялікую драўляную капліцу. Так стаймя і нёс, бо стаяла, відаць, у нізіне, а таму на драўляным памосце, які замяніў плыт. «Проста хоць ты прывозь папа, стаў свечкі і пачынай малебен тут жа, на вадзе».

...Суровае неба. Нізавы вецер развёў на амаль чорнай вадзе Дняпра высокія, у рост чалавека, хвалі. І яны ідуць і ідуць, шоргаючы белымі грабянцамі. Крочыш высокім берагам, і тут твой спаніэль, малады яшчэ і таму дурны, сарвецца, пагоніць хатніх гусей. Тыя бягуць, ратуюцца, зрываюцца з высокай стромы і, раскінуўшы крылы, белыя-белыя, з хрыплым крыкам лятуць над свінцовай вадой. Апускаюцца на яе недзе за кіламетр ад берага і — ух, як жа іх загайдала!

Пасля рэкі, як у нас кажуць, «уваходзяць у трубу». Але бывае і летняя паводка. Гэта калі ідуць праліўныя дажджы. На Дзвіне яна метр — паўтара, часам шэсць, на Дняпры да трох метраў, але бывае і болей, як гэта здарылася некалькі год назад. Тады рака заліла паплавы, і мы з сябрамі лавілі на іх таптухаю рыбу — па пояс у вадзе, па шыю ў кветках, усе ў разнатраўі, п’яныя ад водару, густа засыпаныя кветкавым пылком. Такія разлівы — пагібель для сенажацяў. Адхлыне вада — і на паплавах застаецца тоўстая бурая скарынка. Наступіш на яе — яна правальваецца, рассыпаючыся ў пыл, і ў ямцы ад твайго следу — бледныя, бы са склепа, сцяблінкі травы.

Дый не толькі сенажаці часам гінуць. Ледзь, напрыклад, у Карпатах і на Валыні пойдуць летам асабліва моцныя дажджы — пачынае шалець рака Гарынь.

Залівае акругу, і тады вялікія вёскі і нават Давід-Гарадок апынаюцца зноў нібы на астравах. І гінуць плантацыі кветак, развядзеннем якіх гарадок пераважна і жыве.

Бываюць і асеннія паводкі. А ў канцы лістапада — снежні на рэкі кладзецца лёд. Тут бываюць і адхіленні. У халодныя гады лёд кладзецца на ваду нават у пачатку лістапада. У цёплыя, калі нават гракі не адлятаюць прэч, а зімуюць на поўдні Беларусі, лёд куе раку ў студзені, а то і ў лютым.

Чыгункі, аўтамабільныя дарогі, самалёты зрабілі так, што рэкі нібы замерлі.

Ракою нібыта стала «нявыгадна» вазіць. Глупства, ракой і дагэтуль найбольш выгадна везці не дужа спешны або грувасткі груз. Але выгадна гэта толькі тады, калі за ракой сочаць, чысцяць яе, умацоўваюць берагі, не высякаюць лес па яе берагах, каб не мялела. Словам, не ставяцца да яе так абураюча, як гэта яшчэ часам здараецца. Не спускаюць у яе адыходаў, не труцяць рыбу, не ператвараюць раку ў брудную сцёкавую канаву. Словам, клапоцяцца аб ёй. Тады яна аддзячыць. А так... што ж?!

Даўжыня суднаходных шляхоў скарацілася да 4000 км. А калі браць гарантаваную глыбіню, то да 2800 км. Суднаходных рэк засталося ўсяго дваццаць (1973 г.).

Дняпро ад Магілёва да вусця Сожа, напрыклад, возіць цяпер ледзь не адзін пясок і жвір на баржах.

Павольна-павольна ідуць яны. Дзеці гуляюць на палубе, развешана і трапечацца на ветры бялізна. А раней, я сам яшчэ помню, параходы хадзілі да Оршы, а ў повень, калі вада залівала Кабыляцкія парогі (тут Дняпро размывае дэвонскія даламіты), і да Дуброўны. Улетку, вядома, гэтага не было. Самы вялікі камень на гэтых пагорках зваўся з іранічнай ласкавасцю «Камарык» і быў вышынёю з трохпавярховы дом...

Цяпер працуе, галоўным чынам, Прыпяць. Недалёка ад вусця ўкраінскую руду перагружаюць з вялікіх украінскіх рудавозаў на меншыя, беларускія, і вязуць Прыпяццю і Дняпроўска-Бугскім каналам у сацыялістычныя краіны. Тут ходзяць параходы, імчаць, як вядзьмаркі на мятле, «Ракеты».

Суднаходства ёсць яшчэ на Сажы, Бярэзіне, Нёмане (ад вусця ракі Шчары) і, значна менш, на Дзвіне.

Усе рэкі Беларусі дужа прыгожыя. Дняпро з высокім правым берагам і неагляднымі далячынямі зарэчных паплавоў, паплямаваных дубамі і сінімі люстэркамі старыц. Прыпяць з яе празрыстай цёмнай вадой, астравамі, пратокамі і шапкамі буслянак на прырэчных дрэвах. Дзвіна, сціснутая крутымі ўрвішчамі, зарослымі мачтавым лесам. Ласкавы Нёман, у воды якога глядзяцца старажытныя вежы і густыя лістоўныя пушчы. Нават невялічкая Шчара са сваімі шлюзамі ў цені неабхватных, серабрыстых таполяў. З раптоўным патокам вады, што вырываецца са шлюза і выносіць на сабе плыты з людзьмі, якія рухава і спрытна працуюць шастамі і бусакамі.

 

Гнецца плыт дугою,

Прэ яго да гаку,

Быстраю вадою

Ломіць, як вужаку.

(Якуб Колас)

 

Многія рэкі злучаны каналамі. Дняпроўска-Бугскім, Бярэзінскім (злучае Бярозу-раку з прытокам Дзвіны — Улай), Аўгустоўскім (злучае Нёман з Бабром, ракою басейна Віслы). Агінскі (звязвае прыток Прыпяці Ясельду з прытокам Нёмана — Шчарай). На жаль, дзейнічае толькі адзін, Дняпроўска-Бугскі. Каналы ж трэба чысціць, паглыбляць, пашыраць. Словам, сачыць, як за ўсякай дарогай. Гэтым і збіраюцца заняцца.

А пакуль на беразе неглыбокага, дужа чыстага Агінскага канала, які павольна струменіць ясныя свае воды, сядзяць, скажам, у Слоніме хлапчукі з вудамі, цягаюць плотак і спрачаюцца, на што лепей лавіць галаўня ў ліпені.

 

Азёры — вочы зямлі. Воблік Беларусі нельга сабе ўявіць без азёр. Іх у нас каля 11 тыс. Вялікія і малыя, цёмныя, балотныя і светлыя, як самое святло. Лясныя, як Кромань або Свіцязь, і бязлесныя.

Азёры прыносяць не толькі матэрыяльную, але і духоўную карысць. Азёры не толькі кормяць навакольны люд, але і натхняюць паэтаў. Свіцязь натхняла Міцкевіча. Возера Няшчэрда — аднаго з першых беларускіх пісьменнікаў новага часу, аўтара «Рабункаў мужыкоў» і чатырохтомнага зборніка апавяданняў «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Яна Баршчэўскага. Тэматыка гэтых апавяданняў дужа нагадвае ранняга Гогаля або Гофмана, але ўсе яны навеяны легендамі і паданнямі наваколляў Няшчэрды.

Або Князь-возера, якое цяпер невядома чаму называюць Чырвоным. Гэта на Палессі, паўночней Турава. Легенда, звязаная з гэтым месцам, натхніла кампазітара Залатарова на стварэнне цудоўнага балета «Князь-возера»... А легенда такая (падаю ў варыянце, які сам чуў і які збольшага супадае з найбольш старымі яе пераказамі, зробленымі яшчэ ў XIX стагоддзі).

...Возера было велічэзнае, як мора, а пасля пачало сохнуць, змяншацца і ўрэшце зрабілася зусім маленечкім. Людзям жыць стала лепей, а рыбам горш. І вось астравок пасярэдзіне гэтага маленькага люстэрка вады аблюбаваў князь Алелькавіч-Слуцкі з пакалення Альгерда. Пабудаваў тут замак і стаў княжыць і расперазаўся так, нібы над акругаю панаваў не чалавек, а д’ябал. А людзі цярпелі, мучыліся, елі кару. І праходзіў Падарожнік, які ведаў усё і прайшоў паўсюль і чытаў усе кнігі, нават Галубіную, што ўпала з неба. Убачыў, што не толькі яго ніхто не можа накарміць, а нават дзеці кладуцца спаць галодныя. І сказаў, што калі зладзействам князя не будзе мяжы, калі яны «пройдуць прадзел», а людзі ўсё ж будуць цярпець, то рыбам зноў будзе добра, а людзям дрэнна. Ніхто яго не паслухаў.

А князь лютаваў. Узненавідзеў брата і пасадзіў яго ў вечна мокрыя сутарэнні замка, якія былі ніжэй узроўню возера. І сваю былую палюбоўніцу засадзіў туды ж. І нявесту аднаго хлопца, якая не хацела адказаць князю ўзаемнасцю, кінуў у тыя ж падзямеллі. І многіх-многіх іншых.

Тады прыйшла мяжа цярпенню зямлі. У адну ноч пачалі біць шалёныя маланкі, грымець перуны, аж калацілася цвердзь, а замак і ўсё наваколле пачалі правальвацца ў воды возера. Страшныя валы пабеглі на зямлю, злізвалі хаты, лясы. Вежы замка зніклі ў пене на вачах. А трэба сказаць, што цярпенне людзей скончылася ў тую самую ноч, і яны выйшлі з хат з доўбнямі і віламі, якраз тады, калі д’яблава гняздо пачало тануць. І вось тут, убачыўшы, што цярпенню людзей прыйшоў канец, зямля злітавалася. Сціхнулі воды, і толькі муры і вежы замка канчаткова і назаўсёды зніклі пад вадой. Панаваць у ім, жыць у пакоях, слізгаць у байніцы сталі рыбы.

Так, калі верыць легендзе, і ўтварылася Князь-возера плошчаю ў 43,6 кв. км. Самае рыбнае возера на Палессі. На пачатку ХХ ст. сяляне і прамысловыя арцелі на рыбе тут выручалі да 10 000 рублёў у год. Гэта на тыя грошы, калі зараблялі капейкі, але і хлеб каштаваў грашы.

Цікавей за ўсё тое, што пад гэтай легендай хаваюцца нейкія рэальныя абставіны і падзеі, нейкае зерне ісціны. Нешта такое павінна было адбыцца тут у незапомныя часы. Бо вакол возера балота дасягала на пачатку ХХ ст. чатырохсот квадратных вёрстаў. Бо яшчэ вядомы вучоны XIX ст. Адам Кіркор гаворыць, што ў возера вядуць каменныя і драўляныя дарогі, якія знікаюць у глыбіні. А «Расія», настольная і дарожная кніга, што выдавалася на пачатку стагоддзя пад рэдакцыяй В. П. Сямёнава, кажа літаральна наступнае: «Сярод возера знаходзіцца шмат паляў і камянёў пад вадою... Як бы там ні было, але існуючыя да нашага часу палі на вялікім абшары возера паказваюць, што тут сапраўды была нейкая старажытная пабудова».

Вось бы ўзяць акваланг ды паныраць, памацаць усё ўласнымі рукамі! Нават нягледзячы на каламутную ваду.

І такое можна расказаць ледзь не аб кожным возеры. Ад самага дробнага да самага буйнага — Нарачы (даўжыня 13 км, глыбіня месцамі больш за 20 м) з яго чысцейшай цалюшчаю вадою. Гэта не перабольшанне, а праўда — вада Нарачанскіх крыніц лечыць.

У Нарачы, як і ў іншых азёрах і рэках Балтыйскага басейна, ад Брэста да Асвеі, водзіцца розная рыба. Але найбольш цікавая, вядома, вугор. Доўгі, змеепадобны, тоўсты, ён не проста адна з самых смачных нашых рыб, але і самая незвычайная. Ён можа прапаўзці невялікую адлегласць ад вадаёма да вадаёма, а сяляне і рыбакі з тых мясцін, дзе ён водзіцца, дружна расказваюць, што ў дужа росныя месячныя ночы вугор выпаўзае на палі есці гарох. Калі прыходзіць час класці ікру, вугор плыве са свайго возера ці рэчкі ў вялікую раку, пасля ў Балтыку, адтуль у Атлантычны акіян і ўрэшце дасягае змрочных глыбінь Саргасава мора. Менавіта там з ікры выводзяцца лічынкі, спачатку зусім празрыстыя, і плывуць назад, на радзіму. Некаторую частку дарогі яны робяць з Гальфстрымам. Шлях цягнецца многія месяцы, вугры сталеюць. І ўрэшце, ужо амаль дарослыя, з’яўляюцца ў той рацэ, у тым возеры, адкуль калісьці іхнія бацькі накіраваліся ў свой доўгі шлях.

Водзяцца таксама ў азёрах сігі, сялява (рапушка), сняток (корушка). У рэках — мінога ручайная, гальян, гарчак, быстранка, галец.

І паўсюль: шчупак — рачны тыгр, тоўстая плотка, язь, прагны галавень, чырванапёрка, залаты лін, жэрах, срэбная верхаводка, «гусцяра з Дняпра», ляшчы, рыбцы, залаты карась, лянівы вусаты казак-сом, чорна-ліловы мянтуз, судак, акунь і задзіра-ёрш, якія добра «манціруюцца» з юшкай. Я ўжо не кажу пра непрамысловых: яльца, вярхоўку, нахабнага печкура, які нават за пальцы ног пакусвае, калі вудзіш, стоячы ў рэчцы, шчыпоўку, таго ж уюна і падкаменшчыка.

Ёсць таксама стронга, харыюс, падусты, вусачы, а ў Дняпры, акрамя таго, выразубы, сцерлядзі і асятры (дужа рэдка). Ды хіба ўсіх, аж да ласося і кумжы, пералічыш?

Рыбалоўства на Беларусі існавала спрадвечна.

Пры раскопцы старажытных стаянак чалавека часта знаходзяць рыбіны косткі, касцяныя, а пасля і металічныя, кручкі. Прычым, лавілі не толькі з берага. Самаму старому чаўну, знойдзенаму на Беларусі (ён зараз у Пінскім музеі), 7 тысяч год. Гэта яшчэ новы каменны век, неаліт. Як човен збярогся? Ну, па-першае, дуб толькі мацнее ад вады. А па-другое, човен трапіў у тарфянік, які і закансерваваў яго.

З рыбалоўствам часта бываюць кур’ёзы. Адзін мой знаёмы знайшоў аднойчы ў глеі стары «самовы» кручок. Выкінулі, відаць, за непатрэбнасцю, бо такіх самоў цяпер, мабыць, няма. Кручок быў таўшчынёю ў палец і даўжынёю сантыметраў каля трыццаці. Калісьці на такі насаджвалі цэлую абскубаную качку і кідалі ў вір, дзе запрымецілі сома-гіганта. Дзівіцца тут няма чаго. Нават меншыя самы цягаюць качак, а сярод іх (самоў, а не качак) бывалі волаты. У XVI стагоддзі ля Полацка быў злоўлены сом вагою ў 15 пудоў. Дый мой бацька расказваў, што, калі ён быў маладым чалавекам, у Дняпры, ля Оршы злавілі васьміпудовага сома. Калі яго ўзважылі — спецыяльна быў запрошаны натарыус, які і склаў з гэтага выпадку акт, натарыяльна засведчыў такое дзіва.

Бацька бачыў тую рыбу. Сом быў амаль чорны, і не столькі ад старасці, колькі ад таго, што на ім сям-там аж дробныя ракушкі пасяліліся. Увесь быў нібы ў твані.

...Ловяць рыбу ўсе. Нават «беспарточная пяхота», ледзь навучыўшыся бегаць, сядзіць ужо недзе на беразе пратокі з прутом у руках і ловіць печкуроў. Пасля прыходзіць чарга таптухі, сапраўднай дарослай вуды, а часам і спінінга. Ставяць таксама вершы. Нераты, брэдні і плывуны зараз жыхарамі не прымяняюцца. Па-першае, забарона, а па-другое, самі бачаць, што рыбы стала менш. Умелы спаймае і вудай, хаця і сказана:

 

Хоць праўда, хлеб ядуць і з вуды,

Але не ўсе і не заўсюды.

(Якуб Колас)

 

Таму старымі невадамі цяпер абцягваюць паверсе плот, каб куры ў гарод не заляталі.

Сецямі ловяць цяпер, галоўным чынам, арцелі неваднічых і рыбалавецкія вёскі на вялікіх азёрах.

Там існуюць звычайна азрыбгасы. Пры многіх азёрнарыбалавецкіх гаспадарках ёсць свае заводзікі, якія соляць, сушаць, вэндзяць рыбу, робяць з яе кансервы. Гэта Нарачанскі рыбгас, Лепельскі, Лукомльскі, Жыткавіцкі і інш. Есць яны і на рэках. У Віцебску, Полацку, Гродне, Брэсце, Пінску, Мазыры, Бабруйску, Гомелі.

Дужа распаўсюджаны сажалкавыя гаспадаркі. Разводзяць карпа, сазана, карася. Весела глядзець, як аранжавымі вечарамі ў люстраных сажалках дзе-небудзь ля Волмы-ракі ўсплёскваюць вялізныя рыбы і чырвонае сонца на імгненне загараецца на іхняй лусцэ.

 

ЗЯЛЁНЫ ШУМ

...Там, дзе няма ніў,— суцэльная краіна паплавоў і балот. Дзе няма іх — царства лясоў. І маладых і старых, нечапаных, так званых пушчаў. Бярэзінская пушча, Лепячанская, Гродзенская, Налібоцкая на поўнач ад Наваградка, палескія пушчы, Белавежская, якая найбольш уражае чалавека, і многія іншыя. Трэць тэрыторыі Беларусі — лясы. 32 працэнты. На жаль, іх высякаюць больш нормы. Не толькі пасля вайны, калі трэба было аднаўляць вёскі і гарады, але і зараз. Нягледзячы на ўсе старанні, не адноўлена, напрыклад, лясістасць на Міншчыне (35 працэнтаў) і Гомельшчыне (38 працэнтаў). Даставалася гэтым лясам. Іх секлі падчас паўстання 1863—1864 гг., каб паўстанцам не было дзе грамадзіць свае сілы. Іх валілі і сплаўлялі ў Рыгу, а адтуль за мяжу купцы і дваране, якія праматаліся (гэтыя — на караню, бо лес заўсёды адказваў за дзіравую кішэнь уладароў або дзяржавы). Нездарма Адам Міцкевіч пісаў:

Джэва, помнікі нашэ, іле ж цо рок вас пожэра

Купецка люб жондова, москевска секера?7

Мікалай І і Аляксандр ІІ так проста і загадвалі валіць лес, хаця не ведалі беларускага падання аб тым, што душа зямлі ходзіць лесам і кажа: «Сячыце, сячыце! Не будзе дрэваў — і мяне не будзе».

...Секлі гандляры, секлі акупанты ў вайну грамадзянскую. Пасля ў Заходняй Беларусі ішло арганізаванае знішчэнне лясоў не толькі новымі «гаспадарамі», але таксама іншаземнымі фірмамі, якім гэтыя лясы аддаваліся наводку п. Белавежу і дагэтуль праразаюць затравелыя насыпы былых вузкакалеек, пабудаваных «культурным замежным капіталам», каб вывозіць лес.

Паэт Максім Танк так пісаў пра гэта ў адным з найлепшых сваіх вершаў:

 

На захад ідуць цягнікі,

Лён, жыта, сасна і бяроза.

Гляджу і гляджу з-пад рукі,

Як моладасць нашу вывозяць.

 

Ішоў дзікі рабунак. Знішчана і вывезена была амаль палова беларускіх лясоў.

Усяго знішчыць, аднак, не ўдалося нават шматлікім часовым гаспадарам, хаця кожны з іх і намерваўся асесці тут «навечна», цягнуць драўніну, шкіпінар, каніфолю, дзёгаць, смалу, сажу для хімічнай прамысловасці. І вось стаялі сосны, пасечаныя шнарамі, сплываючы смалістай сваёй крывёй. Як трапна сказаў паэт Васіль Зуёнак:

 

Рабрыстыя — ў падсочках, нібы здані,—

О сосны, хто прыдумаў вам Майданак?!

 

Так, Майданак быў не толькі ў людзей. І з хат знікаў смольны дух, і глуха пелі цымбалы з абяскроўленага дрэва.

...Досыць. Пойдзем у лес. Вось толькі была задушлівая спёка, і раптам павеяла жывушчым халадком, затрапяталі сонечныя зайчыкі, разліўся птушыны хор. Поўнач. Хваёвыя лясы. Пераважна сасна і яліна.

Мабыць, галоўныя адрозненні ў псіхіцы беларуса і жыхароў мясцін, дзе мала лясоў склаліся пад уплывам навакольнага пейзажу.

Лес выхаваў характар беларуса, наш чалавек і лес — родныя, і таму беларус любіць яго. Любіць паўночныя саснякі з імхом, што расшыты каралямі брусніц і чарніц, што лілавеюць верасам, у якім сядзяць сімпатычныя таўстуны — карычнева-чырвоныя і карычнева-чорныя баравікі. Любіць змрочныя яловыя лясы з цэлымі бародамі сівога імху на ствалах і з катлавінкамі, напоўненымі празрыстай, але на выгляд чорнай і бліскучай, як лак, вадою. Любіць сонечны россып папараці і зарасці ляшчыны, і больш паўдзённыя лясы, дзе трапляюцца ўжо дубы, грабы, ліпы. І, вядома ж, шырокалістоўныя лясы поўдня з брызглінай, бружмелем, грабам, цісам, рабінай, калінай і магутным разнатраўем ля ступ лясных волатаў.

Нават драбналессе з бялюткімі бярозамі і асінкамі, нават змрочныя і балотныя чорнаальховыя лясы дарагія яму. Лес корміць, лес грэе і дровамі, і сценамі хат, і проста так («уехаў у лес, бы ў кажух улез»), лес бароніць у выпадку небяспекі, нашэсця, вайны.

Менавіта таму пасля рэвалюцыі столькі ўвагі аддаецца захаванню, абароне, развядзенню лясоў. Недахопаў у гэтым сэнсе яшчэ шмат. Многія лесанарыхтоўшчыкі «гоняць план» і нават дабіліся было высечак лесу на Бярэзіне (лес той згніў, бо дажджы не дазволілі яго вывезці, і тады, каму трэба, добра папала, а запаведнік быў адноўлены), ёсць яшчэ браканьеры і людзі, якія жывуць па прынцыпе «хто ў лесе не злодзей, той дома не гаспадар». Аднак праца ляснічых і палясоўшчыкаў, азеляняльнікаў, вучоных батанікаў, заолагаў, паляўніцтвазнаўцаў паступова прыносіць свой плён.

Пад ахову падпалі многія жывёлы, рэліктавыя і іншыя расліны, рыбы, птушкі і звяры, некаторыя геалагічныя абнажэнні, асобныя дрэвы, слаўныя ўзростам, рэдкасцю, выглядам сваім, і цэлыя лясныя масівы. На Беларусі шмат заказнікаў і запаведных зон (як вакол возера Свіцязь). Да нядаўняга часу было два запаведнікі. Бярэзінскі (абараняў увесь жывёльны свет, але асабліва мядзведзя і бабра) і Белавежскі (галоўныя паны тут высакародны алень, бобр, лось і, перш за ўсё, кароль-зубр). Нядаўна быў арганізаваны трэці, Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік. Для аховы Палесся, яго раслін, звяроў, птушак, ягоных балот, ягоных вод.

Пра ўсе запаведнікі тут расказаць немагчыма, і таму я спынюся толькі на самым вядомым з іх, на Белавежскай пушчы.

* * *

Тысячу год назад большую частку цэнтральнай і ўсходняй Еўропы пакрываў дзікі і цёмны першабытны лес. На многія і многія сотні кіламетраў шумелі лясныя волаты, з цяжкасцю пракладалі свой шлях праз завалы карычнева-празрыстыя глухія рэкі, звінела камар’ё, паўсюль, як кавалкі мяса, чырванелі мухаморы і бранзавелі «слязніцы»,— вялізныя, вышэй калена, баравікі (на Беларусі іх называюць так таму, што на іх ад старасці выступае сляза і капае на зямлю, яны «плачуць»). Цяпер такія грыбы можна знайсці толькі ў дужа глухіх мясцінах, куды амаль не ходзяць людзі.

...Тысячу год мерна гучала сякера, вёскі ўгрызаліся ў лес, палі наступалі на пушчы, і на трупах павержаных і спаленых волатаў (такое поле называлася «лядо» або «ляда») хваляваўся ячмень.

Беларусь паступова бяднела звярамі. Зубр, які сустракаўся ў Палессі і на поўдні Прыдняпроўя яшчэ ў XVIII ст., быў выбіты і збярогся толькі ў Белавежы, быў знішчаны собаль, балотная рысь, або «лемпарт», чорны заяц, што сустракаўся ля Копыся яшчэ на пачатку ХХ ст., высакародны алень і многія іншыя. Знік у XVII стагоддзі дзікі бык-тур (некаторыя вучоныя мяркуюць, што гэта ад яго пайшла парода ўкраінскай і палескай шэрай рабочай худобы).

Законы князёў, а пасля каралёў былі жорсткія. Нягледзячы на тое, што падарожнік барон Меерберг, які наведаў Беларусь у XVII ст., казаў, быццам мясцовыя лясы нават багацейшыя на звяроў, чым лясы поўначы і ўсходу Расіі,— дзічы, мабыць, паменшала. «Устава на валокі», прынятая ў 1657 годзе, казала, між іншым: «А ва ўсіх пушчах нашых і агульных, дзе раней сяляне нашы для нас баброў лавілі, там і цяпер... лавіць павінны. А калі б недзе, на рэках і азёрах нашых, бабры з’явіліся зноў, дык і там сяляне лавіць павінны; а за работу браць ім кожнага пятага бабра або падбрушша ад кожнага». Людзям забаранялася трымаць пры лясных лазнях жывёлу, зброю, сабак, сячы лес у тых мясцовасцях, дзе рабіліся аблавы, пад страхам пакарання смерцю не дазвалялася страляць аленяў і зуброў нават на ўласнай зямлі. Забаранялася касіць сена на месцах аблаў, а там, дзе дазвалялася,— забаранялася браць з сабою стрэльбы, сабак і рацішчы (рагаціны). Можна было біць драпежнікаў, а таксама птушак толькі на сваіх «валоках»... Але ў XVIII ст. усё пайшло дагары нагамі. Дзяржава, Рэч Паспалітая, саслабела, кароль не азначаў нічога, магнаты і шляхта грызліся. Дзе ўжо тут было сачыць за лесам, за правільным промыслам і падтрымкай звяроў?

...Так і здарылася, што ад першабытных лясоў, асабліва шырокалістоўных, ад старажытных зубрыных дуброў, ад мядзведжых пушчаў над махавымі балотамі і ціхімі бабровымі рэкамі засталіся тры-чатыры бастыёны.

Адзін з іх на поўначы Украіны і поўдні Беларусі. Палессе. Астатнія — на Беларусі. Лясы ў вярхоўях Бярозы-ракі. Налібокі. І самы стары і цікавы бастыён — Белавежа.

Цяпер той, хто хоча на свае вочы бачыць, які быў Шэрвудскі лес у часы Робін Гуда, Ардэнскі лес у часы рыцараў Круглага Стала і казачных волатаў, Тэўтабургскі лес у часы Армінія, не павінен шукаць такога ў сябе, у Англіі, Францыі, Германіі, а павінен ехаць сюды, у спрадвечны лясны аплот.

Некалькі стагоддзяў назад пушча цягнулася з захаду на ўсход на сто з лішнім кіламетраў, аж да самага Кобрына, а з поўначы на поўдзень — кіламетраў на сто трыццаць — сто пяцьдзесят. Цяпер адлегласць між паўдзённай і паўночнай межамі — 65 км, між заходняй і ўсходняй — да трыццаці. Даўжыня межаў — 500 км, плошча — 79 171 га.

Здаўна ў веснюю повень, калі Брэсцкае і Прыпяцкае Палессе, старадаўняе «мора Герадота», ператваралася ў сапраўднае мора, у якім па шыю стаялі лясы,— усё звяр’ё ратавалася на Мазырскай градзе і на Загароддзі, але пераважна на больш узвышанай, Прыбугскай раўніне, на якой ляжала пушча. У сонечных грабавых і бярозавых лясах звінелі птушкі, над рэкамі было аж цёмна ад качыных чарод, у змрочных ельніках блукалі мядзведзі, у спрадвечных дубровах пасвіліся сотні тысяч дзікоў, аленяў, коз і зуброў. Тады пушчу насяляла дзікае і ваяўнічае балтскае племя ятвягаў. Першая вартавая вежа, узведзеная славянамі ў абарону ад іх, нязвыкла бялела ў нечапаным лесе ашкуранымі, свежаабчасанымі бярвеннямі. Ад гэтай белай вежы, мабыць, пушча і атрымала назву Белавежскай.

Пазней, у XIII ст., князь Уладзімір загадаў вопытнаму мужу, дойліду Алексе, замкнуць ятвягам выхад з пушчы, пабудаваўшы на ўзгорках ля ракі Лясная «стоўп каменны», вежу ў трыццаць метраў вышыні. Колеру тэракоты, са слядамі позняй пабелкі (нейкі невук пастараўся), яна і дагэтуль ганарліва высіцца над маленькім мястэчкам Камянец. Некаторыя няправільна гавораць, што яна і ёсць Белая Вежа, хаця ніхто яе даўней так не называў, дый колер яе зусім іншы.

Беларусы даўно асімілявалі ятвягаў, а Пушча ўсё была месцам паляўнічай забавы, спачатку для мясцовых князёў, а пасля для польскіх каралёў. Але не толькі для гэтага. Кожнай вайне яна плаціла даніну, кормячы беларуска-літоўскае войска. Князь Вітаўт, ідучы пад Грунвальд, учыніў тут вялізнае паляванне. Былі забіты тысячы дзікоў, зуброў і аленяў, каб забяспечыць войска мясам на ўвесь час вайны.

Калі гэта было збольшага патрэбнай мерай, то каралеўскія і царскія паляванні ў пушчы былі вандалізмам. Паляванне Аўгуста III у 1752 годзе, калі звяроў выганялі праз калідор з жэрдак на вытанчанага забойцу і ягоную світу, перапалавініла звярынае насельніцтва Пушчы. На схіле XIX ст. рускі цар Аляксандр (таксама трэці), кат свайго і іншых народаў, арганізаваў тут такую ж самую планамерную і абыякавую бойню. Сотні аленяў, ласёў, дзікоў. Дзесяткі фатаграфій ганарлівых поз сярод трупаў, і за чаркай «паляўнічай гарэлкі», і на ўрачыстым банкеце, і сярод «удзячных» сялян. Раскошна выдадзеная ў памяць аб гэтым подзвігу кніга з малюнкамі лепшых расійскіх ілюстратараў таго часу — шэдэўр паліграфічнага майстэрства.

Пушча аглухла ад стрэлаў. Хрыпелі праз кроў дзікі, біліся ў сутаргах алені і рахманыя даніэлі, цяжка валіліся на зямлю і моўчкі паміралі зубры (зубр заўсёды памірае моўчкі, не прыніжае сябе нават у смяротны час, трымаецца гонару). І так вось Пушча змоўкла і сцішылася перад тым, як зрабіцца нямой Пушчай.

Дапамагалі не толькі «ўладары народаў», але і купцы, якія дзе яўна, а дзе і таемна скуплялі шкуры. Собаля (праўда, гэта было раней, у XVI—XVII стагоддзях) прадавалі ў Мінску і Навагрудку звязкамі па 40 штук, а гарнастая — звязкамі па 100— 250 штук. Тысячы такіх звязак ішлі ў глыб краіны і за мяжу. Напрыклад, у мінулым стагоддзі на Беларусі за адну аблаву нярэдка забівалі да 4 мядзведзяў. Ужо у ХХ ст. бабровыя калоніі можна было лёгка пералічыць і ўсё ж іх бязлітасна знішчалі.

Немцы ў першую акупацыю знішчылі чвэрць апошняга «Uhrwal’dy» ў Еўропе.

За польскім часам англійская фірма (тая, ад якой засталіся насыпы вузкакалеек) ледзь не даканала астатняе. Бедны лес!

Усё гэта свінства, увесь гэты беспардонны разбой бачыла Камянецкая вежа. З яе адбівалі атакі ятвягаў і крыжаносцаў, на ёй былі царскія ўрадавыя пасты ў часе паўстанняў Касцюшкі і Каліноўскага. Пушча заўсёды хавала сваіх сыноў (між іншым, і партызан у Айчынную вайну), сыноў свабоды. І вось вежа глядзела, як гэты аплот свабоды высякаюць.

У 1921 годзе нехта Барталамей Жпакоўскі забіў апошняга зубра, у 1923 г. на Парыжскім міжнародным кангрэсе аховы прыроды выявілі, што на зямлі засталося 52 зубры, прададзеныя ў свой час з Белавежы ў заапаркі і паркі заходніх арыстакратаў і магнатаў прамысловасці. Некаторых з іх купілі і ў 1929 г. зноў завезлі на радзіму, адкуль калісьці прадалі, у Пушчу.

Зараз на беларускай палове запаведніка (частка Пушчы ляжыць на тэрыторыі ПНР) налічваецца семдзесят (па звестках 1970 г.) зуброў, ды шмат яшчэ перавезлі ў некаторыя другія запаведнікі краіны і за мяжу. Каб разводзіліся. Каб не рызыкаваць «адзіным месцам абітання» каштоўнай жывёлы.

Белавежскія зубры, якія нарадзіліся ў Польшчы, носяць імёны, якія пачынаюцца на літару «п». Тыя, што нарадзіліся на Беларусі, маюць імёны, першая літара якіх — «б» (напрыклад, Борус).

...Зубр дужа цікавы звер. Засведчаны, напрыклад, такі факт з пачатку XIX ст. Нейкі шляхціц вяртаўся дужа п’яны з гулянкі пушчанскай дарогай і, вядома, заснуў у санках, зашыўшыся ў сена. Зубр падышоў, асцярожна паддзеў чалавека рагамі і выкаціў у снег. У таго адразу ж і хмель прапаў. Коні не збаяліся зубра. Як ступалі дагэтуль, так ступалі і далей. Зубр ішоў за санкамі і еў сена. А шляхціц валокся за ім па снезе і гарлаў:

— Жываціна ты подлая! Карова ты халерная! Аддай, кажу! Апсік (як на ката)! Каб цябе самога так выкаціла, як ты мяне выкаціў...

Зубр, не звяртаючы ўвагі, «уклаў» (з’еў) усё сена і пайшоў у лес.

Раскажу яшчэ некалькі выпадкаў, сведкам якіх быў я сам.

У пушчы зуброў трымаюць па-рознаму. Ля галоўнага будынка (там гасцініца, рэстаран, музей) ёсць нешта накшталт заапарка: вялікія вальеры, у якіх звяры жывуць у максімальна прыбліжаных да натуральнага свайго жыцця ўмовах (калі яны вытапчуць траву, агароджа пераносіцца на новае месца, пакуль старое не зарасце). Тут некалькі зуброў, дзікі, алені, лані і іншыя жывёлы пушчы. Гэта каб людзі маглі паглядзець жывёл, не ад’язджаючы далёка, не забіраючыся ў глыб пушчы. Каб не калясілі, не палохалі звяроў, каб сэрца пушчы засталося нечапаным.

Другі спосаб утрымання зуброў — на вялізных агароджаных участках лесу. Так, у прыватнасці, трымаюць матак з маленькімі лабастымі цяляткамі, якія так непаразумела глядзяць на цябе, калі ты падыходзіш.

І, урэшце, значная частка зуброў жыве проста на волі. Едзеш і раптам бачыш сярод зялёнай-зялёнай паляны бурую вялізную тушу. Метры тры даўжынёю, высачэнную, вагою да тоны. Магутны, цяжкі, як гара, горб. Рагастая, лабастая і барадатая галава апушчана. Пасвіцца.

...У адзін з першых прыездаў у Пушчу я і мае сябры — мясцовы настаўнік і пісьменнік з Брэста — дужа хацелі ўбачыць зубра на волі. «Дзе мы яго знойдзем? Ходзіць недзе,— сказалі нам.— Куды захацеў — туды і пайшоў. Шукайце. Пашанцуе, то ўбачыце. А лепей ідзіце туды. Там тарпаны!»

Рабіць няма чаго, пайшлі ў нетры глядзець тарпанаў. Маленькія мышастыя конікі з раменьчыкам на хрыбціне. Ідзём уздоўж агароджы вялізнага загона. На дарозе — елка-выварацень. Агромністая. Карані з зямлёю стаяць блінам вышынёю паверхі на два. Падыходзяць тарпаны. Нас дзеліць вузкая агароджа. Ідзём да іх, мінаем елку, галосна клічам, смяёмся. І тут я, азірнуўшыся, аж пахаладзеў. За спіною (з-за елкі не бачылі), метрах у чатырох, мілая сямейка: баця, здаравенны, мама, крыху меншая, і цялятка. Што рабіць? Каб адзін зубр, то хаця вакол дрэва можна было бегаць. А так двох, з двух бакоў дастануць. Скакаць да тарпанаў? Невядома, як яны да гэтага паставяцца. Дый што зубру такая лядаштая загародка?.. На шчасце, звяры не звярнулі на нас увагі. Тады я асмялеў, выйшаў з-за елкі, і сябар сфатаграфаваў мяне і іх. Тыя толькі пакасіліся, аддаляючыся ў гушчу.

Пазней, калі мне давялося памногу бываць там, я заўсёды браў з сабою некалькі газет. Ідзеш, а ён стаіць на паляне, на самай дарозе, і ў вус не дзьме. Адчувае сябе гаспадаром. Адчувае, што галоўны тут ён, а не ты. Запаліш газету і ідзеш, махаеш. Тады ён неахвотна — «ат, не варта звязвацца з рознаю дробяззю» — адыходзіць, дае дарогу...

Да аўтамашыны зубр ставіцца памяркоўна, але матацыклаў цярпець не можа, яны яго нервуюць. Некалькі разоў зубр так гнаўся за матацыклістамі, што няшчасным ледзь удавалася ўцячы.

Вельмі любіць чыстую ваду. Аднойчы студэнтка-практыкантка ўмывалася ля студні, з якой пояць зуброў (каб не хадзілі далёка на вадапой), паклала на зруб мыла, а яно ўзяло ды і ўпала ўніз. Ужо і мыла клятае дасталі, і ваду некалькі разоў да дна вычарпалі, а зубры ўсё адно некалькі тыдняў не пілі з гэтай студні.

Значэнне загарадак вакол вялікіх загонаў, дзе ходзіць частка зуброў, чыста сімвалічнае. Зубр лёгка разбівае лобам іхнія бярвенні дыяметрам у 15—20 см. Егер казаў мне: «Як кінецца на агароджу — не ўцякайце далей. Усё адно не ўцячэце».

І вось які выпадак здарыўся з намі, калі мы здымалі там фільм аб пушчы. Ці то зубра раз’ятрыў строкат «Конваса», ці проста мы яму абрыдлі — кішыць вакол нейкая драбяза! — але ён раптам з цалкам спакойнага стану адразу перайшоў у атаку. Мы, ясна ж, кінуліся хто куды, урассыпную. Добра, што гэта быў проста дэмарш: бык хацеў папалохаць, а не дагнаць. Але рэзультат атрымаўся такі, што мы пасля не маглі апамятацца ад здзіўлення.

Я паспеў скочыць цераз агароджу, асістэнт аператара, уцякаючы, наляцеў на сук і выбіў сабе пярэдні зуб. А аператара доўга не маглі знайсці, і толькі потым, як з неба, даляцеў да нас ягоны голас. А адбылося вось што.

Штатыў нашага апарата важыць нешта каля васьмі кілаграмаў, апарат — таксама некалькі кілаграмаў, ды яшчэ акумулятары. Кідаць казённую маёмасць не рэкамендуецца. Дый дарагая дужа, пасля не расплоцішся. І вось аператар з усім гэтым грузам... узляцеў на вяршыню стога, вышыня якога была некалькі метраў. А стог, як вядома, мае форму яйка, пастаўленага на тупы канец. Значыць, спачатку даводзіцца лезці пад вострым кутам да зямлі, ледзь не спіною ўніз, а гэта немагчыма, і захацеў бы — не ўлезеш. Як гэта атрымалася ў аператара, ён пасля і сам не мог растлумачыць.

...Раскажу яшчэ пра аднаго асабіста мне знаёмага жыхара Пушчы. Аленя па мянушцы Алежка... Некалькі год назад пагранічнікі, абходзячы мяжу, пачулі на земляной паласе падазроны шорах. Уключылі святло. Спалоханая раптоўнай успышкай магутных ліхтароў, рынула ў лес... аленіха. А на ўскапанай зямлі застаўся камячок, нованароджанае алянятка. Пачакалі. Стала ясна, што матка не вернецца. Тады дзіцёнка забралі з сабой на заставу, адпаілі і вырасцілі. Алежка хадзіў за пагранічнікамі, як сабака. У чырвоны куток, у сталоўку, нават кіно глядзець. Пазней ужо я сам пераканаўся: надзенеш зялёную шапку — і ён бяжыць за табой. Шкада толькі, што яго прывучылі басціся. Нагнецца чалавек за нечым, а яму толькі таго і трэба. Наляціць і так нападдасць у тое месца, дзе ногі перастаюць называцца нагамі, што чалавек потырч ляціць галавою ў мох. Няма чаго рабіць, аддалі яго ў запаведнік, а там яго, як ручнога, пасадзілі ў загон для аленяў. Аднак аднаплямённікі яму аж надта не спадабаліся. Ён узяў дый пераскочыў цераз высачэзны плот у суседні загон, да зуброў. Тыя спачатку дзень-два ганялі яго, а пасля прывыклі, плюнулі. Так ён і жыў з імі, у больш арыстакратычнай кампаніі, так бы мовіць. Мы, працуючы ў Пушчы, яго падгадоўвалі. І вось аднойчы прыслалі мне сябры з Далёкага Усходу слоік рэдкага прадукта — чырвонай ікры. Намазалі мы сабе па бутэрброду і тут,— самі ведаеце, што існуе закон паскудстваў, па якім бутэрброд заўсёды падае маслам уніз, а ўжо з ікрой тым больш. Не есці ж з падлогі.

Вырашыў скарміць. Аддаць бы мне яго лісіцы або дзіку нейкаму, словам, усяеднаму або драпежніку. З’елі і дзякуй сказалі б. А я вырашыў пабалаваць Алежку, зусім забыўшыся на тое, што ікра — жывёльны прадукт, а алені гэтага цярпець не могуць. За ўсю гісторыю заапаркаў, запаведнікаў і г. д. была толькі адна самка аленя, якая магла з’есці катлету. На яе глядзелі, як на найвялікшае дзіва... Ну вось, даю. Той узяў, пачаў жаваць. І раптам на мордзе страшэннае неўразуменне, агіда, крыўда. Выплюнуў. Паглядзеў на мяне звысака і пайшоў. Спыніўся, літаральна плюнуў у мой бок некалькі разоў і аддаліўся, нават не аглядаючыся. Два тыдні давялося мне патраціць, перш чым ён забыў крыўду і паміж намі аднавіліся ранейшыя добрасуседскія адносіны.

...Водзяцца ў Пушчы, як і паўсюль на Беларусі, бабры. Да рэвалюцыі іх амаль выбілі, але ўжо ў 1925 годзе спецыяльнай пастановай СНК БССР быў арганізаваны Бярэзінскі запаведнік, шмат заказнікаў. Баброў узялі пад найстражэйшую ахову, і цяпер бабёр для Беларусі досыць звычайны звер. Яго тут болей, чым паўсюль у СССР, таму ён пачынае ўжо набываць прамысловае значэнне. Але пакуль што баброў болей вывозяць з Беларусі і рассяляюць у многіх і многіх мясцінах краіны. У Пушчы я, праўда, не бачыў бабровых паселішчаў, неяк не трапіў у тыя мясціны, дзе яны водзяцца. Затое шмат бачыў іх у басейне Сожа, у прыватнасці ў Чэрыкаўскім заказніку.

...Ідзём з працаўнікамі заказніка па беразе старыцы, зарослым дубамі. Сям-там зрэзаныя бабрамі дубкі, дыяметрам сантыметраў з сорак. Пень і ствол ля яго, як два завостраныя алоўкі. Бабры ўзяліся за такія тоўстыя дрэвы, бо з’елі ля вады шмат вярбы і іншага падлеску. Ім тут цесна, і яны перасяляюцца — ужо самі! — у суседнія вадаёмы. Бабёр есць кару, а таму на зіму зацягвае ствалы дрэў на дно, прытаплівае іх і, калі адчувае голад, нырае, ласуецца проста пад лёдам карою і вяртаецца ў сваю хатку. Хаткі яны робяць урэшце толькі ў топкіх мясцінах. Там жа робяць і грэблі з бярвенняў, замазаных зямлёй і глінай з галінкамі. Вада падымаецца, і выхад з бабровай хаткі заўсёды пад вадой. Але тут, у лясніцтве Лімень, вады шмат, берагі цвёрдыя, і таму бабры проста робяць у іх норы. Наверх на «дах» нары яны нацягваюць кучу галін, бярвенняў. Гэта каб ніхто не лез. Чалавек — гэта не страшна, яго столь вытрымае. А вось калі ўсцярэбіцца карова або лось!.. І бабёр як ведае, што яны ніколі не палезуць у хаос галін, сукоў і іншага ламачча.

Я стаў на гэтую кучу, паскакаў крыху. І вось ад падводнага хода ў нару пацягнулася ракою вузкая стужачка бурбалак. Далёка, метраў за сто, за бліжэйшы мыс. Ратаваў жыццё, бедалага. Так вось іх і ловяць, падстаўляючы да ўвахода жалезную клетку асаблівай канструкцыі.

Друг мой, пісьменнік, расказаў мне, як калісьці ў іхняй вёсцы злавілі бабра. Усе беглі глядзець, як на дзіва. Бабёр сядзеў у дзежцы з вадой, абапёршыся пярэднімі лапкамі, якія дужа падобны да дзіцячых, на край дзежкі і... плакаў. Гэта праўда. У нас жа, беларусаў, ёсць нават прыказка: «Заплакаў, як бабёр» — значыць горка, нястрымна, з патокамі слёз.

Цяпер ніхто нават асабліва не цікавіцца ловамі. Ну, злавілі, і добра. Баброў садзяць у клеткі, накрываюць зверху, каб не было сонечнага ўдару, а пасля вывозяць партыямі і выпускаюць у розных іншых рэках, аж да Сібіры.

...Так яно ў Пушчы. Усякіх звяроў тут безліч. 55 відаў сысуноў, 204 — птушак, 11 — земнаводных, 7 — паўзуноў. Тут каля 2000 аленяў, 1500 дзікіх козаў, каля тысячы пяцісот дзікоў. Ёсць лісіцы, тарпаны, барсукі, куніцы.

Жыхарам вёсак, што ляжаць у Пушчы, часам даводзіцца даволі цяжка. Палі трэба ахоўваць ад звера: бульбяныя — ад дзікоў, аўсы — ад аленяў.

А страляць жа нельга. На ўсіх платах развешваюць бляшанкі, каб звінелі ў выпадку нападу звяроў на поле. Ну, проста хоць плач.

Нямая пушча з парадзелымі дубровамі і амаль выбітым звяр’ём пачала, пасля жахаў апошняй вайны, ажываць. (Дарэчы, у вайну яна была аддадзена ў асабістае валоданне Герынгу. Ён наклаў лапу на яе і навакольныя лясы, бо ведаў іх; яшчэ да 1939 года прыязджаў паляваць у панскую Польшчу.)

Дбаннем лесаводаў і ўсіх працаўнікоў гэтай вялікай навуковай гаспадаркі ўзняліся на грабежніцкіх лесасеках маладыя лясы, старыя (а іх усё яшчэ многа) напоўніліся птушыным свістам, вясеннім такаваннем глушцоў, трубнымі клікамі лебедзяў, асеннім рыкам аленяў. Зноў скаланаецца зямля ад цяжкага тупату зубрыных чарод. Зноў прыйшлі на пакутную, стагоддзямі пашматаную зямлю Пушчы мір і спакой.

Хай ён будзе давеку. Бо не трэба, каб уставалі ў нетрах слупы дыму, каб гэты (адзіны ў Еўропе) і такі шматпакутны лес аддаваўся на водкуп маршалкам, царкам і герынгам розных масцей, каб бухалі пад яго шатамі стрэльбы браканьераў, а то і аўтаматы, каб пры адным ляманце «чалавек!» усё жывое захлыналася ў чорным адчаі і перадсмяротнай тузе.

Яна была запаведнікам. У 1957 г. стала дзяржаўнай запаведна-паляўнічай гаспадаркай. Чакае Пушча, на наш погляд, ператварэння ў штосьці накшталт нацыянальнага парку. Бо гэта не толькі неацэнны скарб усіх на свеце людзей. Галоўнае тое, што мы звязаны з чацвёраногімі і пёрыстымі братамі нашымі адзінай повяззю еднасці ўсяго жывога на зямлі. Таму задача і гонар чалавека не забіваць, а бараніць і карміць. Ён зараз і робіць гэта, сапраўдны чалавек.

Калі і забівае, то дужа рэдка, каб ведаць пра жывёл усё і каб потым ужо нікога не пазбаўляць жыцця.

У Пушчы вялікі штат вучоных самых розных спецыяльнасцей: тут лесаводы і батанікі, арнітолагі, спецыялісты па насякомых і многія іншыя. Акрамя іх у гаспадарцы шмат егераў і палясоўшчыкаў. Іхняя справа — штодзённа чытаць кнігу лесу, занатоўваць усе змены. Справа навуковых супрацоўнікаў — сістэматызаваць сабраныя палясоўшчыкамі звесткі, рабіць з іх навуковыя высновы і, вядома ж, самім вывучаць жыццё лесу ва ўсім яго віраванні і прыгажосці.

І, вядома ж, берагчы.

У Пушчы — найстражэйшы догляд за пасадкамі і спелымі лясамі, за гнёздамі, норамі, пасавіскамі, вадаёмамі — за ўсім, што складае стракаты калейдаскоп яе жыцця.

Гэта не азначае, вядома, што чалавек ніколі ні ў што не ўмешваецца. На некаторых жывёл (пераважна драпежнікаў, колькасць якіх трэба рэгуляваць — рысяў, напрыклад, у Пушчы ўсяго каля пятнаццаці) дазволена паляванне па ліцэнзіях. Робіцца санітарная высечка лесу. Бо нават запаведнік не можа быць расаднікам шкоднікаў. І таму Пушча ачышчаецца ад хворых дрэў, каб яны не заразілі караедам і лубаедам здаровыя.

Акрамя таго, запаведніку належыць 11 тыс. га зямлі, на якіх вырошчваюць ячмень, бульбу, авёс, буракі і іншае, што ідзе на падкормку жывёл узімку.

...Замаразкі. Пушчанская позняя восень. Шэранню прыпудрана трава. Апошнія маслюкі і зялёнкі змерзлыя. Аж рыпяць, калі іх зразаеш нажом. А пасля снягі. І вось едуць сані і пакідаюць у пэўных месцах купы сена. І людзі раскідаюць на ўтаптаных пляцоўках бульбу для дзікоў, а тыя ідуць з гушчару цэлым атрадам і чамкаюць, нібы гэта так і трэба.

Звяроў кормяць, дапамагаючы ім перажыць зіму, а пры патрэбе і лечаць. Хвароба зубра лічыцца сапраўдным няшчасцем.

У Пушчы малавата крыніц і рэчак, і таму тут зроблены вялікія і маляўнічыя штучныя азёры для звярыных вадапояў і вадаплаўнай птушкі.

У Пушчы — адзін з найлепшых музеяў прыроды, якія мне калі-небудзь даводзілася бачыць. Дужа сучасная архітэктура, вельмі сучасная экспазіцыя і афармленне. Адразу ясна, што за вокнамі яго — дзіва прыроды, лес, у якім сустрэліся субтропікі (плюшч, скальны дуб) і прысенне Арктыкі (лапландская вярба, карлікавая бяроза). Тут усе жыхары лесу. І звяры і птушкі. Ад арла, ад вялізнай неясыці да дробных і малых. Тысячы экспанатаў. Матылі, жукі, рукакрылыя, гады, рыбы. І ўсё цікава настолькі, што не хочацца выходзіць.

У нетрах жыве адна з найбольш рэдкіх птушак Еўропы — чорны бусел. У адрозненне ад свайго белага брата, ён цярпець не можа блізасці людзей. А белы тут жа, на хатах і на паплавах. Дыбае, шукае жаб. Дарэчы, калі для музея спатрэбілася чучала бусла, паляўнічага прывезлі здалёк. Беларус нізавошта не заб’е бусла.

Птушак тут безліч. Яшчэ ляжыць снег, яшчэ мурашкі не выпаўзлі з мурашнікаў, а ўжо выводзіць птушанят крумкач. Чаму так? У нас ёсць пра гэта легенда. Нібыта калісьці мурашка і крумкач паспрачаліся аб нечым і, паколькі — якая ж у крумкача ці мурашкі маёмасць? — абодва голыя, як бічы, то заклаліся на самае каштоўнае, на дзяцей. Крумкач прайграў. І вось вымушаны выводзіць дзяцей, пакуль мурашкі яшчэ спяць у сваіх гарадах. Сам мерзне, і дзеці мерзнуць. І правільна! Не спрачайся аб тым, чаго не ведаеш, дурная галава!

Вось прамоіны, доўгачаканая вясна. Калыхаюцца на палянах ліловыя махнатыя «сны». На досвітку «капае» і «шчоўкае» ў цемры яловага лесу першабытны глушэц, і песня яго падобная на вясенні капеж.

І лета прыходзіць, і ўсё мацней птушыная песня, а ў каго яе няма, то крык. Уначы раздзірае цемру вухканне і рогат пугачоў, соваў і сычыкаў. Ляляк (казадой) страсна крычыць сваё «люблю», дудніць удод, свішчуць у вільготных шатах гівал (івалга) і лепшыя ў свеце па колькасці каленцаў салаўі. Так-так, лепшыя. Знаходзіцца недзе пярнаты спявак і стварае сваю «школу», і слава салаўя пераходзіць з мясцовасці ў мясцовасць, як слава лепшага ў краіне тэатра ці футбольнай каманды. Сёння армейцы, заўтра «Дынама», паслязаўтра яшчэ нехта. Дык вось, яшчэ ў XIX ст. славутыя «курскія салаўі» саступілі месца ўральскім, тыя яшчэ камусьці, а цяпер усе арнітолагі свету лічаць (аб гэтым нядаўна пісаў «Огонёк»), што пакуль лепшыя па спевах салаўі — на Беларусі, а лепшыя сярод іх — белавежскія.

Лунаюць над паплавамі і балотамі ястрабы, канюкі, змеяжэры і асаеды, чырвоныя каршукі і беркуты. Лётаюць вясёлкавыя фазаны, скачуць на балотах у малочным тумане, у туманным ранішнім сонцы жоравы. І зязюля лічыць бясконцыя гады ўсім, хто прыйшоў сюды з дабром.

На зары брохаюць падобныя на кракадзілаў шчупакі. А над імі белы дыван лілей-гарлачыкаў, а вышэй — пахучы аер, якім усцілаюць падлогу на сёмуху, а над ім лугавіны з кветкавым разнатраўем, і кіпарысы ядлоўцу, і сонечны падлесак, а яшчэ вышэй павуцінныя ельнікі, бары, падобныя на гатычныя храмы, і высакародныя лясы пяцісотгадовых дубоў і грабаў.

...Сяджу ў квартале трохсотгадовых грабаў. Калоны ствалоў — пад неба. На некаторых дрэўныя «губы»8 ў метр радыусам. Няма ў беларускіх лясоў аднатоннай суровасці паўночнага бору ці тайгі. Дзікаватасць — ёсць. Змрочнасць — ёсць. Але і разнастайнасць ёсць. Куды ні кінеш позірк — перад табою зусім іншы пейзаж, які кожны раз выклікае захапленне.

Упаў першы жоўты лісток: папярэдзіў, што няхай зараз сярэдзіна лета, але бывае ж і восень, калі пушча будзе палаць рыжым, чырвоным, пурпурным, залатым агнём, калі ліпкія ягады амёлы стануць падобныя на празрыстыя жамчужыны, калі паветра над пушчай стане стагнаць ад клічу жораваў, лебедзяў і дзікіх гусей.

Падымаю вочы. Алень. Усё ж я яго падсцярог. Наваліўся грудзьмі на ствол тонкага і высокага дрэва. Ідзе і гне яго, прапускаючы між нагамі. Дабраўся да лістоты і закусвае, водзіць цёплымі мяккімі губамі. Даеў, выпусціў дрэва і пайшоў прагалінай, нібы паплыў у паветры. Сотні год парахавыя маланкі прыпынялі ў зеніце яго апошні скачок. Але вышэйшай мужнасцю жывога ён упарта цягнуў праз вякі сваё жыццё і сваю прыгажосць. І толькі гэтай прыгажосцю і гэтай ласкавай упартасцю ўратаваў ён на зямлі свой рахманы, свой трывалы, свой вечны народ. Будзем спадзявацца, што, калі мы будзем сапраўднымі людзьмі, ён, з нашай дапамогаю, уратуе яго на векі вякоў.

 

Ён ідзе да мяне і да друга,

як сцішаны вецер,

галаву падстаўляе,

спадзяецца, што сэрца кране:

«Вы мяне не зачэпіце?

Вы мяне зберажэце?

Пашкадуйце мяне!

Калі ласка...

Пашкадуйце мяне...

 

Даруй мне, алень, і вы, мае чытачы і сябры, за аўтацытату. Мы ўсё ж пастараемся зберагчы цябе. Мы зберажом. І зубраў, і чалавечнасць, і старыя вежы, і ўсплёскі бабра, і дзіва сонечных палян, і вуркатанне дзікага голуба, і святую гучную цішыню Пушчы.

Тады будзе мір усім. Усяму жывому. Не будзе каменя ў запазусе і прыхаваных стрэльбаў. Настане такі час. І вось тады ўся зямля, паўсюль, дзе ёсць нечапаныя стэпы, горы, першабытныя лясы, уся зямля стане падобная да цябе, Пушча, бо паўсюль будуць берагчы зямлю, як берагуць яе зараз тут. І прырода адплоціць дабром: неўміручымі дубамі, стронгавымі рэкамі, якія так ласкава мыюць пыльныя ногі, сонцам і крыштальным небам, якое не захмарваюць дым і пыл.

І не будуць хавацца ад чалавека бабёр і алень.

А пакуль я рад, што на хвіліну завёў вас у Пушчу, у гэтыя сонечныя нетры, у гэты самы лепшы куток старажытнай нашай краіны. Каб вы хаця б на хвіліну засталіся там сам-насам з аленямі і зубрамі, з аксамітнымі грабамі і вузлаватымі дубамі, з сумленнем, з чалавечнасцю, з усёй гэтай добрай і адвечнай беларускай зямлёй.

 

ЛЮДЗІ ЗЯМЛІ БЕЛАРУСКАЙ

Ці думалі вы самі пра беларусаў не як пра сваіх бацькоў, братоў і сёстраў, сяброў або аднавяскоўцаў, а як увогуле пра людзей з асобным характарам, як пра народ з аднолькавай мовай, мінулым, сучасным і будучым?

Ці задумваліся, які ён, беларус? Ну, па-першае, жывуць у Беларусі рускія (іх найбольш у гарадах), літоўцы (іхнія вёскі ёсць у Астравецкім і Радунскім раёнах), яўрэі, латышы (сям-там на паўночным захадзе Віцебшчыны), украінцы (у некаторых вёсках на поўдзень ад Гомеля і невялікімі гнёздамі на Піншчыне і Століншчыне). Акрамя таго, добра ведаючы побыт, дыялектныя асаблівасці мовы, песню Палесся, я, асабіста, выдзеліў бы палешукоў у асобную этнічную групу. Занадта асобны, непадобны іхні фальклор, побыт, нават склад розуму. Ну, ладна, гэта справа вучоных, а не наша.

Ёсць на Беларусі татары. З тых, што калісьці ўзялі ў палон пры Батыі і пасля падчас набегаў пры Вітаўце і пасялілі асобнымі пасяленнямі на тэрыторыі краіны. Да нядаўняга часу яны адрозніваліся толькі рэлігіяй (цяпер і гэтага няма) ды часам імёнамі і прозвішчамі, у якіх, бывала, толькі з цяжкасцю можна было ўлавіць намёк на іхняе паходжанне. Скажам, Ян Мустафавіч Марушкевіч або Іван Багданавіч Асановіч (ад імя « Асан», «Гасан»). Нават іхні этнічны тып стаў падобны на беларускі. Нават свяшчэнныя іхнія кнігі «Аль-Кітабы» гучаць на старой беларускай мове, хаця і запісаны арабскімі літарамі.

Склад насельніцтва нашай рэспублікі досыць аднастайны. Беларусаў тут 81 працэнт. Ды, акрамя таго, у апошні перапіс беларускую мову назвалі ў якасці роднай 328 тыс. чалавек іншых нацыянальнасцей, а 606 тыс. чалавек назвалі беларускую мову ў якасці другой мовы, якой вольна валодаюць.

...Што гэта за чалавек беларус? Што гэта за народ? Уласна кажучы, адказаць на гэта пытанне дужа цяжка. Гэта задача амаль невырашальная. Як і паўсюль, ёсць сярод беларусаў мяшчане і падзвіжнікі, лайдакі і працаўнікі, «малюскі» і героі (нават у штодзённым змаганні за новае, за лепшае, за вынашаныя ідэі, што, уласна кажучы, і называецца жыццём), дурні і мудрацы. І кожны паступае адпаведна свайму характару, і мудрыя разважаюць мудра і па-свайму, а дурні — як паўсюль.

Так што не трэба абагульненняў.

Аднак, многа паездзіўшы па рэспубліцы, перазнаёміўшыся з тысячамі людзей, я насмелюся назваць некаторыя досыць тыповыя рысы, уласцівыя народнаму беларускаму характару. Гэта пераважна мой погляд (могуць быць і іншыя), хаця многія і многія людзі, і не толькі з беларусаў, падзяляюць яго.

Тыповага беларуса я досыць лёгка адрозню сярод іншых, хаця б ён яшчэ не сказаў ніводнага слова (калі скажа, тады ўжо, нават калі ён гаворыць на іншай мове і без акцэнта, яго лёгка пазнаць па асаблівай будове сказа, па тым, што, колькі паветра набрана ў лёгкія, столькі і аддадзена, шчодра, да апошняга, нават з лішнімі словамі, каб мелодыя сказа была завершана. Ён не скажа: «Чым гэта скончыцца?», а скажа: «Дык чым, мо ўжо вы мне скажаце, скончыцца гэта — а, мо скажаце вы?»).

Гэта тое, што ў абліччы, амаль няўлоўнае. Пераказаць яго цяжка. Яно ў форме носа, вушэй, у вачніцах і разрэзе саміх вачэй, у манеры рухацца, жэстыкуляваць, гаварыць, дый ці мала яшчэ ў чым. Паўночны беларус ростам пераважна высокі (не рэдкасць бамбізы па два метры ростам). На поўдні часцей трапляюцца людзі сярэдняга росту, больш прыземістыя (паўтараю яшчэ раз, што гэта не агульны закон, а толькі найбольш распаўсюджаныя рысы), затое больш каржакаватыя. У апошні час назіраецца тэндэнцыя да павышэння сярэдняга росту, як і паўсюль.

Чарнявых сярод беларусаў няшмат. Найчасцей яны сустракаюцца ў Палессі, на поўдзень ад Прыпяці і чамусьці пераважна сярод мужчын, ды яшчэ ў некаторых мясцінах на Гродзеншчыне («гродзенцы — гракі»), што частка вучоных тлумачыць рэшткамі прымесі старажытнай ятвяжскай крыві. Пераважаюць на Беларусі валасы светла-русыя ці нават бялявыя. Цёмна-русых і шатэнаў менш. Адпаведна і колер вачэй часцей за ўсё блакітны, шэры ці сіні.

Рысы аблічча мяккія, склад здаецца, на першы позірк, крыху далікатным, але гэтая далікатнасць падманвае. Праявы знешняй сілы, якая ўразіць на хвіліну дый звяне, замяняе тут вынослівасць, жылаватасць, цягавітасць. Там, дзе другі можа апусціць рукі, беларус будзе цягнуць. Іначай, у старыя часы, чалавек проста не выжыў бы сярод гэтых дрымучых лясоў і неабсяжных балот, на гэтай скупаватай зямлі. І гарт той застаўся ў яго характары на вякі. Нездарма яшчэ ў даўніну беларусы лічыліся незаменнымі на такіх цяжкіх работах, як земляныя (грабарства) і лесасплаўныя. Ды і пазней гэта праяўлялася. Напрыклад, у нясцерпна цяжкіх сітуацыях на вайне і ў партызаншчыне.

Хаця, вядома, сустракаюцца і такія «зубры», што падковы гнуць, сталёвыя пруты звіваюць на руках у другога. Адзін калісьці ў Рагачове, на спрэчку, пазносіў у адно месца дзесяць дванаццаціпудовых якараў з баржаў і пераблытаў іх лапамі так, што пасля куча людзей з гэтых лайбаў ледзь разблыталі, каб кожнаму забраць свой.

Гэта жылаватасць, фізічнае і духоўнае здароўе народа прывялі да таго, што па колькасці жыхароў ва ўзросце больш за сто год на 100 тыс. насельніцтва Беларусь пераўзыходзіць усе іншыя рэспублікі СССР за выключэннем Абхазіі і горных раёнаў Каўказа. На паўночны ўсход ад Нарачы, у раёне Дунілавіч, Шаркоўшчыны, Глыбокага, даўгалетніх больш, чым у Абхазіі, пад Ачамчырамі. Тут, праўда, няма адзіночных асоб, якія дажываюць да 140—150 год, але працэнт стогадовых вышэй, чым там.

Таму беларуса да рэвалюцыі заўсёды абражала думка аб ім, як аб «няшчасненькім». Склалася тая думка недзе ў трыццатых гадах XIX ст. І вось пайшло! З самым шчырым спачуваннем, з болем, з крывёю сэрца вялікі Герцэн пісаў пра чалавека, які «адвык ад мовы», аб тым, што многія пакаленні прыгонных спарадзілі гэтага парыю з вузкім чэрапам; вялікі Някрасаў пісаў аб маўклівым прыдушаным працай чалавеку. Гэты погляд адбіўся і ў творчасці некаторых беларускіх паэтаў. І ўсё гэта, мякка кажучы, не адпавядала ісціне. Той, хто жыў з гэтымі людзьмі, хто глыбока ведаў ці вывучаў іхняе жыццё, быў іншай думкі. Вось словы публіцыста Грузінскага: «Ходячие представления о типе белорусского крестьянина рисуют его неказистым... тщедушным и придавленным тяжелой жизнью в болотистом бедном краю. Мои личные впечатления были не таковы. Я увидел белоруса крепкого сложения, хотя и худощавым... Но главное, я не заметил и следа угнетенности, забитости. Манера держать себя и говорить, действительно, отличалась от великорусской своей медлительностью, сдержанностью, но в ней виделась скорее степенная важность, я бы сказал, задумчивость, не лишенная достоинства. Выразительные физиономии встречаются очень часто, а среди женщин и девушек много прямо красивых лиц»9.

Дый Дабралюбаў, гаворачы аб тым самым, казаў, што вось і італьянцаў нібы забілі, пазбавілі волі і так гаварылі да часоў Гарыбальдзі. Тое і жыхары Беларусі: «Так вот целый край взяли да забили. Посмотрим, что еще скажут сами белорусы».

Чаму ж склалася такая несправядлівая думка? Таму што тут да заведамай ідэі і мэты за вушы прыцягваліся факты. Ішла барацьба за душы людзей, і таму царскія служкі хацелі давесці, што вось, маўляў, да чаго давялі людзей польскія паны, а тыя з не меншым запалам даводзілі, што да жывёльнага стану давяла гэты народ царская палітыка і новая дзяржаўная сістэма. І кожны соваў свае казыры. А «даведзенаму да жывёльнага становішча народу» было напляваць і на тых і на другіх. Ён жыў, не збіраючыся ні выміраць, ні губляць мову.

А тут пусціліся ва ўсе цяжкія «рыдальцы над меншым братам». І, як ні дзіўна, той жа думкі сталі прытрымлівацца людзі вялікага таленту і вялікай душы. Занадта добры і зручны агітацыйны «прыклад» быў перад вачыма. Усёй душой жадаючы зваліць самадзяржаўе, гвалт і несправядлівасць, яны ўзялі ў якасці зброі заведама няверны тэзіс. І на ім, як гэта ні сумна, сышліся непрыміручыя ворагі: святыя нарадавольцы — і афіцыйныя ідэёлагі, што жылі «применительно к подлости», чалавек, які адчуваў боль народную так, нібы з яго здзерлі скуру, вялікі Някрасаў — і прайдзісвет «чего изволите» Каткоў.

А між тым гэтаму люду было, як заўсёды, у вышэйшай ступені ўласціва інстынктыўнае адчуванне справядлівасці і несправядлівасці. Галоўнай яго рысай з’яўлялася свабодалюбства. Пра гэта сведчыць іранічная і злая легенда, якая склалася якраз у тыя 30-я гады XIX ст., калі гвалтоўны перагон у праваслаўе, хабары, зверства і жорсткасць сталі нясцерпныя. Вось яна.

«Бог дзяліў між народамі землі. Адным тое, другім — тое. Прыйшлі беларусы... Вельмі ж пану богу спадабаліся. Ён і пачаў нас надзяляць: «Рэкі вам даю поўныя, пушчы — нямераныя, азёры — нялічаныя. Спёкі ў вас ніколі не будзе, але і холаду — пагатоў. Зажэрціся на багатай зямлі не дам, каб былі ўвішныя, кемлівыя, але і голаду ў вас ніколі не будзе. Наадварот, у голад шмат багацейшыя людзі будуць да вас прыходзіць. Не ўродзіць бульба, то ўродзіць жыта ці яшчэ нешта. А яшчэ звяры і дзічына ў пушчах чародамі, рыбы ў рэках — касякамі, пчолы ў борцях — мільёнамі. А травы — як чай. Не будзе голаду. Жанчыны ў вас будуць прыгожыя, дзеці — дужыя, сады — багатыя, грыбоў ды ягад — заваліся. Людзі вы будзеце таленавітыя, на музыку, песні, вершы — здатныя. На дойлідства — таксама. І будзеце вы жыць ды жыць, ну як...» Тут яго Мікола ў бок штурхае: «Пане божа, ды вы падумайце. Гэта ж вы ім рай аддаеце! Гэта ж вы... бо-жа мой! Ды яны пры іхняй языкатасці туды з сапраўднага раю ўсіх перавабяць! Яны ж языком менцяць — дай бог нам з вамі». Бог падумаў, крактануў, але назад адбіраць не будзеш. Сапраўды, ёсць ужо яна, зямля. Лані бягуць — лес варушыцца. Рыба чаўны з вады выціскае. Дрэвы — да сонца. «Добра,— кажа,— зямля будзе — рай. А каб не занадта вы перад маім раем ганарыліся — дам я вам найгоршае ва ўсім свеце начальства. Яно вам таго раю трохі збавіць дый пыхі трохі-трохі вам саб’е. Гэта вам для раўнавагі».

Наіўным і недалёкім, толькі напалову добрым, выглядае тут «бог», асцярожным бюракратам выглядае Мікола. У гэтай легендзе ёсць толькі адзін герой, народ, які прыдумаў яе. Жывы, разумны і вольналюбівы. Так ён глядзеў на сябе сам, так павінны глядзець на ягоны тагачасны воблік і мы.

Ён давёў гэтае вальналюбства і, хай сабе не заўсёды спалучаную з зухаватасцю, спакойную смеласць і ў бясконцых паўстаннях супраць прыгнятальнікаў, і ў пераможных войнах з татарамі і крыжаносцамі, і ў вялікай мужыцкай вайне XVII ст., і, урэшце, у апошняй вайне з фашызмам.

Як было відаць з той легенды, якую я вам толькі што расказаў, зямляк наш вызначаецца і ўтрапёнай любоўю да працы. Я нават сказаў бы: валовай упартасцю ў ёй. Гэта таксама добра тлумачыцца. Скупая зямля ой як нялёгка давала хлеб. Для новага поля даводзілася (а часам і зараз даводзіцца) карчаваць «ляду». Сячы лес, выдзіраць з зямлі карчы, зносіць на межы камяні.

Упартасць гэтая ва ўсім. У досыць бязлеснай мясцовасці пад Карэлічамі жанчына надумала сама, адна насадзіць цэлы лес. І насадзіла. Адусюль цягала саджанцы бярозы, дуба, клёна. Старалася некалькі год. Цяпер на гэтым месцы шуміць густы, досыць ужо высокі, паверхі на чатыры, лес.

Мабыць, з-за гэтага працалюбства і кранальнай сваяцкай, кроўнай любові да зямлі — беларус і дагэтуль пераважна аратай, земляроб. У сельскай гаспадарцы занята 57 працэнтаў насельніцтва. Але агульная урбанізацыя ідзе і ў нас. У 1960 годзе сялян было 68 працэнтаў, у 1965 — 62,8 працэнта, цяпер, як ужо сказана, 57 працэнтаў. Тут трэба ўлічыць яшчэ і тое, што многа сялян з Палесся і іншых мясцін, дзе досыць цесна з зямлёй, выехалі на Алтай, у Барабінскі лесастэп, Хабараўскі край і асабліва Прымор’е, дзе ёсць мноства беларускіх вёсак.

Тая самая няшчодрая зямля прывучыла калісьці беларуса да разліку ў вядзенні гаспадаркі, да ашчаднасці, да таго, што «нішто не прападае», усё ідзе ў справу, нават падабраны цвік, нават лясіна ці калода, прыплаўленая ракой, і, аднак, дужа памыліўся б той, хто назваў бы яго скупым.

Беларус якраз адрозніваецца шчодрасцю, заўсёднай гатоўнасцю прыйсці на дапамогу ў бядзе. Калі раней у каго на вёсцы здараўся пажар — вёска талакою ішла красці панскі лес, калі не было свайго, за пару дзён ставіла пагарэльцу новую хату, дзялілася з ім жытам: кожны адсыпаў са сваіх засекаў колькі мог, каб чалавек дажыў да вясны і абсеяўся. Потым з кожнай хаты неслі рэчы: хто посцілку, хто падушку, хто палатно, хто гаршкі. Памагалі рабіць тыя рэчы, што селянін звычайна рабіў сам: хадакі, лыжкі, балеі і г. д. Гэта не таму, што былі такія ўжо добрыя. Без гэтага было — не выжыць. Дужа добра сказаў пра гэта адзін з лепшых нашых паэтаў, вялікі Максім Багдановіч:

 

Зноў змяшай муку з карой таўчонай,

Бо памерзла ніва у суседа.

 

Раней падчас голаду іншым разам людзі з больш багатых мясцін прыходзілі на Беларусь за дапамогай (у нас вымачыць дажджамі жыта — уродзіцца бульба на пяску і авёс, не будзе бульбы — будуць грыбы, рыба, не будзе й таго — паляванне выручыць): сапраўднага голаду не бывала, калі не вымятала ўсяго вайна або ліхі пан ці чыноўнік, дый то заўсёды ўмелі людзі выкруціцца, прыхаваць, скамбінаваць — на гэтыя выпадкі яна і была, беларуская ашчаднасць. То вось я, прынамсі, не чуў, каб галадаючага адпусцілі з хаты з пустымі рукамі.

Часам праходзіла нейкай вёскай па пяцьдзесят на дзень і не бывала так, каб кожнаму не далі хаця вядзерца бульбы, хаця лусты хлеба ці жмені гароху і не пакармілі. Сабе пакідалі толькі, каб самім пратрымацца да вясны, да шчаўя, маладой крапівы, да першай рыбы, да «грыба бедных», майскага смаржка.

Гэта ў час бяды. Але і ў звычайныя добрыя часы ўсе, хто прыязджае да нас, адзначаюць як адну з галоўных рыс — гасціннасць, почасту досыць цяжкую для госця. «Госць у хаце — бог у хаце» — і ганьба таму дому, дзе не зробяць усяго, нават немагчымага, каб госць быў задаволены. «Белорус отличается гостеприимством, склонностью к веселию и доверчивостью, хотя ее можно и не сразу снискать. Отсутствие злопамятности в белорусе резко бросается в глаза всякому, кто с ним сталкивается. Вообще он обладает кроткой натурой»10.

На гэтую «рахманасць натуры» часта разлічваў вораг нашай зямлі. Ворагі, бо іх за нашу гісторыю бывала досыць. Адзін з членаў нацысцкага ўрада так проста і пісаў, што беларусы, як народ інертны і мяккі, добры, бязвольны і рахманы, павінны быць вынішчаны або выселены раней за ўсіх і што гэта будзе досыць лёгкай акцыяй, бо на якое-небудзь больш-менш арганізаванае і зацятае супраціўленне разлічваць не даводзіцца. Тут ён трохі-трохі памыліўся, крыху недаацаніў рахманага чалавека, які за гады акупацыі забіў цэлую кучу людзей дзейных, прадпрымальных, цвёрдых, жорсткіх, валявых і здатных на ўсё, апранутых у ваенныя мундзіры, у мундзіры СС, фельджандармерыі і гэтак далей, узброеных бязмерна лепшай зброяй. Сярод гэтых «людзей, якія пройдуць паўсюль», было 47 генералаў, шмат вышэйшых чыноў адміністрацыі, нават гаўляйтар Беларусі. Я скажу аб гэтым у другім месцы, а тут дабаўлю толькі, што «інертны» і «бязвольны» мясцовы чалавек пусціў пад адхон 11 128 саставаў з надпісам «Deutsche Reichsbahn». Так што рахманасць беларуса таксама да пары да часу. Пяройдзеш мяжу — і тваім ворагам будзе страшны чалавек. Страшны асабліва тады, калі гнеў яго спакойны і разлічаны.

Што ж датычыцца такіх абставін, калі не чапляюць кіпцем за сэрца, то тут аўтар «Расіі» меў рацыю.

Галоўнае ў нашым характары — гасціннасць добрага да добрых.

Так, многія старыя гасцінныя звычаі пакрысе выміраюць, гарадскі чалавек можа часам не ведаць чалавека з суседняга пад’езда, але і цяпер у нас рэдка знойдзецца хата, у якой не паставілі б рубам апошняга рубля, калі ў доме госць. Часам гэта бывае нават смешна, і беларус кпіць са сваёй «празмернай» гасціннасці досыць злосна: «Госць, як нявольнік: ляжа, хоць і ў пярыну паложаць», «Добра было ў гасцях, толькі прынукі не было» (не прымушалі настойліва, ледзь не сілком, піць і есці, а сам саромеўся), «Госць сядзе куды скажуць, хоць на покуць, а гаспадар, як скула, дзе захоча, там і сядзе», «Пры мілым госцю і гаспадар пажывіцца», «Ноч якая месячная! Каб быў госцем, даўно б дахаты пайшоў». «Госць першы тыдзень — золата, другі — серабро, а трэці — медзь, хоць і дадому едзь...»

Гэта, урэшце, жарты. Гасціна ёсць гасціна.

Уласціва нашым людзям знаходлівасць, нават некаторая хітрасць. Вось першы прыклад, які прыйшоў мне ў галаву. Падчас паўстання 1863—1864 гг. за невялічкім атрадам, коннікаў на 40, зраненым, выматляным у баях, знемагаючым — гналася карная ўрадавая часць у 200 шабляў. Дзяліла іх гадзіна адлегласці. Камандзір зразумеў: не ўцячы. Будзе няроўны бой, смерць у ім, а параненым — шыбеніца. І тады ён свядома скараціў гэтую гадзіну. Спыніў атрад у лесе непадалёк ад карчмы, прывязаў коней, загадаўшы аднаму паўстанцу рабіць так, каб тыя зрэдку гігаталі. Астатнія пайшлі ў карчму, узялі ў карчмара ўсе вёдры «паіць коней» і пачалі цягаць ваду са студні ў лес. За палову гадзіны перанеслі каля трохсот вёдраў і вылілі ваду пад дрэвы. Пасля пайшлі далей. Знясіленыя паўстанцы бурчалі на свайго камандзіра, але той ведаў людзей і ведаў, што робіць...

Карная частка спынілася ля карчмы. Афіцэр спытаў, ці не было тут «мяцежнікаў».

— Былі, паночку, коней паілі.

Ужо гэта было нязвыкла: паіць коней, калі табе наступаюць на пяты. Значыць, не баяцца.

— Доўга паілі?

— Доўга. Трыста вёдраў аднеслі ў лес.

Арыфметыка была простая. Вядро на каня, бо рабілася ўсё ж наспех. Значыць, трыста шабляў, стрэльбаў або нават і проста кос. Афіцэр адмовіўся ад пагоні.

Іх аддзяляла тады ад паўстанцаў дзве вярсты, бо коні тых ледзь ішлі... Атрад уліўся ў большы і доўга яшчэ мужна ваяваў.

Або яшчэ. Падчас Айчыннай вайны ў некаторых нашых акупіраваных месцах асірацелыя дзеці арганізоўвалі нешта накшталт арцеляў па нападу. Звалі іх «вераб’і». Чалавек пяцьдзесят дзяцей наляталі на нямецкую машыну, што стаяла недзе ля казармы ці штаба (мелі ўжо вопыт, ведалі, у якой ежа, цыгарэты або абмундзіраванне), хапалі груз і разбягаліся. Ёсць у вартавых крыху сумлення — стрэляць у паветра. Няма — нехта застанецца на зямлі, затое астатнія тыдзень-другі, мяняючы, будуць мець хлеб. «Вераб’ёў» разбіралі па хатах, бралі ў атрады, але іх было дужа многа. І, акрамя таго, у іх быў свой «прафесіянальны» гонар: не браць у сваіх, якія таксама галадалі. І вось адзін мой знаёмы з Рагачова, даўно ўжо дарослы чалавек, расказаў мне, як ён, дзейнічаючы ў той дзень як «вольны паляўнічы-адзіночка» прыгледзеўся да нямецкага шпіталя. Рагачоў не меў буйных прадпрыемстваў, яго не бамбілі, і таму немцы размясцілі ў ім шпіталь для сваіх «асаў». Хлопчык заўважыў, што як толькі настае гадзіна абеду, то ўсе санітары, сёстры, дактары ідуць у сталоўку. Пунктуальнасць нарадзілася раней за немца. І вось падлетак падчас абеду проста ўзяў ды спакойна зайшоў у шпіталь. Адчыніў дзверы — палата на аднаго. Ляжыць «распяты», падвешаны на вяроўках з грузамі, афіцэр (пазней выявілася, што гэта быў палкоўнік, адзін з лепшых асаў імперыі). Пэўна, косткі пераламаў, упаўшы з самалётам, знайшоўся ас і на яго. «Ага, значыць не пагоніцца». А на стале перад ім — багацце. Тады «верабей» узяў і склаў у запазуху і ў кошычак, у якім, відаць, палкоўніку гэта і прынеслі, шэсць каробак шакаладу, некалькі бутэлек каньяку, лікёру і віна, дваццаць пачак цыгарэт. Забяспечыў, словам, сабе хлеб на месяц-другі (бо карміў яшчэ й цалкам бездапаможнага дзеда). Немец спачатку глядзеў на гэта з поўным непаразуменнем, а пасля нешта абурана загергетаў. Тады хлопчык высалапіў язык, закруціў вачыма, як паміраючая каза, і адказаў:

— Бэ-бэ-бэ-бэ.

І выйшаў. Трывога паднялася праз палову гадзіны, калі скончыўся абед. Як бачыце, гумар не пакідае беларуса нават у самых страшных абставінах. І правільна. Іначай жа — бывалі часы — хоць вешайся ад такога жыцця.

Беларус — вялікі аматар пажартаваць над суседам, але яшчэ больш над самім сабой. Ён назіральны і таму падмячае тыповыя рысы характару людзей. Гэта ў беларускім асяроддзі (сведчанне этнографа Красава) нарадзіўся славуты анекдот пра размову трох украінцаў. Адзін расказваў пра гарадскі мост, зроблены «без ïдного цв’яшка». Другі страшэнна здзіўляўся. «Без ïдного?», «Без ïдного», «І воли ïздять?», «І воли», «І машини?» «І машини», «І начальство дозволяе?» «І начальство». Трэці, які маўчаў, паківаў галавою і сказаў задуменна: «Отак і людина, живе-живе, тай вмре».

Напрыклад, ішоў селянін лесам і ўбачыў, што маланкі нешта б’юць з неба толькі ў адзін корч. Падышоў, прыгледзеўся, аж гэта бог ваюе з чортам і нічога яму не можа зрабіць. Пальне, а той высунецца, і ў неба — дулю. Мужык вырашыў памагчы. Зарадзіў стрэльбу срэбнай, на нячысціка, куляй і забіў чорта на месцы. Тут з неба голас: «Бэндзеш свенты». Бедалага аж за галаву схапіўся: «Бож-жа ж мой, і там палякі!»

...Гэтая рыса здавалася б маласімпатычнай, каб не тое, што над сваімі недахопамі, увогуле над сабой, беларус жартуе куды больш з’едліва і злосна.

Вось начальнік скручвае свякроўцы, што прыйшла скардзіцца на нявестку, з аднаго кулака аж дзве хвігі: «Няхай пасмее па маіх хвігах ударыць. Але помні сабе, што калі па гэтых хвігах ударыць, то падавай у суд, а як раскруціш пальцы ды сама зложыш, то няхай сабе ізноў таўчэ табе пальцы,— я бараніць не буду». І вось баба гэтымі «важнымі хвігамі» тэрарызуе хату і вёску.

Вось чалавек прыйшоў у Вільню, ідзе па мосце і бачыць, што два падлеткі дзеляць на ім чубы.

— Што вам за ліха? Чаго вам не хапае?

— Б’ёмся, праўда, але за цябе. Гэты гіцаль кажа, што ў цябе шэсць пальцаў на назе, а я кажу, што пяць.

— Пакіньце, дзетачкі, бо ў мяне папраўдзе пяць.

— Не, мы так табе, дзядзька, веры не дамо: скінь боты і пакажы.

— Добра, хлопчыкі, супакойцеся.

Пералічылі — пяць.

— Ага, а чаму ж ты, дзядзька, паказаў нам толькі правую нагу? А на левай дык, пэўна,— шэсць пальцаў.

А, хай ім. Разуў і левую. Ну і ясна, не было ўжо каму тых пальцаў лічыць, але й на пальцы не было чаго нацягнуць. Мараль: «Хітры наш брат, як чорт, але і дурны, як варона».

...Па агульным назіранні беларусам прыродна ўласцівая павага да іншых народаў і памяркоўнасць да таго, хто думае іначай. Бываюць, вядома, сумныя выключэнні, але гэта сапраўды толькі выключэнні.

...Сям’я. І тут не буду гаварыць сам, а звярнуся да той жа «Расіі» (стар. 193):

«...отношения мужа и жены в белорусской семье представляют мало примеров... грубого обращения. В случае взаимных споров народный суд (гэта значыць вясковы суд, суд грамады.— У. К.) чаще становится на сторону жены и строже относится к мужу. Даже народные песни говорят только о страданиях жены, выносимых ею от мужа-пьяницы, но в них трудно найти мотивы, в которых воспевалось бы горе жены вследствие ее подчиненного положения».

І гэта так. У гэтым сэнсе змянілася хіба тое, што жанчына цяпер не залежыць толькі ад прыроднай дабрыні і нязлоснасці мужчыны-беларуса, што яна роўная, што на баку яе савецкі закон, што «ты не лайся, дзядзя, пры савецкай уладзе».

Сямейныя адносіны вельмі прыкрашае той самы нязлосны, дужа ўласцівы нашаму чалавеку гумар. Вось сямейнае жыццё ў прыказках. Хлопец доўга ходзіць халасты: «Тады Юзік ажэніцца, як лысы вол ацеліцца...» Але вось «Юзік» закахаўся. І хаця Янка Купала трапна сказаў:

 

На беларускую дзяўчыну,

Калі тут праўду ёй аддаць,

Ніхто йшчэ каменем не кінуў

І не наважыцца кідаць.

 

Але і тут сур’ёзнасць справы хаваюць за ўлюбёнай іроніяй: «Улюбіўся, як чорт у сухую грушу», «У каханкі смаляныя лаўкі» (г. зн. прыйшоў і сеў, як прыліп, і сядзіць ледзь не да раніцы). Іранізуюць і з маці: «Матка дачку хваліла, пакуль з рук не зваліла», і з жаніха: «Жаніся, больш старцоў (жабракоў) будзе», або « Ды што з тваёй Ганкай, хіба дзятлоў разводзіць» (намёк, што нібыта ў нявесты доўгі нос). Ну і, ясна ж, з нявесты: «Дзеля дроў замуж пайшла», «Дзеўкаю — поўная вуліца, а жонкай — поўная печ». Маладое пакаленне таксама не застаецца ў даўгу:

«Горкая рэдзька, ды ядуць, кепска замужам, ды ідуць». Скажуць ім: «Ды ён жа ў цябе з лапаць», а ім адкажуць: «Няхай сабе гаспадар з лапаць, абы за ім не плакаць».

Пажаніліся. І тут рэдка гавораць аб гэтым пры чужых усур’ёз: «Ані лыжкі, ані міскі, а павесіў тры калыскі», «Што, браце, не жаніўся — цяры анучы, ажаніўся — цяры анучы» (бо ўсё адно брудныя). Часам нават у літаратуру ўдаюцца, Багдановіча цытуюць:

 

Як пачаў ён параю

З мушкай жыць —

Давялося беднаму,

Патужыць.

Не ўмее мушачка

Працаваць,

Толькі ўмее з хлопцамі

Жартаваць;

Ані выткаць кросенкі,

Ані шыць,

Ані стравы хораша

Наварыць.

Паштурхаў камарычак

Галаву:

«Як я з гэткай жонкаю

Пражыву?

Дзе я вочы, брацікі,

Меў свае,

Як сабе за жоначку

Браў яе?»

 

Могуць выдумаць і зусім недарэчнае. Вось чуты мною расказ аднаго веселуна пра дужа харошую, дружную, працавітую сям’ю:

«Янка з Яўгінняю дужа добра жывуць. Дзеўкаю была, то выйдзе на вуліцу — за кулакамі свету не відаць, а цяпер зойдзеш у хату, то не відаць і ў хаце. Ну, я вам скажу, мужчынкі, і ў дзецях ім шчасце. Аднойчы вось так б’юцца, матка малодшага на дапамогу кліча, а старэйшы яго трымае, угаворвае: «Кінь, хай б’юцца. Мы з табой браты родныя, а яны — чэрці зводныя». Старэйшы дык увогуле малайчына. У яго адна песня: «Бацька няхай едзе араць: яго коні знаюць, а я пайду ў карчму: мяне там чакаюць». Адзін раз выцягнуў усё ж абодвух касіць. Ідуць. Канава, вадою налітая. Вось, Іван, Яначка наш разагнаўся і — цыб! — пераскочыў. Тады малодшы гаворыць: «Глянь ты, бацька наш яшчэ які! Стары — стары, а скача, як сабака». Тут старэйшы абурыўся: «Ты што гэта? Ты як гэта на роднага бацьку? Ну скочыў і скочыў. Ну скочыў, ну і чорт з ім».

«Мужчынкі», што слухаюць веселуна, рагочуць.

Тут жа сядзіць сам Яначка, любы Іван, і пахмыквае. З жонкаю лад. Старэйшаму пятнаццаць гадоў, малодшаму дзесяць. Чаму не паслухаць, як менціць языком чалавек?

...Дзяцей увогуле найлепей, як найболей. «З дзеткамі гора толькі да заціркі, а там — пайшло» (гэта значыць, пакуль сам не пачне есці), «Адзін сын — не сын, два сыны — паўсына, а толькі тры сыны — сын». Таму і люляюць дзяцей прыказкай: «А-а-а, малое, пакуль будзе другое, а-а-а, Несцерка, пакуль будзе шэсцерка». Таму і гавораць: «Адзін рукаў — і той падзяру для сваіх дзяцей». «Дорага не так татава хата, як сам тата».

Біць дзяцей — апошняя справа. «Не біце вяроўкамі, навучайце гаворкамі, не біце дубцамі, навучайце слаўцамі». А ўжо як здарылася нешта з дарослым сынам, то існуе і такое «суцяшэнне»: «Тады трэба было біць, як упоперак лаўкі мог легчы, а цяпер што ж зробіш, калі дарослую доўбню і ўздоўж не пакладзеш». І як апошняе: «Калі не слухаеш бацькоў, паслухаеш сабачае скуры» (сабачаю скураю за Мікалаем І, калі салдацкая служба цягнулася 25 год, абцягвалі барабаны, так што сэнс пагрозы цалкам зразумелы).

Пра дзяцей ёсць вельмі добрая легенда. Жанчына некалі паскардзілася вялікаму чараўніку, што рукі адвальваюцца: дзеці да году не ходзяць, цяляты, ягняты, жарабяты. Усіх на руках насі. Той узяўся памагчы. Кінуў цераз высокі плот жарабя — пабегла, цяля — таксама, ягня — і яно пабегла. «Ну, кажа, давай дзіця». Матка абурылася: «Эге, так я табе і дам дзіця цераз высокі плот кідаць».— «Ну то тады і насі...»

Ёсць, вядома, і іншыя прыказкі: «На нявестку сем год грады брэшуць», «Прымак пятнаццаць гадоў цёшчынага ката на «вы» заве», але значна больш такіх: «За добрым гаспадаром і варона жона, а за кепскім і княгіня загіне», «Злодзей абкрадзе — сцены астануцца, а жонка памрэ — усё з двара звязе». «З кім жыць — таго не гнявіць», «Не дай доля два разы жаніцца і два разы будавацца», «Не піў, не еў бы, ды на жонку глядзеў бы». І, урэшце, апошняя: «Мілая ты мая, ты на той свет, і я ўслед».

...А тое, што часам старыя бурчаць: «Як правіў бацька, то каты лазілі, як паправіў сын, то і сабакі сталі лазіць» — гэта ўсё жарт.

* * *

Рэаліст у рэальным жыцці, беларус вялікі фантаст, рамантык і летуценнік у марах. Ясна, што цяпер ужо ніхто не верыць у вадзянікаў, лесуноў, лазнікаў і ўсё такое іншае, але раней верылі. І расказвалі такія рэчы ў чаўне на рыбалцы або на начлезе ля вогнішча, што дыбарам уставалі валасы. І пра ваўкалакаў-абертняў, што бегаюць з ваўкамі, і пра тое, як на «дзяды» (дзень памінання продкаў) можна ўбачыць усіх продкаў, аж да Адама, калі два дні не есці і не гаварыць з людзьмі (іронія, праўда, ёсць і тут, бо адзін бачыў іх і, у прыватнасці, свайго «святога жыцця нябожчыка-дзядзьку», які лез праз трубу, а яго не пускала ўкрадзеная пры жыцці барана,— «і папу не выспавядаўся»,— то пляменнік зарагатаў — і ўсё, яны зніклі).

Менавіта таму запісаныя фалькларыстамі беларускія казкі не ўлезлі б і ў сотню тамоў. І, прычым, такія казкі, якія почасту не маюць адпаведных сюжэтаў у суседзяў. Вось, напрыклад, адна, што адказвае на пытанне, чаму верабей скача адразу дзвюма нагамі, чаму ў савы рознакаляровае пер’е і чаму ледзь толькі птушкі ўбачаць тую саву, дык адразу навальваюцца на яе ўсёй хеўрай і тое пер’е з яе скубуць.

Праштрафіўся верабей. Усе птушкі пагналіся за ім і загналі ў дупло. Але той быў такі хітры, што выбраў дзірку ў дупле якраз па сабе: большы за яго не ўлезе, а меншы калі ўлезе — ён яго выкіне. Вырашылі браць яго, як моцную крэпасць, на змор. Чакалі-чакалі, аж настала ноч і ўсе захацелі спаць. Каго пакінуць на варце? Ясна каго, саву. Яна ўначы не спіць. А сава была ў той час голая, як абшчыканая курыца. Ну і паставіла сваю ўмову: «Усе ў пер’ях, то чаго я маю голая хадзіць? Скідайцеся па перыйку». Ну, усе і скінуліся. Адзін шэрае пер’е даў, другі — рудае, трэці — белае ці карычневае. Стала сава, як і ўсе, толькі што пер’е дужа рознае. Сядзела яна ўсю ноч, сядзела. А раніцай птушкі заспалі, і яна, начная істота, пачала куняць. Верабей вылез і ўцёк... Урэшце яго ўсё ж спаймалі. І, у знак пакарання, звязалі ногі. Вось ён цяпер і скача адразу дзвюма. А птушкі, як толькі ўбачаць саву, дык адразу кожная сваё пяро дзярэ з яе. З гвалтам: «Аддай мае перыйкі, бо няма чаго было браць, калі ўсцерагчы не магла».

...Гэта казка жартоўная, а ёсць тысячы фантастычных. Як змей абвіўся вакол горада, як хадзіў па свеце каток — залаты лабок, як хітры селянін абпаіў півам чорта і адабраў у яго душы добрых людзей, як зачараваны змяіны кароль пакахаў дзяўчыну... Усіх казак не назавеш, не пералічыш. Іх — безліч! Запісаныя Е. Раманавым, П. Шэйнам, М. Федароўскім, А. Сержпутоўскім — яны і дагэтуль складаюць неацэнны наш скарб, тым больш вялікі, што яны былі народу замест кнігі ў тыя часы, калі кніга беларуская, нават мова беларуская былі забаронены. І тады толькі казка вяла дзяцей у далёкі край, «за сем гор і мораў, трошкі бліжэй ад сонца і трошкі далей ад месяца».

 

КАМЯНІЦЫ, І ГМАХІ, І ВЕЖЫ

 

ГОРАД НА НЯМІЗЕ

Пра многае мы так і не здолелі сказаць. Пра некаторыя абрады, пра вогнішчы Купалля, пра кветку папараці, якая цвіце ў чароўную тую ноч, прыносячы людзям шчасце. Пра тое, як недзе ў сакавіку моладзь з курганоў і ўзгоркаў «гукае вясну». Ды пра гэта й досыць. Гэта ўсё было ў «свой час», у час «прадзены, тканы». Цяпер трэба гаварыць пра новыя часы. Нягледзячы на тое, што на Беларусі і зараз ледзь не самы вялікі ў СССР працэнт сельскага насельніцтва — павялічваецца няўхільна колькасць гараджан, растуць гарады, фабрыкі, заводы. Пра іх мы зараз і паспрабуем гаварыць. І загадзя намецім сабе межы, бо пра ўсё не скажаш. Ясна, трэба сказаць пра сталіцу, пра абласныя гарады, а далей... далей пра тое, пра што хочацца, пра тыя гарадкі і мястэчкі, якія найлепей ведаеш і найбольш любіш

...Мінск. Горад-герой. Самы буйны з гарадоў Беларусі. Звыш мільёна насельніцтва. Горад і вобласць даюць 26 працэнтаў усёй прамысловай прадукцыі рэспублікі. Гэта мышынабудаванне, хімія, лёгкая і харчовая прамысловасць.

Гораду больш за 900 год. Адзін з самых ранніх успамінаў аб ім — радкі са «Слова аб палку Ігаравым»: «На Нямізе снапы сцелюць галовамі, малоцяць чапамі харалужнымі, на таку жыццё кладуць, веюць душу ад цела». Крывавыя берагі Нямігі даўно забраныя ў падземную трубу. Засталася толькі старая гандлёвая назва горада «Мінск», а ў даўніну «Менеск», «Менск», ад слова «мена», «мяняць». І дужа мала гісторыі. Таму што ў гады апошняй вайны Мінск быў знішчаны ледзь не на сто працэнтаў, пушчан дымам і попелам. У адрозненне, скажам, ад Суздаля або Кіева тут можна паказаць цікаўнаму турысту толькі некалькі старых будынкаў і храмаў XVII—XVIII стагоддзяў ды некалькі будынкаў эпохі класіцызму. Па беларускую старажытнасць трэба выязджаць далей, на правінцыю.

Гмахі вялізных каменных будынкаў, узятыя ў граніт берагі Свіслачы, на ёй у межах Мінска створана вадасховішча — Камсамольскае возера, паркі, бульвары, сады. І, у самым цэнтры, невялічкі драўляны дамок. Гэта музей І з’езда РСДРП, які адбыўся тут у 1898 годзе. Значэнне гэтага з’езда, які заснаваў РСДРП, ясна ўсім. Тут нарадзілася самае імя той сілы, якая сямю гадамі пазней вылілася ў рэвалюцыю 1905 года, а ў 1917 годзе, праз дзевятнаццаць год, зрынула царызм, той сілы, якая стварыла дзяржаву, у якой мы зараз жывём.

СССР.

БССР.

За нейкіх сто метраў ад гэтага дома — плошча Перамогі з абеліскам у гонар воінаў Савецкай Арміі і беларускіх партызан, з Вечным агнём ля яго.

Мінск займае тэрыторыю ў 143 квадратных кіламетры, куды больш чым да вайны, ужо не кажучы пра дарэвалюцыйны час. Можна прывесці такі прыклад. Месца расстрэлу паўстанцаў 1863—1864 гг. знаходзілася за горадам. Цяпер гэта раён галоўнага паштамта. Менавіта тут зазюля кукавала «гады, якіх не будзе», аднаму з кіраўнікоў бунту, Міхалу Цюндзявіцкаму. Тут сялянскія дзяўчаткі клалі кветкі на яго магілу.

Сённяшні Мінск — гэта, перш за ўсё, машыны. Наша сталіца — адзін з буйнейшых у СССР цэнтраў машынабудавання.

А, між іншым, досыць лёгка ўявіць сабе дзевяностагадовага старога, мінчаніна, які (і гэта толькі калі мы дапусцім, што ён жыў у цэнтры, а не на ўскраіне) не мог нарадзіцца ў радзільным доме (першы такі дом заснаваны ў 1895 годзе, калі нашаму «герою» было 19 год); які ўпершыню ўбачыў тэлефон у 14 год, які ўпершыню праехаўся на концы па цэнтральнай вуліцы горада ў 16 год. А вуліцай гэтай была Захар’еўская, цяпер Ленінскі праспект. У гарадскі тэатр (цяпер у гэтым перабудаваным будынку Беларускі акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы) ён пайшоў з бацькамі на адкрыццё, чатырнаццацігадовым хлопчыкам, і першыя пяць год, пакуль не пусцілі першую электрастанцыю, глядзеў спектаклі пры свечках.

Дзівам здавалася яму конка (тройка, што цягне па рэйках вагончыкі), яшчэ большым — пушчаны ў 1929 годзе трамвай.

Ці мог ён прадбачыць тады, які ён будзе, сённяшні Мінск?

300 трактараў кожны дзень, славутыя самазвалы-«зубры», матацыклы, маторы, веласіпеды, радыёпрыёмнікі, тэлевізары, падшыпнікі, станкі, дый ці мала яшчэ чаго. Звыш мільёна гадзіннікаў штогод, звыш 1500 тэлевізараў і прыёмнікаў у дзень. Абутковыя фабрыкі за год абуваюць 10 млн. чалавек.

Чатыры пятых шарсцяных тканін, больш як трэць скуранога абутку рэспублікі. Гэта што датычыцца лёгкай прамысловасці. А будаўнічая прамысловасць з заводамі — гіпсавым і фарфора-фаянсавым, з чатырма заводамі буйнога домабудавання, з двума цагельнымі і двума асфальтабетоннымі заводамі.

Дзевяностагадовы мінчанін, што сядзеў пры свечцы... Зараз праектная магутнасць толькі адной ЦЭЦ-4 — 900 тысяч кілават. Ты, што здзіўляўся концы. Зараз у Мінску даўжыня ліній трамвайных складае 57,6 км, тралейбусных — 136,7 км, аўтобусных — 399,5 км.

Дужа развітая харчовая прамысловасць. Разнастайная. Скажу адно. Паколькі вы, асабліва дзяўчаты, любіце цукеркі, то хай вам будзе вядома, што мінскую кандытарскую прамысловасць шмат хто лічыць добрай.

Хочаце скончыць ВНУ? Калі ласка, да нас. У Мінску шмат інстытутаў. Ва універсітэце больш як 10 тыс. студэнтаў. Велізарная бібліятэка імя Леніна, шмат тэатраў і музеяў. Аднаго няма: балета на лёдзе. Нічога, будзе і ён, тым больш што летні лёд ёсць заўсёды. У выключна багатым і прыгожым Палацы спорту.

Акадэмія. Кінастудыя «Беларусьфільм». Выдавецтвы. Паліграфічная база адна з лепшых у Савецкім Саюзе (вы самі, мабыць, заўважылі, што наша Беларусь дужа любіць прыгожа выдадзеныя кніжкі, якія не толькі прачытаць прыемна, але і ў руках патрымаць хораша, як твор мастацтва: многія з беларускіх кніг штогод здабываюць прызы за афармленне на савецкіх і міжнародных кніжных выстаўках).

Мінск — горад зеляніны. Той, хто памятае яго адразу пасля вайны, можа сказаць вам, што ў тыя часы нельга было паверыць у зялёнае мора на яго вуліцах, на яго плошчах, у яго дварах.

А пасля пачалі прывозіць і высаджваць на яшчэ не зусім расчышчаных вуліцах саракагадовыя ліпы, насыпалі, гацілі мокры бераг Свіслачы, на якім зараз шуміць парк і стаіць бронзавы Купала.

Як пракладалі дзіцячую чыгунку па ўскраіне парку Чалюскінцаў, як беглі ў цяні хвояў першыя зялёныя вагоны.

І якім дзівосным стаў наш Мінскі батанічны сад з яго разнастайнасцю дрэў, хмызоў, кветак, з лебедзямі на сажалках.

І, вядома, старажытны парк імя Горкага з атракцыёнамі, планетарыем і ўсім такім у самым цэнтры горада. Для дзяцей. І дзіцячыя тэатры, у тым ліку тэатр лялек.

Не буду нічога вам казаць, калі вы не мінчане, пра цэнтральную вуліцу, Ленінскі праспект даўжынёю ў восем кіламетраў, шырынёю ў пяцьдзесят метраў, пра цудоўныя яго будынкі — прыедзеце, убачыце самі.

Праедзьце па ім. Ад плошчы Леніна з Домам урада і помнікам заснавальніку нашай дзяржавы, праз Цэнтральную плошчу, дзе авее вас прахалодай са скверыка Янкі Купалы і дзе ўбаку вы ўбачыце тэатр яго імя, гмах ЦК і танк, помнік танкістам, што першыя ўварваліся ў Мінск у ліпені 1944 года. А пасля тралейбус прамчыць вас паўз Свіслач (глядзіце, вунь, злева домік І з’езда), абкружыць ля абеліска Перамогі. І далей, далей. Ля бронзавага задуменнага Коласа між маладзенькіх бярозак, ля філармоніі. Міма Батанічнага саду і цёмна-хваёвага парку Чалюскінцаў, дзіцячай чыгункі, кінастудыі. Аж да шырокай шашы, якая бяжыць між лясоў і ўзгоркаў да самай Масквы.

Мінск у вайну змагаўся гераічна. Мінск гераічна ўставаў пасля вайны з попелу. Гораду-герою належыць быць прыўкрасным. І ён прыўкрасны. У кожны час дня і ночы, у кожную пару года. А будзе яшчэ лепшы. І на гэтым пакуль скончым пра Мінск.

Зараз мінскім дзецям ёсць дзе плаваць і з аквалангам, і на чаўне, і так. Чатыры вялікія вадасховішчы. Адно з іх, Заслаўскае, на 3400 га, зараз перада мною. Вецер, і па вадзе гуляюць белыя баранчыкі. Нахабна гарлаюць чайкі. Чаўны з рыбаловамі прыткнуліся да шматлікіх зялёных астравоў. І унь, ля самага вобрыю, белыя ветразі. Ідуць гонкі яхтаў.

 

ПОЛАЦКІЯ ФРЭСКІ

...Пойдзем далей. Хай не крыўдуюць абласныя гарады, але раней за іх успомнім горад, які заслужыў гэтага паважным векам, хай сабе і ходзіць зараз у раённых цэнтрах. Гэта Полацк. У 1962 годзе ён святкаваў сваё 1100-годдзе. Мне даводзілася бываць у ім шмат разоў, але паездка сюды ў сакавіку 1971 года запомнілася асабліва дзякуючы аднаму выпадку, які нібы афарбаваў для мяне — і назаўсёды — усе стагоддзі, што прайшлі над гэтымі мурамі.

Уздзьмуты, аж сіні, лёд на Дзвіне. Маленькаю Палотаю плыве на гэты лёд празрыстая, яшчэ снегавая вада. Над зліццём дзвюх рэк, на замчышчы, белы, з дзвюма званіцамі, сілуэт сабора. Полацкая Сафія. Сястра Кіеўскай і Ноўгарадскай. ХІ стагоддзе. Моцна, што, праўда, перабудаваная ў часы уніі. І вось, урэшце, зараз узяліся за святую справу рэстаўрацыі набытку продкаў. Выяўляюць гісторыка-архіўны, графічны матэрыял, удакладняюць межы старажытнай кладкі, даследуюць сутарэнні. Многае змянілася, за стагоддзі нарасло зямлі, храм нібы «асеў». У склепах ягоных была ў свой час адна з найлепшых нашых старажытных бібліятэк. Яе спалілі ў свой час езуіты. Дзіўна! Якімі б метадамі яны ні карысталіся, як бы мы тыя метады ні ненавідзелі — манахі гэтага ордэна былі аднымі з самых адукаваных людзей сярэдневякоўя. Прафесія абавязвала. Пазней, калі палаў іхні Пінскі калегіум, у агні згарэлі дзесяткі тысяч кніг. «Ніколі не наклікай агонь на чужое — адгукнецца й на тваім».

...І вось сядзяць у прыдзеле сабора, дзе паліцца «буржуйка», два чалавекі ў ватоўках, ды я з прыяцелем. Адзін з тых, каго засталі, брыгадзір. Здорава «паднацягаўся» ў археалагічных і будаўнічых тэрмінах, аперыруе імі вольна і з шыкам. І расчышчаем мы старую плінфу, тонкую, сантыметры ў чатыры, цагліну памерам прыблізна 35x25 см. І на ёй раптам выступаюць невядомыя значкі, адзін у выглядзе нейкай жывёлы (сабакі?), рысачкі (можа, азначаюць колькасць соцень гэтай самай цэглы?) і выразны надпіс, нібы голас, што яўна і ясна даляцеў з далёкіх вякоў А αβφθ N √ Я — авфони. І нават ясна, што быў не дужа пісьменны, хацеў сваё імя пісаць праз «ферт» (Ф), а тут ці сам успомніў, ці яму сказалі, што імя грэчаскага паходжання і пісаць трэба яго цераз «фіту» (θ). То ён і «ферта» не дапісаў. І даляцеў яго жывы голас да мяне, звычайнага чалавека, і я зразумеў яго на хвіліну, хаця дзевяць стагоддзяў прагрукатала па ягоных, даўно спарахнелых касцях.

А непадалёк спаруда XII стагоддзя — славуты сабор Спас-Ефрасінні з прыгожымі старажытнымі фрэскамі.

Калі сонца праз невялікія вокны трапляе ўнутр сабора, гэтыя фрэскі загараюцца бляклай чырванню і ржавым золатам. Нібы праз залаціста-карычневую, празрыстую ваду лясных рэк глядзяць на вас нечалавеча вялікія задумлівыя вочы вашых продкаў.

А выйдзеш, пяройдзеш кладкамі цераз рэчку — вада, зялёныя шаты дрэў і сярод шатаў — ён. Дужа падобны на праслаўлены ва ўсім свеце Пакроў на Нерлі. І як той, улетку гожа адбіваецца ў вадзе сваімі бялюткімі мурамі.

І ўсё тут стаіць на старажытнасці. Упарадкоўваюць вуліцу Карла Маркса — пад асфальтам, зямлёй, бярвеннямі адкрываюць вянцы старажытнага зруба, шахматную фігурку з косці або складзень. На беразе Дзвіны — стары калегіум, у мурах якога калісьці жыў і працаваў Сімяон Полацкі, заснавальнік рускага вершаскладання.

Гэтыя словы так і заставаліся словамі, пакуль некалькі год назад не адкрылі многіх і многіх вершаў Полацкага, напісаных па-старабеларуску...

У Полацку, куды раней за Сімяона, пачынаў сваё жыццё і першадрукар усходніх славян Францішак Скарына; яму нядаўна пастаўлены тут цудоўны помнік.

Ясна, што сівая даўніна — галоўнае, на чым стаіць гэты горад. Але яе не кожны адразу заўважыць. Затое адразу кінуцца ў вочы навічку шырокія зялёныя вуліцы, новыя дамы, карпусы завода шкловалакна і іншых шматлікіх заводаў (камбінат будаўнічых матэрыялаў, аўтарамонтны, ліцейна-механічны, жалезабетонных і пластмасавых вырабаў), будынкі клубаў і кінатэатраў, дамоў фізкультуры і розных навуковых устаноў.

А калі праплысці 20 кіламетраў ніжэй па Дзвіне — трапіш у горад Наваполацк, які куды маладзейшы за свайго старога брата. Плошчы, высокія будынкі, паркі, бібліятэкі, кіно.

І, вядома, магутны Полацкі нафтаперапрацоўчы.

Уначы — гэта зыркае зарыва агнёў. Удзень — многія і многія дзесяткі спаруд, ад установак атмасферна-вакуумнай трубчаткі да цэха змешвання і апрацоўкі поліэтылену (гэта ўжо на хімічным камбінаце, які таксама знаходзіцца ў Наваполацку і вырабляе поліэтылен, нітрон і г. д.).

Нафтаперапрацоўчы дае краіне (гэта толькі асноўная прадукцыя, а ўвогуле тут 46 відаў вырабаў) дызельнае паліва, высокаактанавыя бензіны для аўтамашын, мазут, змазачныя маслы, бітум для дарог.

А вакол лясы з дамамі адпачынку і піянерскімі лагерамі. А побач бяжыць і бяжыць Дзвіна. Тая самая, што абмывае ўзвышша Сафіі.

 

 

ВІЦЕБСК – МЕСЦА МАЙСТРОЎ

...Пачнём з горада, які мала чым саступае ва ўзросце Полацку і цяпер абласны цэнтр. Віцебск. У 1974 годзе яму стукнула 1000 год.

Мне давялося пабываць на свяце тысячагоддзя. І рэдка мне яшчэ даводзілася бачыць падобную феерыю. Вянкі ля помнікаў, ідуць праз плошчу Леніна тысячы людзей, праязджаюць даўнія воіны і чырвонаармейцы грамадзянскай. Паўсюль танцы і песні, паўсюль карнавал з дзівоснымі жывёламі, з героямі народных казак. А ўвечары на Дзвіне — воднае свята ў мячах пражэктараў. Вось падплывае ладдзя пад ветразем і выходзіць на бераг заснавальніца, княгіня Вольга, вось плывуць яшчэ караблі, плыве «Аўрора». А пасля на ўсё гэта, як тысячы рознакаляровых знічак, падаюць зоры ракет.

Свята мастацтва, свята агню, песні, выдумкі, таленту, свята майстроў, бо Віцебск — месца майстроў. Я ганаруся, што ў маёй «Кнізе працоўнага ўкладу» таксама занесена пару слоў аб працы на карысць горада і тысячагоддзя.

Горад майстроў, горад-гісторыя. Вечная крэпасць, вечны фарпост на шляху заваёўнікаў. Важны гандлёвы пункт на шляху «з вараг у грэкі». Вялікі культурны цэнтр. Нездарма ў ім знойдзена так многа старажытных берасцяных грамат і надпісных прасліцаў.

Жыхары Віцебска славіліся ўпартай мужнасцю і ваяўнічасцю. Удзельнічалі яны ў бітве на Няве, на Чудскім возеры, грамілі крыжаносцаў у Юр’еве, шмат разоў паўставалі супраць сваіх феадалаў. Вызначаліся яны і страсцю да мастацтва, жывапісу, рамёстваў. Яшчэ і зараз па глухіх мясцінах Віцебскай зямлі можна бачыць цудоўнай старой работы абразы і статуі. Менавіта тут зарадзілася сярод усходніх славян майстэрства рэльефнай, шматкаляровай кафлі (так званая «цанінная справа»). Беларускія даўнія майстры неслі яе і да суседзяў. Так, майстра Ігнат сын Максімаў з Копысі разам з сябрам Сцяпанам, сынам Іванавым з Мсціслаўля прынеслі гэтую тонкую штуку нават у Маскву, дзе яны і пабудавалі, упрыгожыўшы цанінаю, такія шэдэўры, як нябесна-сіні Круціцкі церамок, некаторыя крамлёўскія палацы, будынкі ў Тройца-Сергіеўскай лаўры і сабор Нова-Ерусалімскага манастыра.

Віцебск і зараз — месца майстроў. У яго майстравітыя, спрытныя рукі. Гэтыя рукі робяць станкі (высокадакладныя зубаапрацоўчыя, што экспартуюцца ў 11 краін, бясцэнтрава-шліфавальныя высокай і асабліва высокай дакладнасці; заточныя станкі з паўаўтаматычным цыклам работы), радыёдэталі, электравымяральныя прылады.

На першым месцы стаіць у Віцебску лёгкая прамысловасць, гэта ясна. Але хіба не абувае людзей Віцебская абутковая фабрыка або панчошна-трыкатажная фабрыка «КІМ», хіба не апранае іх швейная фабрыка «Сцяг індустрыялізацыі»? Хіба не пераліваюцца ўсімі колерамі вясёлкі ў кватэрах і хатах дываны Віцебскага дывановага камбіната?

І ўжо калі яны адзначаюцца дыпломам у Дамаску, адным з самых старажытных цэнтраў дывановага ткацтва, то гэта штосьці ды значыць.

Шмат разоў спалены, ушчэнт зруйнаваны ў апошнюю вайну. Больш чым 90 працэнтаў тэрыторыі былога горада — кучы бітай цэглы, бетону і скручанай арматуры, попел і хаос. Больш за 100 тысяч жыхароў забіта, астатнія выселены. І на гэтым страшным выгары сустракаюць наша войска... сто васемнаццаць жыхароў. Здавалася, канец. Ніколі не разабраць гэтага пекла і лепей будавацца на новым месцы.

Але зірніце на яго зараз. Устаў з попелу, як уся Беларусь.

Віцебск — гэта цяпер цалкам новы горад. Старых будынкаў засталося мала: некалькі палацаў, ратуша XVII ст. (цяпер у ёй добры гісторыка-краязнаўчы і мастацкі музей з багатай калекцыяй беларускага, рускага, заходняга і мясцовага, віцебскага жывапісу). Віцебск — горад старых мастацкіх традыцый. Працавалі тут, у прыватнасці, Ю. Пэн, М. Дабужынскі, славуты К. Малевіч, не менш славуты цяпер М. Шагал і некалькі год І. Я. Рэпін, маёнтак якога, Здраўнева, быў непадалёку ад Віцебска.

 

ГОРАД МАГІЛЫ ЛЬВА

Пойдзем па старажытных волаках продкаў і перабяромся з Дзвінскай, Балтыйскай сістэмы ў сістэму рэк Чарнаморскага басейна. Паплывём уніз па Дняпры і прыбудзем у Магілёў. Горад, таксама вельмі сучасны, размешчаны на правым, высокім, ярамі пасечаным беразе ракі пры ўпадзенні ў яе Дубровенкі. Гэтыя мясціны, былыя ўрочышчы, забудаваныя новымі гмахамі, носяць назвы «Машакоўка», «Дзебры». Тут і сапраўды калісь былі нетры, дзебры на мясцовым дыялекце. Легенда (выдатна апрацаваная Янкам Купалам) кажа, што жыў у гэтых нетрах вялікі разбойнік Машэка. Стаў ён гразой наваколля пасля таго, як, жадаючы зарабіць на вяселле, пагнаў на Украіну плыты, а тым часам князь сілай узяў у замак яго нявесту. Уварвацца ў замак нават такі асілак не мог. Машэка зрабіў сабе ў пушчы, пад каранямі, логава, адзеўся ў воўчыя шкуры, якія так і прысохлі на ім, і хутка ўсе перад ім трапяталі. Аднойчы яму ўдалося перастрэць вазок князя, разагнаць варту, у адзінаборстве забіць уладара, а жанчыну, што ехала з ім, прынесці да сябе. Тая, аднак, за гэты час прывыкла да раскошы і золата, збэсцілася і, калі Машэка заснуў, забіла яго нажом. Над ім насыпалі гару.

 

Яго высокую магілу —

Дзе лес ды вецер панаваў —

Знаць, што вялікую меў сілу,

«Магілай Льва» народ назваў.

Над ёю з часам дрэвы палі

І горад вырас, як з зямлі,

Яго Магілевам назвалі,

Бо йнакш прыдумаць не маглі.

Пры самым месцы, дзе хаваці

Людцы нябожчыкаў нясуць,

Гару з магілкамі відаці —

Яе Машэкавай завуць.

 

Магілёў узнік на месцы старога замка ў 1267 годзе. Гісторыя яго бурная і крывавая. Напады войск, змова з казацкімі атаманамі (1590 г.— з Мацюшкам Гультаём, у 1595 г.— з Севярынам Налівайкам). Чатыры гады бунтаваў горад на пачатку XVI ст., і пасля чатыром кіраўнікам адсеклі галовы, а набатным званам выдзерлі языкі.

На Магілёўскім падоле стаіць Мікольская царква, бліскучы ўзор беларускага барока. З ёю звязаны яшчэ адзін эпізод гісторыі. Пры ёй, у «Цярэшка, каторы проскуры заведал», жыў некаторы час у бязведамнасці сціплы школьны настаўнік Дзмітр Нагі. Тут зарадзілася яго «ідэя», тут ён пачаў яе выконваць і, магчыма, атрымоўваць інструктаж ад пэўных колаў і грамадзіць паплечнікаў. Каб пасля ўзляцець на адну з вяршынь зямной магутнасці пад імем цара Дзімітрыя, а пасля бясслаўна ўпасці з яе Лжэдзімітрыем ІІ. Былі тут і шведы і іншая навалач — але пра гэта доўга, дый цяжка расказваць. У Вялікую Айчынную вайну горад дужа доўга (25 дзён, з 1-га па 26 ліпеня 1941 г.) трымаўся, быў моцна разбураны, і помнікаў старажытнасці ў ім мала.

Магілёў заўсёды славіўся сваімі майстрамі. Збраяры, ювеліры, ганчары, цаніннікі, ткачы.

Найбольш славяцца магілёўскія прадпрыемствы хімічнай прамысловасці. Гэта завод штучнага валакна (вясёлкавы шоўк, штапель, цэлафан і інш., усяго 14 відаў прадукцыі), камбінат сінтэтычнага валакна (штапельнае валакно камвольнага, шарсцянога, льнянога і баваўнянага тыпу і г. д.), хімічны камбінат «Зара», завод ліфтаў, завод «Строммашына» (выпускае тэхнічнае абсталяванне для вытворчасці шыферу і мяккіх дахавых матэрыялаў, цэглы, машыны для асбеставай прамысловасці і інш.), завод электрарухавікоў, аўтамабільны завод, што выпускае цягачы, самаходныя скрэперы, самазвальныя аўтапаязды для работ пад зямлёй і аўтасамазвалы павышанай праходнасці для мясцін, дзе дарогі кепскія або іх зусім няма.

Магілёў заўсёды славіўся і культурай. З XVI ст. тут вёўся летапіс, існавалі школы. І зараз тут выхоўваюць інжынераў, настаўнікаў, тэхнікаў. Тут адзін з найлепшых беларускіх музеяў, шкада, што ў гады вайны менавіта адсюль знік славуты на ўсё славянства ювелірны выраб «Крыж Лазара Богшы» (зроблены быў у Полацку загадам вялікай беларускай асветніцы Ефрасінні Полацкай), музей народнай творчасці, шмат бібліятэк, шмат паркаў. І рака, і паплавы з ляснымі тэрасамі. Прыдняпроўе, яблычная мая радзіма.

 

ГОРАД ЗЕЛЯНІНЫ І ВАДЫ

...Ніжэй у Дняпро ўпадае паўнаводны, з зялёнымі дубамі на берагах і чорнымі, моранымі, на дне — Сож. А на Сажы стаіць Гомель, які літаральна патанае ў вільготных, цяністых парках, другі па велічыні беларускі горад. Горад стары (1142 г.) і дужа малады, вельмі гожы.

Бульвары, манументальныя будынкі. І вось, калі звернеш налева ад Савецкай плошчы з яе гмахам тэатра, нібы ўваходзіш за пяць крокаў у іншы клімат. Амаль двухсотгадовы (1780 г.) парк. Сто розных парод дрэў, у тым ліку пірамідальныя дубы, гінкго, коркавае дрэва і г. д. Гроты, аранжарэі, вісячыя масты над ярамі, ператворанымі ў лебядзіныя сажалкі. Петрапаўлаўскі сабор пачатку XIX ст., гэткі Ісакій у мініяцюры (цяпер тут планетарый), магільня графаў Паскевічаў, труба яго былога завода, пабудаваная як мінарэт, з якой адкрываецца галавакружны пейзаж. І, нарэшце, класіцыстычны палац XVIII ст. Румянцаў пабудаваў яго пасля падзелу Рэчы Паспалітай, калі Екацярына ІІ падарыла яму значную частку Гомельшчыны... 70 залаў, аздобленых карарскім мармурам, золатам, каштоўнымі пародамі дрэў, агатам. Тут цяпер Палац піянераў з багатай бібліятэкай, майстэрнямі і гурткамі.

У асобным крыле палаца, упрыгожаным вітражамі, была бібліятэка, якую Румянцаў пасля перавёз у Маскву. Вельмі і вельмі багатая, яна склала там падмурак будучай Румянцаўскай бібліятэкі. Цяпер гэта Дзяржаўная бібліятэка СССР імя Леніна. У 1834 годзе гомельскія землі, гомельскія пляцы і палац адышлі генерал-фельдмаршалу Паскевічу. За «перамогу» ў ганебна-гандлярскай вайне з Персіяй. Усе «трафеі» і кантрыбуцыі гэтай вайны не каштавалі аднаго жыцця А. С. Грыбаедава, які расплаціўся за мір, што ён заключыў. Паскевіч прыбудаваў да палаца каласальную чатырохкутную вежу, у якой быў музей. Кнігі, старыя рукапісы, шэдэўры жывапісу і скульптуры, фарфор, срэбра, нефрыт, бронза, антычныя рэчы. І тут жа музей персідскага паходу. Унікальны па багаццю музей часткова быў разрабаваны падчас апошняй вайны. Багаты ён і сёння, але ранейшага ўжо няма.

Гомель і раней, да рэвалюцыі, быў досыць прамысловы. Шкло, тканіны, запалкавыя фабрыкі, вытворчасць карабельнай парусіны і канатаў на Ветцы, механічныя майстэрні Лібава — Роменскай чыгункі (1200 рабочых). Папяровая фабрыка ў Добрушы (заснавана ў 1870 годзе, у 1914 г. працавала на ёй 1276 чалавек).

Пачатак новай індустрыі ў 1930 годзе паклаў беларускі першынец сельскагаспадарчага машынабудавання «Гомсельмаш». У фашысцкую акупацыю быў поўнасцю ператвораны ў руіны. У 1948 годзе адноўлены і цалкам рэканструяваны, насычаны самай сучаснай тэхнікай. «Гомсельмаш» — гэта сіласаўборачныя камбайны, стагакіды, сіласарэзкі.

Мне даводзілася гаварыць аб прадукцыі «Гомсельмаша» з працаўнікамі сельскай гаспадаркі. Хваляць. Але вусную пахвалу не дужа запішаш. Таму замест яе прыкладаю «паслужны спісак» гомельскіх машын. Няпоўны.

1958.— Сусветная выстаўка ў Бруселі.— Камбайн УКСК-2,6 — першая прэмія «Гран-пры» і дыплом гонару.

1966.— Міжнародная выстаўка сельскагаспадарчых машын у Маскве.— Сіласаўборачны камбайн КС-2,6 і трактарны прычэп 2ПТС-4 — залатыя медалі.

1967.— Выстаўка ў Мекленбурзе.— Камбайн КС-2,6 — залаты медаль.

Можа, і досыць.

Тут ёсць яшчэ кабельны, суднарамонтна-суднабудаўнічы (выпуск суднаў на падводных крылах), падшыпнікавы заводы і заводы трактарных пускавых рухавікоў і вымяральных прыбораў. Гомель — буйны рачны порт з прычаламі, складамі, добрай акваторыяй, сліпам для пад’ёму суднаў на бераг, добрымі пад’язднымі шляхамі. З суднаў, што прыходзяць з Украіны, тут выгружаюць соль, збожжа, метал, які ідзе ў Прыбалтыку, Ленінград, сацыялістычныя краіны і Беларусь, хутка будуць выгружаць львоўскую сыравіну для вялізнага завода суперфасфатных угнаенняў. Адсюль на Украіну пойдуць гатовыя ўгнаенні, а ўжо цяпер ідзе ўсё тое, што дае беларускі лес (сыравіна і гатовая прадукцыя) і беларуская прамысловасць. Аж да вопраткі, сусветна вядомых ільняных нашых тканін (ідуць яны і гатовыя вырабы з іх, гожа вышытыя, у іншыя рэспублікі, у сацыялістычныя краіны і ў ФРГ, Швецыю і Нарвегію).

Шмат тут усяго. Фанерна-запалкавы камбінат і кандытарскі камбінат «Спартак», што ў дзень выпускае 100 т шакаладу, тартоў, цукерак.

Навукова-даследчы інстытут, інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту, малады універсітэт, тэхнікумы.

Цяпер давайце сядзем на «Ракету» і паімчым Сажом, Дняпром, трапім ненадоўга на Украіну, зноў вернемся на плынь беларускай часткі Прыпяці, звернем ля Пінска (да гэтага горада мы яшчэ вернемся) у Піну, пройдзем Днепра-Бугскім каналам у Мухавец і дабяромся ім да Буга пад самым Брэстам. Абганяючы цеплаходы, рудавозы, маторкі. Па Прыпяці, усё яшчэ досыць ціхай, усё яшчэ дужа рыбнай. Я аднойчы прайшоў гэты шлях. Амаль увесь на агітцеплаходзе «Маякоўскі», а пад канец і пешшу.

Ласі пераплываюць раку. Людзі з вёсак, што ляжаць ля ціхіх прыстаняў, вечарамі глядзяць фільмы, што мы ім дэманструем. Плывеш, а зялёныя гарадкі і вёскі ўтульна ляжаць на берагах, глядзяцца ў ваду дужа даўнія, шматвяковыя палацы, храмы і белыя альтанкі. Даяркі на ферме, справіўшыся з работай, спяваюць на беразе цудоўныя палескія песні, і фалькларысты нашай экспедыцыі ўпотай запісваюць іх на магнітафон. «Волга» пераганяе жанчыну ў народным уборы, на якім няма жывога месца ад вышыўкі. І на плячы ў жанчыны з бяросты плеценая «вярэнька», браць ежу ў дарогу. Пінскія велічныя муры. Ганчарныя вёскі, дзе робяць дасканалы посуд і да гэтага напаўжартам гавораць: «Наша прохвесія самая старая. Бо й Адам буў злеплены з гліны, а значыць, не хто-небудзь, а сам бог быў першы ганчар...» І канал. Кобрын з домікам Суворава і помнікам першай перамогі над Напалеонам у 1812 годзе.

 

БРАМА КРАІНЫ

І вось Брэст. Брама краіны. Часам, на жаль, рэдка, у яе ўваходзілі нашы сябры, і тады іх сустракалі з беларускай гасціннасцю. Але найбольш ахвотнікаў было ўварвацца ў тую браму сілай. Сведчаннем гэтаму Камянецкая Вежа, царква-крэпасць у Чарнаўчыцах (1583—1585 гг.), у якой жыхарам часта даводзілася трымацца ў аблозе, з якой у 1941 годзе страляў цывільны беларускі чалавек па фашыстах і якая пасля гэтага была падпалена. Ды ці мала чаго яшчэ. Гэтая зямля спрадвеку ўсыпана магіламі, курганамі, згубленай у баі зброяй. Каго тут толькі не было?! Нават готы ў другім стагоддзі ішлі тут са сваёй туманнай поўначы да Чорнага мора, а потым, калі паўдзённыя плямёны турнулі іх,— зноў каціліся на поўнач. Археолагі выкапалі ў скарбе другога стагоддзя наканечнік дзіды з рунічным надпісам: «Наперад!» А на такім жа наканечніку чацвёртага стагоддзя, тыя ж вуглаватыя суровыя руны: «Назад!»

У тое сваё падарожжа я выйшаў да Мухаўца 22 чэрвеня ў чатыры гадзіны раніцы. І хаця ішоў 1969-ты, я ўспомніў 1941-шы. Гераічную абарону крэпасці.

Дарэчы, крэпасць ляжыць якраз на месцы таго Бярэсця, якое ўжо ў 1019 годзе ўпамінаецца як досыць вялікае пасяленне. Іменна там жылі мастакі-рамеснікі і мужныя воіны, якія ў 1241 годзе паляглі да апошняга, а не здаліся манголам і тым далі магчымасць жыхарам Слуцка, Крычава і іншых гарадоў адбіцца, а пасля перайсці ў наступ і не пусціць орды Батыя на тэрыторыю будучай Беларусі. Іменна там жылі тыя, што выставілі свой полк пад Грунвальд, што біліся з Карлам XII, ішлі з косамі пад сцягі Касцюшкі. Якія многа бачылі. І тое, як везлі ў Варшаву паліць сярэдневяковага атэіста і філосафа Казіміра Лышчынскага (родам з вёскі Лышчыцы, кіламетраў за 20 ад Брэста). І ўжо ў XIX ст. бачылі Грыбаедава, Кюхельбекера, Чаадаева.

Толькі ў 1831 годзе жыхароў перасялілі ад Буга на Мухавец, стары горад знеслі, а на яго месцы пабудавалі крэпасць. Цэнтр яе, Цытадэль — кальцавая казарма на 500 казематаў і 12 тыс. чалавек. Пасля крымскага паражэння пабудавалі на адлегласці 3— 4 км, па коле, некалькі фартоў. А пагроза першай сусветнай вайны выклікала неабходнасць пабудовы яшчэ некалькіх, аддаленых на 12 км.

Так што, калі шчырыя брэсцкія патрыёты будуць паказваць вам «дом Грыбаедава» — вы ім не дужа верце. Паэт загінуў за сем год да ўзнікнення новага горада, а жыў у старым — за пятнаццаць год да пагібелі. Толькі вы не крыўдуйце на іх. Гэта яны робяць з добрымі намерамі. Хаця ім і без таго ёсць чым ганарыцца. І старажытнымі кнігамі, некалі напісанымі тут, і чыгуначнай, рабочай славай, і ўпартай барацьбой пасля Рыжскага дагавору 1921 года, калі Заходняя Беларусь, а значыць, і Брэст трапілі пад уладу паноў, сталі калоніяй Польшчы на 18 год.

Барацьба за школу, мову, зямлю і волю ніколі не заціхала тут. Дэманстрацыі і арганізацыя гурткоў і бібліятэк, напады на панскія лясы і забастоўкі, урэшце, адкрытая партызанская барацьба, баі пад Нясвіжам і Бельскам, паўстанне ў Навасёлках, пад Кобрынам. Нарэшце — напад на палескага ваяводу Даўнаровіча. Партызаны спынілі цягнік, абяззброілі варту, выцягнулі ваяводу, які хваліўся, што праз пару год у яго мясцовасці не будзе ніводнага беларуса (ды і ці ён адзін казаў гэта) — і адхвасталі. Пасля гэтага беларусы засталіся, а вось ваяводу — ваяводу прымусілі падаць у адстаўку. Які ж з цябе ваявода, калі цябе адлупцавалі?

КПЗБ (І яе канферэнцыя была ў 1923 годзе) выдавала газеты на беларускай, польскай, яўрэйскай мовах. Людзі тысячамі траплялі ў турмы або ў лагер Картуз-Бяроза, пабудаваны па ўзору нямецкіх тут жа, на Брэстчыне. Але народ быў даведзены да таго, што тэрор ужо нікога не палохаў.

Брэсту ёсць чым ганарыцца. Успомнім хаця б вайну. Эпапея Брэсцкай крэпасці-героя ўсім добра вядома. Таму я і не буду гаварыць пра яе шмат. Лепей за ўдзельнікаў і пазнейшых руплівых даследчыкаў усё адно не скажаш. Трэба толькі памятаць, што гэта не была «лінія Мажыно», нават не паасобныя доты, з якімі можна было ў тую вайну звязаць наша ўяўленне аб крэпасці. Гэта быў комплекс пабудоў, які даўно страціў сваё ваеннае значэнне. Проста валы з састарэлымі фортамі, проста склады, проста пакоі камандзіраў і чырвонаармейскія казармы, проста царква, перабудаваная ў клуб. І яшчэ: амаль усе воінскія часці выехалі на той час у лагеры. А ў гэтым «ваенным гарадку» заставалася каля двух палкоў разам з пагранічнікамі. Па ўсіх законах божых і чалавечых, тым больш што абаронныя рубяжы ля межаў яшчэ не былі скончаны, тут немагчыма было не тое што выстаяць, але і арганізаваць больш-менш працяглае супраціўленне. Любы кадравік, любы ваенны тэарэтык сказаў бы, што гэта «супраціўна натуры», «нерэальна», «немажліва».

Гэтыя нашы людзі стаялі. Супраць артылерыі і бомбаў, супраць выбуховых рэчываў, што сапёры 81-га нямецкага сапёрнага батальёна спускалі з дахаў у вокны падвалаў. Сплаўлялася ў шклопадобную масу цэгла, а людзі стаялі. Насмерць. Бо змаганне было заведама няроўнае. 30 чэрвеня, 10 ліпеня. Стрэлы ўсё радзей. 20 ліпеня. Але ўсё яшчэ гучаць паасобныя стрэлы. З падземных хадоў. Крэпасць не здалася. Крэпасць проста памерла, як паступова, без ежы і вады, памірае чалавек.

Даводзілася мне бываць там скора пасля вайны, калі подзвіг іхні быў яшчэ малавядомы, паўсюль была бітая цэгла, руіны, бочкі з-пад бензіну. Даводзілася і пазней, калі ўсё было расчышчана, паўсюль былі кветкі і працаваў музей. Удзельнічаў я ў абмеркаванні праекта мемарыяла-крэпасці. Быў і цяпер, калі ўжо скончаны работы па ўстанаўленні помніка абаронцам — высачэзнага абеліска, помніка «Смага». І з кожным разам усё мацней здзіўлялі мяне героі абароны.

Між іншым, у час гэтых работ будаўнікі на вялізнай плошчы ўскрылі тэрыторыю «ўласна Брэста», старога горада. Знаходкі тут рэдкасныя. Нібы адкрылі твар старых вякоў. І самкнуліся ў адно век ХІ і век ХХ. Зямлянкі і зрубы — з сучаснымі будынкамі, палацамі, бібліятэкамі, буйнейшым чыгуначным вузлом, інжынерна-будаўнічым інстытутам, каменнай набярэжнай, заводам газавай апаратуры (газавыя пліты, клапаны, гарэлкі), дывановым камбінатам, электралямпавым (асвятляльныя лямпы магутнасцю ад 15 да 200 вт і спецыяльныя лямпы для аўтамабіляў, трактараў, камутатараў) і электрапрыборабудаўнічымі заводамі, тэкстыльным камбінатам-гігантам. А панчохі і шкарпэткі? Яны ж таксама патрэбныя людзям. Дык вось, праектная магутнасць панчошнай фабрыкі — 30 млн. вырабаў у год.

Калі думаеш пра тое — якія змены адбыліся ў нашых старых гарадах — хочаш не хочаш, а пачынаеш збівацца. Назваў два прадпрыемствы — а іх на сённяшні дзень дзесяць, назваў пяць — а іх сёння 32. Поступ сучаснай гісторыі нашай не дагоніш ніякай кнігай.

Акрамя таго, Брэст уражае чалавека яшчэ й зелянінай. Гэта, думаю я, досыць паездзіўшы па свеце, адзін з самых зялёных гарадоў СССР. Прынамсі ўваходзіць у тую ж першую дваццатку, а мо і дзесятку, у якую ўваходзіць, скажам, цудоўны Кіеў.

 

ГРОДНА — МЕЧ, І ВОЛЯ, І СЛАВА

І ўрэшце яшчэ адзін, апошні ў нашым спісе абласных гарадоў, Гродна. Далёка не апошні па старажытнасці, па прыгажосці, па тым, што ён з тых гарадоў, якія маюць сваё, адметнае аблічча, якое не зблытаеш ні з якім другім.

Высокі бераг Нёмана. Пры ўпадзенні ў яго Гараднічанкі, на мысе і ўзнік «Гарадзень», або «Гародня». Упершыню яго ўпамінаюць у 1128 годзе, але гэта ўжо быў вялікі горад, што склаўся куды раней, таму што быў сталіцай удзельнага княства Гародзенскага. Проста дзіўная манера ў нашых летапісаў і нашых гісторыкаў. Першае ўпамінанне аб горадзе — гэта абавязкова тое, што яго нехта ўпершыню спаліў, аб царкве — што «згарэла ад шыпення перуну». Словам, «вясёлыя» былі тады часы...

Узнік замак, бо горад быў фарпостам, узнік пасад, пасяліліся, як кажуць раскопкі, умелыя ліцейшчыкі, ганчары, кавалі, рымары, чабатары, цеслі, збраяры, ювеліры, нават майстры дзіцячых цацак. Горад гандляваў з землямі суседніх княстваў, з Кіевам, Прыбалтыкай і захадам. І тут грымнула вялікая, усеславянская бяда. У зарыве закалыхаліся на белакаменных, чырвоных ад агню і крыві, мурах сабораў цені татара-мангольскіх коннікаў. Паў Уладзімір, пала Разань, Кіеў. Орды дакаціліся да Адрыятыкі, да «апошняга мора». Вольным, хаця і абкладзеным данню, бо еў хлеб захопленых княстваў, застаўся Ноўгарад. Апошнім напружаннем сіл адбіліся Полацкая і Турава-Пінская зямля з дробнымі ўдзельнымі княствамі, што ўваходзілі ў іх. Цаною непамерных ахвяр і крыві. Есць паданне, што татары закідалі ў Тураве Тур-калодзеж, старую святыню, груднымі дзецьмі, пасля чаго са студні сем год замест вады біла жаночае малако. Батый не чакаў такога супраціўлення і, акрамя таго, баяўся аб’яднання Венгрыі і таму рынуўся туды. Землі на поўнач ад Прыпяці былі ўратаваныя. Татары і пазней спрабавалі нападаць, але кожны раз бывалі разбітыя. У прыватнасці ў 1241 годзе і ў 1249 годзе пад мястэчкам Крутагор’е. У апошняй сечы імі камандаваў хан Койдан. Крутагор’е з таго часу называлася Койданавым (цяпер Дзяржынск).

І, ледзь адбіліся, звалілася новая вялікая бяда. У 1230 годзе Конрад Мазавецкі запрасіў на межы сваіх зямель з прусамі Тэўтонскі ордэн. Меч пагражаў цяпер з другога боку. Яшчэ больш жудасны, без літасці і сумлення. У гродзенскім музеі захоўваецца двухручны меч з надпісам па-старанямецку «Drink blut».— «Пі кроў». Прусы паступова гінулі пад ударамі ордэнцаў. Праз некаторы час, калі апошні прускі спявак спяваў перад натоўпам песні на роднай мове,— яго ўжо ніхто не разумеў. Рыцары, рагочучы, далі яму узнагароду: некалькі дзесяткаў арэхаў-свістуноў (з дзіркай, пустых). Такі самы лёс пагражаў і нам — беларусам.

Гродня стаяла «на юру». На яе першую падалі ўдары. У 1284 годзе яна была нават спустошана. Але паходы ордэна ў 1296, 1306 і 1311 былі адбіты, а калі на чале войска стаў ваявода Давід Гродзенскі, сын Даўмонта, ён спярша, у 1314 годзе, разграміў войскі ордэна, а пасля сам перайшоў у наступленне, спустошыўшы тры разы (1318, 1319, 1323 гг.) землі крыжакаў аж да Мальбарга. Урэшце настала расплата, пасля якой ордэн не здолеў ачуняць. Грунвальд. 1410. Удзельнічалі польскія палкі, літоўскія (гэта значыць палкі княства, а сярод іх палкі Берасцейскі, Валкавыскі, Лідскі, Наваградскі, Слонімскі, Гародзенскі і шмат іншых), чэшскія часці і палкі, што ўваходзілі ў сферу Смаленшчыны. Захад яе і ўсходнія беларускія землі: Полацк, Віцебск, Крычаў, Мсціслаў, Магілёў і г. д. Камандаваў імі мсціслаўскі князь Юры. Гэта была бітва неймаверная па колькасці войска. Ордэн меў 83 000 воінаў, славяне з літоўцамі 163 000. Калі мы ўлічым тагачасную маланаселенасць зямлі, калі даведаемся, што ў «лядовым пабоішчы» рыцараў было забіта 500, а ў палон узята 50 чалавек і, значыць, іх аніяк не магло быць больш як тысяча — паўтары ды пару тысяч кнехтаў — «чудзі». Калі ўлічыць, што ноўгарадцы выставілі супраць Васіля Цёмнага 5000 чалавек («раць веліка вельмі» — сказаў летапісец).

Калі ведаць, што ў Суздальскім баі з Васілём Цёмным было толькі паўтары тысячы войск, хаця з ім былі князі Мажайскі, Вярэйскі і Серпухаўскі, практычна ўсе сілы Маскоўскага княства, без Шамякі,— тады Грунвальд не можа не здзіўляць. Перавага нямецкіх сіл,— так, перавага, не здзіўляйцеся, бо рыцар у сваіх міланскіх ці нюрнбергскіх даспехах быў практычна недасяжны11 і каштаваў трох воінаў, а многія з нашага боку былі ў скураных панцырах, узброеныя дзідамі, доўбнямі, цапамі і рагацінамі, нават у вяровачных шлемах, якія баранілі ад мяча, а не ад стралы і пікі — не памагла ім. 15 000 узялі ў палон, больш 40 000 разам з вялікім магістрам Юнгінгенам забілі.

У сечы гэтай Гродзенскі полк быў большы за ўсе беларускія палкі.

...Кароль Стэфан Баторый пабудаваў тут новы замак, які, перабудаваны, збярогся і сёння. У ім выключны па багацці і пазнавальнасці, вельмі ўмела пабудаваны музей. Будавалі замак мясцовыя майстры. Гродзенскія будаўнікі цаніліся высока. Яны працавалі нават у Вільні, Варшаве, Маскве. Існавалі багатыя цэхі збраяроў, кавалёў, разьбяроў, мечнікаў і інш.

Гады рэлігійнай барацьбы (я яшчэ раскажу пра гэта) шмат пашкодзілі гораду. Магнаты і духавенства захаплялі землі, капілі майно, узводзілі царкоўныя будынкі (шмат іх засталося і цяпер), выцяснялі рамеснікаў і гандляроў. Народ глуха бурліў. Гродня была цэнтрам вальнадумства і гуманізму. Выдаваліся (1567 г.) брашуры, у якіх адмаўлялася ўлада, усхвалялася свабода веры, агульнасць маёмасці, прапаведавалася аддзяленне касцёла ад дзяржавы, гаварылася, што розніцы не павінна быць між каралём і народам, шляхтай і плебеямі... У Гродні жыў беларускі філосаф атэіст Кашпар Бекеш. Царкоўнікі адмовіліся яго хаваць (памёр у 1530 г.), і сябры яго пахавалі ў Вільні і напісалі на камені яго ж словы: «Не хачу прызнаваць бога, пекла не баюся... не непакоюся аб целе і не болей аб душы, яна разам са мною памерла».

Народ адкрыта бунтаваў, аж да вольных узброеных атрадаў... А потым, як паўсюль: упадак феадалізму, капітал, паўстанне 1863 года, якое грымела на Гродзеншчыне асабліва моцна, рэвалюцыя і акупацыйны рэжым, зноў барацьба, зноў рабунак з боку паноў, беспрацоўе і адмаўленне нават у праве на мову. Забастоўкі ўспыхвалі і ў Гродні. У 1936 г.— на ўсіх прадпрыемствах.

І 1939 год... А пасля зноў вайна, партызаншчына, падполле. Звычайная гісторыя незвычайнага беларускага горада, па вуліцах якога мы зараз і пойдзем.

Давайце на гэты раз пачнём ад сучаснай прамысловасці. На правым беразе Нёмана, блізка да цэнтра горада, высяцца карпусы тонкасуконнага камбіната. У іншыя рэспублікі адсюль адпраўляюць амаль дваццаць відаў ваўняных тканін.

Гродзенская бавоўнапрадзільная фабрыка — гэта баваўняная пража для трыкатажных і ткацкіх фабрык (у 1969 г. дасягнула праектнай магутнасці — 11 250 т). Ёсць у Гродні два скураныя заводы і абутковая фабрыка. Шмат харчовых прадпрыемстваў. Цыгарэты і папяросы адпраўляюць адсюль амаль у сто сорак гарадоў СССР. Робяць тут добрую мэблю, шкло і іншыя тавары.

Нітка Дашаўскага газаправода прыводзіць урэшце да самага галоўнага гродзенскага прадпрыемства, Гродзенскага хімічнага камбіната, створанага ў 1970 г. на базе азотнатукавага і капралактамавага заводаў. Калі вы ўгнойваеце аміячнай салетрай калгасны лён, кветнік пад сваімі вокнамі — магчыма, што яна гродзенская. Калі бацькі вашы на ферме падгадоўваюць худобу карбамідам (мачавінай), сінтэтычным рэчывам, што змяшчае азот,— карбамід можа быць гродзенскай вытворчасці. Ну, і яшчэ аміячная вада, таксама ўгнаенне, толькі вадкае, і серная кіслата, і азотная кіслата, і капралактам, з якога робяць капронавае валакно.

Існуе тут завод карданных валаў. Калі ёсць у вас знаёмы шафёр вялікагрузнай машыны тыпу МАЗ, КрАЗ, ЗІЛ і ў яго здарылася няшчасце — «паляцеў» карданны вал — можаце быць амаль упэўнены, што ваш вадзіцель заменіць яго валам з горада на Нёмане.

Што яшчэ? Ну, скажам, заводы аўтамабільных агрэгатаў, гандлёвага машынабудавання.

Горад бурна расце. А значыць яму неабходна вытворчасць будаўнічых матэрыялаў. Таму ўзнікаюць заводы зборнага жалезабетону, жалезабетонных канструкцый, буйны домабудаўнічы камбінат.

Або давайце прагледзім шлях ствала дрэва. Вось яго прывезлі на Гродзенскі дрэваапрацоўчы камбінат, пасля прадукцыю камбіната — на мэблевую фабрыку. І ў новым доме з’яўляецца гродзенская мэбля, а ў дзіцячым кутку — цацкі з гродзенскай фабрыкі.

Як бачыце, амаль усё сваё.

У горадзе добра збераглася старая частка з вузкімі вуліцамі і сівымі мурамі.

Горад зялёны. Тут больш чым ва ўсіх беларускіх гарадах плюшчу і вінаграду на сценах. Вуліцы старога горада разбягаюцца радыусамі, з-за муроў глядзяць купы дрэў, і ў іхняй зелені вельмі прыгожа выглядае чырвоная чарапіца, абмытая дажджом.

Тут ёсць што паглядзець. Ад доміка, дзе жыла славутая польская пісьменніца Эліза Ажэшка, і да старажытных будынін.

У горадзе адзіны ў рэспубліцы заапарк (пабудову вялізнага сучаснага парку ў Мінску яшчэ толькі праектуюць), якому каля 50 год. Заснаваў яго фактычна гродзенскі аматар прыроды Каханоўскі. Зараз у ім каля ста пяцідзесяці відаў жывёл.

Ну і давайце паблукаем па старым горадзе, бо тут, як нідзе, збеглася гэтая самая старажытнасць, геній нашых продкаў. У цэнтры горада, як я казаў, будынак не самы стары. Гэта замак Баторыя, у якім зараз музей. Больш як 100 тыс. экспанатаў. У бібліятэцы — больш за 25 тыс. кніг. У экспазіцыі — працы даўніх майстроў, побыт нашых продкаў, старыя кнігі, манеты XVI—XVII стст., граматы XVI—XVIII стст., зброя XIV—XIX стст., унікальная мэбля, партрэты, этнаграфія, археалагічныя экспанаты. Тут можна хадзіць гадзінамі і глядзець то на трохсотгадовае крэсла з рэльефам — крыху карыкатурным — панскай п’янкі, выразанай на спінцы; то на прадметы побыту нершанасельнікаў, то нават на кубак М. Агінскага, дзядзькі славутага аўтара «Паланезу», які таксама быў кампазітарам і, у дадатак да таго — вялікім літоўскім гетманам.

На ганку музея — гарматы, у свой час патопленыя Пятром І, калі ён вымушан быў адступаць ад Гродна.

Іх паднялі з дна Нёмана. Але цікавей за ўсё сам двор. Яго і замак абкружае яр, зарослы волатамі-дрэвамі. Праз яр у браму вядзе скляпеністы мост. Па краі стромы, што аддзяляе двор ад Нёмана,— рэшткі муроў старога, яшчэ Вітаўтавага замка. Цяжкія брылы нічым не ўпрыгожанага каменя. І тут жа, пад каўпакамі, два збудаванні, якія наводзяць на роздум. Рэшткі Прыдворнай, Ніжняй царквы, першай каменнай пабудовы Гародні, цёмныя, глыбока пагружаныя ў зямлю. І... курная хата, якую руплівым працаўнікам музея ўдалося недзе адшукаць і перавезці сюды. Закуранае чорнае бярвенне, малыя вокны. Бярлог, а не хата.

Дзівіцца тут, урэшце, няма чаго. Бываюць сем’і, у якіх нібы адвеку закладзена кансерватыўнасць. Дырэктар саўгаса «Мала-Мажэйкава» калісьці расказваў мне, што ў іх сяле была такая хата і ў ёй... жыў чалавек. Саўгас вельмі багаты, з развітай эканомікай. Усе хаты, як званы, набудавана шмат новых цагляных дамоў, і адна- і двухпавярховых. А тут жыве стары дзед у ледзь не двухсотгадовай хаце, прычым курнай, і не хоча нікуды ісці. Хата новая яму пабудавана — ну, псуе ж твар вёскі тая халупа, хай сабе і з моцнага калісь дрэва! — амаль кожны дзень яго ледзь не на каленях моляць, сын, палкоўнік, і лісты пісаў, і прыязджаў.

Але — адзін адказ: «Тут здаравей, прывык за свой век, а як толькі заходжу ў новую, у мяне адразу галава пачынае балець».

Тады дырэктар у глыбокай тайне дамовіўся з трактарыстам, каб той, у час, калі дзеда не будзе ў хаце, «незнарок» зачапіў трактарам рог. Той і зачапіў: «Ненаўмысна, дзед, дальбог, выпадкова, каб мне вочы вылезлі, незнарок — ну вось грошы на!» (Грошы, ясна, былі дырэктаравы.)

Дзед кляў так, што палова вёскі сабралася: «Зачапіў, каб цябе так за рэбры чаплялі; знёс, каб цябе так з машынай тваёй з моста знесла; села хата на кут, каб цябе так на покуць ніколі не садзілі і толькі раз галавою паклалі»12 — ну і г. д. Таямніцу яму адкрылі толькі тады, калі ён не толькі прывык да новай хаты, але і нахваліцца ёю не мог. Тут трэба, дарэчы, заўважыць, што яшчэ да параўнальна нядаўняга часу на Беларусі лаянкі амаль не ведалі, а замест яе існавалі вось такія «кленічы». Бывалі такія майстры-імправізатары, што і не хацеў бы, а спынішся паслухаць сварку. Вынаходлівасць у параўнаннях — незвычайная.

...Калі глянуць з замчышча ўніз па плыні Нёмана — убачыш за Гараднічанкай, над стромай, маленькую цэркаўку ў шатах векавых дрэў. Тры сценкі яе каменныя, а тая, што над Нёманам,— драўляная. Чацвёртая сцяна была пашкоджана ў войнах сярэдневякоўя, пасля — у Шведскую вайну, а пасля, у час небывала высокай паводкі, упала з падмытым берагам у раку. Бераг умацавалі, а сцяну зрабілі драўляную.

Гэты будынак — адзін з найвялікшых шэдэўраў дойлідства старажытных славян. Каложская царква (XII ст.).

Мы здымалі фільм. Увайшлі ўнутр. Нічога. Цесны ход на неіснуючыя хоры. Белыя муры і ў іх плямы галаснікоў-збаноў, умураваных у кладку. Для рэзанансу. Я ўспомніў летапісны факт, што, калі царкву пабудавалі, гародзенцы папрасілі дазволу «пагукаць і пасвістаць» у ёй, «ці галасна?». Свістаць я не стаў, бо свістаць у васьмісотгадовых будынках — гэта забыцца на сумленне. Вырашыў праспяваць нешта старое. І заспяваў «На цвярдыню тваю мы ўпаваем». У мяне звычайны голас, як кажуць — «някепскі для сярэдняга». Больш-менш верны хіба што. Але тут ён гучаў так, што ва ўсіх аж мурашкі па спіне пабеглі. Нібы той Шаляпін! А што было б, каб тут заспяваў ён?

«Галасна», ой, «галасна»!

Здымаць было цяжка. Бо з дрэва якраз «сонечны» бок будынка, а на каменныя бакі сонца падае толькі ў доўгія дні, на захадзе. Кладка муроў тут незвычайна раскошная. У іх устаўлены плоскай формы рознакаляровыя валуны, зялёныя, чырвоныя з палосамі, густа карычневыя, сінія, усякія. І яшчэ ромбы, квадраты, крыжы з маёлікі. Каб змыць пыл і зрабіць больш бліскучай паверхню, мы аблілі муры вадой.

І тут на іх упала сонца! Што тут было! На маёліцы і валунах успыхнулі аранжавыя, ружовыя, чырвоныя, зеленавата-сінія туманныя вясёлкі. Перад намі стаяла нешта, што было стократ яскравей паўліна.

Каменная райская птушка! І ўся яна нібы зыбілася, зіхацела, плыла ў паветры, выцягвалася ў неба.

У XVII—XVIII стст. магутна ўскінула каменныя хвалі франтонаў і мачты сваіх званіц барока. Той, хто не бачыў Гродзенскага фарнага, комплекса манастыра Брыгітак або францысканскага касцёла за Нёманам — уяўленне таго ад нашага захаду заўсёды будзе няпоўнае. А «лямус» — драўляны будынак з XVII ст. у двары Брыгітак. Першы паверх для маёмасці, другі — інтэрнат. І вакол арачныя галерэі. І паўсюль — ніводнага цвіка, толькі ўсечкі і драўляныя кліны. Той, хто прыедзе сюды,— не пашкадуе.

 

«ВЯЛІКІЯ» МАЛЫЯ ГАРАДКІ

...А што ж мне расказаць вам пра невялікія, а то і проста малыя гарады і гарадкі Беларусі. Іх жа сотні, а расказаць, хоць пра некаторыя, трэба: тут жыве вялікі працэнт насельніцтва. Таму выбіраю самыя, на мой погляд, цікавыя і рамантычныя, і тыя, што маюць сваё непаўторнае, ні на што іншае не падобнае аблічча. Ну і яшчэ тыя, што чамусьці мацней за ўсё ўразілі мяне і таму зараз асабліва дарагія мне. Таму выбіраю, што проста здолею лепей пра іх расказаць.

Навагрудак, як яго чамусьці, на польскі манер, называюць (а мясцовыя людзі кіламетраў на семдзесят у наваколлі называюць Наваградак, і гэта бліжэй да старадаўняга Ноўгарадка), ляжыць на Навагрудскім узвышшы. Хвалістая зямля, узгоркі і рознакаляровыя палі на іх. Там, дзе ўзвышша рэзка спадае да Нёмана, яно пасечана ярамі. Вышыні Навагрудскія адны з самых высокіх на Беларусі. Таму тут заўсёды на некалькі градусаў халадней. Наша экспедыцыя была аднойчы здзіўлена, калі, прыехаўшы з Баранавіч у Навагрудак (нейкія кіламетраў 70—80), «трапілі ў восень»: сапсавалася надвор’е і жоўтай лістоты было разы ў чатыры болей, чым у наваколлі.

Гэты горад быў калісьці сталіцай княства Літоўскага.

Яшчэ здалёк відаць Навагрудскае гарадзішча, а на ім два «зубы», абгрызеныя часам вежы. Чорныя, злёгку ў чырвонае, як прыпалены чыгун. Ад княскага замка засталося мала. Вежы моцна пашкоджаны стагоддзямі. А іх мінула ажно сем. І ўсё адно здзіўляюць фрагменты жылой вежы (12 м па фасадзе, нізкая брама, і, на вока, метраў 20 вышыні). Калі залезці наверх, вядома, з вяроўкамі і рызыкай — відаць на многія і многія кіламетры вакол. Але і знізу, у ясную пагоду відаць званіцу ў вёсцы Турэц (30 км). А унь азярцо Літоўка. Згодна паданню, тут разбілі крыжакаў, і гэта гісторыя легла ў аснову паэмы Міцкевіча «Гражына». А унь злева «Курган Міцкевіча». Сем год прысылалі на яго зямлю з усіх куткоў Заходняй Беларусі, Польшчы і Заходняй Украіны (1924— 1931 гг.). І насыпалі. Па жменьцы, без усякай механізацыі.

Паглядзіш уніз — галава закружыцца,— а там дужа стары касцёл, у якім вянчаўся князь Літоўскі, а потым польскі кароль Ягайла і ў якім хрысцілі Міцкевіча. Назад глянеш — а там домік — музей Міцкевіча, адноўлены з руін. Увогуле, тут усё-ўсё звязана з імем вялікага паэта gente albarutenus natione polonus13. Непадалёк адсюль, у фальварку Завоссе, стаіць яму абеліск, тут ён правёў дзяцінства і юнацтва, тут стрэў першае каханне. І дагэтуль шуміць у Туганавічах альтанка з ліп над няшчасным гэтым каханнем. Тут ляжыць у лесе велічэзны валун. «Камень філарэтаў», ля якога паэт сядзеў сярод членаў вальналюбнай грамады. І гэта мясцовыя песні, казанні, паданні нарадзілі на свет яго паэзію, сюжэты, рытм, песеннасць. Сюды ён увесь час цягнуўся з чужыны: «Нёман, рэчка мая радзінная, празрыстаю плынню ты абмываў мне, малому, далоні», «Айчына мілая, Літва, ты як здароўе. Той табою даражыць, як сваёй крывёю, хто страціў цябе». Тут жылі яго героі: князь Мешка і Гражына і пан Тадэвуш.

І тут ляжыць возера Свіцязь, апетае ім. Векавыя дубы вакол, рэдкія сітнягі, вада невераемнай чысціні, пясчанае дно з рэдкімі рознакаляровымі каменьчыкамі. У возера дзве галоўныя загадкі.

Першая — гістарычна-казачная. У горадзе, што стаяў тут, засталіся адны жанчыны. Скарыстаўшыся адсутнасцю мужчын, на горад напалі шматлікія ворагі. Жанчыны секліся смела, але сталі знемагаць.

І тады яны пачалі маліцца, і горад праваліўся, і зрабілася возера. Другая загадка — рэальная. Ёсць водарасць тэтрадыніюм яванікум. То вось, расце яна, акрамя трапічных азёр Явы і Суматры, толькі... у Свіцязі, на другім канцы зямлі. Чаму? А хто ведае! Акадэміі свету, мабыць, далі б вялікую ўзнагароду таму, хто вырашыў бы гэтае складанае пытанне. Немцы ў час вайны выдзіралі яе кошкамі для сваіх шпіталяў. Раны, кажуць, зажывалі намнога хутчэй. Трэба было б зрабіць аналізы... Цяпер Свіцязь — ландшафтны запаведнік. Рыбу, калі ласка, лаві, але толькі вудай. І добра!

Чаму ў нас так многа «гарадоў на дне азёр»? Ну што ж, на Беларусі, як і ўсюды, ёсць вапнякі, а значыць, яны вымываюцца вадой, а значыць, магчымы і карставыя з’явы, правалы. Можа, некаторыя з азёр і атрымаліся так, можа, на месцы некаторых і стаялі будовы. Астатняе зрабіла неўтаймаваная народная фантазія. Ва ўсякім разе, гэта вельмі прыгожа.

...Ціхая даліна Шчары. Песцяць вока зялёныя лагі, узгоркі, лясы. І на беразе, як цацка, Слонім. Сямісотгадовы юнак. Чыстая вада з зялёнымі косамі водарасцяў, што звіваюцца ад хуткасці плыні, амывае яго, бягуць угору і ўніз маляўнічыя вулачкі, бялеюць вежы. Галоўным чынам беларускае барока XVI — XVII стст., але не вычварнае і раскошнае, а простае і строгае. Мясцовы густ.

Тут найлепшы мясцовы музей ва ўсёй Беларусі, музей, які не саступіць і абласному. Прынамсі, ён быў такі, пакуль жыў яго заснавальнік і дырэктар на працягу дзесяткаў год М. Стаброўскі. Пры апошнім наведванні музей мне спадабаўся менш. Экспазіцыя горшая, некаторыя вельмі цікавыя рэчы ў запасніку, а менш цікавыя занялі іх месца.

Прамысловасць тут, галоўным чынам, харчовая, лёгкая (ільнозавод, фабрыкі тэкстыльная і мастацкіх вырабаў) і металаапрацоўчая.

А вакол колькі ўсяго! Канал, пабудаваны дзядзькам кампазітара Агінскага, цікавы папярова-кардонны камбінат у Альберціне, унікальная ў сваёй прыгажосці і суровасці не толькі на Беларусі, але і ва ўсёй Еўропе царква-крэпасць у Сынкавічах, такая сумнаадлучаная ад усяго сярод масіваў яблыневых садоў. І комплекс былога уніяцкага манастыра ў Жыровічах (XVII ст.) з неацэнным сваім жывапісам.

...Або Нясвіж. Славуты тым, што гэта горад-помнік. Уявіце сабе цяністыя вуліцы, на якіх не рэдкасць барочныя дамы XVII—XVIII стст., будынак друкарні, у якой славуты беларускі асветнік Сымон Будны выдаў у 1562 годзе свой «Катэхізіс», плошчу, на якой стаіць велічная ратуша, абкружаная гандлёвымі радамі, іншыя комплексы старажытных будынкаў. Горад быў рэзідэнцыяй акаталічанага (а затым, значыць, і апалячанага141) старажытнага беларуска-літоўскага роду князёў Радзівілаў. Шмат тут было (калі забыць аб горшым) набудавана, выдадзена кніг, напісана карцін, сабрана археалагічных і гістарычных матэрыялаў! Розныя яны былі людзі — князі: і тыраны-самадуры, якія маглі дараваць свайму гайдуку словы накшталт: «Князь сёння п'яны, як свіння, з’явіўся, а каб напіўся ягоны чалавек, то яго б павесіў» — дараваць таму, што «праўда», і прызначыць яго сяржантам — і, адначасова, павесіць слугу, бо той хацеў быць заўсёды на віду ў князя. Былі й дзівакі. Адзін захацеў пракаціцца ўлетку на санках, і вось з солі была насыпана дарога, па якой імчалі сані, запрэжаныя мядзведзямі. Гэта прыводзяць як прыклад жудаснага марнатраўства сродкаў сялянскіх. Але, праўда, пасля панскае пацехі ўсё наваколле запаслося дарагой соллю на шмат год. Сваіх саляных капальняў на Беларусі тады не было, соль прывозілі з Польшчы, з Вялічкі, і выдавалі нават здабытчыкам па два з паловай фунты на месяц.

Сустракаліся і такія, што з’яўляючыся людзьмі сярэдневякоўя, для якіх катоўня і шыбеніца — звыклая справа, у той жа час рабілі карыснае: адкрывалі друкарні, школы, калегіумы. Мікалай Сіротка аддаў нясвіжскім мяшчанам бясплатна сядзібы, вінакурні, піўныя заводы і г. д. пры ўмове штогадовага ўзносу на бальніцу і школы (1586 г.).

Я расказаў вам аб гэтым проста таму, што хацеў на жывым прыкладзе паказаць, якія формы меў часам на Беларусі феадалізм. Вось такі ён быў, з самадурствам, з натурамі, якія ўпыну не мелі, якіх разбэсціла неабмежаваная ўлада.

У замку была багатая кунсткамера з рэдкімі творамі мастацтва, арсенал з калекцыяй шчытоў, рыцарскіх даспехаў, стрэльбаў і іншага, былі масіўныя і вялізныя статуі апосталаў са срэбра, зліткі срэбра і золата, каштоўныя каменні, якім не было цаны, калекцыі манет, бібліятэка з 20 000 тамоў на розных мовах (у тым ліку і на беларускай), партрэтны зал з партрэтамі, абразамі і карцінамі, архіў з незлічонай колькасцю гістарычных дакументаў па Беларусі і Польшчы. Усё гэта, амаль усё, было вывезена за межы Беларусі: часткова яшчэ пры падзеле Польшчы, часткова падчас шматлікіх пераваротаў, акупацый і войнаў.

Замак Радзівілаў ляжыць у баку ад горада, між азёр. Да яго вядзе дамба, і ўваход на гэтую дамбу запірае фарны касцёл (XVI ст., дойлід Бернардоні) з прыгожымі роспісамі ўнутры. І сам замак з унутраным дваром, брамай, гожымі фасадамі, вежамі і вялікім паркам — адзін з лепшых палацава-замкавых комплексаў і шэдэўр беларускага паркабудаўніцтва.

Але я загаварыўся. А пра ўсе вартыя слова беларускія гарады не раскажаш. Што выбраць? Аб чым сказаць? Аб Пінску з яго велічным сярэдневяковым гмахам калегіума, з яго багатай гісторыяй; аб тым, як біліся тут пінскія гараджане і сяляне — а на чале іх стаяў Нябаба, эмісар Багдана Хмяльніцкага — з панамі, біліся да апошняга чалавека, так што згарэла 5000 дамоў і загінула 14 000 чалавек. Аб пінскіх зялёных набярэжных, ці аб яго старажытных барокавых шэдэўрах, роўных якім цяжка знайсці. Мур ля вуліцы. Звешваюцца праз яго кроны ліпаў, а ўнізе мура кладка XII ст. Адкуль? А хто яго ведае, што тут было?

Ці пра «міні-Кіеў» Мазыр вам расказаць? Ці пра Оршу з яе легендамі, з парогамі на Дняпры і ільнокамбінатам, які выпускае адны з найлепшых ільняных тканін у свеце? Пра Оршу, дзе стаіць помнік «кацюшам», якія ў вайну далі тут першы залп.

Ці, можа, пра Рагачоў, дзе зелень і гарадзішчы, і галаваломныя ўрвішчы над Дняпром, і вісяць на іх кронамі ўніз скурчаныя сосны, і дрэмле шыпшына на курганах, і ззяюць тэрыконы ракушак?

Або пра Гальшаны на Ашмяншчыне з замкам XVI ст. і касцёлам 1618 г. І як я, распрануўшыся, каб вопратка, збіўшыся на шыю, не задушыла, слізгаў падземным лазам і знайшоў яйкападобную цямніцу (пасля мы расчысцілі ход у яе, і цяпер туды можа зайсці кожны).

Ці пра малыя Варняны Астравецкага раёна — адзін з першых узораў вясковай забудовы па плану. Будавалі ў XVIII ст. Дужа тут прыгожа. Асабліва чырвоная вежа на востраве, увянчаная буслінымі гнёздамі.

Або маленькі Мір, такі маленькі, што замак XVI ст., крывава-белы, з вежамі, як скалы, здаецца большы за яго, асабліва калі падвойваецца ў вадзе става. Адзін з самых гожых замкаў, якія мне даводзілася бачыць. Мір, дзе калісь адбываліся выбары цыганскага караля, які і жыў тут. Пасля «каралі» абралі «рэзідэнцыю» на паўночным захадзе Беларусі. Цяпер кароль усіх цыганоў жыве, здаецца, у Венгрыі (да вайны, прынамсі, жыў), але вярхоўны цыганскі суддзя (для вырашэння спрэчак між цыганамі) і дагэтуль стала жыве ў Беларусі. У чэрвені 1969 года мне давялося бачыць тое, што, мабыць, не бачыў ніхто з пісьменнікаў. Шляхі завялі мяне ў маленькае мястэчка Давыд-Гарадок, што над ракой Гарынню, на Палессі. Цудоўнае, дарэчы, мястэчка. Занятак жыхароў — кветкі. Зямлі няшмат, бо летнія повені часта заліваюць наваколле. Таму кожны сухі лапік — пад ружы, ляўконі, мацыёлу, пахучы гарошак, вяргіні, каны, кручаныя панічы (грамафончыкі), астры, махровую шыпшыну і тысячы-тысячы іншых гатункаў. Насеннем, клубнямі, кветкамі гандлююць аж да Сібіры, і таму на кожнай хаце знак сонца, а самыя хаты шалеюць, задыхаюцца ў акіяне красак.

То вось там бачыў я «гадавую» па вярхоўным цыганскім суддзі. Прыехаў ён сюды разбіраць нейкую справу, кінуўся ратаваць тонучую беларускую дзяўчыну-падлетка і ўтапіўся сам. Сабраліся з усіх канцоў Беларусі: і вучоныя, і майстры з заводаў, і вандроўныя цыганы. Трызну загадзя падрыхтавалі на могілках, у баку ад магіл, ад той, з надпісам: «Базылевіч Гарасім Ігнатавіч 1928—1968» (у нашых цыганоў беларускія прозвішчы). Купілі шмат бараноў, трох свіней, дзвесце штук курэй ну і іншае да таго.

І вось ішлі. Цэлая гурма. Намісты, хвалі сукенак. Усё яркае, як крыху прыглушаны попелам жар.

Мора медзі, мора чырвані і сіні. А над усім гэтым — мора сонца, так што аж не верылася ў канец жыцця. Вялі гладкага, як змяя, гнядога каня.

— З канём сфатаграфуй. Яго конь. Калі ласка, з канём.

І як праводзілі суддзю пад шатром. Бо ў якой бы хаце ці нават кватэры цыган ні жыў, а праводзяць яго ў краіну Цыганію пад шатром.

І на гэтым я скончу, не паспеўшы расказаць і тысячнай часткі таго дзіўнага, што бачылі мае вочы на беларускіх дарогах і ў беларускіх гарадах.

 

ПРАЗ ДЫМ СТАГОДДЗЯЎ

 

НАЗАД ДА КІЕЎСКАЙ РУСІ

Старажытныя грэкі лічылі, што спачатку быў залаты век — і ўсё было добра, нават бяссмерце існавала, пасля наступіў срэбны — трохі горшы, пасля медны — яшчэ горай, а пасля надыдзе жалезны — і вось ужо тады зусім дрэнь справа.

На Беларусі чамусьці было не так: палеаліт (старажытнакаменны век), неаліт (новы каменны), бронзавы век і ўрэшце век жалезны. Ды, здаецца, так яно было і на ўсім свеце, калі не верыць, вядома, у Атлантыду.

І самы горшы з іх быў самы першы.

На Беларусі паўсюль — сляды гэтых вякоў.

Калісьці ў дзяцінстве я зрабіў злачын — вінаваты, але, па маладосці, заслугоўваю спагады — з такімі ж шыбайгаловамі раскапаў па Дняпры курган. Шкілет быў чырвонага колеру, ляжаў скурчаны на баку. Пры каленях стаяў гаршчок і ляжаў пярсцёнак з нейкіх металічных зёрнаў. Чэрап быў на чатыры маіх галавы, а сківіца налазіла далёка на вушы. Пасля, каму я ні расказваў, усе казалі, што гэта археалагічнае адкрыццё. Пахавальнае месца кагосьці, хто раней на тэрыторыі тутэйшай заўважаны не быў. Адкрыццё тое загінула з-за мяне, дурня. Менавіта таму і не трэба нікому, акрамя вучоных, капаць курганы. Я дагэтуль невук у археалогіі і таму раскажу пра археалогію толькі ў самых агульных рысах, ды раскажу сёе-тое, што мне ўдалося бачыць на ўласныя вочы. А гэта нямала. Бо куды б тут ні пайшоў — паўсюль сляды. Курганы над Дняпром і Свіцяззю, дробны россып чарапкоў выступае пасля дажджу на паверхні гарадзішчаў. Едзеш на Ушачы, сядае сонца, і раптам заўважаеш тысячы паўкруглых ценяў. Іх кідаюць напаўсцёртыя курганы, парослыя мачтавымі соснамі. І цягнуцца гэтыя могілкі на кіламетры. І нават на цяністых ушацкіх могілках свежыя магілы часам выкапаны на верхавінах вялізных былых курганоў. Іх называюць капцамі, часам валатоўкамі, бо паўсюль у нас існавала паданне аб волатах, якія загінулі, баронячы гэтую зямлю. А некаторыя проста спяць пад гэтымі валатоўкамі, пакуль не прыйдзе час вялікай бяды і іх не паклічуць.

Мяркуюць, з вялікай доляй пэўнасці, што чалавек жыў у нас ужо ў сярэдні палеаліт, у эпоху мусцье. У той час ледавік праходзіў па вярхоўях Дняпра, а Беларусь была суцэльнай тундрай, па якой блукалі зарослыя поўсцю насарогі, крочылі маманты, і пячорныя леў і мядзведзь палявалі за дзікімі коньмі. У чалавека (неандэртальца) быў супраць іх востраканечнік з крэменя і агонь, дар лёсу, бо жытла, якое ратуе ад холаду, тады яшчэ будаваць не ўмелі, а прыдатных натуральных пячор у нас на Беларусі няма.

Верхні палеаліт (40 тыс. г.—10 тыс. г. да н. э.) прынёс аседласць, штучныя жыллёвыя пабудовы і аб'яднанне людзей у вялікія орды. Іначай нельга было, скажам, загнаць маманта ў яр. Поўнасцю вывучаны дзве стаянкі гэтых людзей, абедзве на Гомельшчыне. Знайшлі вуголле, расшчэпленыя крамяні, косці маманта (тут іх забілі 40—45 галоў), а таксама дзікага каня, быка, насарога, мядзведзя, ваўка, вадзянога пацука, сусліка, пугача. Елі тады ўсё. Знайшлі унікальнае жыллё, збудаванае з чарапоў, костак і біўняў маманта. Унутры быў ачаг і нават ямы-сховішчы.

Сярэдні каменны век, мезаліт, гэта перш за ўсё лук і стрэлы. Ранейшыя жывёлы ці вымерлі, ці былі выбіты, ці адступілі за ледавіком. З’явіліся сучасныя: зубр, алень, лось, дзік, буры мядзведзь, бабёр. Каб паляваць на іх, не патрэбна была арда, і яна распалася на дробныя групы, а то і на сем’і. Хто пайшоў за мамантам, які адступаў за тундраю на поўнач, хто застаўся. Менавіта ў мезаліце тэрыторыя Беларусі была спрэс заселеная. Стаянак таго часу дужа многа.

А пасля быў неаліт. Гэта значыць, жывёлагадоўля і земляробства. І пачынаюць ужо шліфаваць краі сякер, і ўжо на драўляны човен, выдлубаны з бервяна, трэба толькі 10—12 дзён. Расцём, чалавецтва! І замест прымітыўнага абгарэлага «шашлыка»—«суп» у гліняным посудзе. І жывём не як-небудзь, а ва ўтульнай зямлянцы ці нават у надземным жытле.

Але праслаўляць за гэткі прагрэс чалавека, біць у яго гонар у барабаны лёгка на паперы. Увесь гэты шлях мы апісалі на адной старонцы. Продку нашаму на гэты шлях спатрэбілася 25 тысяч год.

Калі весці размову аб прамысловасці, то яна таксама нарадзілася ў той час. І гэта не перабольшанне. Ля Ваўкавыска, пад мястэчкам Рось ёсць пасёлак Краснасельскі. Год пяцьдзесят назад у мясцовых крэйдавых горах архітэктар і археолаг 3. Шміт выявіў і налічыў каля тысячы шахт. Канец неаліта. Значыць, шахтам па здабычы крэменю пяць тысяч год! Касцянымі матыкамі, рагавымі капалкамі капалі ствалы шахт. Знаходзілі жылу — пачыналі дзяўбці штрэк. Вузкі — 0,5—1 м. І паўзлі, працуючы. Часам на 20 м у даўжыню. Задыхаючыся ад дыму, бо святло было ад вогнішчаў. З дня ў дзень, бо гэта быў іх хлеб і той хлеб, які ўсё Панямонне здабывала прыладамі, зробленымі з Краснасельскага крэменю.

Прыйшла бронза, але крэменю не выціснула з ужытку і яна. Ён быў заўжды пад нагамі, а волава і медзі на Беларусі няма. Каменная сякера ў гэты час робіцца больш дасканалая, паліраваная. Вось такая, як зараз перада мной — шэра-белая, гладкая, насаджаная на, вядома, сучасную рукаяць. Як цацка.

Не буду чытаць вам лекцый аб сярэднедняпроўскай, сасніцкай, тшынецкай палескай культуры, культуры шнуравой керамікі. Як і аб культуры наступнага, жалезнага веку, які паставіў плямёны беларускай тэрыторыі ў роўныя правы з іншымі, бо ўжо чаго-чаго, а балотнай руды тут хапала. Значную частку ядраў для Крымскай кампаніі нават у сярэдзіне XIX ст. паставіў завод Храптовіча ў Вішневе.

Жалезны век — гэта рала, запрэжаная двума быкамі саха, серп, сякера, а значыць, і лясное, падсечнае земляробства. Гэта жыта, проса, пшаніца, гарох, авёс, віка, а калі так, то і развіццё жывёлагадоўлі.

І, адначасова, гэта накапленне багацця, гэта сутычкі між групамі, радамі, плямёнамі. Бедная роўнасць памірала. Нараджалася царства несправядлівасці. На тысячы і тысячы год. Гэтая чума ўкрыла зямлю восыпкай гарадзішч. Набегі, пажары, войны, свары з-за пашаў.

І потым брат на брата, сват на свата, сын на бацьку... «І род на род і племя паўста». Жалеза перш за ўсё ўжылі як меч, а не як серп. Што ж дзіўнага? Хірасіма таксама была раней за першую атамную электрастанцыю.

Плямёны, культуры, роды зноў аб’ядноўваліся, асімілявалі суседнія, узбуйняліся. Яны цяснілі, змянялі адны адных на будучай беларускай зямлі. Культуры: лужыцкая, паморская, мілаградская. Штрыхаванай керамікі, зарубінецкая, днепрадзвінская. Хто яны былі, гэтыя людзі,— цяжка сказаць. Тут прыходзіць на дапамогу такі аддзел навукі аб мове, як гідраніміка, навука аб назвах рэк і азёр. Ясна, што прышэльцы не будуць прыдумваць для ракі сваёй назвы (часцей за ўсё). Яны спытаюць аб ёй у мясцовых плямён і пакінуць іхнюю назву, нават калі яна незразумелая. Таму мы часта і не можам растлумачыць назвы нашых рэк. Што такое, сапраўды, «Волга», «Дняпро», «Нёман»? Толькі ў сярэдзіне 1 тыс. н.э. пачынаюць з’яўляцца гідранімы славянскія. Значыць, славяне прыйшлі. А хто быў да іх? Аналіз назваў і археалогія паказалі, напрыклад, што на значнай частцы тых земляў, дзе пасля стварылася руская галіна славян, сядзелі, асіміляваныя славянамі, уграфіны. Астраўкі іх засталіся і зараз сярод рускага насельніцтва. На самай справе, нават рака Масква, на якой узнік вялікі горад, па адным з тлумачэнняў азначае «цёмная вада» (ад ляснога ценю і ад таго, што цячэ з лясных азёр і балот). Адзін комі, дачуўшыся пра гэту тэорыю, прывёў мне і свой прыклад — пельмені. І праўда, улюбёнае блюда рускіх людзей перакладаецца з пярмяцкага: пель — вуха і нянь — хлеб, «вушны хлеб». Толькі прыклад быў няўдалы. У часы прыходу славян аб пельменях, мабыць, і чуткі не было. Гэта куды больш позняе запазычанне, хаця таксама з угра-фінскай мовы.

А тэрыторыя Беларусі да сярэдзіны 1 тыс. н. э. была этнічна дужа аднародная. Тут сядзелі балты, плямёны, блізкія сучасным літоўцам. Яны і пакінулі ў спадчыну нам свае гідранімы, а самі не пайшлі і не былі выбіты, а проста змяшаліся з прышэльцамі. І формы чарапоў ужо ў курганах ХІ—XIII стст.— славянскіх, даўніх — пацвердзілі гэта.

«Не ідзі да паноў на гулянку — косткамі закідаюць». Таму я і не стану гаварыць пра ўсе культуры, што мяняліся тут, пра іхнюю кераміку (хаця, на мой погляд, самая прыгожая — чорная, нібы закураная і адлакіраваная,— кераміка паморская), пра тое, ці продкі славян людзі зарубінецкай культуры і, адсюль, ці не з’яўляюцца прарадзімай славян мясцовасці па Верхняму і Сярэдняму Прыдняпроўю (дзе зараз поўдзень Віцебскай, Магілёўская, Гомельская і Кіеўская вобласці, Парэчча Прыпяці з яе прытокамі і мясцовасці па Дзясне). «Паны»— археолагі і самі спрачаюцца аж да чубоў, а ўжо чужога закідаюць косткамі, хай сабе і курганнымі. Ад іх таксама баліць.

Ва ўсякім разе, пятнаццаць стагоддзяў назад тут, на нашай зямлі, ужо сядзелі славяне.

Самым раннім славянскім гарадзішчам на тэрыторыі Беларусі лічыцца Хатомель, што пад Столінам (VI—XII стст.). На Украіне ёсць таксама тагачасныя славянскія пасяленні (на цяперашнюю тэрыторыю РСФСР славяне прыйшлі і аселі на ёй значна пазней). Мне пашчасціла пабываць на Хатомельскім гарадзішчы.

Рэдкія там вёскі, але, як кажуць, меткія. У вёсцы Рубель 1800 двароў —«Гэто ж наш Кітай» (мясцовы жарт). Ад гэтай вёскі я спачатку ехаў машынай, пасля ішоў пешшу праз мокры луг і балота. Летнія аблокі, гарачыня, грузнуць ногі — ясна, што ў часы першых славян тут была непраходная дрыгва. Падплысці можна было толькі Гарынню, а цяпер і яна пайшла адсюль, пакінуўшы ля ўзвышша старыцу. Там, дзе балота і ракі няма,— падвойныя валы і рвы. Тады на валах былі драўляныя клеці, засыпаныя пяском. Цяпер — нічога. Валы параслі хмызамі, на месцы селішча — жыта. Сіне-зялёны лес на гарызонце, ды ямы на месцы раскопаў. Бязлюддзе. Усё аплыло. А якое вірлівае, буянае жыццё кіпела тут калісь...

Ішоў адтуль па кладках і праваліўся. Праз пару кіламетраў мужыкі перасцілаюць мост. Адзін:

— О, цяпер саўсем як нашы людэ па нагах.

— І нашае гразі з сабой крыху ўвязэце,— смяецца баба.

І я смяюся ў адказ. Спрадвечныя тутэйшыя людзі. Нашчадкі тых... І значыць, нішто марна не прапала на зямлі.

І ненавідзелі яны, як мы, і кахалі, і ставілі добрым бацькам каменныя надмагільныя піраміды на берагах возера Бяздоннага. І нам пакінулі сваю справу.

Плямёны тыя пад уплывам старонняй небяспекі ператвараюцца ў той даўні час у племянныя саюзы. Некалькі такіх саюзаў склаліся на тэрыторыі Беларусі: крывічы, дрыгавічы, радзімічы і драўляне (паўночная галіна гэтага племя). Плямёны і сапраўды былі дужа адасобленыя. Палянін лічыў, што драўляне «жывуць, як дзікія звяры», і наадварот. Трэба думаць, што аб’ядноўвала іх агульнасць мовы (з нязначнымі дыялектнымі адхіленнямі, скажам, як цяпер у жыхара Піншчыны і жыхара Полаччыны), агульнасць гандлёвых мясцін і агульнасць асноўных багоў, а напэўна, і агульнасць свяцілішчаў. Ідалаў знаходзяць досыць рэдка. Каменных. А яны пераважна былі драўляныя. Дый знішчылі іх многа. Самы славуты, з-пад Супрасля, быў вывезены. Але і зараз у многіх музеях глядзяць на нас іх каменныя вочы.

 

ПРАДЗЯРЖАВА І ЯЕ ЛЮД

Усё цягнула плямёны да яднання. І ворагі, і мова, і нават галоўная гандлёвая артэрыя — шлях «з варагаў у грэкі». Таму пачатак свядомай гісторыі будучых украінцаў, рускіх, беларусаў — адзіная дзяржава, Кіеўская Русь. Таму не буду я асабліва гаварыць пра гэты перыяд. Вучылі ж вы гісторыю СССР. Ведаеце, што тры Сафіі, тры сястры стаялі ў зямлі палян (Кіеў), зямлі крывічоў (Полацк) і зямлі славенаў (Ноўгарад), ведаеце, якія былі князі, як і з кім ваявалі. Ведаеце нават, што ў нас агульныя помнікі літаратуры, напрыклад, «Слова аб палку Ігаравым», і хто скажа, дзе нарадзіўся ягоны аўтар? У Ноўгарадзе? Але яшчэ А. Кіркор і У. Сыракомля ў мінулым стагоддзі спрачаліся наконт крывіцкіх і дрыгавічанскіх элементаў у «Слове». Ясна адно, што аўтар «Слова» быў чалавек дужа бывалы. Да дробязяў ведаў тапаграфію ўсёй Кіеўскай Русі, аж да таго, што маці Божая Пірагошчая ў Кіеве стаіць над Борычавым узвозам і што ў Мінску цячэ невялічкая рэчка Няміга.

Для абароны ад сквапнага чужынца складалася гэтая агульная наша прадзяржава. І яшчэ больш умацавала яе прыняцце хрысціянства, а з ім і пашырэнне пісьменнасці, прычым не толькі сярод знаці, а і сярод народа. Калі раскопвалі Бярэсце (я ўжо казаў аб гэтым), знайшлі не толькі зрубы, маставыя з бярвення і іншае — прычым зберагліся яны куды лепей, нават чым у Ноўгарадзе,— а і такую, напрыклад, рэч, як грабеньчык, на якім былі выразаны літары кірылаўскай азбукі. Або ўспомнім берасцяную віцебскую грамату.

І, аднак, хрысціянства на тэрыторыі Беларусі доўга і ўпарта не прымалі. Магчыма, ненавідзячы асабіста князя Уладзіміра, што спаліў Полацк, забіў князя Рагвалода з сям’ёю, дачку ягоную ўзяў за сябе, а пасля, калі прывёз нявесту з Візантыі (з высокіх дзяржаўных меркаванняў), выселіў Рагнеду ў Ізяслаўль («вал Рагнеды», або «Гарыславы» паказваюць у Заслаўі і сёння). А можа, змагаліся за незалежнасць хатніх ачагоў, памяталі, што ваявода Воўчы Хвост учыніў разню ў зямлі радзімічаў; след гэтай разні збярогся ў бессэнсоўнай, на першы погляд, дражнілцы: «мсціслаўцы-недасекі (нашчадкі тых, каго не забілі) ваўчынага хваста баяцца». А можа, праяўляўся і кансерватызм. Рэшткі язычаскіх вераванняў былі на Беларусі жывучыя, як нідзе. Нават у канцы XVIII ст. адзін свяшчэннік даносіў у кансісторыю, што сяляне адной вёскі таемна трымаюць нейкага ідала.

І ўсё ж паўсюль пачалі трапляцца карчагі з надпісамі на баках, вераценныя прасліцы,— надпісы тут часам не дужа пісьменныя, напрыклад: «бабино прясльнец» замест «прясльице»,— каменныя надпісныя крыжы і іконы, а то і камяні — помнікі эпіграфікі. Проста ў вадзе Дзвіны ля Полацка ляжыць камень з надпісам: «Господі помозі рабу своему Борісу». Або на камені, што ляжыць на полі ля Коханава: «В лето 6679 (1171 г.) месяца мая в 7 день доспен (высечаны) крест сий; господи помози рабу своему Василию в крещении именем Рогволоду, сыну Борису». Бачыў я такія камяні. Дзіўны настрой ахоплівае ля іх чалавека, пачуццё прыналежнасці да гісторыі.

І ўсё ж дарэмна некаторыя лічаць, што пісьменнасць распаўсюджана была шырока. Спасылаюцца на бяросту «От Степана кь Нежилови. Оже еси продал порты (адзенне), а купи ми жита за 6 гривень. А ли цего еси не продаль, а посли мне лицемь (гатоўкаю). А ли еси продаль, а добро сътворя у купи ми жита». Кажуць, вось мужык, вось недарод, бедны, а пісьменны. Нішто сабе бедны, калі мае адзення на продаж больш як на 6 грыўняў. На 6 грыўняў тады можна было наняць чатырох наймічак тэрмінам на 6 год. Усё ж, мабыць, пісьменныя былі найбольш людзі грашавітыя.

Бяднейшыя жылі ў маладых яшчэ гарадах ці па вёсках, займаліся рамяством або аралі зямлю. Сеялі жыта, пшаніцу, ячмень, авёс, грэчку (глупства гэта, што завезлі яе ў Еўропу арабы ў XV ст.; знаходзяць на Беларусі, скажам, у Гродні, зерні грэчкі значна ранейшага часу, дый сама назва звязана з «грэцкім жытам», з Візантыяй), боб, лён, гарох, каноплі. Палявалі, лавілі рыбу, выдзіралі пчаліныя борці. А вярхушка, вядома, ваявала, правіла, чыніла суд, жыла на дзядзінцы ў дамах, дзе муры распісаны былі шматкаляровымі фрэскамі, піла з прывазнога іранскага фаянсавага посуду ці са свайго, шклянога, гуляла ў шахматы (знойдзены фігуры), мела нават забаўкі, якія проста прыкрашалі дом.

У гэты час з’явіліся першыя пісьменнікі. Літаратура, створаная імі, гэта яшчэ рэлігійная, царкоўная літаратура: жыція святых, паломніцкія падарожжы, царкоўныя казані. Але паглядзіце, як жыва гучыць, напрыклад, апісанне вясны ў Кірылы Тураўскага (XII ст.): «Сёння сонца красуяся да вышыні ўсходзіць і красуяся зямлю агравае... Сёння... скончылася зіма і лёд... растаяў... Цяпер вясна красуецца, ажыўляючы прыроду зямную; бурныя ветры, ціха павяваючы, плады цалуюць, і зямля, гадуючы насенне, нараджае зялёную траву... Сёння навароджаныя ягняты... скачуць і, хутка да матак сваіх вяртаючыся, весяляцца. Сёння дрэвы парасткі выпускаюць і кветкі водарныя працвітаюць, і вось ужо сады струменяць салодкі пах... Сёння ўсе добрагалосныя птушкі... весяляцца... і, сваю кожная спяваючы песню, славяць бога нямоўчнымі галасамі». Праўда, зусім як майскі вечар, калі адпачываюць людзі на прызбе ля хаты. Сады цвітуць. Дзеці бегаюць і кідаюць шапкамі ў хрушчоў або калоцяць іх з дрэў. Гэта і тады было так.

 

І ПАЎСТАЎ РОД НА РОД І ПЛЕМЯ НА ПЛЕМЯ

Жукі і кветкі і дзеці былі такія самыя. Не такі быў толькі час. Час, калі дзяліліся людзі на смердаў і лепшых людзей, калі асветніца і, магчыма, самая разумная жанчына эпохі, Ефрасіння Полацкая, радасна, не бачачы ў гэтым ахвяры, ішла ў манастыр, калі, урэшце, пачаўся феадальны разброд, войны, у якіх адзін славянін павінен быў забіваць другога славяніна...

Страшна чытаць тагачасныя летапісы. Няма сваяка, бацькі, друга, брата — ёсць прэтэндэнты на ўладу. Князі грызуцца, як псы. Гэтым карыстаюцца ворагі. Міцкевіч піша пра гэты час:

 

Тым часам Мешка ў княскім замку седзеў:

Рвуць край правадыры,

а з-за мяжы — суседзі.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

І адбіваўся стогн, што енчыў люд падданы,

Ад гарадскіх муроў, ад вежаў, ад паркана,

Калі ж і далятаў да княжаскага вуха,

То князь ім пагарджаў ці краем вуха слухаў.

(«Мешка, князь Наваградскі».— пераклад мой.— Ул. К.)

 

Былі ў гэтай барацьбе, што праўда, і свае героі, свае рыцары. Пра двух, што дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі, гаворыць аўтар «Слова». Адзін — Ізяслаў сын Васількоў, які, пазваніўшы мячамі аб літоўскія шаломы, нерухома ўлёгся на крывавай траве, і па якім так сумна плакалі гародзенскія трубы.

Другі і ўвогуле асоба фантастычная, асоба-міф. Па дзёрзкасці, па здатнасці ўладна ўзяць рукамі ўдачу і не адпускасць яе. І вось што дзіўна. Усяслаў Полацкі шмат разоў ваяваў і з Ноўгарадам і з Кіевам, а аўтар «Слова» чамусьці не асуджае яго і толькі моліць яго нашчадкаў кінуць сваркі і ўсобіцы, каб вярнулася магутная слава Усяслава. Чаму? Можа, таму, што людзям заўсёды быў па сэрцы смелы, удатны, вясёлы, сказаў бы я, авантурызм добрага толку. Той, калі ў прыгодах не шукаюць для сябе асабістай выгады, калі чалавек таленавіты нават у недахопах. Па-здрадніцку ўзялі ў палон, кінулі ў цямніцу, а кіяўляне падчас паўстання вызвалілі яго, пасадзілі на «стол». Здавалася б, веліч, слава, сіла, ды яшчэ ў спалучэнні з мужнасцю, з талентам не абы-якога дзяржаўнага дзеяча. А ён у гэтай славе, у бязмерна багатым Кіеве... чуе, як ударылі званы Сафіі Полацкай. Мабыць, бачыць лясы, занесены снегам пасад, чуе ваўчынае выццё за весніцамі вёсак, лёд у вёдрах і калматы цень, што калыхаецца на сцяне.

І нічога ўжо яму не трэба. І ён скача лютым зверам «в плъночи из Белаграда... отвори врата Новуграду, разшибе славу Ярославу, скочи влъком до Немиги...».

Чарадзей. У ваўка можа ператварацца. З яго, мабыць, і пайшла цалкам даставерная («усё праўда») здольнасць найбольш спрытных і здольных беларусаў нібыта перакідацца ў ваўкалакаў, па сваёй ахвоце ператварацца з чалавека ў ваўка і наадварот.

 

ЛІТВА. БЕЛАЯ РУСЬ

Насоўвалася бяда. З аднаго боку крыжакі, з другога — татара-мангольская навала.

І што з таго, што ад татар паўночна-заходнім, беларускім княствам удалося адбіцца, што ў першай бітве пад Крутагор’ем татарская цьма пабегла ад мячоў войска, якім кіравалі Скірмунт і Ракутовіч, што ад Слуцка іх адбіў Слуцкі князь, ад Крычава бязведамны Іванка, хутчэй за ўсё нават просталюдзін. Краіна знемагла. Вядома, на баку літоўцаў, па гэтай прычыне, была ваенная сіла, але затое яны і княствы беларускай тэрыторыі былі добра азнаёмлены адзін з адным.

Яднанне ўласна літоўскіх земляў (Жэмайціі і Аўкштайціі) з землямі беларускімі стала гістарычнай неабходнасцю. Рускія княствы былі захоплены татарамі, якія былі страшнай пагрозай для княстваў паўночна-заходняй Русі. З поўначы і Беларусі і Літве пагражаў Лівонскі ордэн, з захаду пагражаў тэўтонскі — страшная пагроза самаму існаванню як літоўцаў, так і славян.

Без яднання было не жыць. Без яднання заставалася толькі адно: знікнуць, згінуць, не пакінуўшы нават імя на твары зямным.

Дальнабачлівыя людзі з Беларусі, якія прагнулі спакою і парадку для пашматаванай, абяскроўленай роднай зямлі, не памыліліся. Нічога новага літоўцы не ўнеслі, акрамя жыццёва патрэбнай моцнай вярхоўнай улады, нічога не змянілі. Наадварот, праводзілі палітыку цярпімасці, асядалі на новай зямлі, жаніліся на славянках, прымалі хрысціянства. Ужо ў другім-трэцім пакаленні старабеларуская мова стала іхняй мовай, мовай суда, мовай дзяржаўных актаў. Як пазней мова стараўкраінская стала на поўную моц гучаць у актах, складзеных дзе-небудзь пад Кіевам. Урэшце, дзяліць адну ад другой у той час яшчэ цяжкавата. Была, праўда, розніца ў гаворках, але, мабыць, і не болей.

Яны, нешматлікія, растварыліся ў славянскім моры ва ўсіх мясцінах, куды прыйшлі. І толькі на землях, адкуль яны былі родам (у Жэмайціі і Аўкштайціі) засталася (і то пераважна сярод сялян, мяшчан і часткі дробнай шляхты) жывая літоўская мова. Як балгары прынеслі склавінам і антам толькі назву будучай дзяржавы, так і літоўцы: «Літва», «Вялікае княства Літоўскае».

На стварэнні Вялікага княства Літоўскага беларусы нічога не страцілі, хутчэй прыдбалі. Прынамсі, на першы час, да уніі. Пазбавіліся жудаснага татарскага і крыжацкага рабства, якое сушыла самы дух, збераглі кнігу, навуку, родную мову ў судзе і дзяржаўных установах, законы на роднай мове і, прытым, больш дасканалыя, чым у многіх суседзяў.

Стварыўся баявы саюз, федэрацыя розных народаў.

У гэтай федэрацыі пачала складвацца ў XIII ст. асобная беларуская мова і сам беларускі народ.

Па тагачасных кнігах пра гэта не заўсёды скажаш. Чаму? Бо людзі тады пісалі па традыцыі, і таму на пісьме гэтыя новыя асаблівасці нашай мовы амаль не праяўляліся. Кніга не адлюстроўвала праўдзівага стану мовы. Мы ведаем, што людзі ўжо так гаварылі — толькі па іх досыць частых апісках ды па свяшчэнных кнігах беларускіх татар «Аль-Кітабах», якія пісаліся па-старабеларуску, але арабскім шрыфтам. А арабскі шрыфт мае літары дз і мяккае ц і іншае, і таму дае магчымасць аднавіць фанетыку беларускай мовы ў тыя часы, дае ключ да чытання кніг і рукапісаў, пісаных кірыліцай.

Увогуле ж усходнеславянскія народы пісалі тады амаль аднолькава, хаця гаварылі па-рознаму. Таму аддзяліць нашы тагачасныя літаратуры вельмі цяжка. Хто такія былі славутыя друкары браты Мамонічы, што выдалі ў XVI ст. столькі кніг і для Беларусі і для Украіны? Хто быў Мялеці Сматрыцкі, пісьменнік і грамадскі дзеяч (1572—1630 гг.), што нарадзіўся на Падоллі, а вучыўся і працаваў у Вільні? Гэтага амаль немагчыма вызначыць. Гэта толькі зрэдку ў тыя гады і нават часам пазней можна было вызначыць, што вось друкар-асветнік Францішак Скарына і паэт Сімяон Полацкі — беларусы, а, скажам, Іван Вішанскі — украінец, Пятро Мсціславец — беларус, і, хутчэй за ўсё, або вучань, або вучань вучня Скарыны, а Іван Фёдараў — рускі. Хіба друк з Беларусі не перакінуўся ў дзяржаву Маскоўскую, а адтуль — калі фанатыкі спалілі друкарню Фёдарава і Мсціслаўца — назад, на Беларусь, разам з уцекачамі, а пасля — на Украіну. Хіба палымяная публіцыстыка Вішанскага, яго пякучы сарказм не далятаў на Беларусь, хіба яго тут прагна не чыталі? А хіба Сімяон Полацкі не вучыўся ў Кіева-Магілянскай Акадэміі? Хіба кнігі Скарыны не ведалі на Украіне і ў Расіі?

 

НЯЗМЕРНА ЦЯЖКІЯ ЧАСЫ

З цягам часу ўсё больш і больш праяўляюцца дзве плыні. Першая — рост феадальных павіннасцяў і ўрэшце канчатковае заняволенне значнай часткі беларускага сялянства. Другая — узмацненне барацьбы між каталіцызмам і праваслаўем на землях беларускіх.

Першае ішло ад таго, што дзяржава рабілася гандлёвай, што ў Заходняй Еўропе бурна развівалася прамысловасць, і там узрастаў попыт на пяньку, лён, хлеб, лес. Магнаты павялічвалі плошчу палёў, патрэбны былі рукі. У 1557 годзе была праведзена рэформа так званай «валочнай памеры». Зямлю падзялілі на «валокі» (21,3 га), за кожнай валокай замацавалі «дым», адну гаспадарку. За карыстанне валокай, адпаведна якасці і колькасці (можна было мець і больш за валоку зямлі, «дым» адрабляў пэўныя павіннасці. На захад пацягнуліся абозы, паплылі караблі з плёнам сялянскіх рук. Раскоша пануючых усё ўзрастала. Ніводны сучасны чалавек не згадзіўся б жыць так, як жыў нейкі там Наваградскі князь у пачатку XIII ст. Вільготныя голыя муры, камяніцы, лавы, укрытыя шкурамі, ложак — рэдкасць, грубыя сталы, некалькі крэслаў, іконы, пара скрыняў,— і што з таго, што на стайні шмат коней, што ў куфрах трапляюцца срэбныя рэчы, што вопратка з каштоўных футраў... А пасля — унутры муроў і веж — палац, у якім сцены абабіты шоўкам, мэбля — аксамітам, вярхі веж — ліставым золатам. На чалавеку парча, пярсцёнкі коштам у гадавую працу вёскі, залатыя ланцугі з медальёнамі, зброя, усыпаная каменнямі, якім няма цаны. За прамысловасць, за ўзбагачэнне, за раскошу плаціць мужык. Але не толькі плаціць, але і паўстае.

...У той жа час пачаліся сутычкі паміж католікамі і праваслаўнымі. Тэўтонскі ордэн усё яшчэ пагражаў, рабіўся мацнейшы. Трэба было шукаць з кімсьці саюзу. Народ, мяшчане, купецтва былі за саюз з Масквой. Блізкія мовы, адна вера. Але Масква ў той час яшчэ плаціла дань татарам. Нават пасля Кулікова поля, аж да «стаяння на Угры» (1480 г.), калі да Івана ІІІ падыходзілі падмацаванні, а да хана Ахмата не падышла падмога ад караля Літвы і Польшчы Казіміра IV, не падышла, дарэчы, таму, што супраць караля ўзняўся бунт беларускіх праваслаўных князёў: дапамогшы Маскве, самі яны паплаціліся галовамі, а край яшчэ больш падпаў пад уплыў каталіцызму.

Дык вось, значная частка магнацтва лічыла, што Масква далёка, а ордэн блізка, і трэба заключыць саюз з Польшчай, а значыць, і прымаць тую самую веру, што там. А тут яшчэ й бунты, змовы, нават буйныя, беларускіх праваслаўных феадалаў (змова М. Глінскага, з узяццем Турава і Мазыра, нападам на Слуцкія і Капыльскія землі —1506 г.).

Так з Польшчай у замку Крэва ў 1385 г. была заключана унія. Папа падтрымліваў караля Ягайлу і ўзяў з яго слова перавесці ў каталіцтва беларусаў і ўкраінцаў. Унія дапамагла зваліць крыжакаў, але яна ж нарадзіла стагоддзі барацьбы ўкраінцаў і беларусаў з акаталічваннем і была адной з прычын, якая ўрэшце прывяла да заняпаду, а пасля і да падзення Польшчы. Бачыце, як яно ў гісторыі — торгні нават за самую нязначную, здавалася б, нітку, і неадменна яно адгукнецца. Не сёння, дык праз трыста год.

Думка аб уніі, як на добрых людзей, дык была і някепская. Нашто, сапраўды, рэзаць адзін аднаго за тое, што казак Підапрыгара і магілёўскі мешчанін Раман Дзевачка хрысцяцца двума пальцамі, а шляхцюк Пшыпшэцкі — пяццю. Глупства! Але за вонкава добрай ідэяй рэлігійнага міру,— дбаннем ваўкоў, што стаялі над народамі,— людзей паўсюль чакала рабства, зняверанне, страта мовы, прагная лютасць блізкіх і далёкіх суседзяў.

Змаганне было лютае з абодвух бакоў і часам ледзь не пераходзіла ў рэлігійную вайну. І гэта не быў фанатызм. Беларус не фанатык, і нават у той час яго адносіны з небам былі досыць фамільярнымі і іранічна сяброўскімі. Вось дужа старая легенда. Сустрэліся дзве бабы:

— Куды ідзеш, кума?

— Іду ў касцёл закупіць імшу (абедню) на свайго лютара (аспіда, змея, каіна,— маецца на ўвазе муж).

— Ды ты, кума, глядзі не памыліся, не закупі імшы ў пана Езуса; яны мужыкі, гады, усе аднолькавыя — адзін за аднаго, як цыган за цыгана, цягнуць. Глядзі не памыліся ды закупі імшу ў маці боскай. Яна баба, яна ўсё зразумее.

Гэта быў не фанатызм, гэтыя сутычкі і гарадскія бойкі, а абарона чалавечай годнасці.

Грунвальд знішчыў агульнага ворага славян, але ў княстве ўсё і далей ішло па-ранейшаму. Занадта далёка зайшлі. Панства было на тры чвэрці акаталічана, ганарылася «вышэйшай культурай» (а між тым, судзілася, нават у Польшчы, законамі, пісанымі па-беларуску), звала сялян быдлам. Барацьба цягнулася.

Кіраўніцтва гэтай барацьбой узялі на сябе брацтвы. У брацтва плацілі ўзносы і шляхціц і селянін (прычым, унутры брацтва першы не быў вышэй за другога). Яны будавалі друкарні, клапаціліся аб асвеце, заводзілі для дзяцей школы на роднай мове, падтрымлівалі прапаведнікаў і пісьменнікаў, якія стаялі за іх. Так спляліся ў адно эканоміка, рэлігія, мовы (шляхціц-эксплуататар, католік, найчасцей «паляк»; селянін і гараджанін — прыгнечаны, праваслаўны, «беларус»). Але былі праваслаўныя шляхціцы і католікі-сяляне.

І вось народ, раздзёрты на дзве паловы, зубамі рваў брата па крыві.

Адны марылі голадам — другія паўставалі. У гэтыя гады асабліва ўзмацнела дружба між Украінай і Беларуссю. Нашы сяляне тысячамі ўцякалі на Сеч. Усім вядома, што нянавісць просталюдзіна да чужынца-пана вылілася на Украіне ў такі заядлы рух, як казацкі, што скончыўся патрасеннем Рэчы Паспалітай і адпадзеннем Украіны. На Беларусі такога не было. Не было такой вайсковай арганізацыі, як Сеч, што «трэніравалася» валодаць шабляй, рушніцай, воінскім строем на крымчаках, што заўсёды была пры зброі, заўсёды магла выбухнуць бунтам — паспрабуй толькі яе зачапі. Беларус быў у той час звычайны «грэчкасей», рамеснік ці купец. Яму не было куды ўцячы і гадамі рыхтавацца да воінскай прафесіі, да сур’ёзнай барацьбы. Але гэтыя тысячы ўцекачоў на Запарожжа ўлівалі ў жылы казацтва нямала свежай крыві, ваявалі смела, часта выслугоўваліся да палкоўнікаў (Міхал Крычаўскі і інш.). Але як толькі на Беларусі пачыналася паўстанне — казацкія загоны прыходзілі на дапамогу. І любы выбух на Украіне аддаваўся пажарам на Беларусі. Кінуць сілы, а ў тыле панскіх войск успыхвае сялянскі рух. Вось некалькі прыкладаў.

1590 г. Атаман Мацюшка Гультай напаў на Магілёў. Ягоны загон аброс сялянамі, як снежны камяк.

Маёнткі і палацы былі выпалены. Атрад узяў Быхаў і выбіў там растаўшчыкоў, арандатараў і шляхту.

1595 г., кастрычнік. Тысяча Севярына Налівайкі прыходзіць на Беларусь, знянацку бярэ Слуцк, а ў ім здабычу, зброю і 12 гармат. Праз некалькі дзён у Налівайкі ўжо дзве тысячы коннікаў і пяхоты. Каля Слуцка яны рассейваюць гарматным агнём шляхецкае войска. Прыціхлыя было пасля «Мацюшынай вайны», сялянскія бунты зноў успыхваюць «аж да Мінска». 30 лістапада 1595 г. узяты Магілёў, пабіты «баяры і ўчцівыя людзі», выпалены «крамы з вялікімі скарбамі».

У сярэдзіне снежня падыходзіць гетман літоўскі, у яго 18 000 войска. Паўстанцы адбіваюцца. З лагера, пасля, агрызаючыся, адыходзяць. Ім няма чаго губляць, б’юцца яны шалёна. Ясна, што ісці за паўстанцамі няма карысці. Налівайка бярэ Рэчыцу, ідзе на Пінск і з дзвюма тысячамі войска адыходзіць на Украіну.

1601—1602 гг. Тое самае з атрадам Дубіны. Напад на Віцебск. Шляхце і гарадскім «лепшым людзям» удаецца захапіць у палон Дубіну і яго паплечнікаў — казакаў і сялян,— вывесці на «Заручайскія валатоўкі» і там пасадзіць на кол.

Бунт за бунтам. 1584 год — паўстанне ў Полацку. Не хацелі грэгарыянскага календара, па якім зараз жывём мы, «бо ён каталіцкі». Грамілі панскія дамы.

1606 г. Польская інтэрвенцыя ў Масковіі. Патрэбны грошы. Прэс падаткаў цісне, як ніколі. Гарадская рада Магілёва так злоўжывала сваім становішчам, так крыўдзіла народ, што горад паўстаў, разагнаў раду і заняў ратушу. Кіраваў паўстанцамі рамеснік Стахор Мітковіч. Новыя раднікі — каваль, кравец, збраяр, ганчар, чабатар, калачнік. Чатыры гады цягнулася барацьба. У 1610 годзе Сігізмунд ІІІ задушыў паўстанне. Кіраўнікоў павесілі на Ільінскай гары.

1616 — пад Глускам сяляне разбілі полк пана Сянкевіча.

1623 — паўстаў Віцебск. Біскуп Іясафат Кунцэвіч, сілком насаджаючы «вунію», кідаў людзей у турмы, выкопваў трупы праваслаўных з магіл і кідаў сабакам, рабаваў, ездзіў па ўсім наваколлі, зачыняючы цэрквы. Аршанцы не пусцілі яго, ледзь не ўтапілі ў Дняпры. Магілёў запёр брамы, выцягнуў на вал гарматы і сказаў, каб «душахват» каціўся адсюль, калі не хоча атрымаць пяціфунтовае ядро ніжэй спіны. Асаблівай патрэбы ў такім набытку біскуп, па ўсяму відаць, не адчуваў, бо зматаў вуды.

12 лістапада 1623 года чаша перапоўнілася. Ударыў набат. Жыхары Віцебска і добраахвотнікі з Оршы, Полацка, Вільні і Магілёва, а таксама сяляне навакольных вёсак перабілі біскупскую гвардыю, уварваліся ў дом Кунцэвіча, знявечылі і забілі біскупа, працягнулі труп за ногі па горадзе і кінулі ў Дзвіну. Прыйшло войска. Паляцелі галовы ў дваццаці ўдзельнікаў паўстання.

 

БЕЛАРУСКІЯ ГУМАНІСТЫ

Як вы заўважылі, паўставалі пераважна гарады. Горад, «паветра якога робіць вольным», асабліва адчуваў на сабе феадальныя ланцугі. Менавіта ў ім нараджалася беларускае Адраджэнне, гуманізм, пісьменнасць, філасофія, літаратура.

Самай выдатнай фігурай Адраджэння быў Францыск Скарына (каля 1490— і каля 1550 гг.), сын купца з Полацка. У чатырнаццаць год ён, дабраўшыся да Кракава, паступае там ва універсітэт. У 1506 г. атрымлівае ступень бакалаўра. Пасля няўтомны беларус дабіраецца да Італіі і там, у Падуанскім універсітэце, атрымоўвае ступень «у лекарскіх навуках доктара». У 1517 годзе Скарына ў Празе. Там ён пачынае сваю друкарскую дзейнасць: за тры гады выдае 22 кнігі «Бібліі», перакладзенай ім на беларускую мову. Гэта першы пераклад гэтай кнігі на жывую мову жывога народа. Пераклад Лютара на нямецкую мову дарэмна карыстаецца славай першага. Яго «Новы завет» з’явіўся толькі ў верасні 1522 года, а ўся «Біблія»— у 1534 годзе.

З 1525 года Скарына друкуе кнігі ў Вільні, якая на працягу многіх стагоддзяў была культурнай сталіцай Беларусі і Літвы. Тут выйшлі яго «Апостал» і «Малая падарожная кніжыца».

Гэтыя кнігі былі сродкам для пашырэння пісьменнасці, асветы, культуры. Яны даводзілі, што наша родная мова не горшая за іншыя. Скарына верна і аддана служыў свайму народу, быў гуманістам, адукаванейшым чалавекам свайго часу і змагаром за родную культуру і мову, мастаком (ёсць меркаванне, што гравюры для сваіх кніг ён рабіў сам, і гэтыя гравюры паказваюць славянскія сцэны, тыпы, вопратку, архітэктуру). У прадмовах да кожнай кнігі ён не стамляўся клікаць да ведаў, казаў, што нельга выкупіць грахі, ахвяруючы царкве, што не той хрысціянін, хто так завецца, а той, хто любіць людзей. Казаў, што трэба быць памяркоўным да ўсіх народаў і вер, бо ўсе маюць права на месца пад сонцам, а таму і мова беларуская нічым не горшая за латынь. У «Бібліі» Скарына бачыў крыніцу свецкіх ведаў, а пераклад яе стаў узорам беларускай літаратурнай мовы XVI ст. Прадмовы ягоныя і зараз чытаць дужа цікава. Аб мудрасці, якая ў кнізе «як ядро ўв арэху». Аб любві да радзімы: «Паколькі ад нараджэння звяры, хадзячыя ў пустыні, знаюць ямы свая, птушкі, лятаючыя па паветры, ведаюць гнёзды свая, рыбы, плаваючыя па моры і ў рэках, чуюць віры свая, пчолы і тым падобныя бароняць вулляў сваіх, такаж і людзі, ігдзе зрадзіліся і ўскормленыя суць па бозе,— да таго месца вялікую ласку імаюць».

Скарынава «Біблія» была на ўзбраенні брацтваў на Беларусі і Украіне. Нядаўна, напрыклад, адзін экземпляр яе знайшлі ў Ужгарадзе. Ясна, што чыталі.

Паслядоўнік Скарыны, беларус Пётр Мсціславец, разам з дзякам Іванам Фёдаравым праз некалькі дзесяткаў год выдаў у Маскве «Апостал». У 1574 г.— «Апостал» выходзіць у Львове. Выдаюцца кнігі ў Заблудаве, у Вільні ў друкарні Мамонічаў.

...З’яўляюцца новыя асветнікі, перакладчыкі кніг на родную мову, пісьменнікі, філосафы.

Такія, як Сымон Будны (1530—1593 гг.), аўтар асветніцкага беларускага «Катэхізіса», выкрывальнік распусты паноў і духавенства. Вось урыўкі з яго другога, парадыйнага «арыянскага катэхізма».

Пытанне. Яко мае жыці чалавек?

Адказ. Жыві, яка хочаш... А калі трапіш у пекла, дык не сам адзін, а з вялікім гуфам (атрадам), і будзе табе весела.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Пытанне. Што то ест імша?

Адказ. Імша ест то амерзлы богу парадак, у каторым папы другі раз Ісуса Хрыста крыжуюць.

Пытанне. Што то ест папеж (папа рымскі)?

Адказ. Папеж ест то антыхрыст белы; чорны бо ведае пекла, а гэты на сорам наш царквою правіць.

Буднага праследавалі, катавалі, здаралася яму і адракацца, як Галілею. Але і пасля адрачэння ён выдаў шмат кніг, перакладных і ўласных, у тым ліку гнеўную кнігу-пратэст супраць Варфаламееўскай ночы ў Францыі.

Васіль Цяпінскі (1540—1603 гг.), які адмаўляў тройцу і лічыў Хрыста звычайным чалавекам, казаў, што смяротны не мае права на ўладу над другім смяротным. Адмаўляў дзяржаўную ўладу і ўдзел у вайне (акрамя справядлівай, абарончай).

Цяпінскі пераклаў на беларускую мову і надрукаваў «Евангелле». Уклаў усю сваю ўбогую маетнасць на ўратаванне народа ад невуцтва, забабонаў, цемры.

Пісаліся сатырычныя «прамовы», якія парадзіравалі прамовы на сеймах («Прамова Мялешкі»), перакладныя аповесці і сказанні («Кніга аб Таўдале-рыцары», «Аповесць аб Троі», «Александрыя», «Трышчан і Ізота», «Гісторыя спраў Атылы»), пісаліся цікавыя хронікі. Ствараліся студэнтамі драмы з камічнымі народнымі ўстаўкамі, у якіх дзейнічае селянін, яго жонка, студыёзусы, лекар-шарлатан, маскаль, лях, яўрэй, чорт. Мужык заўсёды выходзіць тут сухі з вады, нават калі звяжацца з чортам.

З’явілася і паэзія свецкая. Вось верш Яна Пашкевіча аб «русчізне» — беларускай мове.

 

Полска квітнет лаціною,

Літва квітнет русчізною.

Без той в Полсце не пребудзеш,

Без сей в Літве блазном будзеш.

. . . . . . . . . . . . . . . .

Веселі ж се ты, Русіне,

Тва слава нікгды не згіне!

22. VIІІ 1621 г.

 

І, вядома, вяршыня старабеларускай паэзіі, Сімяон Полацкі (Самуіл Емяльянавіч Пятроўскі-Сітніяновіч — 1629 — 1680 гг.), паэт, публіцыст, драматург.

Вучыўся ён (з 1640 г. па 1650 г.) у Кіева-Магілянскай Акадэміі, пісаў вершы спачатку па-беларуску, «пісах вначале по языку тому, і же свойственный бе моему дому», часам по-польску і ўдзельнічаў у напісанні школьных драм у Кіеве. Пасля таго як вымушан быў пераехаць у Маскву — стаў роданачальнікам рускай паэзіі. Быў там выдатным асветнікам і педагогам. Заклаў асновы рускага вершаскладання, выпеставаў школу рускіх паэтаў (К. Істомін, П. Буслаеў, С. Мядзведзеў). Увёў у Маскве само паняцце «тэатр», пісаў п’есы. Ад іх пачынае хутка набіраць сілу руская драматургія. Спачатку, пры цары Аляксеі, пастаноўка асобных п’ес, а пры Пятру І — тэатр як такі. Гарачы паборнік свецкіх навук і збліжэння з прагрэсіўнымі сіламі Еўропы, ён падрыхтаваў глебу, на якой ужо не такімі дзіўнымі з’яўляліся спачатку думкі В. Галіцына аб тым, што нельга жыць, адгарадзіўшыся ад свету, а пасля і рэформы Пятра.

«Заходняя Русь,— як кажа вядомы вучоны І. М. Галянішчаў-Кутузаў15,— была месцам канцэнтрацыі ...перадатчыцай заходняй літаратуры (на Маскоўскую Русь.— У. К.) на працягу доўгага часу; яна была таксама лабараторыяй расійскага верша».

...Літаратура таго часу была сінкрэтычнай, непадзельнай ад грамадскай справы. І гістарычная літаратура, і допісы (г. зн. данясенні) памежных ваявод і старостаў, і летапісы, палемічная літаратура. І, ясна, што аўтары за тое, што занадта рэзка змешвалі пытанні рэлігіі, літаратуры і палітыкі, часта зазнавалі катаванняў, а то і смерці. Напрыклад, Афанасій Філіповіч (каля 1597—1648 гг.), палеміст, вораг магнатаў і абаронца простага люду, быў па абвінавачанні ў «пасыланне якіхось лістоў і порах да казакаў» Хмяльніцкага расстраляны гайдукамі ваяводы Масальскага ў лесе ля вёскі Гершоны. У ноч на 5 верасня 1648 года.

Усё гэта, усе гэтыя спрэчкі і нянавісць ясна казалі аб тым, што набліжаецца выбух.

 

СЯЛЯНСКАЯ ВАЙНА

...Так, ужо і сапраўды набліжаўся выбух, набліжалася Хмяльніччына. Яшчэ да яе зямля беларуская глуха здрыгалася. Бунты ішлі адзін за адным. Калі пасля бітвы пры Жоўтых Водах (6 мая 1648 г.) устала не толькі казацтва, але і ўкраінскае сялянства, украінскія гараджане — выбух адразу перакінуўся на Беларусь. Зямля запалала. Першы, летам 1648 г., нібы на разведку, прыбыў атрад шляхціца Галавацкага са Старадубскім апалчэннем. Загон гэты за колькі там дзён павялічыўся ў некалькі разоў, расшматаў панскае войска пад Гомелем і Брагіным і адышоў да Старадуба. Казакам стала ясна: ідзіце. Не толькі не будзе ніякага супраціўлення з боку беларускага народа. Наадварот. Кіньце ў гэтую атмасферу гневу і нянавісці адзін, хай сабе маленькі атрад — устануць палкі.

І пайшло. Праз пару месяцаў пачалі прыходзіць атрады. Нябаба, Міхненка, Крывашапка, Гаркуша, Мікуліцкі, Паддубскі і іншыя. Няма сумнення, што як сярод казакаў, так і сярод ватажкоў былі колішнія беларусы-ўцекачы, якіх цягнула на паняволеную радзіму.

Пад восень 1648 г. паўстала дзевяць дзесятых тэрыторыі Беларусі. Узніклі і чыста сялянскія мясцовыя войскі. Напрыклад, Мурашкі — на Міншчыне, дзе сяляне пабілі і разагналі войска Паца. Паны ўцякалі ў замкі і гарады, у Польшчу. Перад паўстанцамі адкрылі брамы Пінск, Брагін, Гомель, Лоеў. Вайна стала агульнанароднай, бо на тым раннім яе этапе ў шэрагі паўстанцаў уліліся праваслаўныя феадалы Беларусі, духавенства, гарадскія раднікі. Беларусь вызвалілася. І тут на лёсе паўстання адбілася тое, што ў яго не было галавы, якая б думала, што трэба ісці далей, дабіваць. Выгналі — і ладна. Панству ўдалося сабраць войска. Даведзеныя да поўнага адчаю і ярасці стратай улады і маёмасці, магчымасцю страціць жыццё, жахам і нянавісцю да гэтага народнага мора, яны былі вымушаны цяпер біцца, як ніколі датуль. На чале іх стаў польны гетман Януш Радзівіл, аб якім польскія гісторыкі кажуць, што ён «укрыў плямамі род Радзівілаў», дабаўляючы ў якасці няпэўнага суцяшэння «Ale nie tylko jeden Janusz» (але не толькі адзін Януш). Фарміруюць войскі. Наймаюць атрады шведаў, немцаў, венгерскую конніцу, швейцарскую пяхоту. Пачынаецца зацятая, апошняя барацьба. Разбіты Пац і Горскі, але казакаў і сялян адкінулі ад Слуцкай крэпасці. Паўсталі рамеснікі Пінска, перабіўшы паноў. Войска пад началам Мірскага рушыла на іх, і тады жыхары паклікалі на дапамогу навакольных мужыкоў і атрад Нябабы. Уцякач, войт Ельскі, паспрабаваў узяць горад сам, але паўстанцы, адступаючы, завабілі яго войска ў засаду, пад муры езуіцкага касцёла, расстралялі з бойніц, ударылі ў тыл, сцёрлі ў парашок. Узніклі завалы, барыкады. Жыхарам абяцалі літасць, калі яны выдадуць казакаў. «Згінем, але не выдадзім» — быў адказ. Пачаўся штурм, страшны сваёй лютасцю і бязлітаснасцю. Біліся муры, пасля — вуліцы, пасля — асобныя дамы. Горад тады падпалілі. Нябаба вырваўся з яго, але быў прыпёрты да дрыгвы. Загон ягоны біўся цэлы дзень і згінуў да апошняга чалавека.

А ў Пінску ўсё яшчэ ішлі сеча, разня і забойства, якое не літавала нікога. Згарэла 5000 дамоў, загінула больш за 3000 чалавек.

Панскае войска яшчэ раней разбілі пад Рэчыцай і Рагачовам, Гаркуша штурмаваў Быхаў. Палкі Паца былі разгромлены пад Ігуменам. У студзені жыхары Смалявіч біліся з двума нямецкімі палкамі Данавая і загінулі ў бітве. Але пасля сяляне і казакі знішчылі ля Мінска абодва палкі. Уцякло 20 наймітаў і Данавай з сынам. Не больш.

Усё войска Радзівіла рушыла на Тураў — Мазыр — Рэчыцу. Ім трэба было раздушыць Беларусь і пасля нанесці ўздоўж Дняпра ўдар у фланг і тыл Хмяльніцкага. Першы, пасля лютага супраціўлення, загінуў Тураў (ён і зараз невялічкае мястэчка, амаль вёска). Жыхары Мазыра не збаяліся і вырашылі стаяць насмерць: аблілі вадою валы і ператварылі іх у лёд, пабудавалі за мурамі яшчэ і ледзяныя барыкады. Доўга ішоў абстрэл горада. Ён запалаў. З усіх бакоў пайшлі на прыступ карнікі. Невялікі атрад Міхненкі і гараджане біліся з нязломнай мужнасцю, адбілі некалькі прыступаў. Але сілы былі няроўныя. Найміты і паны ўварваліся ў Мазыр. Зраненага Міхненку скінулі з самай высокай вежы на абледзянелыя камяні вала. Туды ж пайшлі тыя, хто прыдумаў «ледзяную крэпасць», мясцовыя верхаводы. Астатніх пасеклі шаблямі.

Валовіч быў разбіт казацкім і сялянскім атрадам Паддубскага пад Бабруйскам. Радзівіл папрасіў караля аб дапамозе і атрымаў ад яго 10 000 конніцы і пяхоты, а тады прыйшоў на дапамогу Валовічу. Здрада крочыць нават праз самыя высокія муры. Гарадская вярхушка ўпотай адкрыла браму. Абаронцы загінулі ў баі. Паддубскі быў пасаджаны на кол.

А пасля было перамір’е, якое панства выкарыстала для расправы. І, аднак, калі ў 1649 г. прыйшоў з казакамі Ілля Галота (у яго было 10 000 чалавек, а праз пару тыдняў ужо 30 000), разбіў Радзівіла — краіна зноў узнялася. Пасля прыйшоў Сцяпан Падбайла. А пасля на дапамогу яму рушыў з Украіны 15-тысячны атрад казакаў і беглых сялян, на чале якога стаяў асабісты сябар Багдана, адзін з лепшых яго военачальнікаў і блізкіх саратнікаў, беларус Міхал Крычаўскі, у той час пераяслаўскі і кіеўскі палкоўнік. Пачалася шматдзённая сеча. Спачатку ў полі, пасля за ляснымі засекамі. Прыкры выпадак дапамог амаль разбітаму Радзівілу: кавалерыя, пасланая ім адрэзаць Крычаўскаму шлях з Украіны (палкоўнік падмануў іх і абышоў), не знайшла яго, заблукала і... выйшла невядома як у левы фланг ватажка. Падбайлу, які спяшаўся на дапамогу, адкінулі да Дняпра. Уначы паўстанцам удалося таемна вылезці з завалаў і знікнуць праз лясы і балоты. Адзін маленькі атрад панству ўсё ж удалося дагнаць: тыя не маглі бегчы, везлі на возе ўсяго зраненага ва ўчарашняй сечы пераяслаўскага палкоўніка. Супраціўляліся шалёна. Крычаўскі, лежачы, страляў па нападаючых. Пасля выйшлі набоі, а казакі і сяляне, што біліся да апошняга, ляжалі вакол, пасечаныя. Здзіўлены смеласцю Міхала, Радзівіл прапанаваў яму пераход на службу. Крычаўскі плюнуў і раструшчыў сабе галаву ўдарам аб куты жалезам задок воза.

Яшчэ год, патанаючы ў крыві, успыхвалі паўстанні. Жыхары Гомеля, Мсціслаўля, Чачэрска, Прапойска і іншых гарадоў і ў 1651 годзе не далі Радзівілу прарвацца ў тыл Хмяльніцкаму, які наступаў. У ярасці гетман Літвы Януш Кішка сказаў: «Усіх беларусцаў і з існымі людзьмі перабіць». Запусцелі цэлыя вобласці, і толькі тады ўлетку Радзівілу, нарэшце, удалося ўварвацца на Украіну.

А пасля Берасцечка, Белацаркоўская ўмова, а потым вайна войск цара Аляксея з Польшчай. І ўсякае ліха, і шведскі патоп, і мір з Польшчай.

Гераізм гэтай сялянскай вайны і дагэтуль захапляе нас, але быў і адваротны бок медаля: спусташэнне, захірэнне гарадоў, здратаваныя палі. Што зробіш, па нашай прыказцы «бяда толькі рака красіць».

...Калі вы прыйдзеце ў Кіеве на плошчу перад Сафіяй і станеце перад помнікам Хмяльніцкаму — успомніце, дарэчы, не толькі тыя часы, але і тое, што помнік той рабіў беларус, Міхал Мікешын. Аўтарскі праект, які палічылі дарагім (літая мадэль яго ёсць у мінскім мастацкім музеі), прадугледжваў пад капытамі гетманскага каня пана і езуіта, а вакол п’едэстала постаці кабзара, рускага мужыка, казака і беларускага селяніна.

Па-мойму, усе яны заслужылі гэта права сваім гераізмам.

 

НАВАЛА. АБНАЎЛЕННЕ. ПАЎСТАННІ

Сувязі народаў не губляліся і праз мяжу, што падзяліла іх пасля Пераяслаўскай рады. Беларусь была прыдушана, але па-ранейшаму яе майстры высока цаніліся на будоўлях Масквы і Варшавы.

Па-ранейшаму здабывалі ў Кіеве асвету беларускія хлопцы, а напрыклад, такі з іх, як Тарасевіч, чалавек родам з-пад Глуска, пастрыгшыся на Украіне ў манахі, стаў у XVII ст. заснавальнікам украінскай графікі.

А Шведская вайна! Бітву пад Лясной, на Магілёўшчыне, дзе разбілі корпус Левенгаўпта, Пётр назваў «маці Палтаўскай перамогі». Мне давялося адным летам пабываць і там і там. І хаця зусім непадобныя былі маленькая лясная вёска і Палтава з велічнымі яе дамамі, зялёнымі вуліцамі і лілова-чорнымі ад раздушанай шаўковіцы тратуарамі. І хаця сціплае поле пад Лясной з невялікай капліцай і каменем на брацкіх могілках нічым не падобна да Палтаўскага поля з безліччу яго помнікаў — было тут і агульнае: успамін аб вялікай бядзе, кроў самаахвярнасці, уздых палёгкі, што бяду гэтую ўсё ж звалілі. Ідзеш па нашых землях, і вось паўсюль «шведскія камяні», «шведскія сосны» пад Любчай, сапраўдныя сведкі колішняй бітвы. І там жа ўрочышча «Калюгі» (калоліся штыкамі) і «Пярэстань» (бо зрабілі перамір’е).

...Спустошаная зямля паступова ажывала працаю простых людзей. Хаты, вядома, не прыкрашаліся, прыкрашаліся маёнткі. Узнікалі выключныя па прыгажосці палацавыя комплексы. Але ўжо і каля іх з’яўляліся мануфактуры і заводы, пакуль што яшчэ панскія, на прыгоннай працы. Мануфактуры Тызенгаўза ў Гродні, ліцейны завод Храптовіча ў Вішневе, суконныя і шкляныя фабрыкі, выганка дзёгцю, смалы, шкіпінару, выдатнае Урэцкае і Налібоцкае шкло, посуд з якога зараз цэніцца ледзь не на вагу золата. Мастацкае ткацтва, выраб дываноў, кераміка, мастацкія кафлі, неацэнны Целяханскі фаянс. І, вядома, вяршыня ўсяго: слуцкія тканыя паясы, шырокія, «літыя», з залатых, срэбных і шаўковых ніцяў. Затканыя ўзорам «пад персідскі», але ва ўзор гэты ўплятаюцца звычайныя нашы лісты і кветкі: валошкі, рамонкі, званочкі. Зараз такіх паясоў, зробленых у Слуцку, мала. Яны цэняцца на сантыметры. Кожны сантыметр каштуе шмат рублёў. Але справа не ў рублях. Золата гэтых паясоў — гэта золата рук сялянскіх ткачоў і ткачых. Паэт Багдановіч напісаў верш пра слуцкіх прыгонных ткачых. ‘

 

Ад родных ніў, ад роднай хаты

У панскі двор дзеля красы

Яны, бяздольныя, узяты

Ткаць залатыя паясы.

І цягам доўгія часіны,

Дзявочыя забыўшы сны,

Свае шырокія тканіны .

На лад персідскі ткуць яны.

А за сцяной смяецца поле,

Зіяе неба з-за акна,—

І думкі мкнуцца мімаволі

Туды, дзе расцвіла вясна;

Дзе блішча збожжа ў яснай далі,

Сінеюць міла васількі,

Халодным срэбрам ззяюць хвалі

Між гор ліючайся ракі;

Цямнее край зубчаты бора...

І тчэ, забыўшыся, рука,

Заміж персідскага узора,

Цвяток радзімы васілька.

 

Цягнуцца да неба гарадскія ратушы, бо нараджаецца новая сіла. Узнікаюць палацы, такія комплексы, як палац у Ружанах, будынак, лепшы за які цяжка сабе ўявіць, калі глядзіш на яго, бо аб астатніх у гэты момант забываеш. З’яўляецца свецкі жывапіс, высокага майстэрства гравюры. Некалькі жывапісных школ (самая славутая — магілёўская). Агінскі канал злучае Чорнае мора з Балтыкай.

І, аднак, усё гэта на знемагаючых спінах народа. Пачашчаюцца зноў паўстанні. Самае вялікае — у Крычаўскім старостве. 1740—1744 гг. Так, чатыры гады цягнулася яно. На чале — гандляр воскам Васіль Вашчыла, брат яго, гараджане Карпач і Вецер, бацька Карпача, былы бурмістр Крычава.

Еранім Радзівіл аддаў староства ў арэнду: «Ты мне адразу давай грошы, а падатак пасля выбірай сам. Колькі выб’еш, мяне не датычыцца». Адкупшчыкі, браты Іцковічы, разарылі наваколле горш за арду. Убачыўшы, што ідзе галодная смерць, рамеснікі і сяляне паўсталі. Пабілі арандатараў, спалілі кабальныя паперы, пусцілі «чырвонага пеўня» ў фальваркі. Некалькі разоў білі войска, раскалашмацілі полк нямецкіх наймітаў. Войска палкоўніка Пястрыцкага (пры ім быў сам Радзівіл) прыйшло з гарматамі. У дзвюх лютых бітвах, пад Крычавам і пад вёскай Царковішчы, мужыцкае войска было разбіта. Васілю Вашчыле ўдалося ўцячы на Украіну. Карпач, Вецер, Мікіта з Бараўкоў, Стэсь Бачко і сын яго, пісар паўстання, Іван Трус, Навум Буян і многія іншыя трапілі ў палон, многія загінулі. Садзілі на калы і ў пячныя коміны, вешалі, некаторых зашылі ў мядзведжыя шкуры і кінулі абвучаным сабакам-«мядзведнікам», гэта значыць прывучаным браць мядзведзя.

 

У НОВЫМ РЭЧЫШЧЫ

Глыбока няправільны погляд некаторых вучоных, што Польшча перад падзелам знаходзілася ў стане смяротна хворай краіны. Наадварот, у другой палове XVIII ст. яна пачынала выбірацца з таго палітычнага эканамічнага і духоўнага крызісу, які страшным цяжарам ляжаў на ёй у першую палову стагоддзя.

Як сказана, будаваліся мануфактуры і заводы. На тэрыторыі Беларусі з’яўляецца мноства школ. Скажам, у адной толькі Гродні ўзнікла медыцынская школа з аддзяленнямі гарадскіх і вясковых лекараў і хірургаў, школа землямераў, школа бухгалтэрыі і рахункаводства, будаўнічая школа, корпус кадэтаў. Існаваў батанічны сад з дзвюма тысячамі відаў раслін (1500 — экзатычных). Тут жылі матэматыкі і астраномы, выдавалася газета і календары. Быў тэатр з операй, балетам.

У 1773 г. быў знішчаны ордэн езуітаў і адукацыя аддадзена ў рукі вучоных. Былі рэарганізаваны акадэміі, узмацнілі выкладанне фізікі і прыродазнаўчых навук. Усё больш галасоў уздымаецца на абарону роўнасці, адмены прыгону, знішчэння саслоўяў, удзелу сялян і мяшчан у сеймах. З мая 1791 г. была ўведзена хаця і палавінчатая, але канстытуцыя. Рэч Паспалітая пакрысе выбіралася з крызісу. Але не паспела. Прыгнёт мінулых стагоддзяў быў занадта цяжкі, каб украінец і беларус, нават атрымаўшы некаторую палёгку, маглі бачыць у гэтай дзяржаве сваю радзіму. Патаптаны былі мова, вера, годнасць. А побач усё ўзмацняўся і без таго моцны сусед. Першы падзел Польшчы (1772 г.) між Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй уключыў у склад апошняй усходнебеларускія землі. Другі (1783 г.) — цэнтр Беларусі. Трэці (1795 г.) — захад яе. Спроба Касцюшкі паўстаннем вярнуць незалежнасць Рэчы Паспалітай (1794 г.) скончылася, пасля некалькіх перамог, разгромам, бо шляхта была глыбока расчаравана яго дэмакратызмам, а асабліва «Універсалам», у якім гэты вялікі чалавек абяцаў сялянам асабістую свабоду, максімальнае змяншэнне рабочых дзён і суд над тымі, хто прыгнятае сялян, бо такія прыгнятальнікі — ворагі радзімы і паўстання. Шляхце даражэй была ўласная кішэнь. Паўмёртвы ад ран, атрыманых у бітве пад Мацеявіцамі, Касцюшка быў пасаджаны ў Петрапаўлаўскую крэпасць, адкуль яго вызваліў толькі Павел І. Тадэвуш Касцюшка нарадзіўся пад Косавым, непадалёку ад Слоніма. Дома ягонага зараз няма, але й дагэтуль высіцца над узгоркавымі палеткамі Марачоўшчыны старадаўняя таполя, якая памятае яго. А сям-там можна сустрэць і іншых сведкаў памяці народнай. Скажам, камень у Залессі, на якім кампазітарам М. К. Агінскім выбіты словы «Ценям Касцюшкі».

Што даў падзел беларускаму народу? Трэба сказаць, што простаму селяніну ён даў няшмат. У Расіі ў той час яшчэ ўзмацнялася прыгоннае права, эканамічны стан быў нездавальняючы, формы грамадскага жыцця былі таксама несправядлівыя (абсалютная манархія). Вядома, стала лягчэй праваслаўным, таму што праваслаўе было афіцыйнай рэлігіяй Расійскай імперыі. Затое пачалі ціснуць уніятаў. Прымяняліся тыя ж метады, якімі нядаўна уніяты заганялі ў унію праваслаўных.

А два наступныя пасля Кацярыны цары і ўвогуле лічылі, што Беларусь — край польскі, рабілі ўступкі каталіцызму, кепска ведалі Беларусь. І не толькі яны, але й вучоныя. Акадэмік Севяргін лічыў праваслаўных беларусаў «схізматамі» і, прысутнічаючы на малебнах, здзіўляўся, што і абрады і адзенне папоў «дужа падобныя» на пецярбургскія ці ўладзімірскія. Зноў быў дазволены (да 1820 г.) ордэн езуітаў.

Па-ранейшаму паншчына, грашовы чынш, згоны і падушная дзяржаўная подаць. І яшчэ рэкрутчына, 25 год у салдатах (да раздзелу Рэчы Паспалітай селянін у войску не служыў, а калі ішоў на вайну сваёй ахвотай — аўтаматычна, пасля зацвярджэння на сейме, пераводзіўся ў вольныя, у «лапцявую шляхту»).

Праўда, беларус аб’яднаўся з братнім рускім народам, разам з якім яму цяпер належала жыць і змагацца, але абодвум братам было нясцерпна жыць, адному ў сваёй старой, а другому ў сваёй новай турме. Дзесяць тысяч беларускіх сялян былі раздадзены фаварытам царыцы (Румянцаву, напрыклад, Кацярына падарыла больш за 11 000 сялян. Пацёмкін атрымаў землі з 14 274 прыгоннымі). Заступнікі за гэты прыгонны, прыгнечаны народ канчалі кепска. Калі раней славутыя С. Сташыц і Г. Калантай лямантавалі супраць прыгону, выкрывалі памешчыкаў і нічога ім за гэта не было, то вялікі Радзішчаў паплаціўся за сваю кнігу Ілімскім астрогам.

Назіралася, праўда, эканамічнае ажыўленне. Павялічылася плошча збожжавых, узнікла шмат новых заводаў, на якіх была і вольнанаёмная праца. Узрос гандаль з Прыбалтыкай, а праз яе і з Заходняй Еўропай (цяпер многія рускія і ўкраінскія купцы везлі туды свае тавары па Беларускай зямлі), з Расіяй і Украінай. Пракладаліся дарогі, па-новаму планіраваліся гарады. Да 1863 г. насельніцтва іх узрасло амаль у тры разы. Тавараабарот, скажам, кірмашу ў мястэчку Зэльва даходзіў да 2 млн. рублёў, і сюды прыязджалі гандляры нават з Германіі. Але гэты гандлёвы пад’ём узбагачаў пана, які павялічваў засевак, заводчыка і купца. Вось што пісаў у 1885 г. адзін царскі саноўнік: «Нищета страшная, а рядом роскошь помещиков; жизненные силы края совершенно истощились в нравственном и физическом отношении; расслабление достигло крайних пределов».

 

ПАСЛЯ 1812 ГОДА

«Дапамагла» разарэнню краіны і вайна 1812 года. Беларусь, захопленая ворагам, была выпалена. Сяляне ўзнімаліся на партызанскую барацьбу. Так сяляне вёскі Жарцы разбілі французскі атрад, удзельнічалі ў дзвюх бітвах за Полацк. Гэта была радзіма, хай жабрачая і рабская, але свая зямля... Дый войска расійскае нанесла першыя паражэнні французам менавіта на Беларускай зямлі (пад Кобрынам, ля муроў Мірскага замка, ля вёскі Салтанаўка). А пасля на дапамогу гераічнай арміі і партызанам, якія 7 кастрычніка вызвалілі Полацк, прыйшоў іх вялікасць беларускі мароз. Адступаючая армія французская раставала на вачах. Няшчасныя людзі, сагнаныя «вялікім чалавекам» пад ружжо, кінутыя на захопніцкую вайну ў чужы край, елі трупы і, звар'яцеўшы ад холаду, кідаліся «пагрэцца» ў палаючыя хаты. 20 000 чалавек загінула пры пераправе цераз Бярозу-раку ля вёскі Студзёнка.

Мне давялося пабываць там у тую ж самую пару, калі адбывалася і тая злашчасная для французаў пераправа. У сярэдзіне лістапада. Снег, мёртвая чорная вада, ад аднаго позірку на якую б’е холадам, плывуць асеннія крыгі. Страшна было і ўявіць сабе, як па мастах б’е артылерыя, як на іх ідзе звалка, як яны рвуццца і тысячы людзей тонуць у гэтым вадкім свінцы. Ясна, ніхто іх не зваў, ясна, наша справа была святой справай, і ўсё ж, хай яны будуць праклятыя, вайна, уварванне, пагібель людзей, сілком, дзеля нейкіх там «вышэйшых меркаванняў» сагнаных уладарамі душ і імперый пад сцягі.

Дый што змянілася? Ваенныя пасяленні, аракчэеўшчына, голад. Памешчык тых самых Жарцаў уласнаручна хвастаў да паўсмерці былых партызан (а яны ў вайну насілі на шапках крыжы, прысвоеныя апалчэнцам) з прыгаворкаю: «Вот вам французы, вот вам вольность, вот вам крест».

Нават уладары бачылі сілу прыгнёту. У цыркуляры мінскага губернатара Допельмаера (1842 г.) пісалася: «...владельцы предают крестьян своих в руки жестокосердных, грубых и корыстолюбивых управителей... которые обременяют их чрезмерными работами, истязают бесчеловечно наказаниями, невзнрая ни на возраст, ни на пол, ни на болезненное состояние... В таком положении дел... неоднократно повторенные убийства владельцев своими крестьянами і... донесения, что такой-то крестьянин умер... вследствие жестокого наказания за маловажные проступки,— обратили на себя внимание...»

Сялянскія хваляванні ахапілі ўсе губерні. З набатам, з доўбнямі, з увядзеннем воінскіх каманд, стрэламі і смяротнымі прысудамі. Нясцерпнасць становішча разумелі і лепшыя прадстаўнікі дваранства. Многія дзекабрысты жылі на Беларусі, некаторыя былі адсюль родам. Былі тут і свае арганізацыі. Грамада «Ваенных сяброў», напрыклад. Яны сарвалі прысягу Мікалаю І у часцях Асобнага Літоўскага корпуса. Зрабілі спробу сіламі Палтаўскага палка захапіць Бабруйскую крэпасць. Верхаводы К. Ігельстром, А. Грынявіцкі, шляхціцы Вронскі і Высоцкі, афіцэры Трусаў і Троіцкі былі прысуджаны да Сібіры, многія «да вечнакатаржнай працы». Беларусь хавала некаторых з іх. Кюхельбекера, скажам, які даўжэй за ўсіх унікаў арышту на бясконцых беларускіх дарогах.

Яшчэ да дзекабрыстаў склалася таемнае таварыства філаматаў у Віленскім універсітэце (1817 г.). У грамаду ўваходзілі беларуска-польскі паэт і фалькларыст Ян Чачот, Адам Міцкевіч, будучы славуты падарожнік Ігнат Дамейка, адзін з першых паэтаў-рамантыкаў Томаш Зан і многія іншыя. Філаматы спачатку толькі чыталі французскіх асветнікаў XVIII стагоддзя, вывучалі побыт селяніна і яго фальклор. Тайныя пасяджэнні яны праводзілі на прыродзе. Ледзь не ўсе яны мелі талент паэтаў. Паступова члены згуртавання зразумелі, што галоўны вораг не цемра і неадукаванасць, а царызм. Яны пачалі рыхтаваць сябе да нацыянальна-вызваленчай барацьбы. 1821 год. Таварыства філаматаў ператворана ў таварыства філарэтаў. Юнакі гараць нянавісцю да царызму, патрыятызм іхніх вершаў і прамоў даходзіць да кіпення. Але, нягледзячы на строгую канспірацыю, таварыства выкрыта. Чачот, Міцкевіч, Зан, іхнія сябры кінуты ў турму, у былы уніяцкі кляштар. Допыт вёў езуіцкімі прыёмамі рэдкі мярзотнік, сенатар Навасільцаў, прыбіты пазней Міцкевічам да ганебнага слупа ў трэцяй частцы паэмы «Дзяды». Юнакі вялі сябе годна. Спявалі ў камерах, чыталі патрыятычныя вершы. Чачот спяваў аднойчы беларускую песню ўласнага сачынення:

 

Да лятуць, лятуць да дзікія гусі,

Да нас павязуць да далёкай Русі.

 

Іх і павезлі. Саслалі ў далёкія губерні. Але і праз шмат год Міцкевіч, мабыць, успамінаў, як ён і сябры збіралі легенды і пісалі па іх сюжэтах балады, як для іх «народнасць» азначала, між іншым, і тую мову, на якой гаварыў народ, сярод якога яны жылі, і якой яны цудоўна валодалі — беларускую мову, як ствараліся на гэтай мове сцэнкі і хоры, як ён прыехаў у Вільню на свае імяніны і яго сустрэлі словамі:

 

Едзе міленькі Адам,

Глядзіце, а онь, а онь,

Ды ён харашэнькі сам,

Пад ім вараненькі конь.

 

І ўсё гэта ўспомніўшы, вялікі паляк, да труны ўдзячны Беларусі і закаханы ў яе таксама да труны, сказаў пра занядбаную мову, пра наш і свой народ высокія словы, хаця сам і пісаў на мове польскай.

«...З усіх славянскіх народаў русіны, гэта значыць, сяляне Пінскай, часткова Мінскай і Гродзенскай губерняў, захавалі найбольшую колькасць агульнаславянскіх рыс. У іх казках і песнях ёсць усё. Пісьмовых помнікаў у іх мала, толькі Літоўскі Статут напісаны іх мовай, самай гарманічнай і з усіх славянскіх моў найменш змененай». І яшчэ: «На беларускай мове, якую называюць русінскай альбо літоўска-русінскай... гаворыць каля дзесяці мільёнаў чалавек; гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана. У перыяд незалежнасці Літвы вялікія князі карысталіся ёю для сваёй дыпламатычнай перапіскі».

Гэта з лекцый, чытаных Міцкевічам у Калеж дэ Франс, у Парыжы.

 

ПЕРШЫЯ ЛАСТАЎКІ, АБО ПАДАРОЖЖА ЭНЕЯ

...А між тым прыляцелі ўжо і першыя ластаўкі новай літаратуры. У першай палове XIX ст. з’явілася ананімная паэма «Энеіда навыварат». У сярэдзіне стагоддзя — паэма «Тарас на Парнасе». Таксама ананімная. Яны сведчылі аб тым, што літаратура ажывае ад летаргіі. Праз некалькі год пасля ўкраінскай «Энеіды» Катлярэўскага з’явілася «Энеіда» беларуская, твор навеяны «Энеідай» Вергілія і травестыйнымі паэмамі Катлярэўскага і Осіпава. Але гэта самастойны, глыбока беларускі твор. Аўтарам яго цяпер многія даследчыкі лічаць В. П. Равінскага (каля 1765— 1831 гг.). Ураджэнец Духаўшчынскай акругі Смаленскай губерні, удзельнік войнаў 1805 і 1812 гг. За Барадзіно ўзнагароджаны залатой шпагай «За храбрость». Адстаўны палкоўнік. Напісаў камедыю «Шлюб між волі», шмат вершаў «на выпадак».

А некаторыя схіляюцца да думкі аб віцебскім паходжанні паэмы і аўтарам называюць мясцовага чыноўніка І. А. Манькоўскага.

Паэма жывая, гарэзлівая, дзёрзкая, вельмі народная і па-сапраўднаму смешная.

А другая паэма «Тарас на Парнасе»— новая, вышэйшая ступень беларускай паэзіі.

Герой, палясоўшчык Тарас, служака, якога і пан шануе і пані любіць, ідзе з першымі пеўнямі біць цецерукоў і, уцякаючы ад мядзведзя — дубальтоўка дала асечку,— падае ў яму і трапляе ці то ў рай, ці то ў шчаслівую Аркадыю. «Хлапчына нейкі круглалікі, увесь кучаравы, як баран», з лукам і калчанам (Амур) кажа яму, што гэтая дарога з таго свету і вядзе на Парнас. Тарас ідзе. Бачыць гару, а пад ёй — цэлы кірмаш народу.

 

Прыйшоў я бліжэй, што за ліха,

Народ не просты, ўсе паны.

Хто дужа шпарка, хто паціху

Ўсе лезуць на гару яны.

 

Аж кішкі выціскаюць адзін аднаму. І вось з натоўпу піск:

 

«Памалу, братцы, не душыце

Мой фельетон вы і «Пчалу»,

Мяне ж самога прапусціце

І не дзяржыце за палу!

А не, дык дадушы, ў газеце

Я вас аблаю на . ўвесь свет,

Як Гогаля у прошлым леце,—

Я ж сам рэдактар ўсіх газет!»

 

Гэта Булгарын, літаратар-даносчык, асабісты вораг Пушкіна, правакатар, агент ІІІ аддзялення імперскай яго вялікасці канцылярыі.

 

Гляджу сабе — аж гэта сівы,

Кароткі, тоўсты, як чурбан,

Плюгавы, дужа некрасівы,

Крычыць, як ашалелы пан.

. . . . . . . . . . . . . . .

Во нешта разам зашумелі,

Народ раздаўся на канцы,

І, як бы птушкі, праляцелі

Чатыры добрых малайцы.

Народ то быў ўжо не такоўскі:

Сам Пушкін, Лермантаў, Жукоўскі

І Гогаль шпарка каля нас

Прайшлі, як павы, на Парнас.

 

Тарас праштурхаўся праз натоўп і ўбачыў заможны двор, абнесены плотам.

 

А на дварэ там свінні ходзяць,

Каровы, козы, бараны...

Знаць, і багі хазяйства водзяць,

Калі свіней дзяржаць яны.

 

Двор, пабудовы, хаты — багацюшчыя. Ну, мара селяніна! І багі, як адна непадзеленая патрыярхальная сям’я. «Як у казарме там салдатаў — багоў — не можна пашчытаць!» Хто з багоў хадакі багіням шые, а багіні мыюць багам кашулі і парткі.

 

Вось б’юцца Марс ды з Геркулесам,

А Геркулес, як той мядзведзь,—

Каб цешыць старага Зевеса,

Хахол ён Марсу добра мнець.

. . . . . . . . . . . . . . . .

Амур жа з дзеўкамі жартуе,

Ну, проста смех ажно бярэ!

То ён знянацку пацалуе,

То хустку з галавы здзярэ.

 

Ядуць. Таксама ідылія. Таксама мара — аб сытасці.

 

Бах сп’яну пеў такі прыпеўкі,

Што аж няможна гаварыць,

Аж засароміліся дзеўкі,

Так стаў ён брыдка развадзіць.

А Зеўс тым часам насцябаўся,

Што носам чуць зямлю не рыў,—

Ён вочы плюшчыў і ківаўся

Ды быццам нешта гаварыў.

Хоць не маё, то, праўда, дзела,

Не след мне, можа, і казаць,

Любіў ён цешыць грэшна цела

Ды часам лоўка падгуляць.

 

Пачынаецца гулянка, скокі. Увесь задор агнявога беларускага танца. Пад відам багоў і багінь маладыя хлопцы і дзяўчаты, здаровыя, прыгожыя, сытыя, працавітыя... вольныя.

 

Узяўшы хустачку, Венера

Пайшла «мяцеліцу» скакаць.

Прыгожа, стройна цераз меру,

Пяром не можна апісаць.

Чырвона, тоўста, круглаліца

І вочы, як на калясе,

Як жар, гарыць яе спадніца,

Істужкі ўплецены ў касе.

 

Мара аб ідэале жыцця, аб ідэале прыгажосці, аб селяніне, які скакаў нават лепей за багоў і прымусіў іх здзіўляцца. «Тарас на Парнасе» і дасюль улюбёны твор беларусаў. Дзесяткі тысяч людзей ведаюць яго на памяць.

Побач з ананімнай з’яўляецца і літаратура аўтарская. У 1828 годзе паўстала супраць пана мястэчка Крошын ля Баранавіч. Прыйшло войска. У ліку іншых быў пакараны каваль. Сын яго, парабак, што скончыў пачатковую школу, быў здадзены ў салдаты. За некалькі сшыткаў патрыятычных антыпрыгонных вершаў, якія і дагэтуль не знойдзены. Звалі прыгоннага паэта Паўлюк Багрым (1813 — каля 1891 гг.). Лёс быў да яго бязлітасны. Не дзесяць, як Шаўчэнка, а поўныя дваццаць пяць год адмучыўся ён у казармах. Без усякіх паблажак і заступніцтва, бо Шаўчэнку ведалі многія ўплывовыя людзі і рабілі спробы заступацца, а хто ведаў Багрыма, звычайнага мужыка. Вярнуўшыся на вёску, працаваў у Крошыне кавалём. Меў залатыя рукі. У Крошынскім касцёле ёсць каваная люстра яго работы: перапляценне кветкавых бутонаў і жаўрукоў у палёце. Ад Багрыма дайшоў да нас адзіны верш «Заграй, заграй, хлопча малы» — верш гнеўнага бунту супраць прыгону, шчымлівай журбы і глыбокай чалавечнасці. І вось загінуў паэт, як тысячы такіх звялося і да яго і пасля. Згінулі і ляжаць, нікім не аплаканыя, акрамя, можа, палявых вятроў.

Дый што дзівіцца? Указам ад 18 ліпеня 1840 г. Мікалай І забараніў слова «Беларусь». Пасля 1863 года было забаронена і выданне кніг па-беларуску. Кніганошы, якія кантрабандай, у корабах, праносілі на Беларусь беларускія кнігі, выдадзеныя за мяжой, часта гінулі. У іх загадана было страляць, і ўсё ж яны насілі, хаваючыся, рызыкуючы на кожным кроку. Склалася становішча, аб якім добра сказаў беларускі апокрыф: «Ісцінна кажу вам: шчаслівы, хто мае ў дамах сваю кнігу славясы сваімі. І ісцінна яшчэ тое, што хто мае — не цэніць, а хто не мае — точыць кроў сваю за слова адзінае».

 

ГОЛАС ЗАБАРОНЕНАЙ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ

Ян Баршчэўскі (1794—1851 гг.) таксама вельмі цікавая асоба. Чалавек, які пісаў вершы, балады і паэмы па-польску. Шмат. І нічым з гэтага не ўвайшоў у вялікую літаратуру. Горача любіў родны край, але ведаў, што надрукавацца па-беларуску не дадуць, лічыў, што роднай мовай пакуль што нельга выказаць складаныя пачуцці і абстрактныя думкі. І... застаўся ў літаратуры... трыма (было болей, але дайшло тры) вершамі па-беларуску, дзе і пачуццё, і гістарызм, ды яшчэ чатырохтомным зборнікам, дзе пад кожным творам бруіць, звініць, льецца беларускі фальклор, беларуская песня, беларускі спосаб мыслення, фантазія беларуская, гора і шчасце беларуса: «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Гэта напісана таксама па-польску (сям-там з беларускімі дыялогамі), але важна тое, што за кожным радком тут стаіць беларус і яго зямля.

Паходзіў будучы паэт з фальварка Мурагі ля возера Няшчэрда на поўначы Беларусі (Расонскі раён). Любіў гасціць у свайго дзядзькі, шляхціца з тых, чый побыт быў амаль сялянскі, як і ў бацькоў Яна. Узімку возерам ішлі абозы, на вялізнай яго паверхні гуляла завіруха. Дзядзька ставіў на акно доміка свечку, каб падарожныя сяляне, перакупшчыкі і купцы, шляхта і вандроўнікі цягнуліся праз завею на агеньчык, як матылі ўлетку. Прасіліся пераначаваць. Размотвалі башлыкі, скідалі каляныя буркі і кажухі, сядалі на драўляныя шляхецкія «канапы» (Векаўшчына! Год па сто! Такія і зараз сям-там стаяць па хатах нашчадкаў былой «лапцявой» шляхты, і сядзець на іх — пакута), пілі чай, а то і нешта мацнейшае. Адзінаю платай за гэта былі апавяданні і легенды, выпадкі рэальныя і несусветныя, але цікавая брахня, і смешныя выдумкі і выгадкі, ад якіх кроў ледзянее, як ад гогалеўскага «Вія». А хлопец слухаў гэта і пазней, разам з тым, што чуў падчас бясконцых бадзянняў па Беларусі — уставіў у «Завальню». Паколькі расказваў гэта просты народ — ён быў і героем. Адзін супраць паноў, крывасмокаў-арандатараў, чужынцаў-чыноўнікаў, чарнакніжнікаў і самой нячыстай сілы, такі самотны і бедны, але заўсёды пераможца, бо ён — Народ, бо пакуль ён арэ і цяслярыць, пакуль стаіць з чапялою ля печы сялянская баба, датуль не загіне ні мова, ні праўда, ні чалавечнасць, ні сам чалавек.

І вось з гэтага і ўзнікла «Адысея беларуская» з тысячамі прыгод або лепей нешта накшталт беларускай «1001 ночы», дзе адна казка пераходзіць у другую і ўсе звязаны адной і той жа фігурай, прывабнай фігурай Завальні, у доме якога выпадковыя госці расказваюць розныя дзівосныя здарэнні. Што ж, яшчэ ў мінулым стагоддзі Р. Падбярэзскі казаў, што «Ва ўсіх заможнейшых дамах Беларусі і Інфлянтаў не знойдзеш столькі паданняў, столькі народнай стыхіі, што маецца ў адной хатцы такога хутарскога шляхціца».

Па такіх хадзіў і Баршчэўскі, будучы полацкім шкаляром. Бурсака любілі, ірвалі з рук у рукі, бо з ім весялей, пацешней, паэтычней было жыць. Узнагароджвалі па дастатку: меркай пшаніцы, гароху, грэчкі, бобу. Гэта і давала яму магчымасць вучыцца. Ён і не думаў друкавацца. Пісаў, бо гэта цешыла людзей, яны развозілі вершы па кірмашах, хвалілі і смяяліся. Пасля быў Пецярбург, паездкі па чужых справах у Англію і Францыю, урокі латыні і грэчаскага ў знатных сем’ях, але... «Зімой вучыўся сам і вучыў другіх, а вясной, як жаваранка, паэзія гнала яго да роднага краю. Рабіў тыя падарожжы пешшу, з кіем вандроўніка ў руках».

І вось «Завальня». «Тое, што піша Баршчэўскі прозай,— гаворыць Падбярэзскі,— не датычыцца непасрэдна ні гісторыі, ні літаратуры, ні мовы Беларусі, але важнейшай рэчы — духу і паэзіі народа, адкуль выцякаюць і гісторыя, і літаратура, і мова. Ён... вырашыў даць вялікую мастацкую панараму нацыянальнага жыцця... Ён бачыць перад сабой народ, часта з усёй чароўнасцю паганскай фантазіі, якую ён апраменьвае сваім, так сказаць, беларускім гафманізмам... усё жыццё яго — адно суцэльнае адступніцтва ад самога сябе ў імя паэзіі. Каб зразумець добра, што я гавару, трэба ведаць яго асабіста, трэба яго бачыць з кіем падарожніка ў руцэ, так, як я спатыкаў яго ў маіх падарожжах, пешкі, сярод беларускага люду, на плытах Дзвіны, у прыдарожных корчмах, на сцежках у лесе і на вялікіх гасцінцах!.. Гэты чалавек не мае парожніх слоў... ён — сама сутнасць... як ні кажы, адкрывае ён новую краіну».

М. Грабоўскі ў польскім часопісе «Пельгжым» піша ў 1843 г.: «Не толькі цяпер, але і з самага дзяцінства, палымяны беларус, ён правёў з народам усё жыццё: яго загарэлы, далёка не кабінетны твар даводзіць, што ён з’яўляецца чалавекам справы... Ён дасканала ведае ўсю Беларусь, бо разоў з трыццаць абышоў пешшу і штогодна наведвае яе з Пецярбурга, а ўсюды там пажаданы і сустракаецца з радасцю, бо, як бард той старонкі, ён сыпле, бы з рукава, апавяданнямі і анекдотамі. Дзівосны ў яго інстынкт у апрацоўцы паданняў: не дадае амаль нічога свайго, а між тым усё становіцца яго ўласным».

І вось на старонках «Завальні» ідзе Беларусь, якая яна ёсць і якой яна ўяўляе сябе. Чорны певень нясе мужыку Карпу яйка, з якога выводзіцца крылаты змей,— і вось Карп ужо кулак, глытай, які ўсіх ставіць у нішто, якому смешныя вясковыя звычкі. І гіне ахвярай сквапнасці... Уладарка-чараўніца, што перакідваецца ў белую сароку, прылятае да пана Скамарохі, хцівага і пыхатага крыўдзіцеля бедных, удоў і сірот, заводзіць сяброўства з ім і іншымі панамі азёрнага краю,— і пачынаецца няшчасце: сохнуць вымі ў кароў, мядзведзі нападаюць на вуллі, з хаты чараўніцы плыве малочная рака. Мужыкі са стрэльбамі чакаюць на Сароку, тая адлятае, але зло засталося: «Паны, што пілі за яе здароўе, п’юць слёзы няшчаснага народу». Фантазія ўсё нястрымней, аж да таго, што ў Віцебскага мярзотніка Генрыха — аж да вар’яцтва — пачынаюць крычаць валасы на галаве. І ўсе гэтыя незвычайныя рэчы — на фоне простай, мілай прыроды нашай поўначы, на рэальным фоне тагачасных вёсак, гарадоў, маёнткаў, сярод звычайных прыгонных людзей, страшных паноў, прадажных суддзяў.

Баршчэўскі адкрыў славянскаму свету Беларусь.

Што з таго, што ён вымушан быў пісаць па-польску. Неласкавы і страшны наш лёс многім судзіў такое. Дзесяткі людзей нараджаліся і адыходзілі ў суседнія культуры, абагачаючы і часам узвялічваючы іх.

Апошнія гады свайго вандроўнага нялёгкага жыцця Ян Баршчэўскі правёў на Украіне. Пісаў у Адэсе санеты, выдаў у Кіеве кніжку паэзіі і прозы і памёр у чужым доме магната Ржэвускага ў Цуднове на Валыні, дзе і пахаваны.

...Увогуле многія беларусы паходжаннем і продкамі адыходзілі тады ў суседнія культуры.

Я казаў ужо пра Міцкевіча. Але вось мінулым летам лёс закінуў нашу экспедыцыю ў вёску Дастоева, на поўнач ад Янава Палескага, Глыбінка! Жоўтыя, аж залатыя ад лісічак, бронзавыя ад баравікоў лясы. Вільготная пойма багатай Ясельды. Я неяк не думаў пра назву вёскі, аж пакуль нехта з хлопцаў не сказаў: «А мы з нашчадкамі пісьменніка «Дастаеўскага перапісваемся. Ім цікава ведаць, як тут, на радзіме продкаў». Тады і я ўспомніў, што гэта сапраўды здаўна-давён гняздо гэтага рода. Старога рода, які належаў да беларускага герба «Радван».

...Так многія адыходзілі да суседзяў. Калі беларус слухае оперу «Галька» С. Манюшкі, ён адчувае ў ёй і ў оперы «Страшны двор» выразную беларускую песенную аснову. І праўда, вялікі кампазітар нарадзіўся ў Убелі пад Мінскам, выхоўваўся на народнай песні, напісаў аперэту «Ідылія» (тэкст да яе склаў адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры В. Дунін-Марцінкевіч), у якой паны гаварылі па-польску, а сяляне па-беларуску. Ён увогуле напісаў на словы Марцінкевіча чатыры творы, і гэта, уласна, пачатак оперы беларускай.

А Уладзіслаў Сыракомля (1823—1862 гг.), які таксама большую частку сваёй творчасці аддаў Польшчы, а вершы якога па-беларуску, відаць, згарэлі ў апошнюю вайну ў Варшаве. Згарэлі ў рукапісах. Засталося толькі некалькі рэчаў. Страту гэтую нічым не кампенсуеш.

Дзіўныя бываюць пуцявіны ў людзей і твораў. Вось пачатак і канец верша Сыракомлі «Паштальён»:

 

На пошту я трапіў зусім малады,

Фурман з мяне ўдаўся зухвалы,

А волі не меў — дый ганялі тады:

Хоць свята, хоць ноч — усё мала.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Конь чмыхнуў пры слупе.

Спыніўся наўзбоч:

У снезе пад плахаю белай,

Жанчыну я згледзеў, яна ўжо за ноч,

Як дрэва, уся скасцянела.

Я снежную намець атрос з яе шат

І труп падцягнуў да дарогі...

Абцёр ёй аблічча... Была гэта, брат...

Дай чарку... Не маю больш змогі!

(Пераклад М. Лужаніна)

 

Што гэта? Ну ясна ж, што вы адразу пачулі голас спевака Лемешава. У перакладзе гэты верш стаў рускай народнай песняй «Когда я на почте служил ямщиком».

Манюшка калісьці пісаў з прычыны таго, што нехта ў Мінску пажартаваў з беларускага паэта і драматурга В. Дуніна-Марцінкевіча, замовіўшы па ім «пахавальны звон за спакой душы» і, вядома, не паставіўшы на пасылцы свайго імя, даслаў яму ў дом саван і падсвечнікі: «Напэўна, Жулкоўскі16 быў родам з гэтага горада. А што датычыцца Вальтэра, то няма чаго і сумнявацца, што ён мінчанін. Не ведаю, чаму Мальер лічыў сябе французам, калі ў Мінску ледзь не паказваюць вуліцу, дзе ён нарадзіўся...»

Не лічыце мяне за таго мінчаніна, але... Вальтэр як Вальтэр, Мальер як Мальер, тут я нічога не скажу, а вось вялікі французскі паэт Гіём Апалінэр быў... беларусам па крыві. Дзед ягоны, Міхал-Апалінарый Кастравіцкі, уцёк з Навагрудчыны за мяжу пасля паўстання 1863 г. Ствараючы першую кнігу сваіх вершаў, Апалінэр не ведаў, што ў гэты час (1910 г.) на беларускіх вандроўных сцэнах ідзе «Модны шляхцюк», беларуская камедыя яго стрыечнага брата, Казіміра Кастравіцкага, які выступаў пад псеўданімам Карусь Каганец.

Ці мала хто вымушан быў уцякаць ад пятлі, ад кулі ці нават проста ад немагчымасці выявіць сябе па радзіме. Вось некалькі прыкладаў.

Чылі. Хрыбет Дамейка, горад Дамейка, у гарах — мінерал дамейкіт, у акіяне — ракушка навуцілус дамейкус, на зямлі —фіялка дамейкіяна. Гэта ў гонар Ігната Дамейкі (1801 —1889 гг.), ураджэнца маёнтка Нядзведка, што пад Мірам. Сябар Чачота, Міцкевіча, Зана, стрыечны брат Марылі Верашчакі, першага кахання Міцкевіча, філарэт, вязень турмы ў Базыльянскім кляштары, ён пасля разгрому паўстання 1830 г. вымушан быў уцячы за мяжу. Парыж. Кантракт з Чылі. Лекцыі на хіміі і мінералогіі ў г. Какімба. Адкрыў жыхарам Чылі, што такое салетра, для чаго яна прыдатна, адкрыў залежы медзі і срэбра. Пасля ён прафесар у Сант’яга. Распрацоўвае і ажыццяўляе школьную рэформу, падарожнічае сярод напаўдзікіх араўканцаў, робіцца іх другам, бароніць іх. Чатыры тэрміны Дамейка перавыбіраецца рэктарам універсітэта. Ён бацька чылійскай навукі, рэарганізатар прамысловасці, навучання. Пасля смерці ён абвешчаны нацыянальным героем Чылі.

Бенедыкт Дыбоўскі (1833, Мінскі павет — 1930 г., Львоў), сасланы пасля паўстання 1863 г. у Сібір, пакінуў апісанні Сібіры і Далёкага Усходу, якія дагэтуль лічацца класічнымі. Ён першы даследчык Байкала, аўтар слоўнікаў камчадальскай, бурацкай і іншых моў.

Канстанцін Ельскі, які пасля паўстання даследаваў трапічныя джунглі Гвіяны і землі Перу. Альбо Мікалай Судзілоўскі, родам з Магілёўшчыны, які перад амерыканскай анексіяй быў прэзідэнтам Гавайскіх астравоў і змагаўся з амерыканскімі купцамі і прамыслоўцамі за жыццё, шчасце і поступ канакаў.

І, урэшце, пазней, Б. А. Вількіцкі, што адкрыў Паўночную Зямлю, а таксама першы прайшоў паўночным марскім шляхам з Уладзівастока ў Архангельск, і славуты М. М. Пржавальскі (род гэты пад імем Перавальскіх — старадаўні, віцебскі род). Словам, многія ішлі ў розныя бакі, рабіліся героямі розных народаў на розных кантынентах.

Яшчэ адно імя — Франц Савіч (1815— каля 1845 гг.), арганізатар тайнага таварыства, якое пазней улілося ў арганізацыю Ш. Канарскага. Няўмольны вораг паноў, прыгону, прыхільнік рэвалюцыі. Беларус-паляшук у яго вершы звяртаецца да ліцвіна і валынца:

 

Ліцвін, валынец, падайце ж мне рукі,

Так — прысягаем на госпада-бога,

Царам на згубу, панам — для навукі.

 

Яго арыштавалі ў 1838 годзе, саслалі ў салдаты на Каўказ. Некалькі разоў ён спрабаваў уцячы за граніцу — не ўдалося. Тады ён таемна асеў на Украіне, лячыў украінскіх сялян (быў медык). Падчас эпідэміі халеры ў 1845—1847 гг. ратаваў мужыкоў, заразіўся і памёр.

...Ну, пра дзеячаў літаратуры, пра змагароў, пра географаў і вучоных XIX ст., мабыць, досыць. Цяпер пра мастацтва ў тыя часы.

Шкада, што мала месца дзеля таго, каб расказаць вам пра цудоўную беларускую архітэктуру XVIII— XIX стст. А тут ёсць на што паглядзець. На драўляныя, каменныя будынкі фальваркаў, на дворныя пабудовы, на палац у Валожыне і бялюткі — аж здаецца празрыстым,— класіцыстычны палац у Жылічах. Што ж, проста трэба паездзіць і паглядзець. Як зробіцеся сталымі, вядома.

Развіваўся і жывапіс. Вялікі ўзлёт пачаўся яшчэ ў канцы XVIII ст.

Імёны Ф. Смуглевіча, Я. Рустэма, В. Ваньковіча (славутага партрэтыста, аўтара «Міцкевіча на Аю-Дагу»), І. Хруцкага (партрэтыста і аўтара нацюрмортаў, у прыватнасці славутых «Кветак і садавіны», якія так палюбіліся, што копіі з іх, у пераважнай большасці дрэнныя, паскудзяць сцены ўсіх чайных, побач з шышкінскімі «Мядзведзямі», а мастак рэдкасна таленавіты). І. Аляшкевіча, аўтара дзіўных па тонкасці . і светаценю партрэтаў, К. Альхімовіча, аўтара таленавітых гістарычных кампазіцый, згаданага ўжо скульптара М. Мікешына (помнікі Хмяльніцкаму ў Кіеве і тысячагоддзю Расіі ў Ноўгарадзе), пейзажыста А. Гараўскага, Н. Сілівановіча, з яго сцэнамі народнага быту.

Дайшлі да нас, вядома ж, не ўсе іхнія творы. Што загінула, што знаходзіцца невядома дзе, у Мінску іхніх карцін мала. Затое вельмі многа ў польскіх музеях і асабліва ў мастацкім музеі Вільнюса і іншых музеях Літвы.

І, урэшце, калі пераходзіць ужо часткова ў

ХХ ст.,— вялікі мастак Ф. Рушчыц, карціны якога можна разглядаць гадзінамі. Уся зямля Беларусі — у іх. Тая ж «Зямля» і шэрыя камяні замка ў Крэве, і бялюткія, каравыя ад старасці яблыні на ільснянай чорнай раллі. І млыны над чорнай вадою лясных ручаін, і натоўп, што вясною прысеў ля касцёла пад сінім-сінім прамытым небам, і бледнае асенняе сонца на дошках тэрасы. Гэта — здорава! Калі давядзецца быць у Вішневе ля Валожына — паглядзіце роспісы ў тамтэйшым касцёле. Гэта таксама Рушчыц.

Або Генрых Вейсенгоф з яго зімовымі, заінелымі, ружовымі ад сонца пейзажамі, з яго старымі дварамі, што тонуць у бэзе, і замшэлымі крыжамі сялянскіх могілак. Ці С. Жукоўскі, таксама забытыя інтэр’еры старых маёнткаў, апусцелыя асеннія лясы. І, вядома, усе ведаюць В. Бялыніцкага-Бірулю з яго празрыста-туманнымі, нібы злёгку бляклымі, дужа «настраёвымі» пейзажамі. Ну і Г. Ніскі, таксама беларус, сын чыгуначніка, з яго пейзажамі, на якіх дарогі, дэбаркадэры, прадмесці, сцены далёкіх лясоў, з яго маладымі, здаровымі целамі атлетаў. З гэтым жывапісам (а пейзажы і тыпы беларускія пісалі і Рэпін, і Шышкін, і Крамской, і іншыя) я ўжо апынуўся ў ХХ ст. А нам трэба вярнуцца ў XIX, да пачатку новай беларускай літаратуры, да зараджэння нацыі беларускай.

Пачалося з фальклору. Таму што пасля таго як выйшлі першыя кніжкі В. Дуніна-Марцінкевіча (1807—1884 гг.) ды яшчэ некалькі кніжак — пасля 1863 года друкаванае слова было забаронена. Пасля паўстання 1863 г. паўтарылі яшчэ раз і забарону слова «Беларусь». Новыя вершы паэта, напісаныя пасля гэтага, засталіся ў рукапісах. Смешная, злая, з’едлівая камедыя «Пінская шляхта», камедыя, што бічавала мяшчанства, тупасць, прадажнасць суда, подласць чыноўнікаў,— камедыя гэтая, напісаная ў 1866 г., убачыла свет толькі ў 1918 г. На працягу бітых дваццаці год — як чорная пустыня, за выключэннем рукапісаў, што хадзілі па руках, ды патаемных, нелегальных выданняў. І гэта якраз у часы, калі складалася нацыя. Невядома яшчэ, колькі шкоды прынёс душам людскім гэты самадзяржаўна-праваслаўна-адзіна-недзялімы смурод! Аднак людзі знайшлі выхад і тут. Нельга ж было ім забараніць збіраць і выдаваць зборнікі фальклору, пісаць этнаграфічныя і гістарычныя кнігі, складаць слоўнікі. А фальклорны запіс, скажам, мае сваёй перадумовай: «Запісвай, як чуеш». І вось такім чынам забароненая беларуская мова ўсё ж трапляла на друкаваныя старонкі. Нібыта з чорнага ходу, але ўсё ж трапляла. Вось яны і ўзяліся, «дзеля чыстай навукі». І хаця й дагэтуль выдаваліся старажытныя акты і граматы, запісваліся казкі і песні (І. Грыгаровіч, П. Шпілеўскі) — усё ж сапраўдную шырыню справа набыла толькі ў тыя гады, пасля паўстання 1863 г. У 1870 г. выйшаў першы слоўнік сучаснай беларускай мовы («Наречия») І. Насовіча, які ўключаў больш 30 000 арыгінальных слоў.

Выдадзеныя былі «Акты, што датычацца гісторыі Паўднёвай і Заходняй Расіі» (15 тамоў, 1861 — 1892 гг.), «Акты», што выдаюцца Віленскай археаграфічнай камісіяй (39 тамоў, 1865—1915 гг.), і шмат-шмат іншых. З’яўляліся працы такіх гісторыкаў, як А. Кіркор, М. Доўнар-Запольскі, і такіх было многа. Расла цікавасць да роднай мовы, да народнага быту. З’яўляюцца выключныя па паўнаце, часта шматтомныя працы тых жа І. Насовіча, П. Шэйна (трохтомны запіс фальклору і этнаграфіі), М. Федароўскага, Е. Раманава, М. Нікіфароўскага, працы акад. Я. Карскага па мове, гісторыі літаратуры і фальклору Беларусі. І цікавейшыя палескія запісы А. Сержпутоўскага, дзе кожная казка — дыямент, так што, чытаючы, і наплачашся і нарагочашся.

Было ясна, што нацыя намагаецца стаць на ногі. Мы цяпер ведаем, што па многіх прычынах народная, нацыянальная самасвядомасць магла праяўляцца ў фальклорных, этнаграфічных, гістарычных кнігах, але не мела магчымасці праявіцца ў літаратуры. А што ж гэта за самасвядомасць, што ж гэта за народ, калі ў яго няма сваёй літаратуры. Патрэбны былі пісьменнікі. Мала таго, пісьменнікі, якія адчувалі б свой час, свой народ і яго патрэбы. Быў патрэбен паэт зусім новага тыпу, і ён з’явіўся. Імя яму было Францішак Багушэвіч (1840—1900 гг.). Нарадзіўся ён у сям’і дробнага шляхціца ў фальварку Свіраны на Віленшчыне. Скончыў у Вільні гімназію, паступіў у Пецярбургскі універсітэт, але адтуль яго выключылі за «нядобранадзейнасць». Настаўнічаў.

 

МУЖЫЦКІ АДВАКАТ

У 1863 годзе Польшча, Беларусь, Літва і некаторыя раёны Украіны (там рух быў слабейшы) паўсталі. Сялянская рэформа, «вызваленне» было падманам, рабункам пад маскай дабрачыннасці. Сацыяльны і нацыянальны прыгнёт сталі нясцерпныя. А тут яшчэ ўрад вырашыў аб’явіць агульны набор у салдаты, каб выдаліць рэвалюцыйную моладзь са сваіх ваколіц. У адказ паўстала Польшча, а яе падтрымалі бліжэйшыя суседзі, і сярод іх Беларусь. Паўсюль арганізоўваюцца гурткі, людзі здабываюць зброю, куюць косы, ідуць у лес і ствараюць там атрады, сапраўдныя паўстанцкія арміі. Ідзе ў лес і малады настаўнік з вёскі Доцішкі Францішак Багушэвіч.

На чале дэмакратычнага крыла паўстання стаў рэвалюцыйны дэмакрат, палкі патрыёт, публіцыст, выдавец падпольнай беларускай газеты «Мужыцкая праўда», паэт Кастусь Каліноўскі (1838 г., Мастаўляны — 10 сакавіка 1864 г., Вільня).

Пачаліся рэйды, бітвы, сутычкі. Запалалі даўгавыя распіскі ў маёнтках. Паўстанцы напалі на мястэчка Сураж, вызвалілі Пружаны, узялі Горкі. Адбылося мноства бітваў. Пад Сямяцічамі, пад Хацінічамі, пад Барысавам, пад Мілавідамі. Біліся адчайна і зацята. Той, хто едзе старым баранавіцкім шляхам, не можа не звярнуць увагу ля гэтых Мілавідаў на капліцу над загіблымі паўстанцамі, а праз дарогу — крыж над забітымі салдатамі.

І, аднак, сілы былі няроўныя. Шмат людзей было павешана і расстраляна, шмат тысяч выселена ў Сібір і на Туркестанскую лінію, на згубу. Душыцелю паўстання, графу Мураўёву, які любіў казаць: «Я не з тых Мураўёвых, якіх вешаюць, а я з тых, якія вешаюць», удалося распусціць правакацыйную чутку, што паўстанцы — паны, якія паўсталі, каб вярнуць прыгон. Таму ў многіх месцах сяляне не падтрымлівалі паўстанне, трымаліся ўбаку, а часам і дапамагалі страляць у паўстанцаў і вязаць іх. Не было такой подласці, на якую не пайшоў бы царызм у барацьбе з мяцежнікамі. Заліць магілы расстраляных, дзе адбываліся маўклівыя маніфестацыі, слоем гною, каб «зрабіць наведванні фізічна немагчымымі»,— гэта было яшчэ мала. Спецыяльна падкідалі непажаданым людзям у хату ці дом зброю, вешалі мужчын на вачах у жанчын. Падмануты селянін, які верыў цару, збольшага глядзеў на гэта збоку. «Дзеці-дэмакраты,— як сказаў Герцэн,— пачалі жудасны пасеў прыгоннікаў-бацькоў».

Здраднік выдаў Каліноўскага. Квартал, заняты універсітэцкімі будынкамі ў Вільні, т. зв. «Святаянскія муры», быў ачэплены некалькімі ротамі салдат і паліцыі. Кастусь не ведаў, што жандарам вядома яго канспіратыўная клічка, выйшаў насустрач салдатам са свечкай і быў схоплены. Нікога не выдаў: «Грамадская шчырасць — добрая якасць, а шпіёнства апаганьвае чалавека, так мяне выхавалі». I 10 сакавіка 1864 года быў павешаны ў Вільні. На словы прысуду «дваранін Каліноўскі» адказаў: «У нас няма дваран. Усе роўныя». Перадсмяротны яго верш абляцеў усю краіну.

 

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Бывай здаровы, мужыцкі народзе,

Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе

І часам спамяні пра Яську свайго,

Што загінуў за праўду для дабра твайго.

А калі слова пяройдзе ў дзела,

Тады за праўду станавіся смела,

Бо адно з праўдай у грамадзе згодна

Дажджэш, народзе, старасці свабодна.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

«Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, но не жаль згінуць за тваю праўду... Для таго то, народзе... ухапіўшы за што зможаш, за касу, сякеру, і цэлай грамадой ідзі ваяваць за сваё чалавечае і народнае права, за сваю веру, за сваю зямлю родную. Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, народзе, што тады толькі зажывеш шчасліва...

Твой слуга Яська — гаспадар з-пад Вільні».

...Багушэвіч быў паранены ў нагу падчас бітвы пад Сувалкамі, адляжаўся ў спачуваючых і схаваўся на Украіне. Ясна, што ехаў не ў белы свет, што там былі сябры. Вучыўся ў Нежынскім юрыдычным ліцэі, пасля працаваў следчым у Краляўцы, Борзне, Канатопе. Калі памяць аб паўстанні прыглухла (а атрад, у якім быў Багушэвіч, біўся наводдаль ад родных мясцін, і таму аб удзеле Францішка ў паўстанні на Віленшчыне, скажам, маглі і не ведаць), у 1884 г. пераехаў у Вільню і працаваў адвакатам.

Быў нястомны абаронца народа, «мужыцкі адвакат». Яго любілі і хацелі бачыць абаронцам. Селянін М. Вольскі так прасіў старшыню суда: «Прысяжны павераны п. Багушэвіч, тутэйшы ўраджэнец, хаця і не ведае мяне, але вядомы мне сваёй цярплівасцю і сваёй спагадлівасцю выслухоўваць на роднай беларускай гаворцы тых, хто звяртаецца да яго дапамогі... я... быў бы ўпаўне шчаслівы, калі б выбар выпаў на яго».

Паколькі мова была забаронена — паэт выдаў дзве свае кніжкі за мяжой. «Дудку беларускую» ў Кракаве, у 1891 г., «Смык беларускі» дзесьці за мяжой (Познань была пастаўлена, мабыць, для цэнзуры) у 1894 г. Падрыхтаваныя ўжо зборнікі «Беларускія апавяданні» і «Скрыпачка беларуская» не ўбачылі свету — першы зарэзаны цэнзурай, а другі згубіўся пасля смерці Багушэвіча.

Вось урывак з яго прадмовы да «Дудкі беларускай»: «Братцы мілыя, дзеці Зямлі — маткі маёй! Вам ахвяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі... аб нашай бацькавай спрадвечнай мове». І далей, як сам ён думаў, што мова наша «мужыцкая», але, пахадзіўшы па свеце, пераканаўся, «што мова нашая ёсць такая ж людская і панская, як і французская альбо нямецкая... Харваты, чэхі, маларосы і другія пабратымцы нашыя... маюць па-свойму пісаныя і друкаваныя ксёнжачкі... і дзеткі іх чытаюць так, як і гавораць... Наша мова для нас святая, бо яна нам ад бога даная... Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі».

Як шкада, што нельга шмат расказаць вам аб гэтым вялікім народалюбцы, аб чалавеку, які ўсё жыццё сваё паклаў за народ, за тое, каб праўда жыла ў сялянскай хаце, тая праўда, якая «змерла, а людцы схавалі, каменем накрылі, зямлю пааралі, каб не чуць, не ведаць аб ёй ані весці, ды цяпер і кажуць: «Праўда ў небе гдзесьці!» Аб чалавеку, які над усё ненавідзеў прыгнёт, зацісканне рота, тое, што ягоны народ пазбаўлены ўсіх правоў, якія павінен мець кожны народ на Зямлі. Нават сваёй кнігі на сваёй мове.

А ён ведаў, што гэты народ варты ўсяго гэтага.

 

Даець мне грошы, такі салодкі:

Усё гавора, радзе, пытае,

Жонку цалуе, дзяцей гайдае.

«Ну што ж, надумаўся, гатоў?..»

«Надумаўсь,— кажу,— каб сто катаў

Дралі мне скуру, пяклі на агню,

Я веры сваёй тыкі не змяню!»

 

Увесь народ, цёмны, прыгнечаны, але горды і вялікі ўстае перад намі ў яго радках. Народ у астрозе, народ, які, нават спусціўшыся ў чысцец, застаецца сабою, які моліцца аб адным, каб ніколі яму не быць панам, які добра ведае цану новай уладзе, бо хаця ў прыгонны час быў

 

...аканом, камісар і цівун,

Намеснік, ляснічы, хмістрыня, паны.

І кожны меў права узяць за бізун,

І кожны меў права да нашай спіны...

 

Але цяпер таксама «не надта свабодна ў гэтай свабодзе».

 

Стараста, соцкі, пісар, старшына,

Пасрэднік, ураднік, асэсар і суд,

З’езд міравы, прысуцтва і сход...

Аж паднялася са страху чупрына,

Аж пальцаў не стала на весь гэты шчот,

А пальцамі ж трэба карміць гэты люд!..

 

Калі ён памёр, за труною неслі вянкі з сялянскімі вышыванымі ручнікамі замест істужак. Адзін надпіс быў такі: «Змоўклі песні тыя, што іграў на дудцы». У памяць аб «Мацею Бурачку» (псеўданім паэта) з’явіўся верш, на мой погляд, сялянскі.

 

Не скончыў, бедны, ён песняў сваіх,

Што нашай гутаркай усё нам спяваў

Аб нашай долі, аб долі ўсіх.

Ён нашы слёзы песняй абціраў.

Калі ў бядзе прыйдзеш да яго,

Бывала, скажаш, што на душы маеш,

Казаў бы гэта да бацькі свайго,

Крыўду і праўду — усё, брат, пазнаеш.

А калі прыйдзеш падчас вінаваты,

То такой споведзі зроду не мець!

Ці ты там бедны, ці ты багаты,

Ён лепш, як пробашч, цябе прабярэць...

Вечны ж яму пакой, вечна адпачыненне.

«Анёл панскі звеставаў»,— гаварыце, людзі,

Каб бог найвышшы даў яму збавенне,

Няхай яго душачка сярод святых будзе.

 

Селянін верыў. Ну, у святыя не ў святыя — быў Багушэвіч грэшны харошы чалавек — а вось у сэрцах беларускі паэт застаўся сярод самых дарагіх людзей. І дагэтуль ляжыць ля дома, дзе ён жыў, у Кушлянах, вялікі валун, прывезены сюды мужыкамі, а на валуне сялянскай рукою выбіты словы «Памяці Мацея Бурачка».

 

АБУДЖЭННЕ

Капітал, «его препохабие», усё больш уладна ўсталёўваецца на беларускай, або «паўночна-заходняй зямлі», як яе тады называлі. Бо назва «Беларусь» забаронена нават яшчэ стражэй, чым у саракавых гадах. Нягледзячы на тое, што пераважаюць буйныя маёнткі (у Вітгенштэйна, напрыклад, 1 млн. дзесяцін, у Радзівіла 4 млн.), а можа, і менавіта таму павялічваецца прыток сялян на заводы, адыход іх у горад. Сялянства «рассяляньваецца» па словах У. І. Леніна.

Распаўзаюцца па краіне ніці чыгунак: Беларусь ледзь не на першым пасля Польшчы месцы па даўжыні сталёвых шляхоў. Аграрны крызіс 70—90-х гг. разарыў большасць памешчыцкіх гаспадарак, і землі іхнія перайшлі ў рукі «шэрых князёў», вясковай нацыянальнай буржуазіі. А тыя былі людзі хаця і хамаватыя, але ўчэпістыя: маглі, частуючы прыстава, пасадзіць за стол дзяцей, каб яны лупілі для дарагога госця бульбу ў мундзірах, але адначасова маглі мець стайні ледзь не з вярсту даўжынёю. Вінакурэнне з бульбы, цукровыя заводы, лён, каноплі, запалкавыя і тытунёвыя фабрыкі, верфі і пільні. І разарэнне асноўнай масы сялянства. І амаль поўная адсутнасць цяжкай прамысловасці. Лёгкая прамысловасць, праўда, была. Сям-там і вельмі моцная. Мне даводзілася бываць на некаторых старых заводах. Скажам, у Парэччы, над імклівай Ясельдай, на былой суконнай фабрыцы Скірмунтаў. Трэба сказаць, што яны і зараз уражаюць, гэтыя шматпавярховыя гмахі з пачарнелай чырвонай цэглы. Што ўжо казаць пра тыя часы.

Але жыццё ад гэтага поступу прамысловасці не стала лягчэйшае. Ні ў вёсцы, якая была разорана, ні на фабрыках, дзе панавала нечалавечая праца па 13—14 гадзін, а на броварах — да 18-ці. І гэта за сярэдні заробак у 8 рублёў месячна. Сяляне тысячамі пакідаюць радзіму, перасяляюцца ў Сібір і на Далёкі Усход. У нашчадкаў гэтых перасяленцаў мне давялося пабываць некалькі год назад, у час вандраванняў па Прыморскім краі. Дзесяткі вёсак, дзе дагэтуль, як недзе на Магілёўшчыне, побач з рускай і ўкраінскай гучыць беларуская мова і вісяць беларускія ручнікі. Тут жа, побач з нейкай там Палтаўкай (заснавалі палтаўскія перасяленцы) — Магілёўка, Слонімка ці яшчэ нешта.

Фарміруецца пралетарыят. У 60-х гадах яго тысячы 3, на рубяжы стагоддзя — 25 тысяч плюс 10 тысяч чыгуначнікаў, 40 тысяч сезонных рабочых, 70 тысяч саматужнікаў, 150 тысяч рабочых сельскагаспадарчых, 50 тысяч адыходнікаў.

Але да марксістаў былі народнікі. Іхнія гурткі, іхняя прапаганда, іхнія лістоўкі і брашуры. «Пасланне да землякоў-беларусаў» Шчырага Беларуса. «Лісты пра Беларусь» Данілы Баравіка.

У Баравіка ўжо гаворыцца аб працах Маркса — «гэтага прызнанага главы навуковага сацыялізма», аб «усведамленні неабходнасці нанесці ўдар гэтаму анахранізму (рускай манархіі.— У. К.), г. зн. ажыццявіць палітычны пераварот». Выдаецца нелегальны часопіс «Гоман», орган беларусаў з «Народнай волі».

І, урэшце, беларус Ігнат Грынявіцкі (паходжаннем з беларускай беднай шляхты, а ніякі не «польскі дваранін», як пра гэта часам пішуць) 1 сакавіка 1881 г. кінуў бомбу, якой забіў цара Аляксандра ІІ і смяротна параніў сябе. Памёр, нікога не выдаўшы, не назваўшы свайго прозвішча. Яго адрэзаную галаву, заспіртаваную у вялізным слоіку, пасля паказвалі арыштаваным і сведкам для апазнання.

...Пазней рабочы рух нарадзіў і першыя арганізацыі рабочага класа. Пашыраецца забастовачны і стачачны рух. У 1886 г. забаставалі майстэрні Лібава-Роменскай чыгункі ў Гомелі, у 1887 — рабочыя кавальскіх майстэрняў Мінска. Марксісцкія гурткі з’явіліся ў Гродне, Мінску, Віцебску і іншых гарадах. Народніцтва канчаткова было разгромлена ў працах У. І. Леніна.

І, урэшце, у сакавіку 1898 года адбыўся ў Мінску І з’езд РСДРП. І хаця члены выбранага ім ЦК хутка былі арыштаваны, хаця спатрэбіліся яшчэ гады працы Леніна і яго паплечнікаў — пачатак быў зроблены.

Сярод сучасных гмахаў новай плошчы Перамогі стаіць на беразе Свіслачы зялёненькі драўляны дамок, адкуль усё і пачалося. Дамок, дарагі нам яшчэ і таму, што пазней у ім жыў, ствараючы свае вершы, Янка Купала, што менавіта ў гэтых сценах ён перакладаў на беларускую мову «Інтэрнацыянал».

 

Гэта бой наш астатні

За працоўны народ.

 

Беларусы дзейнічалі ў рабочым руху не толькі на Беларусі. Напрыклад, адзін з арганізатараў беларускіх сацыялістаў, Сяргей Мяржынскі, быў і адным з арганізатараў «Кіеўскага саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа».

Чым была Беларусь напярэдадні рэвалюцыйнага выбуху? Гэта была зямля, на якой падымалася на ногі і ўжо досыць трывала стаяла на іх беларуская нацыя. Пачаўся гэты працэс за стагоддзе з лішнім да таго. А становішча, якое пазней прывяло да рэвалюцыі 1905 года, нарадзіла асабліва моцны культурны рух. Прадчуванне 1905 года было як каталізатар. Сілы збіраліся адусюль, згуртоўваліся. І на хвалі гэтай навальніцы высока ўзляцелі Янка Купала і Якуб Колас, Максім Багдановіч і Алаіза Пашкевіч — Цётка.

Беларуская нацыянальная інтэлігенцыя паступова ламала рамкі, у якія загналі школу пасля паўстання 1863 г. «Разнообразных книг, журналов и газет для крестьян теперь не надо... Вот наш каталог: евангелье, молитвослов, псалтирь, священная история». Гэта пісаў не душыцель асветы, як можа здацца, а папячыцель Віленскай вучэбнай акругі. То што здзіўляцца, калі працэнт непісьменных за стагоддзе вырас (да 1897 г.) з сарака да сямідзесяці сямі. Акультурыліся людзі!

А тут яшчэ прамысловы крызіс 1900—1903 гг., ганебная японская вайна, засілле буйных кампаній. Даходзіла да анекдатызму: ільнопрадзільная фабрыка ў Віцебску і віцебскі трамвай, напрыклад, належалі бельгійскаму акцыянернаму таварыству.

Дэманстрацыі, палітычныя стачкі і забастоўкі аж калоцяць беларускую зямлю. Стачка дваццаці гарбарных заводаў у Смаргоні (1901 г.), забастоўкі слесараў і сталяроў у Мінску (дабіліся рабочага дня ў 12 гадзін) і дзесяткі іншых. Чырвоныя сцягі на першамайскіх вуліцах. Сацыял-дэмакратычныя групы ахапілі сваім уплывам рабочы рух нават у невялікіх гарадках. Ленінская «Іскра» шырока распаўсюджвалася на Беларусі. Групы «Іскры» працавалі ў Мінску, Гомелі, Пінску, Гродна, Віцебску, Магілёве, Бабруйску, Смаргоні, Копысі і ў дзесятках іншых гарадоў. Там жа ўзнікалі групы РСДРП.

Надышоў 1905 год. Сутычкі з паліцыяй, хваляванні сялян. 18 кастрычніка на прывакзальнай плошчы Мінска тысячы людзей сабраліся на мітынг. Губернатар Курлоў нехаця вызваліў палітзняволеных. Але адначасова да вакзала сцягнулі войска. Пачаўся «курлоўскі расстрэл». Уцекачоў расстрэльвалі ля паліцэйскага ўчастка на Міхайлаўскай вуліцы. 80 чалавек забіта, 300 паранена. У адказ — стачка пратэсту.

Барацьба вялася па-рознаму. Акрамя ўзброеных выступленняў, забастовак, аграрных беспарадкаў, хваляванняў у гарнізонах (Магілёўскі гарнізон, паўстанне салдат у Брэсцкай крэпасці і г. д.), раззбраенні рабочымі верных царызму часцей (у Баранавічах збілі генерала Арцём’ева, які загадаў страляць, здзерлі з яго пагоны), абурэнне прымала самыя розныя формы. Рэвалюцыянер Пуліхаў кінуў у ката Курлова бомбу. Яна не выбухнула. Як выявілася, у арганізацыі быў правакатар, і бомбу, перш чым аднесці Пуліхаву, сапсавалі ў паліцэйскім участку. Рэвалюцыянер быў павешаны.

З’явіліся і «добраахвотнікі свабоды». Сярод іх асабліва цікавай асобай быў Аляксандр Савіцкі (1888—1909 гг.). Быў выключаны з рэальнага вучылішча за рэвалюцыйныя погляды. У час 1905 года ўдзельнічаў у рэвалюцыі, агітаваў, распаўсюджваў літаратуру, агітаваў у Магілёве ісці на гарадскую турму, удзельнічаў у Мінску ў дэманстрацыі, у Чарнігаве арганізаваў рабочы клуб. Калі рэвалюцыя была разгромлена, калі рэвалюцыянеры адступілі ў падполле, забастоўкі пачалі спыняцца, а сялянскі рух быў прыдушаны, і наступіла сталыпінская рэакцыя, Савіцкі, стыхійны бунтар-народалюбца, стаў на шлях «партызанскай» барацьбы. Яшчэ ў вучылішчы ён славіўся як таленавіты акцёр, які мог пераўвасобіцца ў любога чалавека: мужыка, пана, гандляра-яўрэя (акрамя беларускай і некалькіх заходніх моў, цудоўна ведаў польскую, яўрэйскую, рускую, украінскую. Увогуле быў таленавіты ўсебакова: цудоўны мастак, паэт, аўтар паэмы «Фея вясны», але перш за ўсё, як ужо сказана, артыст).

Сабраў атрад у 200 чалавек, падзяліў яго на некалькі невялікіх дысцыплінаваных груп: «Усе за аднаго... Ніколі не здавацца ў палон... Калі нехта трапіў — усім загінуць, а выручыць... Ніколі не выдаваць ні сяброў, ні свайго сапраўднага прозвішча... Ісці на шыбеніцу са знявагай да ворага... Ніколі не ліць задарма кроў»,— вось такія былі некаторыя пункты статута гэтага атрада. Статута, напісанага Савіцкім.

У яго ўсюды былі сябры. Пра кожную аблаву і экспедыцыю ён ведаў загадзя. Нападаў на маёнткі і банкі, а грошы раздаваў бедным сялянам, беспрацоўным, пагарэльцам, нядоімшчыкам, бясконным. Да жорсткіх прыгнятальнікаў народа пісаліся лісты, і, калі тыя не адумваліся, расправа не прымушала доўга чакаць. Але пасля пары такіх папярэджанняў не было чалавека, які не стаў бы да беднага ласкавы, хоць да раны прыкладай.

Дзейнічаў Савіцкі ў Магілёўскай губерні (паветы Чэрыкаўскі, Чавускі, Горацкі, Клімавіцкі, Гомельскі і інш.), пад Навазыбкавам, Мглінам, Старадубам, на поўначы Чарнігаўшчыны. З’яўляўся ў касцюме спраўніка на балы, пераапрануты ў бабулю, дапамагаў паліцыі лавіць сябе на рынку ў Гомелі. Праязджаў чыгункаю ў выглядзе архірэя па Палессі, бласлаўляючы шэфа жандараў, генерала і чыноўнікаў. Мог памагчы ўдаве стражніка, забітага ў бітве з яго атрадам, бо ўдаву сяляне хацелі сагнаць з зямлі.

Акруга на трыста вёрст, ад Оршы да Украіны, калацілася ад яго імя і бласлаўляла гэтае імя чатыры гады. Ні памешчык, ні стражнік, ніхто не смеў пакрыўдзіць беднага. У Дзяржаўнай Думе цару было зроблена запытанне: «Когда Он соблаговолит утихомирить белорусского Зелим-хана?» Але мясцовая паліцыя і войска не хацелі яго лавіць. Ён стаў легендай, рыцарам новых часоў. Тады за ўказанне яго сховаў прызначылі ўзнагароду ў 1000 рублёў, і адначасова з Каўказа выклікалі на ловы «дзікую дывізію».

Хворы на малярыю Савіцкі (а з ім два сябры) спыніўся ў пуні селяніна ў вёсцы Краснае (10 км ад Гомеля). Хтосьці выдаў гэтае месца. Салдаты «дзікай» дывізіі абкружылі пуню. Усю ноч ішла перастрэлка, раніцай прыйшло падмацаванне. Тады сябры вырашылі прабіцца. І прабіліся былі, але ўжо на самым узлессі памочнік Савіцкага, рабочы Калугін, быў забіты. Таварышы замарудзілі, цягнучы яго, і іх зрашэцілі кулямі. Было гэта 25 красавіка 1909 года.

 

НОВЫЯ ПЕСНІ НОВАГА ДНЯ

На хвалі рэвалюцыі ўзнялася нацыянальная беларуская культура. І хаця клубы, чытальні, гурткі, што паўсюдна ўзнікалі тады, былі забаронены ў 1907 годзе,— спыніць ужо нічога нельга было. Нават у гады адступлення і рэакцыі.

Сярод паэтаў, што з’явіліся тады, пачэснае месца належыць Цётцы — Алаізе Пашкевіч-Кейрыс (1876— 1916 гг.). Педагог, сацыялістка, аўтар палкіх вершаў у абарону простага народа, можа, яшчэ часам занадта дэкларатыўных, але шчырых, баявых, сумленных. Усё жыццё яе аддадзена барацьбе з вялікай несправядлівасцю. І песняй, і прапагандай:

 

Ах, браце родны, нясуцца весці,

Ўжо граюць маршы там на ўсходзе;

Над кожнай хатай, у кожным месцы

Шчабечуць птушкі нам аб свабодзе.

Усіх злучыла чароўна слова;

Жалезны вобруч скуў нам далонь,

І матка сына даць нам гатова,

І жонка мужа вышле ў агонь.

 

Хаваючыся ад жандараў, яна выязджае ў Львоў (тады Аўстра-Венгрыя) і там, у Жоўкве, выдае два зборнікі вершаў — «Хрэст на свабоду» і «Скрыпка беларуская», а затым «Першае чытанне для дзетак беларусаў», першую беларускую хрэстаматыю на народнай мове. Памерла паэтэса, нечакана захварэўшы, у росквіце сіл.

1905 год даў паэтам магчымасць друкавацца.

З’явіліся газеты «Наша доля», «Наша ніва», пачалі выдавацца кніжкі, альманахі і календары.

Узмужненне літаратуры, выхад яе карабля ў шырокае мора звязаны, перш за ўсё, з імёнамі Янкі Купалы (1882—1942 гг.) і Якуба Коласа (1882— 1956 гг.). І хаця вы з самых першых год у школе цудоўна ведаеце іх творчасць — не сказаць пра іх, хаця б некалькіх слоў, немагчыма.

Купала — адна з вяршынь беларускай паэзіі. Не толькі дзякуючы яго генію, а і таму, што, як і Багушэвіч, заўсёды быў з народам, найбольш поўна выказаў дух, характар, спадзяванні гэтага народа, сам быў з народа і ўсёй творчасцю пайшоў у народ.

Галоўнае, што ўплывала на творчасць Купалы,— гэта была песня беларуская, легенда беларуская, жывое жыццё беларускае. Бацька — бедны шляхціц-арандатар, хата непадалёку ад Мінска, звычайная хата з посцілкамі, ручнікамі, тая, што рэканструявана ў Вязынцы, кніга, бо быў амаль самавук. І першы верш «Мужык» — праграма на ўсё жыццё. І першы зборнік «Жалейка», праўдзівы і трагічны, за што і канфіскаваны ўладамі.

 

Ці завылі ваўкі, ці заенчыў віхор,

Ці запеў салавей, ці загагала гусь,—

Я тут бачу свой край, поле, рэчку і бор,

Сваю матку-зямлю — Беларусь.

 

Тую зямлю, па якой ідуць людзі, несучы на свет белы сваю крыўду, бо ім захацелася «людзьмі звацца». Для гэтых людзей і складае сваю песню паэт:

 

Песня мая не ўзышла сярод кветак,

Кветак цвітучага вечна паўдня...

Поўначы сумнай забыты палетак

Даў ёй жыццё пасярод палыння.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Песня мая не шукае чырвонцаў,—

Будучнасць гэткіх не знойдзе ў ёй плям,—

Жыць толькі хоча ў радзімай старонцы,

Пеці па сэрцу ўсім добрым людзям.

Пеці, і з часам, у добрую пору,

Выклікаць водклік у сонным сяле...

Усю Беларусь — неаб’ятну, як мора,

Убачыць у ясным, як сонца, святле.

 

Нянавісць да прыгнятальнікаў народа, ад апошняга стражніка да цара...

 

Паўстаньце, покуль цар звыродны

Крыві усёй не выссаў з вас!

Паўстаньце! Край ваш стогне родны,

Заве збаўляць, як зваў не раз.

 

...Глыбокае і непадробленае народалюбства былі ўласцівыя паэту. Выключнае і ў майстэрстве такой паэмы, як «Курган», у якой гусляр спявае вылюдку-князю жорсткую праўду аб ім, і за гэта жыўцом кладзецца ў зямлю. І ў адной з самых славянскіх рэчаў на свеце, па-язычаску дзёрзкай і радаснай паэме «Яна і я»... І здзеклівая, дасціпная, дужа смешная камедыя «Паўлінка» або мудрая, складаная драма аб сялянах, якіх сагналі з зямлі,— «Раскіданае гняздо».

Купала, услед за Багушэвічам, зрабіў самую важную справу: уліў у жылы народнай паэзіі свежую кроў. Сваю.

Мне асабіста давялося бачыць яго толькі раз, дзіцем, але ўсё сваё жыццё бачу я людзей, якія яго блізка ведалі, якіх ён літаральна стварыў сваёй паэзіяй. Сваім асабістым прыкладам ён нібы прыбавіў высакароднасці свайму часу. Гаворыш з настаўнікам, які яго ведаў, з селянінам, якому ён дапамог, і не можаш не думаць, якія гэта чыстыя і высокія людзі.

Дзе п’есы, там і тэатр. У гэтыя часы з’яўляюцца вандроўныя і аседлыя, аматарскія па складзе, але прафесійныя па мастацтву трупы. Заснавальнікам найлепшай з іх быў Ігнат Буйніцкі, што аб’ездзіў з невялікім сваім тэатрам усю Беларусь, яе гарады, мястэчкі і вёскі. Далейшае развіццё атрымліваюць жывапіс і музыка.

Сябрам, паплечнікам Купалы быў і другі паэт-барацьбіт, Якуб Колас. Сын палясоўшчыка, ён адолеў вышыні асветы, бо ў той сялянскай сям’і кнігу, песню і паданне народнае любілі болей, чым дзе. Паэт стварыў мноства цудоўных вершаў аб лёсе беларуса, а пазней дзве эпічныя паэмы — «Новую зямлю», дзе побыт селяніна, яго імкненне да зямлі, гадавы кругазварот працы, беларуская прырода, людзі, свабодалюбства мужыка пададзены з незвычайнай глыбінёй, і вельмі складаную, тонкую і паэтычную паэму «Сымон-музыка», пра лёс талентаў з народа ў краіне, дзе бедныя хаты і дымныя корчмы, крыжы на ростанях і курганы суседзяць са змрочнымі старадаўнімі замкамі, у якіх, што вампіры, сядзяць у раскошы лютыя паны. Калі «Новая зямля» — чыстая, нічым не прыкрытая праўда, то «Сымон-музыка» — праўда, пададзеная праз змрочную, велічную і прыўкрасную легенду.

Паэт быў барацьбітом не толькі ў паэзіі. Будучы настаўнікам, ён удзельнічаў у сялянскіх хваляваннях супраць памешчыка Скірмунта, арганізоўваў нелегальны настаўніцкі з’езд, напісаў падручнік на роднай мове «Другое чытанне для дзяцей-беларусаў», сядзеў за ўсё гэта ў мінскім турэмным замку. Але і за кратамі з’яўляліся вось такія вершы:

 

Я — мужык, а гонар маю,

Гнуся, але да пары.

Я маўчу, маўчу, трываю,

Але скора загукаю:

«Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»

 

Усё гэта, і хваляванні, і жыццё беларускай правінцыі, і турму, і нараджэнне інтэлігенцыі, пісьменнік пазней апісаў у выдатнай сваёй трылогіі «На ростанях».

Паэты былі патрэбны — і паэты з’явіліся.

Адзін з пачынальнікаў прозы, аўтар цудоўных алегорый і мудры сатырык-гуманіст Ядвігін Ш. (1868—1924 гг.), некаторыя апавяданні якога і дагэтуль — вяршыня беларускага гумару. Выдатны лірык і аўтар апавяданняў з народнага быту Змітрок Бядуля (1886—1941 гг.); пісьменнік і грамадскі дзеяч (быў першым Старшынёй Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі), заснавальнік рабочай паэзіі Цішка Гартны (1887—1937 гг.); Максім Гарэцкі (1893—1939 гг.), дужа самабытны празаік-філосаф,— дый ці мала яшчэ хто?!

І, урэшце, паэт выключны па разнастайнасці вершаў, па форме іх, па адметнасці генія,— не пабаімся сказаць гэта,— Максім Багдановіч (1891 — 1917 гг.).

Багдановіч памёр у 25 год ад сухотаў у Ялце і пахаваны там, але тым не менш паспеў даць узор самай мужнай і высокай паэзіі ў нашай літаратуры. Мала таго, узняў нашу літаратуру да сусветнага ўзроўню. Вершы ягоныя, пры ўсёй нацыянальнай стыхіі, цікавыя для ўсіх людзей Зямлі.

Арыгінальная яго паэзія — з’ява выключная. Гэта і свет казкі з Лесунамі, Падвеямі і Вадзянікамі, і рэальны боль за народ, і песня народная, і складаныя класічныя формы, і вершы аб старажытнасці.

Але што там казаць? Вазьміце томік яго лірыкі і паспрабуйце прачытаць некалькі вершаў, хай сабе спачатку і самых простых. Бо лепей за генія ўсё роўна не скажаш.

І вы палюбіце яго самай моцнай любоўю.

Колькі яшчэ наперадзе на вашым шляху радасці! Усё вас яшчэ чакае!

 

«БЕЛАРУСЬ НА КУЦЕ Ў ХАЦЕ СВАЕЙ СЕЛА...»

 

ВАЙНА І РЭВАЛЮЦЫЯ

Першая сусветная вайна кінула Беларусь на чарговыя выпрабаванні. Пякельныя пакуты людзей, спаленыя вёскі, голад, бежанства, стаптаныя нівы, пасечаныя сады, разабраныя на ўмацаванне акопаў дзівосныя палацы, стварэнні народнага генія. Дагэтуль яшчэ сляды: скруткі праіржавелага дроту на дне азёраў, развалены напалам «камень філарэтаў», сляды акопаў і бетонныя капаніры над Шчарай і Сервеччу. Нязмерныя былі людскія пакуты.

...Непадрыхтаванасць да вайны, крадзеж, неразбярыха, прамая здрада, голад у тыле, разруха,— што здзіўляцца, што спачатку прыйшоў рэвалюцыйны крызіс, затым — лютаўскі, а пасля і кастрычніцкі выбух. На Беларусі гэта адбывалася, як і паўсюль — аднаўленне бальшавіцкіх арганізацый, саветы, рабочыя дружыны, стварэнне прафсаюзаў, разгром маёнткаў і г. д. На працягу нейкіх 20 дзён улада па ўсёй усходняй Беларусі перайшла ў рукі бальшавіцкіх Саветаў. Стаўку ў Магілёве разагналі. Галоўнакамандуючы Духонін быў забіты салдатамі.

У лютай барацьбе з войскам Доўбар-Мусніцкага, з контррэвалюцыяй нараджалася новая рэспубліка. Дэкрэты аб зямлі, аб міры, закон аб рабочым кантролі — улада пераходзіла ў рукі працоўных людзей.

Але тут жа вайна грамадзянская. Напад Германіі, шалёныя рабункі, пасля белапалякі, мяцеж Стракапытава ў Гомелі. Словам, усяго хапіла. Толькі народ, які пакаштаваў волі, нялёгка загнаць у ярмо.

Вось, па-мойму, дужа цікавая быль з запісаў пісьменніка Янкі Брыля пра тое, як немцы ў 1918 г. прымушалі вёску падпісвацца, што людзі хочуць быць пад Германіяй.

«—А то гавораць: Скаціну ўсю пабяром!..» Дык Іван Рыгораў і кажа ім: «Хоць і дзяцей у нас пабярэце — і то не падпішамся».

Шырока разгарнулася партызанская і падпольная барацьба: знішчэнне мастоў, умацаванняў, вадакачак, разабраныя рэйкі. І, урэшце, пад ударамі арміі і партызан, з рэвалюцыяй у тыле, нямецкая ваенная машына пачала развальвацца. Немцы пайшлі прэч.

Пасля вызвалення, 1 студзеня 1919 года, Часовы рэвалюцыйны рабоча-сялянскі ўрад Беларусі апублікаваў Маніфест аб абвяшчэнні БССР. Рэспубліка была ўтворана. Пасля цэлых стагоддзяў Беларусь атрымала дзяржаўнасць, і прытым у якасці дзяржавы рабочых, сялян, працоўнай інтэлігенцыі.

Дужа ўсур’ёз ставіўся да стварэння рэспублікі У. І. Ленін. Работу па яе ўтварэнні на месцах вялі З. Жылуновіч (Цішка Гартны), А. Чарвякоў і іншыя. На І з’ездзе Саветаў Беларусі (2—3 лютага 1919 г.) выступіў Старшыня ВЦВК Я. Свярдлоў.

...І, аднак, па ўмовах Рыжскага міру 1922 г., заходняя частка Беларусі засталася за буржуазнай Польшчай.

Савецкі ўрад адразу надзяліў зямлёю 30 тыс. беззямельных сялян, 9 тыс. парабкаў. Разбуранай, выпаленай краіне быў дадзен крэдыт у 1 млрд. рублёў. Паступова, хай з неймавернай цяжкасцю, адкрылі ў 1921 годзе чыгуналіцейны завод «Энергія» ў Мінску, 4 шклозаводы, завод запалак у Барысаве. Разгарнулася будаўніцтва школ, бібліятэк, чытальняў. У кастрычніку 1921 года быў адкрыты Беларускі універсітэт, а колькасць школ праз год дасягнула тысячы (і гэта толькі ў той яе частцы, што складала тады БССР, 6 паветаў Мінскай губерні). У 1926 годзе прамысловасць была поўнасцю адноўлена, а ў першыя ж гады сацыялістычнай індустрыялізацыі з’явіўся завод сельскагаспадарчых машын у Гомелі, заводы металаапрацоўчых станкоў, дрэваапрацоўчыя камбінаты, торфапрадпрыемства «Асінторф», і на яго базе пачалося будаўніцтва буйнейшай электрастанцыі БелДРЭС. Цяпер крыху смешныя і тагачасныя тэмпы і тое, як людзі выбягалі на вуліцу глянуць на нясцерпна брынклівы гусенічны трактар «Камунар», і электрыфікаваная карта на плошчы ў Оршы, дзе «тэрыторыя» была амаль цьмяная і толькі макет БелДРЭСа ззяў на палову гэтай плошчы. Але ўсё залежыць ад параўнання. І наша сённяшняя тэхніка здасца кранальна-смешнай недзе ў 2100 годзе. А тут... я зусім яшчэ не стары чалавек, які толькі пераступіў парог сярэдняга ўзросту, а памятаю рамізнікаў на вуліцах і тое, як уначы падковы рамізніцкіх коней выбівалі з бруку іскры.

 

РАЗ’ЯДНАНАЯ ЗЯМЛЯ

А заходняя частка Беларусі так і засталася спрэс вясковай, сялянскай. Драпежна рабаваўся лес, карысныя выкапні не выкарыстоўваліся. Кожны дзень, кожную гадзіну народ вымушаны быў весці барацьбу за ўласнае існаванне. Адчуваць роўнасць з братнім польскім народам, але кожны дзень чуць у школе, пазбаўленай роднай мовы, як уладары гэтага народа, нібы цвік забіваюць і таўкуць табе ў галаву:

 

Хто ты естэсь? Поляк малы.

Які знак твуй? Ожэл бялы.

Гдзе ты мешкаш? Мендзы свымі.

В якім краю? В польскай земі17.

 

Калі для малога паляка словы гэтыя мелі горды сэнс, для малога беларуса, ды яшчэ на сваёй зямлі — гэта было штодзённае прыніжэнне. Тут і брату, калі ён будзе такое талдычыць штодня — дасі па галаве.

І давалі. І партызанкай і сабатажам у панскіх маёнтках (а ім належала палова зямлі, хаця абшарнікі складалі ўсяго 0,9 % насельніцтва). Натхняла тую барацьбу КПЗБ, арганізаваная ў 1923 годзе, і створаны ў 1924 годзе камсамол Заходняй Беларусі. З 1921 па 1925 год цягнулася партызанская барацьба, палалі маёнткі, людзі нападалі на паліцэйскія пастарункі. Амаль уся краіна была аб’яўлена на ваенным становішчы. Паны ўвялі войска. КПЗБ вырашыла спыніць узброеную барацьбу, каб не было залішніх ахвяр сярод мірнага насельніцтва, каб зберагчы патрэбных людзей для іншых метадаў барацьбы. Пакуль не настане рашучы час уз’яднання з СССР.

У 1925 годзе была арганізавана Беларуская сялянска-рабочая Грамада. Гэтая масавая арганізацыя патрабавала самавызначэння, аб’яднання ўсіх беларускіх земляў у адной дзяржаве, школы на роднай мове, утварэння ўрада працоўных, перадачы зямлі сялянам без выкупу. На чале Грамады стаяў беларускі пасол у сейм, публіцыст і прамоўца, выдатны дзяржаўны дзеяч і паэт, аўтар першай навуковай беларускай граматыкі Браніслаў Тарашкевіч (1892— 1937 гг.).

На пачатак 1927 года Беларуская Грамада налічвала больш за 100 тыс. чалавек, стала ледзь не самай уплывовай арганізацыяй сярод рамеснікаў, сялян і рабочых.

У студзені 1927 г. войска і паліцыя напалі на арганізацыі Грамады. Арыштавалі і кінулі за краты многія тысячы людзей. Учынялі пагромы клубаў і бібліятэк. Хапалі і збівалі найбольш актыўных членаў...

Людзі не хацелі больш цярпець. Ды цярпець было й немагчыма. Адбыліся дэманстрацыі пратэсту.

З лютага 1927 г. у гарадку Косава ўлады адкрылі агонь па дэманстрацыі, якая ішла з лозунгамі: «Мовы!», «Прэч рукі ад СССР!», «Прэч урад Пілсудскага!». Забітых было 5, параненых — за 30. Пачаліся падпалы хат, напады паліцыі і войска на сёлы. Па ўсёй краіне залютаваў тэрор.

 

А НА ЗЕМЛЯХ ВОЛЬНАЙ БЕЛАРУСІ...

...На фоне ўсяго гэтага асабліва значныя былі поспехі культуры ў Беларускай ССР. Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт) у 1928 г. быў ператвораны ў Акадэмію навук БССР, урачыстае адкрыццё якой адбылося 1 студзеня 1929 г. У 1920 годзе ў Мінску быў арганізаваны Першы Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр (з 1945 г.— Беларускі дзяржаўны тэатр імя Янкі Купалы) — сапраўды першы, які меў сталае памяшканне, сталую трупу і рэжысёраў. Кіраваў тэатрам таленавіты драматург, рэжысёр і акцёр Е. Міровіч. Стрыжнем трупы былі такія акцёры, як У. Крыловіч, Б. Платонаў, Г. Глебаў. З’яўляюцца на сцэне, акрамя класічных беларускіх п’ес, новыя, такія, як «На Купалле» М. Чарота, «Каваль-ваявода», «Машэка», «Кастусь Каліноўскі» і «Кар’ера таварыша Брызгаліна» Е. Міровіча, пазней — «Бацькаўшчына» К. Чорнага, «Пагібель воўка» Э. Самуйлёнка, «Партызаны» і «Хто смяецца апошнім» К. Крапівы. Ставяцца п’есы Горкага і Кальдэрона, Мальера і Шоў. І гэта сапраўды глыбокі, бязмерна таленавіты тэатр. Часам гэта глыбокая трагедыя, часам узлёт, часам яркае відовішча. Ён і пазней быў адным з лепшых тэатраў СССР. Мне пашэнціла бачыць рэакцыю на яго пастаноўкі патрабавальнага ўкраінскага, кіеўскага гледача. Гастролі адбываліся ў жніўні 1953 г. у памяшканні тэатра імя Лесі Украінкі. Штопраўды ў нас жывыя яшчэ былі Б. Платонаў і Г. Глебаў, але ж і ў Кіеве жыў яшчэ А. Бучма, грымела слова Г. Юры, спявалі, прынамсі, у «Запарожцы...» Патаржынскі і Літвіненка-Вольгемут, слынныя былі Белавусаў і найлепшы ў свеце Федзя Пратасаў — Раманаў. Здзівіць гледача песняй, танцам, драматычнай ігрой было амаль немагчыма. І, аднак, калі апляваны, замучаны даносамі Туляга ў «Хто смяецца апошнім» (Глебаў) кажа сваё «Не верце. Нізавошта не верце» — у зале на хвіліну запаноўвала такая мёртвая цішыня, што рабілася страшна, а пасля апладысменты ледзь не ламалі столь. А калі ў «Дні цудоўных падманаў» ён, уцякаючы, забіраўся ў нішу і ўдаваў статую — зал стагнаў ад рогату і спаўзаў пад крэслы. У антрактах увесь час можна было чуць:

— Чорт ведае што яны вырабляюць. Я два разы на гэты спектакль хадзіў.

— А я тры. І яшчэ раз пайду, як білет дастану.

А што рабілася ў час гастроляў у Маскве!

...На Беларусі была багатая традыцыя вандроўных тэатраў. Спачатку, з XVII ст., гэта былі батлеечныя трупы, пасля трупы такіх энтузіястаў, як Буйніцкі. Дык вось і тут, адразу за першым, узнік перасоўны тэатр пад кіраўніцтвам У. Галубка, аўтара каля 50 п’ес. Узнік БДТ-ІІ у Віцебску (цяпер тэатр імя Я. Коласа). Тэатры і тэатры рабочай моладзі ўзніклі ва ўсіх хоць крыху буйных гарадах.

Узнікла свая кінематаграфія, у якой працавалі Ю. Тарыч і У. Гардзін.

З’яўляюцца оперы (наш тэатр оперы і балета створан у 1933 г.), сімфоніі, камерная музыка. Зачынальнікі музычнага мастацтва — М. Аладаў, М. Чуркін (опера «Вызваленая праца», сімфаньета «Беларускія малюнкі», мноства рамансаў), Я. Цікоцкі (опера «Міхась Падгорны») і іншыя. У 1932 годзе створана Беларуская кансерваторыя.

Крыху пазней напісана А. Багатыровым опера «У пушчах Палесся» пра партызан грамадзянскай вайны і балет М. Крошнера «Салавей», напісаны па славутай аповесці 3. Бядулі аб паўстанні прыгонных супраць панства і аб важаку паўстання Сымоне, які валодаў усімі гукамі зямлі, умеў спяваць салаўём, выць воўкам так, што кідаліся панскія коні, словам, падрабляць галасы ўсіх людзей, птушак і жывёл зямлі.

Шмат рабілі і архітэктары.

Гарады аздабляліся новымі жылымі дамамі, грамадскімі будынкамі. Такія выдатныя помнікі, як Дом урада, Акадэмія, Тэатр оперы і балета (архітэктары І. Лангбард, А. Воінаў, У. Вараксін і іншыя), створаны менавіта ў тыя гады.

Працавалі скульптары і мастакі. Такія рэчы, як «Партрэт М. Багдановіча», «Праца», «Лірнік» А. Грубэ, пейзажы У. Дучыца і У. Кудрэвіча, партрэты М. Станюты, палотны Ю. Пэна — гэта залаты нацыянальны фонд. І, вядома, такія цудоўныя творы Міхася Філіповіча, як «На Купалле», «Дудар», «Вясковы хлопец», як афармленне ім оперы «Кветка шчасця» выдатнага кампазітара Беларусі А. Туранкова. А Я. Красоўскі? А графік А. Тычына?

Пачаўся масавы прыход людзей у літаратуру. Раней былі адзінкі, а тут толькі ў адной арганізацыі «Маладняк» было каля 500 чалавек. Не ўсе з іх засталіся ў літаратуры, сёй-той стаў проста прапагандыстам або аматарам яе, але многія з тых, што вызначаліся або вызначаюцца і зараз, пачыналі з «Маладняка». А былі ж яшчэ «Узвышша», «Полымя».

Тварылі такія паэты, як аўтар паэмы «Босыя на вогнішчы» Міхась Чарот (1896—1937 гг.), рамантычны паэт рэвалюцыі. Пісаў свае байкі, поўныя гумару апавяданні і п’есы Кандрат Крапіва (нар. у 1896 г.). Кнігу за кнігай выпускае непараўнальны майстар беларускай мовы, празаік-класік Кузьма Чорны (1900—1944 гг.) — пісьменнік і чалавек вялікай душы, кнігі якога («Трэцяе пакаленне», «Бацькаўшчына» і інш.) яшчэ доўга-доўга будуць уплываць на перадавую беларускую прозу. І піша яшчэ М. Гарэцкі (1893—1939 гг.), ствараючы «Віленскіх камунараў», і аўтар «Сцежак-дарожак» М. Зарэцкі (1901 — 1937 гг.).

Дужа рана, на жаль, памірае вельмі таленавіты паэт Паўлюк Трус (1904—1929 гг.), пясняр краю, які павінен стаць «Краем фабрык дымных і машын», і тонкі пранікнёны лірык... У той жа час прыходзяць у паэзію складаны Ул. Дубоўка, трагічна-філасофскі Ул. Жылка, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, такі ўдумлівы, высокакультурны паэт, як М. Лужанін. Пазней з’явіліся юнацкія яшчэ, дужа смелыя вершы Пімена Панчанкі і Аркадзя Куляшова.

Твораць далей і карыфеі. Купала піша мноства вершаў і паэму «Над ракой Арэсай» (1933 г.) — аб асушэнні балот дэмабілізаванымі чырвонаармейцамі, што калісьці штурмавалі Перакоп і Чангар, а цяпер, як багі, стварылі з багны зямлю.

Якраз у гэтыя гады Якуб Колас канчае свае «Новую зямлю» і «Сымона-музыку». Піша такія празаічныя творы, як «Дрыгва», «Адшчапенец», «На прасторах жыцця».

Ну, і ўрэшце якраз у гэты час складаецца дзіцячая літаратура. Мелася яна і да рэвалюцыі, але толькі тут дзеці і падлеткі атрымалі цэлую бібліятэку. У дзіцячых часопісах «Зорка», «Беларускі піянер», «Іскры Ільіча», а пасля і асобнымі кнігамі выходзяць вершы і казкі Купалы, Коласа, Бядулі, аповесці любімага вамі Міхася Лынькова «Міколка-паравоз», «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (аб незвычайных прыгодах на вайне трох сяброў, мядзведзіка, сабакі і палкавога казла). І, урэшце, выключную папулярнасць набываюць прыгодніцкія творы Янкі Маўра: «Сын вады» (пра жыхароў Вогненнай зямлі), «Чалавек ідзе» (з жыцця першабытных людзей), «У краіне райскай птушкі» (прыгоды экспедыцыі шукальнікаў золата ў нетрах Новай Гвінеі), «Амок» (вялікі і дужа цікавы раман аб паўстанні яванцаў супраць галандскіх каланізатараў — аб тым, як быў захоплены параход «Саардам», аб патаемных падземных капішчах і незвычайных звярах), і ўрэшце «Палескія рабінзоны» — пра хлопцаў, якія трапілі на выспу сярод палескіх балот і жылі там некалькі месяцаў. І не прапалі, не толькі выбраліся, але й злавілі небяспечную банду. У тыя часы шматлікія банды гойсалі на Беларусі, пакуль з імі не справіліся, перабіўшы або палавіўшы.

Урэшце, Янку Маўра вы, вядома ж, чыталі. І не толькі яго, але і іншых.

 

ПА ЭТАПАХ

27 студзеня 1936 г. у зале Віленскага акруговага суда Сяргей Прытыцкі (1913—1971 гг.) страляў у правакатара Я. Стральчука ў час, калі той даваў паказанні супраць дзеячаў заходнебеларускага руху, камуністаў і камсамольцаў. Цяжка параніў яго, сам атрымаў некалькі раненняў, быў схоплены і асуджаны на смерць. Але паўсюль пракацілася такая хваля абурэння, што смерць замянілі пажыццёвым зняволеннем.

Заходняя Беларусь віравала. Ледзь не кожны год адбываліся розныя працэсы: «48-мі», «51-го», «75-ці». Пасля разгрому Грамады масы пайшлі ў Таварыства беларускай школы. Паўстанне многіх соцень сялян-рыбакоў з Нарачы за тое, каб ім вярнулі роднае возера, іхнюю любоў і іхні хлеб, прагрымела на ўсёй краіне.

Аб’ядналіся сілы ўсіх прыгнечаных народаў панскай Польшчы. У 1936 годзе ў Львове адбыўся Кангрэс у абарону культуры, на якім выступаў ад імя беларусаў таленавіты філосаф, публіцыст, польскі крытык у эпоху між першай і другой сусветнымі войнамі Генрых Дэмбінскі. Той, што належаў да клерыкальных колаў, быў імі накіраваны ў Італію, каб пераканаўся там у перамозе і велічы фашызму.

І ён наглядзеўся, пераканаўся ў гэтай «велічы» і... вярнуўся камуністам. Той, што выдаваў левую антыфашысцкую газету «Папросту» і якога пасля расстралялі фашысты ў Ганцавічах у 1941 г.

Нягледзячы на страшны лагер Бярозу-Картузскую, на турмы ў Лукішках і Гродні (дарэчы, ва ўсіх іх паспеў пасядзець наш таленавіты празаік Піліп Пястрак) рух вызвалення шырыўся. Вільня па-ранейшаму была культурным цэнтрам беларусаў, палякаў і літоўцаў. І нічога з усім гэтым ніхто не мог зрабіць. У Брэсце падпольная друкарня ЦК КПЗБ выдавала літаратуру на пяці мовах.

Самымі значнымі паэтамі ў Заходняй Беларусі былі Валянцін Таўлай (1914—1947 гг.), аўтар высокай грамадзянскай лірыкі і «турэмнай» паэмы «Таварыш»:

 

Панове, скончыў я. Чарга — за прыгаворам.

Пайду ў турму і веру — будзе год,

Калі маю прамову дагаворыць

Натхнёны барыкадны кулямёт!

 

...І перш за ўсё, Максім Танк (нар. у 1912 г.). Такія яго вершы, як «Песня кулікоў», «Павязлі цягнікі», «На пероне», такія паэмы, як «Нарач», «Каліноўскі», сталі народнымі. Лаканізм, паэтычнасць, непарыўная сувязь з народнай паэзіяй вызначаюць яго высокую творчасць.

 

Паслухайце, вясна ідзе.

Звініць ў маім акне жалеза.

З вінтоўкай стражнік ноч і дзень

Пільнуе куст пахучы бэзу.

А ён расцвіў, агнём гарыць,

Такім пахучым, мяккім, сінім;

На дрот калючы, на муры,

Як хустку, полымя ускінуў.

Я ціха разбудзіў другіх,

Ад слёз сінелі вочы бэзам,

І недзе хруснула ў худых

Руках іржавае жалеза.

 

Побач з паэзіяй нянавісці, Танк ствараў чысцейшай вады лірычныя дыяменты. Пра лірніка, які памёр у нетрах, пра сінякрылага матыля над жытам, пра стагі, што ржавеюць пад дажджом, і ласёў, што прыходзяць да іх у снежную сінь, скубуць сена і ўяўляюць цёплае лета і белых чаек над балотам.

 

Яны не чуюць завірухі,

Ціш першабытная кругом...

І выстрал, што ударыць глуха,

Ім прагучыць, як першы гром.

 

...Не гінула і іншае. Упарта існавалі народныя клубы з п’есамі і песнямі, народныя хоры, спевакі, кампазітары, хармайстры.

Напрыклад, дасканалы хармайстар Рыгор Шырма, шматгадовы кіраўнік беларускай харавой капэлы. Вось я ўяўляю сабе яго разумнае, добрае аблічча, сівыя валасы і бародку, чую голас з такім характэрным, пявучым акцэнтам:

— У сэнсе апрацоўкі беларускай народнай песні шмат было людзьмі зроблена. Часам шэдэўры. Як мы любілі творчасць нашага народа!

— Рыгор Раманавіч, вось вы на свае грошы надрукавалі першую кніжку Танка. 700 злотых... Гэта значыць, 350 пудоў хлеба?

— Выходзіць, так... Або... шэсць кароў.

Ну што ты з імі, з такімі, зробіш. Нават усю сістэму прыгнёту на іх наваліўшы.

...Нічога і не зрабілі. У 1939 г. Заходняя Беларусь уз’ядналася з Усходняй. І зямля стала народнай, і гаспадарку з прамысловасцю досыць хутка ўзнялі.

Толькі... мала часу было дадзена людзям на гэтую спакойную працу, на творчасць, на песню.

Дужа мала.

 

ЧАС ВЯЛІКАЙ БЯДЫ

22 чэрвеня 1941 г.

Я ўжо расказваў вам пра Брэст. Засталося крыху сказаць пра пагранічныя заставы. Сказаць пра іх можна двума словамі: загінулі ўсе. Ніхто не адступіў.

Ішлі баі пад Ваўкавыскам і Гродна, пад Астрашыцкім Гарадком. Але сілы былі няроўныя. Армія адступала, нягледзячы на ўвесь гераізм салдат... Некалькі год назад еду па Навагрудчыне. Вёска Плужыны непадалёк ад Свіцязі.

— Што гэта ў вас, дзядзька, на могілках ледзь не адно прозвішча?

— А так, адно. Гасціла. Шмат у нас Гасцілаў. Гэта ж і Мікола Гасціла адсюль. Гэта ўжо там недзе, у Расіі, яму ці ягонаму бацьку прозвішча на Гастэла перарабілі. Ужо не ведаю, ці пісар ваенны, ці хто.

26 чэрвеня ля Радашковіч Мікалай Гастэла кінуў свой, ахоплены агнём самалёт на калону нямецкіх танкаў і бензацыстэрнаў. Такіх людзей было нямала. І ўсё ж 28 чэрвеня быў захоплены Мінск. Да 11 ліпеня ішлі баі за Віцебск, з 1 да 26 ліпеня змагаліся абаронцы Магілёва. Да пачатку верасня 1941 года гітлераўскія захопнікі акупіравалі ўсю Беларусь.

Частка прамысловага абсталявання, маёмасці саўгасаў і калгасаў была эвакуіравана. Астатняе схавалі на месцы або знішчылі.

Прычыны нашых няўдач на пачатку вайны вядомыя ўсім. Але ўжо ў гэтых няшчасцях кавалася тое, што прывяло да ганебнага краху «тысячагадовы райх».

Хутар над Сервеччу. Побач з вадзяным млынам. Пажылы падпалкоўнік Яўген Крамко расказвае мне:

— З Гродна не паспеў пайсці. Я тады быў цывільны хлопец, у школе працаваў. Ішоў з групай такіх самых — адна вінтоўка ў нас была — дадому, пад Карэлічы. Раз банда нейкая нас абстраляла. Ну, стрэліў у адказ разы тры, змоўклі... Неба ад самалётаў было аж чорнае: гэта яны кідалі дэсант пад Мінск... За тры дні (і яшчэ дзень быў днёўкі) прайшлі каля ста пяцідзесяці кіламетраў. На вёсцы пасля суткі спаў. І тут пацягнуліся акружэнцы. Усё ім аддавалі. І вось заходзіць чалавек у форме. Убачыў часопіс «Полымя рэвалюцыі», прысвечаны Купалу. «Камсамолец?» — пытае. «Так».— «Тады збяры што-небудзь. І прыгані ніжэй вёскі чайку» (човен). Сабралі, што засталося: сала кавалак, бульбы халоднай, пяток яек. Аж там у ляску група ваенных. У аднаго аблічча значнае такое, валявое. І чатыры шпалы ў пятліцах. Камандзір палка. Перавёз я іх цераз Нёман. А на дарогах машыны грукочуць. Павёў поплавам. Адну вінтоўку падабраў, з поўнай абоймай. Той, што прыходзіў, кажа: «Кінь». Тады камандзір кажа: «Гэта ты кінь. Нясі, хлопец». Я іх прашу: «Вазьміце і мяне з сабой». Палкоўнік кажа: «Вось што, хлопец. Гледзячы па ўсім, табе і тут справы хопіць. Збірай вось так зброю і хавай. Прыдасца. А мы... невядома яшчэ ці выйдзем». Пайшоў я назад бродам. Гляджу, на дне пішучая машынка. Узяў яе і ледзь на смерць не наляцеў. Бандыт на беразе. Але ўгаварылі яго «дружкі», каб не страляў. Загадалі толькі кінуць... Ну, пасля я яе ўсё адно з дна выбраў. На ёй партызанскія загады і лістоўкі друкаваліся. Прыдаліся, вядома, і вінтоўкі.

Яўген Крамко стаў адным з першых партызан у наваколлі.

Не ўзяцца за зброю было нельга. Савецкі патрыятызм і чалавечая годнасць загадвалі ісці ў бой супраць тых, хто зацягнуў край калючым дротам. Катарга, рабунак, знішчэнне мірных людзей, турмы і канцлагеры. У лагеры Трасцянец, пад Мінскам, тры гады знішчалі па 137 чалавек у дзень. Значыць, 6 чалавек у гадзіну. Значыць, кожныя дзесяць хвілін тут навекі паміралі зямля і неба, увесь сусвет. За гады акупацыі фашысты знішчылі ў Трасцянцы 206 тысяч 500 чалавек.

У некаторых мясцінах не ступала нага немца. Не пусцілі. Там працавалі нашы ўстановы, саўгасы, ішлі заняткі ў школах. Пра ўсіх расказаць немагчыма. Вось толькі некаторыя. Канстанцін Заслонаў, які арганізаваў дыверсіі на Аршанскім вузле: выбухі цягнікоў з дапамогай вугальных мін, замарожванне вадакачак, сігналы нашым лётчыкам падчас бамбёжак. Пасля — партызанскі атрад і гераічная гібель 14 лістапада 1942 года ў баі пад Купаваццю.

А. М. Шмыроў, Ф. Паўлоўскі, стогадовы партызан дзед Талаш. А 14-гадовы Марат Казей, сувязны, разведчык, баец, што загінуў у маі 1944 г. Яму зараз стаіць у Мінску помнік. А обальскія юнакі-падпольшчыкі! Яны ўзарвалі на станцыі Обаль некалькі эшалонаў з танкамі і авіябомбамі, узарвалі льнозавод, электрастанцыю, некалькі складаў і мастоў, цагельню, тры матавозы, экскаватар, дзесяць аўтамашын з салдатамі, зрабілі дыверсію ў нямецкай афіцэрскай сталовай (загінула звыш ста чалавек). Правакатар выдаў іх, але схоплены былі не ўсе, частка пайшла ў партызаны.

...А Мінскае падполле, што няспынна вяло барацьбу, кульмінацыяй якой было забойства гаўляйтара Беларусі сатрапа Кубэ. Міна, прынесеная патрыёткамі А. Мазанік, М. Осіпавай, Н. Траян, разнесла Вільгельма Кубэ ў шматкі. Калі вы глядзелі фільм «Гадзіннік спыніўся апоўначы», вы прыблізна ведаеце, як гэта адбылося.

А ў ноч з 2 на 3 жніўня 1943 г. пачалася на Беларусі першая «рэйкавая вайна». За 12 дзён аперацыі партызаны ўзарвалі 95 тысяч рэек. Чыгункі сталі прапускаць на 40 % меней ваенных грузаў. І гэта было ў час бітвы пад Курскам.

А славутая Ушацкая блакада ці спробы немцаў блакіраваць партызан у Налібоцкай пушчы? Нічога з гэтага не атрымалася. Хай цаною страт і нечуванага гераізму, але партызанскія брыгады выйшлі з кальца (а ў Налібокі фашысты кінулі дзесяткі тысяч салдат рэгулярнага войска з самалётамі, браневікамі, артылерыяй, эсэсаўскімі часцямі, аўчаркамі) і зноў пачалі наносіць удары ворагу. За іх былі беларускі народ і беларускі лес.

Я ўжо казаў вам, якія ахвяры панёс наш народ. Кожны чацвёрты загінуў. Французы шануюць памяць спаленага Арадур сюр Глана, чэхі — памяць Лідзіцэ. У нас былі тысячы Арадураў. Жмені зямлі з іх звезены ў вёску Хатынь, што так і не адрадзілася. На месцы гумна, куды загналі людзей і спалілі іх,— помнік. На месцы кожнай хаты — комін са звонам. У летні дзень і ў асеннюю туманную ноч б’юць, б’юць, б’юць над Беларуссю хатынскія званы.

Помсцілі ворагу разам з усімі народамі беларусы-франтавікі. Такія, як Ф. Смалячкоў, што знішчыў 125 гітлераўцаў, такія, як генерал Л. Даватар, кіраўнік коннага рэйда па тылах фашыстаў, як лётчык А. Гаравец, які ў адным толькі баі 6 ліпеня 1943 г. збіў 9 самалётаў ворага і загінуў у гэтым баі. Пералічыць усіх зноў-такі немагчыма.

Здавалася б, у такія страшныя часы не да літаратуры, не да паэзіі. І, аднак, літаратура, наадварот, узнялася да незвычайных вышынь. Нават хадзіла ў лістоўках, як верш Купалы «Беларускім партызанам». У партызанскай друкарні выйшаў зборнік паэта-партызана А. Астрэйкі «Слуцкі пояс». Будучы адначасова разведчыкам, рэдагаваў партызанскую газету беларускі пісьменнік Янка Брыль. Створана была А. Куляшовым таленавітая паэма «Сцяг брыгады». Нельга без хвалявання чытаць ваенныя вершы П. Броўкі. Новымі гранямі творчасці бліснуў Максім Танк. Асабліва разгарнуўся адменны, дужа самабытны і высокі талент Пімена Панчанкі. Тужачы па роднай зямлі, успамінаючы бор з залатымі суніцамі, сінія касачы ля хаты маці, бачачы гераізм салдат, якія кладуцца на калючы дрот, каб сотні салдацкіх ботаў прайшлі па іх спіне, і журбу пакінутых хат, што закрылі драўлянымі пальцамі вочы, каб не бачыць гора гаспадароў, паэт знаходзіць радкі нясцерпнай пакуты...

 

Краіна мая! Радасць мая!

Песня мая маладая!

Па нівах тваіх, па тваіх гаях

Сынава сэрца рыдае.

 

...але і радкі высокай веры:

 

Веру цвёрда: сканае бязлітасны вораг

і штандар перамогі

над краем запаліць зару.

Пакуль сонца не згасне, пакуль свецяцца зоры,

Беларусь не загіне! Будзе жыць Беларусь!

 

Нават смех беларускі тады не загінуў. Гаворыш са старымі партызанамі, і яны чамусьці ахвотней за ўсё ўспамінаюць смешныя выпадкі тых часоў. Як млынар, аддаўшы партызанам муку, просіць, каб яго набілі і звязалі. Як падпольшчык, увесь абкручаны бікфордавым шнурам (нясе яго ў лес), вымушаны па загаду немцаў пераносіць цераз рэчку па сплаўных бярвеннях нямецкіх паненак, і тыя вішчаць і хапаюцца за яго, а немец пасля дае гэтаму падпольшчыку тры маркі, і той, успацелы ад работы і хвалявання, думае: «Пачакайце, залью я вам яшчэ сала за шкуру». Ясна, ад такога смеху мароз па скуры, гэта смех пад шыбеніцай, але, з другога боку, каб не гумар — чалавеку трэба было б самому павесіцца ад пакут і гора, не чакаючы, пакуль гэта зробяць эсэсаўцы.

Вось яшчэ некалькі слоў пра чалавека, з якім быў я асабіста знаёмы. Вясною 1971 года мы спецыяльна прыехалі ў Карэлічы, каб пагаварыць з былым сакратаром Карэліцкага райкома партыі Паўлам Арсеньевічам Жалезняковічам.

Сядзім у цяністым садку. Спеюць парэчкі, адцвітаюць белыя півоні. Кошка гуляе ў траве з двума кацянятамі. Гаспадар мажны, сівы і бледны. Мыліцы, якімі ён цяпер карыстаецца, адстаўлены да сценкі доміка. Вакол мірны спакой, і гаспадар гаворыць спакойна. А між тым гэта адзін з самых неспакойных і цікавых людзей у рэспубліцы.

Сорак з лішнім год назад быў ён тут, у Заходняй Беларусі, падручным у печніка, будаваў панскі млын, працаваў на пільні. Але і чытаў, і ўдзельнічаў у вясковай самадзейнасці, і працаваў у падполлі, распаўсюджваў камуністычную літаратуру. Арыштоўваўся дэфензівай, а ў 1926 годзе быў узяты па справе забойства правакатара. Пайшлі катаванні, пасля турма ў Наваградку. Праз год адбыўся суд. Жалезняковіча і яго сяброў, Валодзю і Міколу Царукоў, Сеню Носа прысудзілі да пажыццёвага зняволення. Пасля Наваградка была гродзенская турма, турма ў Плоцку, вязніца ў Равічы, карцэры, голад, адзіночкі, галадоўкі. Ногі і рукі ад раматусу адмаўляюцца служыць, але чалавек і сябры яго не здаюцца. Настаў 1939 год — і вязні выйшлі на волю. Добраахвотны ўдзел былых вязняў у абароне Варшавы, адступленне на ўсход. Праца, спачатку ў мястэчку Турэц, пасля — сакратаром райвыканкома ў Міры. 1941 г. Фронт. Па загаду ЦК КПБ Жалезняковіч праходзіць «Віцебскім калідорам» у тыл ворага, у Налібоцкую пушчу. Атрад «Камсамольскі». Працуе падрыўніком, а пасля (халодная зіма, сырасць, снег зноў абвастрылі турэмны раматус) — інструктарам падрыўной справы.

Налібоцкая блакада, з якой партызаны ўсё ж прабіліся. Цяжкае аднаўленне знішчанай гаспадаркі, калектывізацыя, будаўніцтва. Сакратар Любчанскага райкома. Пасля — першы сакратар Карэліцкага райкома партыі. І вось — персанальны пенсіянер. Крыху раней чым трэба, па прычыне здароўя, падарванага турмамі, ваеннымі выпрабаваннямі і тым, што гэты чалавек ніколі не шкадаваў сябе.

Гаспадар ажывіўся. Мы відавочна ўзрадавалі яго сваім прыходам. Жартуем, смяёмся, і так непрыкметна праходзіць дзве гадзіны. А пасля адыходзім, бачым купы яблынь, снежныя шары апошніх півоняў і гаспадара, што махае нам рукой. Трывалага чалавека. Проста добрага і сардэчнага чалавека.

Нядаўна ён памёр. І мне шкада, што ён не пачуе гэтых слоў павагі яшчэ аднаго чалавека да яго.

 

БУДОЎЛІ, БУДОЎЛІ, БУДОЎЛІ

 

З ПАПЯЛІШЧАЎ, ЯК ФЕНІКС

Улетку 1944 г. пачалася аперацыя «Баграціён», бітва за Беларусь (хаця яшчэ ў 43-м г. быў вызвалены Гомель, а ў студзені 44-га г.— Мазыр і некаторыя раёны Магілёўскай і Віцебскай вобласцей). 23 чэрвеня перайшлі ў наступленне войскі 1-га Прыбалтыйскага, 2-га і 3-га Беларускіх франтоў. На другі дзень уступіў у бой 1-шы Беларускі фронт. Нямецкая абарона была прарвана. 26 чэрвеня вызвалілі Оршу, 28-га — Магілёў, Шклоў і Быхаў. 3 ліпеня — Мінск, шматпакутную сталіцу нашу. Немцы траплялі ды траплялі ў «катлы». Мужнасць салдат і партызан была невераемная. Падчас баёў у Беларусі фашысты страцілі жывой сілы ў паўтара раза больш, чым пад Сталінградам. Партызаны захоплівалі гарады, масты, пераправы, чыгункі. У канцы ліпеня тэрыторыя Беларусі была поўнасцю ачышчана ад акупантаў.

Пасля быў Берлін і перамога над Японіяй.

А потым, калі прыйшоў мір,— засталася зямля, якую немцы зрабілі зонай пустыні. Цяжка ў некалькіх словах расказаць, як вялося яе адраджэнне, ператварэнне ў тую сонечную і зялёную зямлю, якую мы ведаем. Скажу толькі, што цяжкасці былі дужа вялікія, што нястомнай працай людзей рэспублікі былі пабудаваны новыя гарады, такія, як Новаполацк і Салігорск, Светлагорск і Белаазёрск, Новалукомль і Жодзіна, пастаўлены Бярозаўская ДРЭС і Лукомльская ДРЭС, самая буйная ў еўрапейскай частцы Саюза (працуе і на братнія рэспублікі), пабудаваны Гродзенскі азотнатукавы, Магілёўскі лаўсанавы, Пінскі трыкатажны, Баранавіцкі баваўняны, самы буйны ў СССР, і іншыя заводы.

Знойдзена нафта — на паўднёвым усходзе, ля вёскі Гарывада, дзе даўно заўважаны былі прыкметы «зямнога тлушчу». Знойдзены за апошні час прамысловыя запасы жалезнай руды. Ну і, ясна, Салігорск, магутныя камбінаты па здабычы калійнай солі.

Я памятаю яшчэ малады, слаба забрукаваны горад, а пад ім — палацы! — іначай не скажаш. Гладкія тунелі — чырвоныя, сіняватыя, з пражылкамі, бліскучымі плямамі і разводамі. Гэта было цікавей і жывапісней, чым у Маскоўскім і Кіеўскім метро. І ў перапынак чалавек — ёсць такі верш у паэта Міколы Аўрамчыка — бярэ проста са столі соль і падсольвае ёй памідор. Назнарок не прыдумаеш! Асабліва калі ўлічыць, як цяжка было ў вайну беларускаму партызану і проста селяніну без солі. Людзі хварэлі, нават часова слепнулі.

...Ну а цяпер успомніце, што немцы разбурылі больш як 200 гарадоў і 1200 сёлаў, і вам стане лёгка ўявіць, што гэта было — праца па аднаўленні. Бывала, што падчас працы на полі ці па разборцы руін так намерзнешся, што здаецца, памёр бы, абы толькі пахавалі ў печцы.

І вось што ўдалося пабудаваць на месцы попелу і руін.

Новая беларуская вёска?

Возьмем хаця б Верцялішкі ў Гродзенскай вобласці (калгас «Прагрэс»). Гэта эксперыментальны пасёлак. Будаўніцтва такіх паселішчаў пачалося з 1967 г. На іх правяраюцца прагрэсіўныя прыёмы планіроўкі і забудовы калгасаў і саўгасаў, правяраюцца тыпавыя праекты жылых і грамадскіх будынкаў (ці зручна жыць і працаваць). Пасля праверкі ўсё ўдалае бяруць ад іх іншыя пасёлкі, што будуюцца па Беларусі і за яе межамі.

Верцялішкі (гэты пасёлак і пасёлак саўгаса «Леніна» на Магілёўшчыне адзначаны залатымі медалямі ВДНХ) здзіўляюць. Усё ўлічана пры праектаванні: рэльеф, вадаёмы, зялёныя масівы. Высокая якасць праектаў і выдатная якасць будаўнічых работ і добраўпарадкавання. Тэрыторыя дзеліцца на жылую, грамадскую і вытворчую зоны. Цэнтр — грамадская плошча, а на ёй клуб з залай на 360 месцаў і спартыўнай залай. Тут жа праўленне калгаса, сельсавет, гандлёвы цэнтр, пры якім гасцініца і камбінат бытавога абслугоўвання.

Колькасць паверхаў у дамах розная, і ў кожнага будынка свой цікавы архітэктурны воблік. Усё гэта арыгінальна і прыгожа.

За клубам парк з танцпляцоўкай і спортпляцоўкай (стадыён крыху наводдаль). Ля парку дзіцячы сад-яслі. Ёсць дамы для маласямейных і адна-, двухкватэрныя дамы з балконамі і лоджыямі. Перад адміністрацыйным будынкам — вадаём з фантанамі.

Прыемна і прыгожа жыць у такім пасёлку. Нездарма тым, хто яго праектаваў, архітэктарам В. Емяльянаву і Г. Заборскаму і старшыні калгаса Ф. Сянько ў 1971 г. прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР.

Такіх эксперыментальных пасёлкаў пакуль што не вельмі многа. Справа ж толькі нядаўна пачалася. Нічога, з часам так будуць жыць усе на вёсцы.

Але і «неэксперыментальную» вёску сёння не пазнаць.

Возьмем хаця б адзін досыць тыповы калгас. «Зара» Карэліцкага раёна. Бяру яго не таму, што ён адзін такі. У тым жа наваколлі і калгас імя Шчорса і «Рассвет», у іх гаспадарка і клубы і ўсё іншае няшмат адрозніваецца. Ёсць у нас і лепшыя і горшыя. Проста з былым старшынёй гэтага калгаса, а цяпер старшынёй сельсавета Пятром Майсеевічам Шчарбаковым я асабіста знаёмы, хаця ў першы раз пішу аб ім.

Ёсць, першы пакуль, маршрут, які злучае Мінск непасрэдна з вёскай. Гэта аўтобус «Мінск — Кайшоўка». Шчарбакоў дабіўся гэтага, абабіўшы парогі невядома колькіх кабінетаў. У калгасе свае дарогі, добры выхад на шашу, спрэс асфальтаваныя вуліцы. Яна своеасабліва прыгожая, Кайшоўка, са сваёй зелянінай, з палямі белай і чырвонай канюшыны. У вайну яна, праўда, не была разбурана — бамбілі толькі — бо тут былі партызаны, але ўсё адно: колькі ж у гэтай вёсцы было мёртвых! У памяць іх устаноўлена ў скверы ля праўлення гранітная стэла. Яна ўся спісана зверху данізу.

Мала людзей, здавалася, не ўзняць нічога, не справіцца, захірэе Кайшоўка. А зараз тут клуб, якому стаяць бы ў горадзе, з дужа багатай і па колькасці і па густу бібліятэкай (старшыня раней быў настаўнікам, а пасля дырэктарам школы), з пакоямі гурткоў, з глядзельнай залай, якой бы й тэатр пазайздросціў. У размове са мной П. М. Шчарбакоў скардзіўся толькі на тое, што ніяк не можа выцягнуць з горада — нават за харошую зарплату — добрага кіраўніка аркестра і драматычнага калектыву.

У кайшоўцаў наладжаны таксама побыт: лазня, газавыя пліты, тэлевізары, пральныя машыны.

Людзі тут дзівосныя. Гэта галоўнае.

Перспектывы, якія стаяць перад рэспублікай, вельмі шырокія. Будуць развівацца малыя гарады, будзе 36 тыс. грузавых аўтамабіляў у год, будуць мільёны тон нафты, будзе 143 тыс. тон ільновалакна. Будуць прыбраны камяні з палёў, і з часам зямля наша стане зямлёй, дзе паўсюль можна прайсці босым, не параніўшы ног. Да гэтага ідзе.

 

СЁННЯШНІ ДЗЕНЬ

За апошнія гады Беларусь па колькасці навучэнцаў на 10 тыс. насельніцтва апярэдзіла Англію, Францыю, Японію, Італію і ФРГ. Тут у 1975 годзе працавала 9442 агульнаадукацыйныя школы, 131 сярэдняя навучальная ўстанова, 31 вышэйшая навучальная ўстанова.

Магчыма, нехта з вас, скончыўшы школу, паступіць ва універсітэт ці ў політэхнічны інстытут, такі вялікі, што ўсе карпусы і лабараторыі яго не абыдзеш і за тыдзень, або ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію з яе надзіва дагледжанымі палямі, старажытным паркам, батанічным садам і аранжарэямі, у якіх вечныя тропікі.

На Беларусі зараз працуе больш за 490 тысяч спецыялістаў з вышэйшай і сярэдняй адукацыяй.

А ўвогуле ва ўсім СССР працуе 16 358 вучоных беларускай нацыянальнасці.

У нас цяпер два універсітэты. Другі — у Гомелі. Там зараз будуюць для яго новы комплекс, дзе чаго толькі не будзе, аж да палаца спорту і вялізных будынкаў, якія некалькімі паверхамі ўходзяць пад зямлю. А ўвогуле ў рэспубліцы шмат навукова-даследчых устаноў.

Ёсць даследчыя інстытуты ў тых мясцінах, дзе раней іх не было. Беларускія атамшчыкі, кібернетыкі, працаўнікі вылічальнага цэнтра высока цэняцца людзьмі навукі ўсяго СССР.

Акадэмія навук аб’ядноўвае звыш трыццаці навукова-даследчых інстытутаў. Упершыню выдадзена «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». Кіраваў гэтым выданнем лаўрэат Ленінскай прэміі, народны паэт БССР Пятрусь Броўка. Рыхтуецца да выхаду сямітомная праца «Помнікі Савецкай Беларусі», у якой будуць апісаны і пададзены ў фатаграфіях і планах усе каштоўныя помнікі: ад старых курганаў і гарадзішч, ад самых даўніх вежаў да новых гмахаў са шкла і бетону, да помнікаў на магілах салдат і знішчаных фашыстамі людзей. Бо народ павінен помніць усё ў сваёй гісторыі, а хто згубіў памяць — згубіў усё. І ўсе тыя помнікі, што ўвойдуць у «Помнікі», будуць аўтаматычна знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Мне пашчасціла ездзіць не з адной экспедыцыяй «Помнікаў», удзельнічаць у абмерах і фатаграфаванні старых палацаў, веж і званіц, і гэта было так цікава, што я, пэўна, яшчэ не раз паеду з гэтымі людзьмі.

За апошнія гады вялікі рывок наперад зрабіла наша літаратура, многа па-ранейшаму твораць Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка.

Многія з вас чыталі раманы Івана Мележа. «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы». Глыбокая хроніка народнага жыцця, дзе не ведаеш, чаму болей здзіўляцца: высокаму майстэрству аўтара, глыбіні яго думкі ці цудоўнай народнай мове.

Або цудоўныя апавяданні выдатнага майстра Янкі Брыля ці яго раман «Птушкі і гнёзды». Пра цяжкі лёс заходнебеларускага хлопца, якога ўзялі ў польскую армію, а потым у бітве з немцамі пры абароне ўзбярэжжа ён трапіў у палон. А пасля ўцякаў з палону: адзін раз няўдала (быў выдадзены жандарам і трапіў у турэмную камеру), а пасля ўдала. І прыйшоў на радзіму, таксама ўжо захопленую ворагам, каб узяць зброю ў рукі.

Ці аповесці і раманы Івана Шамякіна, пісьменніка, які жыве з народам, аддаючы яму ўсе свае здольнасці, аўтара «Крыніц», «Трывожнага шчасця», «Сэрца на далоні» і іншых вядомых твораў.

Ну і Васіль Быкаў, творы якога перакладзены на многія мовы свету, пісьменнік суровы і бязмежна праўдзівы, які піша пераважна пра вайну і сам прайшоў усю вайну артылерыстам. Вы, мабыць, чыталі такія яго кнігі, як «Жураўліны крык», «Абеліск», «Сотнікаў», «Воўчая зграя» і многія іншыя. А можа, бачылі фільмы, знятыя па яго аповесцях,— «Трэцяя ракета» або «Альпійская балада». І вам, натуральна ж, спадабаліся поўныя трывог і, урэшце, шчасця, уцёкі з лагера ваеннапалонных беларускага хлопца Івана і італьянкі Джуліі. І тое, як, урэшце, яны пакахалі адно аднаго. А потым быў подзвіг і смерць Івана, які, ратуючы дзяўчыну, загінуў сам. І прыйшла вечная памяць аб ім.

Або такія раманы, як «Векапомныя дні» Лынькова, вялікая эпапея партызанскай барацьбы.

Ці камедыі і трагікамедыі А. Макаёнка «Выбачайце, калі ласка», «Трыбунал», «Зацюканы апостал», «Таблетка пад язык», «Святая прастата». Гэта вельмі цікавы майстар са сваім камедыйным почыркам.

А за імі ішлі ўсё новыя і новыя прылівы ў літаратуру вельмі таленавітых паэтаў і празаікаў. Хваля за хваляй, няспынна, яны рабілі нашу літаратуру больш багатай, яскравай, шматграннай. Як назваць іх усіх? Гэта вытанчаны майстра верша Р. Барадулін, глыбінны знаўца чалавечай псіхалогіі В. Адамчык, Я. Сіпакоў з яго гістарычным мысленнем, мініяцюрыст нават у аповесцях Б. Сачанка, М. Стральцоў з яго ўвагай да дэталі, суровы і пяшчотны А. Пысін, жарсткавата-гуманны І. Чыгрынаў, назіральнік душы чалавека І. Пташнікаў, Г. Бураўкін з яго грамадзянскасцю, просты і шчыры ў кожным слове У. Дамашэвіч, тонкі лірык В. Зуёнак.

Усіх не пералічыш, на жаль, хоць кожны варты ўпамінання. Бо пісьменнікаў у нас больш як 300. Акрамя таго, баюся даць волю сваім сімпатыям ды каго-небудзь з гэтых людзей пакрыўдзіць. А вы вось дастаньце ды чытайце. Вершамі, апавяданнямі, раманамі многіх і многіх будзеце задаволены.

Людзі, што прыязджаюць да нас, часта могуць трапіць на мастацкія выстаўкі. Цяпер пабудаваны Палац мастацтваў, і выстаўкі тыя будуць пастаянныя. У нас шмат мастакоў, якія адлюстроўваюць чароўную прыроду Беларусі, гераічнае яе мінулае і не менш гераічнае сучаснае. Імёны Я. Зайцава, В. Цвіркі, В. Волкава, К. Красоўскага, А. Кішчанкі, М. Савіцкага, М. Данцыга, Г. Вашчанкі і многіх-многіх іншых вядомы далёка за межамі рэспублікі. У нас цудоўныя афарміцелі кніг, яны ж і першакласныя графікі. Назаву толькі А. Кашкурэвіча, В. Шаранговіча, Н. Паплаўскую, А. Паслядовіч, А. Лось, Э. Агуновіча, Б. Заборава, У. і М. Басалыгаў, І. Капеляна.

Імя ім — легіён. Як і архітэктарам, музыкантам, паэтам, мастакам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Такая ўжо наша зямля. Шмат беларускіх кніг, што выдадзены цяпер, можна лічыць творамі мастацтва. Іх хочацца не толькі чытаць, але і глядзець.

Поспехі скульптуры таксама значныя. Не кажучы пра старэйшых — А. Бембеля (аднаго з аўтараў Брэсцкага мемарыяла), З. Азгура (помнік Я. Коласу яго работы пастаўлены ў Мінску), працуюць маладзейшыя, такія, як І. Міско (помнік І. Буйніцкаму ў Празароках) і С. Вакар. Хутка перад тэатрам оперы і балета стане яго выразны, дужа паэтычны помнік Максіму Багдановічу.

А глыбока рамантычны помнік Янку Купалу А. Анікейчыка?

Пра Купалаўскі тэатр я вам ужо расказваў. Яму нядаўна споўнілася 50 год. Таленавіты калектыў працуе і ў Віцебску ў тэатры Якуба Коласа. Калі першыя пачастуюць агнявой і вясёлай «Паўлінкай», то другія хітраватым і гарэзлівым «Несцеркам». Ёсць у нас тэатр юнага гледача і свой, беларускі цырк. Узнікаюць новыя тэатры — і прафесійныя і народныя.

Што ўласціва нашаму тэатру апошніх год? Чым ён адметны?

Вось чым. З 60-х гадоў на нашай сцэне нібы нейкім жывушчым ветрам павеяла. Вялізная ўвага да глыбінь чалавечай душы, вострыя сацыяльныя праблемы, бязлітасная праўдзівасць у лепшых спектаклях, развіццё лепшых нацыянальных традыцый.

І пры гэтым адмаўленне ад штампаў, пошукі рэжысёраў і акцёраў. І, што, можа, самае галоўнае, зусім іншая па якасці, існа нацыянальная, беларуская драматургія.

Гэта творы К. Крапівы («Брама неўміручасці»), А. Макаёнка, А. Дзялендзіка, М. Матукоўскага, А. Петрашкевіча.

А колькі выключных па сіле таленту і шчырасці акцёраў прыйшло за апошнія гады ў нашы тэатры!

Кіно... У нас вялікая новая студыя, якая можа выпускаць шмат фільмаў у год. Вы бачылі «Чырвонае лісце», прысвечанае замаху С. Прытыцкага на правакатара. «Альпійскую баладу» і глыбока трагічны фільм «Праз могілкі» пра першыя гады акупацыі, пра гераізм і боль беларускі. Бачылі, мабыць, двухсерыйны фільм па раману А. Адамовіча «Партызаны». Або больш новыя: «Полымя», «Руіны страляюць ва ўпор». Працуе ў нас група таленавітых сцэнарыстаў, рэжысёраў, аператараў і акцёраў, у тым ліку дзяцей (бачылі, пэўна, фільмы: «Дзяўчынка шукае бацьку» і «Пушчык едзе ў Прагу». У апошнім удзельнічалі і мядзведзі).

Некалькі год назад даганяем мы гэтую кінаэкспедыцыю пад Мазыром, бачу — Пушчык залез у рэфрыжэратар і там лёдам храбошча, ды з такім апетытам: гэта для яго ў спёку, як марожанае для нас. А вечарам, пасля работы, ён атрымоўваў і «прэміяльныя» — мёд.

Развіваецца і музыка беларуская. Шмат створана папулярных песень, опер, сімфоній, камернай музыкі. Твораць вядомыя старэйшыя кампазітары: А. Багатыроў, аўтар «У пушчах Палесся», Ул. Алоўнікаў, першыя такты песні якога «Радзіма мая дарагая» сталі пазыўнымі беларускага радыё, гучаць надзіва меладычныя рамансы і песні А. Туранкова, оперы Ю. Семянякі, балеты Г. Вагнера. А больш маладое пакаленне — Д. Смольскі, С. Картэс і вельмі таленавіты аўтар опернай і балетнай музыкі Я. Глебаў. Або І. Лучанок, песні якога ўсе вы ведаеце, ці адзін з лепшых арганістаў Саюза, кампазітар, музыка якога дзейнічае на слухача вельмі моцна, А. Янчанка.

А хто не ведае ансамбль «Песняры»?

І пошукі ўсіх творцаў нашай музыкі вельмі-вельмі плённыя.

Пра архітэктуру не кажу. Проста, калі вы не мінчане, прыязджайце і пройдзем Ленінскім праспектам, галоўнай вуліцай Мінска, праспектам, праект якога ўдастоены Дзяржаўнай прэміі БССР. Не ўсё, вядома, і тут добра. Але ўсё ж, у асноўным, велічныя новыя гмахі, купалы, шпілі, забраная ў граніт стужка Свіслачы, магутная дуга акадэміі, а на іншых вуліцах і праспектах суцэльныя вертыкалі бетону і шкла.

На жаль, у сталіцы і іншых гарадах Беларусі мала засталося будынкаў 20—30-х гадоў. У Мінску гэта Дом урада, манументальны і, адначасова, скульптурны, лаканічны будынак ЦК КПБ, оперны тэатр, які надае цэнтральнай частцы горада такую адметнасць і г. д.

Пасля вайны на месцы амаль знішчанага горада ўзнік новы з яго цікавымі ансамблямі, з сістэмай паркаў у пойме Свіслачы, сістэмай, што так удала пераходзіць у масіў лясоў вакол Заслаўскага вадасховішча.

Не, гэта сапраўды прыгожа! І мастацкі музей, і політэхнічны інстытут у Мінску, і ансамблі Віцебска. А сучаснае будаўніцтва. Жылыя дамы па бульвару Талбухіна ў Мінску і праект забудовы Волатава ў Гомелі, будоўлі на беразе Мухаўца ў Брэсце і жылыя дамы крывалінейнай канфігурацыі ў мікрараёне «Усход-1», Палац спорту ў Мінску і пансіянат (а таксама і гасцініца «Юнацтва») на беразе Мінскага мора. А паглядзіце, як зручна дзецям у дзіцячым садзе па Слясарнай вуліцы (Мінск). Тут табе і светлыя пакоі, і веранды, і нешта накшталт старадаўняй крэпасці для гульняў. А кінатэатры («Кастрычнік», «Партызан» і «Піянер» у Мінску, «Кастрычнік» у Магілёве-2, «Імя Калініна» у Гомелі)! А смелы будынак гомельскага цырка!

Калі вы станеце дарослыя — яны будуць яшчэ прыгажэйшыя, нашы вёскі і гарады. Вы пройдзеце па іх вуліцах, і вам самім захочацца прыкласці свае рукі, веды і ўмельства да таго, каб зрабіць іх дзівам дасканаласці, а зямлю нашу — найлепшай у свеце зямлёй.

І трэба многа, вельмі многа ездзіць, сябры. Вы маладыя, і калі будзеце часта жыць «на колах», шмат хадзіць і падарожнічаць, вы паглядзіце многае ў свеце. Але перш за ўсё вам трэба ведаць свой, самы для нас прыгожы край. Ездзіце. З экскурсіямі, да сваякоў або да сяброў. Вы ўбачыце ўсе канцы нашай мілай, ласкавай няяркай краіны, якая, аднак, зачаруе вас сваёй няўлоўнай прыгажосцю. Убачыце Прыдняпроўе і Прынямонне, роўных якім па прыгажосці мала знойдзецца мясцін на зямлі. Убачыце далёкія агні новабудоўляў і цёмныя волаты замкаў, партызанскія зямлянкі і вясёлку Каложы. І азёры з белымі грабянцамі на сіняй вадзе, і старыя каменныя млыны над рэчкамі, што зараслі белай лілеяй, поўню ў азёрнай вадзе і водсвет яе на мокрых тратуарах гарадкоў. Будзеце слухаць музыку нашай пявучай мовы і нашы пяшчотныя песні. І ўбачыце зуброў і аленяў. Пройдзеце па зажураных пушчах Палесся. І, галоўнае, пазнаеце свой гасцінны, добры, горды і таленавіты народ.

Я не мог напісаць аб усім і ўсіх, і хай яны мне прабачаць.

І вы прабачце мне за доўгую размову. Калі пачнеш прызнавацца ў любові да самага дарагога — скончыць тое прызнанне амаль немагчыма.

Вы самі ўсё зведаеце, самі перамераеце яе дарогі і сцежкі. Зведаеце больш за мяне, перад вамі куды больш доўгая дарога.

Любіце гэтую сваю святую зямлю аддана і да канца. Іншай вам не дадзена, дый непатрэбна.

Але калі вам, дарагія мае дзяўчаты і хлопцы, захацелася пасля прачытанай кнігі прайсці па шляхах нашай Беларусі, нашай зямлі пад белымі буслінымі крыламі, пахадзіць гэтымі дрымучымі дубровамі, праплысці гэтымі поўнымі рэкамі,— буду лічыць, што работа мая зроблена. Буду шчаслівы.

Бывайце ж шчаслівыя і вы.

1971 г.

1 Гатунак пірага.

2 Разынак, ізюму.

3 Посуд з рыльцам.

4 Крык дзіцяці і крык савы аднолькава перадаецца выклічнікам «ку-га!» (уа!), таму нават бытавала павер’е, нібыта крык савы прарочыць, што ў доме хутка народзіцца дзіця.

5 Прыклад прыведзены Янкам Брылём у кнізе «Жменя сонечных промняў». Прыклад з «таго» вяселля, што бачыў сам, я, на жаль, забыў.

6 На поўдні Гродзеншчыны часам кафейныя з сінімі ці чырвонымі абшлагамі. Па Бугу — цёмна-шэрыя з чорнымі абшлагамі і г. д.

7 Дрэвы, помнікі (манументы) нашы, колькі ж кожны год вас пажырае купецкая або ўрадавая маскоўская сякера?

8 Драўнінныя грыбы.

9 Россия. Полное географическое описание нашего отечества. СПб, 1905 г., т. ІХ, стар. 156—157.

10 Россия. Полное географическое описание нашего отечества. СПб, 1905 г., т. ІХ, стар. 156.

11 Падчас адной бітвы ў Ламбардыі дзве арміі рыцараў, чалавек па 300 кожная, ад усходу да захаду секліся мячамі. Загінуў адзін. Упаў з каня, і яго затапталі. Порах пасля, вядома, змяніў справу.

12 Г. зн., каб ніколі не садзілі, як ганаровага госця, а толькі раз паклалі ў кут галавою, як памрэ.

13 Паходжання беларускага, нацыі польскай (лац.).

14 Беларускіх сялян-католікаў такое не датычылася. Яны зберагалі і мову, і звычкі, хаця, вядома, касцёл накладаў свой адбітак на ўсё гэта.

15 И. Н. Голенищев-Кутузов. Гуманизм у восточных славян. М., 1963.

16 Славуты польскі акцёр-комік.

17 Хто ты такі? Малы паляк. Які знак твой? Белы арол. Дзе ты жывеш? Паміж сваіх. У якім краю? У польскай зямлі.




Беларуская Палічка: http://knihi.com