epub
 
падключыць
слоўнікі

Валеры Маракоў

«І зноў прыйшоў, і зноў пабачыў родны край...»

 

І зноў прыйшоў, і зноў пабачыў родны край,

І сэрца... сэрца так запаланела.

І зноў лясы агнём зялёным тут гараць,

І зноў я свежы стаў і стаў я смелы.

 

А ўвесь прастор такім напевам маладым

Свае імкненні ў сэрца мне закінуў.

І хоча так, як гэты месяц залаты,

Стаяць і старажыць сваю краіну.

 

І жыць там ціха, радасна, як гэта даль,

Шаптацца з ветрам, упівацца сонцам.

І быць румяным, свежым, песні ўсе аддаць,

Каб над табой вясна была бясконца.

 

І зноў прыйшоў, і зноў пабачыў родны край.

Чаго ж так сэрца, сэрца запалала?

Мо на жалейцы хоча марш хаўтурны граць

Усім надзеям брудным і няўдалым!

 

1926

 


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая