Уладзімір Маякоўскі

Левы марш

(Матросам)

Развінайцеся ў маршы!

Слоўнай не месца абразе.

Ціха, прамоўцы!

Ваша

Слова,

Таварыш Маўзер.

Досыць жыць законам, —

Спадчынай Адама і Евы.

Клячу гісторыі загонім,

Левай!

Левай!

Левай!

 

Гэй, сінеблузыя, ўзвейце

Шырай

Узлёту

Крыллі!

Ці ж броненосцаў на рэйдзе

Ступлены вострыя кілі?!

Хай шчэрыць

Кароны зубы,

Ўзнімае брытанскі леў вой.

Комуне не быць у загубе.

Левай!

Левай!

Левай!

 

Там,

За гарамі гора,

Сонечны край шырокі.

За голад,

За мору мора

Кроч мільённым крокам.

Хай бандай абкружаць нанятай,

І льюцца сталёваю леевай, —

Расіі не быць пад Антантай.

Левай!

Левай!

Левай!

 

Ці ж змеркне вока орляе?

Ці ж нам да старога схіляцца?

Бярыце

Сусвет за горла,

Пролетарыята пальцы!

Грудзі наперад бравыя!

Сцягамі неба абклейвай!

Хто там закрочыў правай?

Левай!

Левай!

Левай!



Пераклад: Мікола Хведаровіч

Беларуская Палічка: http://knihi.com