epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

3. Жах

Пачалося ўсё нават прыстойна — здатна, па-людзку й дэмакратычна.

Сабраны ў залі бязладны, гаманкі, дужа амбітны парлямэнт тры дні біўся над велізарнай праблемай будучага кіраўніка дзяржавы. Сам парлямэнт кіраваць ня ўмеў, а галоўнае — не хацеў, бо хацеў толькі выступаць у тэлевізары ды езьдзіць па замежжы — прэзэнтаваць краіну, якую апроч мытнікаў ніхто болей ня ведаў. Вельмі складана было вызначыць назву кіраўніка, які б пад наглядам парлямэнту кіраваў краінай, — хто гэта будзе: цар, сакратар, загадчык, гаўляйтар? Дэпутаты зьнемагліся ў спрэчках. Дайшло да таго, што пачуліся прапановы: ня трэба ніякага кіраўніка, хай будзе анархія. Тое, вядома, было небясьпечна, і небясьпека недзе была ўчутая й перададзеная куды належыць. І вось позна ўвечары, калі парлямэнтары дарэшты стаміліся і ўжо кепска разумелі, у авальнай залі паседжаньняў згасла сьвятло, загрымеў нечуваны гром, будынак затросься, аднекуль з-пад купалу шуганула шэрым сьмярдзючым дымам, зь якога выскачыў ЁН. Ад яго сыпаліся іскры (такая зыходзіла энэргія), праменіла фіялетавае зьзяньне; постаць яго цьмяна нагадвала чалавечую і вібравала так, што нельга было сфакусаваць зрок і зразумець, што ж гэта — здань, цмок ці няўжо — чалавек? Сьпікер парлямэнту дрыготкім голасам запытаўся: "Хто вы?", ды, замест таго, каб атрымаць адказ, кулём паляцеў з застольля аж у славуты "задні праход". Грымотным голасам здань абвесьціла:

– Я — Жах!

Парлямэнтароў бы памялом вымела з залі, засталася адно жменька тых, каго жах спаралізаваў. Але й тыя да канца жыцьця не маглі вымавіць нічога, апроч "так-так", "не-не". Зрэшты, іншага ад іх і не патрабавалася. Да канца жыцьця.

Першым указам Жах аб’явіў, што нічога ранейшага не застанецца, усё ад сёньня ліквідоўваецца, бо нічога й не было ніколі: ні сьмехавітаў, ні дзяржавы, ні мовы. Ёсьць толькі — Жах, ягоныя людзі — жахліўцы. З тым і трэба лічыцца.

Народу было ўсё роўна, ёсьць ён, народ, ці няма й як ён называецца. Да рэгулярнага перайменаваньня людзі прывыклі даўно — заўжды пераймяноўвалі гарады, паселішчы, вуліцы, імёны. Шмат хто ўжо заблытаўся, як яго называць — Уладлен, Вілен, Матарызацыя, Эмансыпацыя. Іншыя маці ня ведалі, як клікаць каторага дзіцёнка, бо ўсе рэсурсы іхнай памяці са школьнай пары выдаткоўваліся на тое, каб запомніць імя чарговага сакратара — першага, другога, трэцяга — ЦК, абкаму, гаркаму, райкаму, сельсавету, саўгасу, калгасу… А было, што шэфа й гаўляйтара. Усё тое было добра знаёма народу. Сьпярша, праўда, цяжкавата было прывыкнуць да думкі, што яго, народу, няма й наагул не было ніколі. Тут трэ было мець асаблівую навуку, каб сьцяміць тое. Але й гэта ня надта важна, і да таго можна з часам прывыкнуць, калі сыстэматычна й па-навуковаму трэніраваць памяць. Вось толькі паўставала праблема: як трэніраваць яе, калі, як аб’явіў таварыш Жах, у людзей няма (і не было) мовы? Тая, на якой людзі восем стагодзьдзяў мовілі, была аб’яўлена трасянкай, нявартай чалавечага роту, і ліквідоўвалася, бы крамола. Усю літаратуру на ёй перапрацавалі на макулатуру, за тутэйшае слова, вымаўленае на вуліцы, паліцыянты білі даўжэзнымі гумавымі палкамі (дэмакратызатарамі) і цягнулі ў пастарунак. Людзі зьненавідзелі тыя "дэмакратызатары", а заадно — і дэмакратыю з дэмакратамі, якіх на загад Жаха перайменавалі ў "дзермакратаў". Таварыша Жаха, аднак, падабалі, бо ён, хоць і быў строгі, але справядлівы — саджаў у турму шмат, але ж ня ўсіх. Толькі тых, хто высоўваўся, засьвечваўся, не згаджаўся. А што забраў гісторыю — такой бяды! З гісторыі штаноў не пашыеш. Мову? Можна пражыць і бяз мовы. Вунь зьвяры ў лесе зусім не размаўляюць, а жывуць лепш за людзей. А тое, што людзей няма (не было й ня будзе), дык тое, можа, і лепей — будзе болей парадку.

Горш было тое, што не было чаго есьці, на краіну насоўваўся голад.

Сьпярша ня стала яек, пасьля малака, масла, сьмятаны. На тое Жах аб’явіў, што вінаватая пражэрлівая апазыцыя, якая ўсё зжарае сама, ні каліва не пакідаючы народу. Каб не зжарала, трэба яе зьліквідаваць, для чаго наёмнымі профі былі распрацаваныя адпаведныя праекты. Плянавалася гэта зрабіць у часе мітынгу, быццам бы рукамі сваіх жа абдзеленых на ежу функцыянэраў. Але дасканалы плян дачасу раскрылі, і галоўныя таўстапузыя аб’ядалы ўцяклі за мяжу. І тым ня менш, прадукты прападалі: зьнікла каўбаса, мяса, сыр і твораг. Мудры таварыш Жах і тут даў геніяльны адказ: прадукты вывозяць з краіны на паветраных балёнах, адзін зь іх ужо зьбіты, герояў-зьнішчальнікаў вітала краіна. Каб яна канчаткова адчула сябе ў бясьпецы, выкінулі з пасольстваў заходніх паслоў, — хай ня сочаць за інтымнымі сакрэтамі любага Жаха. Усё тое дужа падабалася жахліўцам і, мабыць, падабалася б яшчэ болей, калі б з продажу пакрысе ня зьнік і хлеб. Тады любы народам Жах абвясьціў новую стратэгічную дактрыну: ня трэба есьці. Бо гэтая старасьвецкая завядзёнка вельмі абыходзіцца дзяржаве, зьнясільвае бюджэт і скарачае асыгнаваньні на зброю, безь якой дзяржава абысьціся ня можа. На жаль, у адрозьненьне ад ранейшых кіраўнічых заклікаў, гэты ўспрымаўся слаба. Нягледзячы на вялікія растлумачальна-агітацыйна-прапагандовыя высілкі, жахліўцы працягвалі хацець есьці й дзе толькі можна шукалі ежу.

Выйсьця не было інакшага, як толькі ажаніцца з прынцэсай суседняй дзяржавы, якая (дзяржава) звалася Дзяржавай-Раем і ў якой паводле дакладаў сакрэтных агентаў было ўсё: і народ, і электарат, і культура, і мова. Паводле ня надта правераных зьвестак быў нават хлеб. Тая вестка надта абнадзеіла Жаха, які тут жа ўспомніў пра дзедаўскую практыку дынастычных шлюбаў, што зрабілі магутнымі валадарамі не аднаго захудалага князька дохлага княства. Жаніцца, жаніцца! Жах не любіў вагацца й на другі ж дзень паслаў сватоў.

У краіне Раю жахавітых сватоў спаткалі дужа прыветна, прынцэса адразу пагадзілася на шлюб, а яе бацька Валадар Гмах паслаў жаніху багатыя падарункі. У дзяржаве жахліўцаў усё закружылася ў радасным карагодзе шлюбных падрыхтаваньняў: тры тыдні мылі, шкрэблі й чысьцілі — фасады й падлогу, мараль і ідэалёгію. Жах, бы шалёны, насіўся па краіне, кантраляваў, спаганяў і снаваў пляны, як стане дужым і багатым, валадаром дзьвюх краінаў, галоўнакамандуючым дзьвюх арміяў (не, лепш іх аб’яднаць у адну, а ён стане й начальнікам генэральнага штабу — цяжкія пасады ён не любіў перадавяраць іншым). Ён стане генэрал-палкоўнікам (не, можа, лепш маршалам? Ці нават генэралісымусам?), прымусіць калаціцца "дзермакратычныя" краіны й першы абмые салдацкія кірзачы ў цёплай вадзе Паўднёвага мора. А якую магутную і ўсепраніклівую асабістую сэкурытату створыць ён — толькі пад уласным кантролем, не давяраючы нікому. Ён меў дасканалы аналітычны розум і ведаў, як той шлюб адаб’ецца на эканамічным стане краіны. Ужо гэты пражэрлівы электарат наесца.

Па краіне жахліўцаў пайшоў шырокі рух у падтрымку выдатнага пляну таварыша Жаха. На ўсіх гарадзкіх і вясковых скрыжаваньнях былі разьвешаныя партрэты Жаха й ягонай мілай нявесты — цудоўнай, вельмі сэксапільнай маладзіцы ў анфас і профіль, у строгіх вечаровых строях і ў гульлівым бікіні. Людзі з зацікаўленьнем абмяркоўвалі вартасьці таго ды другога, але да згоды не маглі прыйсьці. Звычайна мужчынам падабалася прынцэса, жанчыны ж гарой стаялі за звыклага Жаха, чый жахавіты арліны позірк быў увасабленьнем сапраўднага мужчыны, якія даўно ужо вывеліся ў краіне, і жанчыны дужа сумавалі па ім.

У мастацтве, якое яшчэ трошкі ліпела, запанавалі два стылёвыя напрамкі — стыль згаладнелай фантасмагорыі — гэта калі бясконца апісваліся ці маляваліся шыкоўныя стравы, якія мала хто памятаў у краіне жахліўцаў і якія быццам бы не пераводзіліся ў суседняй дзяржаве, і стыль бясхлебнага рэалізму, па сутнасьці, беспадстаўнага выяўленьня "чарнухі" жыцьця, ягонай бядоты. Першы стыль лічыўся афіцыйным і карыстаўся бязьмернай падтрымкай таварыша Жаха, няблага аплочваўся й даваў магчымасьць творцам кожны дзень есьці з хлебам. За другі ж часам саджалі ў пастарункі, дзе творцы падпісвалі пратаколы й каяліся. Але, выйшаўшы на волю, браліся за ранейшае, бо казалі, што хочуць заставацца вернымі праўдзе жыцьця. Толькі дзе тая праўда й дзе жыцьцё, ніхто зь іх ня ведаў. Прынамсі ў краіне Жаху іх не было. Казалі, шмат было ў краіне-Раі, і таму пісьменьнікі з мастакамі таксама з прагнасьцю чакалі доўгачаканага дзяржаўнага шлюбу. Між тым, у паўсядзённым жыцьці справа дайшла да апошняй мяжы галечы. Жахліўцы зьелі ўсю жывёлу, нават кароваў. Узімку тых не было чым карміць, бо вынішчылі на корм увесь хвойнік, засталося адно голае альховае суччо, якога жывёла чамусьці не хацела есьці. Лепш здыхала, — мабыць, з неспазнанага каровінага прынцыпу. Людзі былі меней упартыя, елі траву, шчаўе і крапіву й надта суцяшаліся хуткім вясельлем, калі будзе хлеб і да хлеба. Ужо жаніх патурбуецца. Народ цяпер спрэс называўся электаратам, што дужа падабалася старым бабкам у вёсцы. Ведама ж, народ быў нікому не патрэбны, а да электарату калі-нікалі прыяжджалі начальнікі на чорных "Волгах", прывозілі невялікія скрыначкі й ласкава прасілі кінуць туды невялікія аркушыкі з прозьвішчам чарговага начальніка. Бабкі часам дзівіліся, чаму такую справу нельга зрабіць у райцэнтры, але ахвотна кідалі тыя аркушыкі, бо толькі тады начальнікі гаварылі зь імі ласкава й нават казалі дзякуй. Ну й само сабою распавядалі, як добра зажывецца пасьля доўгачаканага шлюбу. Праўда, тыя расповеды часам выклікалі сьлёзы — гэта калі бабкі думалі, што могуць не дажыць да шчасьлівага дня.

І вось, нарэшце, жаданы, шмат разоў адкладзены дзень настаў. На дванаццаці зьнішчальніках-усепагодніках шлюбны картэж узьвіўся ў неба. Праз пэўны час апусьціўся на нейкім ня надта сучасным, амаль захалусным лётнішчы, што стала першым, але ня самым вялікім засмучэньнем жаніха. Наступнымі былі: абдрапаныя фасады сталіцы Дзяржавы-Раю, калдобістыя вуліцы, спрэс злосныя твары людзей у даўжэзных чэргах, — рыхтык, як у ягонай краіне жахліўцаў. Але найбольшы гром-пярун грымнуў у палацы, калі жаніх сам-насам спаткаўся з прынцэсай. Аказалася, што то была зусім не прынцэса, а брыдкога выгляду прынц, яўна вычварнай сэксуальнай арыентаванасьці. З наступнай размовы высьветлілася, што на шлюб ён пагадзіўся з прычыны вялікай крызы, у якой апынулася краіна-Рай, і тым шлюбам меркавалася паправіць становішча ў эканоміцы, геапалітыцы, фінансах, войску, ідэалёгіі, культуры, мэдыцыне, адукацыі, міжнацыянальных і міжканфэсійных дачыненьнях і г.д. Даць жахліўцам ён нічога ня мог, мог толькі ўзяць і цынічна іржаў у напарфумлены твар Жаха, аскаляючы вялікія, пракураныя наркотай зубы.

Нешта сьцяміўшы, Жах тузануўся ўсім целам, ляпнуў аб паркет недапіты келіх з шампанскім і на тым жа усепагодніку-зьнішчальніку паімчаў дадому. Такога расчараваньня стрываць ён ня мог і над аблокамі прыняў рашэньне: вайна! Толькі пераможная вайна магла змыць ганьбу й пакараць краіну-зманшчыцу. Жах аддаў загад аб усеагульнай мабілізацыі.

Хутка, аднак, выявілася некаторая ў тым недарэчнасьць: мабілізоўваць не было каго. Зьнікла насельніцтва. Частка — з голаду й хваробаў, частка таму, што наіўна паверыла, быццам яго няма й не было ніколі. Тыя ж, што засталіся, лічылі сябе электаратам для галасаваньняў і плебысцытаў, але не для вайны й не разумелі Жаха, бо даўно адвучыліся ад якой-небудзь мовы. Урадоўцы ж і адміністратары, учуўшы пра мабілізацыю, адразу паўцякалі на ўсход, бо даўно таемна служылі ня Жаху, а валадару Райскай дзяржавы — таварышу Гмаху.

Тое было нечувана й нясьцерпна. Зараджаны велізарнай касьмічнай энэргіяй (1000 кілавольт), Жах стрываць такога ня мог і задрыжэў, закалаціўся, загуў, закруціўся (звыш 1000 абаротаў у хвіліну), — падобна, як і тады, калі першы раз аб’явіўся у парлямэнце. Сьледам раздаўся выбух, накшталт чарнобыльскага, якога яшчэ ня чула плянэта. У неба ўзьняўся віхор чорнага дыму, пылу й смуроду, у якім зьнікла ўсё разам з Жахам.

Калі праз стагодзьдзе той пыл-дым патроху разьвеяўся, дык людзі з Усходу й Захаду ўбачылі гіганцкае правальле ў сярэдзіне кантынэнту. Глыбіня правальля была такая, што да дна не дасягаў зрок, шырыня таксама хавалася за краявідам. Між берагоў заўжды курэў шызы сьмярдзючы дым, зь якога часам выскокваў бязногі хвастаты Цмок. Ён куляўся, крыўляўся й рабіў нейкія знакі цікаўным вандроўнікам, што заўсёды тоўпіліся на краёх правальля, затым на тыдні й месяцы зьнікаў у прадоньні.

Людзі казалі, што гэта — урок чалавецтву за ягоную зьнявагу чалавечых і боскіх законаў быцьця...


1995-1998?

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2005.
Крыніца: http://www.lit-bel.org/