epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Корбан

Малпін жарт

Пасля начной адказнае работы

Трэзор і Мурза спалі каля плота.

Тым часам Малпа не драмала,

Убачыўшы сабак, цішком

Падкралася да іх і матузком

        Хвасты звязала.

Сама ж схавалася за вугал і глядзіць,

Каменьчыкамі кідзь ды кідзь,—

        Стараецца іх пабудзіць.

Што тут было, калі прачнуліся абое! —

Трэзора Мурза рве, а Мурзу рве Трэзор!

Умомант гырканне ўзнялі такое,—

        Ажно гудзе ўвесь двор.

А Малпа ледзьве не кладзецца,—

I скача, і крыўляецца, й смяецца,

        Сабачы бой

Так па душы прыйшоўся ёй.

Нарэшце развязаліся хвасты,

Сабакі сціхлі, раны залізалі,

        Агледзеліся і затым

На Малпу, скеміўшы, напалі,

Што з той ажно пасыпалася поўсць.

 

I між людзьмі такія ёсць:

Звядуць дваіх, наладзяць склоку,

        А потым збоку

На цяганіну пазіраюць

        I рукі паціраюць.


1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Корбан, Уладзімір Iванавіч. Не на сваім месцы : Байкі / Уладзімір Корбан. - Мн. : Маст.літ., 1990. - 174с.
Крыніца: скан