epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Бранеўскі

Парыжская камуна

І
ІІ
III
IV
V
VI
VII
VIII


З польскай — У. Бранеўскага

 

Чуючы, губы затні да крыві аж,

Голаў не звешвай ніжай.

Вось вам аповесць аб днях тых апошніх

Камуны места Парыжа.

 

 

І

Бубны, ўсё бубны ноччу вурчэлі,

Покуль не глянула раніца здрадай,

Грымнулі ў месце першыя стрэлы,

Сталі, як мур, барыкады.

 

Брамы здабыты, узяты і форты,

Смерць ужо блізка.

З вуліцы кожнай, нібы з аорты,

Кроў палілася парыжская.

 

Але Камуна так не паддасца,

Смяецца з смерці і кары!

Парыж гняўлівы, кінь вокліч грозны:

«Да зброі, камунары!

 

Да зброі, народзе рабочы,

Дзеці, кабеты і хлопцы!

Па вуліцах кроў цячэ рэчкай,

Сягоння крыві яшчэ хопіць!

 

Покуль іх бандаў рынецца плойма,

Покуль на трупах нашых хто стане,

На барыкады, Камуна,

Да зброі, грамадзяне!»

 

ІІ

Чырвоных з прадмесцяў адпхнулі,

За імі ўслед, свецячы сталлю,

Па вуліцах цесных Манмартру

Збліжаецца войска з Версалю.

 

І там, дзе у марцы казнілі

Генералаў Томаса з Лякомтам,

Палкоўнік з паднятаю шабляй

Надскочыў і крыкнуў прад фронтам:

 

«Жаўнеры! Нам вынішчыць трэба

Скот гэты! Палонных тож рэзаць!»

Жаўнеры паслушныя слепа

Стаўляюць да муру па дзесяць.

 

Трашчаць глуха залпы за мурам

І кроў пад нагамі плюскоча;

Панурыя твары жаўнераў,

Іх кепі спаўзаюць на вочы.

 

III

На магілках Пэр-Ляшэз цвітуць каштаны,

Маем пахне трава здратаваная,

У траве ляжаць трупы расстрэляных

«У імя працы, парадку і права».

 

Генерал Галіфэ, аддавай загады,

Хай жаўнерам ад люф гараць рукі!

Ну, па сорак! Па дзвесце адразу!

Тысяч пяць! Дзесяць тысяч! На мукі!

 

Генерал Галіфэ, за расстрэлы

Ўдзячнасць Францыі будзе й медалі!

Генерал Галіфэ, у крыві твае боты!

Генерал Галіфэ, ты падлей ад шакаля!

 

На магілках Пэр-Ляшэз звечарэла,

Мур бялее у змроку агідай;

Не травы гэта пах — гэта кроў пахне свежа,

І не могілкі гэта, а крэпасць прывідаў.

 

 

IV

Вогнішчам свеціцца ночка,

Гняце, як каменне,

Хмарамі па-над Камунай

Вісіць паражэнне.

 

Нямнога ўжо засталося

І барыкад, і надзеі.

«На смерць, грамадзяне,

Пойдзем па калеі!»

 

Дамброўскі згінуў ад кулі,

Паў Рауль Рыго пад сценкай,

На скрыжаваннях вуліц

Па сто расстрэльвалі цэльна.

 

Бярэ свалата верх над людам,

Крывёю кормяцца шчыра

Паны, ксяндзы, генералы,

Жандары, банкіры.

 

Па помсту над паўшым Парыжам

Ідзе ужо зграя злых катаў

Са штыхам, золатам, крыжам

Праз грудзі пралетар’яту.

 

Але Парыж ўмее згінуць,

Камуна не дасца прыгону!

Свабода, жыці ты будзеш,

Струмень твой чырвоны...

 

V

«Грамадзянін Дэлеклюз, схавайцеся долу!

Барыкада мусіць пасць, а ўжо смерць там будзе!»

Абапёрты на палку стаяў над барыкадай

Сівы старац з істужкай чырвонай праз грудзі.

 

Пляц Шато-До здабыты. На беразе правым

Грамаздзяцца астаткі, паў левы, не дыша.

«Грамадзяне, наперад!» А побач нікога.

Старац сам. Валасы, як лён, вецер калыша.

 

Звольна, ўспёрты на палку пайшоў к барыкадзе,

На якой камунараў сто вораг уходаў,

Нібы той капітан на пакінутым судне,

Дэлегат ад Камуны на брук паў ля сходаў.

 

А за рогам шум, стрэлы. Йдзе версальская банда.

Шлях свабодны ўжо, труп толькі гэты ля рыны,

Безуладны, як сцяг з дрэўца здзёрты, стаптаны,

Пад ім сцяг бруку, вокал Парыж-дамавіна.

 

VI

Пажары, пажары, пажары

І ў дыме пажарышчаў стрэлы.

Парыж не паддасца да скону,

Скрываўлены, жудасны, смелы.

 

А ўжо калі ўмерці ён мусіць,

Калі ўжо сябе сам не збавіць,

За смерць Дэлеклюза, Мільера

Заложнікаў к сценцы паставіць:

 

Банкіра, купца, архірэя,

Жандараў, шпікоў, езуітаў...

Няроўны рахунак у трупах:

Сорак васьмёх недабітых.

 

VII

Слабей абарона,

Смерць не марудзіць:

Багнет салдацкі

Ў рабочыя грудзі...

 

Брук, як гразь, мокры

Ад людскай крыві,

Дваццаты вокруг

Даўжэй грыміць.

 

А стрэл апошні

Яшчэ не хутка,

А кулі свішчуць

Злавесна жудка.

 

Набі! Палі!

Штыхом калі!

Крывавы бой —

Да смерці стой!

 

VIII

Ваюй, барыкада!

Гінь, барыкада!

Парыжская песня,

Бушуй віхрамі!

Чырванакрылай

Птахаў грамадай

Ляці на кулях

Па-над трупамі.

 

Ваюй, барыкада!

Гінь няўгнёна!

А перамога

Будзе за гэта.

Народ рабочы,

Глядзі і помні!

Гэй, пралетары

Францыі й свету!

 

Гінь, барыкада!

Ўзнімі сцяг вышай!

Вольнай да рэшты,

Рынь і сканай так,

Грознай, апошняй

Ў мёртвым Парыжы,

Непераможнай,

Непераможнай!

 

Расстралялі так тысяч за трыццаць,

Тысяч сто закулі ў ланцугі,

Больш не мае крыві ўжо і сілы

Амярцвелы Парыж глухі.

 

На рагах вуліц ліпнуць адозвы:

«Парыжане, па бойках крывавых

Да сталіцы здабытай вяртае

Ваша праца, парадак і права».

 

Барыкадамі брук паўзрываны

Дзіка зубы каменныя шчэрыць,

Трашчаць залпы, бразгочуць кайданы,

Маршыруюць атрады жаўнераў.

 

Буржуазія, вяртайся з Версалю,

І па-свойму дзякуй Богу...

Йшчэ апошнія тлеюць пажары,

На завулках няма ўжо нікога...

 

1930


1930

Пераклад: Янка Купала
Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў: У 9 т. - Т. 6. Паэмы, пераклады. - Мн.: Маст. літ., 1999. -430 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан