Палюбіў я асенняе ранне
І красу зарунелых далін
Мо затым, што у срэбным тумане
Апавіты жальбою палі, -
Палюбіў я асенняе ранне.
Ў гэтым ранні, халодным і сінім,
Многа шчырасці й многа крыві.
Чуеш, там, за шырокай далінай,
Нехта кажа: - Валеры, жыві
Ў гэтым ранні халодным і сінім.
Ціха сцелецца жоўтае лісце,
І пяе аб мінулым трава,
Што цяпер весялей, як калісьці,
Песні шчасця і волі спяваць.
Ціха сцелецца жоўтае лісце.
Знаю я, што ў палях непагодна,
Недзе плача мінорна струна,
Бо за гэтым акордам нягоды
Будзе пець і смяяцца вясна...
Знаю я, што ў палях непагодна.
Палюбіў я асенняе ранне,
Бо ў ім многа раздум'я і слёз.
Калі нехта ляжыць на кургане -
Значыць, працы будзённай не знёс.
Палюбіў я асенняе ранне.
1927