epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Шыцік

Дублі

На чырванаватую пустыню мора часу клаліся доўгія цені блізкіх гор. Залацісты калматы клубок Сонца ўжо вісеў над самым гарызонтам. І без таго густа-фіялетавае неба пацямнела зусім. Яшчэ некалькі хвілін, і марсіянская ноч, амаль такая ж раптоўная, як зямная ў тропіках, агорне ўсё навокал.

- Дзе мог дзецца Барыс? - уголас падумаў Янка, нездаволена пазіраючы ў акно.

Янка быў адзін, і яму ніхто не адказаў. Тады ён запаліў агні маяка, які ўзвышаўся на добрую сотню метраў над дахам іх выпрабавальнай станцыі. І адразу, быццам у адказ, злева замігцелі фары ўсюдыхода.

Янка прыгледзеўся. Барыс марзянкай пытаўся: «Ты на базе?»

Усміхнуўшыся, Янка гэтак жа, памігваючы святлом маяка, іранічна адказаў:

- Рацыя сапсавалася?

У дынаміку радыёсувязі пачуўся ўздых, сапенне, потым прахрыпела:

- Зусім забыўся.

Пачуўшы голас Барыса, Янка занепакоіўся:

- Ты чаго?

- Глупства. Прыеду - раскажу.

Янка ўсміхнуўся, буркнуў: «Таямніцы марсіянскага двара» і пайшоў да канапы крыху расчараваны. Нічога не здарылася, ды не можа здарыцца ў гэтым прывычным, як на Зямлі, становішчы. Зручная мэбля, утульны пакой. Нават радыё і тое, як звычайна ў гэты час там, дома, перадае апошнія паведамленні. Усё звычайна, усё ідзе сваім парадкам, быццам ты і не пакідаў Зямлі.

Але вось голас дыктара стаў больш звонкі, усхваляваны. Ён загаварыў пра падрыхтоўку галактычнай экспедыцыі, і Янка раптам успомніў: «Наступныя мы». І ўжо іншымі вачыма, з халоднай цікаўнасцю паглядзеў навокал сябе. А ў сэрца папаўзла нездаволенасць.

Яны з Барысам былі асноўнымі кандыдатамі ў наступную галактычную экспедыцыю. Гэты іх палёт на Марс быў апошняй трэніроўкай. Ім давалі магчымасць пажыць у незямных умовах і тым самым пэўным чынам падрыхтавацца да таго нечаканага, што можа сустрэцца на далёкіх і чужых планетах. Задума была правільная, супраць яе Янка не пярэчыў. Але вынікі... Ён чакаў большага. Хіба гэта падрыхтоўка, калі яны тут акружаны прывычнымі рэчамі і, нават выходзячы за парог станцыі, больш адчуваюць сябе дзе-небудзь у Гобі, чым на Марсе? Адзінае, што напамінае пра космас, - касцюм, аднак і ён такі лёгкі, што яго амаль не заўважаеш...

Знадворку пачулася гудзенне, затрымцелі сцены. Вяртаўся Барыс. Янка пайшоў сустракаць таварыша.

- Насланнё нейкае, - сказаў Барыс, вылазячы з кабіны.

- Што такое?

- Мне здалося, - Барыс крыху сумеўся, але дакончыў, - быццам ты напаўзасыпаны пяском. Толькі шлем тырчыць.

Янка здзівіўся, маўляў, чаго толькі не прыдумае чалавек, потым нахмурыўся:

- Трэба было паглядзець.

- Дык ты азваўся, а тым часам і сцямнела.

- Тады заўтра, - вырашыў Янка.

На тым і пагадзіліся, а раніцай, калі прачнуліся, над пустыняй бушаваў ураган. Чырванаватыя смерчы, звіваючыся на тонкіх нагах, быццам крывавыя здані, пятлялі вакол станцыі.

- Ат, учора мне здалося, нічога не было, - махнуў рукой Барыс. - Пайду лепш падрамантую ўсюдыход.

Па закрытым праходзе ён пайшоў у гараж. Пабыўшы там нейкі час, Барыс прыбег да Янкі ўсхваляваны. Адчыніўшы дзверы, крыкнуў:

- Прапаў Ганімед!

- Праўда?

- Усё абшукаў, - ён апусціўся на падлогу, ашаломлены прапажай.

- Значыць, учора быў Ганімед. Сапсаваўся і ўпаў.

- Вось як бывае. А куды ты яго пасылаў? - узняў галаву Барыс.

- Учора - нікуды. Ён павінен быць на месцы, - адказаў Янка.

- Значыць, уцёк.

- Ну, ведаеш! - абурыўся Янка. - Гэта не воўк.

- Але ты яго не пасылаў, не? І я таксама. Дык што тады?

- Гм... - Янка адкінуў гермашлем і пачухаў патыліцу.

У поўдзень пясчаны буран сціх. Касманаўты апрануліся і выйшлі з памяшкання. На паўднёвы ўсход ад станцыі, як хапала вока, грэбнямі хваль застылага мора цягнуліся барханы. Было ціха-ціха, і ад гэтага параўнанне з морам рабілася больш пераканаўчым. Сонца свяціла на ўсю сваю марсіянскую сілу.

- Дзе табе здалося? - спытаў Янка.

Яны не ўзялі ўсюдыход, бо дарога была блізкая. А хадзіць пехатой тут было нават больш прыемна, чым на роднай планеце, - чалавек на Марсе важыць амаль у два з паловай разы менш. Пераскакваючы з грэбеня на грэбень, слізгаючыся на сыпучым пяску, касманаўты ўрэшце дайшлі да перадгор'я.

- Недзе тут, - сказаў Барыс. Зрабіўшы яшчэ некалькі крокаў, упэўнена паўтарыў: - Тут, - і для пэўнасці ачарціў рукой у паветры круг.

Але ці ён памыліўся, ці ўсё засыпаў нядаўні шалёны вецер, бо знайсці нічога не ўдалося.

Янка крыкнуў у шлемафон:

- Ганімед! Ганімед!

Ён зрабіў гэта хутчэй для ачысткі сумлення і нават павярнуўся, каб ісці назад. І раптам у навушніках нешта запішчала і праз трэск разрадаў данесліся доўгачаканыя словы:

- Р-10, названы Ганімедам, вяртаецца на базу. Р-10, названы Ганімедам...

Пачуўшы робата, людзі засмяяліся. Непакой адразу знік, уступіўшы месца весялосці, для якой, дарэчы, былі падставы. Нехта з канструктараў, жадаючы падкрэсліць дасціпнасць свайго тварэння, увёў у яго праграму гэтае «названы Ганімедам», і робат толькі так заўсёды заяўляў аб сабе. І Янка і Барыс чулі гэта неаднойчы, але ніколі яшчэ не адчувалі такога задавальнення.

Хутка паказаўся і сам Ганімед. Ён ішоў паважны, падобны на чалавека, перакананага ў сваёй высокай годнасці, задзіраючы механічныя ногі, якія грузлі ў пяску і пакідалі на ім глыбокія сляды.

У інфармацыі, якую прынёс робат, не было нічога істотнага. «Бачыў гару, заходзіў у грот, адчуў электраразрады». Не змог ён растлумачыць і таго, па чыёй камандзе выйшаў з базы.

- Відаць, нядаўна выбраўся з пяску. Пакуль ляжаў, нешта ў схеме разладзілася, - вырашыў Барыс.

Гэта было падобна на праўду, і Янка з ім згадзіўся.

Надышла ноч. Ціхая, марозная. Пакрытая інеем пустыня халодна паблісквала пад зменным святлом Фобаса і Дэймаса, якія нібы наперагонкі спяшаліся па ярказорным небе.

Заварожаныя незвычайным хараством, касманаўты не маглі адысці ад акна, хаця стрэлкі гадзінніка ўжо даўно прамінулі лічбу дванаццаць. Раптам Ганімед, які знаходзіўся ў гаражы разам з іншымі робатамі, вымавіў: «Р-10, названы Ганімедам, бачыў у пустыні скафандр чалавека».

Фразу прыняла сістэма ўнутранай сувязі і перадала ў дынамік, што быў устаноўлены ў салоне.

- Ты што-небудзь зразумеў? - павярнуўся Янка да таварыша.

- Н-не, - разгублена адказаў той. - Мусіць, робат зусім сапсаваўся. Гэй, Ганімед, зайдзі да нас.

Праз хвіліну робат увайшоў у салон.

- Дзе ты бачыў скафандр? - задаў яму Барыс пытанне і напружана сачыў, як у шкляных вачах-лінзах успыхваюць рознакаляровыя іскаркі.

Ганімед патупаў, як чымсьці збянтэжаны чалавек, і слова ў слова паўтарыў тое, што гаварыў раней.

- Трэба праверыць яго. - Барыс накіраваўся да робата.

- Пачакай, - спыніў яго Янка. - Ганімед, дзе ты бачыў скафандр? - зрабіў ён націск на слове «дзе».

Ганімед пабліскаў вачыма-лінзамі і сказаў каардынаты:

- Паўднёвы ўсход, трыццаць секунд ад кантрольнага мерыдыяна.

- Там, - шапнуў Барыс, адступаючы назад і пераводзячы разгублены позірк то на Янку, то на робата.

- Не глядзі на мяне так, я і сам нічога не разумею, - развёў рукамі Янка.

- Р-10 не разумее таксама, - праграма робата, здольная да аналізу таго, што адбываецца навокал, спрацавала. Механічны голас прагучаў прыглушана і, як здалося, больш раўнадушна, чым заўсёды, нібы робат нешта ведаў і не хацеў сказаць.

Янка падышоў да Ганімеда, адключыў яго ад знешняга асяроддзя і выклікаў робатаў-рамонтнікаў. Яны праверылі ўсю схему, але ніякіх адхіленняў ад нормы не знайшлі.

- Вы абодва бачылі нешта адно і тое, што палічылі за скафандр. Але гэта, напэўна, было нешта іншае, - сказаў Янка, выслухаўшы даклад раманцёраў. - Трэба пашукаць.

- Адзін дзень ужо страцілі.

- Выкраім яшчэ некалькі гадзін.

- Дык ноч, - не здаваўся Барыс.

- Ганімед арыентуецца ў цемры, - рашуча сказаў Янка і пачаў збірацца.

Апрануўшыся цяплей, касманаўты выйшлі са станцыі. Мароз нібы пабольшаў, высмактаўшы апошнюю вільгаць з і без таго сухога і пустога паветра. Іней ляжаў вакол, як снег, ногі коўзаліся. І толькі Ганімед ішоў быццам па роўным і цвёрдым асфальце. Людзі ледзь паспявалі за ім.

Нарэшце робат спыніўся, пастаяў крыху, даўшы нагрузку свайму электроннаму мозгу, і ў шлемафонах касманаўтаў прагучала: «Тут».

Дзве маленькія рыдлёўкі, якія людзі спецыяльна захапілі з сабой, угрызліся ў сыпучы пясок. Пад метровым пластом ляжаў... шлем. Празрысты наперадзе, металічны з патыліцы і цемені. Якраз такі, якія былі зараз на галовах касманаўтаў. Яны нават зірнулі адзін на аднаго, падумаўшы, ці не забыўся сябар апрануць свой шлем. Але ўсё было ў парадку. Янка ўзяў знаходку ў рукі, пакруціў, аглядаючы з усіх бакоў. Па ўсім відаць, гэта была іх рэч, якую, аднак, яны ніколі не гублялі.

На базу вярнуліся моўчкі, думаючы кожны пра знаходку.

Нарэшце Барыс прапанаваў:

- Паведамім на Зямлю.

- Пра што?

- Пра шлем.

- Ты ж не ведаеш, чый ён. А што, калі і там не ведаюць? На Марсе экспедыцыі бываюць рэдка, асабліва ў гэтым раёне. Турысты таксама. Наўрад ці нам што пэўнае адкажуць. Давай будзем шукаць гаспадара шлема.

У той жа дзень Барыс на ўсюдыходзе адправіўся на двое сутак да Паўднёвага полюса. Адклаўшы бягучыя справы, якіх назбіралася нямала, Янка засеў у бібліятэцы. Яна была не такая багатая, як на дальніх касмічных караблях, але ўсё-такі ў ёй можна было знайсці даволі поўныя звесткі пра планеты Сонечнай сістэмы і экспедыцыі да іх. Шлем быў новай, магчыма, апошняй мадэлі. Таму ў глыбіню гадоў Янка вырашыў не забірацца, а абмежаваўся апошняй палавінай веку.

Нічога, што хоць якім-небудзь чынам намякала б на паходжанне іхняй знаходкі, ён, аднак, не знайшоў. У апошнія гады Марс наведваўся вельмі мала, і пра згубленыя тут рэчы не магло быць і гутаркі. Да таго ж за гэты час у раёне, дзе знаходзіліся касманаўты, не ступала нага ніводнага другога чалавека.

Але шлем існаваў. І калі яго не згубілі людзі, то... Янка ўсміхнуўся. Так можна дадумацца чорт ведае да чаго. Каб крыху развеяцца, ён вырашыў прагуляцца і захапіў з сабой Ганімеда. Хоць і робат, а ўсё ж спадарожнік, з якім можна, занудзіўшыся, перакінуцца словам.

Мясцовасць паступова павышалася. І калі Янка, адпачываючы, азірнуўся, будынак станцыі быў далёка ўнізе. Белы, абнесены лёгкай металічнай агарожай, ён выглядаў як казачны. Як успамін аб нязбыўнай мары дзяцінства. Янку зрабілася нават сумна.

Ганімед, якому былі недаступныя эмоцыі чалавека, заварушыўся першы. Янка з цікавасцю зірнуў на свайго механічнага памочніка. Яго заўсёды цікавіла рэакцыя дакладнага матэматычнага мозгу на тое, што захапляла чалавека. Робат не ўбачыў хараства. Ён зрабіў крок і спакойна сказаў:

- Бачу сляды.

Янка ўздрыгнуў, паднёс да вачэй бінокль. Справа ад станцыі, прыкладна на паўдарозе да першых адрогаў, віўся ланцужок чорных кропак. Яны ішлі аднекуль з-за бархана, апісвалі пятлю і хаваліся ў скалах. Сляды былі свежыя, бо ўраган бушаваў яшчэ заўчора. Робаты іх пакінуць не маглі. Пасля выпадку з Ганімедам гараж замыкалі. Аднак Янка запытаў у Барыса па радыё, ці не блукаў той сам вакол базы.

- Я не вылазіў з машыны, - паведаміў Барыс і ў сваю чаргу пацікавіўся: - А што?

- Бачу сляды нечых ног, - растлумачыў Янка.

- Мне вяртацца?

- Ага, - сказаў Янка і дакрануўся да Ганімеда, як да жывой істоты: - Хадзем.

Ля ямак, якія аказаліся слядамі робата такога ж класа, што і Ганімед, спыніліся.

- Р-10 трэба вярнуць, - зрабіў вывад Ганімед, нецярпліва пераступаючы з нагі на нагу.

- Адну хвілінку, - як чалавеку, сказаў Янка і выклікаў станцыю. Аўтаматычнае рэле ўключыла тэлесувязь. На маленькім паходным экране ўзнік выгляд гаража знутры. Усе робаты былі на месцы. Для пэўнасці ён пералічыў іх два разы. Памылкі не было. Янка нахмурыўся і сказаў: - Будзем шукаць.

Чалавек і робат пайшлі па следзе.

Янка маўчаў, ашаломлены новай загадкай. Праўду кажучы, ён не прымаў яе ўсур'ёз. Здавалася, што ў наступнае імгненне гэтае насланнё знікне і ўсё акажацца міражом, галюцынацыяй. Але міналі хвіліны, і разам з імі цяклі ямкі-сляды, пакінутыя адным з робатаў, якога, аднак, ніхто не выпускаў на волю.

Ганімед, наадварот, выглядаў надзвычай дзейным, нават заклапочаным. Ён часта нахіляўся долу, мацаў глебу і каменні, чэрпаючы для сябе інфармацыю, і яго мармытанне ўвесь час чулася ў Янкавым шлемафоне.

- Што там у цябе, стары? - нарэшце спытаў Янка.

- Р-10 прайшоў тут тры гадзіны назад. Хуткасць чатыры кіламетры ў гадзіну.

Янка ўжо даўно перастаў здзіўляцца са здольнасцей Ганімеда заўважаць і аналізаваць факты. Але зараз скептычна, нават з нейкім зларадствам, падумаў: «Хоць раз ты памыліўся, механічная душа!»

Ганімед не памыліўся. Калі Сонца пачало ўжо хавацца за дальнімі вяршынямі горнага хрыбта, на адной з тэрас на барвовым фоне вячэрняга неба Янка заўважыў цёмную постаць. Гэта мог быць толькі... робат. Янка паморгаў вачыма. Прывід не прапаў. Ён існаваў наяве, дакладная копія Ганімеда.

- Барыс, Барыс! - асіплым голасам загаварыў Янка. - Я, здаецца, вар'яцею.

- К начы буду, чакай мяне. Магчыма, гэта небяспечна.

- Небяспекі не бачу, - умяшаўся ў размову людзей Ганімед, - Чуеш? - нервова засмяяўся Янка. - Вяртайся. А цяпер бывай, хачу паглядзець, пакуль не сцямнела.

Зблізку робат быў падобны на Ганімеда яшчэ больш. Янка аж раззлаваўся. Ён вырашыў, што гэта ім нехта наўмысля нарыхтаваў розных загадак, каб праверыць, ці здольны яны арыентавацца і раскрываць таямніцы. Ён падышоў да робата і загадаў:

- Ідзі за мной!

Робат уздрыгваў, у яго тэлевачах успыхвалі агеньчыкі. Ён быў дзейны, Янка гэта бачыў, але застаўся глухі да сігналу чалавека. Адно з двух: або што-небудзь сапсавалася ў ім, або ён не разумеў.

- Правер, Ганімед! - Янка адышоў убок.

Ганімед зрабіў крок да свайго сабрата. Чужынец, быццам баронячыся, выставіў уперад рукі. Ганімед, наткнуўшыся на перашкоду, спыніўся.

Тым часам усё навокал заліла ноч, цёмная і густая, непадуладная нават яркім зоркам. За тры крокі не было нічога відаць. А чужы робат па-ранейшаму не дазваляў падысці да сябе. Янка не ведаў, што рабіць.

- Не пільнаваць жа яго да світання, - сказаў Барыс, даведаўшыся аб гэтым. - Пастаўце вешку з пеленгатарам і ідзіце дадому.

- Разыгрываюць нас, - усміхнуўся Барыс, калі яны сустрэліся з Янкам на станцыі.

- Вельмі ж ужо недарэчна, - задумліва заўважыў Янка.

Пакрыўджаныя касманаўты паслалі на Зямлю тэлеграму. Адказ атрымалі пад раніцу. Зямля іх не разумела і пыталася, ці здаровыя яны.

- Што скажаш? - узрушаны Янка спыніўся перад Барысам.

- Можа, паслаць гэтага нахабнага робата да яго творцаў і заняцца справамі? Нам не так многа засталося быць тут.

- Бадай, правільна, - згадзіўся Янка, - цікава толькі, адкуль ён узяўся?

- Прывядзі сюды, тады даведаешся, - перасмыкнуў плячыма Барыс.

Сігналы пеленгатара раз-пораз адбівалі такты ў дынаміку. Янка апрануўся, паклікаў Ганімеда і, ужо выходзячы, зірнуў на стрэлкі каардынатара. Яны паказвалі, што вешка знаходзіцца ўжо ў другім месцы.

- З нагамі яна, ці што? - здзівіўся Янка.

На тэрасе не было ні робата, ні вешкі.

- Дзе яны? - Янка бездапаможна агледзеўся.

- Сляды вядуць у горы, - падказаў Ганімед, па нейкіх аднаму яму вядомых знаках вызначыўшы напрамак, у якім знік чужы робат.

- Пайшлі наўздагон, - сказаў Янка.

- Я з табой, - паведаміў яму па рацыі Барыс.

Міналі гадзіны, Ганімед усё вёў і вёў людзей. Нарэшце яны трапілі ў скалісты гушчар, падобны на міфічны лабірынт, з якога чалавеку ніколі не выбрацца. Калі людзі стаміліся, Ганімед, нібы здагадаўшыся пра іх пакуты, нырнуў пад каменную арку і выйшаў у вузкую даліну. Справа яна цягнулася некуды ўдалячынь, прамая, як вектар. А злева выхад з яе закрывала невысокая, вастраверхая гара. Ганімед павярнуў улева, зрабіў некалькі крокаў і спыніўся, задраўшы круглую пластыкавую галаву. Людзі таксама задралі галовы.

Вяршыня гары нагадвала спелую сасновую шышку, з якой вось-вось пасыплецца янтарнае насенне...

- Барыс! - Янка хапіў таварыша за плячо.

Каменныя пялёсткі шышкі варухнуліся, і з-пад іх на самым версе бліснула шкло.

- Акуляр фотаапарата?! - Янка мацней сціснуў плячо Барыса.

Акуляр з хвіліну паглядзеў на іх і зноў схаваўся.

- Нас заўважылі, - голас Барыса дрыжаў ад хвалявання, - чуеш, заўважылі!

- Хто?

- І ты яшчэ пытаешся? Тут, напэўна, хаваюцца прышэльцы з чужога свету.

- Навошта ім хавацца? - не згаджаўся Янка з таварышам.

- Гэта ж вельмі проста. Яны не ведаюць нашых намераў.

- Іменна проста. Гэта мне і не падабаецца. - Янка падумаў крыху і пакрочыў па вузкім праходзе, які віўся паміж базальтавых нагрувашчванняў.

Але не паспеў ён прайсці і дзесяці метраў, як пачуўся гул аднекуль з глыбіні планеты. Янка на імгненне замёр, прыслухоўваючыся, потым упарта матнуў галавой і пакрочыў далей. Гул узмацніўся. Ад яго дрыжалі навакольныя горы.

- Вярніся! - крыкнуў Барыс.

Янка не паспеў адказаць, як Ганімед перагарадзіў яму дарогу.

- Чалавеку нельга, - без эмоцый прамовіў ён.

Ад нечаканасці Янка адступіў. Гул паменшаў.

- Ганімед, - загадаў Барыс, - ідзі зрабі здымкі.

Ахоўныя ўстаноўкі, якія пагрозліва рэагазалі на з'яўленне ў полі іх дзейнасці чалавека, робата прапусцілі бесперашкодна.

Ганімед вярнуўся праз гадзіну. Касманаўты тут жа праявілі плёнку і сярод скал, у зацененым кутку, пачалі праглядаць яе.

Ганімед папрацаваў добрасумленна, але гэта была добрасумленнасць машыны, а не чалавека. Ён фатаграфаваў усё, што бачыў, і таму вылучыць з важнага неістотнае было цяжка. Каменны хаос раптам змяніўся прасторнай залай. Не паспелі людзі яе разгледзець, як на экране з'явіліся дзверы. Потым экран пасвятлеў, і абрысы ўжо знаёмай залы адлюстраваліся на ўсю яго шырыню. На гэты раз Ганімед сарыентаваўся добра. Адлюстраванне пачало расці, і касманаўты ўбачылі, што перад імі пульт.

- А можа, у яго іншае прызначэнне? - засумняваўся Янка.

- Шкала, цыферблаты, індыкатары. Яны пабліскваюць агеньчыкамі. Ясна - гэта пульт. Можа, тут сабраны ўсе каналы, па якіх нехта кіруе дзейнасцю?..

- Чыёй? - спытаў насмешліва Янка.

- Хаця б тых, хто цябе спыніў, - адпарыраваў Барыс. - Аднак кепікі ўбок. Мы яшчэ не прагледзелі ўсё.

Праектар быццам бы толькі і чакаў гэтых слоў. У наступную хвіліну касманаўты ўбачылі ўжо знаёмага робата, а побач - зусім такога ж, толькі без галавы. Вакол яго завіхалася мноства членістых механічных рук.

- Майстэрня, - не хаваў захаплення Барыс, - вось ён, чужы розум!

Янка не адказаў. Ён стаяў задумлівы, засяроджаны, быццам хацеў нешта зрабіць.

- Я пайду, - нарэшце ціха сказаў ён. Перш чым Барыс паспеў адказаць, яго і след прастыў.

Раптам магутны гул, усё нарастаючы, вырваўся з нетраў, скалануў горы. Імгненныя штуршкі, як штормавыя хвалі, накочваліся адзін на другі. Спалоханы Барыс паклікаў:

- Янка! Янка!

Прайшла хвіліна, якая здалася Барысу вечнасцю. І калі пачалі рушыцца горы, з-за скалы, нешта трымаючы ў руцэ, выбег Янка. Схапіўшы сябра, ён памчаўся прэч ад гэтага страшнага месца. Янка пасгтеў яшчэ заўважыць, як услед ім зноў прыадкрылася аптычнае вока. А потым у паветра ўзнялася шэрая сцяна кранутых з гнёздаў каменняў. Янка і Барыс упалі. Хвіліны праз дзве ўсё было скончана. Там, дзе толькі што стаяла вежа, ляжала куча абломкаў.

- Эх, ты! - толькі і сказаў Барыс Янку, калі яны вярнуліся дадому.

- Што я?

- З чужой цывілізацыяй сустрэліся, а ты... Цяпер усё загінула.

- Тое-сёе захавалася.

- Карысці ад яго. - Барыс не мог супакоіцца. - Разумееш, якая цікавая цывілізацыя. Яны прыслалі сюды сваіх робатаў, машыны. І тыя вывучалі Марс.

- А чым ты растлумачыш, што іх робаты былі падобныя на Ганімеда?

- Помніш, Ганімед знікаў? Яны яго схапілі, вывучылі будову і зрабілі некалькі такіх самых робатаў.

- Чаму ж Ганімед нічога не паведаміў аб гэтым?

- О, яны асцярожныя. Ведаючы яго будову, разрадзілі пэўны сектар электроннай памяці. - Барыс крыху супакоіўся, падбадзёраны ўласнай ідэяй. - Што, скажаш неверагодна?

- Верагодна, і нават вельмі.

- Тады радыруй на Зямлю. - Убачыўшы, што Янка не варушыцца, ускрыкнуў: - Не марудзь, а то я сам.

- Барыс, пачакай хвіліну, - папрасіў Янка і паклікаў: - Ганімед! - Цяжка тупаючы, нібы стомлены ад нядаўніх падзей, Ганімед увайшоў у пакой. - Дай мне тую рэч, што я захапіў з сабой.

- Калі ласка, - Ганімед працягнуў руку, на далоні якой ляжаў чорны цыліндрык.

Янка ўзяў яго, пакруціў перад вачыма і, здзіўлены, нібы ўпершыню бачыў, запытаў:

- Гэта тое?

- Тое, - у тон адказаў робат.

- Зірні, Барыс.

Барыс глянуў на цыліндрык, потым схапіў нож і распароў металічную абгортку. На падлогу пасыпаліся крышталікі.

- Трыёды... - сказаў ён.

- Так, трыёды, якімі карысталіся людзі гадоў сто назад, - пацвердзіў Янка. - Нічога не разумею.

- Можа, усё-такі запросім касмічны цэнтр? - напомніў Барыс.

- Давай спачатку разбяромся самі, - прапанаваў Янка. - Ганімед, прынясі даныя структурнага аналізу пластыка знойдзенага шлема.

- Ты пра нешта здагадваешся? - ажывіўся Барыс.

Янка не адказаў. Ён уважліва ўглядаўся ў лічбы, якія былі напісаны на паперцы, прынесенай робатам.

- Нічога не разумею, - паўтарыў Янка свае нядаўнія словы, - структура недасканалая. Мы цяпер робім лепшы пластык. Не, тут нешта не тое. Альбо нас водзяць за нос, альбо... Гэта, напэўна, зямнога паходжання. Радыруй, Барыс!

Адказ прыйшоў на гэты раз на дзіва хутка і гэткі ж на дзіва невыразны: Зямля запатрабавала падрабязнасці.

Янка закадзіраваў тэкст і ўставіў паведамленне ў перадатчык. Некалькі хвілін у пакоі было чуваць папіскванне рацыі. Калі яно скончылася, Барыс сказаў:

- Пайшлі спаць. Цяпер яны не так хутка разбяруцца.

Заснуць яны не паспелі. Хвілін праз трыццаць прыёмнік прыняў сігнал, і на стол папаўзла папяровая стужка. Янка ледзь дачакаўся канца перадачы. Схапіўшы стужку, пабег да Барыса.

- Што? - усхапіўся той.

- Ты не памыліўся, - смяяўся Янка.

- Цывілізацыя?

- Так, - Янка крыху памарудзіў, любуючыся збянтэжаным тварам таварыша, і нарэшце злітаваўся: - Зямная. Сэнс ты ўгадаў. Сто трыццаць гадоў таму назад, калі людзі яшчэ толькі марылі пра свае падарожжы да зорак, да Альфы Цэнтаўра была адпраўлена аўтаматычная станцыя. Яна была абсталявана так, што магла ўступіць у кантакт з магчымай цывілізацыяй на адной з планет гэтай зоркі, сабраць неабходныя звесткі і вярнуцца на Зямлю. Але сувязь са станцыяй абарвалася неўзабаве пасля яе старту. Прычына была невядомая аж да гэтага часу. Пакуль мы з табой выпадкова не набрылі на яе. Відаць, нешта пашкодзіла станцыю, і яна замест Цэнтаўра трапіла на Марс.

- Цьфу ты... - Барыс адчуваў сябе пакрыўджаным.

- Не бядуй, дружа, - засмяяўся Янка, - недзе нас з табой яшчэ чакае незнаёмая цывілізацыя...


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая
Падрыхтавана: Zmiy