epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Рубанаў

Пастушок

Карова не хацела выходзіць з хлява, круцілася, станавілася задам у кут, угінала галаву. Вася злаўчыўся і сцёбнуў яе хлудам па крыжы — яна здрыганулася і нехаця выйшла з хлява.

У акно глядзела маці, трымаючы на руках маленькую Кацьку, якая смяялася і махала ручкаю.

Вася выгнаў карову з двара на вуліцу. Карова ўжо ведала, што трэба ісці па сцежцы да Сажа. У ружовым тумане далёка за тым берагам стаяла сонца. Па вуліцы нізка над зямлёю праляцела, трывожна цвіркаючы, сітаўка, быццам за ёю гнаўся коршак ці спудзіў збродлівы кот. Раней сітавак шмат вялося ў саламянай страсе старога калгаснага гумна, але немцы, наступаючы, яго спалілі, і сітаўкі рассеяліся; дзе іх цяпер гнёзды — Вася не ведаў.

Сітаўка паляцела ў канец вёскі, а карова звярнула на сцежку, абапал якой ляжалі чорныя, як вужы, рабрыстыя галавешкі — засталіся ад частаколу. Вёска стаяла на пагорку, і зямля як бы штурхала Васю і карову ў ногі.

Адразу за сядзібамі пачынаўся лужок, на ім відаць былі ямкі ад мін — глыбокія і круглыя, быццам гіганцкія сітаўчыны гнёзды. Над Сажом плыла пара, акурат над вуліцаю дым, калі нямецкія самалёты бамбілі вёску. На вадзе, каля саменькага берага, ляжалі шырокія жоўта-зялёныя, як расплясканыя пілоткі, лісты гарлачыкаў.

Вася пагнаў карову ў Сад — каля яго Сож мелкі і карову можна перагнаць на той бок: там болей травы, не так здратавана зямля. Садам называюць месца, дзе раней быў памешчыцкі маёнтак, а цяпер стаяць дзве крывыя напаўзасохлыя яблыні-карчамяжкі ды куст здзічэлай грушы, да якога і паткнуцца боязна, так натапырыў чорныя, бы ў вожыка, іголкі.

Карова цмакнула вады, паглядзела тужлівымі вачыма на вёску, на Васю: нешта яна і праўда сёння як нежывая, а маці сказала б — «як мялля». Вася кінуў у ваду хлуд, і ён паплыў уніз па цячэнні, туды, дзе ўставала сонца. Зняў чаравікі і, звязаўшы шнуркі, павесіў на шыю; закасаў калашыны. Вада была цёпленькая, бы нагрэтая, а пясок на дне халодны: не ісці б па ёй, а плыць — легчы на спіну і лёгенька падварушваць пальцамі, глядзець у сіняе неба. Вася ўжо забыўся, калі яно было сіняе, апошнім часам то чорнае, то цьмяна-ружаватае, як там вунь, дзе цяпер стаіць сонца. Калі яно ўжо выбавіцца з гэтае вязкае смугі?

Босы, Вася ідзе і накульгвае: на правай назе ў яго няма вялікага пальца — адсек. Калоў дровы і адсек. Размахнуўся сякераю — жах! — ад цурбака адкалоўся аскепак, і сякера лучыла якраз на нагу...

Карова перайшла Сож, пастаяла на беразе, чакаючы, пакуль выйдзе з вады Вася. Махнула хвастом і пачала скубці траву: прыцісне мызу, языком лізь, лізь — захіляе траву сабе ў рот, сціскае сківіцамі і адрывае. На беразе трава рэдкая, наедак невялікі, і карова пайшла ў лагчыну; Вася глядзеў на яе вытырклыя вострыя маслакі на спіне, шкадаваў карову: і ёй, беднай, нялёгка, ні пойла не пасуліць маці, ні бульбачкі ці буракоў не дасць — самім няма чаго есці.

У лагчыне трава была вышэйшая і гусцейшая, і карова завінулася хадзіць. Вася пайшоў да кустоў вербалозу, там цікавей, можа, гняздо сітаўкі знойдзе ці страказу якую зловіць — усё-ткі забава. Сонца паднялося, і на траве заблішчала халодная раса. У прагале сярод вербалозу стаяў тоўсты альховы пень, у ім было дупло, здалёк яно чарнела цьмяным круглым, як у цыклопа, вокам. Раптам вока стала чырвонае — Вася сумеўся, а потым убачыў, як з дупла выскачыў імклівы светла-рудаваты звярок з белаю палоскаю на горле і шмыгануў у высокую густую асаку.

Што ён там рабіў, у дупле? Няўжо аблюбаваў сабе на хатку? Пень блізенька, можа, метраў пяць да яго, а не падыдзеш, бо акурат з гэтага боку перад ім такая прорва, што дна не відаць, вада аж сіняя, ступі — і толькі бурбалкі пусціш. Да пня можна дабрацца з другога боку, абышоўшы кусты, там цвёрды сухі пагорак. Вася думаў: ісці ці не ісці. З кіламетр трэба даваць круг, а раптам карова куды забрыдзе. Ён глянуў на карову. Яна спакойна скубла траву, і гэта надало яму рашучасці: так хацелася ўведаць, што рабіў у дупле звярок.

Ён павесіў на калок свой пінжак, каб карова нюхам адчувала, што пастух тут, і, падскокваючы, пабег паўз кусты. Як усё-ткі прыемна, калі даеш нагам волю,— здаецца, радасць гоніць цябе на край свету. Вася ўжо забыўся, калі адчуваў сябе радасным і бестурботным, усё пад страхам ды пад страхам, прыбіты, аглушаны.

Ён сцішыў бег, прыслухаўся: ці не людскія галасы? А можа, здалося, можа, у парыве імклівага лёту пачуўся бацькаў голас, адтуль, з далёкага фронту, ці голас сябрука Пецькі, што падаўся ў бежанцы... Здаецца, у кустах бубнелі мужчыны, глуха, як пад зямлёю. Вася перайшоў на мяккі, ціхі, бы ў ката, крок. Што за людзі? Можа, хто з тутэйшых косіць у кустах асаку? Ці пруцце на кошык рэжа... Некалі да вайны Вася разам з бацькам хадзілі сюды плесці кошыкі, пруцце тут доўгае, гнуткае, што лыка, хоць завязвай на вузел.

Вася спрытна, як той светла-рудаваты звярок, пашыўся ў кусты, прыгінаючыся нізенька да зямлі. Пад нагамі патрэсквалі сучкі, і ён сцінаўся ўсім целам. Уперадзе ён згледзеў вострую кучачку белага сырога пяску, а далей яшчэ і яшчэ... Сэрца моцна застукала ў грудзях: не косяць тут і не плятуць кошыкі, а капаюць, мусіць, акопы. Ён успомніў, што чуў, як увечары за Сажом гурчалі машыны. Толькі чые, нашы ці нямецкія? Ён падкраўся да бліжэйшай кучачкі і, выглянуўшы з-за яе, убачыў у нізовінцы салдат у зеленавата-рудым плямістым адзенні. Гэта былі немцы, яны сядзелі на шэрай падсцілцы кружком і гулялі ў карты; каля іх стаялі буданчыкам карабіны са штыкамі, а крышку далей — удзяўбнутыя ў зямлю рыдлёўкі з кароткімі чаранкамі.

Вася адчуў шчакою сыры халодны пясок, які чамусьці смярдзеў жабамі. Сэрца ўжо не стукала, а здавалася, спынілася зусім. Ён нячутна, як вуж, слізгануў назад і, не разгінаючыся, пабег ад гэтых вострых белых кучачак пяску.

Вася не бачыў, за што ён зачапіўся, але адчуў, што ўжо не бяжыць, а ляціць над зямлёю; паспеў адно выпрастаць рукі — і зарыўся носам у густую шорсткую асаку, якая паласнула па твары, як брытвачкаю. І той жа міг блізка ў кустах ён пачуў злосны лямант. Нехта ўжо ламаўся, бег да яго. Не паспеў Вася падхапіцца, як над ім навіс раз’юшаны немцаў твар — аскалены рот, загнутае пад пілоткаю вуха, маленькія шэрыя вочы глыбока сядзяць пад чырвонымі, як мяцёлкі змяінага драсёну, брывамі. Немец хапіў Васю за каўнер, і каўнер той астаўся ў ягонай руцэ. Немец кінуў яго ўбок, тузануў Васю за руку.

— Хальт! Фо! Фо! — паказваў на вушы і на сіненькі дрот, які ляжаў на зямлі.

На Ваневым твары чырвонаю расою выступіла кроў. Немец трос яго за руку, штурхаў у плечы: дапытваўся, хто такі. Вася зразумеў, што хоча ад яго немец.

— Я... — паказаў пальцам у той бок, дзе пасвілася карова. — Там...

Немец пацягнуў Васю зноў да тых белых кучак пяску, за адной з якіх ён толькі што ляжаў. Чэпкімі цвёрдымі пальцамі немец ашчаперыў Васю за шыю, як пеўня, пацягнуў за сабою. Немцы, што гулялі ў нізовінцы ў карты, павярнулі да іх галовы; адзін, без каскі, устаў, расставіўшы шырока ногі, чакаў іх.

Ад моцнага штуршка ў патыліцу Вася паляцеў на брызент, у самую сярэдзіну круга, што замыкалі немцы-карцёжнікі. Нехта нагою спіхнуў яго з брызенту.

— Хто ты ест? — спытаў немец, што стаяў.

— Я... там, — зноў паказаў Вася туды, дзе за кустамі пасвілася карова.

— Там ест люды?

— Не-е, — Вася закруціў галавою. — Карова...

Немец нешта сказаў па-нямецку, кіўнуў галавою ў той бок, куды паказваў Вася.

Два немцы з куртатымі чорнымі аўтаматамі на грудзях падхапіліся і папёрлі Васю перад сабою.

— Шнэль! Шнэль!

Карова скубла траву на тым жа месцы, дзе Вася і пакідаў. На пінжаку, што вісеў на калку, сядзела сітаўка і, патрэсваючы хвастом, цвіркала. Убачыўшы людзей, яна ўспырхнула і, прыпадаючы нізка да зямлі, неяк рыўкамі паляцела прэч. Карова шумна пацягнула ў сябе паветра, аблізнула языком бліскучую, ружовую, у чорных канаплінах мызу.

— Тфой? — Немец наставіў аўтамат на карову.

Вася кіўнуў галавою, насупіўшыся ад горычы, якая апякла душу, калі зразумеў, што немцы забяруць карову.

Немец аўтаматам і кіўком галавы паказаў Васю на кусты: гані туды.

Карова, нейкая ўся скасабочаная, настаўбурчаная, нюхала і нюхала паветра, якое несла ёй брыдкі пах чужынцаў. Вася стаяў бы ўкапаны, і немец упёр яму між лапатак цвёрдае дула аўтамата, крутнуў, сцёршы на пазванку скуру — зашчымела ад потнай кашулі.

Вася падышоў да каровы і ляпнуў далоняю па яе рабрыстым баку. Карова здрыганулася, матлянула галавою, і кончыкі яе вострых рагоў бліснулі, як цвікі.

— Пайшла! — Вася ляпнуў карове па шыі. Карове загадваў гаспадар, і яна паслухалася. Немцы ішлі з бакоў, трымаючы напагатове аўтаматы. Перад самымі кустамі карова аглянулася: ці туды гоняць? І ў яе вачах, фіялетавых, глыбокіх, бы вада ў прорве, Вася прачытаў трывогу і насцярожанасць. Рагамі карова счэсвала лісце на кустах, высокая асака блыталася ў нагах, вырывалася і засядала ў развілцы капытоў.

Немцы ў нізовінцы ўжо не гулялі ў карты, іх там пабольшала, яны мітусіліся, падавалі каманды; пад нацягнутым над зямлёю брызентам дымілася вогнішча.

Карова сагнула галаву, павяла рагамі. Немец тыцнуў ёй у вымя аўтаматам, ударыў нагою пад бруха. Карова рванулася, збегла ў нізовіну.

Вася сцяў кулакі, ледзь стрымаў сябе, каб не кінуцца на немца.

Немцы загергеталі, бы гусі, абступілі карову, упіралі ёй у сцёгны пальцы, крывіліся: «плёхо». Карова стаяла, скасавурыўшыся, выкаціўшы бялкі ў тоўстых чырвоных жылках. Яна чула сваю смерць.

Раптам немцы расступіліся перад рыжым пузаном; рукавы яго чорнай бруднай кашулі былі закасаны, у правай руцэ ён трымаў доўгі нож з глыбокім равочкам пасярод ляза. Пузан асцярожна пацягнуўся да каровы рукою, але яна чмыхнула, падалася назад, і тады ён, надзіва спружыніста, як рысь, скочыў да яе, хапіў за рог і ўдарыў нажом зверху ў галаву. Карова мыкнула і ўпала, як падкошаная, на траву; заднія ногі выпраміліся, як частаколіны, а вочы былі адкрытыя, цямнелі з кожнаю хвілінаю, быццам адлюстроўвалі ў сабе навальнічную хмару, якая набліжалася і гусцела. Немцы зарагаталі, агідна выскаляючы зубы. Вася глядзеў на іх, і вочы яго наліваліся слязамі і нянавісцю. Рыжы таўстун замахнуўся зноў нажом і ўсадзіў яго ў шыю ляжачай, ужо нерухомай каровы... Васю здалося, што нож прайшоў і яму скрозь сэрца — разануў па грудзях боль. Вася кінуўся на плечы таўстуну, але яго падхапілі дужыя рукі тых, што абступілі карову, і адкінулі ўбок.

— Вэк! Бістро! — На яго глядзелі чорнымі вочкамі некалькі аўтаматаў.

«Гады!..» — нема пракрычала ўся Васева істота, ад пятак да кончыкаў цёмна-русявых мяккіх валасоў. Ён устаў і, сціскаючы ад бяссілля кулакі, пайшоў накульгваючы праз кусты да Сажа. Адчай выдзіраў з грудзей сэрца: не ўратаваў, аддаў немцам карову. Што скажа маці? Чым цяпер карміць маленькую Кацьку? Ён, адзіны мужчына ў сям’і, падвёў і маці, і Кацьку... Бацька прыйдзе з вайны, пасмяецца: «Эх ты, Вася, я думаў, ты смелы!..» Нясцерпна пяклі-шчымелі парэзы на твары, Вася адчуваў, як шэрхне, сцягваецца скура — засыхала кроў.

Скрозь кусты прыбярэжнага вербалозу бліснуў Сож, але Вася не абрадаваўся: гора скавала яго ўсяго, апляло сваімі чорнымі, як п’яўкі, халоднымі прутамі.

Вася выйшаў да Сажа — далёка адхіліўся ад вёскі, тут глыбока, не пярэйдзеш, трэба забіраць управа, але глянуў на процілеглы бераг і ажно прысеў. З высокага крутога пагорка, белага ад рамонкаў і падсіненага смугою, спускаліся да вады вайскоўцы. Іх было шмат — у касках, у пілотках, а то і зусім з голымі галовамі. Некаторыя ўжо стаялі ў рацэ, бралі прыгаршчамі ваду, плёхалі сабе на твар, на грудзі пад гімнасцёрку. Хто гэта? Няўжо зноў немцы? Дамовіліся і ідуць на сустрэчу з гэтымі абжорамі, якія толькі што забралі карову. Вася ўвесь наструніўся, і вушы яго чуйна ўлавілі слабы за далёкасцю голас: «Станаві-і-сь!..» Нашы! Нашы, рускія! Ён навастрыў не толькі вушы, але і вочы — і распазнаў на касках чырвоныя зоркі. Чырвонаармейцы!

Несусветная радасць абвалілася на Васю, ён, бы юла, крутнуўся на пятцы. Ура!!! Нашы! Яму хацелася кінуцца да іх, павіснуць у каго на шыі, расказаць пра сваю бяду, пахваліцца, што і яго бацька ваюе... Але ж не бухнешся ў вір, трэба бегчы туды, дзе мелка... І ён, не спускаючы вачэй з таго берага, зрабіў ужо некалькі крокаў, але ўбачыў, што чырвонаармейцы цягнуць у ваду невялічкія плыты — блішчыць жоўтымі галоўкамі масла свежазрэзанае дрэва. Куды яны? Сюды? Тут жа немцы! У Васі падкасіліся ногі, як бы зарыліся глыбока ў пясок, не беглі і не ішлі. Тыя ж гады зусім блізка ў кустах! І чырвонаармейцы акурат напорацца на іх. Дабегчы да Сада і там перайсці Сож ён не паспее. Пакуль яшчэ па тым беразе дабяжыць...

Вася рвануў з сябе кашулю — два апошнія гузікі, якія не вырваў немец, пстрыкнулі ў траву, бы тыя конікі.

— Гэ-э-эй!.. — закрычаў Вася, ступаючы ў ваду і махаючы над галавой кашуляю. — Не трэба сюды! Тут немцы! Гэй-й-й!..

Ягоны звонкі голас панёсся над вадою не ціхалётнаю сітаўкаю, а імкліваю ластаўкаю-берагавушкаю і там, на далёкім беразе, упіўся ў вушы чырвонаармейцаў. Яны перасталі мітусіцца.

— Гэ-гэ-э-эй! — Кашуля, як прапелер, матлялася над галавою ў Васі. — Не ідзіце сюды! Тут немцы!!!

Чырвонаармейцы замерлі, як бы не верачы ці пільней прыслухоўваючыся.

— Не-е-емцы! Тут немцы!..

Вася ўбачыў, як чырвонаармейцы, пакідаўшы плыты, дружнаю хваляю адкаціліся за пагорак і заляглі — блішчэлі ў рамонках каскі, і чырвоныя зоркі на іх таксама здаваліся Васю кветкамі. Абрадаваны, ён азірнуўся і кінуўся далей у ваду, але з кустоў у гэтае імгненне гарачым струменем секанула аўтаматная чарга — і зоркі на процілеглым беразе рвануліся з рамонкаў у неба і рассыпаліся ва ўсе бакі чырвонымі, як кроў, сітаўкамі...

Некалькі фашыстаў выскачылі з кустоў і ў ашалелай азлобленасці паднялі на штыках мокрае, ужо бяздыханае Васева цела.

* * *

Я неаднаразова чуў ад старэйшых людзей, у тым ліку і ад сваёй маці, гэты расказ пра маленькага пастушка, які выратаваў нашых салдат. Але ніхто не ведаў, што гэта за хлопчык, адкуль ён? Можа, з бежанцаў? А можа, з якой недалёкай вёскі?

Ягоная самаахвярнасць узрушыла мяне, яшчэ ў дзяцінстве цяжарам незразумелай віны лягла на душу, і я адчуў нейкую палёгку вось толькі цяпер, калі напісаў гэтае невялікае апавяданне.


1987?

Тэкст падаецца паводле выдання: Рубанаў У. Цёплы пух адуванчыкаў: Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1987. - с. 294-301
Крыніца: скан