epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Шыцік

Трансплутонавыя афеліі

Выклік відэафона прагучаў меладычна, як лёгкі музычны акорд. Засвяціўся экран, і на ім узнік твар радыста планеталёта.

- Праз чвэрць гадзіны сувязь з Плутонам, - напомніў радыст.

- Дзякую, - адказаў Зыль і выйшаў з каюты.

Рэйсавы планеталёт Зямля - Плутон мінуў ужо арбіту Нептуна. Да канечнага пункта заставалася ўсяго некалькі дзён, і выклікаць Плутон пільнай патрэбы не было. Тым больш што экспедыцыю з Капэлы там чакалі не раней як тыдні праз тры. Усё гэта Зыль добра ведаў і ўсё ж папрасіў капітана планеталёта, каб яго звязалі са сваім касмадромам. Ім у апошні час усё часцей і часцей авалодвала незразумелае нецярпенне. Што гэта - нервы? Відаць, працяглае знаходжаннне на далёкай і незаселенай планеце не прайшло бясследна. Зыль не стаў звяртацца да медыкаў. Маючы час, ён проста рашыў адпачыць на Зямлі. Здавалася, адпачынак пайшоў на карысць. Але прыйшло паведамленне, што вяртаецца зоркалёт, і ён адчуў, што яго месца там, на касмадроме Плутона.

Хваляванне не знікла нават пасля працяглага знаходжання на Зямлі. Ён разумеў, што калі так будзе і надалей, то ўсё ж давядзецца звярнуцца да медыкаў. А ў іх прысудзе ён не сумняваўся. Прыйдзецца назаўсёды развітацца з Плутонам.

Гэтыя думкі былі асабліва балючымі. Жыццё заўсёды ішло міма яго. Ён ужо быў звыкся са сваім лёсам, спраўна нёс службовыя абавязкі, не марачы ні пра што іншае. Але, калі пачынаў працу на Плутоне, ён быў маладзейшы і, напэўна, больш моцны духам. А зараз? Зараз яму ўжо не адолець новую справу, бо яна будзе яшчэ больш далёкая ад той ягонай колішняй юначай мары.

- Аб чым сумуеце, капітан?

Зыль адчуў руку на сваім плячы і азірнуўся.

Незнаёмы чалавек у форме астралётчыка шчыра ўсміхаўся. Зыль усміхнуўся ў адказ і сказаў:

- Нават сам не ведаю: ці то аб мінулым, ці то аб будучыні.

- Тады нармальна, - незнаёмец засмяяўся і, кіўнуўшы галавой на развітанне, пайшоў далей па калідоры.

А Зыль адчуў ніякаватасць. Ён ніяк не мог прывыкнуць, што яго, начальніка касмадрома на Плутоне, ведае, напэўна, уся Зямля, што людзі, сустракаючыся, імкнуцца выказаць яму сваю павагу і сімпатыю, як вось гэты незнаёмец. Ён не разумеў, што прыкметнага ёсць у яго асобе. Іншая справа, каб на яго месцы быў астралётчык. Прафесія гэтых людзей была для яго марай, бо з ранніх год ён сам рыхтаваўся да яе. Ён быў блізка да сваёй мэты - вучыўся ў школе пазапланетных сувязей. Але здарылася непрадбачанае. Перад самым выпускам на апошнім медыцынскім аглядзе ўрачы вынеслі безапеляцыйны і суровы прысуд - за межы Сонечнай сістэмы не выпускаць.

Пазней ён зразумеў, што медыкі не маглі сказаць інакш. Наўрад ці ён адолеў бы шматгадовае знаходжанне ў абмежаванай прасторы зоркалёта. Гэта яму адкрылася пасля таго, як ужо трапіў на Плутон і ўбачыў карабель, што вярнуўся з прасторы.

А тады яму было вельмі крыўдна. Назначэнне на Плутон ён спачатку прыняў як пачэсную ссылку, і на першым часе здараліся хвіліны, калі ён быў гатовы адмовіцца ад сваёй прафесіі канчаткова, выбраць нешта іншае. Ён не хацеў палавіну чаго-небудзь, яму патрэбна было толькі цэлае.

Аднак што такое палавіна і што такое цэлае? Чым іх вымяраюць? Не адлегласцямі ж ад Зямлі да Плутона, дзе ён зараз працуе, або ад Зямлі да Капэлы, з якой неўзабаве вернецца экспедыцыя? Мера тут нейкая іншая. Даўней гаварылі, што яна залежыць ад самога чалавека, бо цэлае ёсць паўсюдна, яго трэба ўмець толькі знайсці. А ён з гэтым пагадзіцца не можа.

Міналі гады. Абавязкі начальніка касмадрома не вымагалі шмат клопатаў. Усю будзённую справу выконвалі аўтаматы, якія цудоўна арыентаваліся ў складанай касмадромнай тэхніцы. Уласна Зыль браўся за работу, калі меўся прыбыць зоркалёт. Увесь астатні час ён і яго нешматлікія памочнікі займаліся сваімі справамі - кожны меў любімую галіну навукі або тэхнікі.

Жылі і працавалі ў будыніне, якая была падобна на касмічны карабель і знешне, і ўнутры. Цэнтральны пульт, салон, каюты, машыннае і лабараторнае аддзяленні - менавіта гэта падабенства, дапасаванае да сапраўдных знешніх касмічных умоў, у свой час прывабіла Зыля.

Ён не шкадаваў аб Зямлі. Родных у яго не было, а большасць з сяброў-аднагодкаў, з якімі ён вучыўся, сталі астралётчыкамі і пакінулі планету. Яны надоўга, калі не назаўсёды, развіталіся з Зямлёй. Ён застаўся адзін з усёй групы і лічыў, што, каб не здрадзіць іх агульным юначым марам, павінен быць у прасторы. Плутон - гэта амаль мяжа, за якой яна пачынаецца, калі не лічыць афеліяў* камет. І вярнуцца ён зможа толькі тады, калі прыляціць хаця б першы з сяброў - Віктар Рабцэвіч. Але гэта будзе яшчэ вельмі не скора.

* Афеліі - найбольш аддаленыя ад Сонца пункты арбіт планет або камет.

Знаёмыя лічылі Зыля дзіваком, пустэльнікам. А ён хутчэй быў аскетам, упэўненым, што толькі самаадрачэнне дасць яму магчымасць служыць галоўнаму, назаўсёды выбранаму.

- Каменданта касмадрома на Плутоне выклікаюць у радыёрубку...

Зыль уздрыгнуў. Задумаўшыся, ён забыўся на заказаную размову са сваім намеснікам. Адказаўшы, што чуе выклік, ён паскорыў крокі.

Да таго, што было вядома раней, намеснік нічога новага не дадаў. Ён паўтарыў змест лазераграмы з зоркалёта, аб якой Зыль ужо ведаў, расказаў, як ідзе падрыхтоўка да сустрэчы.

Зыль не думаў, што гэтыя некалькі месяцаў расстання са сваімі таварышамі так падзейнічаюць на яго. Ён доўга не адпускаў намесніка ад апарата, распытваючы, што і як. Для яго важнай і блізкай была кожная дробязь. Відаць, намеснік здагадаўся пра гэта, бо будучы звычайна чалавекам негаваркім, зараз не скупіўся на словы. А Зыль усё пытаў:

- А яшчэ што?..

- Больш, здаецца, нічога вартага ўвагі, - нарэшце здаўся намеснік. - Хіба толькі... - Ён на момант запнуўся. - Але гэта, бадай, неістотна.

- Што - толькі?.. - спытаў Зыль.

- Неўзабаве пасля лазераграмы наша станцыя прыняла і радыёграму з зоркалёта. Праўда, мы яе не расшыфравалі, вельмі скажоная. Але гэта і не важна. Відаць, яны на ўсякі выпадак дубліравалі першае паведамленне.

Зыль згадзіўся і, развітаўшыся, пакінуў рубку.

Надыходзіў час абеду, і ён накіраваўся ў салон. Там ужо было людна. Ад столікаў, дзе заставаліся свабодныя месцы, адразу пачулася:

- Да нас, капітан!

Разгубіўшыся ад агульнай увагі, Зыль паспяшаўся сесці на першае месца, якое трапіла. Яго суседзямі аказаліся супрацоўнікі станцыі на Арыэлі - спадарожніку Урана. Яны ўжо ведалі, што ён гаварыў з Плутонам, і адразу пацікавіліся:

- Як там, з Капэлы?

- Чакаем, - коратка адказаў Зыль і падумаў, што ён больш ахвотна паслухаў бы іх. Гэтым людзям было пра што расказаць. Іх жыццё праходзіла ў пастаянных сутыкненнях сам-насам з чужой і грознай прыродай. Яны былі даследчыкамі, першаадкрывальнікамі. У іх будзённасці была тая рызыка, якой, шчыра кажучы, часта неставала яму.

Зыль разумеў, што ў сорак з лішнім гадоў да чалавека павінна прыйсці разважлівасць. І ўсё ж нічога не мог з сабой зрабіць. Бо не хацеў пагаджацца са сваім жыццём, у якім усё было распісана на шмат часу наперад. А яму, як і многім фізічна не вельмі моцным людзям, хацелася, каб нешта здаралася, каб былі барацьба і перамогі.

Людзі яго часу не любілі дакучаць адзін аднаму. Убачыўшы, што Зыль не праяўляе ахвоты да размовы, субяседнікі працягвалі гутарыць паміж сабой. А ён еў, слухаў, аб чым яны гавораць, і адчуваў, як зноў пачынае расці незадаволенасць сабой.

Умовы жыцця на касмічнай станцыі, калі вакол цябе больш робатаў, чым жывых людзей, якія да таго ж заняты сваёй справай, паклалі адбітак і на Зыля. Ён прывык разважаць сам з сабой, корпацца ў сваіх пачуццях. Адчуўшы незадаволенасць, ён адразу паспрабаваў адшукаць яе вытокі.

Пасля абеду ён доўга гуляў у дэндрарыі, слухаў імітацыю лясных шумаў, стараючыся пазбыцца свайго настрою. І не мог. Потым не вытрымаў і вярнуўся ў радыёрубку.

- Няўжо не ўсё перагаварылі? - пажартаваў радыст.

- Ці бываюць пабочныя радыёз'явы пры перадачы лазераграм? - не прымаючы лёгкага тону, спытаў Зыль.

Радыст здзівіўся пытанню і адмоўна паківаў галавой.

- Прашу прабачыць, - сказаў Зыль і выйшаў. Ён ужо зразумеў прычыну сваёй трывогі.

Апынуўшыся на Плутоне, Зыль адразу сабраў сваіх супрацоўнікаў. Ён выслухаў рапарты, аддаў загады, якія датычылі сустрэчы зоркалёта, і тады папрасіў:

- Раскажыце пра сігнал.

Радыст адказаў, не задумваючыся:

- Думаю, гэта дубляж лазераграмы. Сігнал, аднак, чамусьці крыху змяніў напрамак і да нас прыйшоў ужо ў адлюстраваным выглядзе. Таму яго нельга прачытаць.

Відаць, думка была слушная, бо таварышы падтрымалі меркаванне радыста. Ніякіх іншых зоркалётаў у радыусе парсека зараз, паводле разлікаў, не павінна было быць. Хваля, на якой прагучаў сігнал, была звычайная, не аварыйная. Значыць, яго перадавалі ў спакойнай абстаноўцы, спраўным апаратам.

Зыль адпусціў супрацоўнікаў. Застаўшыся адзін, задумаўся. Так, усім было ясна, што гэта такое. А ў яго засталіся сумненні, не вырашыўшы якіх, ён не мог дазволіць сабе забыцца на сігнал. Таварышы не пераканалі яго. Лазерная сувязь была вельмі надзейнай, і наўрад ці ў экіпажа зоркалёта мелася патрэба звяртацца яшчэ і да радыё. Разам з тым, калі нават дапусціць, што гэта было зроблена, усё роўна выклікала здзіўленне памылка ў накіраванні радыёпромня. На зоркалёце ведалі, дзе знаходзіцца Плутон, вельмі дакладна. Яны не маглі паслаць сігнал убок, спадзеючыся, што ён выпадкова ад нечага адаб'ецца і тады ўжо трапіць на месца. Іншая справа, калі яны не ведаюць каардынат. Але гэта проста немагчыма. Карты месцазнаходжання не толькі планет, а і ўсіх вядомых зорак у Сусвеце былі складзены на сотні гадоў наперад. Такія карты, безумоўна, знаходзіліся і на борце зоркалёта, аб чым сведчыла сама лазераграма. Не, напэўна, праўда была на баку яго памочнікаў.

Вывеўшы з гаража ўсюдыход, Зыль адправіўся паглядзець на свае вочы пасадачную пляцоўку касмадрома. Ён ехаў, не запальваючы пражэктараў, даверыўшы кіраванне электроннаму вадзіцелю. Яркія агні станцыі адзін за другім знікалі за блізкім гарызонтам. Чорнае неба, здалося, насунулася на планету, нібы сціскаючы яе ў сваіх нячутных і разам з тым непрыемных абдымках. Здавалася, усюдыход поўз у вузкай шчыліне, што яшчэ засталася паміж небам і паверхняй Плутона. Гэта быў фізічны падман, Зыль сутыкаўся з ім кожны раз, калі выбіраўся ў паездку па планеце, і кожны раз, аднак, успрымаў яго як рэальнасць. Каб пазбавіцца гэтага адчування, ён загадаў машыне спыніцца і вылез з яе.

Неба было бяздонным, і недзе там, у бясконцай вышыні, як убітыя, жаўцелі і серабрыліся гузікі-зоркі. Зыль азірнуўся. Станцыі ўжо не відаць. У беспаветранай прасторы Плутона яе асвятленне не давала і зарыва. Урэшце, гэта нават лепш. Хутка над станцыяй павінна ўзысці камета. Яна ўвабрала вельмі мала святла з навакольнай прасторы, але пры пэўнай спрактыкаванасці яе можна заўважыць простым вокам. Зыль доўгія месяцы аддаў назіранням за гэтымі своеасаблівымі касмічнымі целамі. Яны радавалі яго разнастайнасцю форм, мудрагелістасцю арбіт.

Край неба быццам сапраўды пасвятлеў. А можа, гэта толькі здалося, бо ён ведаў час, калі павінна з'явіцца камета. Зыль стаяў і думаў, што некалькі месяцаў за каметай назіралі аўтаматы. Што яны там нагледзелі? Ён хутка залез ва ўсюдыход і шпарка паехаў уздоўж вялізнай і гладкай пасадачнай пляцоўкі.

Яму можна было і не ехаць сюды. Пляцоўка ўтрымлівалася як мае быць. Два-тры кратэры, што ўтварыліся нядаўна, зараўнавалі аўтаматы. Зыль са здавальненнем адзначыў гэта і раптам зноў успомніў пра скажоны сігнал. Не чакаючы, пакуль вернецца на станцыю, ён выклікаў радыста.

- Ты можаш сказаць, адкуль прыйшоў сігнал? - спытаў Зыль.

- Яго прынялі тры нашы кантрольныя ўстаноўкі, - адказаў радыст. - Падобна, што сігнал адлюстраваўся ад каметы Крынічка.

«Вось і канец тваім хваляванням, - крыва ўсміхнуўшыся, падумаў Зыль. - Усё аказалася вельмі простым. Таварышы, напэўна, дзівяцца з яго намагання ўбачыць нешта таямнічае ў самай звычайнай з'яве». І зноў гэтая думка не прынесла задавальнення.

На стале ляжалі здымкі, якія рабілі аўтаматы, пакуль Зыль адсутнічаў. Яго захапленне каметамі спачатку было своеасаблівым пратэстам на забарону ўрачоў. Маўляў, хоць такім чынам я вырвуся далей Плутонавай арбіты. А потым ён па-сапраўднаму захапіўся гэтымі касмічнымі вандроўнікамі, якія заходзілі за Плутон, дзе, калі ўжо следаваць законам нябеснай механікі, хутчэй павінна знаходзіцца планета Трансплутон, чым трансплутонавыя афеліі.

Самая бліжэйшая да Плутона была тая самая Крынічка. Новай сустрэчы з ёй Зыль чакаў ужо амаль дваццаць год - яна з'яўлялася першай каметай, якую ён пачаў вывучаць, трапіўшы сюды. І вось, апісаўшы ў прасторы агромністы эліпс, Крынічка зноў вярнулася ў сваю першапачатковую кропку. Зараз назва каметы выклікала ў Зыля ўсмешку. Ніякага падабенства з сапраўдным выглядам. Хутчэй кашалот або, на крайні выпадак, слімак. Калі яна з вялікай хуткасцю, большай, чым звычайна мелі яе сёстры, плыве на фоне цёмнага неба, яе контур нагадвае адну з гэтых істот.

Спачатку Зыля зацікавіла хуткасць руху Крынічкі. А потым, разлічваючы яе арбіту, ён прыйшоў да вываду, што наступны віток камета павінна зрабіць не па ранейшым шляху, а побач. І кожны раз Крынічка будзе апісваць чарговы віток на новым месцы, хаця афелій застанецца ранейшым. Калі нанесці на паперу яе поўны шлях за восем абаротаў, то ўтворыцца нешта падобнае на кветку, у якой кожная арбіта будзе асобным пялёсткам. У сваіх запісках Зыль так і называў Крынічку - Пялёстак. І зараз меў магчымасць праверыць сваю здагадку.

Здымкі, зробленыя аўтаматамі, пацвердзілі разлікі Зыля. У астраноміі было нямала выпадкаў, калі матэматыка ішла наперадзе візуальных назіранняў. Так, у прыватнасці, былі адкрыты і Нептун, і гэты самы Плутон. Але ўласнае адкрыццё ўзрадавала Зыля. Ён не прагнуў славы. І вывучаў каметы толькі таму, што яны яму спадабаліся. А свайму поспеху радаваўся, як шахматыст, што ў галаваломнай пазіцыі пасля доўгага і напружанага роздуму нарэшце знаходзіць сярод мноства магчымых варыянтаў адзіна правільны.

Зыль праглядаў здымкі, звяраў даты, калі яны былі зроблены. Аўтаматы вялі дакументацыю надзвычай пунктуальна. І Зыль з задавальненнем вычэрчваў новы «пялёстак» сваёй Крынічкі.

Ён ужо быў блізкі да канца работы, як раптам, праглядаючы чарговы здымак, адчуў, што на ім прысутнічае нешта чужое, неўласцівае камеце. Але што? Схапіў папярэднюю фатаграфію. Не, здаецца, усё на сваім месцы. А на наступнай? Што за насланнё? Камета нібы выцягнулася ў даўжыню. Дзіўная трансфармацыя... Яе можна было б растлумачыць якой-небудзь нязначнай касмічнай катастрофай. Але напярэдадні ў гэтай частцы неба нічога незвычайнага не адзначалася.

Зыль адсунуў здымкі і пайшоў у абсерваторыю. Тэлескоп хутка адшукаў камету. Шырокае тупарылае ядро нібы фасфарасцыравала на вялікім экране. Рухаючыся, яно, як сапраўдны кашалот, паглынала на сваім шляху дробныя зоркі-рыбкі.

Аналізы сведчылі, што ў складзе Пялёстка няма металаў - адны каменныя пароды, сцэментаваныя льдом. Гэта надавала камеце ў вачах Зыля асаблівую прыгажосць. Яна нагадвала яму вялізны драўляны дом, пабудаваны без адзінага цвіка.

Ад гэтага параўнання Зыль усміхнуўся, а потым злавіў сябе на нейкай неадпаведнасці параўнання. Ён нахмурыўся: зноў чамусьці ўспомніўся сігнал. Не, трэба выкінуць яго з галавы... І раптам падумаў, а ці не занадта многа супадзенняў ва ўсёй гэтай гісторыі. Па-першае, сігнал, блукаючы ў прасторы, павінен быў натрапіць на адносна невялікае касмічнае цела - камету. Па-другое, адбіўшыся ад яе ядра, ён зноў-такі павінен быў трапіць абавязкова на Плутон, які таксама займаў параўнаўча невялікае месца ў прасторы.

Падобным супадзенням Зыль навучыўся не давяраць. Яны выклікалі сумненні і патрабавалі новай праверкі.

Прыборы запісалі час і напрамак, адкуль была прынята перадача. Былі вядомы і каардынаты неба, дзе тады знаходзілася камета. Параўнаўшы гэтыя даныя, Зыль збянтэжыўся. Сігнал, аказваецца, адлюстраваўся не ад ядра, а ад нейкай кропкі, якая знаходзілася даволі далёка ад Пялёстка. Гэта было неверагодна, хваставая частка не магла служыць адбівальнікам радыёпромня.

Зыль яшчэ раз праверыў лічбы. Памылкі ў іх не было. Яна была ў вывадах радыста. Яго апараты прынялі не адлюстраваны сігнал. Мяркуючы па ўсяму, той прыйшоў аднекуль здалёк, прабіўшыся праз камету. Магчыма, гэта і сказіла яго. Не выключана і тое, што сігнал належыць чужой цывілізацыі, і таму яго не здолелі расшыфраваць.

Урэшце, ламаць галаву над паходжаннем сігнала - справа супрацоўнікаў Інстытута пазазямных цывілізацый. Зыль уздыхнуў. Яму стала сумна, нібы ён зараз развітаўся з нечым добрым. Ён разумеў, што гісторыя з сігналам не мела ніякага дачынення да Пялёстка, і разам з тым адчуваў, што, бадай, больш ужо не будзе аддаваць Пялёстку столькі ўвагі, як раней. Нібыта той не апраўдаў нейкіх яго спадзяванняў.

Каб скончыць справу з каметай і сігналам, Зыль вырашыў у бліжэйшы час падрыхтаваць справаздачу і адправіць яе на Зямлю. Ужо складваючы фатаграфіі каметы, ён зноў звярнуў увагу на яе выцягнуты хвост. Машынальна зірнуўшы на куток здымка, дзе стаяла дата, ён здзівіўся: сігнал быў прыняты як раз у гэты дзень. Зыль адзначыў: яшчэ адно супадзенне. Але матэрыялы не адправіў.

Да Пялёстка Зыль усё-такі вярнуўся. Гэта здарылася праз тры ці чатыры дні. Знаходзячыся ў абсерваторыі, ён не вытрымаў і накіраваў тэлескоп на камету. Яна па-ранейшаму холадна іскрылася чужым святлом. І толькі... Зыль аж чмыхнуў ад прыкрасці. Зноў тут утварылася новая фігура. Што за прычына? Відаць, камета захапіла нейкае цела са значнай масай, і яно... Зыль хутка зрабіў здымкі і пабег у лабараторыю, дзе знаходзіўся іх самы магутны павелічальнік.

Ён не памыліўся. Камета захапіла новае цела. Яно, напэўна, паспела ўжо абрасці льдом і таму, відаць, страціла сваю першапачатковую форму. Аднак Зыль быў перакананы ў гэтым, цела не было астэроідам. Яно нагадвала... Зыль павялічваў і павялічваў здымак. І раптам у яго аж дух захапіла. Нягледзячы на напластаванні, можна было прасачыць першапачатковую форму цела. Прадаўгаватае, з кальцом на канцы, яно было падобна на... зямны зоркалёт мінулага стагоддзя.

Зыль выключыў павелічальнік. Ён выйшаў з лабараторыі, адчуваючы, як унутры паліць думка: а раптам гэта сапраўды зямны зоркалёт?

У бібліятэцы ён доўга праглядаў фільмы аб усіх зоркалётах, якія калі-небудзь адпраўляліся ў прастору. Частка з іх ужо вярнулася, некаторыя, як той самы з Капэлы, паведамілі аб сабе, пра вяртанне іншых гаварыць пакуль рана, бо іх шлях вельмі доўгі.

Зыль ведаў, што аб сваіх назіраннях і роздуме ён павінен паведаміць на Зямлю. І разумеў, што гэта ўрэшце нічога істотнага не дасць. Калі ён не вырашыць загадку тут, то на Зямлі яе тым больш не адгадаюць. Адтуль камету не ўгледзіш, а на перагаворы будзе патрачана некалькі дзён - лазераграма ад Плутона да Зямлі ідзе больш пяці гадзін. За гэты марна патрачаны час Пялёстак знікне з поля зрочу Плутонавага тэлескопа.

Што ж, хоць гэта і яўнае парушэнне правіл, ён паспрабуе выкарыстаць тыя нямногія гадзіны, якія дае яму камета. Ён паспрабуе сам дабрацца да ісціны.

Зыль прыняў за аснову меркаванне, што гэта зямны зоркалёт. Яму было пакуль не так ужо важна, які ён і адкуль вяртаўся. Галоўнае, што зоркалёт чамусьці страціў здольнасць да самастойнага руху ў прасторы і таму мае патрэбу ў дапамозе.

Гэта, бадай, крыху смелы вывад, але, як ні круці, іншага не прыдумаеш. А за ім следаваў другі - абавязкова паведаміць на Зямлю.

Усё ўпіралася ў Зямлю.

Зыль уздыхнуў. Паслаўшы справаздачу, ён тым самым пазбаўляў сябе адказнасці за наступны ход падзей. Ён жа толькі начальнік касмадрома, і ў яго няма ў падначаленні службы выратавання караблёў. Для гэтага існуюць спецыяльныя атрады, якія базіруюцца ў цэнтры Сонечнай сістэмы. Яны, безумоўна, прыйдуць на дапамогу. Аднак тут ёсць невялікія няўвязкі. Першая - час, які спатрэбіцца караблям-выратавальнікам, каб дабрацца да мэты, і другая - не выключана, што ён наогул памыліўся і гэта ніякі не зоркалёт.

І Зыль вырашыў зрабіць па-свойму, хай сабе гэта і будзе службовым парушэннем. Іншага выйсця ён не бачыў.

Праз гадзіну Зыль сабраў свой нешматлікі калектыў. Пазнаёміўшы таварышаў са становішчам, ён сказаў намесніку:

- Палячу я, падрыхтуй «Барса».

- Табе нельга, - запярэчыў намеснік.

- Урачы? - з горыччу спытаў Зыль. - А ў тых, хто, магчыма, трапіў у пераплёт там, у прасторы, можа, здароўе яшчэ горшае. - І, быццам канчаючы размову, загадаў: - Я склаў усе матэрыялы. Паведаміце на Зямлю, калі стартую. Зоркалёт з Капэлы прыміце без мяне.

Пяцімесны «Барс» быў адзіны карабель, што стаяў на ўсякі выпадак на касмадроме Плутона. Ён мог развіваць хуткасць крыху вышэйшую, чым унутрысістэмныя планеталёты, але да гэтага часу яму ні разу не даводзілася адрывацца ад Плутона. Зыль не меў дыплома пілота. Кіраваць «Барсам», калі здарыцца выпадак, павінен быў іншы. Але і на гэты раз Зыль парушыў правілы, адправіўшыся адзін. У свой час, пазбаўлены магчымасці скончыць школу астралётчыкаў, ён усё-такі асвоіў спецыяльнасць пілота самастойна. І пазней, ужо на Плутоне, нібы прадбачачы гэты выпадак, часта забіраўся ў кабіну «Барса» і ўяўляў сябе яго капітанам. Ён вельмі любіў космас.

Спяшаючыся, Зыль адразу даў вялікае паскарэнне. Сіла перагрузкі прыціснула яго да крэсла, зацягнула вочы туманам. Праз мутную чырванаватую заслону ён убачыў развітальныя агні стартавай пляцоўкі. Яны былі, як зоркі, толькі ў адрозненне ад іх паміргвалі, пераліваючыся рознакаляровымі іскаркамі. А мо ён ужо гэтага не бачыў, а толькі ўяўляў па памяці. Разумеючы, што ўжо нестае сілы адольваць гэтыя шматлікія «жы», ён апошнім намаганнем перадаў кіраванне аўтаматам і пагрузіўся ў балючую і трывожную дрымоту.

Апрытомнеў Зыль не адразу. Спачатку ён адчуў, як раз-пораз на яго наплываюць нейкія незвычайныя хвалі, несучы з сабой даўно забытую лёгкасць, нібы ў дзіцячым сне, калі плывеш над зямлёй, як птушка. Прыйшлі на памяць трэніроўкі ў час вучобы. Але чаму так баляць рукі і ногі? Расплюшчыўшы вочы, ён са здзіўленнем убачыў, што плавае ў паветры, а пад ім - і крэсла, да якога ён забыўся прышпіліцца, і пульт з прыборамі, і ілюмінатар, у якім блішчаць зорныя россыпы. І зараз жа прыйшоў боль: ламіла грудзі, цяжка пульсавала ў галаве.

З іроніяй адзначыў, што медыкі, відаць, не памыляліся. І тут жа адчуў радасць, што ён аказаўся мацнейшы, чым пра яго думалі. Не зважаючы на боль, ён апусціўся ў крэсла, каб вызначыць месца свайго знаходжання ў прасторы.

«Барс» імчаўся па зададзеным курсе, дасягнуўшы амаль мяжы сваёй хуткасці. Але, каб дагнаць камету, гэтага было мала. Яна нібы наўмысна заклала віраж, робячы дзесяткі тысяч кіламетраў у гадзіну.

Міналі гадзіны. Зыль правёў іх за карабельным тэлескопам. Пялёстак, здаецца, захоўваў першапачатковую адлегласць. Зыль ужо хацеў уключыць рухавікі, каб павялічыць хуткасць, як раптам успомніў: гэта ж Пялёстак. І задаў праграму лічыльнай машыне вызначыць «Барсу» новы курс.

Неўзабаве «Барс» пачаў паварот убок. Не, не дарэмна Зыль траціў некалі час, вылічваючы арбіту любімай каметы. Як бы хутка яна ні ўцякала, у прасторы ўжо вызначана кропка, дзе «Барс» сустрэнецца з ёю.

І вось надышоў час, калі «Барс» і Пялёстак пачалі збліжацца. Мінула некалькі дзён, і Зыль заўважыў, што цела, якое ён палічыў за касмічны карабель, перамясцілася - яшчэ бліжэй да ядра. Яно няўмольна прыцягвала яго, як магнітам. На ўсякі выпадак Зыль паслаў да каметы лакатарны прамень. Ён вярнуўся. Цела, захопленае каметай, аказваецца, утрымлівала метал.

За суткі да сустрэчы Зыль ужо не сумняваўся, што перад ім зоркалёт, які нейкім чынам стаў палоннікам вялікай каметы. І ў гэты ж час «Барс» пачаў манеўр па збліжэнню, які ўрэшце прывёў да стыкоўкі. Але паміж пачаткам і канцом стыкоўкі праляглі гадзіны напружанай працы, дакладных і небяспечных манеўраў.

Зыль пазнаў клас зоркалёта. Такія караблі будавалі сапраўды ў мінулым стагоддзі, ён не памыліўся тады, калі разглядаў яго з Плутона. Тры з іх адправіліся за межы сістэмы. Адзін ужо вярнуўся - гадоў пятнаццаць назад. Зыль сам сустракаў яго на Плутоне. Два астатнія чакалі значна пазней. Які ж з іх так няўдала шукае дарогу дадому?

На бартах зоркалётаў не пісалі нумароў або назваў. Напаткаць земляка ў Сусвеце было гэтак жа неверагодна, як чакаць, напрыклад, сустрэчы Месяца з Фобасам або Ганімедам. А для істот іншай цывілізацыі наша назва не мела ніякага значэння. Аднак і для Зыля гэта зараз не мела значэння. Хто б там ні быў у зоркалёце, ён, напэўна, чакаў дапамогі.

У суцэльным месіве льдзінак і пылінак, прыцягнутых вялізнай масай каметы, Зыль вобмацкам дабраўся да ўваходнага адсека. Нерашуча, баючыся хуткай сустрэчы з нечым, відаць, страшным, можа нават са смерцю, увайшоў у шлюзавую камеру.

Прыборы працавалі спраўна. Зыль падышоў да ўвахода ва ўнутраныя памяшканні карабля. Зялёны агеньчык сведчыў, што там нічога небяспечнага няма. Зыль хацеў распрануць лёгкі ахоўны касцюм, але перадумаў. Адчыніўшы дзверы, ён увайшоў у галоўны калідор. Няярка свяцілі нябачныя плафоны. Так звычайна было, калі экіпаж пакідаў зоркалёт.

Зыль нездарма рыхтаваў сябе да космасу, вывучаў будову розных касмічных караблёў. Ён ведаў, што і дзе знаходзіцца, і прамым шляхам пайшоў да цэнтральнай рубкі.

Дзверы ў яе былі адчынены. Яркая пляма святла ляжала на парозе. Зыль яшчэ не зразумеў, у чым справа, а ногі самі паскорылі крокі.

Крыху аслеплены, Зыль спыніўся ля ўвахода. Рубка жыла як і мае быць на караблі, што імчыць у прасторы. Паміргвалі індыкатары, ледзь чутна шапацелі апараты, адказныя за ўнутраны парадак у зоркалёце. А ў крэсле, глыбокім і адкінутым, як ложак, напаўляжаў... чалавек.

Зыль з воклічам кінуўся да крэсла. Чалавек не зварухнуўся, не адкрыў вочы. Зыль углядаўся ў твар чалавека. Ён быў немалады ўжо, гэты касманаўт, - глыбокія маршчыны парэзалі твар і лоб, сівізна пабяліла некалі чорныя валасы. Ён ляжаў нерухомы і нейкі чужы ў гэтым акружэнні руху і энергіі, якімі поўнілася ўсё наўкола. Зыль узяў касманаўта за руку, спрабуючы намацаць пульс. Яна была халодная, бязвольная. Зыль пачакаў хвіліну, другую. Ніводная жылка не ўздрыгнула на руцэ гаспадара зоркалёта. Але Зыль мог паклясціся, што гэтая нерухомасць - яшчэ не смерць. Бледны, схуднелы твар, сама фігура чалавека, у якой адчувалася ледзь прыкметная напружанасць, - усё сведчыла хутчэй аб глыбокай непрытомнасці. Яна нібы напаткала чалавека раптоўна, у час работы каля пульта.

Зыль сеў на крэсла, што стаяла побач. Трэба было асэнсаваць становішча, прыдумаць, чым даць рады.

Колькі часу прайшло з таго дня, калі астралётчык у апошні раз правяраў паказанні гэтых прыбораў? Напэўна, нямала, бо наўрад ці, знаходзячыся побач з Сонечнай сістэмай, ён адважыўся б на сон, падобны на анабіёз. Касманаўт зрабіў гэта, напэўна, значна раней. Тады, відаць, і была запаволена хуткасць зоркалёта. Касманаўт баяўся, каб выпадкова не праскочыць міма. Яго разлікі, увогуле, апраўдаліся. Рухаючыся па інерцыі, зоркалёт не мог не стаць здабычай аднаго з целаў Сонечнай сістэмы. А потым ужо аўтаматы намацалі ў неабсяжнай прасторы Плутон і паслалі туды вестку.

Зыль, не адрываючыся, глядзеў на касманаўта. Ён шукаў у ім, чалавеку, чыё жыццё было для яго заўсёды недасягальнай марай, нейкія незвычайныя адметныя рысы. Шукаў і не знаходзіў. Звычайны, як і ўсе людзі. А які ён быў там, у прасторы?

На касмадроме Плутона час ад часу садзіліся зоркалёты. Зыль сустракаў іх экіпажы, сачыў, каб былі захаваны каранцінныя патрабаванні. І часам шукаў выпадку бліжэй пазнаёміцца з самімі касманаўтамі, даведацца, што ім адкрылася там, ля чужых далёкіх зорак?

Касманаўты былі на дзіва негаваркія. Спачатку Зыль крыўдаваў на іх, думаў, гэта ад фанабэрыі. Потым зразумеў, што крыўдуе дарэмна. Гэтыя людзі сталі скупыя на словы і пачуцці праз тыя выпрабаванні, якія выпалі на іх долю. Яны былі як бы над часам, бо належалі дзвюм эпохам - той, з якой выйшлі, і другой - у якую прыйшлі. Але ні адна з гэтых эпох не магла сказаць, што яны належаць менавіта ёй.

Гэтыя людзі, іх называлі рэлятывістамі, належалі толькі планеце Зямля. Яны адпраўляліся ў прастору і загадзя хавалі сваіх блізкіх, асуджаючы сябе ў будучым на адзіноту. Яны вярталіся і вельмі часта не разумелі сваіх новых сучаснікаў, як тыя не разумелі іх. Яны шмат бачылі, паспелі пераацаніць тое, што лічылі важным некалі даўно, на Зямлі, у паўсядзённым жыцці. Гэта не праходзіла бясследна.

Цікаўнасць Зыля - зусім зямнога чалавека - яны проста не прымалі, цэнячы нешта сваё, адным ім вядомае і дарагое.

Што ім такое адкрывалася ў прасторы? Зыль лічыў іх жыццё подзвігам, а яны, пачуўшы гэта слова, звычайна недаўменна паціскалі плячамі. А можа, прастора была для іх тым месцам, дзе яны хацелі знайсці сваё цэлае?

І гэты касманаўт... Ці дасягнуў ён сваёй мары?

Зыль паглядзеў на яго і падумаў, што жыццё гэтага чалавека, прынамсі ў апошні час, было нялёгкім. Стома, заклапочанасць, нягледзячы ні на што, не сцерліся з яго твару.

Трэба было нешта рабіць, дзейнічаць. Зыль павярнуўся да пульта. Як сведчылі сігнальныя агеньчыкі, толькі ў чатырох каютах былі людзі. Зыль па чарзе ўключаў сувязь. На экране кожны раз з'яўляўся ложак і чалавек, які нерухома, як і гэты ў рубцы, ляжаў на ім. А куды дзеліся астатнія?

Пад руку Зылю трапіла кнопка сігналу агульнай трывогі, і ён націснуў яе. Непрыемны гул нізкага тэмбру, здалося, папоўз на яго з усіх бакоў. Зыль сцепануўся, уявіўшы сабе, як дзейнічала гэта, калі небяспека ўзнікала на самай справе. І паспяшаўся выключыць сігнал.

Нічога наўкола не змянілася, хаця Зыль у глыбіні душы спадзяваўся, што нешта здарыцца. Касманаўты - і гэты, што быў побач з ім, і астатнія, якіх ён зноў убачыў праз тэлесувязь, - на сігнал трывогі не адрэагавалі. Зыль яшчэ раз зірнуў на прыборы і падумаў, што трэба агледзець карабель. Ён падняўся з крэсла, зрабіў крок да дзвярэй і спыніўся. На парозе стаяў робат.

- Ты хто?.. - разгубіўся Зыль.

- Мефістофель... - флегматычна адказаў робат.

Апамятаўшыся, Зыль засмяяўся: робат сапраўды быў вельмі падобны на свайго славутага цёзку: меў бараду і нарасці над ілбом, якія нагадвалі рогі.

- А ты хто? - пасля паўзы ў сваю чаргу спытаў робат, уважліва гледзячы на Зыля.

- Зямлянін.

Збоку гэтая размова магла здацца камічнай. Але Зыль разумеў, што тут не да жартаў. Робат, магчыма, быў зараз адзіным сведкам усяго таго, што здарылася з зоркалётам і яго экіпажам.

- Я зямлянін, - паўтарыў ён, - на Плутоне прынялі ваша паведамленне.

Робат маўчаў.

- Раскажы, хто вы і што з вамі здарылася, - дадаў Зыль. Размаўляць праз шлемафон было нязручна, і ён пачаў расшпільваць гермашлем.

Флегматычны робат раптам страпянуўся і засцерагальна ўскінуў руку.

- Скафандр скідаць нельга, - пачуў Зыль у навушніках нечакана рэзкі голас робата.

- Чаму? - запытаў ён.

- Атмасфера планеты Зялёнага сонца трапіла ўнутр карабля, - адказаў робат, супакоіўшыся зноў.

Гэта было ўжо нешта новае. Зыль сеў і загадаў:

- Як назва зоркалёта? Я чакаю!

Робат нарэшце пакінуў месца ля дзвярэй і пакрочыў да края пульта, дзе размяшчалася мноства пераключальнікаў і кнопак. Ён выбраў адну з іх. Націснуў.

- Я - «Салют», я - «Салют», - прагучала ў рубцы.

А Зыль успомніў і зоркалёт, што меў гэту назву, і імёны касманаўтаў, якія адправіліся на імудалёкія прасторы Сусвету.

- Набліжаемся да пятай планеты Зялёнага сонца. Там ёсць разумнае жыццё...

Робат уключыў дзённік карабля. Цікава было б паслухаць усе запісы. Аднак колькі для гэтага спатрэбіцца часу? Зылю ж трэба было зараз даведацца пра галоўнае: што здарылася з экіпажам. Ён устаў, выключыў дзённік, павярнуўся да робата:

- Мефістофель, я хачу паслухаць цябе.

Той павярнуўся да чалавека.

- Хто гэта? - спытаў Зыль, паказваючы на гаспадара рубкі.

- Ран, - адказаў Мефістофель.

«Старшы пілот», - успомніў Зыль.

- У атмасферы планеты Зялёнага сонца раптам з'явілася атрута. Для нас. Яе прынесла вывяржэнне вулканаў, - робат крыху ажывіўся, пачаў хутчэй вымаўляць словы: - Людзі з планеты не маглі дапамагчы. Яны гаварылі: вы будзеце доўга спаць.

- І ты? - здзівіўся Зыль.

- Не - зямляне, - растлумачыў Мефістофель. - Мне гаварыў Ран. У час вывяржэння ён адзін быў на борце.

- Дзе астатнія? - успомніў Зыль пустыя каюты.

- Людзі планеты пакінулі іх у сябе. Будуць спрабаваць выратаваць. - Мефістофель зноў намацаў нейкі тумблер, пстрыкнуў ім.

На сцяне засвяціўся невялікі экран, паказаўся твар чалавека. Зыль пазнаў Рана, толькі намнога маладзейшага за таго, які зараз ляжаў у крэсле каля пульта. «Колькі ж год прайшло, калі нават у анабіёзе ён так прыкметна састарэў?» - падумалася Зылю.

А Ран загаварыў з экрана:

«Няшчасны, не прадбачаны нікім выпадак спыніў наша знаёмства з гэтай цудоўнай планетай у самым пачатку. Жыхары называюць яе Інзі. Мы ўстанавілі кантакт, навучыліся разумець адзін аднаго. Адбылася першая высадка. На жаль, яна аказалася апошняй. Небяспекі не чакалі ні яны, ні мы. Гэта атрута падзейнічала толькі на нас. Яна выклікае ў чалавека стан, падобны на анабіёз - у шмат разоў замаруджваюцца ўсе працэсы ў арганізме. Але ў адрозненне ад штучнага анабіёзу, з гэтага мы не ведаем, як выйсці. Не ведаюць і жыхары Інзі. Я адзін быў у караблі, калі гэта здарылася. І мы дамовіліся: палову экіпажа я павязу на Зямлю, каб паспрабаваць вярнуць да нармальнага жыцця. А астатніх яны паспрабуюць выратаваць самі.

Дзеля чаго я згадзіўся на гэта? Зямля павінна ўстанавіць кантакт з Інзі. Паміж намі вельмі шмат агульнага. Але я не спадзяюся на свае сілы. Напэўна, атрута крыху падзейнічала і на мяне - я не закрыў люк, калі да нас наблізіўся планеталёт інзійцаў. Думалася, у гэтым няма патрэбы. Я супраціўляюся сну. Але раптам не давяду «Салют» да Зямлі? Тады загіне ўсё, пра што мы даведаліся. Вось таму і пакінуў я сваіх сяброў на Інзі. Калі іх выратуюць, яны прыляцяць з інзійцамі на іх зоркалёце. Калі не, то, знаходзячыся ў гэтым сне, яны змогуць дачакацца новай экспедыцыі. Мая адзіная надзея - Мефістофель. Ён павінен замяніць мяне...»

Мефістофель пстрыкнуў тумблерам. Экран пагас. Зыль зірнуў на робата, і яму здалося, што зараз Мефістофель нібы пабольшаў, расправіў свае металічныя плечы, адчуваючы ўсю важнасць ускладзенай на яго задачы.

- Што было далей? - спытаў яго Зыль.

- Ран з кожным днём рабіўся ўсё больш вялы. У яго ледзьве хапала сілы, каб даваць мне патрэбныя інструкцыі. А потым ён мяне ўжо не выклікаў да сябе.

Зыль зразумеў, што больш ад Мефістофеля ён не даведаецца нічога істотнага. Што ж, цяпер усё зразумела. Перш-наперш трэба вяртацца на Плутон. Зыль прабег вачамі па цыферблатах. Паліва заставалася толькі на пасадку. Але і гэтага было дастаткова.

Бадай яшчэ ніколі Зыль так не чакаў сустрэчы са сваім касмадромам. Быццам ён сам вяртаўся з далёкай зоркі праз шмат гадоў расстання.

Пасадку Зыль выканаў бездакорна. Калі асеў пыл, ён зірнуў у ілюмінатар. Яркія агні, здавалася, віталі яго са шчаслівым прыбыццём. Ён павёў позіркам уздоўж пляцоўкі, спадзеючыся ўбачыць усюдыходы таварышаў, і здзівіўся. На краі ўзвышаўся зоркалёт, напэўна, той самы, з Капэлы. Зыль захваляваўся: ён ужо быў павінен стартаваць на Зямлю, што з ім здарылася? Ён таропка збег па трапе, выкінутаму з кабіны «Барса», і спыніўся, уражаны нечаканасцю.

Узняўшы рукі ў знак шчырага прывітання, перад ім стаялі касманаўты зоркалёта, які вярнуўся з Капэлы.


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая
Падрыхтавана: Zmiy