epub
 
падключыць
слоўнікі

Валеры Маракоў

«Над сінім лесам, шэрым полем...»

 

Над сінім лесам, шэрым полем

Задорны смех ліе вясна.

Такой парой па-над раздоллем

Душу я выпею да дна.

Такой парой ў жыццёвым моры

Б'е радасць свежых галасоў.

Я выйду ў нівы, на прасторы,

Абліты сонцам і расой.

Хай ў нівах льюцца яшчэ слёзы,

Адцвіўшай ў холадзе зімы,

Ўжо кучаравяцца бярозы,

Няма ні холаду, ні цьмы.

І над узгоркам, над далінай

Вясна-красуня зацвіла.

Я прыгарну, нібы дзяўчыну,

Ўсю гэту шыр, ўсю гэту даль.

Я, сын вясны, пад яркім светам

Люблю жыцця прастор і шыр

Затым, што сонца б'е паэту

Паклоны новых слоў душы;

Затым, што ўдаль над шэрым полем

Задорны смех ліе вясна...

Такой парой па-над раздоллем

Душу я выпею да дна.

 

1926

 


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая