epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Землятрус

Пад кайданамі гор акіяны гараць,

Там шалёная лава цячэ...

«Не душы мае грудзі, зямная кара!..

Я жывая яшчэ!

Чуеш? Мне абрыднуў каменны прыгон!

Чуеш? Чуеш? У тоўшчы зямной,

Ў нетрах гор уздыхае вялізны гонг

З мора Чорнае велічынёй».

Тут. Тут. Тут. І там. Там. Там

Гонг грыміць пад зямлёй,

Ракоча тамтам.

Чуйна вушкі наставіў насцярожаны трус.

Набліжаецца землятрус.

Лані горныя пакідаюць бары,

Захлынаюцца ў рэчках язі.

Вось... Вось-вось пакажа вяршыня гары

Небу першы крывавы язык.

Ўскалыхнула мора сваю тугу...

Глей узняўшы, як кроў, руды,

На дрыготкі бераг цунамі бягуць,

Хмарачосы з чыгуннай вады.

Чуеш? Вось... Чуеш? Вось! Вось! Вось!!!

Трэсне, зломіцца ў курчах зямная вось,

Нівы моршчацца, мнуцца, нібы абрус.

Землятрус!

Землятрус!

Землятрус!

Свет аглух ад архангельскай страшнай трубы.

Горы крычаць: «Ратуй!»

Ад штуршкоў пад падэшвы ўзлятаюць дубы,

Вежы замкаў у неба лятуць.

Вылятаюць з распяццяў, як кулі, цвікі,

І, гнілы уздымаючы пыл,

У крывавыя хмары лятуць мерцвякі

З праслаўленых хцівых магіл.

Чуеш? Вось... Чуеш? Вось! Вось! Вось!!!

Трэсне, зломіцца ў курчах зямная вось.

Разляціцца зямля, як пад доўбняй гарбуз.

Землятрус!

Землятрус!

Землятрус!

Бачыш? Бліскаўкі нараджае туман,

Нарастае, клубіцца імгла,—

Гэта лавай з адгор’яў цячэ гурма

Ў чорнай цемры і ў барве святла.

Іх самбрэра — як хмары над светам сляпых,

Іх мачэтэ — як грозны жах,

І маланкі над імі мігцяць, як сярпы,

А сярпы — як маланкі ў руках.

І зямля трасецца пад іхняй ступой.

Гора ж тым, хто, сляпы як крот,

Паспрабуе заціснуць рукою сваёй

Землятруса адверсты рот.


1960-1967?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая