epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Сыракомля

Груган

З польскай — У. Сыракомлі

 

З па-над лесаў, з па-над хмараў

Груган вылятае,

Сеў пад вёскай на папары,

Груганят склікае.

 

На вялікай, знаць, быў згубе

Ў далёкіх старонках:

Рука правая у дзюбе

З залатым пярсцёнкам.

 

— Эй, скажы, груган нязнаны,

Скуль ты прыбываеш?

Скуль пярсцёнак пазлачаны

І руку скуль маеш?

 

— За гарамі, ой, дзяўчына,

Страшны бой вядзецца;

Кроў ліецца ручаінай,

Труп на труп кладзецца.

 

Зарывае люд рабочы

Ссечаны галовы,

На малойцаў грудзі, вочы

Сыплюць наспы новы.

 

На курганах на бядачых

Воўчы рык чуваці;

Не адна галосіць, плача

Сірата і маці.

 

Слязьмі горка залілася

Бедная дзяўчына:

Вось калі я дажылася

Няшчаснай часіны!

 

Ой, руку я ўжо пазнала!

Той, чыя,— не ўстане:

Гэты персцень даравала

Міламу ў расстанні...

 

[1908-1909]


[1908-1909]

Пераклад: Янка Купала
Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан