epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Сыракомля

«Не я пяю - народ Божы...»

Не я пяю — народ Божы

Даў мне ў песні лад прыгожы,

Бо на сэрцы маю путы

I з народам імі скуты.

З ім я зліўся з добрай волі,

Чы то ў долі, чы ў нядолі,

Чы гдзе гора абзавецца,

Як асіна, грудзь трасецца.

Чы пра радасць чую весці,

Усё ў грудзь хаваю гдзесьці.

Мне гаворыць вёска, хата,

Мне гаворыць сэрца брата,

Рад збіраю, што пачую,

У грудзі сваёй нашу я,

Аж, як траўка на кургане,

Яно ўзыдзе — песняй стане.


1844

Тэкст падаецца паводле выдання: Сыракомля, Уладзіслаў. Выбраныя творы : [вершы, гутаркі, проза] / Уладзіслаў Сыракомля. - Мінск : Кнігазбор, 2006. - 526 с., 1 л. партр.
Крыніца: скан