epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Рубанаў

Цёплы пух адуванчыкаў

Пра тое, што нарадзіўся сын, Марозаў даведаецца пасля. А перш — быў сум, страшэнны сум, які абваліўся на яго з таго дня, калі адвёз цяжарную на дзевятым месяцы жонку да яе маці; нараджэнне дзіцяці чакаюць з трывогаю не толькі жанчыны.

Здаецца, рытм яго жыцця не парушыўся: уранні ішоў на працу, на завод, там брыгадзірскі клопат крышку паслабляў тугу; вяртаўся дамоў увечары стомлены, перакусваў; чытаў газеты — калі была табліца футбольнага розыгрышу, падоўгу аналізаваў яе, потым выразаў і лажыў сабе ў блакнот.

Тэлефона ў кватэры не было, і Марозаў хадзіў званіць жонцы на пошту; іншы раз званіў і бацькам у вёску — пытаўся, як здароўе, што новага... Вёска, дзе нарадзіўся і вырас, жыла ў яго душы ўжо далёкім, але яскравым, шчымліва радасным святлом.

Стаяў цёплы, вільготны май. Бела-ружовымі кандэлябрамі кветак абвешаліся каштаны; а лісце яблынь у садах схавала ад вока сівую калмаценькую завязь пладоў. Ужо вылупіліся шпачаняты і падавалі з цёмнай глухаты шпакоўняў кволыя патрабавальныя галасы.

Выхадныя — былі пакутаю. Куды пайсці, што рабіць, Марозаў не ведаў, сяброў такіх, каб цікава, культурна правесці час, не было; любая сустрэча заканчвалася чаркаю, пасля якой адзінота станавілася яшчэ болей невыноснаю.

І аднаго дня, у суботу, Марозаў надумаў пазагараць: балазе недалёка ад дома, па другі бок вуліцы, была пустка — роўная, чыстая; на ёй збіраліся пасадзіць парк, ужо ляжаў круглы, як шар, ружовы валун, на якім была высечана назва і дата заснавання парку.

Пустка была жоўтая ад цвету адуванчыкаў; там-сям ужо бялеліся целы тых, што прыйшлі загараць.

Марозаў разаслаў пакрывала на траве, раздзеўся і лёг; разгарнуў газету: нацыянальны алімпійскі камітэт СССР прыняў рашэнне не пасылаць савецкіх спартсменаў на Алімпіяду ў Лос-Анджэлес. «Якія ж яны амерыканскія заправілы, зламыснікі і пустыя галовы, калі нават на спорт пераносяць палітыку!» — Марозаў павярнуўся на спіну; глядзеў у неба — яно было высокае, чыстае і, трошкі затуманенае ружоваю імглістасцю, мяккае.

Пачуў шолах. Метраў за дзесяць — не бачыў, калі прыйшла, — стаяла жанчына, тварам да сонца, і чытала кнігу — вецер гартаў старонкі; чорны, як туш, купальнік кантраставаў з яе белым целам і чамусьці нагадаў Марозаву засвечаныя на фотаплёнцы мясціны. Думкі ад Алімпіяды зноў перанесліся да жонкі: «Як яна там? Буду ісці дамоў, пазваню...»

Можа, з паўгадзіны Марозаў ляжаў нерухома; калі заплюшчваў вочы, на жоўтым фоне скакаў зялёны сілуэт.

У нейкае імгненне яму здалося, што нехта дакрануўся да яго пяшчотнымі пальцамі і паказытаў. Ён прыпадняў галаву: нікога. Што за дзіва?

Зноў заплюшчыў вочы, і зноў нехта прабег па целе цёплымі пяшчотнымі пальчыкамі. У вачах (ад сонца) было мройна, і трава здавалася выцвілаю, бледнаю, як старая, брудная папера. Жанчына трохі воддаль стаяла па-ранейшаму з кнігаю ў руках. Што за дзіўнае адчуванне — далікатныя, кволыя пальчыкі казычуць спіну, шыю, рукі?.. Вочы асвоіліся, і трава зноў стала зялёнаю. І нечакана — Марозаў убачыў у тым баку, куды ляжаў галавою, дзядзьку — ён... касіў. Скінуў з сябе кашулю, быў у майцы, спорна махаў касою — над зямлёй слаўся, плыў пух адуванчыкаў...

Пушынкі краналіся цела і казыталі, і нейкае наіўнае замілаванне найшло на Марозава; ён лавіў іх рукою, здзімаў з далоні, пускаў далей па ветры. Нешта роднае, цёплае адгукнулася ў яго душы, расчуліла...

Дзядзька, мусіць, быў вясковы: худы, жылісты, шыя і рукі да локцяў загарэлыя, аж чорныя, як смаляны корч. Як ён апынуўся, гэты дзядзька, тут? Можа, прыехаў да сына ці дачкі і косіць трусам ці нутрыям траву? А можа, увогуле з бліжэйшае, прыгараднае вёскі. Дачуўся, што тут можна ўкасіць, і прыйшоў. Вунь, здаецца, ці не мяшок, бы камень, бялеецца з травы... Ці, можа, гэта кашуля?

Ядрана, сінявата бліскала каса, і над зямлёю ляцелі і ляцелі белыя пушынкі-парашуцікі... Цененька стукаліся ў газету, акурат крапаў лёгенькі, дробны дождж. Не халодны, а мяккі, цёплы дождж. Марозаў светлымі вачыма глядзеў на дзядзьку з касою, на жанчыну ў чорным купальніку, на зялёную сонечную пустку ў жоўтым цвеце адуванчыкаў...

Адуванчыкі — прыгледзеўся: яны былі блізка, каля самых вачэй — раслі як бы ў тры ярусы: ніжні — жоўтыя мяккія талерачкі кветак, сярэдні — хваліста выразаныя прадаўгаватыя лісты і самы верхні — круглыя празрыстыя галоўкі пуху на лілова-белых таўставатых чаранках; гэты пух, здрыгануты касою, разлятаўся, і вецер нёс яго ўдалячынь — цёплы, светлы, паветрана-лёгкі. І такою ж лёгкаю светласцю напаўнялася ў Марозава душа, і ён адчуў раптам сябе самым шчаслівым чалавекам на свеце: «Дзякуй табе, дзядзька, і табе, цёплы пух адуванчыкаў!..»

З нейкім прыцятым хваляваннем, радаснай стрыманасцю ішоў ён на пошту і думаў, як перажыць яму тое імгненне, калі пачуе (скажа цешча), што жонка нарадзіла сына. Не сумняваўся: першы ў яго будзе сын. З сынам ён будзе хадзіць на рыбу, на футбол... Сын будзе гуляць з гаечкамі і болцікамі — прывучацца да тэхнікі змалку. Інакш Марозаў не ўяўляў, як не мог ужо ўявіць сённяшні дзень без наіўнага, можа, дзіцячага адкрыцця, што пух адуванчыкаў — цёплы.


1987?

Тэкст падаецца паводле выдання: Рубанаў У. Цёплы пух адуванчыкаў: Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1987. - с. 279-282
Крыніца: скан