epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Зімняя элегія

Чамусьці сёння цішыня такая,

Што сесці хочацца і патужыць.

Самотна зорка над зямлёй згарае,

І ў гурбах ліпа з холаду дрыжыць.

І я усё — усё чамусьці забываю,

Што знік той дзень, загублены ў цішы,

Што час ляціць, што ты ужо не тая

І што даўно я знік з тваёй душы.

Часопіс на стале з тваім партрэтам —

Глядзіш з усмешкай ветлай на мяне,

І ўспамінаю я Дняпро, і лета,

І цень каштана на старой сцяне.

Як дзіўна, я зусім не памятаю

Той дзень, калі цябе пабачыў я

Упершыню. Мо восень залатая,

Мо весні дзень у дальніх тых краях.

Але затое так яскрава бачу:

Пакой, Чайкоўскі хмуры на сцяне,

Раяль пра нешта дарагое плача

І прывіды каштанаў у акне.

Ты памятаеш: восенню туманнай,

Калі уборы дрэў зляцяць далоў,

Ліст жоўты застаецца на каштанах

Стажочкамі ля цёплых ліхтароў.

Ліхтар — і жоўты шарык на каштане,

А ўсіх братоў яго мятла змяла.

Вось так і я цягнуўся да каханай

І толькі й жыў, што ля яе святла.

Былі ў яе нябачаныя вочы,

Падобныя на просінь у нябёс,

І сарамлівасць мілая, дзявочая,

І светлая была, як светлы лёс.

Ёсць дробязі, што поўныя значэння:

Каханне першае растопіць лёд

І нават палавік ў цёмных сенях

Век памятны, як казкі першых год.

Мо толькі для таго яно прыходзіць,

Каб мы запамятавалі на вякі,

Як пахнуць рыбаю начныя воды,

Як у траве мігаюць светлякі;

Каб век сумленна памятала сэрца

Спакойны дым над цьмянай люстрай рэк,

Каб кожны быў да старасці, да смерці

Сапраўдны і сумленны чалавек.

Я памятаю ўсё: тугая раска

Заткала стаў. Мінуў наш першы май.

Якой здаваўся нам чароўнай казкай

Ў пустых бляшанках прыгарадны гай!

Хай зразумее кожны на хвіліну,

Як незлічоны светаў карагод,

Як лёгка размінуцца з той, адзінай.

Якой чакаеш, можа, сотні год!

Дні прабягаюць, і гады сплываюць,

Хвіліны шчасця часам прамігцяць,

А боль жыве, і сэрцам адчуваю,

Што жыць заўсёды будзе, да канца.

І ўсё ж на досвітку, і ў час змяркання,

І ў ясны дзень і ў час, як спяць палі,

Я дзякую жыццю за цень кахання,

За тое, што жывеш ты на зямлі.

Сяджу ў пакоі каля цёплай грубы.

Шыпіць пласцінка. Ў сэрцы многа дум.

Кручу: «Над домам флюгер ёсць у любай».

І Шуберт падзяляе ціхі сум.

О «Зімні шлях»! Забытыя будынкі,

Забыты водар ад каханых губ.

хрыпне на марозе спеў катрынкі,

І мерзне ў гурбах прыдарожны слуп.

Я дзякую табе. Няхай чужая,

Няхай твой твар для іншага жыве,

Ты ёсць, ты недзе ёсць, і ты жывая,

Ты ходзіш веснім ранкам па траве!

Твае ў загары рукі бэз ламаюць.

Жыві і вечнай славай прамяней!

Рукой закрыўшы вочы, усміхаюся...

Ты ёсць на свеце. Досыць для мяне.


07.04.1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан