epub
 
падключыць
слоўнікі

Валеры Маракоў

«Зялёны месяц над ракою...»

 

Зялёны месяц над ракою

Ўстае ў крыштальных пералівах,

І ночка сінім васільком

Схіліла твар свой сіратлівы.

Ой, ночка!.. ночка!.. Над акном

Рабіна блішча пазалотай,

І устаюць жаданні зноў

Пайсці на рэчку, на балота.

Пайсці і песняй маладой

Зноў ажывіць жыццё дубровы,

Што голле нізка над вадой

Схіліла ў полымі сталёвым.

І, дзе вясны жыццё цвіло,

Дзе вецер песні кідаў срэбрам,

Яна разгонам шчырых слоў

Ізноў мо скажа: «Ты патрэбны...»

Ой, месяц!.. месяц над ракой

Ўстае, смяецца, б'е паклоны,

І ночка сінім васільком

Схіліла твар свой на загонах.

 

1926

 


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая