Ітак, пішу... Ізноў пішу з натхненнем.
Твой васілёк перада мной ляжыць.
А за акном снуюцца і танцуюць цені,
Упаў срабрысты месяц на калені,
Стаў цалаваць магільныя крыжы.
О, што яму - ён сёння верыць ў бога,
Я ж толькі веру ў шчасце і людзей.
І мо затым з такой пякучаю трывогай
Я жыў, смяяўся і спяваў так многа,
Хоць часта збіты, чорны, без надзей.
О!.. ён стары, з ім ў ціш і сінь магілы
Ляглі вясна і шчырасць - адміраць.
А я ў разгары свежасці і сілы
Пайду ў прастор, дзе над палоскай мілай
Гарыць, як кроў, вячэрняя зара.
Каб з новай верай ў шчасце і каханне
Цябе да сэрца смела прытуліць
І ў сіні змрок ля шэрага кургана
Пра нашу цвець і першае спатканне
Вясны і траў мелодыю праліць.
І ўжо тады, пад белаю калінай
Нам будзе месяц сыпаць каласы.
Ітак - бывай, каханая дзяўчына.
Прыйду я хутка да цябе ў даліну
Упіцца свежасцю крамянае красы!
1926