epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Рубанаў

Люсінка

Люсінцы хацелася кахаць, як і ўсім жанчынам, але, думалася, яна не мае на гэта права. Ды ўсё роўна расхваляванае ўяўленне малявала ёй ціхі закутак, пацалункі і пяшчоту, якія, мусіць, нішто ў свеце замяніць не можа. І яна адчувала, як у вачах пачынае трымцець, а ў грудзях слабее ад незразумелай дрыготкі...

Люсінка сядзела за сталом, калі ў атэлье зайшоў малады мужчына з «дыпламатам» у руцэ. Па тым, як ён адразу разгубіўся, яна зразумела, што гэта — заказчык, і падсунула бліжэй стосік бланкаў. Але мужчына не спяшаўся, стаў чытаць на сцяне вывескі. Яна ўкрадне, раз і другі, кінула на яго пагляд. Невысокага росту, з шырокімі, як у барца, плячыма, але бледны і худы. Вялікія, глыбока запалыя шэрыя вочы глядзелі сумна. Калі ён спытаў хрыплым, густым голасам, ці можна прыталіць сарочку, яна падумала, што ён, мабыць, хворы і, адказаўшы: «Можна», працягла паглядзела ў вочы мужчыне. Напісала на бланку, пад якім хрумсцела капірка, нумар заказа, дату, затым спытала ў мужчыны прозвішча і адрас. Павярнулася, гукнула ў дынамік, што вісеў у яе за спіной на сцяне:

— Несцераўна!

З шырокіх паліраваных дзвярэй, што былі збоч кабін, пранумараваных лічбамі «1» і «2», выйшла маладзіца — у цёмна-сінім сарафане, кароткія рукавы якога не хавалі яе мяккіх белых рук, з даўгою і чорнаю касою за плячыма. Адсунула ўбок дзверцы першае кабіны, паказала мужчыне, каб заходзіў. Ён нерашуча, неяк бокам прасунуўся ў кабіну.

Люсінка чула іх невыразную гаворку, бы знарок прыглушаную, і ёй чамусьці здавалася, што Несцераўна вельмі доўга прымярае. Яна не разумела сябе і баялася гэтага адчування. Адкуль і навошта яно? Ну, была б чарга — тады іншы каленкор: людзі спяшаюцца, няма калі чакаць. А тут... Як быццам ёй не ўсё адно, хутка мужчына выйдзе ці не. Яна, каб не заказ, нават носам не павяла б у той бок. Вунь адвярнулася б да акна ды назірала б, як трапечацца на таполях лісце — цёмнае, мала не чорнае, а блішчыць неяк светла, быццам фольга...

Люсінка так задумалася, што зняцяйкі здрыганулася, пачуўшы шоргат дзвярэй кабіны. Спярша паказалася Несцераўна з сантыметрам на шыі, трохі спагадзя — мужчына; ён трымаў у руках шэрую сарочку. Несцераўна паклала на стол спярэшчаную лічбамі паперку і прымасцілася побач на крэсла. Падышоў і мужчына.

Люсінка пачала спісваць з паперкі лічбы, крайком вока бачачы, як рукаў сарочкі, звісаючы кранаецца стала. Яна магла б і не пытацца, ці доўга насілася сарочка — было відаць і так, — але не ўтрывала, можа, з-за таго, што ёй закарцела раптам зноў пачуць голас мужчыны, і не столькі сам голас, колькі яго тон, які сказаў бы ёй, што думае пра яе мужчына.

— Вы даўно куплялі сарочку?

Мужчына паціснуў плячыма; абыякава, як толькі можна паказаць абыякавасць голасам, прамармытаў:

— Так... Даўно... Ляжала. Я не насіў яе...

Люсінка хмыкнула, незадаволеная абыякавасцю мужчыны, бо ўгледзела ў ёй пагарду да сябе, хоць на самай справе яго бянтэжыла Несцераўна, якая нахабна ела яго вачыма. Мужчына, мабыць, аднаго і чакаў, каб хутчэй пайсці. Ды Люсінка, раззлаваўшыся, спытала яшчэ раз, ужо з большаю настойлівасцю:

— Сарочку вы даўно куплялі?..

Абыякавасць у голасе мужчына, пэўна, хацеў змяніць на незадаволенасць і ўжо сцяў вусны, а ў вачах замігцелі іскрынкі, але стрымаў сябе, нервова выціснуў:

— Відаць жа па ёй, што новая.

«Гэта ўжо занадта!» — падумала Люсінка і ўтупіла вочы ў паперы, каб мужчына зразумеў, што яна яго ігнаруе. І ад таго, што ўсё гэта яна рабіла свядома, у душы спакою не было, бо проці волі ісці заўсёды цяжка, яна гэта ведала, таму і палічыла, што змагацца з сабою, па крайняй меры, бязглузда. Напятая, яна запісала — «знос шэсцьдзесят працэнтаў» — і, рэзка павярнуўшы бланкі, дала мужчыне распісацца. Ён узяў ручку, высока ад пяра, няўважна крамзануў і палез у кішэню па грошы. Люсінка наўмысна маўчала — не называла кошт заказа, мяркуючы, што мужчына спытае, чым і прайграе гэту неаб’яўленую барацьбу нораваў (Люсінцы здавалася, што барацьба ішла). Ды мужчына, не пытаючыся, адлічыў грошы і паклаў іх на стол.

Люсінка зноў хмыкнула, рыўком вышмаргнула бланк. Мужчына ўзяў яго і, не складваючы, павярнуўся да дзвярэй. Пайшоў шырокім крокам, нахіліўшыся ўперад, быццам хацеў як хутчэй выскачыць за парог. Дзверы зачыніў мякка, амаль нячутна.

Несцераўна скрывілася на Люсінку, гарэзліва бліснуўшы вачыма на дзверы, і ўся яе міміка чыталася прыкладна так: было б з-за чаго перажываць. Несцераўна, як і ўсякая прыгожая жанчына, магла тонка падмячаць тое, што было не па нутры не толькі ёй, але й астатнім, хто дамагаўся мужчынскае прыхільнасці. Яна, устаўшы з крэсла, пачала суцяшаць Люсінку, але тая, чырванеючы, адмаўляла сваю цікавасць да мужчыны-кліента: маўляў, не смяшыце людзей, Несцераўна.

Люсінка, застаўшыся адна, пасядзела нейкі час бяздумна, але спакою не было, і яна падышла да акна; паклаўшы падбародак на падаконнік, маркотна глядзела на вуліцу, але бачыла ўсё тыя ж вярхушкі таполяў, скрозь якія прасвечвалася сіняе, чыстае неба...

Яна ледзь дачакалася канца змены. Хоць прыпынак быў ля самага атэлье, яна не села на тралейбус, а пайшла дамоў пешкі: лепш за ўсё ёй думалася ў хадзьбе, на адзіноце.

Асфальт так напякло сонца, якое праз увесь дзень не прытушылася нават воблачкам, што ён здаваўся мяккім, бы падушка, і абцасы туфляў глуха прыпячатваліся да яго. Нізкія кусты язміну паўз тратуар цвілі белымі кветкамі, над якімі пырхалі матылькі і рупліва дудзелі чорныя чмялі — яны, як і людзі, жылі па сваіх законах, якія дазвалялі ім верыць у вечнасць. А яно і праўда: хіба не вечныя на зямлі людзі, гэтыя кусты язміну, матылькі і чмялі?

Люсінка, надта ў апошнія гады, часта задумвалася над тым, што прырода абдзяліла яе нечым вельмі важным і неабходным, без чаго існаванне ў свеце не мае сэнсу.

Яна ўсумнілася ў сабе пасля таго, як пабыла ў бальніцы, куды трапіла са звычайнаю (узімку) хваробаю— застуда, высокая тэмпература. Аднога дня да іх у палату на ложак, які толькі што вызваліўся, прывезлі на калясцы такую ж маленькую, як і яна, Люсінка, карліцу. У карліцы быў страшна белы твар, вочы закрытыя. Жаночую палату на шэсць чалавек тут жа разварушыў таямнічы шэпт: атруцілася. Ля карліцы дзяжурылі дактары — давалі ўколы, мацалі пульс, нечым едкім змочвалі губы, і тады Люсінка бачыла, як у хворай варушыліся ноздры. Калі дактары выходзілі, Люсінка набліжалася да карліцы і ўважліва глядзела на яе прыгожы, асветлены нейкаю нутраною ўзрушанасцю твар — роўныя нітачкі броваў, даўгія начэрненыя вейкі, мяккія, пухлыя вусны...

Нарэшце хворая ачуняла — бліскучымі, прымглёнымі туманком вачыма абвяла палату. Люсінку, якая, седзячы ля стала, чытала кнігу пра Нязнайку і яго сяброў, як быццам не заўважыла. У Люсінкі ў грудзях затрымцела крыўда: праігнаравала і яна, сяброўка па няшчасці... Але крыўда была небалючая, лёгкая, бо разумела ж Люсінка, што карліца калі і не прамінула яе поглядам, дык палічыла за звычайную хворую. Гэта проста яна, Люсінка, так ужо настроілася на сяброўства, што нават самая макулінка няўвагі з боку карліцы здавалася здрадаю ў тым, што павінна іх, няшчасных, яднаць.

Растрывожанай, Люсінцы ўсю ноч сніліся кашмары, яна, мусіць, ускрыквала, бо, калі прачыналася, чула, як звала яе суседка па ложку, Калістратаўна, дабрадушная старая з маленькімі, чырвонымі ад бяссоння вачыма. Люсінцы мірсцілася, што вялізны дзядзька з казлінымі рагамі заместа вушэй і вогненнымі, нейкімі плоскімі, як папяровыя застаўкі ў чучала зайца, якое зрабіў ёй бацька-ляснік, вачыма наравіў ухапіць і панесці яе ў цёмную, ані прасвету, пячору, з якое чуліся незразумелыя (тым, што ў іх не было адчаю) крыкі, стогны, плач... Сэрца ў яе стукала з такою сілаю, быццам яно было цвёрдае, што камень.

А ўранні карліцу прыйшоў адведаць яе знаёмы — таксама карлік. У капелюшы з шырокімі палямі, ён быў падобны на Нязнайку — з такімі ж вялікімі ўсмешлівымі вачыма і блазенскаю, да вушэй, усмешкаю. Яны сядзелі ў калідоры ля акна на лаўцы, абняўшыся, радасна шчабяталі, а то проста моўчкі глядзелі ў вочы...

Назаўтра карлік у сваім шырокім капелюшы зноў наведаўся да хворай, і Люсінка, ідучы ў бытавы пакой, мелькам убачыла, як яны цалаваліся... Ёй стала так страшна, быццам гэтаю падглядкаю выдала немаведама якую тайну, і яна, зашыўшыся ў ложак пад коўдру, моўчанька ляжала там і перажывала. І раптам (яна не помніць, праз які час) яе пляча кранулася карліца і пазвала з сабою ў калідор. Люсінка адразу павесялела і з незалежным выглядам прайшла міма Калістратаўны, якая сядзела на ложку і вязала.

Карліца назвала сябе Жанэтай, адкрыла Люсінцы цэлы свет. Што ёсць нават карлікавы цырк, які гастралюе акурат тут, у іх горадзе, і што яны з мужам — артысты гэтага цырка. Люсінка адно цяпер зразумела, чаму незвычайным здаўся ёй твар карліцы — артысты, яны ўсе з нейкім таямнічым налётам хараства і вытанчанасці. Жанэта пабывала ў многіх гарадах, нават за мяжою, шмат ведала і, бадай, упершыню так блізка адкрыла Люсінцы жаночыя таямніцы, ды не проста жанчын, а іменна карліц. Люсінка не столькі галавою даймала тое, аб чым расказвала ёй новая знаёмая, колькі нутром адчувала, што гэта, мусіць, самая страшная загана ў жанчыны — нямогласць да родаў. Але Жанэта не надта сумавала, і хутка Люсінка пачула ад яе такое прызнанне, што аж холадна стала на душы: быдта ёсць такія лякарствы, якія памагаюць карліцам стаць маці. І вось яна, Жанэта, прымаючы іх, мусіць, перавысіла дозу... А можа, і не ад лякарстваў хапіў жывот, можа, што-небудзь нядобрае з’ела ці выпіла. Ці, можа, зусім (гэта было вымаўлена таямнічым шэптам) «адбываецца перабудова арганізма». Так думае і муж, і цяпер яны жывуць абое вялікаю надзеяй... У нейкі момант Люсінка падумала, што і расказ Жанэты — той кашмар, які абрынуўся на яе мінулаю ноччу.

Цяпер, ідучы з атэлье дамоў, Люсінка іначай і не ўспамінала яго, расказ Жанэты, як кашмарны сон. Аднак тое, што яна ўведала тады пра свой арганізм, не давала ёй спакою, тлуміла галаву, лічы, штодзень і прымушала з цвярозым неспакоем паглядваць на мужчын. У ёй прачнулася і ўпарта заяўляла пра сябе жаданне інтымнага пачуцця і хвалявання. А можа, усё было якраз наадварот? Можа, спярша яе аблытала нераўнадушша да таго шыракаплечага кліента, а затым паявілася жаданне? Строгай мяжы Люсінка не знаходзіла і ад таго пакутавала яшчэ болей.

Ну чаму, чаму яна самая нешчаслівая, чаму не такая, як усе? Здаецца, і бацькі ў яе не горшыя, чымся ў астатніх, — працавітыя вясковыя людзі, і сястра з братам... А вось яна, Люсінка, урадзілася такою недарэкай. Ну хіба ж гэта па справядлівасці, адкажы, бог, калі ты ёсць на свеце? Такім пытаннем Люсінка кроіла сваю душу часта, яшчэ ў школе, калі і парты для яе былі завысокія; і дошку, каб пісаць, даставала адно тады, калі станавілася на табурэтку; і голас ў яе быў не тоненькі, а густы; і на ўроках фізкультуры не магла прабегчы так, як сяброўкі, — шчыгульненька, зграбненька, на пальчыках, як у балеце...

Яна і ў швейнае атэлье пайшла працаваць не па сваёй ахвоце, а па волі лёсу. А што рабіць: вопратку па сабе ў магазіне не купіш. У маленстве, помніцца, маці сама шыла, потым да краўчых вадзіла. Але ж усё жыццё не будзеш слухаць спачуванні ды вохканні незнаёмых людзей, лепш з аднымі пазнаёміцца, прыцерціся да іх і жыць, працаваць, супакойваючы сябе тым, што людзі цікаўныя толькі напачатку.

Люсінка была поўная адчаю, бунтоўных думак і не здзівілася, а толькі пудліва страпянулася ад нечаканасці, калі ў яе перад самым носам з натужным рыпам застыла, аж хітнулася перадком уніз, белая бліскучая легкавушка — шафёр, пажылы мужчына з чорнымі вусамі і сівымі бакенбардамі, не закрычаў на яе, не папікнуў, што сунецца на чырвонае святло, а толькі спачувальна, з нейкаю тупою асуджанасцю паглядзеў ёй услед; і ад гэтага яго позірку (яна яго адчувала, разумела) яе раптам захліснула злосць на самую сябе, хоць было крычы на ўсю вуліцу.

Яна завярнула ў кафэ. Там, пры заслоненых чырвоным аксамітам вокнах, стаяў паўзмрок, іграла музыка, і тэлевізар, што свяціўся экранам у куце на тумбе, здаваўся нямым. Бармэн за стойкаю, з прыкра-ліслівым і пустым тварам, паглядзеў на яе бы на малое дзіця, ажно перагнуўся, каб убачыць яе ўсю, наліў ёй шклянку гранатавага соку. Яна падышла да століка і, стоячы, маленькімі глыткамі адпівала сок — ён быў цёплы, кіслы, з даўкаю гаркавінкаю і перацінаў ёй дыханне. Выпіўшы, яна паставіла шклянку і, збіраючы спінаю здзіўленыя позіркі наведнікаў, выйшла.

Было яшчэ ясна, а сонца мяккае; яго промні кідалі аранжавы водсвет на сцены дамоў, і вокны ззялі аддраенымі латуннымі напарсткамі. На прагулачнай калясцы маладая маці везла дачку, якая, скрывіўшы да пляча галоўку, ціхамірна спала, і ў яе бездапаможна матляліся ножкі. Люсінка ўсміхнулася, нават сорамна стала за свае перажыванні і турботы: так спакойна і добра на зямлі, і гэта ж (як адкрыццё!) не толькі во зараз, гэту хвіліну, а пастаянна, увесь час — сёння, і ўчора было, і заўтра будзе. Правільна Несцераўна кажа: няма чаго перажываць... Але, успомніўшы Несцераўну, яна тут жа зноў прыгадала сённяшняга кліента. І — уявілася раптам — якое бязмернае было б яе шчасце, калі б убачыла зараз яго. Але — гэта адно фантазія, чаго яму тут быць, ля кафэ, у гэтым раёне, калі ён жыве... Яна імгненна аднавіла ў памяці адрас, зарыентавалася: так, гэта, лічы, на другім канцы горада. Тое, што ёй прыйшло ў галаву ўслед за адрасам, ужо не здалося нечым фантастычным, хоць і было мала рэальным, — яна ведае яго імя — Сяргей — і пашле яму пісьмо, прапануе спаткацца. Яна не будзе пакуль тлумачыць, хто ды што, хай ён толькі прыйдзе... Яна ўявіла, з якім трымценнем і бояззю будзе ісці на першае ў жыцці спатканне, у якім толькі і назва што спатканне, а ўсяго таго, што яно за сабою хавае, мусіць, не будзе. Затое ў яе будзе магчымасць паглядзець на кліента, які так перавярнуў ёй душу, і не яго ў тым віна, яна проста сама ўжо даўно жыла гэтым трывожным чаканнем — нешта павінна з ёю здарыцца такое, што прымусіць яе іначай паглядзець і на сябе, і на людзей, і на ўвесь свет. І вось гэта «нешта», здаецца, прыйшло да яе разам з шыракаплечым худым кліентам.

Дома (яна здымала прыватны пакойчык) Люсінка напісала пісьмо, прызначала сустрэчу на сем гадзін, ля кінатэатра. Яна звярнулася да кліента «Сяргей», а не саладжава «Сярожа» ці «Сярожка» — каб не падалося пісьмо легкадумным жартам якой-небудзь закаханай фіфачкі.

З гэтага дня Люсінку ў атэлье ніхто не пазнаваў — яна спявала, смяялася і амаль не выходзіла з кройнага цэха, дзе працавала шмат маладых дзяўчат, ахвочых да вольных размоў і пустой балбатні; яна як быццам напраўду закахалася. Нават Несцераўна здзіўлялася, наглядаючы за ёй, жартавала і падміргвала, гарэзліва матляючы сваёй даўгою чорнаю касою. Люсінка забаўлялася, і ў яе адказах на падколкі ўжо не было тае хваравітае чуйнасці, што раней, і яна з ахвотаю згадзілася падмяніць Несцераўну, калі той надарылася нявыкрутка з другою зменаю — прыехала ў госці свякруха.

Да спаткання было яшчэ тры дні. Люсінка на рабоце і дома часта паглядвала на гадзіннік, і ад гэтага час яшчэ болей доўжыўся. Яна ўжо некалькі разоў прымервала адзенне, у якім пойдзе на спатканне, — лёгкую ружовую блузачку і даўгую, аж да зямлі, цёмна-сінюю спадніцу, якая рабіла Люсінку трохі вышэйшаю — адно кепска, што не відаць ног, і збоку Люсінка, мабыць, падобна на матрошку. Але што зробіш: такая ўжо Люсінка — зусім маленькая. А з твару як быццам і неблагая — яна, седзячы перад люстэркам, разгладжвала пальцам бровы, выпучвала, расшырала вочы, з радасцю думаючы, што яны ў яе чыстыя, пранізлівыя; пакруціла галавою, уяўляючы на мочках завушніцы... Эх, шкада, што не пракалола раней вушы, — даўгенькія, на ланцужку, завушніцы, якія бачыла ў Несцераўны, здаецца, так былі б ёй да твару і пасавалі да яе светлых валасоў, скручаных на патыліцы ў тугі валік. Але не бяда — пасля спаткання Люсінка абавязкова праколе сабе вушы.

Яна прыйшла на паўгадзіны раней. Ля касы кінатэатра стаяла чарга. Люсінка спярша прыстроілася, але, бачачы, як чарга хутка скарачаецца, адышла, каб потым не бянтэжыцца, калі наспее браць білет, які ёй не патрэбны. Яна пакружыла ля рэкламных шчытоў, чытаючы на кожным, што фільм «для дарослых», і гэта раздражняла яе. П’яны балбес у расхрыстанай кашулі, хістаючыся, зачапіў яе нагой, ледзь не паваліў. Люсінка наяршылася, як здзічэлая кошка, хацела накрычаць на п’янага, але падумала, што, можа, ужо прыйшоў Сяргей і недзе стаіць, чакае. Яна аглянулася па баках— не, здаецца, няма, усе людзі занятыя, заклапочаны думкамі.

Стрэлка набліжалася да «сямёркі». У Люсінкі ад хвалявання адпацелі далоні і сталі халодныя, як у лягушкі. Ёй самой было б прыкра кранацца такіх рук. Шкада, што забыла ў спешцы насавічок: гэта ўжо як закон — калі збіраешся куды, абавязкова што-небудзь ды забудзеш.

І вось ужо сем, а Сяргея нідзе не відаць. Яна стаяяла ў куточку, прысланіўшыся да сцяны, і прагна лавіла вачыма кожнага новага чалавека, надта пільна ўглядалася ў таго, хто спяшаўся... Але спяшаліся ў кіно, пачатак якога прыпадаў таксама на сем.

Здавалася, было мора людзей, і раптам стала пуста, і Люсінка засталася адна, як травінка на ўзмежку поля, сіратлівасць якой кожнаму кідаецца ў вока. Дык што ж гэта? Сяргей не прыйшоў? Люсінка заглянула за вугал кінатэатра: і там нікога не было, адно вынюхваў нешта ў пыльнай траве худы чорны кот. Ну куды кінуцца беднай Люсінцы? А гадзіннік паказваў ужо восьмую гадзіну. Ад той жа Несцераўны, якая любіць пахваляцца сваім аўтарытэтам сярод мужчын, Люсінка пачула, што на спатканне раней заўсёды прыходзіць кавалер, а дама, каб праверыць сілу яго кахання, можа нават спазніцца. Выходзіць, Сяргей не прыйдзе? А чаму? Няўжо ён безуважны да тых, што яго кахаюць? А можа, ён не атрымаў пісьмо, можа, яна, Люсінка, наблытала што-небудзь у адрасе? Зажураная, Люсінка пайшла на прыпынак тралейбуса.

Назаўтра Люсінка пераглядзела свае запісы ў бланку — не, адрас яна ўказала правільна. Дык што ж гэта робіцца? Чалавеку прызначылі спатканне, а ён не прыйшоў. Хіба так можна? Хіба не думаецца яму, што нехта яго чакае, перажывае і богведама што можа зрабіць з сабою? А мажліва? У Люсінкі, здаецца, прамільгнула здагадка: можа, ён захварэў зноў, быў жа нейкі нездаровы на выгляд, і цяпер у бальніцы, і яе пісьмо не трапіла яму ў рукі. Але ж не адзін ён жыве, хто-небудзь абавязкова перадаў бы яму пісьмо. Ад нервовае напругі ў Люсінкі расколвалася галава, і ўсе ў атэлье цяпер зноў не пазнавалі Люсінку: была вясёлая, лёгкая, як адуванчык, а стала зажуранаю, замкнутаю, зласліваю, як засілкаваны звярок.

Яна зусім разгубілася, калі, пасля выхадных, убачыла, што Сяргей забраў сваю сарочку. Ну трэба ж, акурат у той дзень (раней тэрміну), у які не працавала Люсінка. Яна паспрабавала дапытацца, хто прыходзіў па заказ пад нумарам дзвесце трыццаць пяць, але ніхто, і нават Несцераўна, не ведаў. Яно і праўда: хто гэта запомніць, калі за дзень у атэлье пераварочваецца не менш як сотня людзей.

Значыць, ён! Ён сам забраў сарочку, і нічога ён не хварэе, ён проста чэрствы, бессардэчны чалавек, эгаіст, якіх трэба караць! Люсінка стаяла ля акна і выцірала слёзы, яе вочы былі чырвоныя і сумныя, як восеньскі ліст.

Потым хапілася пісаць другое пісьмо, зусім кароценькае — жорсткае, абвінаваўчае. Але адно паклала перад сабою чысты аркуш паперы, як сэрца яе пачало астуджвацца, мякчэць. Сапраўды, дзівачка яна, чаму так узбурылася, яна не мае права на гэтага Сяргея, ён жа не сябар ёй і не каханы, каб патрабаваць ад яго чуласці, узаемнае згоды. Ён нават і сніць не сніў, хто яму напісаў. Дый сур’ёзны чалавек не адклікнецца, не пабяжыць на першую прапанову невядома каго, за жарт усё прыме: пайдзі, падумае, абсмяюць, можа, нават і сябры задумалі пацвяліцца.

І Люсінка зноў напісала спакойнае, ураўнаважанае пісьмо, хіба што з маленькаю горыччу, маўляў, чакала, а ты не прыйшоў. Зноў прапанавала сустрэцца на тым жа месцы і ў той жа самы час.

І на спатканне выправілася ў той жа самай адзежцы, што і перш, толькі прычоску змяніла — распусціла на плячах валасы — і густа наклала цені пад вачыма, бо пад імі засінеліся кругі.

Сяргея не было, але яна ўбачыла высокага хлопца, які стаяў плячыма да сцяны. Не, гэта не Сяргей. А можа, Сяргей паслаў заместа сябе сябра, каб той спярша выведаў, хто гэта разыгрывае яго? Можа, ён, Сяргей, занадта далікатны і асцерагаецца такіх жорсткіх штучак? Пакуль Люсінка так разважала, ужо і хлопец некуды знік, а сямі гадзін яшчэ не было. Значыць, ніякі гэта не сябар, бо да сямі гадзін ён пачакаў бы абавязкова. І тут Люсінку быццам аглушыла: ну, канечне ж, ён, Сяргей, ведае, хто яму прызначае спатканні! Па почырку пазнаў — ён жа тады, як распісваўся на бланку, угледзеў, колькі каштуе заказ, а значыць, і почырк запомніў. Так, толькі так! Люсінка не сумнявалася, што нарэшце праясніла ўсе здагадкі. І па заказ ён наўмысна раней прыйшоў, каб не сустракацца з ёю, Люсінкаю. Смеху, канечне, варта — думаць, што ён прыбяжыць да яе на спатканне. Ідыётка нейкая, падумае.

Люсінцы стала прыкра і балюча, што Сяргей так проста разгадаў яе тайну, сорам паліў ёй грудзі; з кашмарнаю цяжкасцю ўяўлялася, што ёсць у горадзе чалавек, мужчына, які ведае, што ў яго закахалася карліца і невядома чаго дабіваецца. Люсінцы цяпер здавалася, што ўжо нічога ў цэлым свеце не суцешыць яе, яна ўвесь час будзе жыць у гэтым нязносным самакатаванні — найгоршае для сябе ўявіць было немагчыма. Дык навошта так жыць?

Яна пайшла за горад, да ракі, адхіляючыся ўправа, дзе, ведала, крутыя берагі. Але яшчэ здалёк убачыла, што каля ракі шмат людзей, голых і апранутых, па вадзе з ровам носяцца маторкі. Тады яна ўспомніла мост цераз пуці. Падымецца па сходцах наверх, дойдзе да сярэдзіны і... Але прыйшло на памяць, парэнчы высокія, і пакуль яна будзе караскацца, яе затрымаюць: за гарэзлівае дзіця палічаць. А трэба так — каб адразу. Думкі ў яе мітусіліся смелыя і адчайныя, бы ў той гераіні фільма, які нядаўна глядзела па тэлевізары. Люсінка нават параўнала сябе з ёю — нешта ў іх становішчы было агульнае. Дзякуй табе, Анна Карэніна! Ты падказала мне — цягнік. Яна борздзенька пабралася па адхоне, каб адразу лучыць на вуліцу, ад якое блізка да чыгункі. Запыхалася, умлела, і ногі слаба неслі яе. А тут яшчэ на дарозе сустрэла бабульку — тая запынілася, спытала, дзе гэта Зялёная вуліца. Люсінка не ведала такой вуліцы. Бабулька стала паясняць, што там жыве яе дачка, і яна сама там некалі жыла, ды во забылася. Люсінка нічым не магла памагчы бабульцы, адно параіла спытаць у каго тутэйшага, але далей ужо ішла, адчуваючы, як нейкая невыразная пакуль думка пачынае тлуміць галаву. Ціш-ш! Люсінка прыступілася. Здаецца, дарэмна яна страціла надзею. А чаму з ім, Сяргеем, не магло быць так — проста назваў не свой адрас ці наогул абы-які, каб толькі запоўніць графу? І пісьмы яе недзе лётаюць, як бязглуздыя матылькі, бо зваротны адрас яна, вядома, не пісала. А ў лепшым выпадку, іх нехта атрымлівае і рве, але і ў яго павінна ж быць сэрца, некалі яно растопіцца, і ён перадасць Сяргею пісьмы, якія яна будзе слаць і слаць...

Люсінка напісала трэцяе пісьмо і праз тры дні такая ж прыгожая, як і першыя разы, прыйшла да кінатэатра і... Сяргей стаяў у шэрай сарочцы, якую прытальваў, трымаў у руцэ кветкі. Яго вочы разгублена бегалі, шукалі, гатовыя ў любую хвіліну прывеціць кожнага, хто падыдзе. Твар яго Люсінцы здаўся яшчэ болей бледным, чымся тады ў атэлье. Яна замерла на месцы, стаіла дыханне і баялася варухнуцца. Сяргей раз-пораз паглядваў на гадзіннік, і тут жа азіраўся па баках, акурат баяўся прапусціць імгненне, у якое з’явіцца тая, што закахалася ў яго.

«Прыйшоў!..» — салодкае цяпло ўскалыхнула Люсінцы грудзі, яна адчула, як ёй на вочы накаціліся слёзы, — пачаў туманіцца, ірвацца на кавалкі свет... Здалося раптам, што Сяргей прапаў. «Ой!..» Яна працерла вочы — не, ён стаяў у ранейшай позе, і неспакой рук, што трымалі кветкі, выдаваў ягонае хваляванне. «Бедненькі...» — пашкадавала Люсінка і, разгубленая, спынілася блізка ад Сяргея, але ён не звярнуў на яе ўвагі, акурат яна не чалавек, а голая сцяна, на якой няма за што зачапіцца вачам. Чымся бліжэй было да сямі гадзін, тым больш нерваваў Сяргей, саступіў з месца, прайшоўся ўзад-уперад, глянуў уздоўж па вуліцы. Да яго ніхто не падыходзіў і, як відаць было, не збіраўся. Гэта Люсінка, гэта яна адна вінавата, што да яго ніхто не падыходзіць. Яна бачыла, як ён, уздыхнуўшы, апошні раз глянуў на гадзіннік і спакваля, азіраючыся, пайшоў...

Люсінка хацела крыкнуць яму наўздагон — пазваць, але ў яе адняло голас, а з грудзей вырваўся слабы стогн. Яна ступіла крок, потым падалася назад, адчула спінаю газетны кіёск. Не павярнулася — баялася ўпусціць з вачэй Сяргея, постаць якога меншала, а потым і зусім згубілася сярод людзей.


1985?

Тэкст падаецца паводле выдання: Рубанаў У. Цёплы пух адуванчыкаў: Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1987. - с. 229-240
Крыніца: скан