epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Апошняе спатканне

На краю вёскі Вязынкі у хатцы, уросшай адным бокам у зямлю, жыў бабыль Амос з жонкай Агатай.

Калісь, даўно-даўно Амос, застаўшыся круглай сірацінай, выкачаўся між чужых людзей і выйшаў у свет адзін, як бізун.

Голаду і холаду як досыць ужыў, быў, як кажуць, на кані і пад канём, але пры гэтым усім, хоць і застаўся нявучаным, за чыстату душы і праўдзівасць лічыўся за сумленнага чалавека.

Жонка яго Агатка, дачка беднага селяніна, упадабала Амоса і, не спаткаўшы са стараны сваіх бацькоў жаднай перашкоды, выйшла за яго замуж.

Жылі хоць бедна, але згодна. Сілай і здароўем бог не пакрыўдзіў, толькі адно бракавала: не было ў іх дзетак.

Не было ў павеце той царквы, дзе не маліўся б і не даваў на афяру Амос; не прамінуў ні аднаго крыжа на дарозе, дзе не застанавіўся б ён і, зняўшы шапку, не шаптаў бы малітвы, просячы ласкі боскай.

Голас Амоса не даходзіў, просьба не была прынята.

Страціў надзею Амос, упаў духам. І толькі, гледзячы на закураныя куткі пустой хаты, цяжка ўздыхаў і мысліў, што чакае іх на старасці.

Так прайшло шмат гадоў, і нарэшце, перад самымі калядамі, калі завіруха зацямніла свет, Амосава хатка стала найшчаслівейшай на свеце.

Тоненькімі, пісклявымі галаскамі прабудзілася цішыня, што з даўных часоў панавала ў Амосавай хатцы: на свет нарадзіліся два хлопчыкі-блізнючкі.

Не можна вытлумачыць тую радасць, якую перажываў Амос. Радасць вярнула сілы, сілы ўзбудзілі надзею, з надзеяй з’явілася новая дарога да жыцця.

Праз два тыдні малых ахрысцілі і далі імёны Янук і Рыгор. Амос хоць і бедзен быў, але хрэсьбіны так-сяк справіў.

Адтуль, адсюль наехала радні, завязалася гульня. Амос з радасці не верыў, на якім ён свеце; частуючы гасцей, сам так начаставаўся, што і пеўнем пяяў, і ваўком заводзіў, то падскакваў пад столь, то ішоў упрысядкі.

Дзень за днём, год за годам дзецюкі качаліся і, прыгрэтыя ласкай бацькоў, падрасталі.

Хоць невучоны быў Амос, але шырокі меў погляд на сваіх дзетак. «Як бы ні жылося, — казаў ён, — а калі бог пазволіць, пакладу апошнія сілы, а сваіх дзецюкоў выкірую на людзей».

І толькі скончылася хлопцам па 7 гадоў, абодвух выправілі ў школу. Шпарка ўзяліся яны за навуку і, адзін перад адным аж завіхаліся, пераходзячы ад кніжкі да кніжкі.

Але Рыгор чым больш рос, тым менш браўся за навуку, і праз які час не агледзеўся, як далёка застаўся ад Янука.

Бацькі і добрым словам, і пагрозай прабавалі ўтлумачыць яму, што без навукі жыць дрэнна, што невучоны горш за сляпога, — нічога не памагло.

Рыгор калі-нікалі заходзіў у школу, але галава была больш занята гульнёй, як навукай, і абы толькі пагодны дзень, ён з паўдарогі вяртаўся і, як непрытомны, пёрся ў лес, к рацэ, дзе і сядзеў да вечара.

Што ён там рабіў — не ведалі. Сіла і рост непамерна прыбывалі к яму.

Не было роўнага яму ў вёсцы. Падчас, калі, бывала, таварышы чым-небудзь даймуць яго, Рыгор паказваў сваю сілу і распраўляўся не па-дзяцінаму.

Рыгора хоць і не любілі, але і баяліся, асабліва ў тую хвілю, калі ён зазлуе і ў яго маленькіх вочках з’яўляўся нейкі таёмны вогнік.

Прыціхалі і ціскаліся адзін к другому яго таварышы, ведаючы сілу і знак гэтай іскрынкі.

Але гэта іскрынка, як хутка з’яўлялася, так раптам знікала, і Рыгор быў зноў бясконца добры.

Раз, пасучы на выгане скаціну, ён узлаваўся на бычка-пярэзімка і на вачах усіх скалануў раз-другі за рогі, і бычок, як пласт, разлёгся на зямлі.

Падчас Рыгор забываўся на ўсё, выходзіў з хаты і знікаў на колькі дзён, і дзе ён быў, было вялікай загадкай для ўсіх.

Толькі пасля гэткай вандроўкі пралежваў па цэлых днях, не гаворачы з нікім ані слова.

Дома яго не шукалі. «Знік — найдзецца. Не першыня»,— казалі бацькі на пытанне суседзяў.

Да працы Рыгор дужа заўзяты быў, і што ні загадалі б яму, як відзіш, было зроблена.

Неяк пад восень загадаў яму бацька выкапаць колькі нягодных дрэў. Рыгор паважна браў рукамі дрэўца, туліўся к яму, прыгнуўшы плечы, ірваў адно за другім з карэннем і, як пярыну, выкідаў праз плот на вуліцу.

Аб страшнай сіле Рыгора гутарка пераходзіла з вёскі ў вёску, і кожны з сялян з уцехай глядзеў на магучы рост і шырокія плечы яго.

Янук зусім другога крою быў. Не меў ён той сілы і краскі ў твары. Худы, з уваліўшыміся грудзьмі, ён выглядаў на хваравітага, у вачах яго свяцілася бязмерная дабрата, і досыць толькі раз глянуць на гэтага мізэрнага хлопчыка, а пекны выраз твару надоўга заставаўся ў памяці.

Дабрата душы і шчырая прыязнь к людзям адбівалася ў яго паступках, як у чыстай вадзе.

Бацькі не маглі нарадавацца, гледзячы на сынка, як той вучыўся сам, вучыў другіх і даглядаў, як меў час, за гаспадаркай.

Адна была думка Янука: скончыць школу, сабраць грошы і ехаць у свет за навукай.

«Як будзе, то будзе, працуючы, з голаду не памру, а калі бог пазволіць, прайду навукі, выйду ў людзі і зашаную хоць на старасць сваіх бацькоў», — так казаў Янук.

Даўно жаданая часіна надышла. Янук вясковую школу скончыў і пачаў ладзіцца ў дарогу.

Праз які час настаў той дзень, і машына, як відзіш, звезла яго з роднага гнязда.

Праляцелі перад вокнамі апошнія хаты роднай вёскі, палі, залітыя блескам сонца, пералескі, гарушкі і чырванаватая гліняная зямля.

Едучы, здавалася, смяялася неба, смяяліся пры лініі хаткі, смяяліся чыесь дзеці, што рыліся ў полі ў картафляніку, а тым часам яго бацькі, ідучы з вакзала, заліваліся горкімі слязьмі пры ўспамінку аб ім.

«Божа мой, — казала маці, — хоць сынок і добры, але ўсё ж не на ваччу, спаткае ўсякіх людзей і будзе кідацца, як авечка заблудная, а ты, маці, плакала, пакуль узгадавала, плач цяпер, не бачачы яго.

Застаўся ўдому Рыгорка, добры сынок, але што ж, калі пры яго сіле і гарачым характары спадзявайся бяды».

Гэтак штодзень плакала маці, штодзень нудней было жыццё Амосавай сям’і, і ўся тая радасць і надзея раптам адышла на старану.

Рыгор аніяк не мог згадзіцца, што нямашака брата, апусцела хатка, без яго няміл стаў свет, дзіка выглядалі закураныя куты, дзе Рыгор штоноч бачыў цень Янука.

Адзічаў Рыгор, стаў чурацца хаты і людзей. Вандраваў часта і падоўгу.

Што ні напрасіліся бацькі, каб ён пачаў жыць іначай, Рыгор маўчаў і цяжка ўздыхаў. Па яго муках можна было разумець, як дораг яму быў яго брат і як цяжка была разлука з ім.

— Рыгорка, сынок мой! — наўзрыд плакала маці.— Адчураўся ты хаткі, адчураўся нас, старых, адчураўся.

— Не зусім жа з’ехаў Янук, дасць бог, вернецца ў здароўі. Пакінь, сынок, думкі, пакінь, няхай ужо я, ведама, маці, а ты патужыў, патужыў — ды і годзе.

— Не, мамка! Не так лёгка забыцца пра яго. Ніхто не зможа пазнаць маёй мукі, якую пераношу я з таго часу, як пакінуў нас Янук. Ніхто не ведае, які цяжар залёг у сэрцы маім. З таго моманту, як зачыніліся дзверы за ім, зачынілася жыццё для мяне. Нямашака месца ў хаце, хоць у лес уцякай. Штоноч бачу яго цень у гэтым кутку з худымі ўваліўшыміся грудзьмі. Страх, як баюсь, каб чаго не здарылася з ім. І нашто ён разлучыўся з намі? Няўжо там, куды ён з’ехаў, спаткае родных бацькоў і брата. Не! Усюды будзе чужы, хоць і спаткае прыяцеляў, але не шчырых.

Так гамонячы з бацькамі, ён хадзіў па хаце, прыгнуўшы галаву, каб не крануць столь, і яго сажанёвая фігура наводзіла страх.

После гэтага назаўтра Рыгор знік і толькі праз колькі дзён варочаўся назад.

Ідучы шляхам, толькі мінуў прыгуменне, аж угледзеў, як нясліся к іх вёсцы з канчукамі ў руках стражнікі.

Зацікавіўся ён і ўгрыннём1 панёсся, што было духу, за імі. Дарогай напаткаў суседку Дзеркачыху, і тая збольшага растлумачыла яму, што была ў панскім лесе парубка, і вось у часе спрэчкі пан стрэліў у Хвалея, а той, смешкаў не пазнаўшы, як стрэліў калком, то ўжо пан і дамоў не здолеў ісці, а падхапілі служкі і павялі. Ну, вядома, клікнулі стражнікаў.

Ведаючы, які канец будзе з гэтай бойкі, ён, не помнячы, рынуўся далей. Тут яго вачам з’явілася дужа нудная сцэна.

На дарозе, як прышыты, ляжаў яго хросны бацька Кірыла, і з галавы яго цурком цякла па пасінеўшаму твару кроў.

Рыгор разам падхапіў старца, аднёс з дарогі к плоту і пабег далей. Не чуў ён пад сабою ног, як нёсся к грамадзе, не чуў ужо плачу дзяцей, што рэзаў вушы здалёку, толькі бачыў расцервіўшыхся стражнікаў ды пакрываўленых сялян.

Зашчаміла сэрца Рыгора, застукала ў скронях кроў, разам ірвануў ён з пярэплаці кол, сунуўся ўсярэдзіну і шырока замахнуўся.

Было відаць, як прачышчаў дарогу Рыгор і валіліся з канёў адзін за другім стражнікі.

Нет ведама, ці доўга бы тут змагаўся Рыгор, але ўзгляд яго раптам застанавіўся на людзях, што корчыліся на дарозе, і тут вымкнуўся з рук яго кол, затрэсліся рукі, азірнуўшыся кругом, ён павярнуўся і пабег праз выган у лес.

Рыгор знік, як у ваду; доўгі час шукалі яго.

Прыехаўшы ў вялікі горад, Янук, пакуль набрыў на спрыязных людзей, як досыць ужыў і холаду і голаду, а после час бег, як за вераценцам, ён трохі прызабыўся на бяду.

Гарадское жыццё і навука саўсім перарабілі яго на другі лад. Не было і знаку, што гэты дзяцюк, з даўгімі валасамі і бялюткім тварам, сын вясковых бацькоў: не было ўжо таго пагляду на жыццё, які меў, жывучы ў вёсцы.

Хоць і раней балела яму сэрца, як бачыў скрыўджаных, але, мала ведаючы ўсе патайныя сцежкі жыцця, шмат чаго прапускаў міма вока, цяпер жа, калі прайшоў навуку ды бліжэй пазнаў жыццё, у вачах яго ясна рысавалася ўся няпраўда, што пануе асабліва над бедным людам. Не зносіў ён няпраўды. Яму жадалася свету, праўды, брацтва, дабра і яго шчырае сэрца, ірвучыся на прастор, знаходзіла спачын там, дзе мог на сабранні з сваімі сябрамі ў гарачай гутарцы вытлумачыць тую боль, ад каторай мучылася яго чуткая душа.

Дні беглі за днямі: часта ў Янука збіраліся яго хаўруснікі, гаманілі аб нейкай прынадзе, то ад'язджалі, то прыязджалі з нейкімі пакупкамі і з нецярплівасцю чакалі таго дня, калі ім упяцёх прыйдзецца заняць тое месца, дзе павінны былі спаткацца з імі іх ворагі.

Даўно жданы дзень надышоў, і толькі стукнула тая часіна, як усе яны пазаймалі кожны сваё месца, ані не мысліўшы аб тым, што, можа, апошні раз бачаць свет.

Страшная вядомасць, як маланка, абляцела ўвесь горад. Шмат гаманілі, бегалі, бегалі і арыштоўвалі ўсякага падазронага.

Ні Янук, ні яго хаўруснікі не вярнуліся дадому, бо ўсе, як адзін, папаліся на месцы і былі замкнуты ў астрозе за моцнымі замкамі. Пайшлі дапросы, хто і што? Як ні дабіваліся пазнаць фамілію Янука, жадным правам не ўдалося, так і лічыўся невядомы, 23 гадоў, брунет з чыстым тварам.

Усё ад тых дат прапала: дружба, бацькі, брат Рыгор; усё разляцелася, як імгла ў полі.

Праз колькі дзён іх пад сільным канвоем павялі ў суд і размясцілі паміж салдат на даўгой лаўцы.

Янук мутным вокам акінуў вялікі, абшырны пакон, усіх, што сядзелі за шырокім сталом, і, гледзячы, мысліў: няўжо гэта проці іх назбіралася столькі людзей, каб падрад колькі гадзін гаманіць, пытацца пра тое, што ўжо даўно абрыдала адказваць, і после ўсяго нарэшткі сказаць тое, што ўсякі з іх ведаў наперад.

Суд зацягнуўся надоўга, бо ўсе, як адзін, на запытанне давалі адказы кароткія, з каторых мала чаго можна было зразумець.

І вось, калі праз шкло ў вялікіх вокнах зазіяў чырвоненькі промень ад заходзячага сонца, суддзі вынеслі прыгавор: усіх пяцёх на шыбеніцу.

Ціха і спакойна выслухалі ўсе смяротны прыгавор. Не ўздрыгнула ні адна жылка на іх мізэрных тварах, і ўсе, як адзін, нібы па камандзе, нахлабучылі шапкі і папляліся да сходаў за салдатамі.

Ідучы праз горад, Янук сквапна ўглядаўся на вялікія дамы, шырокія вуліцы і на людзей, што, як мурашкі, мігціліся то ўзад, то ўперад, ані не дбаючы на іх.

Глядзеў на гэту абрыдлую таўкатню; яго мыслі перабягалі з горада ў вёску, дзе хоць бедна, але ціха праводзіў дзяціны час. Канвой застанавіўся. Залязгала жалезная брама, ляніва адчынілася і, як толькі канвой пераступіў, зачынілася, прыдушыўшы за сабой усё свабоднае жыццё.

І той прыдушаны зык, які, як злодзей, папоўз праз жалезную браму, праз пусты двор, праз краты і ўбіўшыся ў сыры, непрыступны мур, замоўк.

Ідучы даўгімі калідорамі, спатыкалі з апушчанымі вачыма людзей, каторыя як бы не бачылі нікога і нічога перад сабою.

Янук глянуў аднаму-другому ў вочы, жадаў угледзець, ці ёсць у іх хоць іскрынка, што зіяе ў вачах кожнага чалавека, аж не, — ашукаўся: твары былі, як маскі, а на шкляных вачах зусім не міргалі вейкі.

Сырым паветрам пацягнула ад астрога.

«Вось цяпер будзе спакой, — прашаптаў Янук, калі апынуўся ў чатырох сценах і пачуў, як гулка скрыгнуў у дзвярах іржавы замок.

Праз колькі дзён маё мізэрнае жыццё будзе скончана, і ў памяць аба мне застанецца жоўценькі прыгорачак, насыпаны чужой рукой. Не скажуць гэтыя нямоўныя сведкі, непераступныя муры, маёй матцы ці бацьку, калі часам падышлі б сюды, што тут іх сынок дажыў астаткі сваіх дзён; не скажуць ім, што там дзесь, на жалезным круку, дрыжэў, як вераценца, і, грымнуўшыся ў дамавіну, з’ехаў к прадзедам іх улюбёны сын. Не!

Ніхто не будзе ведаць, дзе пахавана маё скорчыўшаеся ад сударгі цела, бацькі і тыя згубілі сцежку ка мне.

Не шкадую жыцця, не страшуся смерці, але тая думка, што не ўбачу бацькоў, ні брата, страшна гняце мяне.

О, каб ведалі, хто я такі, то пэўне тым бацькам не было б месца на белым свеце. Але ні іх, ні мяне не ведаюць. Вялікая загадка для ўсіх».

Дзень патроху браўся к вечару; у цеснай каморы патроху цямнела, і нарэшце, калі шэрыя сцены і столь зліліся ў адну чорную пляміну і скрозь жалезныя краты сумна глядзела цьма нуднай ночы, у астрозе запанавала такая таемная сціш, ад каторай халадзела ў жылах кроў і сэрца — хто не спаў — дрыгатала, рвучыся на свабоду.

Дзесь на небе замігацела зорачка, каторай, як роднаму, узрадаваўся Янук.

«Зорачка ясная, — шапталі вусны яго, — ці не ты будзеш правадырка ў маім мізэрным жыцці?» І пры гэтым чыйсьці скрытны голас шаптаў яму: «Яна... яна... яна!..»

«Ты, як вартаўнік, зіяеш на цёмным небе і свеціш людзям, заблудзіўшымся ў нязнаных пуцінах.

Ты свеціш мне сваімі прыхільнымі вачыма, звысака пэўне ўглядаешся на саломенную страху нашай хаткі, дзе пэўне маці мая ў гэту хвілю пралівае горкія слёзы аба мне і моліцца богу, каб сын яе наблукаў на сцежку, на каторай магла б знайсці мяне.

Ты свеціш усім. Свеціш сягоння тут, а заўтра, можа, твой блеск будзе ўжо іскрыцца на каменьчыках, на жоўтым пясочку магілы маёй.

Ты будзеш сведкай, куды турэмная кляча сцягне маё мёртвае цела, і там ты зазіяеш, але мае вочы не спаткаюцца з ласкавым поглядам тваім».

І так сядзеў, падпёршы твар рукамі; да яго вуха данёсся заўнылы зык скрыпкі, каторы пры ціхай пагодзе то заміраў, то зноў усплываў над соннай далінай.

Раптам узарваўся ён з месца, падлез к акну і сквапна стаў прыслухоўвацца к чароўным зыкам, што быццам з чароўнага царства сумысле даляталі к яму.

«Гэта іграе свабоднае сэрца, — скрозь слёзы прашаптаў Янук.— Гэта, напэўна, іграе той, каторы не чакае пяньковага гальштука на шыю. Эх, як дзіўна грае, з якою ахвотаю слухаю гэты чароўны зык!

Але такая загадка, чаму гэта ўсё так ясна далятае да мяне? Няўжо гэта музыка адыгрывае адыходную для мяне? Іграй, браце, іграй! У гэтай санаце я нібы чую шэпты родных лясоў, голас маткі, брата».

Музыка раптам сціхла, сэрца сціснулася і заныла ад болю. Адыходная была далёка, мукі толькі пачыналіся.

Турма спіць, сну нямашака, у вушах шум, у галаве адбіваецца гул, быццам заганяюць цвік.

«Усё маё жыццё разбіта, дажываю дні паміж шэрых сцен, а на парозе смерць з мукамі і страхамі. Хоць бы хутчэй канец».

І тут яму ўспомніўся горад, дзе ўсе спакойна спяць, не дбаючы ні на турму, ні на яго. Пры гэтай мыслі яму станавілася затхла, быццам уся гэтая маленькая каморка зверху, знізу, з бакоў пачынала сціскацца, выганяючы ўвесь дух.

І каб разагнаць думкі, ён пачынае хадзіць з кута ў кут, гулка адбіваючы абцасамі па каменнай падлозе, але і стук абцасаў кратае яго нервы і не дае яму супакоіцца.

Ён валіцца на ложак, памыкаецца заснуць. Сну няма, вейкі абцяжэлі. У гэтай барацьбе праходзіць гадзіна-другая, і сон змарыў яго.

З’явілася вясёлае неба, знаёмыя ляскі і хмызнякі, дзе прывітаюць вясну птушачкі, а жоўтыя смалістыя свечачкі аж гараць на сасонках, узіраючыся на сонца. Прыветліва глядзяць сасонкі і бярозкі ў новым зялёным уборы, аж кідаюцца ў вочы красачкі, мітусяцца перад вачыма сонныя матылькі, і чорныя, як смоль, груганы ляніва ходзяць па раллі.

Затым бачыць зарніцы, зіяюць па сенажацях стальныя косы, растуць высокія стагі, на залатых шнурах весела жнуць жнеі і зычна раздаюцца заўнылыя песні.

Затым у пышным вянку з жоўтага лісця быццам бродзіць па лясах восень, змяняючы калёры на дрэвах, падвешваючы на галінках павучынне, а пад воблакі лятуць і пераклікаюцца журавы.

І нарэшце зіма. Снег, як посцілкай, заслаў дарогі, палі, аблапушыў лес, а ветрык з гурбы на гурбу то змятае, то намятае сняжок.

Сцюдзёна стала. Янук, як непрытомны, ускаквае на ногі, пытаючыся: дзе я? дзе я? І, прыйшоўшы да памяці, бачыць знаёмыя сцены, патрэскаўшуюся столь, чорнае аконца і тую зорачку на небе.

І хочацца яму крычаць, і так крычаць, каб дрыжэлі сцены, рушыліся скляпенні каменнай скрыні, але сіл нямашака, сіпаты кашаль ірве грудзі.

Настала ранне. Адна перажытая ночка заставіла свой след. Вочы, з каторых ліліся промені яснага света, быццам згаслі, заставіўшы там глыбока іскрынкі ад агня, а на ўпалых шчоках часамі ўсхватываўся, нібы падроблены, румянец, як блеск ад гаснуўшай зоркі.

«Далёка лепей смерць, — шаптаў ён, — чым так марнець». І, прыпаўшы к жалезным кратам, ён углядаўся, як уцякала ноч, святлела, загаралася чырванаватым блескам неба, калышучыся над сонным лесам, разганяючы ў бакі сівую, цёплую мглу.

Дзень прытка ішоў к людзям і будзіў іх на дружную працу. Тут чырыкнула і праляцела ля акна птушачка. «Прашчай», — прахрыпеў ёй услед Янук.

Дзень няўзнак праходзіў, чуваць было бразганне дзвярэй, нейкі шум на дварэ і лязганне кандалоў.

І ўсё, што рабілася ўдзень, далёка прыхільней было сэрцу, як ноч, каторая штораз забірала з сабою апошні запас сіл.

Неяк удзень, калі Янук сядзеў, злажыўшы рукі, і думкамі адлятаў у родны край, адкінулася аконца і паказаўся чыйсьці твар.

Янук павярнуўся і спытаўся: «Чаго?»

— А вось казалі спытацца ў васпана, можа, жадалі б паклікаць матку ці бацьку, калі ёсць, бо як чуў, то недалёка...

— Не трэба кратаць старых бедакоў. Не ведаюць — шмат спакайней, — не абарачваючыся, адказаў Янук.

— Ну, як сабе знаеце, — не мне вяроўка, а васпану.

Янук раптам успомніў пра сваю долю, слова «вяроўка» кранула яму тую боль, каторая на хвілю сціхла.

Ён кінуўся да аконца, жадаў штось сказаць, але яно зачынілася, і барады вартаўніка не было ўжо ў ім відаць.

«Не можа быць нічога горшага, — шаптаў ён, — як тое, што не ведаеш, калі прыйдзе тая мінута і паложыць канец усім мукам.

Няхай бы бардзей прыйшоў той барадаты, ці які другі шатан, і сказаў бы: ужо пара!.. Ну пара, так пара! Хвіля-другая — і па ўсім, дык жа не! Мучаць і мучаць без канца».

І ў гэтых думках няўзнак змяніўся дзень і наступіла ноч. І зноў прыступіліся страхі і адагналі сон.

Уткнуўшыся тварам у падушку, ён сілкаваўся заснуць, каб як-небудзь пазбыцца ад страхаў яго. Бачыць, быццам хтось увайшоў к яму і, прытуліўшыся ў кутку, пазірае на яго сваімі агністымі вачыма. Янук прыгледзеўся. Знаёмая цень была перад ім. Злажыўшы рукі на грудзях, перад ім стаяў яго бацька, штось шаптаў, і яго рэдзенькая бародка траслася пры кожным слове, а па маршчыністаму твару каціліся сляза за слязой.

«Пусціце! Пусціце! Гэта ж ён, татка мой, родны мой!» — І, узарваўшыся з ложка, ён кінуўся ў той кут і, прыпаўшы к каменнай падлозе, быццам к нагам яго, наўзрыд плакаў і прыгаворваў:

«Татка, татачка! Згінуў, прапаў: заўтра вяроўка здушыць мой голас, каб не чулі яго, бо ён шкадлівы, шкадлівы...

Божа міласэрны! Татачка, укленчы, маліся за мяне, я маліўся і плакаў, але ўжо слёз не маю: выплакаў даўно. Ты праўдзівы чалавек. Маліся, маліся!

Вунь, бачыш, абраз, які сумны твар і як зіяюць яго добрыя вочы. Даруй мне, божа, даруй! Ты цярпліва нёс крыж і паваліўся пад ім.

Якая хвіля, і маё цела захістаецца, захістаецца і...»

Сон парушыўся стукам у дзверы.

«Прыяцель! Кажысь, з богам гамоніш? Мусіць, тут і пазнаў яго, а дзе гэта раней быў?» — прабасаваў праз адчыненае аконца салдат.

Знікла ўсё. Толькі на тым месцы, дзе была цень бацькі, чарнела запляснелая палоска з-пад акна. Гэта быў сон.

І ён, зліты потам, жадаў устаць з падлогі, але сілы зусім змянілі яму. Так і праляжаў да рання, пакуль не прывялі доктара і не палажылі на ложак.

Ні Янук, ні яго сябры не ведалі, калі будзе канец іх мукі. Усякі з іх, прыждаўшы вечара, паджыдаў смерці, не зводзячы воч з дзвярэй, куды павінна была яна ўвайсці.

А смерць была ўжо на парозе. Дзень быў хмурны, сіверны вецер, насвістваючы хаўтурныя песні, урываўся праз вокны к сказанцам і шаптаў кожнаму, што незадоўга... незадоўга...

І ўсе, як адзін, гэту песню сквапна слухалі, бо ў ёй не было чуць, што гэты хмурны дзень для іх апошні, што зараз халодныя воблакі збягуцца, завалакуць неба, і запануе магільная сціш.

Прыпаўшы к халоднаму муру, углядаючыся на воблакі, што хутка плылі над турмой, Янук плакаў і шаптаў: «Воблачкі ясныя, ветрык вясёлы, будзеце ж плыць над маёй роднай старонкай, над вёскай Вязынкай і над нашай хацінкай, шапніце там маім бацькам і брату, што Янук з чужыны шле ім сыноўняе жаданне і што не далей, як сягоння ўночы, калі яны будуць спаць, разлічыцца з светам».

Воблачкі хутка прайшлі, неба патроху сівела і нарэшце саўсім стала чорным, як смоль.

Турма заснула. І вось апоўначы, калі дзесь на вежы прабіла раз, два, пачуў ён шастанне па калідорах, скрыгатлівы піск замкоў і лязганне кандалоў.

«Вось яно так і ёсць. Даждаўся».

І як ужо пачуў, што ціхачом падыходзяць к яго дзвярам, сабраў апошнія сілы, падняўся з ложка і вобмацкам ля сцяны пачаў пераступаць з кута ў кут.

— Пэўне спіць, а можа, здаўся, — пачуў Янук голас за дзвярамі.

— Не спіць і не здаўся, — сабраўшыся з сілай, крыкнуў Янук.— Я жду не даждуся, калі ўбачу смерць маю, вось пойдзем і глянеце, як адважна спаткаюся я з ёю.

Пры гэтым адчыніліся дзверы, і ў каморку ўвайшлі салдаты. Янук, апёршыся на плячо салдата, ледзьве пераступіў парог і крок за крокам прыйшоў у вялікі пакой, дзе гуртком пры сцяне стаялі ўсе яго хаўруснікі, сквапна паводзячы вачыма па ім.

Не бачыўшыся доўгі час, яны нібы аслупянелі і жадным правам не маглі распачаць размову.

Янук хацеў кінуцца к ім, абняць усіх разам, цалаваць, плакаць і памерці тут пры іх, не зрабіўшы жаднай фатыгі2 для ката.

Сабраўшыся з духам, ён, плачучы, дрыжавым голасам прамовіў: «Браточкі, не страшыцеся смерці, смела глядзіце ў вочы ёй». Але кашаль перарваў размову, і па вуснах пацякла густая кроў.

Гэта ўсе бачылі, і разам іх павялі.

Выйшлі на пусты двор, сцюдзёны вецер раптам наляцеў на іх, абдаў холадам, хлестануў у вочы дажджом, нібы крапідлам перад смерцю, і, рвучыся з боку ў бок, нема завыў, быццам смяяўся над іх слабасцю, зухуючыся сваёй сілай.

Ідучы паміж салдат, Янук абарачваўся і ўглядаўся ў цёмны абшар, бо чуў, што ззаду за ім яшчэ кагось вядуць, але паасобку.

Не верачы сабе, ён другі раз пералічыў сваіх таварышаў, яны былі ўсе. «Каго ж вядуць? — пытаўся ён у сябе.— Хто гэта нясе сваю галоўку на шыбеніцу?» І не вытрымаўшы, ён звярнуўся к таварышу і спытаўся, ці не ведае ён, каго вядуць за імі.

Ніхто не ведаў.

«Эх, як бы я жадаў, каб глянуць у вочы гэтаму бедаку, што так спяшыць к нам! — казаў Янук.— Спяшыш, браце, спяшыш, пэўне не ў пятлю, а к нам, каб заадно спаткаць смерць».

Пры бляску закуранай лятарні3 смутна вырысавалась чыясь магучая фігура. Цяжка ступаючы па выбітай турэмнай дарожцы, звесіўшы галаву, ішоў за канвоем непамернага росту чалавек.

Янук штохвілю абарачваўся, жадаючы ўгледзецца ў твар велікана, але за цемнатою трудна было распазнаць.

«Эх, як яго фігура і рост успамінаюць мне брата Рыгора, — уздыхнуўшы, нейкім магільным голасам прамовіў Янук.— Якраз і рост, і паходка. Бог святы ведае, як цяпер жыве ён».

І пры гэтым яму ўспомнілася дамашняе жыццё, старэнькая хатка, дзярэўцы, каторыя з карэннем вырываў Рыгор, і той бычок, што клаўся к яго нагам, ведаючы значэнне і сілу Рыгора.

Мыслі разарваліся, канвой застанавіўся і цесна заступіў іх, а велікан стаяў асобна, не гледзячы, што рабілася перад ім.

Дожджык сціхаў, скрозь воблакі, нібы крадучыся, як сведка, вызірнуў месяц, мутным водбліскам адбіваючыся ў лужынках.

Чыталі хутка смертны прыгавор.

Ніхто не ўслухоўваўся ў тыя вядомыя словы, каторыя даўно і страшна звінелі ў вушах, апроч Янука: ён толькі адзін сквапна лавіў усякае слаўцо, каб дачуцца, хто мае быць той, што сабой успамінаў брата.

Яго сэрца і зубы страшна дрыгаталі, здавалася, што яшчэ хвіля — і ён паваліцца тут нежывы.

Тут да яго вушэй даняслося імя Рыгора. Не помнячы сябе, Янук кінуўся к яму і знямеў: перад ім стаяў яго брат.

Рыгор устрапянуўся і спаткаў пагляд Янука. Вочы яго разам заблішчалі нейкім таемным, іскравым агнём.

— Рыгор, Рыгор! — сіпатым, ледзьве слышным голасам мармытаў Янук і паваліўся ў ногі к яму.

Але не паспеў дакончыць сваіх слоў Янук, як сільныя рукі падхапілі яго. Рыгор, як пярынку, паднёс к губам брата і ні то смактаў, ні то цалаваў яго.

«Брат мой, брат мой! — нямым голасам крычаў ён.— У часе смерці мы спаткаліся з табой!» І, ашчапіўшы ледзьве жывога брата, нібы застыў у гэткай позе.

Салдаты анямелі, што пачаць, самі не ведалі. І як абважылі з усіх бакоў рукі Рыгора, на зямлю, як ком, асунуўся труп Янука.

1 Угрыннём — вельмі імкліва, на злом галавы.

2 Жаднай фатыгі – ніякай карысці.

3 Лятарня – ліхтар.


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан