epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Марук

Чыж вярнуўся з-за мяжы

З УСЯГО СВЕТУ - У КНІЖКУ ГЭТУ

 

Падарожнічаць па свеце

Любяць змалку нашы дзеці.

Хочуць выведаць яны,

Дзе вячэраюць сланы,

Дзе начуюць кракадзілы,

Марабу,

Дзікі,

Гарылы,

Дзе жывуць маржы

І барсы...

Ну, вядома ж, не на Марсе!

Прачытайце кніжку гэту

Пра Зямлю -

Сваю планету.

 

ЛЯЦЕЦЬ - НЕ ПЕХАТОЙ

 

Наш Нясвіж -

Славуты горад,

Тут жыццё

Здавён вірыць,

Хоць багата які вораг

Спрабаваў Нясвіж скарыць.

І паны тут панавалі,

Цар хацеў яго спаліць...

Пасля ўсякае навалы

Жыў Нясвіж

І будзе жыць.

Слаўны чым яшчэ

Нясвіж?

Тут жыве

Вандроўнік Чыж.

Ён, нікому не сакрэт,

Абляцеў цалюткі свет.

Гэта быў

Сампершы птах,

Што забыў

На жах ды страх,

Як бы кепска ні было,

Але ўзняўся на крыло,

Развітаўшыся з сябрамі,

Развітаўшыся з сям'ёй,

Паляцеў па-над лясамі,

Па-над морам...

Над Зямлёй.

Нейк, гартаючы газету,

Прачытаў

Цікаўны Чыж,

Што няма на белым свеце

Месца лепей,

Чым Парыж.

Чыж наш,

Хлопец зухаваты,

Спрытны, ўдалы, не ляны, -

Патрыёт быў роднай хаты,

Пра чужое -

Бачыў сны.

Ну а тут як загарэўся,

На яго найшоў імпэт,

Кажа:

«Я заўсёды меўся

Абляцець наш белы свет.

А найперш, -

Прамовіў Чыж, -

Я наведаю Парыж».

Хутка-хуценька сабраўся,

Колькі трэба птушцы той,

І як бач пад неба ўзняўся,

А ляцець -

Не пехатой.

Чыж ляціць, душа палае,

Песню ўзнёслую спявае:

«Мой любімы

Родны край,

Ненадоўга я,

Чакай!..»

Мір мінуў

І слынны Слонім,

А пад ім -

Лясы і гоні,

Камянец і Белавежа,

Пакручастых рэк мярэжы...

Дзе яшчэ на свеце ёсць

Вось такая прыгажосць?!

«У Парыжы,

Кажуць людзі?

Паглядзім,

Тады рассудзім», -

Так лятун наш маракуе

І ў Парыж

Шпарчэй кіруе.

Па-над Берасцем,

Варшавай -

Па-над Польскаю дзяржавай.

Над Берлінам

Шлях трымае,

Немцы там жывуць,

Ён знае.

А за Рэйнам, за ракою,

Блізка так, падаць рукою

Да французскае сталіцы, -

Каб хутчэй ды падзівіцца...

Чыж шпарчэй, шпарчэй махае,

Покуль сіла ў крылах ёсць,

І Парыж яго вітае:

«Калі ласка,

Мілы госць!»

 

ПАРЫЖСКАЕ СЕНА

 

«О Парыж!

Ён горад слаўны!

Дык з чаго, браткі, пачаць?

Там Версаль -

З часінаў даўніх

Прыгажун стаіць палац...» -

Так, вярнуўшыся ў Нясвіж,

Пачынаў аповед Чыж.

Ён,

Каб зведаць добра горад,

Адшукаў там дружбака,

Не зазнаў лятун наш гора

У кампаніі грака.

Толькі раз і даў ён маху,

Як згадаў пра Сену грак...

«Сена?

Што?

Няўжо на даху?..» -

Запытаўся наш зямляк.

Грак смяяўся шчыра й доўга

І дзівіўся з дружбака:

«Рэкі ёсць:

Дняпро і Волга...

Сена -

Гэткая ж рака».

«Ну й прыдумалі французы -

Наша сена ў іхняй лужы...» -

Перавёў на жарты Чыж,

Ды і як тут прамаўчыш.

Але час,

Нібы вятрыска,

Прамільгнуў.

Бывай, Парыж,

Трэба ў свет

Ляцець няблізкі...

А Парыж -

Не раз прысніш.

І на Эйфелевай вежы

Развіталіся сябры,

Абняліся,

Як належыць,

І не раз,

А цэлых тры.

І сказаў,

Каўтнуўшы горыч,

Грак:

«Табе параду дам:

Быў я ў Вене -

Добры горад,

Паляціш -

Убачыш сам.

Ты, сябрук, хлапец не лены,

Даляціш за дзень да Вены».

 

ВАЛЬС ШТРАЎСА

 

Не за дзень,

Як ён хацеў,

А за два -

Дык даляцеў.

Дзе?

Куды тут птаху дзецца?

Наш зямляк

Ажно злуецца.

Шмат па Вене ён блукаў,

Накрычаўся, пагукаў.

«Ну, - падумаў, - заблудзіўся...»

І да экскурсіі прыбіўся.

Гаварыў экскурсавод:

«...Так, музычны мы народ,

Жыў тут

Наш славуты Штраўс...»

«Што?

Няўжо напраўду страўс?» -

Не стрымаў здзіўлення Чыж

(Тут ад сораму згарыш)

І працягваў:

«Не, не веру...»

«Вы жартуйце,

Знайце меру, -

Закіпеў экскурсавод, -

Жыў ён тут нямала год!..»

Чыж употайкі схаваўся

І дзівіўся: што і дзе?

Ён пра птушак

Шмат дазнаўся,

Але мала -

Пра людзей...

Што ж,

І мы яму даруем:

Ён праз цэлы свет кіруе.

 

РАЗВІТАННЕ З ЭЎРОПАЙ

 

Вена, Вена -

Добры горад,

Мала ёсць такіх мясцін.

Ды пара ўздымацца ўгору

І ляцець праз шмат краін.

Храмы Грэцыі пабачыць,

На Акропаль паглядзець...

Ведаць шмат -

Так многа значыць,

Ведаць -

Розуму прыймець.

Чыж Венецыі каналы

І гандолы палюбіў,

Рыма

Цэрквы і кварталы,

Каб хацеў,

Дык не забыў.

Этны,

Грознага вулкана,

Не збаяўся:

«Ну, гара...»

Але позна там ці рана -

У Гішпанію пара:

Доўга марыў,

Шмат гадоў,

Пра карыду -

Бой быкоў.

Як пабачыў тую дзею -

Шпагу,

Плашч,

А потым кроў,

Чыж сказаў:

«Ну, я балдзею,

Страшна, блін,

Не маю слоў...»

(Прабачайце, наша тэле

Не такія словы меле,

Ну а Чыж,

Ён ля экрана

Шмат сядзеў -

І позна, й рана.)

Птах наш крыламі залопаў,

Горда ўзняўшы галаву,

І сказаў:

«Ды што Эўропа,

Я і сам у ёй жыву!»

І, згадаўшы свой Нясвіж,

Заспяваў пад небам Чыж:

«Мой любімы

Родны край,

Ненадоўга я,

Чакай!..»

 

САХАРА - НЕ ЦУКАР

 

Чыж

У Афрыку спяшае.

У Эгіпце,

Ведаў ён,

Ў пірамідзе

Спачывае

Старажытны

Фараон,

Цар магутнае дзяржавы,

Сведка даўніх-даўніх дзён,

Зведаў ён нямала славы,

І прызнанне,

І праклён...

Ніл,

Даўжэйшая на свеце,

Працякае там рака,

Кракадзілы ў ёй,

Як дзеці,

Бавяць час ля астраўка,

Дзе спажыва ў кракадзіла -

Антылопа

І гарыла.

Чыж з гарылаю сустрэўся

У трапічных у лясах,

Там, у тропіках,

Сагрэўся,

А ў Сахары -

Ледзь не спрах.

Хто не ведае Сахару?

(Дзеці,

Гэта не да твару!)

То найбольшая пустыня,

Дзе жывое хутка гіне,

Дзе адны пяскі,

Вады

Там не бачылі гады.

Вось туды

І Чыж патрапіў

Пасля ўсіх другіх прыгод.

У Сахары -

Паліць лапы,

Крылы,

Перыйкі і рот.

Гарачынь там -

Не дай Божа.

Не ўцячэш -

Няўзнак згарыш.

Хто такое здолець зможа?!

Ну, вядома,

Братка Чыж!

Абляцеў усю Сахару,

Сеў спачыць на баабаб,

Пра такое толькі марыў,

Як пра волю -

Чорны раб.

Ох, пякло,

Ах, прыпякала,

Ажно мроіва ўваччу...

«Хопіць Афрыкі...

Дастала...

У Амерыку хачу!»

Свой палёт прадоўжыў птах.

Акіян -

Вядома ж, - страх,

Ды, згадаўшы

Свой Нясвіж,

Заспяваў пад небам Чыж:

«Мой любімы

Родны край,

Ненадоўга я,

Чакай!..»

А пакуль ляцеў-лунаў,

Што пачуў, успамінаў.

 

АНТЫЛОПА

 

Рог згубіла антылопа.

«Я падобна на цыклопа?» -

Так выпытвала яна

У сланіхі і слана.

Слон вушамі варухнуў,

Гучным басам рагатнуў:

«Да цыклопа вам далёка:

Рог згубіць -

Не страціць вока...»

Ці напраўду

Антылопа

Так падобна

Да цыклопа?

 

БЕГЕМОТ І МЁД

 

Бегемот на зебру злосны,

Што дала частунак посны.

Раскрычаўся бегемот:

«Колькі можна -

Мёд ды мёд!

Вось надоечы ў газелі

Мы такія булкі елі!..»

Зебра кажа:

«Бегемот,

Я ў газелі брала мёд...»

«Ну, калі ў газелі брала,

То давай яшчэ,

Бо мала».

 

ВЯРБЛЮД І САЛЮТ

 

Колькі год

Глядзеў вярблюд

На святочны

На салют.

«Раз, два, тры...» -

Лічыў агні,

Покуль ззялі ў вышыні.

А за днём міналі дні -

Зноў вярблюд лічыў агні:

«Раз, два, тры, чатыры, пяць...

Колькі іх -

І ўсе мігцяць...»

А навошта той салют -

Не здагадваўся

Вярблюд.

 

ГІЕНА

 

Раскрычалася гіена:

«Я жырафе па калена.

І навошта гэта ёй

Так багата -

Ды адной:

Шыя доўгая і ножкі,

Да ўсяго яшчэ -

І рожкі...

Вось каб я такое мела,

То і льва, здаецца б, з'ела!..»

З львом сустрэўшыся,

Гіена

Стала пеўню па калена.

 

ДЗІКАБРАЗАВЫ СЫНЫ

 

Кажа тата дзікабраз:

«Дзеці,

Дзе схавалі прас?»

Два сыны іголкі ўгору

Ды маўчаць -

Няма гумору.

Зноў пытае дзікабраз:

«Дзеці,

Дзе схавалі прас?»

Адказалі шаляніцы:

«Мы хадзілі,

Каб напіцца,

Прас патрапіў пад руку -

Мы й закінулі ў раку.

Папугай запэўніў нас,

Бытта ўмее плаваць прас».

 

ЛЕАПАРД І КАРТЫ

 

У гепарда

Леапард

Папрасіў калоду карт.

Варажыць надумаў ён,

Хто звярыны

Зойме трон.

Што пакажа варажба -

Паміж кім там барацьба?

Хоча леў

Прымераць трон,

Не адмовіўся б і слон,

Пнецца барс з апошніх сіл,

Дый не супраць -

Кракадзіл...

«Не, няварт, -

Прамовіў ён, -

Вылучаць сябе

На трон,

Каб ні ўзяў паваражыў -

Толькі б ворагаў нажыў».

 

ЛЕМУР І СКУЛЬПТУРА

 

У галоўнага

Лемура

У двары стаіць

Скульптура.

Шмат у свеце

Ёсць скульптур,

Але гэта -

Сам лемур.

Падыходзіць -

Хвост трубой -

І любуецца сабой.

 

ЛЕЎ

 

Леў забыўся,

Дзе жыве:

Ці ў кустоўі,

Ці ў траве,

Бо прывабныя

Для льва

І кустоўе,

І трава.

Дзень хадзіў

І ноч блукаў,

Дзе жыве -

Не адшукаў.

І цяпер

Праз дзень жыве -

То ў кустоўі,

То ў траве.

 

МУХА ЦЭЦЭ

 

Апынулася ў рацэ

Ядавітая цэцэ.

Б'ецца,

Крылцамі лапоча,

Паміраць

Ані не хоча.

Пазірае на раку:

Мо падаў бы хто руку?

Покуль голас быў,

Крычала,

Ды змаглася,

Крылцы склала.

І ўтапілася ў рацэ

Ядавітая цэцэ.

Ёй ніхто не дапамог,

Бо ўцякалі з усіх ног.

 

МАРАБУ І ПАДЗОРНАЯ ТРУБА

 

Падслепаваты марабу

Купіў

Падзорную трубу.

Зірнуў

І ўбачыў кракадзіла,

Які на сонца

Вылез з Ніла.

Зірнуў

І ўбачыў кракадзіл,

Што марабу

Глядзіць на Ніл.

Крычыць:

«Вітаю, марабу!

Дай зазірну ў тваю трубу!..»

А той хваліцца як пачне:

«Такое ўбачыш

Толькі ў сне!..»

А кракадзіл за выхвальбу

Глынуў падзорную трубу.

Шкада,

Што разам з марабу.

 

НАСАРОГ І СТОГ

 

Абярнуў

Высокі стог

Узлаваны насарог.

Ён,

Ні мала і ні многа,

Падчапіў на рог паўстога.

Не,

Ніхто такога злога

І не бачыў насарога.

Так балеў рагаты нос -

Аж паўстога ў Ніл аднёс.

 

СЛОН І МАЛПЫ

 

Дзвесце малпаў

Як адна

Закахаліся ў слана.

Гэты слон

Такі рахманы,

Раздае за так

Бананы,

Падвязе,

Як хто папросіць,

І на хобаце

Паносіць...

Адным словам -

Добры слон.

Аднаго не ведаў ён,

Што пачнецца

Вайна:

Дзвесце малпаў

Як адна

Будуць біцца

З-за слана.

 

УДОД І САМАЛЁТ

 

Кіназоркай

Быў удод,

Меў уласны

Самалёт.

Ганарысты быў удод:

Сам і штурман,

І пілот.

Ды аднойчы

Шкоднік тхор

Папсаваў яму матор.

А куды ты без матора -

Ні за горад,

Ні на мора.

Кіназорцы неахвота

Крок ступіць

Без самалёта.

Вось чаму ён так даўно

Не здымаецца ў кіно.

 

ШАЙБА Ў ДЗЮБЕ

 

Акіян -

З прастор прастора,

Паглядзіш -

Не бачыш меж

(Што там - возера ці мора?!),

Ці адолееш, ці ўмрэш.

Акіян

Наш Чыж адолеў,

Анідзе не спачываў,

А да гэтага ніколі

Ён па столькі не лятаў.

Вось і бераг той багаты,

Што Амерыкай завуць.

Ў небаскробах, іхніх хатах,

Тут працуюць, не жывуць.

Небаскроб той,

Хмарачос,

Дастае

Да хмар-нябёс.

Дзіваў шмат у Штатах* стрэнеш:

То індзеец, то каўбой...

Нават сам хакейны трэнер

Павітаецца з табой.

Вось адзін Чыжа прыкмеціў:

Паглядзеў, што з-за мяжы,

Кажа:

«Ўсе на свеце дзеці

Любяць нашы віражы,

Што выпісваюць канадцы,

Хакеісты -

Будзь здароў.

Цяжка з імі ўсім змагацца,

Ой, бракуе змагароў.

Я па трэнерскаму праву

Запрасіць хачу на матч

У сталічную Атаву**.

Прылятай.

Бягу.

Прабач...»

«Бач, хітрун, -

Наш Чыж падумаў, -

Сам атаву не скасіў,

Дык знайшоў з Нясвіжа кума -

І залатвіў,

І ўпрасіў...»

А прыехаўшы ў Атаву,

Чыж патрапіў на хакей.

Павялі яго,

На лаву

Пасадзілі:

«Ну, хварэй...»

«Шай-бу! Шай-бу!» -

Так па-наску

Ён крычаў,

Нібы паяц.

Шайба проста ў дзюбу -

Бац.

«Што ж, -

Разважыў кемны Чыж, -

Лепш,

Калі зусім маўчыш».

У Амерыцы Паўночнай

Ён нямала дзе блукаў,

З эскімосамі дзве ночы

След мядзведзіцы шукаў,

На суровай

На Алясцы

Думаў золата намыць...

Ды, як кажуць,

Вымыў трасцу,

Вось чаму далей ляціць

Праз даліны і праз горы

На паўднёвыя прасторы,

Дзе цяпло і ўтульна жыць.

Каліфорнію мінае

(«Дыснэйлэнд» не прамінуў),

Так ляціць ён,

Так крыляе

Без спачыну і без сну.

І, згадаўшы свой Нясвіж,

Зноў пяе пад небам Чыж:

«Мой любімы

Родны край,

Ненадоўга я,

Чакай!..»

А пакуль ляцеў-лунаў,

Што пачуў, успамінаў.

 

* Злучаныя Штаты Амерыкі.

** Сталіца Канады.

 

БІЗОН І ВАЗОН

 

Не зажміндзіўся бізон -

За даляр

Купіў вазон.

Паліваў і даглядаў,

Ды за так

Пясцу аддаў.

А пясец аднёс лісе,

А ліса,

Як лісы ўсе,

Толькі раз і паліла

Ды... бізону прадала.

«Гэта ж мой!» -

Пазнаў бізон.

І са злосці

З'еў вазон.

 

КАЁТ І СУХОТЫ

 

Доктар выслухаў каёта:

«Ды ў цябе, браток, сухоты.

Нерваваўся,

Мала спаў,

Кепска еў -

І хворы стаў...»

Ды не ведалі каёты,

Чым і як лячыць сухоты.

І ў раку залез каёт -

Адмакае ад сухот.

 

КОНДАР І ВЕРАБЕЙ

 

Кондар

Цвічыць вераб'я:

«Хто такі, скажы мне, я?»

А таго калоціць страх -

Што за волат,

Што за птах?

Верабей пачаў здаля:

«Колькі круціцца зямля,

Свет не бачыў больш нікога

Прыгажэннага такога...»

Асмялеў праз пяць хвілін.

«Я ваш, - кажа, - меншы сын...»

Кондар тут як рагатне:

«Колькі ж дзетак у мяне?!

Бо за дзень не ты адзін

Адказаў,

Што ён - мой сын».

 

МЯДЗВЕДЗІ-ГРЫЗЛІ

 

Да паўдня

Мядзведзі-грызлі

У зацішку

Рэпу грызлі.

Перш чым сунуць рэпу ў рот,

Акуналі ў свежы мёд.

Раным-раненька як селі,

Да паўдня -

Паўтоны з'елі.

А ці бачыў хто,

Каб грызлі

Ды без мёду

Рэпу грызлі?

 

НАРВАЛ І САЛА

 

У гаротніка нарвала

Каля вока напухала,

Так напухла,

Што ажно

Мора побач не відно.

Ды сардзіна падказала:

«Папрасі ў цюленя сала...»

Той паслухаўся нарвала -

Даў яму кавалак сала.

Што рабіць,

Нарвал не знаў

І да раны не прыклаў,

А са смакам паглядзеў,

Сала тое ўзяў ды з'еў.

Як і ўчора,

Напухала

У гаротніка нарвала...

«А казала -

Сала, сала!..»

 

РАСАМАХА

 

«Дужа я зайздрошчу птахам, -

Уздыхала расамаха, -

Я хацела б хоць калі

Зверху ўбачыць паўзямлі:

Дзе рака бярэ пачатак,

Дзе аленяў ходзіць статак...»

Уздыхала цэлы дзень -

Тое дзе і гэта дзе?

Ды не зможа

Лётаць птахам,

Як ні марыць,

Расамаха.

 

СКУНС І КРОП

 

Скунс

З Амерыкі ў Эўропу

Прыляцеў пазычыць

Кропу.

Пазычалі кроп краты -

Два заможныя браты.

Як насыпалі мяхі,

Глянуў скунс -

Адной трухі.

І, сярдзіты на Эўропу,

Паляцеў назад без кропу.

 

ЦЮЛЕНЬ І БЮЛЕТЭНЬ

 

Занядужаў быў

Цюлень

І пайшоў

Па бюлетэнь.

Доктар морж

Слухаўкі ўзяў,

Кажа:

«Дыхай, рот разяў...»

І амаль цалюткі дзень

Слухаў морж,

А соп цюлень.

Ды нарэшце кажа морж:

«Прыплыві,

Як будзе горш.

Колькі тут жыву -

Цюлені

Не былі на бюлетэні».

 

НАПАЛОХАНЫ ЯНОТ

 

Напалоханы янот

Падкруціў у лямпе кнот:

Нехта грукаецца ў дзверы,

Што ў янотавай кватэры.

Падыходзіць да дзвярэй.

«Хто там? - кажа. -

Не дурэй!

Кватаруе тут янот,

А жыве ўжо трэці год...»

Але ў дзверы -

Грук ды лясь,

Спаць яноту

Хтось не дасць.

І да раніцы янот

Не тушыў у лямпе кнот.

Ранкам выйшаў на парог -

Дараваць сабе не мог:

«А яшчэ былы матрос! -

Гэта ж вецер

Дзверы трос!»

 

НА ЗЯМЛІ ЭЛЬДАРАДА

 

Над Панамай пралятае,

Там канал,

Які злучае

Два вялікіх акіяны...

Чыж,

Прыродай счараваны,

Ўжо ляціць над хваляй звонкай

Паўнаводнай

Амазонкі,

Больш вады,

Чым рэкі ўсе,

Ў акіян яна нясе.

Кракадзілаў тут нямала,

Анаконды,

Рыбы шмат...

Ўсіх рака іх паяднала,

І суседзяць -

Рад не рад.

Тут -

Трапічныя лясы,

Безліч рознае красы:

Пальмы,

Фігавыя дрэвы,

Часта льецца дождж-залева

На бегоніі,

Аноны,

На бязмежны свет зялёны.

Добра тут і птахам жыць,

Ды Чыжу ў палёт карціць.

Сярод іншых звабных згадак

Ён і гэтую згадаў

Пра краіну

Эльдарада.

Хто яе тут не шукаў?!

Пачалі канкістадоры,

Прыплылі яны праз моры

Аж з гішпанскае зямлі,

Ваяваць тут пачалі.

Зваявалі

Інкаў мужных

І другі індзейскі люд...

Чыж наш -

Гэтакі дасужы,

Ён таксама -

Тут як тут.

Эльдарада залатое

Захацеў і Чыж знайсці,

Ды пачуў ён, як на тое:

«Лепш дарэмна не ляці,

Пэўна -

Выдумкі ўсё гэта,

Эльдарада -

Міф, не йнакш...»

Пакрыляў далей над светам

Падарожнік смелы наш.

Вось, нарэшце, ён у Чылі

Цераз Анды прыляцеў,

Покуль горы ён асіліў,

Ледзь не змогся і спацеў.

Ведаюць, напэўна, й дзеці,

Што няма даўжэй на свеце,

Чымся Анды -

Горы з гор,

Шмат вяршыняў там,

Азёр...

Цэлых

Дзевяць тысяч вёрст

Цягнуцца яны наўпрост.

Вось пустыня Атакама -

Знакамітая таксама:

Там

Чатырыста гадоў

Не было ані дажджоў.

Меў наш Чыж

Стальныя нервы,

І ахвоту,

І запал:

Вось

І ў Рыо-дэ-Жанейра

Прыляцеў

На карнавал.

Там прывык ён пакрысе,

Таньчыў самбу,

Як і ўсе.

«Маракану» -

Стадыён -

І футбол наведаў ён.

Стадыён жа столькі месціць

Тых заўзятараў...

Між тым

Ўсе нясвіжцы

Разоў дзесяць

Умясціліся б на ім.

У Бразіліі футбол -

Ну, не проста пас ці гол,

Гэта -

Нібы адкрыццё,

Захапленне -

На жыццё!

У Бразіліі шыкоўна

Час прабавіў ён няўзнак,

Хочаш ты ці не -

Ўсё роўна,

Але час ляцець,

Зямляк.

Ў аргенцінскія пампасы,

Дзе гауча-пастухі

З даўніны жывёлу пасвяць,

Спрытны Чыж знайшоў шляхі.

І да мыса

(Горн завецца)

Паспяшаўся ён пасля,

Там вада аб скалы б'ецца,

Там канчаецца

Зямля.

Хоць не вельмі і хацеў -

Ў Антарктыду паляцеў.

І, згадаўшы свой Нясвіж,

Заспяваў пад небам Чыж:

«Мой любімы

Родны край,

Ненадоўга я,

Чакай!..»

А пакуль ляцеў-лунаў,

Што пачуў, успамінаў.

 

АНАКОНДА

 

Пасадзілі анаконду

У навюсенькую «Хонду».

Так газуе анаконда,

Аж усіх сустрэчных шкода,

Уцякаюць хто куды

Ад вялікае бяды.

А яна і не зважае,

На ўсе лёгкія спявае:

«Хоць я родам з Амазонкі,

Запісалася ў японкі!..»

 

БАРС І ВАЛЬС

 

Ў школе танцаў снежны барс

Танцаваць вучыўся вальс.

«Буду я, - казаў, -

Танцор

Самы лепшы сярод гор».

Ды хваліцца перастаў,

Як ступіў на хвост і ўпаў.

«Ды з хвастом, -

Сумеўся барс, -

Танцаваць нязручна вальс».

 

БРАНЯНОСЕЦ

 

Браняносец зняў браню

І паклаў каля агню.

«Хай падсохне», -

Думаў ён.

Ды змарыў знянацку сон.

Так і спаў бы

Цэлы дзень,

Хвост закінуўшы на пень,

Ды хапіла і паўдня,

Бо ўгарэлася браня.

 

КАЙМАН І РАМАН

 

Школу скончыўшы,

Кайман

Вырашыў пісаць

Раман.

Покуль думаў над раманам -

Зубы выпалі ў каймана.

Як агледзеў,

Дужа роў:

«Ёсць раман -

Няма зубоў».

 

МУРАШКАЕД І БАЛЕТ

 

Трэці дзень

Мурашкаед

Прыбіраецца ў балет.

І прасуе,

І стрыжэцца,

Чысціць, мажа, адзяецца,

Мые твар,

Падводзіць бровы...

Ну, нарэшце ён гатовы.

Падалі кабрыялет -

І памчаў мурашкаед.

Ды ўсміхаецца сусед:

«Гэта ж цырк,

А не балет -

Зноў забыўся ўзяць білет».

 

У ПІРАНІЙ - АПЕТЫТ

 

У піраній - апетыт,

Пазайздросціць нават кіт.

З'елі цэлага быка

Аж кіпела ўся рака.

А пад вечар дацямна

Елі гуртам кабана.

У малых -

А гэткі спрыт

І зайздросны апетыт.

 

ПУМАЛАМА

 

Пума

Выбралася ў краму,

На каўнер купіла

Ламу.

Як прымерала каўнер -

Прыгажуня,

А не звер.

Кажа:

«Буду моднай самай,

Стану звацца

Пумаламай».

 

ТАПІР

 

Бег,

Задраўшы нос,

Тапір,

Ды са стромы -

Боўць у вір.

Так знянацку ўсё было -

Нават мову адняло.

Каб не хлопцы-рыбакі,

То не вылез бы з ракі.

І цяпер глядзіць,

Дзе вір,

Перш чым нос задраць,

Тапір.

 

ЯГУАР І БУКВАР

 

Першакласнік

Ягуар

Зноў у зубы ўзяў

Буквар,

Пашматаў і праглынуў,

Лёг пад парту

Ды заснуў.

Навучыцелька маўчыць:

Як заснуў,

То хай паспіць.

Бо такі ў дзіцяці дар:

Кнігаед -

Не ягуар.

 

БЕЛАСНЕЖНАЯ МЕЛОДЫЯ

 

Ведаў Чыж:

У Антарктыдзе -

Холад,

Снег

І вечны лёд...

«Холад мне і так абрыдзеў», -

Не спыняе Чыж палёт.

Ён не сеў ні на хвіліну

Ні на айсберг, ні на снег,

Ні на якую ільдзіну,

Разглядаў усё наспех.

Пазіраў з палётнай высі

На бялюткі далягляд,

Тут,

Куды ні павярніся,

Ці то ўперад, ці назад, -

Бачыш гэткую карціну:

Многа снегу,

Шмат пінгвінаў.

Сам упэўніўся,

Хоць знаў,

Нават верш пра гэта склаў.

 

ПІНГВІН І КАРЦІНА

 

У святочны дзень

Пінгвіну

Падарыў сусед карціну.

Разабраў пінгвіна смех:

Бо навокал толькі снег,

І няма куды

Пінгвіну

Вешаць гэтую карціну.

 

НАВЫПЕРАДКІ З КЕНГУРУ, АБО ВЯРТАННЕ БУМЕРАНГА

 

О, як рады быў, спяваў,

Калі ўдалечы пазнаў

Наш герой,

Замерзлы ўшчэнт,

Той

Зялёны кантынент.

Так Аўстралію назвалі

За высокіх траў абшар

І за дрэвы,

Што сягалі

Дзе-нідзе

Ажно да хмар.

Эўкаліпты -

Дрэвы тыя

Стометровай вышыні,

Нават самыя малыя

Падрастаюць

Дзень пры дні.

У падлеску там

Каала,

Смешны

Сумчаты мядзведзь,

Беларуса запрашала

Паміж вецця пасядзець.

Прыгажуняй

Райскай птушкай

Любаваўся Чыж

Крадком,

Як яна ляціць за мушкай

Ці наесца чарвяком.

У краіне той няблізкай

Выйшла так,

Як Чыж хацеў:

Ў дні

Баталій алімпійскіх

У Сідней ён прыляцеў.

Чыж любіў павыхваляцца:

«Хто са мною, -

Кажа ён, -

Алімпійскі марафон

Зможа здолець, пазмагацца?!»

Прыскакала кенгуру:

«Я хачу,

Ажно гару!»

Вось суддзя сказаў:

«На старт!»

(Марафон, браткі, не жарт!)

І пачаўся

Лёт і бег...

Ды чамусь -

Наўкола смех

І суддзя

Ад смеху плача...

Бо і тут не без прыгод:

Кенгуру

На захад скача,

Ну а Чыж -

Ляціць на ўсход.

Ён Сіднея больш не ўбачыць,

І заўзятараў гарачых,

І спартыўныя арэны...

Бачыць Чыж -

Абарыгены.

Тут зямля іх -

З даўніны.

Ў гурт сабраліся яны.

Ён - да іх.

І не зазнаўся -

З кожным шчыра павітаўся.

А яны прапанавалі

Тое,

Што ў руках трымалі:

«Хочаш кінуць

Бумеранг

Без чаргі?

Уважым ранг:

Ты - наш госць,

Ты - з-за мяжы,

Спрыт заморскі пакажы...»

Ўпрошваць земляка не трэба:

Бумеранг

Узнёсся ў неба

І на хвілю недзе знік.

Бы цягнулі за язык,

Чыж усклікнуў:

«Так трымаць!

Бач, шпурнуў -

І не відаць!..»

Ён на хвілю адвярнуўся,

Бумеранг

Як бач вярнуўся

І па макаўцы як хвосне -

Стала птаху млосна-млосна.

Чыж, канечне,

Не ў гуморы,

Мочыць свой гузак

У моры.

Праўда, ў моры тым

Каралы,

Прыгажосць, не апісаць.

Змайстраваў з іх Чыж

Каралі,

Так хацеў дахаты ўзяць.

Шмат што тут зачаравала,

Ды ляцець -

Яшчэ нямала,

Вабяць

Азіі абшары,

Пра якія столькі марыў.

Адпачыў -

Пара ў дарогу,

Ўзмах крыла -

І прэч знямога.

А згадаўшы свой Нясвіж,

Заспяваў пад небам Чыж:

«Мой любімы

Родны край,

Ненадоўга я,

Чакай!..»

А пакуль ляцеў-лунаў,

Што пачуў, успамінаў.

 

ШАСЦІНОГІ ВАСЬМІНОГ

 

Чарапасе

Васьміног

Мыць акулу дапамог.

Мыла ў краба набылі

Ды з хваста і пачалі.

Мабыць, дужа шчыраваў -

Дзве нагі адшараваў.

Вось табе і дапамог:

Быў - васьмі,

Стаў - шасціног.

 

КАКАДУ І НОТЫ

 

Какаду не меў ахвоты

Навучаць штовечар ноты,

Як завёў

«Рэ-мі, рэ-мі» -

Хоць пратур ці не кармі.

Не далі паўтыдня піць -

Ноты ўзяў,

Пачаў вучыць.

Як завёў

«Фа-соль, фа-соль» -

Аж траслася ў хаце столь.

Не далі паўтыдня піць -

Ноты ўзяў,

Пачаў вучыць.

Як завёў

«Ля-сі, ля-сі» -

Хоць сабакам аднясі.

...І даўно,

Не першы год,

Какаду пяе без нот.

 

КАЧКАНОС І НАЧОС

 

Доўга

Моднік качканос

На хвасце

Рабіў начос.

Выштукоўваў так і сяк,

Ён на гэта быў мастак.

Нечым пахкім паліваў,

Падразаў і завіваў...

Бо такі ён меў намер -

Ажаніцца пад чацвер.

Ды жаніцца не паспеў -

Хвост

Узяў ды аблысеў.

І не робіць больш начос

Лысахвосты качканос.

 

КЕНГУРУ

 

Спрытна скачуць

Пад гару

Цыбатыя кенгуру.

Вунь смяюцца

На гары

Вясёлыя кенгу-ры.

Не! Не так гавары,

І з гары,

І пад гару

Трэба мовіць -

Кенгуру.

 

РАК АГЛЕДЗЕЎ...

 

Рак агледзеў,

Як на мель

Сеў замежны карабель.

Пасклікаў сваіх суседак -

Незгаворлівых крэветак.

Паплыла марская жаба

Па свайго суседа -

Краба.

Стаў камандаваць

Кальмар -

Майстравіты гаспадар...

Як уперліся,

Спацелі -

Карабля спіхнулі з мелі.

 

СТРАЎС

 

Страус бег,

Не мог спыніцца,

Каб дахаты не спазніцца.

Бег праз рэкі і пясок,

Праз гару і праз лясок,

І назад бег,

І ўпярод,

І на захад,

І на ўсход.

Мчаўся, мабыць, цэлы дзень,

А прыбег -

Стаіць як пень:

Покуль бег -

Курам на смех, -

Ён забыў,

Чаго так бег.

 

ЗАКЛІНАННЕ АЗІІ

 

Вось і востраў

Сулавесі.

Там жыве

Ў трапічным лесе,

Ад дажджоў заўсёды росным,

Буйвал карлікавы

Злосны.

Ён аноа там завецца.

Калі толькі раззлуецца

І на вас наставіць рогі -

Уцякайце прэч з дарогі.

Чыж зірнуў туды-сюды

Ды і прэч наддаў хады,

Паляцеў у новы край,

Што вядомы

Як Кітай.

Панда там яго сустрэў,

Накарміў і абагрэў

У бамбукавых лясах,

Аднаму дзе -

Проста страх,

Дзе не пройдзеш,

Бо гушчар,

Дзе адзіны гаспадар

Той бамбукавы мядзведзь...

Але трэба зноў ляцець.

Пачынаюцца ў Кітаі

Цуда-горы -

Гімалаі,

Найвышэйшыя на свеце

(Ведаюць пра гэта й дзеці).

Покуль іх пералятаў -

Ледзь ільдзінкаю не стаў,

Так марозна над гарамі,

Адмярзаюць крылы самі.

Толькі ў Індыі гарачай

Заўсміхаўся

Чыж-бядача:

Гарачынь,

Бы ў лазні нашай,

Кормяць

Рысаваю кашай...

Тут той-сёй такое ўмее -

Заклінае нават змеяў...

Чыж таксама хоча ўмець

Кобры ў вочы паглядзець...

Дудку ўзяў,

Як засвістаў,

Заклінальнікам

Не стаў:

Кобра толькі засіпіць,

Чыж наўцёкі -

Хоча жыць.

Уцякаць дык уцякаць,

Шчасця лепшага шукаць.

Вось і трапіў ён на пір,

Што даваў

Якісь эмір.

Спадабалася ў эміра,

Прызнаваўся потым шчыра:

«Еў ад пуза,

Піў, што мог,

Нібы нейкі птушкабог...

Ну, які, на добры лад,

Ён, скажыце,

Азіят?!»

Баляваў там дзень

Ці пяць,

Ды пара Чыжу ўзлятаць.

Чыж - лятун,

Не касманаўт,

Ды наведаць вельмі рад

Касмадром,

Адкуль Гагарын

Паляцець у космас марыў.

Байканур яго назвалі.

З касмадрома паўзляталі

У касмічныя прасторы,

Каб планеты ўбачыць,

Зоры,

Чэхі, немцы і славакі,

І французы, і палякі,

Украінцы і індусы,

Ну вядома ж, беларусы -

Кавалёнак ды Клімук...

Чыж пад сэрца перагрук

Прамінуў сібірскі край -

Дзе для дрэў хваёвых -

Рай:

І для піхты,

І для кедра...

У таежных дзікіх нетрах

Не жыве, канешне, зебра,

А жывуць алень,

Вавёрка -

Барсуковая сяброўка.

Чыж сабе прызнацца мусіў:

«Ну, бы ў нас у Беларусі...»

І, згадаўшы свой Нясвіж,

Зноў пяе пад небам Чыж:

«Мой любімы

Родны край,

Ненадоўга я,

Чакай!..»

А пакуль ляцеў-лунаў,

Што пачуў, успамінаў.

 

СТАЛІЧНЫ АСЁЛ

 

Перапытаў асёл асліцу:

«Калі паедзем у сталіцу?»

Такі ўжо норавам асёл -

Хоць зачашы на лобе кол.

Сказаў:

«Паедзем у сталіцу»-

І не прымусіш адступіцца.

Асліца ўжо і так і сяк,

А ён крычыць:

«Падай пінжак!»

Асліца ў плач,

Асліца ў крык,

А ён раве:

«Падай парык!»

...Даўно асёл не навасёл,

Сталічны мае дом і стол.

Ды пра яго казаў

Арол:

«Хоць і сталічны,

Ды асёл».

 

ГІБОН І ТРАМБОН

 

Як заснулі ўсе,

Гібон

У макакі ўкраў

Трамбон.

Ні на чым гібон не йграў,

Доўга моўчкі пазіраў,

Падышоў бачком-бачком

Ды нарэшце -

Бэц хвастом.

І пачуў з трамбона ён

Нечы бас:

«Гі-бон, гі-бон...»

Напалохаўся

Гібон

І назад аднёс

Трамбон.

 

ДАЎГАПЯТ І ПАРАД

 

З дзікіх джунгляў

Даўгапят

Трапіў неяк

На парад.

А парад той быў няпросты:

Малпы йшлі

І лірахвосты,

І, нарэшце, даўгапяты -

Муштраваныя салдаты.

Як запляскаў даўгапят -

Збіўся з кроку ўвесь парад.

 

ДЖЭЙРАН І ЦЕНЬ

 

Дзівіўся цэлы дзень

Варан,

Як цень свой праганяў

Джэйран:

І рогам біў,

І капытом,

Хвастаў хвастом,

І цень - хвастом...

Да ночы мучыўся

Джэйран,

Смяяўся цэлы дзень

Варан.

Калі ж мінуў нарэшце дзень -

Заснуў джэйран,

Заснуў і цень.

 

КОБРА

 

Кобру ведаў кожны гад:

Прадавала кобра яд.

Яду ў кобры той было

Ледзь не поўнае жытло:

Бочка,

Глечык ды збанок,

Бутлік,

Буталь,

Чыгунок...

І ў каморы,

І ў кутах

Ядавіты чуўся пах.

Але кожны іншы гад

Кобру бачыць быў не рад,

Вось чаму ў яе было

Яду -

Поўнае жытло.

 

ПАЎЛІН І МАНДАРЫНЫ

 

Фанабэрысты

Паўлін

З'еў салодкі

Мандарын.

З'еў адзін,

Другі...

Пяцьсот.

Ды пачаў балець жывот.

Так балела,

Так пякло,

Што нясоладка было.

І цяпер ажно дрыжыць

Ды ад страху прэч бяжыць,

Калі ўбачыць мандарын

Фанабэрысты паўлін.

 

САЙГАК І ГУЗАК

 

Пад гарой бяжыць

Сайгак,

На ілбе нясе

Гузак.

Запытаў кулан сайгака:

«З кім пабіўся,

Небарака?»

Адказаў сайгак кулану:

«Выхваляцца тут не стану,

Я -

Ні больш ні менш -

Герой:

Браўся ў рожкі я з гарой!..»

І пабег далей сайгак,

На ілбе панёс гузак.

 

СКАРПІЁН-ЧЭМПІЁН

 

Баль наладзіў скарпіён -

Алімпійскі чэмпіён.

Скарпіён -

Не так сабе,

Чэмпіён па барацьбе.

Ён на гульнях перамог

Тарантулаў дваццаць трох.

На грудзях блішчыць медаль -

Заслужыў сумленна баль.

 

ТЫГР І КІНО

 

Тыгра ведаюць даўно

Як аматара кіно.

Тыгру слова не кажы -

Фільм замежны пакажы.

Застанецца тыгр галодны,

Ды ўсміхаецца лагодна:

«Я гляджу сабе,

Ляжу -

А трапляю за мяжу».

 

ВЫБІРАЎ СЯБРОЎ ФАЗАН

 

Выбіраў сяброў фазан:

«Гэты - дурань,

Гэты - пан,

Гэты лішне ганарлівы,

Гэты любіць сыр,

Не слівы,

Той бязвусы,

Той жа - босы,

Той збіраецца ў матросы...»

Каб ні трапіў у саган,

Перабраў бы ўсіх

Фазан.

 

ХАМЕЛЕОН МІЛЬЯНЕР

 

Памяняў хамелеон

Сто адзежын за сезон.

Быў то ў сінім,

То ў чырвоным,

То ў пярэстым,

То ў зялёным...

Мабыць, меў хамелеон

Грошай болей

Чым мільён.

 

ХАМЯК І СУРОК

 

Хамяк

Пад горкай меў куток.

За вёрст чатыры -

Жыў сурок.

Хамяк заходзіў да сурка:

Была ў таго свая мука.

Хамяк хваліў яго муку:

«Такіх аладак напяку,

Што пойдзе пах

На тры вярсты!..

Пачуеш,

То прыходзь і ты».

 

ЯК

 

«Як?

Вы кажаце - дзівак! -

Абураўся моцна як. -

Ды хіба для разявак -

Я якісьці там дзівак...

І ў далёкай старане

Добра ведаюць мяне,

Па ўсім свеце як-ніяк

Толькі й чуеш -

"Як?" ды "як?"».

 

ЗНОЎ ЭЎРОПА

 

За Уральскімі гарамі

Прывячалі земляка

Стэп бязмежны

З кавылямі,

Волга -

Руская рака,

І расейская сталіца -

Старажытная Масква...

Хоча ёю падзівіцца,

Хоць і быў тут

Раз ці два.

Ну а вы, сябры, былі

У Маскоўскім

У Крамлі?

Там калісь жылі

Цары,

А дакладней -

Царавалі:

Будавалі, ваявалі...

Ды цароў даўно не стала,

У пакоях царскіх залы -

Сведкі тых далёкіх дзён:

Гранавітая палата,

Дзе застаўся

Царскі трон, -

Экспанатаў там багата,

Як багацця -

У цароў,

Той зямлі

Валадароў...

Чыж красою любаваўся,

Ды на захад узіраўся:

Як прыгледзішся -

З Крамля

І свая відаць зямля.

 

ЗНАКАМІТАСЦЬ

 

Замаркочаны па родным,

Па любімым

І нязводным,

Прамінае Чыж

Смаленск,

Недалёка ўжо

І Менск,

За Маскву

Старэйшы нават,

Горад,

Не мінуты славай,

Мінск завецца ён сягоння...

Чыж як свой,

А не старонні

Перад тым пабачыў з высяў

Воршу,

Друцк,

Пасля Барысаў...

І ў Нясвіжы неўзабаве

Ён купаўся ў чым?

У славе.

Ці не ўсе з ваколіц птушкі,

Прыбіраныя ў істужкі,

Падарожніка сустрэлі,

Ледзь крануўся ён зямлі,

Дык на крылах паняслі.

А сарокі не стрывалі,

Да Чыжа застракаталі:

«Ну, не муч нас,

Што маўчыш?

Раскажы нам пра Парыж,

І пра рэкі,

І пра горы...

Што пабачыў,

Што пачуў?..»

Пазяхнуў герой у зморы

І сказаў:

«Паспаць хачу,

Дайце хоць набрацца сілы,

Анямелі лапы й крылы...»

Ну а потым,

Як прачнуўся,

Ад знямогі страпянуўся,

Так пачаў ён гаманіць -

Не маглі два дні спыніць, -

Распавёў

Пра ўсё на свеце,

Што пабачыў на планеце.

Дзюбы ўсе паразяўлялі

Ды галовамі ківалі,

Ў ладкі пляскалі крылом -

Так цікава ім было.

Чыж закончыў свой расказ

І сказаў:

«А зараз вас

Папрашу паведаць мне,

Што ў радзімай старане

Адбылося за той час,

На які пакінуў вас...»

Пліска, дрозд і верабей,

Стрыж, канюк ды салавей

(Колькі ўсіх - не палічыць)-

Хто каго перакрычыць -

Кожны са сваёй галіны

Пра мясцовыя навіны

Пачалі распавядаць.

Вось што Чыж

Змог разабраць.

 

АЛЕНЬ І СЕНА

 

Абураецца алень:

«Гэты лось

Каторы дзень,

Покуль я лячу калена,

У маё залазіць сена,

Не падыдзе,

Не папросіць,

А крадзе

Ды ў схоўкі носіць:

Хутка холад і зіма,

А ў яго свайго няма.

Ну, накраў капу ці дзве,

А як зіму перажыве?

Як ты, злодзей, ні насі,

А чужым -

Не пад'ясі».

 

БАБЁР

 

Запыталіся ў бабра,

Ці не бачыў ён зубра.

Той спыніўся,

Лоб пацёр...

«Дык хутчэй кажы,

Бабёр!»

Галавою заківаў:

«Не, ён тут не праплываў».

 

БАКАС

 

Сойцы скардзіўся

Бакас:

«Не магу трываць абраз,

Абражае хто захоча,

Нават сыч з мяне рагоча».

Адказала сойка так:

«Дык не дзіва,

Ты ж - лайдак,

Ты паспаць задужа ласы.

Ці ж такія ўсе бакасы?!»

А закончыла адказ:

«Хто лайдак,

Той - не бакас!»

 

ЯК БАРСУК ДРАЖНІЎ ЛІСУ

 

Хтось прыдумаў,

Што барсук

Перадражніваў лісу.

Вожык цецеру шапнуў,

Той паведаў кабану,

А кабан сказаў ваўку,

Воўк, нарэшце, барсуку...

