epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Маякоўскі

Кім быць?

У мяне растуць гады,

будзе і сямнаццаць.

Працаваць пайсці куды,

чым займацца?

 

Скрозь патрэбныя майстры -

цесляры і сталяры.

Я сякеру у руку,

у другую - гэбля:

вось вам мост

цераз раку,

вось вам мэбля.

 

Загадзя яно відно,

калі цяміш трошкі.

Выбірай бервяно

і пілуй на дошкі.

 

На ўвесь голас загула

вясёлая піла.

На зямлю з-пад пілкі

сыплюцца апілкі.

Я шархабель вазьму,

дошку агаблюю.

Калі трэба каму -

мігам зраблю я.

 

Час на працы марна

траціць не хачу.

На станку такарным

ножку абтачу.

 

За адну хвілінку

змайструю скрынку.

Шафу,

крэслы,

стролікі -

глядзі, гатовых столькі!

 

Добра сталяру,

лепей - інжынеру.

Калі я гавару,

значыць цвёрда веру.

 

Я адразу вам чарчу

дом такі, які хачу.

Гляньце, на паперы

гатовы ўжо будынак -

гатовы вокны, дзверы

і нават комін з дымам!

 

Вось зялёная алея,

вось галоўны фасад.

Хто ні гляне - зразумее,

дзе фантан, а дзе сад.

 

План гатоў, была б ахвота -

знойдзецца для ўсіх работа.

З раніцы і да змяркання

гул стаіць на рыштаванні.

 

Лёгка з работкай

спраўляецца лябёдка,

цэглу старанна

падносяць краны.

 

Толькі знай - укладай,

спрытна кельмаю раўняй.

Вось вам і гатовы

дом шматпавярховы.

Сцелем па даху

звонкую бляху.

 

Паглядзіце, як жывём,

як нам сонца свеціць.

Вось які наш новы дом -

самы лепшы ў свеце!

 

Дабрыня інжынеру,

яшчэ лепей - урачу.

Хіба хто мне не паверыць,

што дзяцей лячыць хачу?

Прыеду да Пеці,

Прыеду да Боры.

 

- Добры дзень, дзеці,

хто ў вас хворы?

 

Адкрывайце раток!

Ці баліць жываток?

Не пакрыўджуся - прывык:

пакажыце мне язык!

 

Пастаўце градуснік

сабе пад пашкі, дзеткі...

 

Глытаюць дзеці радасна

усе мае таблеткі,

лыжачкаю п'юць мікстуру,

мераюць тэмпературу.

 

-Чай з малінай вам папіць бы,

паляжаць гадзіны дзве,

і тады ў вас да жаніцьбы

ўсё як бачыш зажыве!..

 

Дабрыня ўрачу,

лепей - рабочым.

Я ў рабочыя хачу,

і дружок мой хоча.

 

Чуеце, яшчэ здалёк

кліча на завод гудок?

Не марудзь, дружа,

выходзь адразу.

Што адзін не здужае -

здужаем разам.

 

Адважна рэжам,

кроім жалеза,

волава плавім,

машынамі правім.

 

Іскры

з-пад молата

пырскаюць золатам.

 

Рэйкі пад ножнамі

травою гнуцца -

ёсць тут кожнаму

дзе разгарнуцца.

 

Бяру абрубак,

рублю гайку,

а ты шрубу

хутчэй давай-тка.

 

Умее

канвеер -

кіруе слаўна.

Упраўна

і вёртка

працуе зборка.

 

Восі,

улазьце

ў калёсы

высозныя -

змацуем часці

паравозныя.

 

Там - дым,

тут - гром,

сюды, сюды,

магутны дом!

 

І выкаціўся

паравоз

і нас,

і вас

панёс,

павёз.

 

На заводзе любата,

лепей - у трамваі.

За кандуктара стаць

я жаданне маю.

 

Сумку на плячо

надзень

і катайся

цэлы дзень!

 

- Дарослыя і дзеці,

бярыце білецікі.

Пакуль не позна -

выбірайце розныя:

сінія,

зялёныя,

блакітныя,

чырвоныя.

 

Па рэйках качу

да самага лесу,

далей не хачу,

тутака злезу.

 

Кандуктару дабрыня,

лепей - шафёру.

Я не страчу марна дня

са сваім маторам.

 

Шуршыць

машына

па шашы -

калі ласка, малышы!

 

Каму ў цырк,

каму ў кіно -

ўсе сядайце заадно!

Паддам газу -

завязу адразу.

 

У нас парадак строгі -

даём гудок:

"Сыдзі з дарогі

набок, браток!"

 

Быць шафёрам любата,

яшчэ лепш - пілотам.

Я хачу пілотам стаць,

правіць самалётам.

 

Наліваю ў бак бензін,

заводжу прапелер.

Самалёт, вязі -

пасажыры селі.

 

Падымі ты нас, матор,

аж да самых дальніх зор!

 

Прабіваю

хмару з градам,

прыбываю

па раскладу.

 

Палёт завершан,

спускаю лесвіцу.

Прыпынак першы -

Сыходжу на Месяцы!

 

Любата пілоту,

лепей - мараку.

З вялікай ахвотай

пайду я на раку,

а потым і на мора,

і на акіян.

Абдумаў яшчэ ўчора

я свой дакладны план.

 

У мяне ўжо ёсць цяльняшка,

шапка ёсць без казырка.

Ведаю, што будзе цяжка,

ды не стоміцца рука.

 

На рэях і па мачце

карабкаюся кошкай.

Дарэмна, хвалі, скачаце

злоснаю дарожкай.

 

Не здамся вам на волю

і вашых крыўд не змоўчу,

вазьму Паўднёвы полюс,

Паўночны - гэта точна.

 

Бачыш, працы -

колькі хочаш!

Хіба адзін зраблю я?

Разбягаюцца аж вочы -

выбірай

сабе

любую!



Пераклад: Васіль Вітка