epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Маякоўскі

Незвычайная прыгода, што адбылася з Уладзімірам Маякоўскім на дачы

Пушкіна, Акулава гара, дача Румянцава,

27 вёрст па Яраслаўскай чыгунцы

 

У сотні сонц заход палаў.

У ліпень перла лета,

гарачыня,

як вар,

плыла -

было на дачы гэта.

Прыгорак Пушкіна гарбіў

Акулавай гарою,

а ніз прыгорка -

вёскай быў,

крывіўся стрэх карою.

А там, за вёскаю, -

дзіра

была, напэўна, ў доле,

і ў дзірку сонца кожны раз

спускалася паволі.

А заўтра -

свет заліты зноў

барвоваю навалай.

Мне гэта ўсё ўзбурыла кроў,

страшэнна раззлавала.

І так абурыўся я раз,

што ўсё ад страху зблекла;

у твар я сонцу крыкнуў:

«Злазь!

Пакінь цягацца ў пекла!»

Я крыкнуў сонцу:

«Дармаед!

Пястун аблочнай ваты!

А тут - не знай ні зім, ні лет,

сядзі, малюй плакаты!»

Я крыкнуў сонцу:

«Пачакай,

гультай залаталобы!

Чым так заходзіць,

лепш на чай

ты да мяне

зайшло бы!»

Ах, я ж загінуў!

Назнарок

ка мне,

па добрай волі,

само,

распяўшы промень-крок,

ідзе яно па полі.

Стаіўшы страх,

я стаў хутчэй

рэціравацца задам.

У садзе зірк яго вачэй.

Яно ўжо крочыць садам.

Праз дзверы,

шчыліны,

акно

ўваліла сонца маса,

і,

ледзь адсопшыся,

яно

загаварыла басам:

«Назад пагнала я агні

раз першы ад стварэння.

Мяне ты клікаў?

Чай гані,

гані, паэт, варэнне!»

Сляза з вачэй -

гарыць мой твар,

такая спёкі сіла, -

ды я яму -

на самавар:

«Ну, што ж,

сядай, свяціла!»

І чорт жа глотцы даў маёй

крычаць яму дакоры!

Сяджу на лаве,

сам не свой,

дрыжу - не выйшла б горай!

Да сонечных яснот,

аднак,

прывык я

паступова, -

за словам слова мы -

і так

пайшла у нас размова.

Я тое,

гэта гавару,

кажу - заела РОСТа,

а сонца:

«Ладна,

не гаруй,

глядзі на рэчы проста!

А мне свяціць

лягчэй?

Ну дзе ж!

Паспробуй, даражэнькі!

А падручылася -

ідзеш

і свеціш на ўсе зрэнкі!»

Размова ў нас -

да цемнаты,

да быўшай, значыць, ночы.

Якая ж цемра?

Мы на «ты»,-

гляджу я смела ў вочы.

Мацнее дружба ўсё мая, -

б'ю па плячы яго я.

А сонца зноў жа:

«Ты ды я,

нас, таварыш, двое!

Хадзем -

заззяем,

запяём

між хламу і маркоты:

я сонца буду ліць сваё,

а вершамі -

сваё ты».

Сцяна цямноты

знемагла,

пад сонц двухстволкай пала.

Гармідар вершаў і святла -

смалі у што папала!

Яно змарнее -

хоча ноч

прыйсці,

тупая сонніца.

Тут - я

на ўсю заззяю моц -

і зноўку дзень зазвоніцца.

Свяціць заўсёды,

ўсюды,

скрозь,

без краю

і бясконца,

свяціць да дзён астатніх! -

Вось

лозунг мой -

і сонца!

 

1920



Пераклад: Кандрат Крапіва