І пачаў, бы ўсе, барсук

Перадражніваць лісу.

 

БУСЕЛ І ЖАБА

 

Бусел гэтак жартаваў:

«Жаба,

Хто цябе схаваў?..»

Жаба гэтак жартавала:

«Бусел,

Я цябе шукала...»

Як не скончаць жартаваць,

Нельга будзе адказаць:

Хто страчаў,

А хто чакаў,

Хто хаваўся,

Хто шукаў?

Ды па купіне не слаба

Бусел - дзюб.

А ў дзюбе - жаба.

Праглынуў,

Далей пайшоў...

Хто шукаў,

Той і знайшоў.

 

ВАВЁРКІ-АКТОРКІ

 

Дзве суседкі,

Дзве вавёркі,

Запісаліся ў акторкі.

«Каб патрапіць на гастролі,

Трэба добра ведаць ролі», -

Падахвоціў іх глушэц -

На нямыя сцэны спец.

Рэпеціруюць вавёркі

Ну зусім як кіназоркі,

Так заўзята шчыравалі,

Што дадолу з хвоі ўпалі.

І не думалі ніколі,

Што ў такой пабудуць ролі.

 

ДЗІК І КУЛІК

 

Выскаляцца не прывык

Без патрэбы

Дзядзька дзік.

Ды казаў

Адзін кулік,

Што смяяўся

Дзядзька дзік.

Дзе смяяўся і калі -

Дапытацца не маглі,

Бо штохвілі

Той кулік

Без прычыны -

«Гік» ды «гік».

 

ДЗЯТЛАВА КРЫНІЦА

 

Дзяцел лётаў да крыніцы

У спякотны дзень напіцца.

Прыляцеў,

А там куніцы

Раскашуюць ля крыніцы.

Дзяцел дзюбу памачыў

І са злосцю застрачыў:

«Вы чаго гэта,

Куніцы,

Да маёй прыйшлі крыніцы?

Толькі я тут гаспадар,

П'ю ваду

І мыю твар!..» -

«Ой, даруйце,

Наш харошы», -

Дастаюць куніцы грошы.

Дзятлу

З той пары не спіцца:

Прадае ваду з крыніцы.

 

ЗАЯЦ І ЛАПЦІ

 

Заяц бегаў да казулі:

«Вы нашто дзяцей разулі?

Не шкадуеце дзяцей,

Наплялі б хаця лапцей!..»

І заплакалі казулі:

«Мы не самі -

Нас разулі.

Мы на сонцы ногі грэем,

Бо плясці лапцей не ўмеем...»

Заяц лапцікі пляце

Для казуліных дзяцей.

 

КАЖАН І КАЧАН

 

Патрывожаны

Кажан

На капусны сеў

Качан.

Як прысеў на качане,

Мышы думалі -

Засне.

Ды не звёў кажан вачэй,

Выглядаючы мышэй,

Покуль козы з качана

Не прагналі кажана.

 

КАМАР І ПАЖАР

 

Не спяшаецца камар

У дуброву

На пажар,

Хоць памчаліся сябры,

Баравыя камары,

Паляцелі -

Авадзень,

Матылёк ды сляпень,

А за імі -

Пчала

Два вядры панясла...

Толькі гэты камар

Не спяшаўся на пажар -

Дужа страшна камару:

«Што, калі я сам згару?!»

 

КАРШУН-ПІРАТ

 

«Ох!» - каршун жыццю не рад.

Ён -

Паветраны пірат.

Так, жыццё для каршуна -

Не жыццё -

Адна вайна.

Толькі й знае -

Даганяе,

Нат свайго жылля не мае...

Сам каршун і вінаваты,

Што яго чакаюць краты.

 

КРЫЖАДЗЮБ І ЗУБ

 

Зубны доктар -

Крыжадзюб -

У мядзведзя

Вырваў зуб.

Хваляваўся той дарма,

Мац -

А зуба ўжо няма.

Доктар скача насупроць:

«Як балецьме,

Зноў прыходзь...»

І сядзіць мядзведзь ля дуба,

Дужа хваліць крыжадзюба:

«Рвалі дзік,

Ліса,

Алень -

Не звалодалі за дзень.

А маленькі крыжадзюб

За секунду вырваў зуб».

 

ЛОСЬ

 

Лось паскардзіўся ў газету:

«Нехта кінуў цыгарэту -

І згарэў пад хвояй мох,

На які паспаць я лёг...»

Ды знарок ці незнарок

Не дадаў,

Што бок апёк.

 

РАБЧЫК

 

Рабчык,

Хлопец хоць рабы,

Меў багацця паграбы.

Запрашаў пагасцяваць,

Бо было чым частаваць.

Для суседа-воўка -

Шынка,

Аж цячэ па поўсці слінка,

А для вожыка -

Грыбы,

Выбірай на густ любы...

Адным словам -

Паграбы.

Толькі сам -

Зусім рабы.

 

СОЙЧЫНА КАЛЫХАНКА

 

Ціха, соечка, не плач -

Гэта вухкае пугач,

Адпалохвае чарцей

Ад сваіх малых дзяцей.

Забаіцца чорт рагаты

У лясныя лезці шаты.

Спі, маленькая, не плач -

Абароніць нас пугач.

 

СОМ-САВА

 

Двухпудовы мажны сом

Ноччу плаваў,

Спаў жа - днём.

Спіць, залезе пад карчы,

Хоць пад бок яму таўчы.

У рацэ паміж сабою

Сома ўсе завуць

Савою.

 

ЦЕЦЯРУК І БРУК

 

Покуль лётаў цецярук,

Дык праз лес паклалі брук.

Прыляцеў, зірнуў

І ціха

Шэпча:

«Што гэта за ліха?

Дзе ж я сёння -

Ці не ў казцы?

Гэта ж бач -

Такое здасца,

Каб ні быў я цецярук,

Дык падумаў бы - што брук».

 

ЯРШЫ І КАШЫ

 

Ходзяць чуткі,

Што яршы

Паплялі сабе кашы

Ды збіраюць чарвякоў

Для сябе і сваякоў.

Ды казаў

Старэйшы ёрш:

«А навошта мне той кош?!

Ці дурныя мы,

Яршы,

Выплятаць сабе кашы.

Нам і так дае рака

На вячэру чарвяка».

 

НА РАЗВІТАННЕ

 

Ну а потым,

За бяседай,

За вялізазным сталом

Частаваў сусед суседа

Просам,

Шышкай,

Чарвяком...

Ну а ў цэнтры -

Чынны Чыж,

Што праславіў

Свой Нясвіж,

Да бяседы прамаўляе

І зямлю сваю ўслаўляе:

«Ёсць на свеце прыгажосць,

Але там ты -

Толькі госць.

Дома хто ты?

Гаспадар!

Даглядаеш свой абшар,

Беражэш яго

Як трэба:

Кусцік свой,

Кавалак неба...

Шмат лятаў я,

Менш прайшоў -

Лепш, чым дома,

Не знайшоў!»


1994-2003?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая