epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Горкі агрэст

Ля шляху, блізка паўвярсты ўдоўж і споры кавалак ушыркі, цягнуўся пекны сад селяніна Глячка, здаўна засаджаны яшчэ нябожчыкам дзедам.

Салодкія яблычкі, усялякіх гатункаў ігрушы, чорна-жоўтыя сліўкі былі прынадай для тых, хто праязджаў шляхам улетку з засмяглымі вуснамі ад гарачыні.

Глячок, як кажуць, у шапку не спаў, абы хвіліна часу — з рыдлёвачкай у руках ён то там, то сям поркаўся ў садку: дзе зямелькі падсыпе, дзе падпорачку дасць, і праз гэткі догляд увосень добра набіваў машну.

Бывала, часамі хлопцы з суседніх вёсак уначы церушылі смачныя яблыкі і гэтым дужа гнявілі Глячка. Трэба было толькі ўгледзець на зямлі галінкі ад дрэва, гвалту не абярэшся. «Не шкада яблыка, але глум той нашто, больш таго лому, як крадзяжу!» — бурчэў цэлымі днямі Гляк і после ўзапар тыдзень-два не вылазіў з саду.

Вось неяк добра падпіўшы, Гляк праз увесь дзень спаў у пуні, а прыйшла ноч, пайшоў вартаваць сад, узяўшы з сабою старшага сына.

Сон не ішоў к яму, ведама, выспаўся, ну, а каб нудна не было, лёг пузам на траве ды, пазіраючы ў неба, лічыў зоркі.

Толькі налічыў капу і меўся ўзяцца за другую, ажно нешта зашасцела між кустоў і дзве доўгія цені папаўзлі к яблынцы, што расла блізка агрэсту.

Гляк штурхель сына: «Сымон, Сымон, чы чуеш? Госці ёсць. Уставай!» Сымон успахапіўся, працёр вочы і расправіў свае пукатыя плечы.

Ноч была не зусім цёмная, кругом было ціха, толькі з балота даносілася кваканне жаб. Раптам затраслося дрэўца. Як пачуў лопат яблычкаў, Глячок угрыннем панёсся па садзе, натыкаючыся на дрэвы, што густа раслі з берага.

— Ах вы, смуроды. Я ж вас патрасу! — нямым голасам зароў Гляк і, як авадзень, учапіўся за карак злодзея.

Сын пагнаўся за другім, але той быў жасцейшы1: як кот, шмыгануў праз пярэплаць і памінай як звалі.

Ну што ж было рабіць з гэтым? Біць звычаю ў іх не было, ну, а каб раз назаўсёды адвучыць красці, казаў сыну сцягваць з госця нагавіцы і кашулю.

Спужаўся злодзей, не ведаў, што будзе, але пасля здаўся на тое; забіць не павінны: ну, а калі ўліюць, варт быў гэтага.

Сцягнуўшы з госця «шаты», сын маўчком узяў за ногі, перакінуў на другі бок агрэсту, а бацька згроб за рукі, пачалі голай спіной пацягваць з канца ў канец па агрэсце.

Той і прасіўся і маліўся, нічога, але як сказаў, што ён недалёкі сусед і першы раз на сваім жыцці памкнуўся красці, даючы пры гэтым слова, што апошні раз, — пакінулі.

Госць, не чакаўшы доўга, ірвануўся ўбок і, нягледзячы, што без дольнай апраткі, што маючы духу, засакатаў па дарозе, а Гляк з сынам аж клаліся са смеху, гледзячы адзін на другога.

Прыбегшы дадому, бядак не ведаў, як легчы, як сесці. Глякаў агрэст, як пісягамі, распісаў усю спіну, што ні сабе паглядзець, ні людзям паказаць, бо, чаго добрага, дачуюцца.

Так прайшоў дзень, другі, аж неяк увечары прыходзіць кум і заве на хрэсьбіны. «Хадзем!» — адказу няма, пайшлі.

Гасцей шмат, поўна, як селядцоў у бочцы, хоць зачыні! П’юць, пяюць, ну, ведама, як на хрэсьбінах.

— А, кум, і ты тут! Сюды, братка, сюды. Во з кім я вып’ю! — адазваўся добра падпіты Арцём.— Садзіся!

— Дзякуй, дзядзечка, я так сабе — стоячы...— а сам аж гарыць ад сораму. «Во, — сабе думае, — схадзіў у яблыкі, завёў сябар, каб ён выдах!..»

— Ну, дык як жа, няўжо стоячы будзеш есці! Гэта ж і ў паноў такога звычаю нямашака! — адазваўся кум.

— Садзіся, дзядзечка, не бойся...— гукнуў з печы хлопец.— Садзіся, тут жа агрэсту нямашака!

Як бы апарылі бедака. Здаецца, хата кружылася, кружылася, а пасля паляцела некуды з гасцямі. Азірнуўшыся назад, ён угледзеў шапку, хапіў яе бардзей і пад рогат гасцей як куля вылецеў з хаты і што мага духу пабег у канец сяла.

Бег, не помніў куды, азірнуўся толькі тады, як без духу прыпёрся ўжо к нейчай пярэплаці.

Аж і тут перашкода: не паспеў адсапціся, аж чуе нейчы голас: «Куды, дзядзька, чы не па агрэст? Валі к Гляку, там заадно і штаны забярэш».

Узарваўся ізноў і ўзгайсаў з новай сілай дадому, і чым часцей перабіраў нагамі, тым мацней нехта крычаў на вуха: «Садзіся, дзядзечка, садзіся, тут жа агрэсту нямашака!..»

1 Жасцейшы — больш хуткі.


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан