epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Маякоўскі

Празасяданыя

Яшчэ і світанне не прыйдзе як след,

І дзень не пачнецца новы —

хто ў галоў,

хто ў ком,

хто ў паліт,

хто ў асвет,

разыходзіцца народ па ўстановах.

 

Зойдзеш ў будынак нікім не заўважаны —

слепіць спраў папяровых мігценне...

Забраўшы з поўсотню іх —

самыя важныя! —

разыходзяцца служачыя на пасяджэнні.

 

Заявішся:

"Ці не могуць аудыенцыю даць?

Хаджу я здаўна і штодзённа".

"Таварыш Іван Ваныч пайшлі засядаць —

Аб'яднанне Тэа і Гукона".*

 

Скалясуеш сто лесвіц.

Аж свет не мілы.

Зноў:

"Праз гадзіну сказалі зайсці вам.

Засядаюць: —

Купля пляшкі чарніла

Губкааператывам".

Праз гадзіну-ж:

няма ўжо і сакратара

і знік справавод —

гола!

Усе да 22-х год

на пасяджэнні комсамола.

 

Гледзячы ў ноч, лезу старанна

на верхні паверх семпаверхага дома.

"Прышоў таварыш Іван Ваныч?" —

"На пасяджэнні А-бэ-вэ-гэ-дэ-е-жэ-зэ-кома".

 

Разлютаваны,

на пасяджэнне

ўрываюся лавінай,

дзікімі праклёнамі свет увесь лаю.

Аж бачу:

сядзяць людзей палавіны.

Што за чорт!?

Дзе-ж палавіна другая?

"Зарэзалі!

Забілі!"

Кручуся, аж змок.

Да непрытомнасці страшны малюнак уразіў.

Ды чую

Спакойны сакратара галасок:

"Яны на двух пасяджэннях адразу.

За дзень

пасяджэнняў на дваццаць

трэба справіцца нам.

Міжволі прыходзіцца разарвацца!

Да пояса тут,

а ўсё іншае

там".

 

З турботаў не спіцца.

А ўжо відно.

Марай такой сустракаю дзень я:

"О, хоць-бы

яшчэ

пасяджэнне адно

пра выкараненне ўсіх пасяджэнняў!"

 

5.III.1922

* Тэа — Тэатральны паддзел Галоўпалітасветы пры Наркомасветы. Гукон — Галоўнае ўпраўленне конегадоўлі пры Наркамземе.



Пераклад: Рыгор Лынькоў