epub
 
падключыць
слоўнікі

Валеры Маракоў

«Я цяпер з хлапцамі ў радасці бягу...»

 

Я цяпер з хлапцамі ў радасці бягу,

Каб уліць у сэрца нашых дзён разгул,

І не чую свісту, вострага, як нож,

Што другіх без жалю ўжо скасіў даўно,

Толькі я спяваю ў залаты прастор,

Каб дарыць прыволлю радасць светлых зор.

 

Хай ніхто не кажа, як спяваць, аб чым,

Бо жыццё аб гэтым сёння пракрычыць.

Трэба пець, каб сэрца, камень і вада

Захацелі вечна думаць і гадаць:

А што будзе заўтра і якім агнём

Зацвітуць прасторы срэбных ячмянёў?

 

І ці будзе заўтра плакаць і гарэць,

Каб пабачыць сонца тых нязнаных дзён,

Хто краіне сёння аддае жыццё,

Каб пабачыць сонца тых нязнаных дзён,

Што прыйдуць з вякамі на сівы прастор

І мо скажуць сэрцу: не трывожся, стой!

 

Ўсе трывогі - глупства, трэба знішчыць іх,

Каб квітнела шчасце ў нівах дарагіх,

Каб над роднай вёскай, на прастор сівы

Пралілася песня кветак і травы.

Вось затым сягоння ў радасці бягу

І ўліваю ў сэрца нашых дзён разгул!

 

1926

 


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая