Валянцін Акудовіч

Вайна культураў, альбо Піраміда Хеопсу за мурам Мірскага замку

 

 

Мілажальнасьць культуры — гэта казка для дарослых. Культуры больш агрэсыўныя, чым іх носьбіты — народы (гэта аднолькава пасуе і для беларускай культуры). Калі ў войнах паміж народамі хоць зрэдчас здараюцца перапынкі, то ў войнах культураў перапынкаў не бывае. І таму ў войнах культураў — культураў загінула болей, чым загінула народу ў збройных войнах народаў.

Не заўсёды і зусім неабавязкова чужая культура прыносіцца на штыках і штыкамі ўсталёўваецца. Да прыкладу расейская культура з уласнае волі да панаваньня зьнішчыла іншых культураў нашмат больш, чым усе войскі Расейскай імпэрыі зьнішчылі іншых войскаў. (У Расеі сталася амаль ідэаматычным выказваньне: на прасторах нашай краіны жыве больш за сто народаў і народнасьцяў. Ня будзем зьвяртаць увагі на тое, што дакладную колькасьць народаў і народнасьцяў ніхто і ніколі ў Расеі нават не зьбіраўся лічыць. Зьвернем толькі ўвагу на тое, што для гэтых «больш за сто народаў і народнасьцяў» дамінуючай, а пераважна і адзінай культурай зьяўляецца расейская).

Дык вось, калі запытацца чаму сёньня большасьць беларусаў не ідэнтыфікуе сябе зь беларускаю культураю, то адказ будзе наступным: таму што ўжо безьліч гадоў ні на хвіліну не спыняецца вайна расейскай культуры зь беларускай, у выніку якой апошняя апынулася амаль усьцяж пераможанаю. І, бадай, найтрагічным у гэтай паразе была параза беларускай мовы.

Мова — той азонавы слой, які дазваляе больш-менш устойліва функцыянаваць, разьвівацца і нарошчваць свой патэнцыял усім астатнім чыньнікам культуры нават у неспрыяльных для яе палітычных, эканамічных і сацыяльных умовах. Вядома, у гэтым азонавым слаі кожнай культуры сёньня шмат дзірак, але ў нас ён зьнішчаны амаль зуісм, ад яго засталіся адно лахманы, якія ўжо не засланяюць цела нацыянальнае культуры як ад сьцюдзёных вятроў культуры расейскай, так і ад касьмічнага холаду мэтакультуры камунікатыўна адкрытага грамадзтва.

Уласна, толькі цяпер, згадаўшы пра «касьмічны холад мэтакультуры», мы падыходзім да той праблемы, дзеля якой і ствараўся гэты тэкст. Сфармулюем праблему наступным чынам: камунікатыўна адкрытае грамадзтва існуе як рэальная пагроза незавершаным у сваім фармаваньні нацыянальным культурам. Падкрэсьлім: не асобныя фрагмэнты, функцыянаваньня грамадзтва камунікацыяў, а яно само, цалкам, як падзея сучаснай цывілізацыі. Гэта і ёсьць найактуальная і найдраматычная праблема культуры.

Відавочна, што сёньня за найвыразны сымболь і атрыбут камунікатыўна адкрытага грамадзтва выступае інтэрнэт. Але інтэрнэт — гэта пакуль толькі адна з найноўшых формаў зьмяншэньня дыстанцыі паміх чалавекам і падзеяй быцьця ва ўсіх верагоднамагчымых прасторах (улучна зь віртуальнай). Распачыналася гэта з паравозу і чыгункі, а працягвалі сьціскаць прастору — тэлеграф, аўтамабіль, тэлефон, самалёт, радыё, тэлевізар, кампутар і шмат што яшчэ.

Праз усё гэта разам узятае прастора перастала разьядноўваць суб'екта з аб'ектамі падзеяў быцьця, яна зрабілася тым, што яднае іх, яна сама ператварылася ў суцэльны сродак камунікацыі, настолькі татальны, што нават таталітарныя і дыктатарскія сыстэмы ўжо ня могуць засьцерагчыся ад гэтай татальнасьці шчыльна закрытымі межамі.

Адным словам, жадае таго грамадзтва ці не, але яно робіцца празрыстым для інфармацыйнага і ўвогуле камунікатыўнага нашэсьця з усіх чатырох бакоў сьвету. Што з гэтага мае непасрэдна культура і як гэтая рашучая транфармацыя зносінаў паміж суб'ектам і аб'ектам падзеі ўплывае на працэсы культурнай ідэнтыфікацыі? Папярэдзім адказ на гэтае пытаньне яшчэ адным, на першы погляд, бадай, нават недарэчным запытам: чаму ў клясычныя эпохі ангелец карыстаўся пераважна знакамі і атрыбутамі ангельскай культуры, паляк — польскай, француз — францускай і г.д. Натуральна, найперш таму, што яны свае, родныя, звыклыя, што менавіта яны выразьнілі з чалавека ўвогуле — ангельца, француза, паляка і г.д. Але не ў меншай меры яшчэ і таму, што гэтыя знакі і атрыбуты культуры былі бліжэй да яго, побач, што за імі ня трэба было некуды хадзіць, недзе іх адшукваць.

Камунікатыўна адкрытае грамадзтва кардынальна мяняе сытуацыю. Знакі і атрыбуты іншых культураў апынаюцца ля чалавека гэтаксама блізка, як знакі і атрыбуты — уласнай. (На экране тэлевізара Мірскі замак, Эйфэлева вежа і піраміда Хеопсу знаходзяцца на адной адлегласьці ад гледача.) А гэта азначае, што зьнікае, ці становіцца амаль незаўважнай розьніца паміж роднай і чужой культурамі. Бо што яшчэ, як не дыстанцыя, рабіла блізкую культуру роднай, а аддаленую — чужой? І калі з маленства, зь першых цацак і тэлеперадачаў, з першых убораў і кампутарных гульняў, і потым праз усё жыцьцё на адной адлегласьці да чалавека будуць прысутнічаць знакі і атрыбуты розных культураў, дзе родная будзе толькі адной з мноства, то зь якой культураю (не фармальна, а па сутнасьці) будзе ідэнтыфікаваць сябе такі чалавек і якая культура зможа зыдэнтыфікаваць сябе з гэтым цалкам постмадэрновым чалавекам?

Раней, у эпоху татальнай вайны культураў, схема прылучэньня чалавека да той ці іншай культуры была гранічна простай. Культура-пераможца самаўладна далучала носьбітаў пераможанай да свайго ідэалягемнага поля, і празь нейкі час апошнія пачыналі ідэнтыфікаваць сябе менавіта зь ёй. Аднак у прынцыпе гэта нічога не зьмяняла, адна культура станавілася на месца другой — і толькі. І нават калі перамога была няпоўнай (ці няпоўнай была параза), заўсёды адна зь дзьвюх ці некалькі культураў заставалася дамінуючай і была рэальнай, а не фармальнай падставай для культурнай ідэнтыфікацыі.

Кардынальна адрозная сытуацыя пачынае складвацца цяпер, калі анулюецца дыстанцыя паміж роднай і іншымі культурамі. На жаль, многія ўсё яшчэ працягваюць праецыраваць традыцыйную схему зь лінейнай сытуацыі вайны культураў на нелінейную сытуацыю камунікатыўна адкрытага грамадзтва, і адпаведна той, ужо выпрацаванай і зусім неэфэктыўнай у новых варунках схеме, спрабуюць абараняць свае культуры. Да прыкладу, у 1994 годзе міністр культуры Францыі абвясьціў, што з-за інтэрнэту Францыя апынулася перад пагрозаю новай формы каляніялізму. З таго ж шэрагу і бясконцыя скаргі на амэрыканізацыю культуры, якія няспынна гучаць ня толькі ў Эўропе, але і ва ўсім сьвеце, на францускую інтэлектуальную экспансію, урэшце, на сьветапоглядную інтэрэвэнцыю Ўсходу.

Мы ўсё яшчэ пераважна мысьлім катэгорыямі эпохі вайны культураў. І не жадаем заўважаць, што ў прасторы камунікатыўна адкрытага грамадзтва гэтая вайна заканчваецца татальнай паразаю самой вайны. Але з гэтай нагоды я не сьпяшаўся б пляскаць у ладкі, бо вайна культураў была тым мэханізмам, які забясьпечваў функцыяваньне асобных культураў. А без гэтага мэханізму рана ці позна ўсе культуры будуць пераможаныя нечым, што мы ўмоўна называем мэтакультураю: тым, што будзе мець усе прыкметы культуры, але ня будзе ідэнтыфікавацца ні зь якою культурай канкрэтна, ні, у традыцыйным разуменьні, з культурай увогуле.

Асноўная характарыстыка традыцыйнага культурнага знаку палягае на яго трывалай зафіксаванасьці ў кантэксьце нацыянальнай ці сусьветнай культуры. У адрозьненьне ад традыцыйных знакаў культуры, знакі мэтакультуры пазбаўленыя трывалай фіксацыі і нечым апрычонага кантэксту (хаця кожны зь іх мае свой «адрас» і свой «атэстат»), бо ў сытуацыі камунікатыўна адкрытага грамадзтва ўсе культурныя прасторы, праз разгалінаваныя і эфэктыўныя камунікатыўныя сродкі, зыходзяцца ў адзін кантынуум. І разам з культурнымі прасторамі ў гэтую яміну кантынууму скочваюцца ўсе знакі ўсіх культураў, ды яшчэ з такой хуткасьцю, што іх цяжка адрасна разрозьніць, зрэшты і няма ў гэтым сэнсу, бо пакуль будзеш кадыфікаваць адзін зь іх, яго заслоняць дзясяткі іншых.

Хуткасьць культурных экспансіяў, калейдаскапічная множнасьць і рознавэктарнасьць іх тэндэнцыяў анігілююць агрэсыўную сутнасьць самой культурнай экспансіі. Да таго ж электронныя сродкі інфармацыі, якія робяцца дамінуючымі ў транспартацыі знакаў культуры, падчас працэсу транспартацыі кастрыруюць культурны знак (такая іх тэхналягічная прырода), гэта значыць вымыкаюць зь яго ідэнтыфікат (такая іх сацыяльная задача), бо толькі пазбавіўшы ідэнтыфікату, можна прыстасаваць культурны знак да патрэбаў масавага спажыўца. Таму мне падаюцца няўзважанымі турботы тых, хто непакоіцца, што ўладальнікі асноўных камунікатыўных сродкаў (і ў прыватнасьці — інтэрнэту), будуць праз сваю ўладу экспансаваць знакі таго ці іншага культурнага коду і такім чынам сфармулююць культурную імпэрыю, якая праглыне ўсе іншыя культуры. Зрэшты, калі б падобнае і здарылася, то з гледзішча нашых традыцыйных каштоўнасьцяў, гэта было б яшчэ не найвялікшай бядою, бо тады мы мелі б хоць адну — вартую нашых традыцыйных уяўленьняў — культуру. Сапраўдная бяда (для тых, хто лічыць культуру за каштоўнасьць) у тым, што празь нейкі час (і гэта зусім верагодна) мы ня будзем мець ніякай культуры — ніякай у яе традыцыйным разуменьні, а будзем мець культуру без культуры, культуру, якую будзе немагчыма ідэнтыфікаваць нават адносна самой сябе.

Зрэшты, калі наканавана такому здарыцца, то тут, як кажуць, і казаць няма пра што. Культура перастане быць культураю, і ідэнтыфікаваць сябе чалавек (і супольнасьць) будзе не з нацыянальнаю культурай ці культурай пэўнага рэгіёну, а зь нечым зусім іншым. Аднак, магчыма, гэтыя мае футурулягічныя трызьненьні ёсьць толькі штучнай унівэрсалізацыяй патэнцыйна лякальнай падзеі, прэвэнтыўным перапалохам ад зруху ў прасторы, якая раптам бязьмежна расхінулася ва ўсе бакі ад нечаканага выбуху камунікацыяў. Паспрабуем пагадзіцца, што гэта насамрэч так, і сытуацыя камунікатыўна адкрытага грамадзтва кардынальна ня зьменіць адвечнай сутнасьці чалавека, які і надалей будзе шукаць і знаходзіць свае асновапалеглыя праекцыі ў нацыянальным культурным кодзе. Але якраз у гэтым выпадку мы і маем драматычную праблему, дзеля актуалізацыі якой прапануецца гэты тэкст. Бо нават калі мы бязьмежна перабольшваем тую радыкальную навізну культурнай сытуацыі, якую нясе з сабою камунікатыўна адкрытае гармадзтва, то ўсё роўна ня зможам зусім адмаўляць, што многія тут згаданыя працэсы (натуральна, невымерна больш іх засталося за кантэкстам гаворкі) маюць месца ўжо цяпер і, відавочна, будуць інтэнсыўна разгортвацца ў недалёкай будучыні. А гэта азначае, што да звыклай вайны культураў дадаецца яшчэ адзін актыўны і пагрозьлівы для кожнай культуры дзейнік — татальная камунікацыя. Яна небясьпечная для ўсіх.культураў, але гэтая небясьпека не для ўсіх аднолькавая. Для тых культураў (напрыклад, італійскай, нямецкай), якія даўно і цалкам сфармаваліся, трывала ўгрунтаваліся ў сацыяльныя інстытуты, індывідуальную мэнтальнасьць, штодзённы побыт — гэта толькі магчымая небясьпека, пакудь больш гіпатэтычная, чым рэальная. А вось для тых культураў (найперш маю на ўвазе беларускую), працэс фармаваньня якіх яшчэ не завершаны, у якіх ледзьве хапае сілаў трымаць апошнія межы абароны ў вайне з больш магутнымі культурамі, гэты нечаканы вораг за сьпіною робіцца ўжо сёньня рэальнай і звышнебясьпечнай пагрозай.

На вялікі жаль, у нас на гэтую небясьпеку амаль не зьвяртаюць увагі, мы па-ранейшаму скіраваныя на вайну культураў (з аднаго баку, на вайну з расейскай культурай, з другога — на вайну з культурай Захаду). Між тым, на маю думку, сытуацыя камунікатыўна адкрытага грамадзтва неўпрыкмет робіцца ці не найбольш драматычнай праблемай, якая ставіць пад пытаньне саму магчымасьць культурнай ідэнтыфікацыі. А значыць, і саму магчымасьць беларускай культуры ўвогуле.




Беларуская Палічка: http://knihi.com