epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Рубанаў

Скарб

Акно было мокрае, слязілася, як вочы ў майго прастуджанага сына. Таполі стаялі ледзь не голыя, выпруціўшы ўверх лядашчыя, тонкія галіны; адно каштаны пляміста рудзелі пустымі і лёгкімі, бы прамакатка, лістамі, якія падварушваў вецер. На траву, што неяк вобміг паблякла за апошнія дні, нудна сыпаўся дробны дождж, і яна падала, лажылася на зямлю ў пакорлівай і мёртвай безнадзейнасці.

Я паліў на падаконніках кветкі, і вада імгненна прасачылася на падстаўленыя пад вазоны сподкі, акурат пацвельвалася з мяне: ты што забыў, учора ж надвечар паліваў? Не, я не забыў, проста рупіла нечым займацца — каб прыглушыць тугу адзіноты. Сядзець цэлы дзень у крэсле, нават абклаўшыся кнігамі, невыносна цяжка, пакутліва.

Схадзіць у кіно? Узяў з тэлевізара газету, прабег вачыма па кінатэатрах: знаёмыя назвы фільмаў... Амаль пасля кожнае ў дужках светлымі літаркамі — «для дарослых». Адно дзеля рэкламы і пішуць: калі даводзілася хадзіць на фільмы з гэтаю шматзначнаю і, як мне здаецца, цынічнаю прыпіскаю ўсягды недаўмяваў, што ў іх дарослага: пацалунак ці высока аголеная нага выпадковае жанчыны, што залазіць у таксі? Але гэта — між іншым. А вось назва — рэклама добрая. Помню, як у дзяцінстве, калі ў модзе былі фільмы пра шпіёнаў, мы падкупіліся назваю «Парушальнік граніцы». Колькі было ажыятажу! У маленькі клубік, што яшчэ зусім нядаўна быў хатаю сям’і, якая выбралася на заробкі ў Сібір, памесціцца ўсе не змаглі: тым болей горкім было нашае расчараванне: парушальнікам граніцы аказаўся звычайны вожык.

Ніводзін фільм мне не прыпаў да вока, і я, уздыхнуўшы, адлажыў газету. Дождж па-ранейшаму кляваў у шыбы і кроплі, пакуль не расплываліся, былі падобныя на каноплі: не зусім круглыя і шэрыя. Мусіць, я нямала прастаяў перад акном, бо шмат паспеў перадумаць: пра жонку і сына, якіх адправіў да бацькоў у вёску — восеньская макрэдзь шкодзіла здароўю малога; нарэшце ўспомніў, што тут, на Паўднёвым Захадзе, куды я пераехаў, атрымаўшы кватэру, павінен жыць Вася Крэмень; сябар не сябар, але чалавек з тых людзей, якія, калі ўведаеш іх, доўга не забываюцца: таму, што існуюць у тваёй свядомасці прывідам нейкае дзіцячае дзівакаватасці і бяскрыўднае непасрэднасці.

Мы жылі з ім разам у пакоі інтэрната будаўнічае арганізацыі: Вася на законных правах, бо рабіў бульдазерыстам, а я, журналіст, на птушыных, займаў часова ложак свайго земляка-аднавяскоўца, які ажаніўся «на мінчанцы з шыкоўнаю кватэраю» — факт, што ўсё яшчэ бунтуе нашу Малінаўку. Да выгляду Васі як найлепей стасавалася ягонае прозвішча — Крэмень; быў ён невысокі, але важкі ў плячах, кароткая мускулістая шыя цвёрда (інакш не скажаш) трымала на сабе невялікую, як у штангіста, лабатую галоўку; глыбока з-пад лоба спакойна свяцілі зеленаватыя, з жаўцізною, бы цвет сурэпкі, вочы. Вася быў маўчун і маруда, якімі зазвычай і робіць прырода дужых вясковых хлопцаў. Размаўляць з ім было цяжка, на пытанні ён адзываўся неахвотна, сам надзіва нічым не цікавіўся, і гэта тады-сяды раздражняла: ну, аніяк не зразумееш, што чалавек думае, вораг ён табе ці сябар, шчыра ставіцца да цябе або зацята...

Родам Вася быў з-пад Слаўгарада, з невялікае вёсачкі: аднае з нямногіх, што прытуліў Сож на правым, высокім, беразе, які спадаў, парослы соснамі і дубняком, да мурожнае лугавіны, дзе шырока разбегліся кусты ляшчыны і блакітнага вербалозу. Летам 69-га падчас маёўкі, на яе сабраўся ўвесь раён, Вася хапіў за каршэнь маладога сысунка, які нахабна кідаў бітыя бутэлькі ў раку, і даў яму выспятка; той сысунок аказаўся сынам вялікага начальніка, і Вася воляй-няволяй вымушаны быў з’ехаць у свет. Назад у вёску, дзе памагаў свайму роднаму дзядзьку Паўлюку на камбайне, ужо не вярнуўся: вычытаў у газеце, што «ў Мінск патрабуюцца будаўнікі».

Мы сустрэліся з Васем ужо тады, калі ён паўгода (пасля курсаў) круціў рычагі свайго дужага, цягавітага, як і сам, бульдозера; мы доўга не маглі сысціся на блізкай ноце, паразумецца. Не памагала і чарка, да якой, аказалася, Вася не быў вялікім ахвотнікам, і я не раз яго хваліў і цяпер гатовы біць сябе ў грудзі, даказваючы, што няпраўда гэта, быццам сярод простых людзей, рабацяг, шмат забулдыжнікаў; вып’ем, ён пакурыць, я нешта раскажу (анекдоты не любіў ні я, ні ён), і кожны пачынае займацца сваім: я, звычайна, чытаць, ён корпацца ў скрыначцы, дзе па сваёй сялянскай дбайнасці складваў розную драбязу — вінцікі, заклёпкі, маточкі дроту, гайкі; захапіўшыся, ён забываў, што я чытаю, і пачынаў мармытаць пад нос песню, словы якое разабраць было нельга. Потым з гэтых вінцікаў-шпунцікаў «вырасталі» рухавічкі, дэтэктарныя прыёмнічкі, мініяцюрныя машынкі, якія стракаталі і поўзалі па стале, як мышы.

Надаралася, што Вася не начаваў дома; а ўранні заяўляўся, стомлены, бледны, з чырвонымі вачыма. Я, з-за далікатнасці, не пытаўся, дзе прападаў, а сам ён ніколі мне не гаварыў.

Але некаторага дня ён прыйшоў позна, узрушаны. Здаецца, я ні разу не бачыў яго такім: ён не ведаў, што рабіць — гаварыць, садзіцца за стол ці ісці мыцца; яго камбінезон і чаравікі былі густа выпацканы ў мазут і гліну. Нечакана ён вярнуўся да дзвярэй і шчоўкнуў ключом. Ад здзіўлення я міжволі ўтуліў у плечы галаву, акурат на яе паклалі стопудовы груз.

— Ведаеш, Саня, я знайшоў скарб, — сказаў ён і, забі мяне, я зразу паверыў яму: не жартуе ён, бо калі і быў адзін у свеце чалавек, не здольны на такія фокусы, дык гэта, мне здавалася, Вася Крэмень. Не даўшы мне як след расшалопаць, здзівіцца голасам і вачыма, ён выняў з кішэні цэлую жменю залатых манет і высыпаў на стол: каторыя ляглі зразу, а каторыя разбегліся ў бакі, як тыя самаробныя машынкі, але Вася не варухнуў рукою, каб іх залучыць. Я ўпершыню бачыў такое багацце: манеты адлівалі густым чырвоным бляскам; здавалася, што кожны кружок — гэта маленькі адмысловы ўваход у нейкую ружовую тайну, глыбіню, нечым блізкую, па ўяўленні, да топкі катла, у якім бушуе полымя.

Вася зноў стаў самім сабою: твар і вочы яго былі адкрытыя, дыханне роўнае, быццам тое, што дасюль яго хвалявала, тут жа, без слоў, павінен быў узяць на сябе я. Пакінуў на стале золата і пайшоў у душавую: спачатку загудзеў, вібрыруючы, кран, потым з шумам запляскалася вада; у пакоі запахла сунічным мылам, пазней — махровым ручніком, які Вася прынёс на плячы. Здаецца, ён ні разу не глянуў на стол, акурат высыпаў туды жменю не золата, а гарбузовых семак; у яго злёгку пакручастых светлых валасах, памытых і распушаных, была нейкая анёльская паветранасць, а сама маленькая галоўка напамінала адуванчык, і ўсё гэта сапраўды аніяк не стасавалася з тым усемагутным і грубым, што людзі прывыклі ўкладаць у слова «золата».

— Пэўна, заўтра я адвязу яго ў міліцыю, — сказаў Вася без усякага намёку на тое, каб яго словы я прыняў як пытанне і ў адказе на яго даў нейкую параду; а няўпэўненасць яго, мусіць, была толькі ў адным: калі несці, сёння ці заўтра.

— Чвэртка, па закону, — табе, — сказаў я, прыпамінаючы вычытанае з газеты.

— Нават так? — здзівіўся, нечакана для мяне, Вася. — А я думаў, менш... — І далей стаў расказваць спакойным, ураўнаважаным голасам, якому пазайздросцілі б тыя, каго самая дробязь (прыемная ці непрыемная) узрушае да гулкага стукату сэрца. — Я капаў траншэю, ля Кальварыі... водаправод у новы мікрараён цягнем. Цямнець ужо стала, фары ўключыў, ды людзі, бачу, чамусьці не разыходзяцца. Стаяць сабе, гамоняць — больш такія... пажылыя. Ну, думаю, вы як хочаце, а я норму перакрыю... каб не адступацца ад завядзёнкі. Калі ўжо надта запазнюся, паеду пераначую на вакзал...

І адно тут мне цюкнула, чаму Вася іншы раз прыходзіў дамоў (пад раніцу) змарнелы і нехлямяжы: ён, каб не турбаваць вахцёра і мяне, начаваў на вакзале. Дзівак, канечне... Вася, убачыўшы, што я зачапіўся за апошнія словы, зніякавеў, акурат адкрыў мне вялікую тайну, пашараваў далонь аб далонь, перамагаючы ў сабе нечаканы прыліў сарамлівасці.

— Дык вось... Пасоўваюся, пасоўваюся паўз агароджу, кідаю зямлю на левы бок, з якога, значыцца, і людзі стаяць... Звычайна ж не прыглядаюся, а тут раптам нешта бліснула ў вачах — ядрана так, востра, бы жар з цяпла. Людзі, як па камандзе, кінуліся да кучы... Што такое, думаю? А яны грабуцца навыперадкі, няўклюдныя, як цюлені, бо ногі грузнуць у пяску дый, казаў жа, пажылыя... Я ўключыў коўш, каб ён махаўся, ды — сам з кабіны лёцьма. Разграбаю пясок — золата! Ціт тваю налева!.. Нейкі мяшэчак там, ці што, сатлеў, яно і высыпалася. Жывенькае, аж дыхнуць боязна. Я ў кішэню яго, і руку там трымаю, каб зняцяйкі не выхапіў хто. Тут адзін падыходзіць... праўда, маладжавы, з «дыпламатам»: «Тры тысячы плачу на месцы — аддаеш?» — «Дурненькага знайшоў!» — адказваю. «Чатыры!» — «Не!..» — І хутчэй ходу. Во так было дзела... — закончыў Вася, цяпер, ад расказу, прыметна расхваляваўшыся: манетка, якую трымалі яго пальцы, дробненька, як зубы, стукала па стале.

Назаўтра Вася аднёс у міліцыю золата. Вярнуўся з каньяком і нейкімі імпартнымі кансервамі ў вузкіх і плоскіх бляшаначках, падобных на дзіцячыя сандалі; потым яшчэ спусціўся ўніз у буфет і прыпёр цэлую тушку курыцы, засмажанай з часнаком, які густа і апетытна духмяніў. Я падзякаваў Васю за яго шчодрае хлебасольства, але ад чэсці, як у нас кажуць, адмовіўся: была субота, на якую мне выпала дзяжурства па нумары.

Увесь вечар таго дня і потым нядзелю я быў адзін, Вася некуды знік; мне ўжо з трывогаю рупіла — куды. Дахаты паехаць не мог: далёка; вельмі падобна, што да яго прысталі інтэрнацкія выпівохі і цяпер дзе-небудзь балююць за чужыя грошы. Толькі аж у панядзелак раніцаю, нацяты роздумам, я здрыгануўся ад стуку ў дзверы. «Вася!..» Нават не пытаючы адчыніў. Перада мною стаяла незнаёмая жанчына з порсткімі, нахабнымі вачыма, якія, пакуль я чакаў пытання ці «добры дзень», глядзелі міма мяне, спрабуючы як болей абшнарыць пакой у шчыліну прачыненых дзвярэй.

— Дзе ён? — спытала яна ўладным голасам, як быццам той, каго яна шукала, дужа правініўся і зараз жа павінен упасці перад ёю на калені, інакш расплаты не мінаваць. Не чакаючы адказу, жанчына прыгнулася пад маю руку, якою трымаўся за вушак, і ступіла ў пакой. Села на крэсла і, заклаўшы нагу за нагу, паставіла на калені абшарпаную бліскучую барвовую сумку; пазногці былі таксама барвовыя, і здавалася, што пальцы ўраслі ў сумачку.

Жанчына была ўжо, як кажуць, даўно не першае маладосці, але даволі вабная з твару і дужая ў стане, паўнагрудая — з тымі жаночымі завілінамі, якія, мабыць, і дазвалялі ёй паводзіцца так саманадзейна і ўпэўнена нават з незнаёмымі мужчынамі. Яна, канечне, бачыла, што я зразумеў, хто ёй патрэбен, і наколькі дзёрзкаю была ўпачатку, настолькі вытрыманаю стала цяпер. Сядзела, абапёршыся локцем на стол, і злёгку гуташыла нагою, стрэсваючы з падэшвы боцікаў пясок. Але, як толькі я спытаў, што здарылася з Васем, яна хмыкнула і нервова паварушылася ў крэсле, падбіраючы ямчэйшыя словы, якімі б можна было выказаць сваё абурэнне, што ўсё яшчэ, мусіць, не ачахла ў яе грудзях.

— Ды ён жа дурань! Разумееш? Дурань!..

Прасіць аб нейкай ветлівасці жанчыну, бачыў я, было гэтак жа марна, як іголкаю дзяўбці сцяну цаглянага дома. Я разгледзеў вочы жанчыны: яны былі вялікія, але з надзіва маленькім радужным кружком няпэўнага колеру.

— Ён жа мог стаць мільянерам! Узяў аднёс золата ў міліцыю — нейкую дохлую тысячу выдалі. А колькі зубоў можна было б паставіць!..

— Дзяржаве дзяржаўнае і належыць, — сказаў я такім тонам, каб у ім жанчыне адчулася як болей строгасці і цвёрдасці. Ненаўмысна, ды я пацэліў акурат: жанчыны, падобныя гэтай, зразу вянуць-абяззбройваюцца, як толькі натыкаюцца на таго, хто з-за свайго няўмення сталкавацца з імі ці проста ад нежадання ісці ў іх на павадку пачынае рэзка і колка пярэчыць ім.

Так-сяк стрымліваючы сябе, жанчына расказала, быдта яна даўно знаецца з Васем, але ён такі «вася», што не сам бегае за дамаю, а даме трэба бегаць за ім. І што яна (назвалася: Рытка) проста выручае яго, па сваёй душэўнай дабраце сагравае жаночаю ласкаю. А тут раптам дзіва: сам прыйшоў, прынёс шампанскага, каробку «Асарці», кветкі. Лічы, дамовіліся пажаніцца, а ён збег. У вачах у Рыткі быў адчай і такое неўразуменне, што хоць ты паспагадай ёй: трэба ж, такія чэрствыя мужчыны, чалавек стараецца для іх, а яны не цэняць гэтага. Але я, канечне, без асаблівай цяжкасці ўявіў, што там магло быць і што давялося перажыць беднаму Васю, калі гэтая Рытка пачула пра залаты скарб.

Пазней ужо, калі перабраўся на новую кватэру, якую наняў паблізу Камароўкі ў адзінокай бабулі-пенсіянеркі, я даведаўся, што Рытка ўсё-такі ажаніла на сабе Васю, не выкруціўся ён ад яе. А потым, месяцы праз два, выпадкова сустрэў іх саміх на рынку. Вася быў у новым, ладна скроеным паліто, белай трусінай шапцы і пры гальштуку, які скасабочана і неяк мёртва звісаў з яго моцнай шыі; за руку ён трымаў бледную дзяўчынку год сямі — Рытчыну дачку ад першага шлюбу. Мы толкам, лічы, і не пагаварылі, бо замінала зразумелая ў такіх выпадках скаванасць, калі адно і думаецца, каб хутчэй разысціся і хто першы адступіцца; дый Рытка, якая, канечне ж, не пазнала мяне, стоячы ўводдалі, незадаволенымі позіркамі падспешвала Васю. Адно, што пэўна ён змог мне сказаць, а я запомніць — гэта адрас.

 

І вось цяпер, ужо ва ўласнай кватэры, я ўспомніў гэты адрас. Сум тым часам не праходзіў, ад успаміну, здаецца, яшчэ пацяжэў; а дождж пачаў ушчукаць, злягаў, клаўся ў траву вецер. Таго і глядзі: выблісне сонца. Я апрануў балоневую куртку, усё яшчэ модную ў горадзе, і выйшаў на вуліцу, на свежую зямлю.

Тратуары былі мокрыя, да іх прыліплі лісты, брудныя, раструшчаныя: неяк бачыў, як адна важная даміцэля, прагульваючыся з сабачкам па парку, нанізала на шпількі цэлы стос лісця і так, не прымячаючы, хадзіла ў «вусатых» туфлях. Сцены дамоў патыхалі холадам і сырасцю, як з занядбаных падвалаў. Паперадзе ішла пад парасонам жанчына, смешна адстаўляючы ў бакі ногі. Я глядзеў ёй услед і спачуваў, думаючы, што адзіная загана, якую не можа схаваць жанчына, — крывыя ногі. Жанчына звярнула ў магазін «Кветкі», а я пакіраваў на алею, абапал якой стаялі клёны з круглымі і жоўтымі, як лімон, кронамі. У сонечныя дні на алеі было шмат дзіцячых калясак з маці, бацькамі, дзядулямі і бабулямі пры іх; цяпер было пуста і ціха.

Тая вуліца, якую назваў мне Вася, была не так блізка, але часу я меў шмат і таму пайшоў пехатою. Алея падвяла мяне акурат да гастранома, збоч якога быў (нядаўна вынесены) вінна-гарэлачны аддзел; я зайшоў і купіў бутэльку сухога віна.

Дом адшукаў не зразу, бо ён стаяў у двары — корпус нумар два. У пад’ездзе ўсё яшчэ гарэла святло, і добра былі відаць нумары кватэр на дзвярах. Я падняўся на трэці паверх, адчуваючы, як пачашчаюцца ўдары стрывожанага сэрца. Стараючыся быць спакойным (як-ніяк, няпрошаны госць), утапіў кнопку званка: ён мякка задзілінькаў у глухаце за сцяною.

Дзверы адчыніла Рытка — я зразу яе пазнаў — і, разгубленая, пэўны час разглядала мяне, не запрашаючы зайсці. Я сказаў, што мне патрэбен Вася Крэмень і што ён мой сябар. Рытка, мабыць, аддалена ўсё-такі стала прыпамінаць, хто перад ёю, бо твар яе расслабіўся, імітуючы нешта падобнае да ўсмешкі, і яна рухам галавы паказала, каб я заходзіў.

— Разышліся нашы пуці-дарогі, — сказала яна, забіраючы з падаконніка попельніцу, калі я, зняўшы ў пярэдняй туфлі, зайшоў у кватэру: надзіва ўтульную, з густам ахарошаную мэбляю і дыванамі. У яе голасе, здалося, не было шкадавання, хіба што адценне нейкай робленай асуджанасці прымусіла яго крышку задрыжаць. Прызнацца, навіна мяне не здзівіла так, каб ажно ворашна стала: я ўвесь час, калі ўспамінаў Васю, думаў, ці будзе ён жыць з Рыткаю, ці аднае вышыні іх палёт... ну, ну не тое што залішне цікавіўся лёсам Васі і, крый бог, жадаў яму чаго-небудзь благога, а проста па інтуіцыі, што зазвычай памагае чалавеку выразна ўявіць жыццё іншых і аказваецца зусім бездапаможнаю, калі ён звяртаецца да сябе, адчуваў: Вася трапіў ва ўмела расстаўленыя цянёты напорыстае жанчыны. І вось цяпер яна, гэта жанчына, расказваючы, лаўчыла стаць так, каб я не бачыў яе вачэй; і, адносячы на кухню попельніцу з недакуркам, здаецца, размінулася са мною бокам. А можа, разумеючы Рытку, я маляваў не што іншае, як міраж, звязваў слізкія канцы бескампраміснай логікі? Ва ўсякім выпадку, Рытка памылялася ў адным: быццам я, даведаўшыся пра іх разлад, буду ўшчуваць яе. Яна проста не хацела, дый не магла, уявіць сабе, што ўсё тое, што рабіў бы я, каб зблізіць іх зноў, было б накіравана іменна проці Васі: сасуд, з якога выцякае вада, не закупорыцца, калі яго з сярэдзіны стала пераставіць на край. Вася падабаўся мне з самага пачатку, здаецца, і ён мною не пагарджаў, і людзям у такіх выпадках, як разумелася мне, трэба не раз’ядноўвацца, а брацца за рукі шчыра і надзейна.

З Васем здарылася бяда: ён падставіў свой бульдозер пад набіты людзьмі аўтобус, які з-за недагляду разявакі-шафёра пакаціўся з горкі да кар’ера; бульдозер загарэўся, і пакуль Васю выцягнулі з маленькае, бы шпакоўня, пакарабачанае кабіны, ён абпаліўся; доўга ляжаў у бальніцы, яму рабілі трансплантацыю скуры, пералівалі кроў; выпісаўшыся з бальніцы, Вася не вярнуўся да Рыткі (з яе слоў).

Я, паслухаўшы Рытку, адно паківаў спачувальна галавою і, забыўшыся развітацца, выйшаў з кватэры. Куды ішоў, не думаў. Адно як апынуўся на аточанай каштанамі алеі, схамянуўся: яна хвілін дваццаць таму вяла мяне да Васі. Дзе ён цяпер? Зноў у інтэрнаце? Рытка, можа, і ведала, дзе яго прыстанішча, ды ўтаіла. Шэрыя пліткі пад нагамі, каструбаватыя, пабітыя на дзірачкі, бязлітасна напаміналі мне абгарэлы Васеў твар, знявечаны пакутаю і болем, але спакойны і валявы: я не сумняваўся, што, сустрэўшы Васю, убачу яго твар іменна такі. Іменна такі, які помніўся з часоў таго цеснага інтэрнацкага пакойчыка.

Я рашуча звярнуў з алеі, каб не распальваць уяўленне і каб не думаць лішне над тым, што вырашана цвёрда: знайсці Васю. Я сеў на таксі і паехаў у глыбіню горада.

За акном мільгалі стрэчныя машыны; патокі людзей, што ў мітусні здаюцца добрымі і задуменнымі; пустыя рукавы завулкаў, утульнасць якіх пахне нейкаю нязвыклаю, як вясковаю цішынёю... На павароце з прарэхі між высокімі беласценнымі дамамі на імгненне мне бліснула па вачах круглае чыстае і чырвонае, як золата, сонца.

Я заплюшчыў вочы...


1985?

Тэкст падаецца паводле выдання: Рубанаў У. Цёплы пух адуванчыкаў: Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1987. - с. 220-228
Крыніца: скан