epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Сірата Прахор

Невядома мінуласць Прахора. Ні бацькі, ні маткі бядак ніколі не бачыў. Якое і калі паслужыла здарэнне папасці ў чужую хату, к чужым людзям, ён не ведаў. Казалі людзі, што маці гэтага сіраціны чужая, захожая дзяўчына. Заблудзіўшыся ў нязнаных пуцінах жыцця, разлічылася з жыццём, разлічылася з светам, пакінуўшы памяць мінулага кахання на беразе віраватай рэчкі. І з таго часу, казалі, штогод у поўнач з дна рэчкі чуцен то плач, а то сумная песня дзяўчыны, загубіўшай жыццё.

Маленькага, хворага, без роду, без імені сіраціну прыгарнуў да сябе бядак-парабак, ахрысціўшы, даў імя Прахор.

Як дзікая хвойка, узрастаючы на каменнай глебе, звыкаецца з жартамі салёнага ветру, так Прахор звыкся з бядой, жыў і падрастаў.

Не было каму пажаліцца ў час смутку, не было каму выказаць тую боль, каторую часамі адчуваў ён. Адзін крыж, што стаяў на ростані, ведаў перажыткі і бачыў слёзы дзіцяці.

Туды Прахор у часе смутку з астыўшым сэрцам ішоў і ля ног збавіцеля маліўся, як умеў.

Там ён спамінаў імя гаротнай маткі сваёй, жаліўся ён на горкую сірочую долю і не раз засынаў пад блакітным небам. І бачыў ён, як з віраватай рэчкі выходзіла, скрыжаваўшы рукі, маці, туліла яго да сябе, к пасінеўшаму твару, ды плакала.— Але не баяўся ён. Прачнуўшыся, ён чуў, што нечая помач і прыхільнасць хоць не тут, на зямлі, а ёсць, і ён жыве не адзін.

 

 

* * *

 

Так жыў і падрастаў Прахор. Сам апякун, чалавек бязмерна шчыры, розніцы ніякай між сваімі дзяцьмі і Прахорам не рабіў, а хворая гаспадыня палюбіла яго, як сына, і ўвесь дагляд у хаце здала на рукі Прахора.

Стаў Прахор і хатняй ахмістрыняй, і нянькай.

Ён і песню спявае над калыскай дзіцяці, дом дагледзіць, хворай услужыць, накорміць усіх і на жывёлу не забудзе.

Ужо не раз сам апякун усхваляў той дзень, калі ў яго хаце адчыніліся дзверы для сіраты. Той дзень быў для яго святам.

І з таго моманту, калі вестка аб сіраце абляцела вёску і ў яго парабскай хаце з’явіўся чужынец, ён пастанавіў дзецям, каб жыць у згодзе і шанаваць сірату, як роднага брата.

Але было іначай.

Хворая гаспадыня ў адзін дзень благаславіла сваю сямейку і больш не ўстала. Перажытак у парабчанскай сям’і быў надзвычайны.

Прахор па смерці гаспадыні выступіў на помач свайму апекуну. І, працуючы праз увесь дзень, ён толькі ўвечары мог бачыцца з ім і гутарыць аб тых планах, якія будаваў для шчасця яго дзяцей.

Але дзеці, як падраслі, чужую будову не заўважылі і адзін за другім, як птушкі з гнязда, выйшлі ў свет, пакінуўшы бацьку з Прахорам адных.

Жывуць удвох Прахор з апекуном, працуюць і дзеляцца думкамі аб сваім мінулым, перажытым. Не было нічога добрага ўспомніць бедакам: як у аднаго, так і ў другога жыццё — адзін жаль.

Парабак з малых дзён шчаслівых не бачыў, а Прахор гэтаксама — родны нядолі сын. Ён ужо за колькі год жыцця ў двары лічыўся сваім чалавекам, працаваў на карысць гаспадара, даглядаў за іх дабром і часам, калі быў хвор парабак, за яго ўночы сцярог двор.

Часта стаў занепадаць на здароўе яго апякун, ці то старасць агарнула, ці то выдахся чалавек, але Прахор уваччу яго не бачыў таго жыцця, якое бачыў раней. Неяк ён спахмурнеў, перастаў рупіцца аб усім і ў скорым часе памёр.

Не было яшчэ для Прахора такога цяжкага перажытку, які меў у дзень смерці апекуна.

Ён, не адыходзячы ад пахаладзелага цела, плакаў, прычытаў. Засыпаючы яго зямлёю, ён уголас жаліўся, што права на жыццё не мае і не хоча мець зусім, а жыве, а бацька дзяцей, чалавек патрэбны, памёр. І, зняўшы шапку, скланіўся галавою над трупам, плакаў, а слёзы бобам каціліся з воч і быццам цяжкімі цвікамі прыбівалі яго да зямлі.

Пахаваў Прахор свайго апекуна і вярнуўся дамоў заплаканы і разжалены. Ён ужо быў адзін-адным. Апошні мілы вобраз чалавека быў у магіле.

Атрымаў Прахор службу апекуна і пайшоў следам па яго сцежках. Удзень ён працуе ў дварэ, а ўночы вартуе панскае багацце.

 

 

* * *

 

Восень. Імглістая ноч. Сядзіць Прахор на лаўцы пры рэчцы з калакоткай у руках, раз-ураз даючы знаць стукам звяглівай дошкі, што не спіць. І нікому няма і думкі ў галаве, што там, у імгле, як чараўнік, сядзіць Прахор, шчыры паслугач. Усе спакойна спяць, толькі за рэчкай панскі тартак, працуючы праз усю ноч, як бы ўторыць яго калакотцы, выбівае сваё аднатоннае ла-та, ла-та, ла-та.

Любіў Прахор сядзець на гэтай лавачцы позна, адзін. Адгэтуль ён мог бачыць рэчку і той бераг, дзе яго маці знайшла смерць у халодных хвалях. Ён штораз бачыў над вадой густую імглу, а ў ёй адбівалася цень яго маткі.

Толькі ў святочны дзень ён пакідаў на часіну службу ды ішоў на магілку апекуна. Там Прахор маліўся за душу яго, даглядаў за раслінай і адыходзіў к службе ізноў.

Пастарэў Прахор. У жыцці адкрылася яшчэ адна змена. Двор, дзе служыў ён, прадалі, і гаспадарыць узяўся другі.

Новая мятла іначай мяце, і пачалі вымятаць усё непатрэбнае, і вымелі Прахора за браму.

Прыйшлося зусім дрэнна. Сваіх не было. Грошы не сабраў, гадуючы чужых дзяцей, украсці не ўкраў, так нічога і не меў.

Трошкі жабраком не зрабіўся Прахор, але дзякуючы аднаму селяніну з суседняй вёскі прыпыніўся ў яго.

І там без работы не сядзіць ён, то пасе гусі, то няньчыць дзеці.

Седзячы на выгане, ён углядаўся ў той бок, на маёнтак, дзе заставіў сілу і моладасць, ды прыслухоўваўся, як той жа тартак выбівае аднатоннае: ла-та, ла-та, ла-та.

І ўспаміналася Прахору яго бядацкае жыццё і той чорны дзень, дзень смерці апекуна.

А як толькі загудзе на полудзень гудок, Прахор закрывае галаву, каб не чуць яго, бо раптам адчуваў цягучую боль у сэрцы.

Ён нешта тады шаптаў, і слёзы беглі адна за адной на сівую світку.

Часцей і часцей заглядаў на могільнік Прахор. Штодзень яго можна было бачыць там.

І вось, адпачнуўшы ля курганіка, дзе былі пахаваны косці дарагога апекуна, ён адыходзіў назад і казаў: «Ох, татка, паспяшыў ты, паспяшыў! Не твая чарга была, а мая... Але нічога, хутка і я лягу пры табе...»


1917

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан