epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Корбан

Музыкальная камедыя

Матулі неспакой: што робіцца з малым?!

          Ну так і трэцца ля шафёра!

Ледзь толькі той на двор прыгоніць «ЗІМ»,

          Сынок заўсёды з ім.

Старанна калупаецца ў маторы.

Пухір - а ведае і камеры і блок,

Яму вядома шрубачка любая.

Жалеззя ў свой пакойчык навалок,

Пілуе нешта, склёпвае, згібае.

«А можа, ў хлопчыка да тэхнікі ухіл?..» -

          Не раз падказвалі суседзі.

Матуля ў крык: «Мой Федзя

Ды каб у бруд палез, у пыл?

          Я гэтага не дапушчу ніколі!

          У нас ён будзе піяністам -

          Сучасным Лістам*!»

Вось Федзя ўжо ў музычнай школе,

Развучвае дыезы ды бемолі*,

Хоць і жадання у яго няма.

У хлопчыка ў кішэнях гайкі,

Ён марыць аб майстэрстве пайкі...

          Але дарма.

Матуля з ім змагаецца штосілы -

Выкідвае з кватэры гайкі і балты,

Дзяўбе, дзяўбе: «Музыка ты!»

І ўсё ж дабілася нарэшце, адвучыла

Ад «чорнай» працы хлапчука.

Ды захадам такім сынка

Яна таленавітым не зрабіла.

          Падрос ён, шавялюру адпусціў, -

Ну як жа! - «Чыжыка» блямболіць навучыўся!

          «Я Шубертам*, Бетховенам* зрабіўся!» -

Дзе трэба і не трэба ён часціў

          І талентам сваім хваліўся

          Направа і налева як мага.

І хто ён зараз дзякуючы маме? -

Ні богу свечка і ні чорту качарга.

 

А ў нас яшчэ бывае так часамі,

Я дам параду мамам усім чыста:

          Не трэба перашкод малым рабіць.

Куды шаноўней слесарам выдатным быць,

          Чым дрэнным піяністам.

 

 

Каментары

 

Ліст Ферэнц - вядомы вугорскі кампазітар, піяніст, дырыжор.

Дыезы ды бемолі - знакі павышэння і паніжэння гуку ў нотным пісьме.

Шуберт Франц - аўстрыйскі кампазітар.

Бетховен Людвіг ван - нямецкі кампазітар, дырыжор.

 


1955?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая