epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Рубанаў

Дом

Панельны дом быў стары, шэры, а вакол усё яркае і ўрачыстае: астатнія дамы, ліпы і клёны ў маладой зеляніне лісця, кветкі на клумбах, бліскучыя разнаколерныя легкавікі, што выстраіліся каля гаражоў, як на парадзе; з раніцы да вечара міма дома снавалі людзі, яны таксама былі прыгожа апранутыя, адкрытыя, шчаслівыя з твару, і на фоне змрочных сцен ярка кідаліся ў вочы; недалёка ад дома быў дзіцячы сад — адтуль ляцеў звонкагалосы бестурботны перакліч, і рэха яго абрывалася, патанала ў халоднай цемнаце расчыненых пад’ездаў і закратаваных акенцах падвалаў.

Але — некаторага дня каля дома з’явіліся чаны з белай і жоўтай фарбаю, шырокія, цяжкія скрыні-бетонамяшалкі; куча пяску, рыдлёўкі... Каля сцяны выпнулі свае спіны высокія, падобныя на вярблюдаў, сталюгі-мосцікі — стоячы на іх, жанчыны ў шэрых спяцоўках і белых абвязаных укруг галавы хустках асвяжалі фарбаю рамы. Дом быў шасціпавярховы, і каб даставаць да вышэйшых паверхаў, з даху спусцілі на кранштэйнах акуты жалезам насціл.

Дом вачавідкі ажываў, маладзеў — смяяўся.

І я, гледзячы з акна на дом, адчуваў, як святлее ў вачах і на душы, у кабінеце і, нарэшце, на вуліцы. Я быў удзячны будаўнікам, асабліва жанчынам-малярам, пранікся да іх даверам нейкае шчымлівае, дзіцячае замілаванасці.

А ўвечары, ідучы дахаты і абмінаючы дом, раптам убачыў, што тыя гарбатыя сталюгі-вярблюды завалены проста на клумбы, у кветкі. Цяжкія, запэцканыя фарбаю дошкі бязлітасна падмялі пад сябе, уплішчылі ў мяккую зямлю нявінныя галоўкі настурцый, мімоз, браткаў...

І дом адразу перастаў смяяцца — лівень душэўнага абурэння змыў фарбу з рам і сцен, і яны зноў сталі тыя ранейшыя, абшарпаныя і змрочныя.


1987?

Тэкст падаецца паводле выдання: Рубанаў У. Цёплы пух адуванчыкаў: Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1987. - с. 301-302
Крыніца: скан