epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Рубанаў

Гронка рабіны

Не ведаю, адкуль у маіх землякоў гэта традыцыя ахайнасці і чысціні, але ў нашай вёсцы кожны двор мае сваю лазню. У вайну Малінаўка гарэла два разы: як немцы наступалі і як адступалі (апошні раз агонь яе вынішчыў датла). Будавалі людзі хаты, будавалі і лазні. Можа, дзве-тры гаротныя ўдавы, што мелі па плойме дзяцей, не змаглі тады зразу ўзбіцца на лазню — дык яны не маюць іх і да цяперашняй пары.

Мы жылі перш у дзеда — у бацькі майго бацькі. А як пабудавалі сваю хату (я ўжо скончыў школу), стала тут жа пытанне і аб лазні.

Была зіма. Снежная. Таўстыя шапкі-каўпакі ляжалі на слупах, абернутых на частаколлі старых, непатрэбных гарлачах, на шпакоўнях і на ўсім тым, з чаго не мог ссыпацца снег.

Мы з бацькам пайшлі валіць лес на лазню. Я нёс тапор, ён — пілу. Свяціла сонца, ужо каторы дзень, і снег хрумсцеў пад нагамі, крышыўся, і сляды былі блакітныя, як падсіненае шкло.

Мы ішлі ў Дачу — так самі назвалі клін густога спелага сасновага лесу, дзе заўсягды нарыхтоўвалі дровы — як і помню: з году ў год.

Светлымі застылымі фантанчыкамі стаялі між меднаствольных сосен бярозкі. Пры зямлі аплылі снегам, як парафінам усё роўна, маленькія елачкі, кусты лазняку і крушыны. Летам у Дачы шмат багуну, але цяпер яго не відаць з-пад снегу. Ледзь прыметныя пагорачкі лаўжоў.

Мы ламалі сваімі крокамі цнатлівую, белую цішыню.

— Глядзі, — бацька спыніўся: рабіна ў шчодрай бязвольнасці звесіла свае галіны з ярка-пунсовымі гронкамі ягад. Твар у бацькі худы, смуглы, і мне здаецца, што на ім адбіваецца святло ад ягад рабіны. Над кожнаю гронкаю вісела стрэшка — празрыстая ледзяная скарынка: падтаў снег. Цікава: ягады напэўна ж халодныя, а снег растаў, як ад жару.

— Давай пакаштуем, — сказаў бацька. — Мёрзлая рабіна вельмі смачная... — Ён падступіўся да рабіны, крануўся пальцамі гронкі — і галіна зазвінела: звінелі, крышачыся, ледзяныя стрэшкі над ягадамі, падалі на снег і блішчалі там, як кавалачкі слюды. Бацька адарваў тры ягадзіны, буйныя, яркія, з рудымі хвосцікамі; укінуў адну ў рот, астатнія аддаў мне. Я пакачаў іх на далоні, быццам гэта былі не мёрзлыя, цвёрдыя ягады, а гарачыя вугольчыкі. Вялікая сіла — унушэнне: мне і праўда здавалася, што ягадзіны пякуць далонь; яны качаліся па далоні, як шарыкі, стукаліся і разбягаліся...

Бацька стаяў і пасміхаўся з мае забавы. Недзе поблізу ф’юкаў снягір — вялікі аматар зімовых ягад.

— Тата, а чаму ягады рабіны цёплыя?

— Выдумаў...

— Ну як жа! Бачыш, снег над імі растае, — сказаў я і гэтым нечакана паставіў бацьку ў тупік, хоць ён, настаўнік фізікі, шмат чаго ведае.

— Колер чырвоны, разумееш... — сказаў пасля паўзы бацька павольна — гэтым часам прыкурваў папяросу. — Ён дае цяпло... бярэ ў сонца і аддае. Снег, натуральна, растае... І застаецца толькі празрыстая ледзяная скарыначка...

— І яна растане?

— Канечне, растане, бо халодная і яна. Сплыве вадою на ягады... і на зямлю.

Ягады і праўда былі чыстыя, пяшчотна рдзела, аж блішчала, скурка; я доўга з нейкаю глухою ўтрапёнасцю глядзеў на іх, і ці то ад задумення, ці ад фантазіі, што абудзілася бацькавымі словамі, ягады ў маіх вачах пачалі расплывацца... во яны ўжо выраслі да памераў далоні, а потым, бы магутныя крылы, шырока раздаліся ў бакі — і снег увесь вакол убачыўся мне чырвоным і цёплым.

— Ну што, пайшлі далей? — сказаў бацька, здаецца, у яго ўжо дагарэла папяроса.


1985?

Тэкст падаецца паводле выдання: Рубанаў У. Цёплы пух адуванчыкаў: Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1987. - с. 284-286
Крыніца: скан