Зноў над ракою чаплі сівыя
Ў плаўны палёт, як калісь, паплылі...
Шчасце маё і раны былыя
Гускай і лотаццю параслі.
Рэкі вярнуліся да вытокаў.
Тая, што сонцам была ў жыцці,
Недзе далёка, далёка, далёка,
Так далёка, што лень ісці.
Ды і нашто? У задушнай кватэры
Кволыя думкі ў сшытак пісаць?
Ў бога хлусні і нажывы верыць?
Трохсотгадовыя транты збіраць?
Нават на самую лепшую ў свеце,
Нават на цёплыя вусны яе
Я не змяняю вільготны вецер,
Што ў сітнягах над Дняпром пяе.
Сумны свой век няхай дажывае
З іншым, з другім, пакінуўшы мне
Рукі сяброў, жураўліныя зграі,
Стрэльбу і рэк асенніх свінец.