epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Сыракомля

Нядзеля

І. Раніца
ІІ. Зварот Янкі з кірмашу
ІІІ. Нараканне шынкара
IV. Вечар


З польскай — Л. Кандратовіча

 

Маеце з нядзелі

Песні тут чатыры —

Часам сніць не смеліў,

Што ліецца з ліры.

 

Як грымне нудою,

Уцякаў бы недзе! —

Пісне, як пілою,

Сэрца пераедзе.

 

Ліра адпявае:

Дзе ж душу схаваці?

Аб чым доля грае,—

Мушу падцінаці.

 

 

І. Раніца

На поўнае гора

Людское прыселле

Спусцілася з гораў

Святая нядзеля.

 

З-за хмар плыве сонца,

Шуміць ніваў колас,—

Па ціхай старонцы

Разносіцца голас.

 

Далінам, дзе кветкі,

Іграе, вяселіць...

Гэй, цешцеся, дзеткі:

Сягоння нядзеля!

 

*

Расіста травінка

Чакае на стада,

Рыкае скацінка,

Насыціцца рада.

 

Вялік луг — ні слова! —

Траву з мохам родзіць;

Труба пастырова

На чым свет заводзіць.

 

За вёскай пад грушкай

Відаць крыж між зелля,

На ім пяе птушка:

«Сягоння нядзеля!»

 

 

*

Пры Янкавай хаце

Скрыпнулі калёсы,

Дзяцей крык чуваці,

Ён сам снуе босы.

 

Адпёр свой свіронак,

І на торг з усімі,

Што меў застаронак,

У мех усё вымеў.

 

Час блізкіх дажынак

Яго так асмеліў

Сабрацца на рынак

Вось гэтай нядзеляй.

 

*

Жыццё ў гаспадарцы,—

Гняце во патрэба,—

Не кінуў і гарца

На лусціну хлеба.

 

Няма ў жонкі солі,

Чытаць хочуць дзеці,

Яму ж трэба болей —

На ўсё трэба меці.

 

Гасцінцамі з крамы

Усіх ён надзеліць...

«Эх, дзеці, Бог з вамі!

Сягоння нядзеля!»

 

*

Сеў, выехаў Янка,

Махаючы пугай,

Ад самага ганка

Бяжыць дзятва кругам.

 

Вот з’ехаў між гоняў

Абсеяных ніваў,

Дзятва ўслед гамоніць:

«Едзь, бацька, шчасліва!»

 

Трушком чапурыцца

Кабылка да цэлі,

Ёй таксама сніцца

Сягоння нядзеля.

 

*

Як скінуці вокам,

Знаць, свята ў святліцах,

Звон гулам далёкім

Нясецца з бажніцаў.

 

Як звон грыміць свету

Нудлівым выразам,—

Сава ў хвілю гэту

Заводзіць з ім разам.

 

Хто ёй пазваляе

Так выць над прыселлем?

Вясёлка гуляе,

Сягоння нядзеля.

 

 

ІІ. Зварот Янкі з кірмашу

Я сягоння падпілы:

Адна чарка для сілы,

З рукі свата другая —

Ці ж не ўзяць выпадае?

Пайшло далей не жартам:

Не было ліку квартам,—

Аж свет замарачыла!

Гэй, імчыся, кабыла!

 

Набок, пан, бо я п’яны!

Табе стыд даматканай

Світкі беднага хама...

Эй, няма на ёй плямаў!

Во, ў сваёй ты саеце,

Глядзі, каб на тым свеце

Пекла брам не адкрыла.

Гэй, імчыся, кабыла!

 

Тыц, карчма пры дарозе,—

Ці ж уседзіш на возе?

Пыкнуць люльку ўбягаю,

Жару ў копцы шукаю,

А чорт вабіць з-за печы:

Запі жаль, чалавеча!

Звяла чортава сіла...

Гэй, імчыся, кабыла!

 

Крычы, лайся, Марыся,

Есць без солі бярыся,

Ўтаргаваў небагата

А соль дорага надта.

Выязджаў, думаў гэтак

Купіць кніжку для дзетак...

Бяды кніжка не змыла.

Гэй, імчыся, кабыла!

 

Грыміць. Блыснула ў далі,—

Пярун хвойку, знаць, паліць;

Чаму ж карчмаў не ўмора,

З якіх грэх наш і гора?

Эх, бо іх напладзілі

Чуць не дзесяць на мілі!

Кроў іх наша ўзрасціла.

Гэй, імчыся, кабыла!

 

Вось і вёска, знаць—наша,—

Рве кабыла за пашай,

Падцяла мне снасціну,

Глядзь, і ў роў нейкі рынуў,—

Не ўстаць за цемнатою,

А чорт стаў нада мною.

Зубы шчырыць няміла,

Адна мчыцца кабыла.

 

 

ІІІ. Нараканне шынкара

Янка спіўся, як Бэля,

Спіць, як мёртвы, дый годзе!

Праўда, часам нядзеляй

Чарку выпіць не шкодзіць.

Ты будзь весел часінку,

Грош прыбудзе мне ў хаце...

А ты ж спіўся на рынку,

Мне не даў таргаваці,—

Ты мне ўкраў, як з кішэні.

Гвалт, ратуйце, згубленне!

Ці ж не злодзей — скажэце?

Як, з чаго пражыву я?

За шынк трэба ж, вашэці,

Плату выбраць такую:

Рублёў дзвесце гатоўкі,

На якіх пяць «прыпеўкаў»,

Расход хатні — кароўкі,

Жонка, дзеці і дзеўка...

Ці ж прадам я сумленне?

Гвалт, ратуйце, згубленне!

Чым і як прахаваю

Коні, козы, авечкі? —

Кантракт спісаны ж маю

Ясней полымя свечкі,

І ён піша без зносак,

Вузлавата, каротка:

«Мужыкі з маіх вёсак

Усе ўп’юцца тут водкай».

Янка ж п’ян, вып’е меней.

Гвалт, ратуйце, згубленне!

Піша далей так, строга:

«Хай усе знаюць хаты,

Не мінуўшы нікога —

Бабы, хлопцы, дзяўчаты —

Піць гарэлку, крый божа,

У чужой дзе карчомцы,—

Хай п’е кожны, хто можа,

У сваёй толькі вёсцы,

Бо плаціць будзе пені»...

Гвалт, ратуйце, згубленне!

Чытай, што піша гэта!

Ці ж мужык прачытае?

Хоць далёка йшчэ лета,

На торг рэшткі збірае;

Аўса, жыта па чвэрці —

Злотых з дваццаць мо варта...

Мог ты піць да паўсмерці,—

Што ж? Якая там кварта!

Іцка торбы не надзене,

Хоць тут гвалты, згубленне.

Ну, вось рэшты, мой браце,

Я табе не дарую,—

Памагу з рову ўстаці

І ў карчомку скірую.

Гэй, устань! да кішэнькі

Глянуць дай, мой харошы!

Што, лайдак? Ні капейкі?

Нехта выцягнуў грошы!

Я ж к ім меў так хаценне.

Гвалт, ратуйце, згубленне!

Што ж рабіць? ну, прыгода!

От, змірым гэту справу;

Мне цябе ўжо і шкода,—

Хадзі, дам на заставу.

Янка, Янка, ты слабы!

Выпі з кварту і квіта;

Не спяшыся да бабы —

Яна дужа сярдзіта.

А ты выйдзеш з цярпення —

Будуць гвалты, згубленне.

 

 

IV. Вечар

Папіўшы расінкі,

Кветкі прыснулі,—

Вясёлай дзянінкі

Кончацца гулі.

 

Пакуль апынецца

За лесам сонца,

Як золатам льсніцца

Дзіўна ў ваконцах.

 

Агонь блыснуў з хатак,

Ўсплыў дым кудзеляй...

Такі во канчатак

Нашай нядзелі.

 

Жывёла пужліва

З поля пляцецца,

Пастыр жаласліва

Дзьме на жалейцы.

 

Канькоў у пракосе

Чутна пагудка,

Кабета галосе

Пад крыжам жудка.

 

На жаль не напрасны

Людзі глядзелі;

Балесны няшчаснай

Вечар нядзелі.

 

*

А ўцеха не сходзіць,

Граюць на скрыпцы;

Па некім заводзяць

Звон у капліцы.

 

Сягоння — мне, можа,

Заўтра — табе мо...

Гуляў ты, нябожа,

З рання з усема.—

 

Пад вечар жа людзі

«Вечны» запелі.

Згадай, хто жыць будзе

Ў тую нядзелю?..

 

1906



Пераклад: Янка Купала

Беларуская Палічка: http://knihi.com