epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Рубанаў

Рэнька

Баяўся аднаго: каб не думалася, што я зрабіў гэта па нейкім меркантыльным разліку.

Яе маці жыве ў адным завулку з маёй цешчаю; завулак неглыбокі, метраў на сто, але даволі прасторны, хоць і абціскаюць яго з бакоў шчытныя зараснікі сліў і вішань. Яна, маці, запала ў памяць і вока з часу майго вяселля — тым, што сказала, быццам я, з барадою, падобны на маладога М. (вядомага на ўвесь свет філосафа). І хаця я свайго падабенства з М. не знаходзіў, чуць такое ад чужога і шчырага (не толькі ад хмелю) чалавека было прыемна. Што зробіш — у кожнага такі грэх: свядома ці падсвядома лічыць сябе за вялікага.

Дык вось, у гэтае жанчыны ёсць дачка, Рэнька, пра якую, яшчэ не бачачы, многа чуў, і пра яе мужа таксама — аднаго дня, калі я гасцяваў у цешчы, Рэньчына маці прынесла кітайскі ліхтарык, каб я наладзіў яго; ліхтарык быў спраўны, проста «селі» батарэйкі, і тады я падумаў, што жанчына, мабыць, захацела са мною пагаварыць і знайшла прычыну сустрэцца. І ўся яе гаворка звялася да зяця — не магла нахваліцца і сто разоў паўтарыла, што ён «бальшэй майсцер» і, калі б прыехаў, «пачыніў бы хванарык адным пальцам».

Не трэба назолаю лезці ні ў беды, ні ў шчасце людзей, бо і тое і другое адноснае і ў кожным выпадку «избирательное» — заканамернасці не выведзеш. Скептыцызм — не такая ўжо кепская якасць, але я асабіста свята веру ў дабрату і ва ўсё астатняе, што ў чалавеку ёсць харошае. А ёсць у ім шмат чаго, неймаверна болей, чымся мы можам меркаваць па сабе.

Не лез я з роспытамі і тады, калі жонка, ярая праціўніца гасцей, надзіва мне, якое, можа, калі-небудзь праясніцца, дамаглася, каб Рэнька, едучы з дзецьмі да маці, перш пабыла ў нас. Жонка сустрэла яе на вакзале і на таксі прывезла на кватэру.

У Рэнькі было трое дзяцей — ужо вялікі (першакласнік) сын і двойня — паўтарагадовыя хлопчык і дзяўчынка.

Я адчыніў дзверы і, павітаўшыся, узяў у Рэнькі з рук дзіця — лёгенькае, як трэсачка; тварык быў бледны, нейкі ацесліва-мучны, а вочкі, замглёныя блакітнаватасцю, слязіліся — мабыць, з марозу.

Чалавек усё жыццё здзіўляецца; Рэнька здзівіла мяне тым, што не была, як чакалася, флегматычна-зажураная; рэзвая, шустрая і — як у нашай вёсцы кажуць — у целе, даволі тугая і ружовая з твару, яснавокая, яна прынесла з сабой жыццярадасны дух. І так непасрэдны ў адносінах з людзьмі любой пасады і рангу, я разумеў, што з Рэнькаю трэба паводзіць сябе як прасцей, па-свойску, і ў мяне гэта без натугі атрымлівалася.

Рэнька — удава: яе муж, украінец, казалі, нібыта зусім не піў, страшэнна кахаў жонку, паўгода назад загінуў — ехаў на матацыкле па малако (тым болей трагічна) і ўкляпаўся ў прыдарожную сасну. Людзі з яго работы, з «Сельгастэхнікі», сабралі «складчыну» і купілі Рэньцы туфлі; не забываюць...

Жонка таксама ператрэсла залежы адзення — калготкі, штонікі, кофтачкі, — з якога вырасла наша дачка, і аддала Рэньцы; а таксама — новы, няношаны світарок. Мне чамусьці было сорамна за гэты сціплы падарунак; мяне пастаянна точыць-муштруе думка, што я, хоць і не такі ўжо багатыр, жыву лепш, дастатней, чымся нехта, а такога не павінна быць: у свеце яшчэ галадае шмат людзей — паказвалі па тэлебачанні сальвадорскіх дзяцей-дыстрофікаў — напраўду, скура ды косці. Проста цяжка, жудасна, немагчыма ўявіць сабе маці, у якой дзеці просяць есці, а яна не мае што ім даць.

Калі я не паміраю з голаду сам, я гатовы дзяліцца апошнім — і гэта ў чалавеку звычайная якасць, — але я, мусіць, буду жорсткім эгаістам, калі мая дачка будзе хaваць сасмяглым ротам, — я тады не змагу думаць пра іншых, свет у мяне звузіцца ў кропку — да галоднае дачкі. Няўжо звузіцца?

Я ніколі не закалыхваю сябе думаннем, што не раблю нікому зла, дык і добры. Лухта! Добрым можна быць адно робячы добрае людзям.

Рэнька за бяседаю, акропленаю сухім віном, расказала жонцы, што да яе набіваецца ў жаніхі, «у чоловікы», халасты хлопец: прыносіць кветкі, гуляе з дзецьмі — старэйшы разумее, а маленькія паказваюць пальчыкам: «па-па». Хоць плач. «Шчо він знайшыў у мінэ?..» — Рэнька гаварыла на ўкраінскі манер.

Жанчыны рэдка бываюць сціплыя, калі ацэньваюць сябе. Рэнька, даруй за мужчынскую адкрытасць: ты глянь на сваю нагу, сакатуха; стань перад люстрам — мабыць, заваленая клопатамі, ты пахавала ўжо сябе як жанчыну. А ты ж дыхаеш жаноцкасцю як тыя кветкі, што прыносіць табе жаніх, водарам. Нягледзячы ні на што.

Рэнька спавядалася, а старэйшы хлопчык, Багданка, раўніва, з глухою зацятасцю сачыў за ёю. Пра што ў гэты момант думалася яго дзіцячай і ўжо такой дарослай галаве? Маленькія, «маковы зернынкі», глядзелі няцямліва, з нейкаю ціхаю, недзіцячаю сур’ёзнасцю.

Дзеці, дзіты...

Я ведаў, што так і будзе: мы з жонкаю насілу ўгаварылі Рэньку ўзяць ад мяне сто рублёў, і то яна паставіла ўмову: як разбагацее — абавязкова верне.

Баяўся аднаго: каб не думалася, што зрабіў гэта па нейкім меркантыльным разліку.


1987?

Тэкст падаецца паводле выдання: Рубанаў У. Цёплы пух адуванчыкаў: Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1987. - с. 282-284
Крыніца: скан