epub
 
падключыць
слоўнікі

Валеры Маракоў

«Я так доўга блукаў ў зачарованым садзе...»

 

Я так доўга блукаў ў зачарованым садзе.

Месяц ласкай сваёю лісты апаліў.

З русай доўгай касою, з агнём у паглядзе

Расказала ты мне нашу тайну зямлі.

Мы пайшлі...

Доўга, доўга ты мне гаварыла,

Гаварыла аб шчасці і долі людзей.

У грудзях ажылі жыватворчыя сілы

І трывожныя песні кахання, надзей.

Дарагая мая,

Паглядзі, як над лесам

Дагарэла крывавай тканіны зара.

Гэта сімвал глухіх і надломаных песень,

Гэта слова кахання,

Пачуццяў пара.

Я багаты

І песняй сваёй, і юнацтвам,

Ў маёй хаце блакітны варушыцца свет.

Буду сёння над смерцю варожай смяяцца,

Бо інакшая песня да мэты заве.

Я аб гэтым і доўга і ўпарта так марыў,

Я заснуўшае шчасце сваё абудзіў.

І ўжо шэпча мне нехта з усмешкай на твары:

- Не спыняцца нам тут,

А ісці ды ісці.

Мы так доўга блукалі ў квітнеючым садзе,

Месяц ласкай сваёю лісты апаліў.

З доўгай русай касою, з агнём у паглядзе

Расказала ты мне пра вясну на зямлі.

 

1930

 


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая