epub
 
падключыць
слоўнікі

Валянцін Акудовіч

Эгаізм

Мне кажуць (сёньня я чую гэта з усіх бакоў), што Я — найвялікшая каштоўнасьць. Большая за дзяржаву, нацыю, рэлігію і, магчыма, нават за самога пана Бога.

Ня ведаю, можа, які іншы чалавек і зьяўляецца такой значнай цацай, толькі ня я. Я ня бачу асаблівай цаны ў нейкай колькасьці арганікі, выдзеленай з агульнага кантэксту «жывога рэчыва» даўно набытымі нагавіцамі і зацыраваным швэдарам.

Я — гэта семдзесят кіло костак, тлушчу, цягліц і вадкасьці чырвонага колеру, зьмешчаных у колькі там квадратных мэтраў бляклай скуры. Дадайце сюды трошкі нэрваў, два-тры хаценьні, некалькі запазычаных думак... Вось і ўсё.

А мне і згэтуль і адтуль: ты цэнтар сусьвету, апірышча быцьця і, зусім верагодна, ягоны сэнс.

Я торгаю вуха, ушчыкваю клуб і як той андэрсанаўскі хлопчык, толькі ня весела, а з сумам, пярэчу: «Чалавек голы».

Я ганарлівы, як засьцянковы шляхцюк, але гэта ўжо занадта. Што, я сябе ня ведаю? Зь якой-такой ласкі — найвялікшая каштоўнасьць, за што такая пашана?

Магчыма, іншых гэта не цікавіць, а мяне дык надта: як раб божы стаўся самакаштоўнай цацай? Калі чалавек спрычыніўся да сэнсу быцьця, чаму ссунуў на сябе гэты сэнс?

А было нават так: «І паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх сказаў: вось маці Мая і браты Мае: бо хто будзе выконваць волю Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах, той Мне брат і сястра, і маці».

Гэта нават больш за адмаўленьне ад сябе — адмаўленьне ад маці дзеля прыналежнасьці да ідэі.

Ідэя, сэнс і сутнасьць быцьця знаходзіліся па-за асобай да той пары, пакуль ня ўзьнікла пытаньне: ці вольны чалавек у сваім зямным выбары, ці пан ён над сваімі немудрагелістымі ўчынкамі?

З гэтага пытаньня спакваля высьпеў гуманізм.

Гуманізм — гэта чалавек, вылуплены з-пад шкарупіны субстанцыі Бога.

Ува ўлоньні гуманізму канчаткова сфармаваўся эгаізм.

Рэнэсанс, справакаваны ідэяй гуманізму (ці наадварот?), паспрыяў разьняволеньню эгаізму, надаў яму імпульс для выяўленьня раней прытоенага патэнцыялу.

Сэнс чалавека — чалавек. Сам дзеля сябе, сабою цалкам і абсалютна завершаны. Найвялікшая каштоўнасьць.

Наймагутную духоўную крызу не змаглі стрымаць ні контррэфармацыя XVI-XVII стагодзьдзяў, ні камунізм XX. Зрэшты, чаму крыза?

Напэўна, ужо сёньня мы можам разглядаць гісторыю чалавецтва як эвалюцыю эгаізму. Ад інстынкту самазахаваньня да пабытовага эгаізму і далей праз гуманізм да татальнай самадастатковасьці.

Гуманізм паступова выціскае хрысьціянства, як і ўсе іншыя не-эгаістычныя канцэпцыі прысутнасьці чалавека ў сьвеце. Апошняй яго ахвярай стаўся калектывізм.

На зыходзе XX стагодзьдзя эгаізм няўмольна датрушчвае тыя ідэі, якія яшчэ месьцяцца па-за асобай. Чалавек перакуліў сьвет на сябе, і эгаізм заняў мейсца пануючай духоўнай ідэі.

Ёсьць тое, што ёсьць, і калі эгаізм перамог усе іншыя магчымасьці быцьця, то, значыць, сапраўды няма ў прасторы і часе нічога, што было б больш значным за чалавека. Значыць, і сапраўды няма нічога больш важнага за гэтыя семдзесят кіло костак, тлушчу, цягліц і вадкасьці чырвонага колеру, зьмешчаных у колькі там мэтраў бляклай скуры.

Але, але... Рэч у тым, што асабіста я не хачу быць месьцішчам абсалютнага сэнсу, бо ня бачу ў сабе, зь якога боку ні глядзеў, адпаведнага абсалюту зьместу. Больш таго, з кожным днём для мяне робіцца выразьнейшым разуменьне канчатковай бессэнсоўнасьці асобнага чалавека, якая вынікае зь яго неабавязковай прысутнасьці ў жыцьці.

Пакінуўшы слоўныя мудрагельствы, сфармулюем гэта гранічна проста, быў асабіста ты альбо цябе не было і ніколі ня будзе — усё адно. І таму ў сьветапоглядным сэнсе менш за ўсё мяне цікавіць маё Я, а калі цікаўнасьць усё ж узьнікае, я адразу бачу, як з-пад яе покрыва вытыркаюцца рожкі эгаізму.

Я — голы чалавек на скразьняках часу, і калі шукаць нешта вартае ў зьвязку з маёй асобай, то гэта ня я сам, а мой этнас ува мне.

Я — гэта колькі там тысяч год і колькі там соцень каленаў майго роду, і ўся мая каштоўнасьць — гэта каштоўнасьць скарбонкі, у якую ссыпаны скарб, набыты нястомнай працай на працягу невядома якога часу. І калі я прыходжу да высновы, што я ўсяго толькі месьцішча, дзе мой этнас працягвае існаваньне з усімі сваімі тысячагодзьдзямі і каленамі, то амаль міжволі вымаўляю: мой бог — мой этнас.

Пры ўсёй відавочнай дэкляратыўнасьці гэтай тэзы, не абмінем увагай і тое, што рытарычна аблегчаная фігура хавае грувасткі падтэкст. Ён невымоўны, як і кожны падтэкст (трансцэндэнтны Бог — гэта таксама падтэкст існага)...

Мой бог, у адрозьненьне ад трансцэндэнтнага, мае інфарматыўны абрыс і лёгіку быцьця. Ён вынік амаль паэтычнай мэтамарфозы. Рэальная гісторыя этнасу ў пэрспэктыве часу ператвараецца ў ідэальную сутнасьць. У будучым рэалістычнае мінулае набывае ідэалістычныя рысы. Падзея выкрышталізоўваецца ў міт і ў якасьці міту доўжыць сваё існаваньне да верагоднамагчымай бясконцасьці, вырастаючы зь першапачатковага драбка ў празрыста-важкую шматгранную друзу, кожная грань якой зіхаціць асобым сэнсам.

Мне любы мой бог сваёй дваістасьцю, сваім сымбіёзам рэальнага і ідэальнага, але я здагадваюся, што сапраўдныя вытокі маёй любасьці ў іншым. Безь Яго я нішто, камяк жывога рэчыва, адзінае прызначэньне якога павялічыць аб'ём біясфэры на плянэце Зямля. А прыстаўшы да Яго, я сам раблюся ім.

Этнас — гэта я, памножаны на ўсю гісторыю майго народа. Этнас — гэта мой адзіны прытулак пасьля сьмерці, апошняя, хай сабе і даволі ўмоўная, надзея на несьмяротнасьць. Так я толькі памру, а калі ён зьнікне, то зьнікну і я.

Памерці — гэта мая натуральная функцыя, усяго толькі драма майго асабістага жыцьця. Зьнікнуць — трагедыя.

Вось чаму мне страшэнна хочацца, каб мой этнас застаўся, бо тады застануся і я, як адна зь незьлічоных прычынаў Яго.

Я спрычыняюся сваёй матэрыяльнай сутнасьцю да стварэньня яго ідэальнай існасьці і застаюся ў гэтай існасьці, як казюрка ў залатым бурштыне (прыгожае параўнаньне, але не дакладнае, бо застылае, нерухомае, не пульсуе).

Мяне вабіць магчымасьць тварыць творцу мяне. Трансцэндэнтны Бог статычны, ён дадзенасьць, завершаная і непахісная ад пачатку да канца. А мой бог — несупынны рух і памнажэньне ў часе і прасторы, ён тоесны працягласьці аб'ектыўнай гісторыі. Але гэта нічога не тлумачыць у маім выбары, і я павінен сказаць, чаму мяне не задавальняе звыклы Бог. Тым болей, што тая безаблічная вечнасьць, якую прапануе мне Этнас, значна саступае ў прывабнасьці райскаму прытулку ягонага канкурэнта.

Справа тут да сьмешнага празаічная — я ня веру ў Яго існаваньне. Я не магу даць веры існаваньню Бога, якога здолеў перамагчы эгаізм чалавека. Калі ня Бог, а чалавек найвялікшая каштоўнасьць, калі семдзесят кіло гуманістычна заклапочанай арганікі крочыць наперадзе, а духоўная ідэя валачэцца ў яе за сьпінай, як цень на зыходзе дня, то мяне немагчыма пераканаць, што гэты даўжэзны цень ёсьць прычынай мяне, а не наадварот. Ён мяне толькі палохае, калі я часам азіраюся. І яшчэ. Бачыце, я безумоўна і адразу паверыў бы ў існаваньне трансцэндэнтнага Бога, каб ён намаляваў хаця б адну карціну, зрабіў скульптуру, які храм альбо вежу. Мне незразумела, як Творца з такімі эстэтычнымі здольнасьцямі, з такім пачуцьцём гармоніі і пэрспэктывы змог утрымацца і не паспрабаваць сябе ў дойлідзтве, жывапісе, паэзіі?

Этнас творыць несупынна. Творчасьць — перадумова яго існаваньня. Этнас — форма, вашчына, у якую кожны з нас дадае кроплю свайго жыцьця як творчага акту.

Ува ўсёй неверагодна складанай (і абсалютна нераспрацаванай) сыстэме ўзаемадачыненьняў паміж Я і Этнасам (для беларусаў да таго ж заблытанай амаль фатальна) найперш мяне цешыць магчымасьць быць далучаным да духоўнай ідэі, у сьвятле якой мой эгаізм у фанабэрыстых строях найвялікшай каштоўнасьці робіцца да сьмешнага мізэрным, дробненькім і ўвогуле чэзьне. Бо гэтаксама як трансцэндэнтнаму Богу, я не магу даць веры гуманізму, з-пад квятаста размаляванай маскі якога выглядае бляклая пыса панылай экзістэнцыі.

Экзістэнцыялізм (сьветапогляд, філязофія, мастацтва) — гэта жах сямідзесяці кіло жывога рэчыва перад сваёй бессэнсоўнасьцю. Вылучаны з агульнага кантэксту этнасу, завершаны, сам-насам чалавек — безумоўна абсурд. Ён мае сутнасьць, але пазбаўлены сэнсу. Шматлікія спробы на падставе сутнасьці чалавека вызначыць ягоны сэнс ня могуць весьці да посьпеху, бо няможна знайсьці тое, чаго няма.

Папярэднія экзістэнцыялізму філязофіі, за выняткам этыкі, не зьвярталі ўвагу на асобу, бо выразна ўсьведамлялі яе ў субстанцыі існага.

Сам-насам я — ніхто, адно вось гэтая панылая пыса, засяроджаная на двух-трох эгаістычных хаценьнях, а з этнасам у сэрцы я — ягонае сэрца, якое б'ецца ўва мне. Я — жывое сэрца міту, які стварыў мяне, і ніякай каштоўнасьці ўва мне няма і не магло быць, каб празь мяне не працякала плынь вечнасьці майго этнасу.

Зрэшты, гэта — патэтыка, спроба вымавіць невымоўнае, падтэкст. І ня варта засяроджвацца на марнай справе. У зьвязку з развагамі пра эгаізм і этнас мяне цікавіць зусім іншае. Этнас — вынік зьбегу гістарычных акалічнасьцяў ці непазьбежнасьць, прадумоўленая нейкім сэнсам? Гэта важна. Бо ў першым выпадку ён мог і ня быць, на ягоным мейсцы магло быць нешта іншае. У другім ён, акрамя сэнсу самадастатковасьці, мае яшчэ нешта, і тады ў Этнаса зьяўляецца пазагістарычная ідэя. А ў мяне — магчымасьць пазьбегнуць рыторыкі, калі я кажу: мой бог — мой Этнас.


1998?

Тэкст падаецца паводле выдання: Валянцін Акудовіч "Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека" //Фрагмэнты, 1998