І зноў холад, і вецер, і сіняя цьма,
І зноў сэрца балючае плача.
О, нашто над палямі разлёгся туман,
Калі хочацца сонца пабачыць.
Зацвіла прад акном маім белая даль,
Налілася жыццём і каханнем,
Толькі сонца не хоча цяпла ёй даваць
І схавалася недзе ў тумане.
Так і песня сягоння мая зацвіла,
Толькі сілы няма й поўнай волі,
Каб на родным прасторы дуброў і сяла
Каласілася спевамі поле.
Я йшчэ ведаю: смехам жыццёвых крыніц
Захаплюся на ўлонні прыроды,
Толькі згінуць хай холад і хмурыя дні,
Што навеялі цьму і нягоды.
Я йшчэ ведаю: ўдаль над маёй паласой
Праліецца прывольная песня,
Толькі дайце гармонік на сто галасоў
І прастор для размаху не цесны.
О, тады ўсё спяю, ўсё скажу вам, браты,
Я скажу, што кахаю, што знаю,
Бо у цвеце кляновым прастор залаты
Упаіў маё сэрца каханнем.
1926