epub
 
падключыць
слоўнікі

Валянціна Кадзетава

Ахвяры

Частка I. Следчы
Частка II. Сведкі
Частка III. Злачынца?..
Частка IV. Следствам устаноўлена...
Частка V. Ацверазенне


Частка I. Следчы

 

Здаецца, я хутка пачну верыць у прыкметы. А можа, тут... звычайнае супадзенне і прыкметы ні пры чым? Магчыма. І ўсё ж...

Звесткі пра забойства ў «маленькім Парыжы» я атрымаў у панядзелак трынаццатага верасня, у трынаццаць гадзін, роўна праз трынаццаць гадзін пасля таго, як ад мяне назаўсёды (цяпер ужо па-сапраўднаму назаўсёды) пайшла жонка. Жончын учынак не быў для мяне нечаканасцю, бо напярэдадні яна заявіла: «Выбірай: ці я, ці твая капеечная праца ў гэтай прыдуркаватай канторы».

Тэрмін, дадзены мне на роздум, заканчваўся ў дванаццаць ночы. Але ж я не думаў, што яна асмеліцца пайсці ў такую пару. А яна пайшла. Дакладней, паехала. Выклікаць па тэлефоне таксі было справай некалькіх хвілін. Я не праводзіў яе, хоць як сапраўдны джэнтльмен павінен быў правесці. Яна, па-мойму, чакала гэтага, бо нешта ж даўгавата тапталася ў вітальні, перш чым грымнуць дзвярыма. А магчыма, Наталля спадзявалася, што я яшчэ адумаюся. Я не адумаўся. Счакаўшы, пакуль на лесвічнай пляцоўцы сціхнуць жаночыя крокі, я распрануўся, прылёг на канапу і заплюшчыў вочы. Недзе праз гадзіну зразумеў, што не засну. Дастаў з кніжнай палічкі ёмісты том Ніцшэ (першае, што трапілася пад руку), але тут жа са злосцю шпурнуў нядаўна прыдбаную каштоўнасць на далёка не стэрыльную падлогу і пашыбаваў на кухню. Кухня падалася мне вельмі вялікай і няўтульнай. Я адчыніў новенькі «Атлант» і зазірнуў у яго халоднае чэрава. На вочы трапіла бутэлька «крышталёвай». Недзе ў падсвядомасці варухнулася нерашучае «напіцца б, ці што?», але тут жа зніякавела, скурчылася ад вымаўленага ўслых «дурань, ануча, патэнцыяльны алкаголік», і я, цяжка ўздыхнуўшы, панура пасунуўся ў пакой, зноў паваліўся на канапу. «Ну што ж, буду ляжаць, глядзець у столь і чакаць раніцы, каб пайсці на сваю працу, якая ўсё ж разбурыла маю, на шчасце, невялікую (я і Наталля) сям'ю» - так падумаў я і нечакана для сябе заснуў.

Сон не даў жаданага адпачынку: я прачнуўся з адчуваннем, нібы ўсю ноч цягаў на плячах мяшкі з бульбай ці працаваў у зернясховішчы (успамін пра студэнцкія выезды ў падшэфны калгас). Не дапамагла і моцная да гаркаты кава. У пракуратуру я прыйшоў «савсем плахой», як казаў герой папулярнага фільма. Дубніцкі, учарашні выпускнік юрфака, па-свойму зразумеў прычыну майго яўнага недамагання.

- Маладыя гады, маладыя жаданні, - па-змоўніцку падміргнуўшы мне, пачаў ён, але адчуў, што трапіў «не ў масць» і хуценька схаваўся за дзвярыма суседняга кабінета. І правільна зрабіў, бо словы, якія ледзьве не саскочылі з маіх губ, ушчэнт разбілі б ягонае ўяўленне пра мяне як чалавека стрыманага і далікатнага (ды я ніколі і не быў хамам), а магчыма, і пакрыўдзілі б яго.

Я адчыніў дзверы сваіх «апартаментаў» - два з паловаю на тры метры, удыхнуў пракуранае паветра і без асаблівага энтузіязму ўзяў са скрынкі абшарпанага стала тоўстую папку. Я люблю сваю прафесію. Толькі вось пісаніна... Колькі энергіі яна высмоктвае ў кожнага з нас! Але ж без яе ніяк. Так што цярпі, бядак. Я не паспеў яшчэ як след засяродзіцца, каб даць нырца ў папяровую стыхію, калі дзверы адчыніліся. Дубніцкі. Магу аб заклад пайсці, што ён зараз папросіць у мяне цыгарэту, бо ў яго «вось толькі-толькі скончыліся».

- Віталь, у мяне скончыліся... - пачынае ён.

Я дастаю з напалову пустога пачка цыгарэту і з'едліва ўсміхаюся:

- Сумняваюся, што яны калі-небудзь у цябе пачыналіся.

Дубніцкага ніколечкі не бянтэжыць мой саркастычны тон. Ён запальвае цыгарэту, апавядае пра сваё ўчарашняе знаёмства з «новенькай чувырлай» і пра тое, што з таго знаёмства атрымалася. Дзіўна, але некалькі хвілін, здавалася б, зусім нікчэмнай балбатні з Дубніцкім прынеслі мне жаданае заспакаенне. Нічога. Усё праходзіць. Цяпер бы яшчэ як-небудзь выехаць на прыроду. Аднаму. Паблукаць па лесе, грыбны сезон якраз у разгары, пасядзець ля кастра, пераначаваць у палатцы. Жыццё такое доўгае, і амаль усё яно наперадзе, яшчэ - наперадзе. Хопіць часу і на тое, каб выправіць старыя памылкі, і на тое, каб нарабіць новых.

Мае філасофскія разважанні перапыняе тэлефон: «Фралоў, на хвілінку да шэфа!»

«Хвілінка» доўжылася гадзіны паўтары. А яшчэ праз гадзіну следча-аператыўная група, у складзе якой былі і мы з Дубніцкім, кіравалася ў «маленькі Парыж», так між сабою мы называлі рабочы пасёлак Альховае. Пасёлак гэты бадай з першых дзён свайго ўтварэння (гадоў дваццаць ужо) і міліцыі, і пракуратуры што костка ў горле. Насельніцтва ці набярэцца тры тысячы, а здзейсненых злачынстваў не пералічыць. Рэдкі год тут выпадае без забойства. За мінулы ж год іх здарылася ажно тры. Што тут казаць пра крадзяжы ды хуліганства!

Сёння ў Альховым зарэгістравана паўтара дзесятка хранічных алкаголікаў. Хапае і «жрыц кахання». Іх з'яўленню «паспрыяла» будаўніцтва металургічнага завода.

Мне ехаць у Альховае давялося ўпершыню. І адразу на забойства.

«Здаецца, тут справа ясная, - малады, трэці ўжо на маёй памяці ўчастковы нібыта апраўдваецца, што патурбаваў нас. - Ён на кухні, а яна вунь там, у спальні».

Я пераступіў парог кухні. Там ужо шчоўкае фотаапаратам эксперт-крыміналіст Бялоў. І адчуваю: мае словы пра тое, што я на сваёй няпростай рабоце да ўсяго прывык, пакуль не адпавядаюць рэальнасці. Прывыкнуць да «ўсяго» немагчыма. Праўда, я навучыўся хаваць свае эмоцыі за знешнім спакоем. Але цяпер і гэта не зусім удаецца. Кроў... Колькі мне давялося пабачыць яе за тры гады працы, але каб столькі адразу... Жоўта-карычневы лінолеум заліты крывёю. Пырскі крыві на ацяпляльнай батарэі, на дзверцах халадзільніка, на бакавіне газавай пліты. У цёмнай, да чарнаты, лужыне крыві - труп русявага, плячыстага, пры жыцці, відаць, вельмі дужага мужчыны гадоў сарака пяці. Ля правага пляча - два акрываўленыя нажы. Трохі расплюшчаныя вочы пад чорнымі густымі бровамі.

- Перарэзана горла, пашкождана сонная артэрыя, - адзначае судмедэксперт. - На левай палавіне грудзіны дзве паверхневыя раны. Смерць наступіла ад вострай гемафіліі.

Побач са мною, адводзячы позірк, топчацца Дубніцкі. Мне становіцца шкада яго, і я звяртаюся да пракурора:

- Аляксандр Сямёнавіч, можа, няхай Лёша сходзіць да суседзяў, пашукае і папытае сведкаў?

Дубніцкі з палёгкай уздыхае (ой, не атрымаецца, відаць, з яго следчага), выходзіць з кватэры. Дарэчы, кватэра... Чаму яна такая недагледжаная і няўтульная? Шпалеры ў вітальні і на кухні даўно ўжо аджылі свой век, столь толькі ўмоўна можна назваць белай. Шкло ў кухонных дзвярах выбітае, у балконных таксама. Мэбля, даволі прыстойная, расстаўлена абы-як. Асабліва здзіўляе мяне шырокая, абцягнутая цёмна-вішнёвым велюрам канапа ў зале: яна стаіць не спінкай да сцяны, як тое павінна быць, а наадварот. Я адчыняю дзверы ў спальню. На ложку, засцеленым зялёным пакрывалам, сядзіць светлавалосая жанчына. Савельева. Жонка забітага.

- Следчы пракуратуры Фралоў Віталь Дзмітравіч, называю я сябе і, паклаўшы на нізенькі столік некалькі аркушаў чыстай паперы, саджуся ў крэсла насупраць. - Я павінен апытаць вас. Ваша прозвішча, імя, імя па бацьку?

Жанчына спакойна, а хутчэй безуважліва глядзіць на мяне вялікімі цёмна-шэрымі вачыма на хударлявым, бледным, з тонкімі рысамі твары. Я паўтараю сваё пытанне.

- Савельева Ніна Мікалаеўна, - у голасе тая ж безуважлівасць, што і ў позірку. - Чаму я не магла даклікацца нікога з вас раней? А сёння, - яна крывіць вусны, - сёння вас вунь колькі. Але цяпер ужо нічога не паправіш.

У дзверы прасоўваецца галава ўчастковага Грыбніцкага. У вачах Савельевай нечакана ўспыхваюць злосныя агеньчыкі.

- Ага, і вы тут, паважаны Віктар Сяргеевіч. Нарэшце!

Збянтэжаны ўчастковы імгненна знікае, дзверы зачыняюцца.

- Што ж гэта вы так размаўляеце з Грыбніцкім? - дакараю я Савельеву. - Ён жа...

Але жанчына перабівае мяне:

- Ён варты таго! Няхай вось толькі ўсё скончыцца, і я яшчэ з ім пагавару ў іншым месцы і пры іншых абставінах. І з Грыбніцкім, і з гэтым вашым хамам, з операм.

- Ніна Мікалаеўна, у нашым з вамі становішчы трэба думаць пра другое. Пастарайцеся як мага падрабязней расказаць, дзе вы знаходзіліся з таго моманту, калі прачнуліся, і да таго, калі ўбачылі труп свайго мужа.

- Не ведаю, колькі разоў мне гаварыць, што Савельеў мне не муж, не сужыцель, а сусед па кватэры. І дарэмна чакаюць, што я буду плакаць па ім. Плакаць не буду! - амаль крычыць яна і адварочваецца, каб схаваць павільгатнелыя вочы.

- Добра. Супакойцеся і раскажыце.

 

* * *

 

Вечарам я разважаю пра сваю працу і спрабую разабрацца ў супярэчлівых думках. Забойства? Дапусцім, што так. Характар ран, здаецца, пацвярджае гэта. Дзве з іх, на грудзіне, - паверхневыя. Спачатку Савельева ўдарылі ў грудзіну, а потым перарэзалі горла? Але ў такім разе ахвяра павінна супраціўляцца, а ні на месцы, дзе знойдзены труп, ні ў адным з пакояў «слядоў барацьбы не выяўлена». Смяртэльны ўдар у шыю быў зроблены нечакана для Савельева? Выходзіць, Савельеў добра ведаў забойцу і не баяўся яго. А тыя дзве раны ў грудзіну былі нанесены потым ужо, для пэўнасці? У кватэры мы не знайшлі слядоў пранікнення старонняга чалавека. Вокны шчыльна зачынены, і бачна, што даўно не адчыняліся. Дзверы, па словах Савельевай, яна адамкнула сваім ключом, а ключ, які належаў Савельеву, знаходзіўся ў замочнай шчыліне з унутранага боку дзвярэй. Ключ напалову высунуты, таму не перашкаджаў ёй. Ніхто з суседзяў таксама не бачыў, каб хто-небудзь апрача Савельевай заходзіў у кватэру ці выходзіў з яе, ніхто не чуў ні шуму, ні крыку аб дапамозе. Нажы, адным ці абодвума (тое пакажа дадатковая экспертыза) было ўчынена забойства, зноў жа, па словах Савельевай, належалі ёй. Звычайныя кухонныя нажы, нельга сказаць, каб вельмі вострыя.

Выходзіць, Паўла Савельева забіла яго былая жонка. Відаць, так, асабліва калі ўлічыць адносіны паміж былымі мужам і жонкай і зацікаўленасць Савельевай у тым, каб былы пакінуў кватэру ім з сынам. Толькі ж, каб нанесці такую рану - шыя перарэзана амаль да пазванкоў, - трэба мець жорсткі, бязлітасны характар і валодаць немалой фізічнай сілаю.

Перад маімі вачыма ўзнікае тонкае, як у падлетка, запясце, бледная дрыготкая кісць. Не, ды і знешні воблік Савельевай ніяк не стасуецца з такім жудасным злачынствам. Што б там ні гаварылі праціўнікі фізіянамістыкі, але лічыцца з яе вывадамі трэба. Праўда, бываюць выключэнні з любога правіла. І злачынца можа мець анёльскае аблічча. Толькі выключэнні таму і выключэнні, што сустракаюцца не так ужо і часта.

У Савельевай ёсць мужчына... Праўда, пакуль гэта толькі маё асабістае меркаванне, бо ў яе я пытацца пра тое пакуль не палічыў патрэбным. Пакуль. І ўсё ж калі меркаванне маё не памылковае, то... яшчэ адна версія? Тады многае можна растлумачыць, у тым ліку і адсутнасць «слядоў пранікнення»: Савельева магла даць забойцу ключ. Калі ж дапусціць, што ніякага мужчыны няма і што Савельева не забівала, то - самагубства? Але, каб учыніць над сабою такое, трэба мець вялікую мужнасць або быць вар'ятам ці п'яным.

Савельеў вельмі піў, але ў той дзень, ды і напярэдадні быў цвярозы. Ды і як зразумець, што на газавай пліце стаяла каструля з варывам, а на стале ляжалі парэзанае на кавалкі сала, дзве лусты хлеба? Выходзіць, Савельеў, перад тым як паласнуць сабе па горле нажом, вырашыў пад'есці? Недарэчнасць... Савельева сцвярджае, што яна ў той дзень нічога не гатавала, сала і хлеб не рэзала таксама.

А ўрэшце, хопіць ламаць галаву. Трэба дачакацца вынікаў экспертызы, апытаць сведкаў, паглядзець, што знайшоў Дубніцкі. Да яго я, бадай, быў несправядлівы. Ну, наконт таго, што з хлопца не атрымаецца следчага. Пра гэта яшчэ рана гаварыць. Дубніцкі - учарашні студэнт, працуе ўсяго толькі месяц. Мне было прасцей: бацька - судмедэксперт, маці - урач. Я з самага дзяцінства бачыў фотаздымкі з месцаў дарожных здарэнняў, а пазней і назіраў бацькаву работу. І ўсё роўна на першым часе было страшнавата. А я ж даволі ясна ўяўляў сабе, якую прафесію выбіраю. Дарэчы, і мая сястра - яна вучыцца ў медінстытуце - мяркуе стаць медэкспертам. Хоча, так бы мовіць, пайсці па бацькавых слядах. Майму бацьку добра ў тым сэнсе, што паміж ім і маці ніколі не ўзнікала такіх непаразуменняў, як паміж мною і маёй жонкай. Маці цікавілася бацькавай працай, падтрымлівала яго ў цяжкія хвіліны. Ёй і ў галаву не прыйшло б ставіць яму ўмову: «Я ці твая прафесія». Мая Наталля заўжды была заклапочаная толькі сваімі школьнымі праблемамі. Настаўніца. Яны, настаўнікі, прывыклі камандаваць... Савельева таксама настаўніца. Настаўніца-забойца? А ўрэшце, такое не выключаецца.

Што ж, на сёння зроблена ўсё неабходнае. Кватэру мы апячаталі, Савельеву папярэдзілі, каб нікуды за межы раёна не выязджала.

 

 

Частка II. Сведкі

 

Ласько Сцяпан Віктаравіч

 

Я, таварыш следчы, не люблю шмат гаварыць. Адно скажу: Нінчыных рук справа. Мы з Савельевым колькі гадоў на адной лесвічнай пляцоўцы сустракаемся. Кватэры нашы насупраць. Праўда, ні яны да нас, ні мы да іх не хадзілі. Усё з-за Нінкі... ну, Ніны Мікалаеўны. Ваўкаватая яна - адно толькі павітаецца і то як бы нехаця. Але мы пра іхняе жыццё ведалі. Пашка і сам што-колечы расказваў. Здзекаваліся яны з яго разам са сваім сынком-бэйбусам. Білі яго. І сынок біў. Вы ж падумайце толькі: біць роднага бацьку! Аднойчы нават рабрыну яму зламаў. Пашка мо з месяц тады за бок хапаўся. Ну, выпіваў. Іншым разам добра выпіваў. Але ў нас на пасёлку непітушчых мужыкоў днём з агнём не знойдзеш. Усе п'юць. Я? І я п'ю. Я ж сказаў: усе п'юць. Дык што, нас усіх перарэзаць трэба, як Пашку? Жыццё такое цяпер паскуднае. Вып'еш, дык хоць на душы крыху святлее. Па сутнасці? Сустрэў я яе... Ніну Мікалаеўну, каго ж яшчэ? Сустрэў прыблізна каля дванаццаці гадзін дня. Я якраз выходзіў са сваёй кватэры, а яна адчыняла дзверы ў сваю. Яна зрабіла выгляд, што не бачыць мяне: хтосьці напляткарыў ёй, што я дапамагаў Пашку выносіць швейную машынку і што мы быццам яе разам з ім і прапілі. А я, клянуся, ні сном ні духам. І блізка там не быў.

Хвілін праз дзесяць, не болей (я толькі паспеў набраць вядро пяску на дзіцячай пляцоўцы: рамонт раблю, дык для раствору), бачу, яна з пад'езда выходзіць. Я адразу заўважыў, што яна нейкая... ну, не такая, затарможаная быццам. Твар збялелы, вачыма па баках зырыць і ў кішэнях поркаецца: ці шукае штосьці, ці, наадварот, кладзе. А потым - подбегам за дом. Я спачатку падумаў, што яны з Пашкам зноў пабіліся. Але звычайна ён тады ўслед выскоквае і лаецца. А то - ціха. Я дадому пайшоў. Плітку ў ванным пакоі клаў. І толькі недзе праз гадзіну пачуў, што Паўла зарэзалі. Хацеў зайсці паглядзець, але мяне вашы, міліцыя, не пусцілі. Нікога не пускалі, панятых толькі, Жураўлёва і Капцэвіча. Яны потым Пашку і вынеслі ў посцілцы. Вось і ўсё, што бачыў. А што падумаў?.. Думаю, каму гэта трэба? Што ён, бізнесмен які ці мафіёзі? І ворагаў тут ніякіх не меў. Ён спакойны быў, калі цвярозы. А п'яны, дык хіба мацюком каго абкладзе. Дык мы і не зважалі: п'яны ёсць п'яны, а яшчэ і інвалід у дадатак. Дома ж у іх бесперапынная вайна ішла. Яна яго выселіць хацела. Усё заявы ў міліцыю насіла, а што ўжо ўчастковаму нашаму, дык увогуле, як ён сам казаў, плеш пераела сваімі скаргамі. Яна забіла. Толькі яна.

 

Нанчыкава Іна Іосіфаўна

 

Ніну Мікалаеўну ведаю даўно. Ну, як ведаю? У адной школе працуем гадоў сем ужо. Кабінеты нашы побач. Сяброўкай сваёй назваць не магу. Характар у яе своеасаблівы. На першы погляд Ніна Мікалаеўна здаецца чалавекам кампанейскім, камунікабельным, як цяпер кажуць. І жартуе, і смяецца, і спачувае. Дапаможа, калі просім. Але камунікабельнасць тая... Не ведаю, як вам растлумачыць. Памятаеце, як у страшных казках: герой, жадаючы абараніцца ад нячыстай сілы, чэрціць вакол сябе круг. Дык вось і Ніна Мікалаеўна, здавалася, раз і назаўжды агарадзілася такім кругам. Толькі казачнага героя круг той засцерагаў ад нячысціка, а яе ад усіх, хто спрабаваў перайсці тую рысу, за якой пачыналася яе асабістае жыццё. Толькі ж пасёлак наш - не горад: як ні хавайся, а не схаваешся. Не было ў іхняй сям'і ладу. Ды і які лад там, дзе гарэлка? А піў і Савельеў - пад лаўкамі ля дома валяўся, а то і сярод вуліцы. І ганяў іх, Ніну Мікалаеўну і Віцю, сына іхняга. Так, Паўлаў родны сын. Яна іншы раз прыйдзе ў школу такая, нібы начную змену адпрацавала: вочы стомленыя, рукі дрыжаць. Аднойчы спыталася ў мяне, ці не ведаю я каго, хто захацеў бы дзве аднапакаёўкі на двухпакаёвую кватэру памяняць. Я сказала, што не ведаю. Потым пачула, што развяліся яны з Савельевым, а пайсці ёй няма куды, бо родных і блізкіх нікога не засталося. У той дзень, учора значыць, у Ніны Мікалаеўны былі першыя тры ўрокі. Прыйшла яна на працу а дзевятай гадзіне, як заўсёды. Спакойная была. Выспалася, відаць. Васіль Максімавіч яшчэ камплімент нейкі ёй сказаў. Здаецца, прычоска яму спадабалася. Пасля трэцяга ўрока «фортка» ў яе. Яна яшчэ ў кабінет да мяне зазірнула, сказала, што дадому сходзіць, чаю нармальнага пап'е, а то ў сталоўцы ў нашай не чай, а назва адна. А недзе праз паўгадзіны, якраз чацвёрты ўрок ішоў яшчэ, прыбегла сама не свая. Павалілася ў крэсла ў настаўніцкай ля тэлефона, трубку схапіла, пазваніць спрабуе, а нумар набраць не можа: калоціць яе ўсю, нібы ў ліхаманцы. Кінуліся мы да яе, пытаемся, што здарылася, а яна слова вымавіць не можа. А потым увогуле на падлогу ссунулася, знежывілася. Добра, што бальніца ў нас побач. Выклікалі ўрача. Зрабілі ёй укол, потым другі. Апрытомнела, адразу пачала крычаць, каб хутчэй на кватэру да яе беглі. Мы ўтраіх пайшлі: фізрук Куніцын, я і медсястра Валя Скрыпкіна, былая наша вучаніца. Тое, што мы там убачылі, пажадаеш убачыць хіба што ворагу лютаму. Дзверы адамкнёныя былі, нават крышачку прыадчыненыя. А ён, Савельеў, у кухні на падлозе ляжаў. Ды што я вам расказваю? Быццам вы не былі там. Медсястра яшчэ крокаў колькі ступіла і сказала, што трэба выклікаць міліцыю, а ўрачам тут рабіць няма чаго.

Ой, таварыш следчы, не думаю я, каб Ніна Мікалаеўна на такое адважылася! Тут хтосьці іншы. Хоць... Але не. Не яна. Не і не.

 

Зелянухіна Кацярына Восіпаўна

 

Што бачыла? Бачыла, як Савельева выходзіла са свайго пад'езда. Дакладна не скажу. Здаецца, а першай гадзіне. Я з магазіна ішла. Мы на другім паверсе жывём. Я яшчэ здзівілася, чаму гэта яна бяжыць і нібыта размаўляе сама з сабой. А як яны жылі? Як сабака з катом. Колькі памятаю, усё сыходзіліся ды разыходзіліся. Павел выпіваў амаль штодня. Ну, тады ўжо даваў ёй жару! Ён, п'яны, дурны зусім рабіўся. Але хто п'яны разумны? Толькі ж і яна штучка добрая. Не, каб саступіць п'янаму мужыку. Дзе там! Пашка ёй слова, яна яму - два. Мала таго: ён толькі на яе замахнецца, а яна яго - трэсь! Што пад руку ў той час трапіць, тым і б'е. Месяцы са тры таму галаву яму размянтэшыла. Пашка казаў, малатком. У яго там яшчэ шрам павінен быць, бо яна добра стукнула. Каб я такое з сваім Сашам сатварыла, ён бы па сцяне мяне размазаў. А я думаю, што Пашка так і не піў бы, каб яна хоць трохі за ім прыглядвала. Ну няхай і разведзеныя. У нас тут палова разведзеных. Вунь і Пінчанкі разведзеныя, а Райка зноў хутка родзіць. Разведзеныя... Савельева і не разведзеная яшчэ была, дык ніколі побач з ім не хадзіла. Нікуды яго з сабой не брала: ні ў кампаніі, ні да родзічаў сваіх. Ён - сабе, яна - сабе. Пашка, бедалага, сам і гатаваў, і бялізну мыў. А ці лёгка яму было ў ягоным становішчы? У яго ж інваліднасць. З пазваночнікам штосьці. Дык Пашка скардзіўся - яна яго кастылём абзывала. Ды яшчэ і хахаля сабе займела. Нашы неаднойчы бачылі, як яна з ім пад ручку ў горадзе хадзіла.

Пашку я ў той дзень не бачыла, а яе, я ж гаварыла ўжо, сустрэла. Ого, сябе яна песціць! Апранецца так, што падзівіцца можна: як-ніяк сын у яе, заробак невялікі, а Пашка, што ўжо гаварыць, пенсію сваю прапіваў. А яна, як у нас тут кажуць, «чык-навычык»: прычоска, памада, духі. Адкуль? Няйначай як хахаль той купляе. Ну, а Пашка перашкаджаў ёй як след разгуляцца. А чаму не магла? Спачатку малатком біла, а потым за нож схапілася. Ці доўга такім, як яна, распусніцам? Не, я да іх не хадзіла. Якія між намі адносіны могуць быць? Я - дамашняя гаспадыня, а яна - інтэлігентка. Не, не сварыліся. Яна ні з кім з суседзяў не сварылася, але і не сябравала ні з кім. Па-першым часе сёй-той спрабаваў зайсці да іх. Ну, запалак карабок перахапіць, хлеба пазычыць. Дык яна праз парог буркне, што няма, і дзверы перад носам зачыняе. Вось і перасталі хадзіць. Яна і Пашкавых сяброў не пускала. Тыя прыходзяць толькі, калі яна ў ад'едзе куды на некалькі дзён. Але яна рэдка цяпер ездзіць. Бацькі памерлі, няма да каго.

 

Касторава Зоя Іванаўна

 

Грамадзянін... ой, таварыш следчы! Даруйце, як вас па бацьку? Віталь Дзмітравіч, што ж гэта робіцца? Вы на яе думаеце, на Ніну Мікалаеўну? А чаму ж тады вопратку тую, што на ёй была, забралі? Парадак такі? Дарэмна гэта ўсё вы! Я вам адно скажу: ні пры чым тут Ніна. Ды як тут без эмоцый? Мала яна яшчэ нагаравалася з гэтым алкаголікам? Яна ж каб захацела, дык магла б яму даўно атруты якой у гарэлку сыпануць. Ды ён піў усё, што гарыць. А найбольш самагонку жлукціў. У нас жа на пасёлку самагоншчыкаў гэтых развялося, як блох на паганым сабаку. Вось бы за каго вам узяцца, але ж вам не да таго. Не царская гэта справа! А ў міліцыі ў іх свае людзі. Як рэйд збіраюцца зрабіць, дык самі ж іх і перасцерагаюць. Смех, дый годзе. Пастараюся па парадку. Пра тое, што Савельева забілі, вось як я даведалася. Іду я да маці - яна ў тым жа доме, што і Савельевы, жыве - гляджу, ля Нінінага пад'езда натоўп сабраўся. Машыны міліцэйскія стаяць. У мяне аж сэрца ёкнула. Усё, думаю, забіў Ніну ці скалечыў! Гаварыла ж ёй, каб заставалася ў мяне начаваць, бо сына дома няма, а Савельеў ужо мо месяцы са тры не прасыхае. А яна не паслухалася, дадому пайшла. Я да іх, да Савельевых, у кватэру кінулася. Бачу, на канапе ў вітальні ўчастковы наш сядзіць і мужчын поўная кватэра: хто ў цывільным, хто ў міліцэйскай форме. Мяне лейтэнант нейкі не пускаў, але я адпіхнула яго і да Ніны. «Што здарылася?» - пытаюся. А яна гаворыць: «Труп у мяне вунь на кухні». І так спакойна гаворыць, быццам труп на кухні - звычайная з'ява. «Які труп?» - пытаюся. А яна зноў спакойна (я потым даведалася, што ёй уколаў нарабілі, таму і спакойная): «Паўла, суседа майго, труп».

Яна яго даўно мужам не называла і нават злавалася, калі хто гаварыў «твой муж». Праўда, у мяне мільганула думка... Але толькі мільганула! Не магла яна. Ага! Дык вам ужо і пра малаток расказалі? Дабрадзеі знайшліся! А не расказвалі вам тыя дабрадзеі, чаму яна малаток схапіла? Ну дык я раскажу, бо якраз тады ў іх была. Часта хадзіла. Адна я і хадзіла да яе. Яна не хацела, каб хто старонні бачыў, што ў яе ў кватэры робіцца. Ён жа як нап'ецца, дык яму мора па калена. Ён, выбачайце, у прыбіральню не хадзіў. Дзе паваліцца, там яму і прыбіральня. Ды і пабіў, і паламаў усё, што можна і няможна. А павыносіў колькі! Ды вы ж самі бачылі, як там... Ну, а мяне яна не саромелася - з дзяцінства ж сябравалі. Мы з адной вёскі. А тут, на пасёлку, амаль усе набрыдні. Я калісьці зайздросціла Ніне. Зойдзеш да іх у хату, дык нібы ў іншы свет трапляеш: чысціня, спакой, утульнасць. А бацька які ў іх быў! Ён Ніну з братам і ў лес павядзе па грыбы ці па ягады, і казку ім прачытае, і з горада (ён у Гомелі рабіў) што-небудзь смачненькае «ад зайчыка» прывязе ці кніжку з малюнкамі А наш з дому ўсё за пляшку самагонкі выносіў. Калі б можна было, дык ён бы і нас, дзяцей сваіх, павыносіў бы. Маці ў калгасе працавала, а ён то па шабашках ездзіў, то ўвогуле проста так бадзяўся. Мы хлеба белага ніколі не бачылі. Таму і зайздросціла я Ніне. Карацей? А карацей нельга. Зайздросціла я ёй: не ведала яна гора ў дзяцінстве. Шчаслівая была, пакуль замуж не пайшла. Павел ужо тады добра гарэлку жлукціў. Чаму за яго пайшла? Таму, што не ўяўляла сабе, што такое алкаголік. Калі б яна ў такой сям'і, як мая, расла, то, вядома ж, за сем вёрст абышла б таго Паўла. А так... Колькі перасцерагала яе: маўляў, з кім ты лёс свой звязаць сабралася? А яна адно: «Я з Паўла чалавека зраблю. Ён - не дурань, і рукі ў яго залатыя. Ды і любіць ён мяне. А закаханы горы звярнуць можа, не тое што нейкую паганую звычку адолець».

Павел тады быў хлапец высокі, плячысты, валасы густыя, бровы чорныя. Зірнуць, дык сапраўдны мужчына, дуб у добрым сэнсе гэтага слова. Але гэта толькі бачнасць адна і была, бо дуб той ужо шашаль даўно патачыў. Недзе з год пасля вяселля ён устрымліваўся яшчэ крыху, а потым пайшло-паехала. Чаго толькі бедная Ніна ні рабіла: і ў тэхнікум на завочнае яго ўладкавала (а потым, дурніца, начамі за яго кантрольныя пісала), травамі яго ад гарэлкі лячыла і да дактароў вазіла і да знахарак. Віцьку яму нарадзіла. Гадоў пяць адпакутавала. Потым сына забрала і да нас пераехала. Мы з мужам пакойчык ёй выдзелілі. З год яна пражыла ў нас, а потым сваю кватэру атрымала. Ад школы ёй далі двухпакаёвую. А неўзабаве з'явіўся ў пасёлку Павел. Схуднелы, ажно чорны. Стаў маліцца-прасіцца, каб не праганяла яго Ніна, кляўся, што, колькі жыць будзе, на гарэлку не паглядзіць нават. І праўда, не глядзеў... пару месяцаў. Потым зноў за сваё. Колькі разоў да белай гарачкі дапіваўся, я ўжо і не памятаю. Упрасіла яго Ніна закадзіравацца, але і тут яго надоўга не хапіла. Запіў ён зусім па-чорнаму. Воблік чалавечы страціў. Біцца пачаў. А ўжо якімі словамі Ніну абзываў, успомніць брыдка. Інваліднасць? Адлупцавалі яго свае ж сябры-п'янюгі. Ды так адлупцавалі, што ледзьве не памёр. А хто біў і дзе, ён і сам не памятае. Групу яму далі, а стажу працоўнага кот наплакаў. Атрымліваў мінімальную пенсію. Я такім бы ўвогуле не давала пенсіі. Я іх у клетках трымала б у звярынцы, каб званне чалавечае не паганілі. Пра малаток? Я і забылася ўжо. Было гэта, дакладна не памятаю, але дзесьці ў канцы мая. Мы з Нінай сядзелі на кухні, чай пілі. А тут ён увальваецца. Як заўсёды, «на рагах». Ну давай адразу плесці абы-што. Ніна яго прысароміць хацела. Маўляў, хаця пры старонніх людзях язык свой трымай. А ён яшчэ больш разышоўся, схапіў са стала нож - і да Ніны. Тая руку перад сабою выставіла, ён па руцэ і паласнуў. А як кроў убачыў, зусім азвярэў, зноў да яе кінуўся. Я крычаць пачала, а Ніна схапіла са сцяны (у яе там набор такі на сцяне ў кухні, ён і цяпер, мабыць, вісіць) малаток драўляны з зубчыкамі і - па галаве яго. Ён упаў, а мы тады на вуліцу выскачылі. Ніна спужалася: «Ой, што ж гэта я нарабіла?!» Ну і ў бальніцу пабегла. Доктар прыйшоў, а Пашка ходзіць па кватэры і мацюкаецца.

Чаму ж не звярталася? Вы паглядзіце, колькі яна заяў у міліцыю пісала. Дык там не вельмі... Сямейны скандал. А які тут сямейны? Яна даўно з ім не жыла як з мужам. Гады тры ўжо. Хто забіў? Мо з п'янтосаў які. Доўга ім? Вунь у мінулым годзе ў нас мужчыну забілі. Пілі-пілі разам, а потым аднаму нешта падалося ці як там было, ён і ўтыркнуў відэлец у шыю свайму ж сабутэльніку. І тут што-небудзь такое. Усё можа быць. Толькі не яна!

 

Бялькевіч Рыма Сяргееўна

 

Я больш за дзесяць гадоў працую дырэктарам Альхоўскай школы. Калі я прыехала сюды, Ніна Мікалаеўна ўжо настаўнічала тут. Што я магу сказаць пра яе? Выдатна ведае сваю работу. Адносіны з вучнямі і калегамі неблагія. Энергічная, актыўная. Праўда, іншым разам празмерна эмацыянальная. Але ж яна - філолаг. Людзі раўнадушныя звычайна такую спецыяльнасць не выбіраюць. Сямейнае жыццё ў яе не склалася. Савельеў - асоба з яўнымі прыкметамі дэградацыі. П'янства ніколі не спрыяла інтэлектуальнаму развіццю.

Прыходзілася сутыкацца і ўмешвацца ў іхнія адносіны і мне. Я два разы тэлефанавала начальніку міліцыі, прасіла прыняць меры да Савельева, бо з-за ягоных дэбошаў Ніна Мікалаеўна часта прыходзіла ў школу ў нерабочым стане. Аднойчы ў час урока страціла прытомнасць. Ніхто ёй так і не дапамог. Савельева выклікалі ў міліцыю, штрафавалі. Тым справа і заканчвалася. Трынаццатага верасня? Магу з поўнай адказнасцю засведчыць, што з 8.15 да 11.30 Ніна Мікалаеўна з памяшкання школы не адлучалася. Чацвёртага ўрока ў яе не было, і яна пайшла дадому. Пяты і шосты Ніна Мікалаеўна ўжо не праводзіла. У тым, што яна магла забіць, сумняваюся. Жорсткасць ёй не ўласцівая. Калі трэба, напішу характарыстыку.

 

Шэметаў Георгій Васільевіч

 

Павел Пятровіч Савельеў каля пятнаццаці гадоў стаяў у нас, у наркалогіі, на ўліку. Два разы знаходзіўся на добраахвотным лячэнні ў ЛПП у Гомелі, але безвынікова. З паўгода таму быў у чарговы раз шпіталізаваны ў псіханеўралагічнае аддзяленне Гомельскай бальніцы з дыягназам «востры алкагольны псіхоз». Пасля ён яшчэ звяртаўся да мяне за дапамогай, скардзіўся, што сам пакутуе ад сваёй неадольнай цягі да спіртнога. У чэрвені закадзіраваўся на тры гады, але праз два месяцы пачаў піць, як ён гаварыў, «з-за неладоў у сям'і». Апошнім часам апусціўся маральна і фізічна, бадзяжнічаў, у нецвярозым стане затрымліваўся органамі міліцыі.

З былой жонкай Савельева мне таксама даводзілася неаднаразова сустракацца. Спачатку яна разам з Савельевым прыходзіла, прасіла яго вылечыць, была да яго ўважлівая, старалася падтрымаць. Два разы наведвалася адна, ужо з просьбаю дапамагчы аформіць Савельева ў дом-інтэрнат для псіхахронікаў, гаварыла, што п'янства Савельева стала бесперапынным, што ён здзекуецца з яе і сына, пагражае і што яна страціла веру ў магчымасць лячэння і хоча цяпер толькі аднаго - пазбавіцца ад суседства, якое стала небяспечным для яе і сына. Маё асабістае ўражанне ад Савельевай станоўчае: жанчына добразычлівая, разумная, прыемнай знешнасці, цікавая субяседніца. Праўда, з нервамі ў яе не зусім добра (празмерная эмацыянальнасць, мітуслівасць), але для жанчын, чые мужы п'юць, гэта характэрна. Ды і прафесія ў яе такая. Так, я абяцаў ёй дапамагчы ўладкаваць Савельева ў спецыяльны дом-інтэрнат. Ведаеце, я ўжо дваццаць гадоў працую нарколагам, а магу ўспомніць толькі тры-чатыры выпадкі, калі закаранелыя п'яніцы сталі непітушчымі. Праўда, мы, нарколагі, можам на нейкі час спыніць развіццё гэтай хваробы, але толькі на нейкі час. У нас прыблізна тое ж становішча, што і ў анкалогіі: да ўрача ідуць тады, калі хвароба заходзіць занадта далёка і працэс становіцца неабарачальным. Як у выпадку з Савельевым. Ён гаварыў, што не рады свайму жыццю. Калі ж успомніць, што ён запіў, нераскадзіраваўшыся, то можна дапусціць наступнае: у Савельева пачаўся алкагольны псіхоз, і ён сам... У такім стане многія хворыя чуюць «галасы», якія загадваюць ім рабіць самае нечаканае: падпалі, забі і гэтак далей. Але ж вы гаварылі пра характар ран... Толькі мне думаецца, што Савельева на такое няздатная. Не таго гэта тыпу жанчына.

 

Марчанка Любоў Ягораўна

 

Я ведаю абаіх. Ніну Мікалаеўну - са студенцкіх гадоў, а Паўла з таго часу, як пасяліліся тут. Спачатку пра яе. Пра Ніну Мікалаеўну многія так кажуць: харошая жанчына, добры спецыяліст, справядлівая і гэтак далей. Можа, і так. Але ёсць у яе характары адна вельмі непрывабная рыса: яна любіць «пажартаваць». А жарты тыя далёка не бяскрыўдныя. Толькі яна сама не заўважае гэтага.

Памятаю, былі мы на трэцім курсе... што вы так глядзіце? Праўда, я цяпер у школе не працую, але адукацыя ў мяне такая ж, як і ў Савельевай. Нават у адной групе вучыліся. Дык вось, калі мы былі на трэцім курсе, у Ніну закахаўся хлапец. Віталь Раманчыкаў. Сімпатычны, сціплы. Ён хадзіў на заняткі ў цёмна-сінім касцюме, і штаны былі крыху караткаватыя. А тады гэта нямодна лічылася: трэба было, каб калашыны вуліцу падмяталі. Ну дык Ніна і пачала з Віталіка смяяцца. То спытаецца як бы між іншым: «Віталь, табе штаны, відаць, ад малодшага брата ў спадчыну дасталіся?» А то: «Ой, Віталік, якія ў цябе прыгожыя шкарпэткі! Такія грэх доўгімі калашынамі закрываць!»

Ну, а ён сам з вёскі і, пэўна, з небагатай сям'і, і касцюм той, можа, адзін у яго быў. А то яшчэ: вучылася ў нашай групе дзяўчына, Наташа Касцеева. Яна часта хварэла, таму худзюшчая была - ажно свяцілася. Ніна называла яе Кашчэевай. І лічылася гэта дасціпным.

Яна і з Паўла здзекавалася. Вось прыхавае ён дзе-небудзь пляшку, а яна знойдзе. Ну хочаш ты выліць тую гарэлку - вылі, паціху, непрыкметна. Дзе там! Яна пакліча Паўла і на ягоных вачах вылье пітво ў ракавіну ці ва унітаз. Уяўляеце, як гэта бачыць пітушчаму чалавеку? А яна яшчэ і праспявае: «Я хотел въехать в город на белом коне...» А як засне ён п'яны на лаўцы ля свайго ж пад'езда, дык яна замест таго, каб разбудзіць яго ды ў кватэру завесці, на плячо яму запіску пакладзе: «Алканаўт на фінішы». Дзе ж ён па-добраму з ёй будзе? Ганяў, вядома. І правільна рабіў. Павел гаварыў, што яны з сынам нават ежу ад яго хавалі. І білі. Я, як Ніна дома, туды не хаджу. Мы з ёй даўно не сябруем. Яна ж святой сябе выстаўляе, а мы - людзі грэшныя. Да Паўла я калі-нікалі заходзіла. Іншым разам і я з ім чарку вып'ю, ён мне паскардзіцца, а я - яму. Паплачам разам. У мяне таксама жыццё абы-як склалася. Я ж раней інспектарам у раённым аддзеле адукацыі працавала. Цяпер увогуле не працую. Хваробы зусім даканалі. Цэлая куча хвароб.

А Паўла я апошні раз бачыла ў той дзень. Гадзін у дзевяць раніцы. Ён ля пад'езда стаяў, а я да свякрухі ішла. Цвярозы. Я павіталася, прыпынілася нават, а ён абыякава зірнуў на мяне і на прывітанне не адказаў, а адразу пайшоў у свой пад'езд. Я здзівілася: што гэта з ім? Ну, а гадзіны праз тры яго мёртвым знайшлі. Хто яго ведае? Можа, хто забіў, а можа, і сам на сябе рукі наклаў ад такога жыцця.

 

Савельеў Віктар Паўлавіч

 

Я не ведаю, пра што гаварыць. Вы пытайцеся, а я буду адказваць. Спачатку толькі скажу, што мама яго не забівала. Ну, яго... бацьку. Яна спачатку яго шкадавала. Есці яму давала і прыбірала за ім. Вясной куртку яму купіла прыгожую, бо ён сваю тую, што раней насіў, парваў дзесьці п'яны. І шапку да зімы. Толькі ён куртку адзін раз апрануў і вярнуўся без яе. Можа, прапіў, а можа, распрануў хто. Лепей бы мне купіла, а яму купляць не варта.

У яго пакой быў, дзе спальня. А мы з мамаю ў зале жылі. Даўно ўжо так жылі. Біў. Я яго два разы біў. Спачатку, як малы быў, баяўся, бо ён за намі з сякерай бегаў і з нажом. Мы з мамкай тады ўцякалі. Калі да цёці Зоі, калі па вуліцы хадзілі, пакуль ён засне. А потым я вырас і стаў маму абараняць. Дык ён мяне ўзненавідзеў. Шчанюком называў, гаварыў, што я яму не сын. І пагражаў, што калі я за маму заступацца буду, дык ён мяне гэта... апушчаным зробіць. А аднойчы паваліў мяне, джынсы сцягнуў і лез. Я вырваўся і тады яго пабіў. І нагамі біў. Ён быў п'яны. Ён рэдка цвярозы быў. Мама хацела тады заяву ў міліцыю пісаць, а я яе папрасіў, каб не пісала і не гаварыла нікому, бо з мяне тады смяяліся б і «галубцом» называлі. А ў другі раз ён маму душыў. Яна ўжо амаль не дыхала. І я яго зноў пабіў. Не, не шкадую. Ён мне не бацька быў. Я не ведаю. На занятках быў. Мне туды пазванілі, і я прыехаў. Не забірайце маму. Вы не думайце, што я дэбіл які. Усе ж лічаць, што калі бацька п'яніца, дык дзеці дэбілы. Проста я цяпер не магу гаварыць. Не чапайце маму, а то я... я тады вашу міліцыю падпалю ці ўзарву. І вельмі проста. Ну і што, калі не бачыў? Я і так ведаю, што мама яго не забівала. Яна крыві баіцца. І сэрца ў яе хворае. Нічога больш не скажу.

 

 

 

Частка III. Злачынца?..

 

«Ён - на кухні, а яна - вунь там, у спальні». Спачуванне і смутак у слове «ён» і непрыхавальная злосць у слове «яна».

Што ж, ён - ахвяра, а я (якія могуць быць яшчэ сумненні?!) - забойца. У пасведчанні пра яго смерць будзе запісана: «Савельеў Павел Пятровіч памёр 13 верасня 1999 года ва ўзросце 49 гадоў». Але для мяне ён памёр не сёння, трынаццатага верасня 1999 года, а значна раней, калі мною пачала авалодваць нават не нянавісць, а агіда да яго, і ад адной думкі пра тое, што ён - бацька майго сына, што я некалі спала з ім у адным ложку і нават абдымала яго, мне становіцца моташна. А ён па-ранейшаму хадзіў побач, па-ранейшаму на штосьці спадзяваўся і час ад часу спрабаваў заяўляць пра свае правы... правы мужа. Тады асцярожна, каб не разбудзіць Віцю, ён прабіраўся ў залу і, дыхаючы перагарам, пачынаў шаптаць словы, зусім іншыя ад тых, якія зусім нядаўна, пырскаючы слінаю, кідаў мне ў твар. Але на начныя словы яго ненадоўга хапала: варта яму было адчуць, што тут па-ранейшаму «не свеціць», ён зноў пераходзіў на свой дзённы лексікон і ўчыняў скандал. І тады да раніцы ў нашай кватэры ішла вайна. Раніцай мы з Віцем збіраліся ў школу, а ён клаўся спаць, каб адпачыць, а вечарам пачаць усё зноў.

Вядома, гэта было не жыццё, а жудаснае існаванне. Трэба было нешта рабіць. Але што? У мяне нікога не засталося ў гэтым свеце. Толькі сын. У мяне не было сродкаў, каб прыдбаць сабе хоць якое жыллё і нават плаціць за прыватную кватэру. А ўрэшце... Урэшце, я падманвала сябе, бо нават тады, калі ён перастаў існаваць для мяне як мужчына, я шкадавала Паўла, бо ведала: калі я пакіну яго, ён доўга не пражыве. Паўла даўно выракліся родныя (тры браты і сястра). Ён не меў сяброў. Я ўяўляла, як знойдуць у кватэры ягоны труп. Можа, абгарэлы (п'яны ён заўсёды курыў у ложку), а можа, здымуць яго з вяроўкі ці ён проста памрэ з-за «перадазіроўкі», і тады я ўсё жыццё буду адчуваць сябе вінаватай. І я жыла з ім у адной кватэры, трывала ягоныя здзекі, прыбірала, мыла, налівала яму ў талерку суп. Я зразумела, што нам трэба разысціся, але мне хацелася зрабіць усё па-добраму. Як гэта - па-добраму, я дакладна не ведала. Папрасіць сястру, каб яна забрала яго да сябе і штомесяц плаціць ёй за гэта грошы? А чаму б і не? Сястра жыла адна. Замужам яна ніколі не была. Хай бы сястра ўзяла да сябе брата. Яна ж жыве ў бацькоўскай хаце. Такое ж права на тую хату мае і Павел.

Я напісала сястры некалькі лістоў. На ўсе іх яна адказала кароценькай запіскаю: «Ён мне не патрэбен ні за якія грошы. Прыедзе - выганю». Што ж, крыўдзіцца не выпадала. І здзіўляцца таксама. Я ж ведала, якія «фокусы» ён вырабляў, калі з'яўляўся на пабыўку да сястры.

Дом-інтэрнат? Гэта таксама варыянт. Ён - інвалід. Мы даўно разведзеныя, а ягоны сын яшчэ непаўналетні. Яго павінны ўзяць. З'ездзіла ў сабес, прывезла неабходныя для афармлення бланкі, узяла даведкі ў сельсавеце.

...Калі ён выпадкова натрапіў на тыя паперы, то зрабіў з іх шматкі, а мы з Віцем вымушаны былі тыдзень жыць у Зоі, бо ён прыгразіў, што ноччу задушыць мяне і «шчанюка».

Знайсці жанчыну, якая згадзілася б пайсці за яго замуж, а дакладней, узяла б яго да сябе? Але дзе знайсці такую жанчыну? У пасёлку яго добра ведаюць, і ніхто, нават Сарока - апошняя і з апошніх мясцовых п'яніц, - не асмеліцца звязаць з ім свой лёс. А што, калі напісаць у клуб знаёмстваў? Напісала. Прыйшло два лісты. Я доўга не адважвалася паказаць іх яму. Аднойчы ажно тры дні ўзапар ён быў цвярозы. Я аддала яму тыя лісты, і... мы з Віцем зноў крыху пажылі ў Зоі. Больш варыянтаў у мяне не было. Па-добраму не выходзіла, а жыццё наша станавілася зусім невыносным. Паўторна кадзіравацца ён не хацеў. І тады я вырашыла... Не, навошта зноў ілгаць сабе? Перш я сустрэла Валодзю. Да гэтага часу я так «аб'елася» сямейным жыццём, што была ўпэўнена, ніколі нават не зірну на мужчыну як на патэнцыяльнага мужа ці палюбоўніка. Усе яны здаваліся брыдкімі пачварамі, ад якіх патыхае нечым такім непрыемным, што, калі побач ці то ў аўтобусе, ці то ў магазіннай чарзе аказваўся мужчына, я адварочвалася і старалася не дыхаць носам. Праўда, на мужчын-калег і на службовых асоб мужчынскага полу такія мае адносіны не распаўсюджваліся, бо яны бачыліся мне проста, так бы мовіць, дзелавымі партнёрамі.

Я зайздросціла ўдовам, развядзёнкам, нават старым дзеўкам і, як пра шчасце, марыла пра адзіноту. Адзінота здавалася мне раем. Чаму ж я не адважылася на штосьці рашучае, што паспрыяла б ажыццяўленню маёй мары? Усё тая ж жаласць...

На пачатку красавіка пасля доўгіх угавораў-загадаў дырэкцыі школы я мусіла паехаць на так званыя курсы павышэння кваліфікацыі ў Гомель. Я страшэнна не люблю ездзіць. Не люблю шматлюддзя, гарадской таўханіны, асабліва грамадскага транспарту з яго пячорнага ўзору сервісам. Нават паездка ў раён стамляе мяне так, што я дні тры пасля яе не магу апамятацца, прывесці сябе ў нармальны стан. А тут Гомель. Зразумела, я супраціўлялася як магла. Дарэмна. Ехаць прыйшлося. Я «падкінула» Віцю Зоі (ох, калі і чым я разлічуся з Зояй за тое, што ўвесь час карыстаюся яе дабрынёю!) і пачала збірацца, у думках пасылаючы нядобрыя пажаданні сваёй адміністрацыі, курсам павышэння, якія патрэбны мне, як казе баян, бо звычайна выкладаюць там вучоныя дзядзькі і цёткі, якія маюць пра школу такое ж уяўленне, як я пра палітычны лад у Зімбабве.

Ах, каб яны ведалі (а можа, проста не хочуць ведаць), што такое сённяшняя школа! Мала таго што амаль палова дзяцей у той ці іншай ступені разумова непаўнацэнныя (павальнае п'янства бацькоў? Экалагічнае становішча?), дык і астатняя палова, за выключэннем «белых варон», актыўна не жадае вучыцца. Можа, таму што жыццё, якое назіраюць дзеці, дае ім урокі? Я на ўласныя вушы чула, як адзін «з новых» гаварыў свайму сыну: «З грамаці хлеба не гамаці. Грошы трэба вучыцца рабіць, грошы!»

А што? Ён меў рацыю. З «грамаці» сёння не разжывешся. Так, мадзець хіба будзеш... На раслінна-жывёльным узроўні. А, ці варта пра гэта гаварыць?..

Вось каб бачылі тыя дзядзькі і цёткі, як мы смяёмся з іхніх «тэорый» і «тэхналогій», з псеўданавуковай мовы іхніх «прац», як безвынікова шукаем выйсця з тупіка, у які загнала нас горкая рэальнасць!

Я сядзела ў дызелі, перагортвала томік Купрына і меркавала, як з найбольшай выгодай для сябе скарыстаць тыя гадзіны, якія буду добрасумленна адбываць на лекцыях. Па-першае, трэба перачытаць што-колечы з твораў, якія толькі нядаўна з'явіліся ў школьнай праграме. Па-другое, перагледзець конкурсныя сачыненні: іх хутка трэба здаваць у раён. Па трэцяе, распрацаваць урок мовы ў адзінаццатым класе. Ёсць у мяне адна цікавая задумка. Можа, усё ж удасца ўскалыхнуць гэты цяжкі на пад'ём клас.

Толькі вось дома... Што ён яшчэ адмочыць там, дома? Зноў пачне збіраць такіх жа, як і сам, п'янтосаў і зноў мне давядзецца, перамагаючы гідлівасць, вышкрэбваць запаскуджанае жыллё і бедаваць, заўважаючы прапажу адной, другой, трэцяй рэчы (ён даўно пачаў цягнуць з дому, а нядаўна ўхітрыўся прапіць Віцевы чаравікі і мой світэр). Зоя рашуча адмовілася прыглядаць за маёй кватэрай. Прасіць суседзяў? Каго? Маеўскіх ці Ласько? Дык Сцяпан з Максімам хутчэй дапамогуць сябру Пашку ў «рэалізацыі», каб потым, як яны кажуць, «добра секануць».

Праўда, усё самае, на мой погляд, вартае, я аднесла зноў жа да Зоі (больш няма куды, ды і не хочацца лішніх плётак), але ж хіба ўсё вынесеш? Дадому час ад часу будзе наведвацца Віця. Толькі што зробіць Віця? Ат, няхай будзе як будзе! Падумаўшы так, я паглыбілася ў чытанне. Я заўсёды бяру ў дарогу што-небудзь з класікі - настройвае на філасофскі лад і вымушае забыцца пра дробязнае.

У Гомелі я спынілася ў былой сваёй аднакурсніцы Алы Сухоцкай. Ала жыла адна. Праўда, ездзіць адтуль далекавата, але, успомніўшы пра інтэрнат пры інстытуце, дзе нас, у большасці сваёй сталых жанчын, звычайна пасялялі па дзесятку ў адным пакоі, пра тое, што ў інтэрнаце тым нават памыцца як след няма дзе, палічыла за лепшае ездзіць.

Першай лекцыяй была сучасная замежная літаратура. Ну, гэта нам не пашкодзіць паслухаць. Правінцыяльным настаўнікам карысна хоць такім чынам пазнаёміцца з тым, што адбываецца ў «сусветным літаратурным працэсе». Толькі б лектар талковы трапіўся, а не так, як у мінулы раз, калі замежную літаратуру нам чытала няўклюдная тоўстая кабета з пракураным голасам і бясконцымі «г-м, кхм, э-э-э». Мы паспелі даць ёй мянушку Крэкацень.

Я з нецярпеннем чакала, хто зойдзе ў аўдыторыю ў гэты раз. Чакала і крыху злавалася, што не звярнула ўвагі на прозвішча выкладчыка. А яно ж запісана ў раскладзе!

Нарэшце дзверы адчыніліся. Я пазнала яго адразу. Нельга сказаць, як тое іншым разам гавораць, што ён ніколечкі не змяніўся. Тады ён быў даўгалыгім юнаком, светлавалосым, з цёмна-шэрымі, як графіт, вачыма, велікаватым, з прыкметнай гарбінкаю носам, усмешлівы і мітуслівы. З-за гэтай мітуслівасці ён увесь час губляў свае рэчы: то забываўся ў аўтобусе ці тралейбусе парасон або пальчаткі, то соўгаў кашалёк з небагатым студэнцкім капіталам міма кішэні. А цяпер нетаропкай хадою ішоў да кафедры станісты, бездакорна апрануты мужчына з пасівелымі скронямі і сур'ёзным позіркам злёгку прыжмураных вачэй. І ўсё ж гэта ён, Валодзя Кушнер, колішні мой аднакурснік, які некалі (ой як даўно) быў закаханы ў мяне і з якога - сорамна цяпер успамінаць - мы з дзяўчатамі смяяліся і ніколі не лічылі вартым увагі «аб'ектам». Праўда, мы да ўсіх чатырох нашых хлопцаў-філфакаўцаў ставіліся з той жа яўнай непавагаю: называлі іх «філолухамі» і злаваліся, калі яны, перш чым зайсці да нас у пакой, стукалі ў дзверы: «Колькі можна вам гаварыць, каб без стуку заходзілі! А то вунь Таня за шафу схавалася: думала, з мужчын хто, а ў яе бігудзі на галаве. Выходзь, Таня!»

- Мяне завуць Уладзімір Аляксеевіч Кушнер, - прамовіў Валодзя. - Я пастараюся па магчымасці расказаць вам пра развіццё сучаснай замежнай літаратуры.

На перапынку, як гэта звычайна бывае, калі лекцыя цікавая, да яго падышлі з пытаннямі. Я па-ранейшаму сядзела за сталом і гартала канспект. Упершыню на курсах я канспектавала! Ён ужо збіраўся пайсці, але нехта зноў затрымаў выкладчыка. Ён прыпыніўся, кінуў стомлены позірк на аўдыторыю, і на твары ў яго адбіліся разгубленасць, здзіўленне і шчырая радасць - ён таксама пазнаў мяне...

З курсаў я прыехала зусім іншым чалавекам. Не, паміж мною і Валодзем «нічога такога» не было ды і быць не магло. Мы разы два гулялі па вуліцы, і адзін раз я, вядома ж, з Алінага дазволу, запрасіла яго ў госці. Вось і ўсё. Але менавіта тады, у Гомелі, калі побач знаходзіўся Валодзя (ён, дарэчы, быў жанаты, меў дваіх дзяцей і, як сам казаў, адчуваў сябе чалавекам шчаслівым: узаемнае каханне, любімая праца, неблагія дзеці), я раптам асэнсавала, як па-дурному, па-варварску распарадзілася жыццём, тым самым, якое дадзена чалавеку «ўсяго адзін раз», і патраціла лепшыя гады на тое, каб «рабіць чалавека» з істоты, якой, мабыць, яшчэ ў мацярынскім чэраве было наканавана менавіта п'янае існаванне, а не чалавечае жыццё. І ўсё ж (можа, я дурнаватая?) у душы маёй заставалася яшчэ малюсенькая крупінка жалю да Паўла. Толькі пасля таго брыдкага і жудаснага, што ён ледзьве не стварыў над маім (і сваім!) сынам, знікла і тая крупінка. Вось тады я і вырашыла расказаць яму, што ён больш увогуле не існуе для мяне, і перастала заўважаць яго. Павел, мабыць, нарэшце зразумеў, што чакаць яму ўжо сапраўды няма чаго: я ўжо не мыла яго бялізну, не прыбірала ў ягоным пакоі, не гатавала. І тады галоўнай сваёй мэтаю ён зрабіў імкненне атруціць кожную хвіліну майго жыцця: знарок біў посуд, выкідваў у памыйнае вядро маю касметыку, ірваў вучнёўскія сшыткі, якія я часам прыносіла дадому, каб праверыць, смеціў і пляваў на падлогу. Калі я, даведзеная да адчаю, голасам істэрычнай вясковай кабеты крычала: «Што табе ад мяне трэба?!», ён здзекліва рагатаў: «Мне трэба, каб ты мяне палюбіла!»

У канцы жніўня Віця з'ехаў на вучобу (ён паступіў у вучылішча ў Гомелі), і я засталася сам-насам з цяпер ужо ненавісным мне чалавекам. Усё часцей я лавіла сябе на думцы, што жадаю, каб ён... не, не памёр - мне ж тады давядзецца хаваць яго, - а каб сышоў куды-небудзь і болей ніколі я нічога пра яго не пачула. Прападаюць жа людзі без вестак. «Выйшаў з дому і не вярнуўся». Але ён нікуды не сыходзіў. Ён піў, піў, і здавалася, ужо ніколі не зробіць перадыху. Я перастала прасіць дапамогі ў каго б там ні было. У міліцыі з мяне ўжо даўно толькі смяюцца, а аднойчы нават сказалі: «Калі ўжо вы перастанеце пісаць ды званіць?! Пасаромеліся б, ці што! Можна падумаць, у нас сур'ёзных спраў няма!» Я перастала пісаць. І тэлефанаваць таксама. Часам я ўспамінала Валодзю і думала, што калі б раптам цяпер сустрэўся такі чалавек - далікатны, сур'ёзны і цікавы, - я пайшла б з гэтага пекла. Не ведаю, можа, Бог пачуў мае малітвы і паслаў мне такога чалавека? Ігар... Што будзе калі ён пра ўсё даведаецца? А я ж ужо думала пра тое, што хутка скончацца мае пакуты... але цяпер... На нажы, вядома ж, знойдуць адбіткі маіх пальцаў. Следчы супакойвае мяне, сцвярджае, што ён мне верыць, а сам глядзіць нейкім падазроным позіркам. Лепш бы адразу сказаў, як той мужлан-опер з аддзялення міліцыі: «Што, грамадзянка Савельева, вызваляем жыццёвую прастору?» А ў адказ на маё абуранае: «Вы як са мной размаўляеце?!» - «Ну-ну, вядома ж, вы тут ні пры чым! Гэта Савельеў сам перарэзаў сабе горла, а потым два разы пырнуў нажом ва ўласную грудзіну!»

Але ж следчы, што вядзе маю справу, - не мужлан. Малады, інтэлігентны, прычым адразу кідаецца ў вочы, што інтэлігентнасць не паказная, як цяпер часта бывае, а сапраўдная, адшліфаваная не адным пакаленнем. Ён стараецца быць ветлівым, уважлівым. Толькі ягоны позірк... А можа, мне здаецца? Спытаўся, чаму ў мяне не па-людску стаіць канапа. Я сказала, што збіралася зрабіць у пакоі перастаноўку, ды не паспела. Я пасаромелася гаварыць праўду. Ну як мне было сказаць маладому хлопцу, што такім чынам я засцерагала сябе ад п'яных заляцанняў Савельева: на той канапе я спала, а п'яны ды яшчэ і са сваёй траўмай ён не мог пералезці праз высокую спінку.

Як бы там ні было, а справа мая швах. Як занатавана ў пратаколе пачатковага агляду, «слядоў барацьбы і пранікнення ў кватэру старонняга чалавека не знойдзена». Усе вокны зачынены. Ключы ад кватэры былі толькі ў мяне і ў Савельева. Ніхто з суседзяў, вядома ж, нічога не чуў і не бачыў. Праўда, будзе паўторны, больш дасканалы, агляд. І экспертыза. А ці можа экспертыза дакладна ўстанавіць час, калі наступіла смерць? Я ж не была дома ўсяго нейкія дзве з лішнім гадзіны...

Звечара ён быў, здаецца, цвярозы. Мяне тое здзівіла. Праўда, я не ўпэўнена, што ён абсалютна цвярозы, я з ім не размаўляла і блізка не падыходзіла. Але ж ён не лаяўся, не кідаўся біцца! Ён маўчаў! Потым зачыніўся ў сваім пакоі і рана лёг спаць. Я пачула, што ён храпе, узрадавалася і пайшла на сваю канапу. Праўда, перастаўляць яе не стала - ці мала што? - пералезла цераз спінку і таксама легла спаць. Прачнулася гадзін у сем. Ён ужо сядзеў на кухні і курыў. І зноў не лаяўся! Маўчаў. Я згатавала сабе чай, зрабіла бутэрброд з маслам, але ў апошні момант мне не захацелася есці, я апранулася і пайшла ў школу.

Я заўжды лічыла, што ў мяне вельмі развітая інтуіцыя. Чаму ж мая славутая інтуіцыя ні-ча-гу-сень-кі не падказала мне ў той дзень? А можа, яна і спрабавала, але перабіла адчуванне радасці ад таго, што ў тую ноч мне ўдалося спакойна выспацца: такое апошнім часам здаралася не часта. А ўрэшце, што змянілася б? Я не пайшла б на «фортцы» дадому, і тады не я першая ўбачыла б ягоны - страшна вымавіць - труп? Прыйшла б пазней. Усё роўна мяне падазравалі б. Пра нашы ўзаемаадносіны з Савельевым ведаў увесь пасёлак...

Я правяла тры ўрокі: два першыя - у адзінаццатым, а трэці ў сваім «улюбёным» дзевятым «А». Пасля дзевятага «А» настрой, як заўжды, прыгнечаны. Гэта ж трэба было сабраць у адным класе столькі - як бы гэта мягчэй сказаць - няздатных да навучання дзяцей. Я пачынаю гаварыць з імі пра вартасці мастацкага твора, захапляюся і толькі праз нейкі час успамінаю, што яны не прачыталі ніводнага радка гэтага твора з той простай прычыны, што не ўмеюць чытаць! У самым прамым сэнсе. Чытаюць па складах, заікаюцца, пацеюць. Я злуюся, папраўляю іх, потым крычу, а ў адказ мне насмешлівыя позіркі: «Крычы, хоць лопні, усё роўна тройку паставіш!» Ну вядома ж, пастаўлю. А калі не пастаўлю, то сабе ж нараблю лішніх клопатаў: ад мяне пачнуць патрабаваць планы-справаздачы пра работу з адстаючымі, дакараць, што псую паспяховасць, не карыстаюся «инновационными» (цьфу, сам чорт язык паламае) тэхналогіямі, што я ўвогуле - артадокс ад педагогікі. Не ўжо, лепей я закрыю вочы (ад сораму за асабісты ўклад у справу прафанацыі асветы) і пастаўлю зласчасную тройку. Ды і дзеці... Хіба яны вінаватыя, што прырода не вельмі міласціва паставілася да іх? Зачараванае кола. Але як я ні старалася супакоіць сябе, з дзевятага «А» выйшла ніякая. Захацелася выпіць кубачак добрага чаю, і я вырашыла збегаць дадому.

Дзверы былі замкнёныя. «Зноў пайшоў піць, - падумалася. - Каб ты ўжо чэмеру напіўся!» Я пераступіла парог і адчула нейкі незнаёмы прытарна-саладкаваты пах. Устрывожаная, кінулася на кухню і... знямела ад жаху: ён ляжаў на падлозе, а вакол расцякалася вялізная цёмная лужына... Кроў! Гэта была кроў! А ў лужыне крыві - яго белы, нежывы (я адразу зразумела гэта) твар. Кажуць, у такія хвіліны чалавек становіцца як бы не ў сваім розуме і нічога не памятае. Я памятаю ўсё да драбніц. Памятаю і тое (брыдкае? подлае?) пачуццё, якое перасіліла ўсе астатнія, - пачуццё палёгкі: вось і скончыліся мае пакуты, вось і ўсё! Памятаю, як хацела, але не магла крычаць, як бегла ў школу. Чаму ў школу? А куды яшчэ? Куды яшчэ я магла бегчы? Вось тады я і зразумела, што мае словы пра абрыдлую, няўдзячную працу, пра далёкіх ад ідэалу калег-настаўнікаў - выдаткі звычайнай бабскай бурклівасці, бо школа, бадай, самае дарагое ў няўдалым маім жыцці. Вось таму я і бягу туды, бягу, каб пазбавіцца жудаснага страху, які толькі цяпер па-сапраўднаму пачаў авалодваць мною.

Ён і цяпер не адступае, той страх. Я нібы ўвачавідкі бачу апошнія хвіліны яго жыцця - узняты нечай рукою нож і адлюстраванне нясцерпнага болю на збялелым твары. Услых называю сябе абразлівымі словамі і тут жа спрабую апраўдацца (перад кім?..): «Я рабіла для яго ўсё, што магла. Я не вінаватая». А хто вінаваты? Той, хто забіў. Але хто, хто мог яго забіць? Каму трэба было, каб ён памёр? Каму, акрамя... мяне? Вось так! І няма чаго крыўдзіцца на следчых і нават на таго опера. На іхнім месцы я думала б так, як і яны. А хутчэй бы яны забралі мяне, інакш я звар'яцею. А што? У турме таксама жывуць. Прывыкну. Туды, бывае, трапляюць без усялякай віны. Дык хай бы забіралі. Але ж не забіраюць. Толькі ветліва папрасілі нікуды за межы раёна не з'язджаць ды ўзялі на экспертызу плашч і касцюм, у які я была апранута ў той час. І нажы. Абодва нажы - мае... нашы. Звычайныя кухонныя нажы, адзін з чорнай пластмасавай ручкай, а другі - з металічнай. Тым, што з чорнай пластмасавай, я раніцай намазвала на батон масла, так што... Ды і другі нож я, па-мойму, раніцай брала ў рукі. Значыць, усё... Але ж я не забівала!! Следчы пытаўся, ці былі ў Савельева ворагі, ці не пагражаў яму хто? Якія ворагі? Не было ў яго ні сяброў, ні ворагаў. Праўда, аднойчы ён гаварыў, што ўліп і цяпер яму трэба адсюль тэрмінова з'язджаць. Толькі ж гэта хутчэй за ўсё было п'янае трызненне: Савельеў, нягледзячы на шырокія плечы і здаравенныя кулакі, быў звычайным баязліўцам і нікуды ўліпнуць не мог. Героем ён адчуваў сябе толькі дома. А апошнім часам ён стаў пабойвацца Віці. Віця... Што станецца з ім, калі мяне і сапраўды пасадзяць у турму? Ды калі і не пасадзяць. Хлопец ён у мяне даволі складаны: нервовы, нястрыманы. Але мяне болей непакоіць іншае: ужо двойчы я заўважала, што ад яго пахне віном. А яму ж яшчэ няма і семнаццаці. Няўжо з яго вырасце другі Павел? Божухна! Усё што заўгодна, толькі не гэта! Вось і Бога ўспомніла. Чамусьці ўсе мы, без выключэння, звяртаемся да Бога толькі тады, калі з намі здараецца няшчасце. А ў светлыя хвіліны жыцця мы не тое што не верым, а проста забываемся пра яго. Ды і ў што нам, сённяшнім, верыць? Знявечаныя атэізмам, прымушаныя маліцца на ідалаў, створаных і груба размаляваных штучнай грамадскай сістэмай, мы - калі жыццё нарэшце развеяла шматгадовы ўсеагульны дурман - паўсталі перад рэальнасцю голыя, бездапаможныя, без ідэалаў, без ідэй і без веры, асуджаныя хто на пакутлівыя пошукі існасці, хто на маральную смерць.

І ўсё ж... І ўсе ж, Божа, вялікі і міласцівы, дапамажы мне, пашлі мне спакой і душэўную раўнавагу - тое, што сёння так неабходна мне...

 

 

Частка IV. Следствам устаноўлена...

 

 

Я перагортваю старонкі справы Савельевай, чытаю паказанні сведкаў, пераглядаю заключэнні экспертыз, каб канчаткова ўпэўніцца: забойства не было. Савельеў скончыў жыццё самагубствам. Галоўны доказ таму - заключэнне судмедэксперта пра характар раны на шыі нябожчыка. Побач са смяртэльнай выяўлена некалькі паверхневых ран: самагубца як бы прымяраўся, набіраўся смеласці, перш чым адважыцца на той ракавы ўдар. Спачатку ён спрабаваў забіць сябе, працяўшы грудзіну. Але нож аказаўся недастаткова вострым... Удар нажом зроблены ў правы бок шыі, што спачатку азадачвала. Але, як пазней выявілася, Савельеў пры жыцці быў ляўша. Тое засведчылі былая жонка, сын і знаёмыя Савельева.

Паўторны, больш дэталёвы, агляд месца здарэння яшчэ раз пацвердзіў: ніхто са старонніх у кватэру ў той дзень не заходзіў. Смерць Савельева адбылася паміж 9.30 і 10.30 гадзінамі. Следствам устаноўлена, што Савельева Ніна Мікалаеўна, якая падазравалася ў забойстве былога мужа, з 8.15 да 11.30 знаходзілася ў школе, дзе праводзіла ўрокі ў дзесятым, адзінаццатым і дзевятым класах і нікуды з памяшкання школы не адлучалася.

Яшчэ адно самагубства... Апошнім часам яны становяцца даволі частай з'яваю. Далёка за прыкладамі хадзіць не трэба. Па нейкім зусім ужо неверагодным супадзенні ў той жа дзень у вёсцы Дубовы Лог, па вуліцы Школьнай - вуліца ў пасёлку Альховым, дзе жыў Савельеў, таксама носіць назву Школьная - апоўдні, перарэзаўшы вены, скончыў жыццё самагубствам нехта Савіцкі, адзінокі саракавасьмігадовы мужчына.

Самагубства... Што гэта? - праяўленне слабасці ці, наадварот, сілы характару? Колькі ні спрачаліся пра гэта ў самых розных колах, але да агульнай думкі, па-мойму, так і не прыйшлі. Адно бясспрэчна: задаволенаму жыццём чалавеку такое ў галаву не стукне.

Што прывяло да самагубства Савельева? Урач-нарколаг Шэметаў выказаў меркаванне, што ў Савельева хутчэй за ўсё пачаўся алкагольны псіхоз. Такое бывае ў час вымушанага перапынку (няма грошай, няма дзе ўзяць спіртное) пасля працяглага тэрміну ўжывання алкаголю. Але ж меркаванне пра пачатак алкагольнага псіхозу - толькі меркаванне. Калі б можна было ўпэўніцца, што гэта менавіта так - а ўпэўніцца немагчыма, бо ніякая экспертыза цяпер не ў стане тое вызначыць, - то можна было закрываць справу з-за адсутнасці складу злачынства.

Але ёсць адно, а дакладней, некалькі «але»: паказанні сведкаў, якія даюць падставу... Я ўяўляю сваю заўтрашнюю размову з Нінай Мікалаеўнай Савельевай і адчуваю сябе не вельмі добра. «Ніна Мікалаеўна, скажу я, следствам устаноўлена, што Савельеў Павел Пятровіч скончыў жыццё самагубствам. Вы можаце забраць свае рэчы. Яна, як заўсёды бывае ў такіх выпадках, з палёгкай уздыхне: «Дзякуй вам, Віталь Дзмітравіч», - і паспрабуе ўсміхнуцца. А я мушу працягваць: «Але ёсць у Крымінальным кодэксе яшчэ адзін артыкул: «Давядзенне да самагубства», і я, зыходзячы з паказанняў некаторых сведкаў, павінен узбудзіць супраць вас справу па гэтым артыкуле».

Ну, у мяне прафесія дык прафесія! Колькі разоў даводзілася падазраваць людзей, асабіста мне сімпатычных! У гэтым выпадку таксама. З першых хвілін майго вымушанага знаёмства з Савельевай у мяне склалася пра яе ўяўленне як пра чалавека ўражлівага, добразычлівага. Звычайна такія вось становяцца ахвярамі празмернай сваёй даверлівасці і ўсёдаравальнасці. Савельева пражыла са сваім мужам амаль васемнаццаць гадоў (з іх чатыры пасля разводу). Жыла, як яна сказала, «пакуль спадзявалася». Яна спадзявалася, хаця спадзявацца на што-небудзь добрае не выпадала. І гэта было зразумела ўсім, акрамя Савельевай. «Я ўсё рабіла для яго...» А для сына? Чаму яна не падумала пра сына, які быў асуджаны жыць у невыносных умовах, быць сведкам агідных сцэн? Яна магла распараджацца сваім жыццём, але прыносіць у ахвяру жыццё сына?..

Дык што гэта было? Вялікае каханне, якое потым перарасло ў нянавісць? Страх перад пераменай устаноўленага ладу жыцця? А можа, звычайны мазахізм? Бываюць жа жанчыны, якія свядома асуджаюць сябе на пакуты і пакорліва нясуць цяжкі крыж, як нясе свае вярыгі юродзівы.

Васемнаццаць гадоў самакатавання. Дзеля чаго? Не магу зразумець. Відаць, я дрэнны знаўца жаночай псіхалогіі (адсюль і няўдалы мой шлюб). Адно толькі прыходзілася назіраць: чамусьці вось такія, здатныя на самаахвярнасць, адданыя жанчыны дастаюцца ў жонкі тым, хто не ўмее і не жадае цаніць гэтыя рэдкія па цяперашнім часе характары. А тым, хто ўмее, яны чамусьці не сустракаюцца. Ім трапляюцца закончаныя эгаісткі ці драпежніцы, заклапочаныя толькі адным: ухапіць ад жыцця як мага больш, ухапіць, не грэбуючы ніякімі сродкамі, дзеля дасягнення запаветнай мары. І такіх сёння пераважная большасць. Вось таму я больш ніколі ў жыцці не ажанюся...

Заўтра да мяне ў кабінет зойдзе Савельева Ніна Мікалаеўна. За гэты час яна яшчэ больш схуднела, пастарэла адразу на некалькі гадоў, пад вачыма леглі сінія кругі. Цяпер яна выглядае шмат старэй за маю маці, хаця яны, здаецца, аднагодкі. Зараз бы гэтай жанчыне адпачыць ды падлячыцца, але...

Перад маімі вачыма паўстаюць твары сведкаў, на падставе паказанняў якіх я павінен узбудзіць супраць Савельевай справу «аб давядзенні».

Ласько. Азызлы твар, мяшкі пад вачыма. Яўны п'янтос, сябрук нябожчыка Савельева. Зелянухіна. З тых, каго прырода не вельмі шчодра надзяліла інтэлектам, але ў поўнай меры - зайздрослівасцю і адвечным плебейскім жаданнем прынізіць да свайго ўзроўню, а калі ёсць такая магчымасць, то ўтаптаць у гразь чалавека, які выпадае з агульнапрынятых (плебеямі) рамак. Марчанка. Жанчына з вышэйшай адукацыяй, аднакурсніца Савельевай, былая яе сяброўка. Эрудыцыя. Неблагая, вобразная мова. Прэтэнзія на ўласную выключнасць і - брудныя пазногці, пакамечаны твар, даўно нямытыя валасы. І як растлумачыць, што настаўніца па прафесіі даўно нідзе не працуе? Ці толькі «куча хвароб» таму прычына? І што гэта за хваробы?

Трэба будзе яшчэ раз выклікаць гэтых траіх і апытаць іншых суседзяў, знаёмых і калег Савельевай. Праўда, я амаль упэўнены, што гэта проста дадатковая пісаніна для мяне і працяг выпрабавання нерваў для Савельевай. Бо справа да суда не дойдзе. Хаця хто ведае, колькі яшчэ «добразычліўцаў» у Савельевай - а яна сцвярджае, што ў яе няма такіх, бо з усімі старалася ладзіць, - і што яшчэ давядзецца пачуць. Як чалавек я спачуваю Савельевай. Але я - следчы. Я павінен быць дакладным, аб'ектыўным і паслядоўным у сваіх дзеяннях і ўчынках.

І таму заўтра я скажу: «Ніна Мікалаеўна, на падставе паказанняў некаторых сведкаў, я абавязаны...»

 

 

Частка V. Ацверазенне

 

Як жа ўсё проста, ясна і адчувальна! Адчувальна так, што можна пакратаць рукамі. Чаму я столькі часу шукаў выйсця, калі яно зусім побач?

Я ведаю, пра мяне скажуць: Пашка звар'яцеў ад гарэлкі, «сеў на каня» і яго «адолелі галюнікі». І ніхто ў свеце не ўведае праўды, ніхто не пачуе маёй апошняй споведзі. Было ўсё: і «белы конь», і «галюнікі», і проста п'янае бяспамяцтва, якое доўжылася тыднямі і нават месяцамі. Тое было навідавоку. Тое бачылі. Не бачылі толькі, ды і не маглі бачыць, што я, насуперак уласным намаганням пераступіць (так мне было б лягчэй жыць!), не пераступіў яшчэ апошняй мяжы. Да яе застаўся ўсяго толькі крок, але я ўжо ніколі не зраблю яго, і мяжа застанецца мяжою. Яна будзе аддзяляць мяне ад тых, чые пачуцці і жаданні даўно захлынуліся ў пякучай гaры, а засталося адно-адзінае - неспатоленая прага той гары. Жыве яна і ўва мне, праклятая прага! Толькі нядоўга ўжо ёй смяяцца з мяне... Сёння я цвярозы, як, бадай, ніколі ў жыцці. Я недзе чытаў, што чалавек народжаны для шчасця. Толькі не я.

Я ўспамінаю былое і магу назваць шчаслівым усяго мо з дзесятак дзён. Сярод іх і той дзень, калі яна на маё «кахаю» адказала «так». Яна паверыла мне, ды і я тады верыў, што лёс ствараем самі. Цяпер я ўпэўнены: не, лёс кожнага з нас напісаны нечай усёмагутнай рукою з моманту нараджэння, а можа, і яшчэ раней.

Калі мне мінула два гады, маю маці «забралі»: у магазіне, дзе яна працавала, выявілася нястача тысячы рублёў. Ёй далі дзесяць гадоў. Адсядзела яна ўсяго два, хоць якое там адсядзела? Яна працавала на лесапавале і хутчэй за ўсё не дажыла б да канца свайго тэрміну, калі б не амністыя. Я дрэнна памятаю той дзень, калі яна прыехала дадому. Памятаю толькі, як нябожчыца бабуля сказала нам з сястрою: «Ну, вось, дзеткі, цяпер і ў вас, як і ва ўсіх, будзе маці».

Маці... Адна толькі маці зразумела б мяне. Але і яна не змагла б уратаваць ад гэтай страшэннай немачы, якая непрыкметна адолела мяне і зрабіла тым, што я ёсць на сённяшні дзень.

Нашай сям'і жылося нялёгка. Мне толькі мінула дванаццаць гадоў, а я ўжо вымушаны быў забыцца пра дзіцячыя забавы, бо трэба было працаваць. Мае аднагодкі гулялі ў лапту, у клёк, у хованкі і даганялкі, а я касіў, араў, пасвіў гусей, ездзіў у лес па дровы: нас, дзяцей, было ўжо пяцёра, а з бацькі... Які гаспадар і работнік мог быць з яго, калі гарэлка засланіла яму ўсё: і сям'ю, і працу, і белы свет увогуле. Я з нянавісцю глядзеў на бацькаў азызлы твар і, сустракаючы няўцямны позірк яго чырвоных вачэй пад набрынялымі павекамі, даваў сабе зарок: ніколі ў жыцці не браць у рот нават кроплі «праклятай атруты».

Дык як жа здарылася, што я забыўся пра свой зарок і стаў ахвярай той самай «праклятай атруты», з-за якой было знявечана не толькі маё дзяцінства, а і мой лёс увогуле? Можа, усё пачалося з самай першай «малюсенькай» чаркі, што наліла мне рука суседкі-ўдавы бабы Вольгі, якой я касіў соткі (такім чынам я падзарабляў, каб купіць да школы кеды і спартыўныя штаны): «Каўтані, унучак, табе не пашкодзіць, ты стаміўся. Ды і пад'ясі лепей».

З часам чарачкі «ад стомы» і для «апетыту» станавіліся ўсё больш ёмістымі, а аднойчы я злавіў сябе на тым, што першая думка, з якой я прачынаюся - думка пра выпіўку... А неўзабаве я прыйшоў дадому (з чарговай халтуры) зусім п'яны. Але які п'яны я ні быў, а яшчэ ўсведамляў, што сорамна так напівацца, і добра памятаю ўсе свае дзеянні: як я, баючыся трапіць на вочы маці, схаваўся за лазню, як сашморгваў з парэчкавага куста лісце і старанна жаваў яго, каб перабіць сівушны пах, і як потым мяне ванітавала.

Назаўтра страшэнна балела галава, навакольны свет здаваўся абрыдлым і шэрым, пакуль я, пасля гадзіны пакутлівых ваганняў, не «астаграміўся» А пазней, з гадамі ўжо, я заўважыў, што варта мне выпіць пэўную дозу, як я, так бы мовіць, выключаюся з рэальнасці, хоць працягваю хадзіць, размаўляць і нават рабіць нейкую работу. Праўда, я станаўлюся тады зусім іншым чалавекам. Ад прыроды спакойны, разважлівы і акуратны, я ператвараюся ў агрэсіўную неахайную істоту, з майго языка саскокваюць словы, якія цвярозы я не вымавіў бы нават за добрую плату. Са мной робіцца прыблізна тое, што з катом Леапольдам (з мультыка) пасля таго, як ён праглынуў «азвярын». Жонка любіла глядзець гэты мультфільм, хоць увогуле імі не цікавілася. А потым, калі я, выпіўшы, і з'яўляўся на парозе, яхіднічала: «Што, азвярынчыку хапіў?» Ух, як яна ўмее яхіднічаць, даводзіць да шаленства! І, галоўнае, адчувае, дзе канчаецца маё цярпенне. І тады ўцякае. Аднойчы нават з балкона саскочыла.

Але пра што я хацеў?.. Ага, калі я напіваюся, то - і гэта самае небяспечнае - амаль нічога не памятаю. Спачатку я не верыў, калі хто-небудзь, а асабліва жонка, расказваў мне пра мае ж п'яныя «выступленні». Але аднойчы паверыць прыйшлося, бо чарговае з такіх «выступленняў» ледзьве не скончылася для мяне турмой. Здавалася б, пасля гэтага трэба было задумацца, спыніцца, а спыніцца я ўжо не мог. Ненавідзеў сябе, ненавідзеў гарэлку і... неадольна жадаў яе. У дні прасвятлення (а іх станавілася ўсё меней і меней) я спрабаваў разважаць. Чаму я такі? П'юць жа цяпер многія. Я ведаю людзей, якія ўсё жыццё п'юць амаль штодня, але ж не губляюць галавы: працуюць, ходзяць адзін да аднаго ў госці, нечым захапляюцца - хто рыбалкаю, хто паляваннем. А я? На рабоце мяне нідзе не трымалі больш за месяц, хаця я неблагі токар, цясляр, тынкоўшчык, каменшчык. Усе мае родзічы асцерагаюцца запрашаць мяне на вяселлі, хрэсьбіны і іншыя сямейныя ўрачыстасці. Рыбалка мяне не цікавіць: я грэбую браць у рукі чарвякоў, а асабліва чапляць іх на кручок. Паляванне? Не ўяўляю, як можна страляць, напрыклад, у зайца. Мне яго шкада. Збіраць грыбы? Не люблю я лес, у лесе ў мяне пачынае кружыцца галава, ды і я не адрозніваю добрых грыбоў ад паганых. Плаваць я не ўмею (там, дзе я вырас, ні рэчкі, ні возера не было). Адно, што ніколі не надакучвае мне, калі я цвярозы, - кнігі. Я шмат чытаў, але жонка гаварыла, што маё чытанне ніякага ўплыву на мяне не мае, а, так бы мовіць, ляжыць «мёртвым грузам». Дык што мне заставалася акрамя гарэлкі? Ад гарэлкі мяне ўжо даўно перастала нудзіць, колькі я ні выпіў бы. Некалі я гэтаму радаваўся, пакуль не пачуў ад урача (я быў тады ў ЛПП), што... знікненне рвотнай рэакцыі на спіртное - сіндром другой стадыі алкагалізму... Я два разы лячыўся ў ЛПП. Лячылі нас гіпнозам, калолі балючыя ўколы, праводзілі так званую псіхатэрапію. У першы раз мяне выпісалі праз паўтара месяца, а ў другі раз - праз месяц за парушэнне рэжыму. «Напіўся і дэбашырыў, разбіў шкло ў кабінеце ўрача». Тады мяне збіраліся адправіць на двухгадовае прымусовае лячэнне ў Светлагорск (некалі такое рабілі). Але прыехала жонка і ўпрасіла ўрача, каб мяне адпусцілі дадому. Дома яна паіла мяне адварам падалешніку, дзеразы і яшчэ нейкай травой (яна назбірала і насушыла іх цэлую ношку). Я пакорліва глытаў нясмачнае пітво і нейкія таблеткі, а думаў пра гарэлку. Я не пераставаў думаць пра яе ніколі. Нават тады, калі кадзіраваўся. Дарэмна, усё дарэмна! Няма лякарства ад гэтай страшнейшай хваробы. Няма! Менавіта ад п'янства ў сорак сем гадоў памёр мой бацька, амаль у тым жа ўзросце - мой дзед. А сястра... Жонка проста даўно не была там і не ведае, што і мая сястра... Яе ўжо даўно звольнілі з работы за сістэматычнае п'янства, яна бадзяецца і хутка таксама дойдзе да краю. Вось чаму я не паехаў да сястры, хаця ў доме, дзе яна жыве, у бацькоўскім доме, ці не ўсё зроблена маімі рукамі. Я пабудаваў веранду, перакрыў дах, склаў печ і грубку, паклеіў шпалеры, адрамантаваў лазню. Я не хачу ехаць да сястры. Я ўжо нічога не хачу. Мае браты колькі гадоў не пускаюць мяне на парог, а жонка (хоць якая яна мне жонка?) даўно глядзіць на мяне як на пустое месца і ўжо не спачувае мне, як калісьці, а толькі гідліва крывіць твар, калі я прашу яшчэ раз дараваць, яшчэ раз паверыць, яшчэ крышачку падтрымаць мяне. Сын з таго часу, як я... Ён перастаў размаўляць са мною. Я не патрэбен нікому, акрамя такіх, як сам, п'янюг ды і то толькі тады, калі ў мяне ёсць грошы. А я не люблю іх, прымітыўных да ідыятызму стварэнняў, з якімі няма пра што пагаварыць, хіба толькі пра выпіўку, бо ніхто з іх за сваё жыццё не прачытаў ніводнай кнігі і, бадай, ніколі не ўзняў галавы да неба. Яны лічаць нармальным такі склад жыцця і пакутуюць толькі з пахмелля. Я ж пакутую яшчэ і таму, што ўсё разумею, усё асэнсоўваю (калі цвярозы), пакутую ад сораму за ўласнае свінства і за тую брыдоту, якой досыць натварыў за столькі гадоў амаль бесперапыннага п'янства.

Тыдзень таму я прачнуўся ў чужой кватэры, у чужой пасцелі. Побач са мною, разявіўшы шчарбаты рот, спала Любка Марчанка. Зусім голая. Хоць забі, не памятаю, як я там апынуўся. І навошта мне была тая мурзатая Любка? Можа, паміж намі і не было нічога? Ды хутчэй за ўсё і не было, бо я не спаднічнік які-небудзь. Ды і кахаю я сваю былую... І ненавіджу, хоць разумею: мне нельга больш верыць, ды і сам я ўжо не веру сабе. Я пракляты Богам. Гэта ён за нейкія грахі паслаў мне такі страшэнны лёс. Дык ці такая ўжо вялікая мая асабістая віна ў тым, што я стаў ізгоем, смеццем? Я не хачу больш такога жыцця, а на іншае ў мяне не стае сілы і жадання таксама. У мяне ўжо няма ніякіх жаданняў, таму я і адыходжу, хоць не ведаю, можа, Там мяне чакае штосьці больш страшэннае. Хай будзе як будзе. Я не буду пісаць ніякіх запісак, не буду кагосьці абвінавачваць. Яе - таксама, хоць лічу, што яна вінаватая. Яна не разлічыла сілы, калі звязала са мною свой лёс. Яна спынілася на паўдарозе, а трэба было ісці да канца. Можа б, я яшчэ як-небудзь уратаваўся... Я ж кахаў яе. А цяпер ненавіджу. Праведніца, жаласніца... Няўжо яна так і не зразумела, што зневажаў і біў яе не я, здзекаваўся з сына не я. Гэта рабіла мая невылечная хвароба. Аднаго мне толькі хацелася б: убачыць, ці заплача яна над маёй труною? Не, калі і заплача, то толькі для людзей. А ўрэшце, мне ўсё роўна. Праз некалькі хвілін усё для мяне скончыцца...

 


2000?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая