epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Альпійская балада

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
Замест эпілога


1

 

Ён упаў, спатыкнуўшыся аб штосьці, і адразу ж ускочыў – адчуў: трэба хутчэй ад гэтага месца, ад забітага камандафюрэра; пакуль не спахапіліся, трэба недзе зашыцца, схавацца, а можа, і прарвацца з завода. Але ў віхурыстым пыле, які накрыў цэх, амаль нічога не было відаць, і ён ледзьве не сунуўся ў чорную прорву варонкі, дзе была бомба. Па краі аббег яму, каб не наляцець на што ў пыле, выцяг наперад руку, у другой напагатове сціскаючы пісталет, перакуліўся цераз вялізную, пэўна, вывернутую з зямлі бетонную глыбу, балюча аб штосьці ўдарыўся галёнкаю. Ускочыў ужо босы, калодкі недзе зваліліся з ног, і ён зразумеў, што гэта кепска – нагам стала вельмі балюча на закіданым друзам доле.

Ззаду тым часам пачуліся крыкі, у другім канцы цэха гулка разнеслася аўтаматная чарга. «Чорта з два», – сказаў ён сабе, адным махам пераскочыў абрушаную з перакрыцця жалезную ферму, узбег на пахілены, трохі не павалены прасценак. Пыл ад выбуху патроху стаў асядаць, рассейвацца, але яшчэ добра хаваў яго. Ён узбег на самы верх прасценка, тут ужо стала відаць наваколле; яго абдало ветрам, які хутка разганяў пыл. Па бетоннай рабрыне, утрымліваючы раўнавагу рукамі, каб не зваліцца, дабраўся да краю абвалу – наперадзе праз якія тры крокі была вышчарбленая сцяна знешняй агароджы, а далей за ёю, быццам нічога ў цэлым свеце не сталася, ціха тулілася ў зеляніне некалькі домікаў, і зусім блізка ўгары, на схіле, рукой падаць, зелянеў лес і Альпы: яго надзея, яго жыццё або смерць – яго лёс. Іван акінуў усё гэта кароткім позіркам, сунуў у зубы пластмасавую рукаятку пісталета і скочыў. У грабяні агароджы тырчалі вострыя жалезныя шыпы, ён ухапіўся за два з іх рукамі і, не марудзячы, рыўком перакінуў цела на другі бок. Скакаць, аднак, памарудзіў, апусціўся нагамі, каб было ніжэй, і тады адарваўся. Ён упаў на быльнёг, перахапіў у руку пісталет і з усяе сілы кінуўся па бульбоўніку ўздоўж высокай драцяной загародкі.

Ззаду стралялі і крычалі, недзе далей усчаўся брэх аўчарак – гэта было найгоршае, але думаць, перайначваць што-небудзь ужо не выпадала. Некалькі куль правішчалі высока над галавой, і ён, бегучы, адчуў – гэта не ў яго, яго яшчэ не ўбачылі. Раздзіраючы пальцы на босых нагах, пералез цераз сетку загарадзі і па калючай шлакавай дарожцы яшчэ хутчэй прыпусціўся далей – усё ўгору, да блізкай ускраіны.

Тым часам выбух бомбы ў цэху ўстрывожыў людзей. З боку ад нейкага белага доміка з усіх ног беглі да завода два хлопчыкі; яны, на шчасце, не заўважылі яго, і Іван шыбаваў далей. Але вось наперадзе з-за кустоў акацыі ледзьве не пад ногі яму сунулася дзяўчына ў квяцістай сукенцы з палівачкаю ў руках. У вачах яе бліснуў жах, яна ўскрыкнула, і палівачка з бразгатам паляцела на дарожку. Ён моўчкі прамчаўся міма, выскачыў на шырэйшую ўскраінную вуліцу, зірнуў у адзін бок, у другі – вуліца была пустая. Іван перабег яе, прадраўся праз калючы гушчар пасадкі і тады ўпаў. Наперадзе дамоў ужо не было, на касагорыне спакойна ляжаў някошаны лужок – у бязветранай цішы драмалі рамонкі, лагодна гойдаліся мяцёлкі нейкай травы; далей і вышэй у раўках і распадках пачынаўся лес. Над усім у спякотным чэрвеньскім небе тоўпіліся шызыя груды Альпаў.

Стрымліваючы шалёны дых, Іван услухаўся. Ззаду даносіліся крыкі і стрэлы, сталі гучней екатаць аўчаркі, але гэта там, на заводзе, – за ім жа, здаецца, не гналіся. Рукавом паласатае курткі ён ацёр з твару пот, што заліваў вочы, прыўзняўся, намячаючы па лужку шлях угору; непадалёк прыкмеціў раўчук, што бліжэй падступаў да гарадка, туды ж па крутым схіле збягалі зверху рэдкія на ўзлеску ялінкі. I ён ускочыў.

Гэта было вельмі трудна, бо ногі сталі надзвычай непадатлівыя і вялыя, а цела налівалася ўсё большым цяжарам. На сярэдзіне схілу ён зноў азірнуўся. Сабачы брэх набліжаўся, секанула блізкая чарга, але куль ён не пачуў – значыць, яшчэ не па ім. Па іншых. Відаць, там разбягаліся. Гэта аблягчала яго становішча, і ён упершыню падумаў пра хлопцаў. I першы раз балюча здрыганулася яго сэрца: наўрад ці ўцалеў хто, – мабыць, усе заплацілі сабой за яго волю.

Ён аслабела трухаў цераз узгорак. Ззаду як на далоні відзён стаў увесь гэты аўстрыйскі гарадок, пярэднюю палову якога займалі доўгія, быццам ангары, гмахі завода, у якіх сям-там чарнела правалле і руіны ад бамбёжак; даўжэзная загародка-сцяна ў адным месцы была абрушана, ля яе ў канцы корпуса тырчалі пакарэжаныя фермы перакрыцця. I там, відаць было, снаваліу мітусіліся людзі. Ён прыгнуўся (ужо, калі ўкленчыць у траве, можна было схавацца за пагоркам) і так хвілін некалькі бег уніз, у раўчук, пакуль урэшце, затулены пагоркам, не выпрастаўся. Побач на касагорыне стаяў лес.

Аціраючы рукавамі твар, ён прыпыніў бег – далей шлях яго пралягаў па схіле травяністага раўка-распадка. Пад’ём тут зрабіўся яшчэ болын стромкі, побач між слізкіх камянёў шумна віраваў ручай. Іван шпарка ішоў, пакуль не дасяг першых рэдкіх ялін, і тады ззаду данёсся вельмі пабліжэлы сабачы брэх. Здавалася, гэта было зусім блізка, за пагоркам, і ён зноў знясілена пабег угору. Хоць бы як-небудзь паспець да лесу, у гушчар елак, там лягчэй схавацца, можна б як ашукаць даганятых або, калі ўжо не суджана вырвацца на волю, загінуць недарма.

Толькі дабегчы да лесу Іван не паспеў.

Ён лез па траве ўгору, мінаючы вялікія і малыя абломкі скал з рассыпанай навокал жарствою, і ўжо амаль дасягнуў хваёвага ўзлеску, як ззаду, вынырнуўшы з-за пагорка, гучна і раз’юшана забрахалі сабакі. Іван кінуўся ўбок, да маладой ялінкі, і, прыгнуўшыся, выглянуў між галін: цераз бугор, мільгаючы ў траве палавою спіной, па ягоных слядах імчалася аўчарка. Недзе за ёй хрыпата гаўкала другая; немцаў, аднак, не было відаць.

Тады ён азірнуўся, зразумеў, што да гушчару ўжо не паспець, шырэй расставіў ногі і мацней сцяў у кулаку пісталет. Колькі ў магазіне было патронаў, ён не ведаў, лічыць іх цяпер не было калі, хоць ён і разумеў, што ў патронах яго паратунак. I ён на хвіліну расслабіў мускулы, стараючыся раўней дыхаць. Трэба было супакоіцца, сабрацца з сілаю, суняць сэрца ў грудзях, каб ударыць без промаху.

Сабака тым часам убачыў яго, заекатаў гучней, зласлівей, з задыханым змораным сапам і, выкідваючы папарна складзеныя лапы, сігаў угору. Стоячы за ялінай, Іван прыгнуўся, позіркам адмераў якую паўсотню крокаў да вострага каменнага абломка ў траве і скіраваў туды пісталет. Аўчарка разгоністымі скачкамі набліжалася, прыцяўшы да галавы вушы, выцягшы хвост; ужо стала відаць яе разяўленая зяпа з высунутым языком і жоўтыя клыкі абапал. Іван зацяў дыханне, стараючыся як найлепей пацэліць, і, трошкі не падпусціўшы сабаку да каменя, стрэліў. У той жа міг зразумеў – прамазаў. Пісталет тузануўся ствалом угору, засмярдзела порахам, аўчарка завішчала з яшчэ болыпым імпэтам. Тады ён, амаль не цэлячыся, але фізічна адчуваючы напрамак яе страшнага бегу, паспешліва стрэліў другі раз. I раптоўна кароценькая радасць бліснула ў ягонай душы – сабака віскнуў, з шалёнага маху скочыў, перакуліўся цераз галаву і ў якіх дваццаці кроках ад яго забіўся, затузаўся ў траве ўсім целам. Ён тым часам ужо гатовы быў кінуцца ў лес, як тут жа згледзеў далей яшчэ аднаго – вялізны, з падпалінамі на баках ваўкадаў, шырока выкідваючы лапы, з дыхавічным сапам імчаў угору. За ім у траве валачылася-скакала доўгая раменная почапка.

Усё ж Іван позна заўважыў небяспеку. Ён паспешна тыцнуў насустрач пісталетам, але стрэлу не было, – пэўна, штосьці заела. Тады ён тузануў пісталет да сябе, ляпнуў па затворы далоняй, аднак ваўкадаў ужо быў побач, хрьшата рыкнуў і скочыў. Іван, прыгнуўшыся, шаснуў за яліну, ваўкадаў пранёсся ля яго пляча, цяжка перакуліўся і з разяўленай зяпай вёртка скочыў назад. Іван, не ведаючы, як бараніцца, ускінуў насустрач рукі.

Гэта быў дужа імпэтны скачок, Іван не ўстаяў на нагах, пісталет выпаў, і яны абодва, чалавек і сабака, пакаціліся па зямлі. Здавалася, усё хутка скончыцца, але Іван у апошняе імгненне паспеў схапіць ваўкадава за ашыйнік і ў амаль нечалавечым напружанні рук не даў сашчапіцца на сабе ягоным зубам. Сабака дзерануў яго кіпцюрамі, недзе, трэснуўшы, разарвалася адзежына. Іван, аднак, з усяе сілы трымаючы аўчарку за ашыйнік, левай рукой схапіў яе за пярэднюю лапу і крутнуў. Так яны яшчэ разы два перакаціліся адно цераз аднаго і зноў апынуліся побач. Іван выкінуў убок ногі і стараўся як-небудзь узваліцца на ваўкадава, але той задышліва хакаў, шалёна рвучыся да яго, і Іван адчуў, што доўга так не ўтрывае. Тады ён у апошнім рашучым намаганні, у якое сабраў увесь спрыт, вертануўся на зямлі, злаўчыўся, перакінуў цераз сябе сабаку, каб самому апынуцца вышэй, і з усяе сілы даўлянуў яго каленам у скабіны. Той таксама тузануўся, ледзьве не вырваўшы з рукі ашыйніка, коратка екатнуў, але – адчуў Іван – пад каленам у яго штось нібы хруснула. Сабака прарэзліва завішчаў, чалавек, здзіраючы з пальцаў скуру, тужэй закруціў ашыйнік, і яшчэ намогся каленам. Аднак ваўкадаў віскнуў, падкінуў задам, ашалела тузануўся і вырваўся.

У Івана штось азвярэла ў душы, ён сцяўся, адразу ж чакаючы новага скачка. Але сабака не скакаў, распластаўся на зямлі і, выцягшы наперад тоўстую морду з вываленым набок языком, часта, зморана дыхаў і дзіка глядзеў на чалавека. У Івана, натруджаная ашыйнікам, пякуча гарэла правая рука, нервова торгаўся ад ператомы мускул у прадплеччы, ледзьве не выскоквала з грудзей сэрца. Ён таксама некалькі секунд, паклаўшы на траву дрыготкія рукі, стаяў на каленях і амаль не па-чалавечы, здзічэла глядзеў на сабаку.

Яны абодва ашалелымі вачыма сачылі адзін за адным, баючыся прапусціць адзін у другога першае жаданне скочыць. Іван да таго ж вельмі баяўся, што вось-вось з’явяцца немцы, і гэтыя некалькі секунд здаліся яму вечнасцю. Пасля ён падумаў, што ваўкадаў наўрад ці кінецца на яго, і нерашуча падняўся на ногі. Не адрываючы ад ворага пільнага позірку, ён сігануў убок і схапіў з травы кавалак каменя. Ваўкадаў натапырыў хрыбціну, ударыў па зямлі хвастом, здалося, скокне, але ўсё ж не скочыў, – відаць, яму дасталося не менш, чым чалавеку, і ён ціхенька, бяссільна екатаў. Тады Іван болей рашуча ступіў назад яшчэ раз, ваўкадаў прыўзняўся, пасунуўся, почапка яго заварушылася ў траве. Аднак ён не пабег і не скочыў. Іван, бачачы гэта, яшчэ больш асмялеў і бокам хутка пасігаў угору да яліны, дзе быў пісталет.

Сабака заскавытаў ад бяссільнай ярасці, валочачы пакалечаны зад, аслабела прапоўз у траве і спыніўся. А чалавек ухапіў з травы браўнінг і зморана, наколькі дазваляла рэшта яго сіл, патрухаў па распадку ўгору, у яловы гушчар.

 

2

 

Яшчэ праз якіх пяць хвілін ён быў ужо ў лесе і бег уздоўж вірлівага, з празрыстай вадой, ручая. Лес тут быў чысты, без ламачча, бегчы, аднак, перашкаджалі частыя абломкі скал. Пад’ём таксама станавіўся ўсё болей круты і хутка забіраў сілы. Чакаючы і баючыся новай пагоні, Іван ускочыў быў у ручай, каб схаваць ад аўчарак след. Вада ледзяным холадам пругка ўдарыла ў ногі, да болю апякла ступні, і ён, прабегшы якіх дваццаць крокаў, выскачыў зноў на бераг. Ускарабкаўся на скальную кручу, тузануў, перазараджаючы, пісталет, – затвор выкінуў на камяні перакошаны патрон. Іван сагнуўся падняць яго і раптам абмёр – праз гаманлівае булькатанне ручая ззаду данеслася гамонка. Забыўшыся на патрон, ён таропка кінуўся ўгору, крышку ў бок ад ручая, на схіл распадка, пралез цераз гушчар маладога ельніку і, ледзьве спраўляючыся з дыханнем, апусціўся на чацвярэнькі.

Спачатку яму здалося, што скрозь было ціха, толькі зводдаль вуркатаў ручай ды шумелі верхавіны елак. Гэта падзьмуў фён, і ў небе з-за гор выплыў ускудлачаны акраек хмары – хутка насоўваўся дождж. Іван насцярожанымі вачыма агледзеўся па баках, аббег позіркам каменне пад елкамі ўнізе – быццам нідзе нікога. Ён ужо хацеў бегчы далей, як ззаду да яго слыху даляцеў трошкі сцішаны, але настойлівы вокліч:

– Руссо!

Іван хіснуўся ніжэй, угнуў голаў – не, то быў не немец, а мусіць, які гефтлінг*. Але не хапала яшчэ клопатаў чакаць каго, тут хоць бы як выкарабкацца самому: ведаў з уласнага вопыту, як гэта трудна. Немцы, мусіць, паднялі ўжо трывогу і даганяюць – не так гэта проста ўцячы.

* Зняволены. (ням.)

I ён з усяе сілы пабег, пакарабкаўся між камянёў і елак угору, наўкос па горным лясістым схіле. Ручай застаўся недзе ўбаку, гоман яго прыціх; мацней і выразней сталі шумець яліны; свежы вецер размашыста гойдаў іх верхавінамі; сонца схавалася; змаркатнелае неба ўсё далей і шырэй абкладвала мутная хмара. Было душна, куртка на спіне прамокла ад поту, паласаты берэт ён недзе згубіў і твар выціраў рукамі, увесь час сочачы за наваколлем і ўслухоўваючыся. Аднаго разу, пераводзячы дыханне, ён пачуў далёкае яшчэ, але настойлівае вуркатанне матацыклаў: тут недзе праходзіла дарога, і немцы, вядома, ужо ачаплялі раён. Ахоплены панылым прадчуваннем, Іван услухоўваўся, мяркуючы, як уцякаць далей, і ў той жа час па нейкім невыразным гуку адчуў, што ззаду хтосьці бяжыць. Гэта ўжо было дрэнна: можа, той зусім не гефтлінг, а немец! Іван адскочыў за імшысты камель елкі і шчоўкнуў ахоўнікам браўнінга. Тым часам матацыклы з усё большым трэскатам набліжаліся. «Абкладваюць, сволачы...» – мільганула думка. Іван азірнуўся, апусціўся за елкай на адно калена і прыўзняў сціснуты ў кулаку пісталет. Зноў унізе стукнулі па камянях крокі. Ён угледзеўся, зусім пэўна адчуваючы ў гушчары месца, дзе з’явіцца чалавек. Але нейкі час ніхто там не паказваўся, і Іван напружана чакаў. Урэшце на прагалак між дрэў унізе выбегла лёгкая паласатая постаць на выгляд быццам падлетка, азірнулася, жвава неяк кінула позірк угору і згледзела яго.

– Руссо!

Жанчына?! Гэта яго здзівіла і збянтэжыла, ён ледзьве не вылаяўся ад прыкрасці, але блізкі роў матацыклаў пераключыў ягоную ўвагу – яны ўжо былі побач, толькі вышэй. Іван вертануўся на зямлі, не ведаючы, куды падацца: між рэдкіх камлёў дрэў яго тут маглі лёгка ўбачыць зверху. I ён сігануў у неглыбокі вышчарбак-нішу пад крутаватай скалою, прыгнуўся, увесь ператварыўшыся ў спрыт і асцярогу. Паласатая постаць унізе на хвіліну знікла за краем абрыву, і ён не глядзеў куды – найболей асцерагаючыся матацыклаў, напружана слухаў. Але вось знізу праз дваццаць крокаў з-за каменя з’явілася дзяўчына ў доўгай, не па росце куртцы з падкасанымі рукавамі і чырвоным трохкутнікам вінкеля на грудзях. Яна хутка зірнула па баках, і ён заўважыў, як пад шапкаю чорных, даўнавата не стрыжаных валасоў радаснай жвавасцю бліснулі гэткія ж чорныя, нібы дзве масліны, вочы.

-Чао!

Ён чуў ужо гэтае слова і зразумеў яго – так заўсёды віталіся гефтлінгі-італьянцы. Аднак цяпер, услухоўваючыся ў трэскат над галавой, ён змоўчаў, чакаючы, што яна вось-вось шмыгне куды ў сховішча. Але яна, здаецца, зусім безуважная да небяспекі, зноў азірнулася і таропка загаманіла па-нямецку, як зразумеў Іван, некага праганяючы ад сябе. Іван паглядзеў у падлесак – там, адкуль выскачыла дзяўчына, туліўся на каленях яшчэ нехта ў паласатым, але ён зараз жа шмыгнуў назад і прапаў у гушчары ельніку. Іван ужо хацеў кінуцца куды далей ад гэтых гефтлінгаў, як дзяўчына лёгка выскачыла з-за абрыву, нагнулася, таропка сунула ногі ў калодкі, якія дагэтуль трымала ў руках, і, заляскаўшы імі, падалася да яго.

Ён аж сцяўся ад страху. Матацыклы раўлі ледзьве не над іх галовамі, і яе недарэчна-паказная адвага гнеўна сцебанула яго напятае да болю адчуванне – іх жа так лёгка маглі тут убачыць. Іван, прыгнуўшыся, скочыў да дзяўчыны і за руку злосна рвануў яе пад скалу. Пры гэтым ён ціха, але бадай што з лютасцю вылаяўся. Яна падатна і лёгка, ледзьве не ўпаўшы, шырока матлянулася за ім, адна яе калодка звалілася з нагі і, застукаўшы па камянях, адляцела прэч.

– Ой, клумпес! – сцішана ўскрыкнула яна.

Матацыклы адзін за адным, абдаючы іх трэскатам, праносіліся недзе зусім блізка, а яна, не зважаючы ні на іх, ні на яго відавочную злосць, вырвала руку і кінулася за калодкай. Іван не паспеў яе ўтрымаць, толькі скрыгануў зубамі. А яна тым часам, спрытна схапіўшы калодку, матлянулася назад, коратка, нібы вінавата, зірнула на яго, у яе вачах бліснуў азарт і неслухмянасць распешчанай зухаватай дзяўчынкі. I тады Іван, не справіўшыся з напятымі нервамі і ўзарваны спазнелаю злосцю, ляснуў яе па шчацэ.

Дзяўчына коратка войкнула, але не адхіснулася, толькі ўпала пад скалу побач і з-пад локця зірнула на яго ўгору вачыма, поўнымі не гневу, а нейкага гарэзнага здзіўлення.

Матацыклы – чуваць было – аддаляліся, і Іван адразу ж пашкадаваў, што не стрымаўся. А яна на момант засяродзілася, акругліла вочы, услухалася, здавалася, толькі цяпер усвядоміўшы, што ім тут пагражала, і, падцяўшы калена ў гэткай жа паласатай, як і ў яго, штаніне, насунула на ступню калодку. Пасля зноў зірнула на яго і, па-дзіцячы няўмела выгаворваючы словы, нібы картавячы, паўтарыла ягоную лаянку.

Гэта было так нечакана, як і яго аплявуха, і здалося Івану такім незвычайным, што ў ім нешта скранулася, зрушылася – нешта чалавечае на момант шыбанула ў яго заскарузлую ад гора душу, і ён упершыню за сённяшні дзень здзіўлена і шырока раскрыў свае вочы.

– Ого!

– Ого, – паўтарыла, быццам перадражніла, яна, пэўна паказваючы тым сваю прытворную крыўду, і быццам з некатораю нават цікавасцю паглядзела на яго, а ў вачах яе ўжо з’явіліся жвавыя, смяшлівыя іскаркі.

Чарнявая прыгажосць гэтай дзяўчыны і незвычайная яе адвага ў гэтым іх болей чым складаным становішчы збівалі яго з тропу.

– Ты куды бяжыш? – хутка і сурова кінуў ён, пазіраючы ў дол, на яе падцятыя ў калодках цыбатыя ногі.

– Вас?

– Вас, вас! Куды бяжыш?

– Руссо бежішь – іх бежішь.

Ён спадылба кальнуў яе злосным позіркам, аднак на ўсім яе твары адбіваліся ўвага і старанне зразумець яго – густыя чорныя бровы, што зрасліся над пераноссем, былі высока ўскінуты.

– Ты знаеш, куды я бягу? Я Русланд бягу. Зловяць – мнебудзе пуф, пуф. А табе гэта, – ён чыркнуў сабе пальцам па шыі і паказаў угору.

Яна зразумела, коратка ўсміхнулася, нават, здалося яму, чмыхнула: маўляў, што мне вісельня. I гэтая яе безразважная легкадумнасць амаль што раззлавала яго.

– Смялячка! Расхрабрылася! Ну і бяжы! Толькі без мяне.

– Конэчно! – мірна ўсміхнулася дзяўчына, і Іван падумаў, што яна не зразумела яго.

Ён памкнуўся быў запярэчыць, але ў гэты час убаку ад горада пачуліся крыкі і сабачы брэх, відаць, там кагосьці лавілі. «Чорт з ёй, з гэтай дзеўкай», – падумаў Іван. Трэба было прабірацца далей, і ён хутка палез па схіле.

 

3

 

Усё неба ўгары аблажыла шызая мутная хмара, мерна гойдаліся вяршаліны елак, лес устрывожана гуў, і першыя кроплі коса чырканулі паветра.

Іван жвава, знарок не збаўляючы кроку, лез і лез між камлёў і камення, як цяпер заўважыў, пабліскваючы голым каленам праз прадраную сабакам штаніну. Мусіць, пакуль стаяў пад скалою, штаніна на сцягне недзе прысохла да раны, а пры хадзе ададралася, і рана цяпер забалела. Пазбіваныя аб камяні босыя пальцы на нагах таксама крывавілі, аб нейкую патарчаку ён балюча ўкалоў пяту, але зважаць на гэта не было калі.

Ззаду тым часам усё змоўкла, засцігнутая дажджом небяспека недзе стаілася, адстала, за імі пакуль не чутно было ніякай пагоні. Але яна павінна была азвацца. Іван ведаў, што немцы іх так не пакінуць, пэўна, яны паднялі ўжо на ногі ўсю ахову, паліцыю, сабак. Гэта было дужа нялёгка – уцячы, хіба што ім паможа дождж, калі схавае, заглушыць крокі, змые сляды. Вострым, нервовым позіркам Іван усё ўзіраўся праз рэдзенькую, яшчэ прытуманеную сетку дажджу і вельмі асцерагаўся, каб не налезці на якую засаду. Яшчэ ён час ад часу лавіў ззаду стукат крокаў сваёй спадарожніцы, яна адставала, часта губляла з ног то адну, то другую клумпес і пасля подбегам даганяла яго. Тады некалькі хвілін побач чулася яе блізкае, частае ад стомы дыханне, неўзабаве, аднак, яна зноў знікала.

Ён стараўся быць абыякавы да яе; калі б яна адстала зусім, мабыць, уздыхнуў бы з палёгкай, але ўсё ж пакуль яна была тут, паблізу, не мог пакінуць або прагнаць яе і пайсці адзін. Ён толькі думаў: і адкуль яе, на ліха, прыбіла да яго! Глядзі ты – вырвалася з завода, дагнала, ужо нашто ён хутка шыбаваў, а вось не адстала ж. Хоць ён нямала часу патраціў на сабак, добра яшчэ, што прамарудзілі, не наляцелі на той раўчук немцы. Дожджык тым часам усё гусцеў, усё шчыльней ахутваў лясістыя горы цёплы туман – гэта радавала яго, так лягчэй было зашыцца ў лесе, схаваць свой след ад сабак, як мага далей адысці ад горада.

Толькі пад дажджом ісці было дужа нязручна: ушчэнт мокрая куртка агідна абліпала цела, штаніны таксама вымаклі ад нізу, і ён падкасаў іх, як, бывала, касцы – да калень. Спачатку ён з задавальненнем падумаў, што пад дажджом прытушыцца, пацямнее яго паласатая, бачная здалёк стракатасць. Гэта і сапраўды сталася, толькі праклятыя кругі мішэняў, намаляваныя клеявой фарбай, па-ранейшаму тапырыліся на грудзях, зусім не моклі і сталі яшчэ прыкметней на прыцямнелай куртцы.

Так мінула гадзіна ці болей, калі, прадзіраючыся праз мокры хваёвы падлесак з туга напятымі між галін струнамі павуціння, у якім дрыжалі драбнюткія кроплі вады, Іван убачыў дарогу. Гладкая, блішчастая ад непагоды паласа яе лёгка загіналася на павароце і знікала ў гарах. Ён спыніўся, услухаўся, – здаецца, дарога была пустая. Тады ён азірнуўся – дзяўчына, адхінаючы ад твару мокрыя хваёвыя галінкі, зводдаль прабіралася да яго. Трэба было пачакаць яе і дарогу перайсці разам, інакш яна адна магла зрабіць штосьці не так і яшчэ выдаць абаіх.

Яна падышла і стомлена спынілася побач, таксама заўважыла дарогу і ўжо з большаю асцярогаю, чым упачатку, паставілася да небяспекі. Ён коратка слізгануў позіркам па яе мокрай паласатай куртцы, якая шчыльна абляпіла гнуткі, тоненькі стан, маленькія вострыя грудзі, і зноў ваўкавата паморшчыўся – так гэта не дастасавалася да таго рызыкоўнага становішча, у якім апынуліся яны. Яна ж, відаць, рада была супынку, аддыхвалася, узяўшыся рукой за вяршаліну сасонкі, другой выліла з калодак ваду і стомлена, хоць і не дужа клапотна, уздыхнула.

Ён, адчуваючы побач яе рухі, цярпліва перачакаў яе турботы і тады рушыў бліжэй да дарогі. Яна, прыціхлая і, пэўна, змораная, падалася за ім.

Ля дарогі ён зноў спыніўся, укленчыў за каменем, паўзіраўся, пасля ўстаў, выскачыў да забетаніраванага кювета. Поўны спрыту і адчування небяспекі, прыгнуўся, гукнуў: «Ідзі сюды!» – і падаў ёй руку. Яна без слоў ухапілася за яго пальцы, скокнула, глуха стукнуўшы аб бетон калодкай. Ён коратка кінуў: «Скідай!» Яна здагадалася, зняла дзеравяшкі і падхапіла іх свабоднай рукой.

Так, пабраўшыся за рукі, яны выбеглі на мокрыя бетонныя пліты дарогі. Дожджык дробненька сыпаў і хутка змываў мокрыя іх сляды. Яны перабеглі на другі бок, і ён выпусціў яе руку. За кюветам яна адразу, відаць, накалолася нагамі на шчэбень, войкнула, узмахнуўшы ў паветры рукой, сунула ступні ў калодкі і па схіле хутка палезла за ім угору.

Схіл, аднак, тут быў крутаваты, з абрывістымі кручамі, парослы крывымі маладымі сасонкамі, праз вяршаліны якіх, колькі яны ні лезлі, усё відаць была ўнізе блішчастая дуга дарогі. У гэты час ён ужо і не дужа стараўся вытрымаць тэмп, замарыўся сам, ды і яна – адчуваў – ужо на мяжы сваіх, пэўна, не дужа багатых сіл. Неяк на вельмі стромкай мясціне, якую ён пераадолеў, і, утаймоўваючы зморанасць, з-пад разложыстай сукаватай сасны глядзеў, як карабкаецца яго спадарожніца, адна калодка яе звалілася з нагі і па камянях шпарка пакацілася ўніз. Яна коратка ўскрыкнула: «Парка мадонна», азірнулася і села, пэўна, не наважваючыся ад стомы спускацца назад. Але ўсё ж неўзабаве палезла ўніз, кульгікаючы на адной назе, падабрала калодку і зірнула знізу на Івана. У гэтым яе позірку ён улавіў супакоенасць і ціхую ўдзячнасць за тое, што без яе не пайшоў. Ён прысеў між пакручастых каранёў на сухі, калючы дол, пачакаў, пакуль яна вылезла з-пад кручы і стомлена ўпала побач.

– Кінь ты іх к чорту, – сказаў ён, маючы на ўвазе калодкі.

Яна, не разумеючы, зірнула на яго, тады ён паказаў на яе клумпес і махнуў уніз. Яна, відаць, здагадалася і адмоўна пакруціла галавой, паварушыўшы прытым сваёй маленькай, мокрай, як здалося яму, дужа далікатнай ступнёй. Ён адразу зразумеў недарэчнасць свае парады, таксама як і тое, што яшчэ дадуцца ёй у знакі гэтыя вялікія, не па назе, дзеравяшкі.

Але і яго ногі, паколатыя на камянях і суччы, аж гарэлі знізу, асабліва дакучала ў хадзе левая нага. Цяпер міжвольна прадаўжаючы хвіліну адпачынку, ён вырашыў паглядзець, што там, зазірнуў на вымытую дажджом падэшву.

– Руссо очен, очен фур’ёзо? Как ето дойч?.. Бёзе!* – раптам сказала дзяўчына.

* Фур’ёзо (іт.), бёзе (ням.) – злосны.

Іван за год палону збольшага навучыўся разумець па-нямецку, зразумеў, пра што сказала яна, але адказаў не адразу. У пяце была стрэмка, хлопец паспрабаваў выцягнуць яе, ды мізэрны кончык ніяк не даваўся ў пальцы.

– Бёзе! Будзеш бёзе, калі смалены певень клюне, – неласкава сказаў ён і дадаў ужо для яе: – Які там бёзе? Я гут.

– Гут?

Яна ўсміхнулася, аберуч прыгладзіла мокрыя, блішчастыя свае валасы і, церануўшы аб штаны далоні, на каленях падалася да яго.

– О, дай!

Ён усё не мог узяцца за канец стрэмкі, і яна лёгенька і надзіва проста, па-таварыску прыгнулася, сцюдзёнымі тонкімі рукамі ашчаперыла яго вялізную ступню, пакалупалася ў ёй пальцамі і, раней чым ён паспеў даўмецца навошта, зубамі шчыпанула падэшву. Ён нерашуча тузануў нагу, але яна ўтрымала, зубы яе казытнулі па тоўстай скуры пяты, і, калі яна неўзабаве выпрасталася, у белых раўнюткіх яе зубах тырчала маленькая чорная стрэмка.

Іван не здзівіўся і не падзякаваў, а, падцяўшы нагу, зірнуў на пяту, пацёр, паспрабаваў наступіць – стала, здаецца, лепей. Тады ён з ужо большай прыязнасцю, чым дагэтуль, паглядзеў на дзяўчыну, на яе мокры, смуглы і зноў ажывелы твар. Яна не адвяла ўсмешлівага сустрэчнага позірку, пальцамі ўзяла з зубоў стрэмку і пстрыкнула яе на вецер.

– Спрытная, ага, – стрымана, быццам не жадаючы прызнаць вартасці дзяўчыны, сказаў ён.

– Спі-рі-тана-я, – весела паўтарыла яна і спытала: – Что есть спірітаная?

Ён унутрана ўсміхнуўся і пацерабіў пяцярнёй сваю мокрую стрыжаную патыліцу.

– Як табе сказаць?.. Ну, вобшчам, гут.

– Гут?

– Я. Гут.

– Ду гут, іх гут*, – радасна сказала яна і засмяялася.

* Ты добры, я добрая. (ням.)

А ён, нібы штось прыпамінаючы або ацэньваючы, даўжэй, чым дагэтуль, паглядзеў на яе. Але яна адразу спахапілася ад кароткай сваёй весялосці, зябка здрыганулася, і ён падумаў, што трэба ісці. Вельмі ўжо не хацелася вылазіць на макрэдзь з-пад гэтай сухой разложыстай сасны, і ўсё ж ён мусіў устаць. Дождж дружна сыпаў навокал, аднастайна шапацеў лес, мусіць, непагадзь сапсавала немцам аблаву – гэта ўжо абнадзейвала. Невядома, колькі зняволеных прарвалася ў горы, але, можа, хоць каму-небудзь пашчасціць. Івану ўспомніўся той трэці гефтлінг, што ледзьве не далучыўся да іх, і хлопец, перш чым ступіць з-пад сасны, павярнуўся да дзяўчыны, якая вытрасала свае калодкі.

– А хто гэта бег за табой?

– Бежаль, да? Гефтлінг. Тэдэско гефтлінг*.

* Немец зняволены. (іт., ням.)

– Што, знаёмы? Таварыш?

– Нон таваріш. Кранк гефтлінг. Болной. – Тоненькім пальчыкам яна дакранулася да сваёй скроні.

– Дурны?

– Я.

«Глядзі, з ёй можна дамовіцца!» – задаволена падумаў Іван і адвёў ад яе свой позірк. Чамусьці па-ранейшаму няёмка было глядзець у яе глыбокія, шырока расплюшчаныя вочы, у якіх так зменліва адбіваліся, жылі разнастайныя яе пачуцці.

– Ладна. Чорт з ім. Пайшлі.

Здаецца, яны добра ўжо адышліся ад лагера, немцы, мусіць, іх упусцілі. Напружанне ў душы крыху зменшылася, і Іван, нібы зводдаль, са здзіўленнем азірнуўся ў думках на тое, што сталася ў гэты шалёны дзень.

 

4

 

У той дзень зранку пяцёра іх у паўразбураным начною бамбёжкай цэху выкопвалі неўзарваную бомбу

Яны былі гефтлінгі, дакладней – флюгпункты. Надзея выжыць тут, у лагеры смерці, амаль што канчаткова пакінула іх, і адзінае, што яшчэ турбавала іх розум – гэта ў апошні раз рызыкнуць вырвацца на волю ці, як казаў самы языкаты з іх – маленькі чарнявы хлапец па мянушцы Жук, – ужо калі пакідаць гэты свет, дык раней грукнуць дзвярыма.

Не дужа бяспечная і зусім нялёгкая праца тая тым не менш набліжалася да заканчэння.

Падважваючы бомбу ламамі, яны ўрэшце высверылі яе з-пад друзу і, прытрымліваючы за пакарэжаны стабілізатар, асцярожна паклалі на земляныя камякі ў яме. Далей было самае рызыкоўнае і самае важнае. Пакуль іншыя, стаіўшы дыханне, замерлі па баках, рукасты дзяцюк у паласатай, як і ва ўсіх, куртцы з каляровымі кругамі на грудзях і спіне, былы чарнаморскі марак па прозвішчу Галадай, накінуў на ўзрывальнік спецыяльны для такой справы ключ. Ад натугі на яго голых да локцяў мускулістых руках надуліся жылы, праступілі вены на скронях, і ўзрывальнік патроху падаўся. Галадай яшчэ разы два павярнуў ключом, а затым прысеў на калені і пачаў хутка выкручваць узрывальнік рукамі. Гэта была, вядома, няспраўная штуковіна, моцна пакарэжаная пры ўдары аб зямлю. У такім стане яна не магла саслужыць свае страшнае службы бомбе, спушчанай мінулай ноччу з амерыканскага «Б-29» або англійскага «Маскіта», якія ледзьве не дашчэнту разнеслі гэты заціснуты ў Альпах аўстрыйскі гарадок. Але пры бракоўным узрывальніку бомба была спраўная і прадаўжала таіць у сабе пяцьсот кілаграмаў трацілавай сілы, на якую і разлічвалі пяцёра смяротнікаў. Як толькі адтуліна ў бомбе аслабанілася, да Галадая схіліўся Жук. Ён дастаў з-пад курткі новенькі з выгляду ўзрывальнік, здабыты ўчора ад сапсаванае, з адбітым стабілізатарам бомбы, і худымі нервовымі пальцамі пачаў укручваць яго ў адтуліну на месца ранейшага.

Хлопец, аднак, спяшаўся, не трапляў у разьбу, жалеза лязгала, і Іван, каб хто не набрыў на іх, прыўзняўшыся ў сваіх калодках, зірнуў цераз накапаную зямлю ў цэх.

Але паблізу, здаецца, усё было ціха. Зверху над імі навісалі пакарэжаныя фермы падстолля, са шматлікіх праломін у даху коса цадзіліся на дол стромкія пукі святла, было душна, сонечна і пыльна. Далей за радам бетонных апор, у падсвечаным сонцам пыле, з рэдкімі воклічамі і глухім гоманам варушыліся, снавалі дзесяткі людзей, што расцягвалі завалле і разбіралі руіны. Там жа цяпер былі і эсэсманы, якія не дужа любілі цікавіцца справамі абясшкоджання бомбаў і звычайна трымаліся воддаль.

– Ну, сволачы, цяпер чакайце! – сцішна, з ледзьве стоеным, гатовым прарвацца запалам сказаў Жук.

Галадай, устаючы ад бомбы, буркнуў:

– Памаўчы. Раней скокні.

– Нічога, браткі, нічога, – выціраючы спатнелы лоб, сказаў у куце Янушка, былы калгасны брыгадзір, цяпер аднавокі гефтлінг, аздоблены мішэнямі за тры спробы ўцячы на волю.

Па натуры ён быў з аптымістаў, калі толькі імі яшчэ маглі быць палонныя ў лагеры, і, нягледзячы на выбітае вока і адбітую селязёнку, заўжды і ўсіх падбадзёрваў – і тады, калі падгаворваў людзей уцячы і калі ў абшкуматанай аўчаркамі вопратцы, скатаваны, пад канвоем вяртаўся ў лагер.

Так выказалі яны свае адносіны да таго, на што наважыліся, апроч хіба Срэбнікава, які, прывычна пакашліваючы, стаяў збоч, ля земляной сцяны, ды яшчэ Івана. Срэбнікаў з самага пачатку ўсю гэтую задуму прымаў без энтузіязму: вядома, чалавеку ўжо мала было радасці нават у выпадку ўдачы – хутчэй за лагерны рэжым і рэпрэсіі яго дабівалі сухоты. Іван жа Цярэшка быў проста маўчун і не любіў залішне гаварыць там, дзе і без таго ўсё было ясна.

Галадай тым часам абцёр далоні аб матрацна-паласатыя штаны і зірнуў на людзей – вядома, завадатарам усяго тут быў ён.

– Хто ўдарыць?

На секунды яны ўсе прыціхлі, утаропілі ў дол позіркі, ніякавата абмацваючы імі доўгую сігару паўтоннае бомбы з разгоністымі драпінамі на зялёных баках. Ад гэтага, мабыць, самага найбольшага клопату ўсім стала няёмка. Засяродзіўся невясёлы, з сівым шчаціннем на запалых шчоках Янушка; знерухомела, прытушылася нервовая рашучасць у зыркіх вачах Жука; Срэбнікаў дык нават аж перастаў кашляць, апусціў уздоўж плоскага, як дошка, цела рукі, і погляд яго стаў зусім ужо нясцерпна тужлівы. Відавочна было, што пытанне гэтае, аб якім з самага пачатку ўсе думалі, турбаваліся і маўчалі, пакутна вырашаючы кожны пра сябе, прымусіла цяпер усіх зацяць у душы балючы, трывожны сум.

Буйнатварае аблічча Галадая, аднак, выражала суровасць і няўхільную рашучасць.

– Дабравольцаў няма, – змрочна заключыў ён. – Тады пацягнем.

– Ага. Так лепш, – страпянуўся і падступіў бліжэй да завадатара Жук.

– Што ж, пацягнем, – пагадзіўся Янушка.

Стрымана, але, здаецца, з палёгкай кашлянуў Срэбнікаў. Цярэшка моўчкі адным ударам увагнаў у зямлю канец ломіка. Але Галадай, ляснуўшы сябе па сцягне, зазначыў:

– Пацягнеш тут... Ні запалкі, ані саломіны.

Ён роздумна азірнуўся і схапіў з кута важкую, на доўгай ручцы кувалду.

– Значыць, так. Бяры вышэй.

I, прысеўшы, абхапіў ручку ля самае кувалды. Чацвёра іншых таксама падаліся да яго, нагнуліся, сышоўшыся ў купу галовамі. Вышэй ад Галадая ўзяўся рукою Жук, над ёю сашчапіліся вузлаватыя Янушкавы пальцы, затым – далонь Срэбнікава, за ёй шырокая Цярэшкава пяцярня, пасля зноў Галадаева, Жукава, Янушкава, і калі над пляцёнкаю рук застаўся маленькі кончык тронка, за яго павольна ўзялася дрыготкая, потная рука Срэбнікава.

Усе з палёгкаю выдыхнулі, падняліся і, пастаўшы ля сцен, з паўхвіліны стараліся не глядзець адзін на аднаго.

Галадай працягнуў кувалду таму, хто павінен быў з ёю памерці.

– Так што па справядлівасці. Без абману, – па-ранейшаму грубавата, але з ледзьве прыкметнаю ноткай спачування сказаў ён.

Срэбнікаў чамусьці перастаў кашляць, хіснуўся, узяў тронак кувалды, моўчкі павярнуў яго ў руках, паспрабаваў пераставіць і апусціў. Яго самотныя вочы падняліся на хлопцаў.

– Не разаб’ю я, – ціха, голасам асуджанага, сказаў ён. – Не пасілю.

Усе зноў прыціхлі. Галадай гнеўным позіркам бліснуў на дахадзягу.

– Ты што?

– Не разаб’ю. Сілы ўжо... мала, – сумна растлумачыў Срэбнікаў і трудна, надрыўна закашляўся.

– Ну і ну! – плюнуў Жук. – Вілі-вілі вяровачку.

– Што ж... Вядома, дзе яму разбіць... Аслабеў, – гатовы быў пагадзіцца з тым, што адбылося, Янушка.

У Цярэшкі ўнутры быццам перавярнулася штось: хоць ён і разумеў, што Срэбнікаў гаворыць праўду, але такая нечаканасць азвалася ў хлопцу гневам. З хвіліну ён пільна і нялёгка спадылба глядзеў на няўдаку Срэбнікава, штосьці рашаючы сам сабе. Памерці, вядома, ён не хацеў, заўжды прагнуў жыць, тройчы спрабаваў вырвацца на волю (адзін раз дайшоў амаль да Жытоміра). I тым не менш у жыцці, аказваецца, бываюць моманты, калі мала ўсёй накопленай за гады вытрымкі, каб перажыць адну хвіліну няёмкасці. I ён ступіў да Срэбнікава.

– Дай сюды...

Срэбнікаў здзіўлена лыпнуў самотнымі вачыма, падатна разняў пальцы на ручцы. Цярэшка пераставіў кувалду і раптам закамандаваў насцярожаным, крышку збянтэжаным ад гэтае замінкі голасам:

– Ну, чаго сталі? Бярэм! Чаго чакаць?

Суровы Галадай, нервовы Жук, заклапочаны Янушка з кароткім недаўменнем зірнулі на яго і, унутрана ажывеўшы, падступілі да бомбы.

– Узялі! Жук, вяроўку! Лагі давайце! Куды лагі падзелі? – з ненатуральнаю гаманлівасцю распараджаўся Цярэшка і ў пошуках загадзя прыпасеных палак выглянуў з ямы.

Хлопцы, мусіць, згледзелі, як здрыгануўся ягоны позірк, і адразу абмерлі побач, а Цярэшка, прадчуваючы бяду, паволі выпрастаўся на ўвесь рост і знерухомеў.

Зводдаль ад ямы ў пыльным патоку касых праменняў стаяў камандафюрэр Зандлер. Ён пільна глядзеў сюды, іх позіркі сустрэліся, і Зандлер кіўнуў галавой:

– Ком!

Цярэшка ціха сам сабе вылаяўся, адставіў пад сцяну кувалду і хуценька (марудзіць у такім разе было небяспечна) па адхоне вылез на раскіданую вакол ямы зямлю. Ззаду насцярожана прыціхлі, стаіліся хлопцы.

У пыльным, пустым з гэтага канца цэху (баючыся неўзарванае бомбы, немцы перш-наперш павывалаквалі адсюль станкі) было душна, скрозь з пабітага даху струменілі на дол пыльныя промні паўдзённага сонца. У другім разбураным канцы гэтага вялізнага, як ангар, збудавання, дзе разбірала завалле каманда жанчын з сектара «С», снавалі, варушыліся дзесяткі людзей з ламаччам, насілкамі, па насланых на доле дошках ганялі гружаныя друзам тачкі.

Зандлер стаяў на праходзе, збоч ад вялізнага лапіка святла на бетоннай падлозе, і, заклаўшы назад рукі, чакаў. Цярэшка хуценька збег з кучы зямлі, драўляныя калодкі яго гучна праляскалі і сціхлі – хмурачы шырокія бровы, ён спыніўся за пяць крокаў ад Зандлера, якраз на асветленым месцы падлогі. Эсэсавец, вынесшы з-за спіны адну руку, тузануў пальцамі шырокі казырок фуражкі.

– Ві іст міт дэр бомбэ?*

* Ну, як там бомба? (ням.)

– Скора. Бальд, глейх*, – ваўкавата адказаў Іван.

* Хутка. (ням.)

– Шнэлер гінаустраген!*

* Хутчэй выносьце! (ням.)

Зандлер падазрона зірнуў у бок ямы, з якой тырчалі насцярожаныя галовы хлопцаў, пасля выпрабавальна – на Івана; той стаяў, па-салдацку падабраўшыся целам, гатовы да ўсяго: мішэні на куртцы вымушалі яго чакаць рознага. Вачыма ж ён пільна ўглядаўся ў зыгалены, прыемна загарэлы твар немца, мабыць, ненамнога старэйшага, чым ён, поўнага ўсведамлення ўлады і арыйскае годнасці. I ў той жа час бакавым насцярожаным позіркам хлопец пільнаваў кожны рух ягоных пагрозлівых рук. Воддаль, на другой палавіне цэха, дзве жанчыны ў паласатым убранні паставілі на дол насілкі і, мабыць, зацікаўленыя, пужліва чакалі, што будзе далей. Але немец, слізгануўшы позіркам па Іванавай падабрана-настырчанай постаці, якая знешне выражала гатоўнасць да дзеяння, відаць, зразумеў гэта па-свойму і не выказаў падазронасці. Не маючы якой іншай патрэбы да гэтага флюшункта, ён ступіў да яго свежазапыленым ботам.

– Чісто! – недарэчна зблытаўшы націск, кіўнуў ён на бот.

Іван, вядома, зразумеў, чаго ад яго хацелі (гэта было тут не ўпершыню), але на хвіліну трохі разгубіўся ад нечаканасці і якую секунду прамарудзіў. Аднак Зандлер чакаў з пагрозлівай скамянеласцю на сківістым твары, доўга марудзіць не выпадала, і хлопец апусціўся ля яго ног. Гэта было зняважліва, абразліва, у душы ён з усяе сілы зацяў, быццам каленам прыдушыў, непакорлівы, такі недарэчны тут гнеў.

Нізка сагнуўшыся, ён чысціў напятымі рукавамі свае паласатае курткі. Боты былі новыя, хромавыя, відаць, акуратна наваксаваныя ўранку, і хутка галоўка першага стала горача адбіваць сонца. Неўзабаве ён і ўвесь заблішчаў, толькі ў ранце яшчэ засталася рэшта пылу ды на самым наску ніяк не адціралася свежая драпіна. Камандафюрэр тым часам, пстрыкнуўшы запальнічкай, прыкурыў, схаваў у кішэнь партсігар, на Івана дыхнула пахам цыгарэты – гэта пакутна раздражніла абанянне. Пасля ён, здаецца, атрос попел – на стрыжаную хлопцаву галаву пасыпаліся іскры, нейкая недагарэлая парушынка балюча апякла шыю. Гнеўная сіла ахапіла Іванава напятае адчуванне, і хлопец ледзьве стрымліваў сябе, гэтак закарцела ўскочыць, ударыць, збіць з ног, растаптаць гэтага паганца. Але ён чысціў, змагаючыся з сабою і стараючыся як найхутчэй адвязацца ад немца. Толькі той, аднак, не спяшаўся, трымаў выстаўлены бот да таго часу, пакуль ён не заблішчаў увесь ад наска да калена, потым адставіў нагу назад, каб падаць другую.

Іван трохі выпрастаўся і ў кароценькі момант тае перадышкі ўпершыню зірнуў паўз ягоныя боты туды, дзе стаялі, назіраючы за імі, некалькі жанчын-гефтлінгаў. Зірнуў ён дужа ўжо бегла, амаль без ніякай увагі, але раптам штосьці прымусіла яго схамянуцца. Тады ён паглядзеў уважлівей, стараючыся зразумець, у чым справа, і зразумеў. Толькі зараз жа адчуў, што лепш бы праваліцца яму ў зямлю, чымся спаткацца з такою знішчальнай пагардай у такіх вялізных вачах. Чамусьці ён не паспеў заўважыць нічога іншага – ён не даўмеўся нават, быў гэта малады ці, можа, стары твар – той позірк нясцерпным дакорам пляснуў у яго душу. Між тым да ягоных калень саўгануўся другі запылены бот з белаю вапеннай плямаю на халяве. Іван прамарудзіў, немец нецярпліва буркнуў і наском ткнуў яму ў грудзі. I тады ў Іване нешта з таго, што яшчэ дазваляла кантраляваць сябе, зрушылася, пальцы яго выпусцілі рукавы і ўпіліся кіпцюрамі ў далоні. Адным імпэтным рыўком ён ускочыў на ногі, падхоплены гнеўнай сілай, якой да нестрыванага цяжару наліліся кулакі, і ашалела садануў немцу ў сківіцу. Гэта здарылася так нечакана і так хутка, што ён аж здзівіўся, убачыўшы, як матлянуўся перад ім белы кадыкасты падбародак Зандлера, як зляцела з ягонай галавы фуражка і эсэсман тупа пляснуўся на бетонны дол цэха.

Усё яшчэ не да канца адчуўшы жах гэтага выпадку, Іван з кулакамі, угнуўшы галаву і шырока расставіўшы ногі, стаяў перад немцам. Ён чакаў, што Зандлер зараз жа ўскочыць і кінецца на яго. У гэты час аднекуль здалёк данесліся ўзрушаныя воклічы, толькі ён не цяміў ужо, асуджалі яны ці папярэджвалі. Але эсэсман не кідаўся, ён нетаропка, быццам адольваючы боль, павярнуўся на бок, сеў, марудліва падняў з долу фуражку, строс з яе пыл. Здаецца, ён не спяшаўся ўставаць, сядзеў, шырока расставіўшы ногі, у адным бліскучым і другім нячышчаным боце, прыгладзіў рукой валасы, акуратна надзеў фуражку. Затым падняў на ашалелага і відавочна збянтэжанага флюгпункта цяжкі, пагрозлівы позірк і рашуча тузануў на баку скураны язычок кабуры.

У Іванавай галаве маланкаю мільганула думка, што ўсё прапала, але адчуць прыкрасць таго ён не паспеў – побач клацнуў затвор пісталета – немец з нечаканым імпэтам ускочыў на ногі. Гэта ўраз выбіла Івана з паўхвіліннага аслупянення, і, каб недарма памерці, ён рынуўся галавою на ворага.

Аднак ударыць ён не паспеў: побач грымотна рванула, кінула яго ўбок, аглушыла; зямля здрыганулася, падскочыла і зваліла яго ў чорную прорву бездані. Немца і ўсё навокал накрыла воблакам рудога пылу.

Праз секунду ён адчуў сябе на падлозе, вакол яшчэ нешта рушылася, сыпалася, нешта дымна-смярдзюча сквірчэла, запякло ў спіну, чамусь са спазненнем побач упала і на кавалкі разляцелася цагліна.

Адчуўшы сябе жывым, Іван пругка крутануўся на доле, азірнуўся – побач на бетоннай падлозе шкрэбаў знаёмы, з драпінай на носе, бот, у патоках пылу тузалася, спрабуючы кудысь адпаўзці, постаць ворага. Іван выхапіў з-пад бока цяжкі зломак бетону і з маху выцяў немца ў спіну. Зандлер трапятнуўся, енкнуў, матлянуў у паветры рукой. Гэта нагадала Івану пра пісталет. Ён на каленях сігануў цераз немца, вырваў з яго аслабелых пальцаў браўнінг і з шалёным стукам у грудзях кінуўся ў рудое вірлівае воблака пылу, якое ўжо ахінула цэх.

 

5

 

Змрочная, непрытульная ноч напаткала ўцекачоў у камяністай, зарослай крывулястым сасняком цясніне, якая, патроху вузеючы, адхонна падымалася ўгору.

Не так увішна, як раней, Іван лез па замшэлых камянях, зрэдку спыняючыся, каб пачакаць дзяўчыну, што з апошніх сіл упарта плялася за ім. Ён думаў, што лепей было б вылезці з гэтай змрочнай расселіны; там, недзе наверсе, мусіць, было раўней і радзейшы быў змрок, які тут цёмным туманам пачаў напаўняць правалле. Але хлопец ужо не мог набрацца рашучасці, бо сілы яго таксама канчаліся. Зноў жа вельмі хацелася як найдалей адысціся ад горада, як найлепей выкарыстаць гэты дажджлівы вечар, які так дарэчы выдарыўся ім і надзейна схаваў ад аўчарак іх дзве пары слядоў. I ён патроху ўсё далей і вышэй прабіраўся ў горы, бо толькі там, у Альпах, быў які-ніякі паратунак – унізе ж, скрозь на дарогах, у далінах, іх чакала пагібель.

Праклятыя горы! Ён быў удзячны ім за іх недаступнасць для нямецкіх ахоўнікаў з сабакамі, матацыкламі і заставамі, але ён пачаў ужо і ненавідзець іх за тое, што яны так бязлітасна адбіралі сілы і маглі ўшчэнт замардаваць чалавека. Гэта зусім не тое, што ў час яго папярэдніх уцёкаў з Сілезіі. Як там зручна было ўначы тупаць па роўнядзі, па палях і па сенажацях: зоркі ў светлаватым небе паказвалі шлях на радзіму. Пракрадваючыся ў нямецкія вёскі і фальваркі баўэраў, яны здабывалі што-кольвечы з ежы – гародніну і малако з бітонаў, нарыхтаваных ля веснічак для ранішняе адпраўкі ў горад. Увесь доўгі, надзіва пакутны ад бяздейнасці дзень яны, па чарзе вартуючы сябе, сядзелі, зашыўшыся дзе-небудзь у збажыне або хмызняку. Праўда, небяспекі хапала і там. Цэлы месяц прабіралася невялічкая група іх, абадраных, няголеных, страшных, да мяжы роднай зямлі. Невядома, як іншым, а яму дужа не пашанцавала тады: вырваўшыся ад немцаў, ён трапіў у рукі яшчэ горшых вылюдкаў, з выгляду зусім сваіх.

Калі яго везлі ў горад, дык не верылася нават, што яны не жартуюць, – такія гэта былі звычайныя вясковыя хлопцы, без злосці, ляніва лаяліся на зразумелай мове, былі апрануты ў простыя сялянскія кашулі і пінжакі і, апроч драбавікоў, не мелі іншае зброі. Толькі ў таго, што быў з белай павязкай на рукаве, вісеў на плячы карабін. Такім жа карабінам быў узброены іхні начальнік Грыць.

I цяпер вось горы – Лахтальскія Альпы – невядомы, загадкавы, ніколі не бачаны край, і ў ім – маленькая трудная надзея вырвацца на волю, дайсці да сваіх.

Іван дужа стаміўся, і ў такі час, калі пачаў ужо прыглядацца, дзе б адпачыць, ззаду штось глуха стукнулася, па абрыве пасыпалася каменне. Ён азірнуўся – дзяўчына, абапершыся на рукі, ляжала на адхоне і, здавалася, не спрабавала падняцца. Тады і ён спыніўся, разагнуўся, перавёў дых, пачакаў. У расселіне цямнела. Зверху, амаль што нячуйны, сыпаўся дробненькі, як пыл, дожджык-імжака; каменне навокал ужо ледзьве шарэла; бязладнымі касмылямі чарнелі ўгары хваіны; абцяжаранае змрокам і непагаддзю, нізка асела неба. Мокрая вопратка, нагрэтая пры хадзе, злёгку парыла, і ўзмакрэлую спіну – варта было спыніцца – скаланалі дрыжыкі. Ён бачыў воддаль у змроку цёмны паніклы сілуэт сваёй спадарожніцы, ледзьве прыкметныя рухі яе галавы і нерухомыя, голыя да локцяў рукі – яна не ўставала. Тады ён, пераадольваючы неахвоту, сышоў уніз, сунуў за пазуху браўнінг і, нагнуўшыся, за падпахі асцярожна прыпадняў яе лёгенькае, тонкае цела. Яна заварушылася пад яго рукамі, села, не падымаючы галавы, і ён, пастаяўшы, з самотай падумаў, што прыйдзецца, відаць, на тым скончыць першы свій пераход і заначаваць у гэтым распадку.

Ён агледзеўся навокал – з аднаго боку крута ўгору падымалася нагрувашчанне скал ды камення, з другога схіл губляўся між змрочнае масы сасняку ўнізе – адтуль поўз і поўз угору змрочны, сыры туман. Ужо не згледзець было, якая там глыбіня, – толькі недзе далёка ў шызай парнай цішыні булькатаў ручай.

Іван крануў яе за плячо, даючы тым знак пачакаць, а сам адышоўся далей, зноў паўзіраўся ў змрок, – у адным месцы скала ўгары трохі навісала над камяністым адхонам, утвараючы схованку. Схованка, вядома, была не дужа самавітая, зацішку мелася ў ёй небагата, але здарожанаму чалавеку абы якое ўкрыццё над галавой.

Асцярожна ступаючы па вострых камянях, ён вярнуўся назад да дзяўчыны.

Дзіва, куды падзелася яе нядаўняя жвавасць, яе гарэзліва-неразумная смеласць перад матацыклістамі – яна выглядала цяпер зморанаю мокраю птушкай, недарэчным лёсам закінутай у гэтае каменне. Цяжка дыхаючы, яна не рэагавала на дотык ягонай рукі, не ўстала на ногі, а яшчэ болей сцялася ў маленькі ўпарты камячок і дрыжала.

– Пайшлі перадыхнём, – сказаў ён. – Адпачнём, разумеш? Ну, шлаўфен трохі.

На момант яна сцішылася, стрымала свае дрыжыкі, аднак не ўстала і не адказала, а ўсё сядзела, нізка звесіўшы голаў. Ён пастаяў яшчэ трохі, чакаючы, затым аберуч згроб яе пад калені, намерваючыся перанесці ў зацішак. Але яна з нечаканаю сілай тузанулася ў ягоных руках, нешта па-італьянску ўскрыкнула, трапыхнула нагамі, і ён выпусціў яе. Пастаяўшы трохі ў збянтэжанасці, ён са злосцю падумаў: «Ну і чорт з табой. Сядзі тут, прывярэда такая!» – а сам адышоўся пад скалу, адкінуў з-пад ног вастрэйшыя камяні і сеў, адразу страціўшы ўсе сілы. Толькі цяпер ён адчуў, як аслабеў, ужо з заплюшчанымі вачыма нацягнуў вышэй на патыліцу каўнер курткі і заснуў.

Свет імгненна перастаў для яго існаваць, саступіўшы месца бязладнай жудасці сноў. Як заўсёды, гэты пераход быў такі непрыкметны, што здаваўся натуральным працягам пакутлівага дзённага быцця. Сон кожны раз сніўся яму адзін і той жа, ужо болей як год амаль кожную ноч перажываў ён не меншыя за рэальныя пакуты – падсвядомыя, трансфармаваныя пачуццём жахі аднаго дня вайны, які з нялюдскаю сілай, пэўна, навек адбіўся ў яго змардаванай псіхіцы.

Пачыналася ўсё з вельмі рэальнага, вельмі пакутнага адчування бяды, якую толькі можа прынесці з сабой разгром. I хоць даўно мінулася, прыцямнела ў рэальнай свядомасці заступленая другімі – вялікімі і малымі бедамі – тая агромністая бяда, але ў сне, мусіць, памножаная на безліч пазнейшых, яна з неаслабнаю сілай катавала яго пачуцці.

Як заўсёды, у першай з’яве гэтага сну была буйным планам сцяна абшарпанай украінскай мазанкі, на рагу якой вугалем значылася «гасп. Аляксеева» і пад ім – стрэлка, кірунак да гэтай гаспадаркі. Надпіс той быў, вядома, месячнай даўнасці, калі армія яшчэ наступала на Зміеў у абход Харкава, – цяпер жа ўся маса войск рухалася ў адваротным кірунку. Уначы тапілі ў рацэ цягачы, для якіх не было бензіну, раскідвалі па полі паразбіраныя гарматныя замкі, палілі ў садку штабныя паперы. На світанні ў гэтым двары, ля якога прытуліліся яны, пасля кароткай афіцэрскай нарады застрэліўся палкоўнік, што камандаваў групай акружаных. Іхняй роце загадалі прыкрыць адход, і трое байцоў з панылым лейтэнантам ля крайняй гэтай хаціны выкапалі ўранку вузенькі акоп-ровік.

Гэта з таго, што было і запомнілася на ўсё жыццё. Але цяпер, у пакутным чадзе сну, палкоўнік той жыў, кідаўся па двары з планшэтам у руках і лаяў Галадая, які з чарнаморскага марака стаў камандзірам роты аўтаматчыкаў. Яшчэ невядома, чаму з ім, сяржантам Цярэшкам, у раўку сядзіць не Абдурахманаў, баец з іхняй разбітай батарэі, што амаль ніводнага слова не разумеў па-руску, а флюгпункт Срэбнікаў. Гэты дахадзяга Срэбнікаў замест таго, каб ладзіць да бою свій кулямёт, нямецкім цесаком ліхаманкава сашкрабае з гімнасцёркі свае флюгпунктаўскія мішэні і ўсё бурчыць сам сабе: «Ні кроку назад! Ні кроку назад!..» I разам з тым – зусім рэальны малюнак таго даўняга ранку: у ясным вясновым небе нараджаецца сонечны дзень, ад мазанкі наўкос цераз дарогу разлёгся сіняваты прахладны цень, пад плотам, асыпаючы долу расу, дрыжыць крапіва, быльнёг і гэтак жа дробненька трымціць, вібрыруе надзеты на калок гарлач. А за аколіцай па гасцінцы ў сяло ідуць танкі. Яны вось-вось павінны паявіцца з-за гэтае мазанкі, а Іван Цярэшка ніяк не можа ўставіць у гранату запал. З усяе сілы ён пхае яго пальцамі, але маленькі жоўты цыліндрык, быццам знарок зроблены таўсцейшым, чым трэба, ніяк не лезе ў адтуліну. Цярэшка нервуецца, спяшаецца, рызыкуючы падарвацца, б’е па ім кулаком, а калі спахопліваецца, дык бачыць, што ў акопе ён застаўся адзін, што ўсе таварышы пакінулі яго. I тады аднекуль прыходзіць разуменне, што яму трэба ўцякаць, што ён недачуў каманды на адыход. Іван кідаецца грудзьмі на бруствер, зрушваючы зямлю, стараецца вылезці з акопа, але налітыя незразумелым цяжарам ногі не слухаюцца яго, і ён спаўзае назад.

А танкі – побач.

Спалоханы іх грукатам, аднекуль з гародаў шугае ў паветра вялізны, на паўнеба, статак вераб’ёў, у суладным сваім палёце ён імкліва слізгае ўбок, пасля ўвесь разам – у другі, і тады з-за хаты, разрыўшы на павароце зямлю, высоўваецца танк.

Іван разумее, што ўцячы не ўдасца, неяк самлела размахваецца і кідае на дарогу гранату. Але граната чамусьці не рвецца, а падскоквае і сіпіць паміж дзвюх каляін, і танк вось-вось аб’едзе яе. Івану робіцца страшна. У гэты час з танка заўважаюць акоп пад сцяной, крутнуўшыся на адной гусеніцы, танк збочвае, і тады невымоўны жах працінае Цярэшку: аказваецца, гэта ж свой танк – нашая «трыццацьчацвёрка».

Іван на секунду млее ад таго, што ён нарабіў, затым, крутнуўшыся, кідаецца назад і ледзьве не натыкаецца тварам на шырокі блішчасты нажавы штык, настаўлены ў яго – немец імгненна робіць кароткі выпад, і штык мякка, нібы штосьці чужое, пранізвае ягоныя грудзі. Іван ведае, што гэта канец, што ён забіты, і аж захлынаецца ад роспачы, хоць болю чамусьці зусім не адчувае.

Звычайна тут ён прачынаецца ад неадольнага страху, але ў гэты раз свядомасць яго існуе нібы асобна ад цела, яна абнадзейвае, што гэта яшчэ не ўсё, што наперадзе будзе яшчэ палон, уцёкі, – таму ён не можа загінуць, нават і прабіты штыком.

Сонныя гэтыя прывіды неўпрыкмет змяняюцца іншымі. Ён ужо апынаецца ў вёсцы, у сваіх Цярэшках, на старажытнай зямлі крывічоў, і быццам гэта адбываецца да вайны, нават да яго прызыву на службу. Паколатай авечымі капытамі, гразкай вуліцай ён бяжыць на аселіцу да калгаснага свірна, куды, ведае, прыгналі са звязанымі рукамі Галадая і з ім яшчэ некалькі знаёмых гефтлінгаў. У Івана разрываецца сэрца ад крыўды і ад бегу, здаецца, што ён спозніцца і не дакажа людзям, што нельга спаганяць злосць на палонных, што палон – не віна іх, а няшчасце, што не яны здаліся ў палон, а іх узялі сілаю.

Але ён не дабягае да аселіцы. Босыя ногі яго вязнуць у цяжкай, ліпкай гразі, ён ледзьве варушыць імі, таксама як і рукамі і ўсім целам, і бяжыць, нібы ў вадзе, марудна і цяжка. Выбіраючы дарогу, ён збочвае да плота і раптам бачыць на ім нечыя галянастыя босыя ногі. Ён ускідвае галаву: на верхняй жэрдцы сядзіць незнаёмая, першы раз бачаная ім дзяўчына з чорнымі, высока ўскінутымі брывамі, у бялюткім як снег плацці. Яна зіхатліва-радасна ўсміхаецца яму чорнымі, нібы спелыя слівы, вачыма і кажа: «Чао, Іван!»

I ён спыняецца, раптам забыўшыся на хлопцаў і на ўсё на свеце, ён рады, шчаслівы, збянтэжаны сустрэчай з ёю, першы раз убачанай, але быццам здаўна вядомай яму, бо яна – гэта тая, што ўсю маладосць жыла ў неўсвядомленых яго марах. Захліпнуўшыся радасцю ад гэтай сустрэчы, ён кідаецца да плота, да яе, але тут жа, зірнуўшы на сябе, спахопліваецца – ён жа толькі што з работы, з поля, ад трактара, на ім старыя, залапленыя на каленях штаны і аблезлая на плячах кашуля. Збянтэжаны, ён спыняецца, хмурнее, яна таксама зганяе радасную ўсмешку на сваім незвычайна сонечным твары, меркне яркая белізна яе плацця, і паступова яна знікае, бы здань.

Тады ён кідаецца да плота, хапаецца за жардзіны, вырывае аблытаныя лазою калы, але перад ім паяўляецца яго маці. Паклаўшы на тую верхнюю жэрдку рукі, яна ціха стаіць па той бок у бульбоўніку, уся ў цёмным сялянскім убранні, і журботна кажа яму: «Фашыстоўка яна. На хлопцаў тваіх немцам даказала...»

«Дзе яна? Дзе яна?» – хоча закрычаць ён, але не можа гэта зрабіць, бо на яго шыі вяроўка – чорны шаўковы шнурок, на якім заўжды пад барабанны бой вешалі ў лагеры. Яна заціскаецца, нацягваецца, і другі канец яе, як почапка, валачэцца за недадушанай ім у раўку аўчаркай. Аўчарка жывая і дужая, яна моцна тузае, ён падае, хоча закрычаць, але голас у яго прападае, і тады ад нейкага ўнутранага штуршка ён прачынаецца.

 

6

 

– Ха-ха-ха!.. – раздаецца над імі звонкі бесклапотны смех.

Іван паднімае голаў, мацае шыю, шырока расплюшчвае заспаныя вочы і першае, што бачыць перад сабой, – гэта яркі, глыбокі блакіт пагоднага ранку і побач – дзівоснае белазубае ззянне дзявочай усмешкі.

– Баста шляўфен*. Марш-марш надо, – кажа дзяўчына.

* Хопіць спаць. (іт., ням.)

Зараз жа цела яго, нібы электрычным токам, пранізала сутарга ад холаду, ён памаўчаў, трудна пераключаючыся ў рэальны клапотны свет, ваўкавата паўзіраўся насустрач стрыманай яе весялосці. А яна, абапершыся на руку, сядзела збоч і кусала сцяблінку, якой, відаць, перад тым паказытала і разбудзіла яго. Ад учарашняе яе апатычнасці і знямогі, здавалася, не засталося і следу.

– Марш, кажаш? Ну паглядзім.

– Глядій, глядій, – згадзілася яна, усё з хітрынкай у вачах узіраючыся ў яго твар.

А ён, яшчэ раз скалануўшыся ад холаду, ускочыў, шалёна замахаў у паветры рукамі, пачаў выкідваць у бакі ногі і прысядаць – выпрабаваны салдацкі спосаб сагрэцца. Яна, відаць было, спачатку здзівілася, высока над вачыма ўскінула свае шырокія дугі-бровы, пасля раптам засмяялася, коратка, але так гучна, што ён аж спалохаўся.

– Ціш ты!

Яна спахапілася, азірнулася, заціснула далоняй рот, у вачах яе, аднак, ужо скакалі неўтаймаваныя гарэзныя чарцяняты. Ён строга, з папрокам паглядзеў на яе, затым услухаўся, адчуваючы, як задубелае цела патроху налівалася цяплом і стомай, а яна яшчэ бяскрыўдна прыцішана хахатнула:

– То гімнастік?

– Ну, гімнастыка. А што, лепш мерзнуць?

Іван быў заклапочаны і наогул не ахвочы да гаворкі; яна, відаць, зразумела гэта, пасур’ёзнела, зябка цепнула вузенькімі худымі плечукамі пад макраватаю яшчэ курткай, каротка ўздыхнула і заклапочана зірнула на яго.

Ён тым часам па старым вайсковым звычаі агледзеўся і зразумеў, што сапраўды занадта доўга праспаў. Ужо даўно развіднела, сонца з-за гор яшчэ не паказалася, але бясхмарнае неба ўгары, здавалася, аж звінела яркасцю ранішняга блакіту. На ўсю сваю каляровую моц ззяў той, асветлены, бок цясніны – шэрыя схілы, сасонкі, шырокія крутыя восыпі і высачэзныя вяршыні ўгары. Гэты ж бок скал цьмяна драмаў, яшчэ не пазбыўшыся ночы.

– Горы карашо! – убачыўшы, што ён узіраецца ў наваколле, сказала яна. – Как ето?.. Эстэтіко!

Ляснуўшы калодкамі, яна ўскочыла з каменя, на якім сядзела, і таксама выбегла з-пад скалы, аглядаючы сонечнае буйства святла на тым баку шырокай расселіны. Ён, аднак, не падзяляў гэтага яе наіўнага захаплення. Як амаль заўсёды ў палоне, разам з абуджэннем яго нутро, грудзі, кожную частачку цела агарнула пакутнае адчуванне пустаты – звычайны, знаёмы да драбніц прыступ голаду. Есці, аднак, не было чаго. Дзе ў гэтых праклятых гарах здабыць ежы, ён не ведаў, у той жа час вельмі выразна адчуваючы, што, галодныя, яны недалёка пройдуць. Пастаяўшы так, ён праглынуў сліну і, безуважна да таго, што займала яе, запытаў:

– Ты куды пойдзеш?

Яна, не разумеючы, павяла брывамі.

– Марш-марш куды? – здавалася, пачынаючы раздражняцца, паўтарыў ён пытанне і махнуў у розных напрамках рукой: – Туды ці туды? Куды бегла?

– О, Остфронт! Рус фронт бежаль.

Ён здзіўлена паглядзеў на яе.

– Сі, сі*, – пацвердзіла яна, бачачы яго здзіўленне і нават недавер. – Сіньоріна карашо тэдэскі** пуф-пуф.

* Так, так. (іт.)

** Немцаў. (іт.)

Іван, нахмурыўшыся, паўглядаўся ў гэты зіхатлівы, бы жывое срэбра, рухавы, занадта, на яго думку, прыгожы твар: ці не жартуе яна? Але яна, відаць, не жартавала – выказала свой намер і цяпер, чакаючы яго меркавання, вялізнымі бяздоннымі вачыма глядзела на хлопца.

– Глупства балбочаш, – сказаў ён, захінаючыся поламі курткі.

– Вас! Что ест больбочіш? Руссо учіт сіньоріну рускі шпрэхен?

– Паглядзім.

– Глядзіім ест карошо. Согласіе, сі? – жартоўна дапытвалася яна.

Але ён не адказаў на гэта, ён зноў зябка скалануўся, адчуўшы на спіне халаднаватую вільготнасць курткі, зірнуў на недарэчныя кругі-мішэні на грудзях – сапраўды трэба было яшчэ паклапаціцца і пра вопратку, у гэтым паласатым убранні не дужа разыдзешся. I ён, падчапіўшы пальцамі шво, з трэскам ададраў з курткі вінкель і нумар. Яна па ягоным прыкладзе зараз жа ўзялася здзіраць свае. Але пазногці яе тонкіх пальцаў былі вельмі далікатныя, а ніткі нямецкае прышыўкі занадта моцныя, каб лёгка паддацца. Тады яна ступіла да яго і, трошкі, па-дзіцячы адтапырыўшы ніжнюю таўставатую губу, варухнула плячом.

– Дай.

– Не «дай», а «на», – сказаў ён і марудліва павярнуўся да яе.

Вострыя настырчаныя бугаркі пад яе волглаю курткай, аднак, прымусілі яго нахмурыцца і сцяць вусны. Яна, тут жа заўважыўшы гэта, згрэбла на грудзях складку і адцягнула яе ад цела. Пасля кароткага вагання ён узяў ражок вінкеля і дужа рвануў. Каб не пакідаць следу, скамечыў усё разам і сунуў у шчыліну пад камень.

– Граціе, спасібо.

– Ты дзе рускай мове вучылася? – запытаў ён.

– Італія. Рома учіль. Лягер руска сіньоріна Маруся учіль. Карашо руска шпрэхен я?

– Харашо, – неахвотна згадзіўся ён.

– Понімаль очен лючше карашо, – здавалася яму, жартоўна ад таго, што яе вочы заўжды смяяліся, пахвалілася яна.

Ён, аднак, думаў пра іншае.

– У Трыест пойдзем. Ведаеш, дзе Трыест?

– О, Тріесте! Італія, – жыва азвалася яна.

– Ведаю, што Італія. А дзе ён, у якім баку? У тым ці ў тым?

Яна зірнула ў адзін бок, у другі і ўпэўнена махнула рукой туды, адкуль узнімалася над гарамі яшчэ нябачнае сонца.

– Туда дорога Тріесте.

«Дарога!» – нявесела падумаў ён. Нішто сабе была дарога – цераз горны масіў Альпаў праз цясніны і рэкі, а галоўнае – праз густа населеныя даліны і ажыўленыя аўтастрады – не блізкі свет гэты партызанскі Трыест, пра які ён нямала начуўся ў лагеры. Але выбар у іх быў небагаты, і калі пашчаслівіла ўжо вырвацца з пекла, дык недарэчна было б цяпер даць павесіць сябе пад барабанны бой на чорнай удаўцы.

Таму трэба ісці, лезці, бегчы! Не раскісаць, сабраць у сабе ўсе сілы, увесь спрыт, усе здольнасці, перайсці галоўны хрыбет, знайсці партызан – югаслаўскіх, італьянскіх – толькі б стаць у строй, узяць зброю. У тым цяпер была яго мара, высокая справядлівасць ягонага лёсу і ўзнагарода за ўсе пакуты і ганьбу, якія перажыў ён за год палону.

У сырой, змрочнай цясніне было зябка, закалелае за ноч цела даймалі дрыжыкі, хацелася хутчэй да цяпла, на сонца.

Знайшоўшы болып-менш здатнае месца на адхоне, яны палезлі між камянёў угору. Упершыню з часу іхняга спаткання наперадзе лезла яна, ён, крыху адстаўшы, карабкаўся следам, і гэта было падобна на згоду, першы суладны давер між імі.

Схіл тут быў даволі круты, калодкі слізгалі і падалі з яе ног, на сярэдзіне схілу дзяўчына зняла іх, узяла адной рукой і, хапаючыся другой за калючыя, цвёрдыя, як дрот, хамлакі нейкай травы, вёртка, нібы яшчарка, сігала з каменя на камень.

– Руссо, – не спыняючыся, сказала яна.~ Ты ест офіцір?

– Ніякі я не афіцэр. Палонны.

– Полённі, полённі. Я понімаль. Кто до война біль?

Ён памарудзіў з адказам. Тое, што яна пачала дапытваць, хлопцу не спадабалася, і ён ваўкавата сказаў:

– Калгаснік.

– Что такое кольгаснік?

– Не разумееш, а пытаешся... – неласкава папракнуў ён. – Ну, быццам баўэр. Фарштэй?

– А, понімаль: ляндвіртшафт*?

* Сельская гаспадарка. (ням.)

– Во, во. Колхоз.

– О, я очень люблу кольхоз! – раптам ажыўлена загаманіла яна. – Кольхоз карашо. Ля вораре* компанія. Отдіх – компанія. Тутто** компанія. Карашо компанія. Руссо кольхоз карашо экономіко, правільно я понімаль? – запытала яна і азірнулася.

* Працаваць. (іт.)

** Усё. (іт.)

Ён не паспеў адказаць – зрушаныя яе нагамі, уніз пакаціліся камяні, зямля, розная драбнота. Ён ледзьве паспеў адхінуцца ўбок. Яна ўгары засмяялася і бокам прыпала да схілу.

Іван са злосцю шыкнуў:

– Ціш ты!

Яна зноў спахапілася, зацяла рукою рот і азірнулася.

– Пардон.

– Пардон, пардон! Ціха трэба. Чаго рагочаш?

Яе безразважнасць злавала хлопца; мусіць, ён сказаў тое занадта груба, яна стрыкнула брывамі і падцяла вусны.

– Мой імя ест Джулія. Сіньоріна Джулія, – аб’явіла яна.

Ён строга акінуў яе позіркам і сказаў сабе: «Ну і што? Сіньярына!» Гэта было для яго малаважна, асабліва далікатнічаць з ёю ён не збіраўся. А яна, відаць, пакрыўдзілася, змоўкла і таропка палезла ўгору. Іван жа не дужа спяшаўся.

Нізка прыгінаючыся долу, ён шырока ступаў балючымі з учарашняга пальцамі на шурпатыя сцюдзёныя камяні, кідаў спадылба кароткія позіркі на яе ўвішную паласатую постаць і думаў: хто яна? Якая-небудзь еўрапейская гурэн, як іх называюць немцы, беспрытульная бадзяжка мітуслівых італьянскіх гарадоў, бяздумны матылёк з пакалечаным вайною жыццём? Гэта найбольш падобна было да яе, з такім яе гарэзным і, відаць, падкім на прыгоды характарам. Праўда, вінкель у яе быў чырвоны, палітычны, яна нешта там гаварыла пра нянавісць да немцаў, але хлопец не дужа верыў у сур’ёзны грунт яе варожасці да фашыстаў. Магчыма, нехта з іх пакрыўдзіў яе, пасля, вядома, сербанула гора ў лагеры. Але хіба такія доўга памятаюць крыўды? Праўда, ён амаль не ведаў яе, хоць ужо некалькі разоў паспеў пераканацца, якая яна несур’ёзна-бяздумная шмат у чым з таго, ад чаго залежаў лёс іхніх уцёкаў. Вядома, ён разумеў, што ў такім становішчы трэба было быць асабліва пільным і найбольш спадзявацца на самога сябе.

 

7

 

Калі яны ўрэшце выбраліся на край камяністага абрыву і, стомленыя, спыніліся, іх позірку адкрыўся амаль што плоскі горны ўхіл, зарослы дробным пакручастым сасоннікам. Пасля мокрай змрочнай цясніны тут здалося надзвычай вольна, прасторна: далёка ўнізе шырока раскінулася даліна, за ёй у бледна-сіняватай смузе млелі хрыбціны суседніх гор.

– Генуг!* – задыхана сказала яна. – Нэмножко генуг!

* Даволі! (ням.)

Ён моўчкі апусціўся на край каменнай пліты, што тырчала з зямлі, яна бегла глянула ўгору, пад суцэльнае нагрувашчванне гор, даўжэй – уніз, на лясны адхон з частымі плямамі рудой зямлі між сасонак. I ён, пазіраючы знізу, адчуў, як яна нібы за штось зачапілася там сваім позіркам і, замёршы, уважліва глядзела, падкурчыўшы адну нагу. Гэта адразу ўстрывожыла і яго, Іван устаў, угледзеўся – далёка ўнізе між сасняку на прагалах сям-там праблісквалі светлаватыя крывулякі-сцежкі. Гэта несла з сабой новыя клопаты. Ён яшчэ ўгледзеўся, і тады яна, не паварочваючыся, схапіла яго за рукаў, затармашыла, неяк не то ўстрывожана, не то абнадзеена загаварыла:

– Руссо – мэнш, чэлёвэк!

Ён ужо і сам бачыў – па сцяжынцы ўгору нетаропка ішоў чалавек.

Яны ўраз абое прыселі; яна, забыўшыся ўжо на сваю крыўду, запытальна паглядзела ў яго вочы сваімі цёмнымі зрэнкамі, ён жа адвёў убок нахмураны позірк і дастаў з-за пазухі браўнінг. Дзяўчына, відаць, зразумела ягоны намер, і Іван, нічога не тлумачачы, ціскануў ёй плячо: маўляў, сядзі тут. А сам, прыгнуўшыся, шмыгануў у рэдкі сасоннік і, гойдаючы на шляху ніжнія галіны, хутка пайшоў па адхоне, спадзеючыся наткнуцца на сцежку.

Але гэта здарылася куды далей, чым ён спачатку разлічваў.

Стараючыся выбіраць мясціны, дзе сасоннік быў трохі гусцейшы, ён далёка ўжо адышоўся ад цясніны і пачаў думаць, што не трэба было пакідаць яе там, а сцяжынка ўсё не паказвалася. У паветры густа пахла хвояй, было ціха; камяністы, засыпаны ігліцаю дол зусім пакалоў ягоныя і без таго навярэджаныя ступні. Неўзабаве з-за блізкае хрыбціны гор выслізнула і пачало прыграваць прамяністае ўранку сонца. Прыпомніўшы ўчарашні клопат, ён шчоўкнуў зажымам браўнінга і з пластмасавай рукаяткі выцяг магазін – там было пяць патронаў, шосты сядзеў у ствале. Гэта трошкі абнадзеіла. Ён падумаў, што, магчыма, ім пашанцуе цяпер на сякую-такую адзежыну, можа, на абутак і нават харчы. Па-ранейшаму дужа хацелася есці, цела прыкметна слабела, і ад думак аб ежы ў рот наплывала сліна, якую ён ледзьве паспяваў глытаць.

Сцяжынка нечакана выслізнула між сасонніку праз дзесяць крокаў наперадзе. Ён ураз спыніўся, зірнуў уніз, угору – нідзе нікога. Тады пастаяў, услухаўся, з бліжняй пакручастай сасонкі пырхнула маленькая куцахвостая пташка, воддаль упала на дол старая шышка, і зноў стала ціха-ціха. Ён пашукаў позіркам якое ўкрыццё і, адышоўшыся, апусціўся на калючы, у рэдкай траве дол за абымшэлым аскалёпкам скалы.

Лежачы ніц, ён чакаў, часта пазіраў уніз, дзе між хваёвых вяршалін праблісквала на заваротцы сцяжынка, і думаў, што зрабіць з чалавекам. Ён не сумняваўся, што па сцежцы ідзе цывільны, што вопратку ён аддасць без супраціўлення – усё ж такі пісталет. Вось толькі што рабіць далей – забіваць бяззбройнага не дазваляла сумленне, пакідаць жа яго тут было амаль самагубствам. Але колькі ён ні напружваў свой не дужа засяроджаны цяпер розум – нічога не мог выдумаць і адчуваў, што гэта дужа кепска, такая няпэўнасць. Аднак было бясспрэчна і тое, што галоўны хрыбет ім не адолець.

Чалавек паказаўся бліжэй, чым хлопец разлічваў. На сцежцы ўнізе неяк раптам з’явілася яго згорбленая пад ношаю постаць, але ён чамусьці не ішоў – ён амаль бег, стомлена, задыхана, і ўсё нешта шныпарыў вачыма па сасонніку, часам азіраўся. Няўжо ён убачыў іх? Іван падабраўся за каменем, сцяўся як мог, каб не бачна было адтуль яго паласатае постаці, і з нечаканаю злосцю вылаяўся ў душы, адчуўшы, як гэта агідна і подла тое, на што ён мусіў цяпер пайсці.

Але так было трэба.

Ён даў чалавеку падысці бліжэй, сам, патроху падцяўшы ногі, паварочваўся за каменем. У рукаве, пачуў, варушылася, бы крапівой пяклася, мурашка. Аўстрыяк, цяжка несучы брызентавы заплечны мяшок, таропка ступаў па сцежцы грубымі, на таўшчэзнай падэшве чаравікамі і ўжо крыху мінаў яго, калі Іван устаў і сігануў на сцежку. Прахожы зараз жа ўчуў, азірнуўся. Гэта быў камлюкаваты, нават тоўсты, гадоў пад шэсцьдзесят стары ў кароткай скуранцы, зялёным цірольскім з барсуковым кутасікам капелюшы і не новых, выпнутых на каленях штанах. Аўстрыец ад нечаканасці лыпнуў вачыма, нешта хутка-хутка загаманіў па-нямецку, замахаў рукамі і сунуўся да хлопца. Іван прыўзняў пісталет.

– Воцу дзі пістоле! Гер гефтлінг!.. Гер гефтлінг! – лапатаў аўстрыец. – Эсэс!*

* Не трэба пісталет! Пан зняволены!.. Пан зняволены! Эсэс! (ням.)

Іван ураз сцяўся, ён зразумеў, але з усяе сілы не хацеў паверыць, што зноў бяда. Праклятая мурашка разгульвала ўжо між лапатак, толькі хлопец не паварушыўся, каб страхнуць яе, – суровым, зацятым позіркам ён упіраўся ў аўстрыйца.

– Эсэс! Дорт эсэс! Штрэйфе!* – даводзіў чалавек. Ён быў усхваляваны, пот цурком ліўся па яго немаладым ужо, азызлым твары, у грудзях, нібы гармонік, дыхавічна рыпела і свістала на ўсе лады.

* Эсэс! Там эсэс! Аблава! (ням.)

Іван азірнуўся і прыкусіў вусны.

– Дзе эсэс?

– Дорт! Дорт! Іх мехтэ інен гут махен*, – махаў рукой аўстрыяк, трымаючыся другой за лямку мяшка.

* Там! Там! Я хачу вам дабра. (ням.)

– Ду найн люген?*

* Ты не хлусіш? (ням.)

– О, найн, найн! Іх бін гутэр мэнш!* – горача гаманіў ён і, перамяніўшы тон, няскладна вымавіў па-руску: – Я біль плен Сібір.

* О, не, не! Я сумленны чалавек! (ням.)

У ягоных устрывожаных старэчых вачах мільганула штось цёплае, і Іван зразумеў: ён не ашукваў. Трэба было спяшацца, іх маглі згледзець тут, але з гэтым чалавекам знікала апошняя надзея на харч.

– Ду вэр? Варум гір?* – сурова запытаў хлопец і за рукаў скуранкі бесцырымонна тузануў аўстрыйца са сцежкі.

* Хто ты? Чаму тут? (ням.)

– Іх бін вальдгютэр. Дорт іст майн форстэй*.

* Я ляснік. Там мой дом. (ням.)

Іван зірнуў угору, куды паказваў чалавек, але ніякага дома не ўбачыў, затое згледзеў, як з гушчару выскачыла Джулія, – відаць, яна чула іхнюю размову, і настойліва загаманіла:

– Руссо! Руссо! Бежаль! Руссо...

Безуважны да яе крыку, Іван яшчэ раз тузануў аўстрыяка за плячо і рвануў з яго рук мяшок.

– Эссен?*

* Ежа? (ням.)

– О, я, я, – пагадзіўся той. – Брот*.

* О, так, так. Хлеб. (ням.)

Аўстрыец, напэўна, усё зразумеў, азірнуўся, таропка апусціўся на калені і дрыготкімі пальцамі расшмаргнуў прошву свайго мяшка. Іван адною рукой сунуўся туды, сярод нейкіх рэчаў адразу адчуў шархоткую скарынку хлеба і вырваў з мяшка невялічкую, счарсцвелую ўжо буханачку. Аўстрыяк не пратэставаў, толькі неяк страціў нядаўнюю жвавасць, і на кароценькі момант у хлопцавым сумленні варухнуўся дакор. Але ён тут жа суровасцю прыдушыў яго, сігануўшы пад сасонкі, незнарок кінуў погляд угору, дзе высіліся шэрыя снегавыя вяршыні, і азірнуўся. Аўстрыяк завязваў рэчмяшок, пальцы яго чамусьці не маглі саўладаць з прошвай-маланкай. Тады Іван шпурнуў Джуліі хлеб, а сам зноў падскочыў да чалавека.

– Знімай!

Ён забыўся, як па-нямецку назваць скуранку. Аўстрыяк не зразумеў яго, і хлопец выразна тузануў яго за рукаў. Толькі аўстрыяк не спяшаўся аддаць адзежыну – на старэчым твары слізганула збянтэжанасць.

Іван крыкнуў:

– Шнэллер! – і тузануў настойлівей.

– Шнэллер! Шнэллер, руссо! – сцішана, але дужа настойліва гукала з сасонніку Джулія, і аўстрыяк з самотаю, якая раптам напоўніла ўсю яго расслабленую істоту, зняў з сябе скуранку.

Іван амаль вырваў яе з рук чалавека і ў апошні раз зірнуў яму ў вочы. Хлопец зразумеў – гэта была чорная няўдзячнасць, рабаўніцтва, гэтым ён у выпадку няўдачы ставіў пад шыбеніцу і яго, але інакш было нельга.

Ён пабег у сасоннік, дзе мільганула паласатая постаць Джуліі, і, ужо адбегшы, азірнуўся – аўстрыяк усё стаяў на ранейшым месцы, у падцяжках зверху шэрае світкі, і, апусціўшы рукі, глядзеў ім услед.

 

8

 

Паспець далёка адбегчы, аднак, было ўжо не так лёгка.

Ужо цераз якую чвэрць гадзіны абое яны дыхавічна раскрылі раты, змакрэлі ад поту, крокі іх сталі кароценькія і зусім знямоглыя. Сасоннік тым часам скончыўся. Яны выбеглі на травяністы пахілы ўзгорак; тут, пэўна, праходзіла верхняя мяжа лясоў, і далей высіліся адны рудавата-запляснелыя скалы, глыбы камення, ды ўдалечыні, у самым небе, млеў шэры, як крыло курапаткі, прысыпаны снегам хрыбет. Пад’ём стаў яшчэ болей круты, наперадзе ж паўстала голая скальная сцяна, падбягаючы да якой Іван зразумеў, што ўзлезці наверх тут не ўдасца. Тады ён збочыў і пабег па-над гэтай гіганцкай загародкай, шукаючы якой здатнай для сховы мясціны. Ён дужа сумняваўся наконт аўстрыяка, ад якога цяпер можна было чакаць рознага. «Толькі б не сабакі, толькі б не сабакі...» – думаў хлопец, выразней за ўсё на свеце разумеючы, што калі немцы пойдуць па іхнім следзе з сабакамі, то ім ужо не ўцячы.

Бегучы так па адхоне, ён усё пазіраў уніз – там як на далоні відаць стаў увесь гэты лясісты адхон: змрочная цясніна, дзе яны прабылі ноч, сасоннік, збоч якога тулілася, пэўна, леснікова сядзіба – дом з высокім каменным франтонам і галерэямі ўздоўж сцен. Ён усё чакаў убачыць там матацыкл і немцаў, але, відаць, тыя спазняліся, і ля сядзібы было глуха і пуста. Не відаць было і лесніка. Пэўна, змораны і збянтэжаны, ён яшчэ не падняўся знізу. У гэтыя некалькі кароценькіх і напружаных хвілін хлопец страшным унутраным праклёнам памянуў тых, праз каго ён мусіў рабіць такое. Ці ён які рабаўнік, ці злыдзень, навошта б спыняць яму гэтага мірнага таўстуна, настаўляць на яго пісталет, тым болей рабаваць, калі б не фашызм, не вайна, не палон з тысячамі пакут і зняваг, якія прычынілі нацысты. Яны вымусілі яго і на гэты рабунак, і таму ён яшчэ болей ненавідзеў іх.

Тым часам, мінаючы вялізныя камяні на травяністым доле, яны ўзбеглі на ўзлобак і ўбачылі непадалёк у сцяне вузкую, як шчыліна, расселіну, якая вяла некуды ў нетры гэтай камяністай грамады. Іван аж узрадаваўся, падумаўшы, што там, магчыма, будзе ручаіна, якая дасць заблытаць ад сабак сляды. Ды і самім, адчуваў ён, трэба куды-небудзь хавацца, бо з кожнай секундаю ззаду маглі з’явіцца немцы. Хлопец з апошніх аслабелых сіл прыпусціў па траве, за ім пакутна, але цярпліва трываючы стому і страх, бегла Джулія.

Абадраўшы ў калючых зарасніках рададэндрану ногі, яны неўзабаве прадраліся ў расселіну, але ручая, на жаль, у ёй не аказалася. Тут панаваў сыры, душны змрок. З крутых камяністых сцен тапырыўся калючы кустарнік, у шчылінах і між камянёў раслі хамлакі жорсткай травы, валяліся старыя косці; спалоханая людзьмі, з фыркатам кінулася ў глыб шчыліны нейкая начная птаха. Вельмі няўтульнай здалася ім гэтая расселіна, але тое, што яны ўсё ж паспелі дабегчы да яе і схавацца, крышачку супакоіла Івана. Хлопец прыпыніў бег, узлез на пахілую абамшэлую каменную пліту і прычакаў Джулію. Для раўнавагі перабіраючы ў паветры адною рукой, дзяўчына па камянях ішла да яго. Кароткія яе чорныя валасы зблыталіся, твар гарэў ад стомы і ажыўлення, але ў вачах, калі яна зірнула на Івана, замест звычайнае яе гуллівасці цяпер свіціліся збянтэжанасць, стома і ўнутраны боль.

– Парка візерэ!* Мі ўходіль, да? – пыталася Джулія.

* Тут у сэнсе: «Чорт вазьмі!» (іт.)

Ён нецярпліва кінуў:

– Каб жа ўцяклі! Давай хутчэй!

– Что ест хютчей? – не зразумела дзяўчына.

Іван не адказаў. Цяжка дыхаючы, Джулія далезла да яго, і яны разам рушылі па камянях далей.

– Многа карашо фатэр! Комуністо фатэр, – радасна сказала яна.

– Які там камуніст! – з прыкрасцю кінуў Іван. – Чалавек проста.

– Сі, сі, человек. Бэне* человек, – згадзілася дзяўчына, лезучы трохі вышэй ад яго.

* Добры. (іт.)

Ён услухоўваўся ў гукі, што скупа даляталі знізу, але позірк яго міжвольна не мог адарвацца ад заціснутай у яе пад пахай буханачкі. Джулія неяк інстынктыўна адчула гэты яго позірк і азірнулася.

– Эссэн! Хляб, да?

Яна хуценька адламала ад буханачкі краёк скарынкі і падала яму. Хлопец, не вагаючыся, узяў і з прагнасцю праглынуў. Трэба было бегчы, уцякаць, ззаду вось-вось маглі з’явіцца немцы, але ён ужо не мог адарваць свае ўвагі ад хлеба. I Джулія зразумела ягоную маўклівую нерухомасць, прыпынілася, прысела, прыціснуўшы буханку да грудзей, хуткімі пальцамі адламала болыпы кавалак і ўслужліва сунула ў яго вялікія парэпаныя далоні. Крошкі, што нацерушыліся на палу курткі, яна ашчадна зграбла ў жменю і высыпала сабе ў рот.

Іван беражліва ўзяў хлеб, пакруціў яго ў руках, нібы разглядаючы, спадылба тайком зірнуў на буханку ў яе руках і пачаў старанна разломваць кавалак папалам. Затым, узважыўшы на руках, адну палавіну працягнуў ёй. Яна не адмовілася, усміхнулася і хуценька ўзяла.

– Граціе! Нон... Спасібо!

Старанна жуючы, ён пакінуў гэтую яе ўдзячнасць без адказу.

Яны палезлі далей, дзяўчына таксама пачала моўчкі жаваць. Але хлеба было дужа мала. Гэта толькі раздражніла іх, і неўзабаве Джулія жвава крутнулася да свайго спадарожніка:

– Руссо! Давай всё манджарэ*! Согласье? Сі?

* Есці. (іт.)

Вочы яе прыжмурыліся і ўзгарэліся ранейшаю свавольнай жвавасцю, пальцы сцялі абламаную буханачку, гатовыя разадраць яе, і Іван аж спалохаўся, адчуўшы, што яна раскрышыць увесь гэты іх болей чым мізэрны запас.

Ён хіснуўся да дзяўчыны і схапіў яе за рукі:

– Дай сюды!

Джулія здзіўлена варухнула брывамі, а Іван выхапіў у яе хлеб і хуценька загарнуў яго ў скуранку. Дзяўчына спярша збянтэжылася, а затым голасна засмяялася.

Ён недаўменна паглядзеў на яе.

– Ты што?

– Руссо правілно. Джулія нон веріт хляб. Слова веріт, любовь веріт. Хляб нон веріт Джулія. Джусто – правілно, руссо!

Усё смеючыся вачыма, яна падышла ззаду да Івана і лёгенька кранулася далоняй ягонай худой лапаткі. Адчуўшы яе нечаканую ласкавасць, ён ніякавата варухнуў плячамі.

– Ладна ты, – буркнуў ён і памкнуўся сігануць шырэй, але ў гэты час ззаду раскаціста грымнуў далёкі вінтовачны стрэл.

Яны абое ўраз азірнуліся і застылі на камені – унізе, недзе каля сялібы, пачуліся крыкі, зараз жа затрашчалі «шмайсеры» – над цяснінай загуло, закалацілася рэха. Іван сцяўся, стаіўся – у гэтай раптоўнай калатнечы ён з усяе сілы ўслухоўваўся, ці не пачуецца там знаёмы ненавісны брэх, – ад гэтага цяпер залежала жыццё. Але брэху быццам не было. Кулі ў расселіну не заляталі, чэргі джгалі недзе ўбаку, і гэта трошкі здзіўляла Івана. З паўхвіліны ён паўслухоўваўся, пасля раптам у яго галаве мільганула здагадка, і хлопец, струхнуўшы з сябе змярцвеласць, кінуў пад ногі дзяўчыне скуранку, а сам па выступах і трэшчынах у скале, хапаючыся за кустоўе, таропка палез угору.

Чэргі ўсё трашчалі, шыпелі, скыгалі ўгары кулі, у гуле страляніны данёсся далёкі трэск матацыклаў. Джулія, задраўшы галаву, напружана слухала і сачыла за Іванам, які карабкаўся ўжо ледзьве не на палавіне крутой стромкай сцяны. Азірнуўшыся на выхад з расселіны, ён пралез яшчэ крыху і тады, угнуўшы голаў, абмёр, убачыўшы ўдалечыні сялібу і немцаў. Джулія ўнізе, відаць, здагадалася, што ён бачыць, ямчэй перахапіла скуранку, скінула клумпес і нешта крыкнула. Але ён, нібыта прыліпшы да скалы, не мог адарвацца ад незвычайнага відовішча, краёчак якога адкрыўся яму з гэтай вышыні.

У рэдкім ельніку па-над сядзібай круціліся ў траве тры матацыклы, кулямёты якіх таропка білі ўгору. Недзе, відаць, спрабуючы прарвацца да скал, трашчала яшчэ некалькі матацыклаў, але іх не было бачна за выступам скалы. Было толькі відавочна, што агонь і ўсю сваю ўвагу немцы скіравалі ў бок ад гэтай расселіны; імпэт іхняга агню сведчыў аб тым, што яны бачылі цэль. Тоячы ў сабе пэўную думку-здагадку наконт гэтага, Іван пасунуўся крыху ўбок на скале, хаваючыся за выступ, узлез вышэй і тады сапраўды ўбачыў тое, што канчаткова яму ўсё растлумачыла.

Знізу штосьці казала Джулія, але ён не слухаў яе, – учапіўшыся пальцамі ў каменны выступ, ён глядзеў, як па схіле да скальнай сцяны, шырока сігаючы галянастымі нагамі, бег чалавек у паласатым. Наўкола яго блізка і далёка пылілі-трэскаліся кулі. Гефтлінг падаў, але затым ускокваў і зноў бег, каб праз некалькі секунд упасці. За ім, праўда, далекавата, каля сялібы, пакінуўшы два матацыклы, трухалі ўгору немцы, а іншыя з месца цераз іх галовы білі з кулямётаў. Агонь быў надта густы і дружны, і ўсё ж гефтлінг бег. Часам ён коратка азіраўся і, здавалася, нават штосьці крычаў, пасля падаў, і Іван кожны раз думаў: не ўстане. Ды не. Як толькі крыху слабеў агонь, небарака ўскокваў і бег, бег угору.

– Руссо! Руссо! Что смотріть? Руссо! – нецярпліва тупаючы на камені, дапытвалася знізу Джулія.

Іван моўчкі сачыў за небаракам, баючыся паварушыцца на скале, лічачы, што лёс таго ўжо вырашаны. I сапраўды, той яшчэ раз упаў, амаль дабегшы да скалы, болей яго ўжо не стала відаць, і страляніна адразу сціхла.

У Івана быццам што абарвалася ўсярэдзіне. Ён хуценька падаўся па камянях уніз, несучы з сабою ціхі смутак і кароценькую ўдзячнасць за яшчэ адну непакорную смерць, якая прыкрыла іх у гэтай расколіне. Саскочыўшы ў дол, ён коратка кінуў Джуліі:

– Капут.

– Капут? – шырока раскрыўшы вочы, не зразумела дзяўчына.

– Кампаніё твой.

– Кранк гефтлінг?

– Ну.

– Ой, ой!

Ён выхапіў у яе, збянтэжанай, сваю скуранку, яна моўчкі хуценька падабрала калодкі, і яны абое кінуліся па камянях угору.

 

9

 

Яны не здолелі прайсці таемна, адкрылі сябе, ззаду застаўся сведка, і непакой з новаю сілай агарнуў хлопца – выдасць аўстрыяк ці не?

З свайго якога-ніякага вопыту трох уцёкаў ён ведаў, што вось гэткія абставіны былі для ўцекачоў найболыл рызыкоўныя. Нідзе – ні ў полі, ні ў гарах, ні на дарозе – не падпільноўвала іх такая небяспека трапіць у пастку, як тады, калі яны заходзілі ў вёскі, сялібы, на хутары, калі сустракаліся з людзьмі. Так здаралася, што выдавалі нават і недаверлівых, нават і асцярожныя нарываліся на засады. Так часта канчаліся вельмі цяжкія шляхі на волю і пачыналіся другія, яшчэ больш пакутныя – назад, на захад, у палон. Але і зусім мінаваць людзей было немагчыма – трэба было карміцца, распытаць пра дарогу, пераапрануцца. Гарантыі ад здрады ніколі не было, і ўцекачы часта спадзяваліся на шчаслівы выпадак, на людскасць. Часта так і абыходзілася. Але не заўсёды.

Год назад ён таксама спадзяваўся на тое, што ўсё як-небудзь абыдзецца, як абыходзілася ўжо трыццаць два дні, – чацвёра іх даволі ўдала міналі засады, пераплывалі рэкі, абыходзілі вёскі, пазбягалі сустрэч з паліцаямі, два разы ўцякалі ад пагоні. Аднойчы, праўда, яны згубілі чацвёртага, масквіча-танкіста Валерыя. Астатніх жа як-колечы мінула ўсякае ліха: яны дабраліся да сваёй зямлі, да Валыні. Наўкола ляжалі ўкраінскія сёлы, у полі на конях і валах аралі свае палоскі сяляне. Бралася на цяпло – ужо можна было, не дужа калеючы, начаваць у лясах і без лішняй патрэбы не патыкацца ў вёскі. Каб толькі не харч! Харч прымушаў іх часам заходзіць у паселішчы, і ў тое ранне, пакінуўшы сяброў на ўзлеску, у сяло пайшоў Іван. Напярэдадні хадзілі іншыя, цяпер падступіла яго чарга.

Ён крышку прыпазніўся выйсці з лесу, праз які пакручастай дарожкай яны ішлі ноч. Трэба было дняваць, і дужа не хацелася зашывацца дзе на пусты жывот. Добра ўгледзеўшыся ў сяльцо з узлеску, ён нічога падазронага ў ім не заўважыў; вялікай дарогі паблізу, здавалася, не было, і ён цераз балацявіну, трымаючыся бліжэй да кустоў, рушыў да крайняе хаты. У яго быў пад палой нямецкі аўтамат з дванаццаццю патронамі ў магазіне, здабыты на дарозе пад Кракавам, армейскія боты на нагах і на плячах нейкая несамавітая сялянская світка. З выгляду ён нагадваў звычайнага селяніна, такога, як і ўсе тут, і без перашкод дайшоў да гародаў, потым па бакавой дарожцы ад гумна, што вяла між плятнёў, скіраваў да бліжняе хаты. Але хата стаяла па той бок вуліцы. Ён азірнуўся: паблізу нікога не было, толькі дзесь у двары рыпнулі дзверы і замычала карова, – мусіць, гаспадыня ішла даіць. Але не паспеў ён пераскочыць аблеглы з ночы, пакроплены расой пыл на дарозе, як з суседняга двара хтось выйшаў на вуліцу. Іван не азірнуўся, аднак, здаецца, патыліцай адчуў, што той заўважыў яго. Хлопец утуліў голаў і таропка шыбануў у падворак. Толысі ўжо хаваючыся за вугал дома, азірнуўся – чалавека таго не ўбачыў, затое згледзеў у двары цераз вуліцу вялізны брызентавы кузаў машыны. Гэта было куды як няўдала, тым болей што з двара ўжо крыкнулі – не то загадвалі нешта яму, не то перасцерагалі каго другога. Дзецца Івану не было куды (за хатай пачынаўся шырокі забаранаваны гарод), і ён кінуўся да расчыненых у сенцы дзвярэй. У дзвярах тых якраз паказаўся няголены, сярэдніх год чалавек. Ён, пэўна, зразумеў усё без слоў, бо пабялеў крыху, зірнуў на Іванаў аўтамат, што тырчаў з-пад палы, і адступіў да шула, даючы дарогу ў хату. Іван, таксама без слоў, ускочыў у чысценькія, прыбраныя сенцы з прыцярушанай аерам падлогай, зыркнуў сюды-туды вачыма, шукаючы якога сховішча, і, не знайшоўшы нічога прыдатнага, праз расчыненыя дзверы кінуўся ў другі пакой, дзе была печ. Ён згледзеў у ёй чорную дзірку падпечча, прыпаў на калені, коратка азірнуўся на акно, пад якім на лаўках у покуце з-пад паласатае саматканае коўдры высоўваліся тры пары дзіцячых ног. Кепскае прадчуванне разанула яго – не, не туды трапіў.

Але перайначваць намер не было калі – на двары затупалі боты, і ён задам таропка сунуўся ў смярдзючую вузкую дзірку падпечча, зараз жа прытуліўся к боку за выступ, прыціснуўся, сцяўся. У сенцы ўжо ўваходзілі людзі. Толькі ён справіўся зацяць дыханне, як адразу данесліся галасы: то былі немцы, двое ці болей. Гаспадар не разумеў іх або, можа, не хацеў разумець, Іван жа ўсё чуў, і перакладчыка яму не трэба было.

– Вэр іст? Вэр ляўфт?* – крычаў адзін немец.

* Хто такі? Хто бег? (ням.)

– Ін дызэм аўгенблік, іх габе гезэен*, – гаварыў другі.

* Толькі што, я бачыў. (ням.)

– Паночкі, нэ розумію. У мэнэ нікога нэма. Што вы!

У Івана трошкі абмякла напятае яго адчуванне – значыць, гаспадар свой, не выдасць, дзякуй Богу, у гэтым хоць пашэнціла. Цяпер толькі б затаіцца, забіцца ў самы цёмны закутак, каб не знайшлі. I ён ціснуўся да сцяны што было сілы, скурчыўшыся ў тры пагібелі і амаль што не дыхаючы. Тым часам немцы закрычалі мацней, вылаяліся, заплакалі малыя на покуце. Аднекуль, мабыць, з печы, тупнуўшы па падлозе, да іх кінулася жанчына, пачала супакойваць. Хтось, убеппы ў хату, лязгнуў затворам вінтоўкі; у падпеччы мільгануў цень. Галасней закрычалі малыя, загрукалі тапчаны – мусіць, раскідвалі іх пасцелі. Іван чакаў, трымаючы руку на рукаятцы аўтамата, хоць не ведаў, як тут было страляць. Немцы грукалі ботамі, пэўна, зазірнулі на печ, бразнулі засланкай, і тут жа прамень ліхтарыка мільгнуў па задняй сценцы падпечча. Іван аж прыжмурыўся, чакаючы крыку «гераўскрыхен!». Але праменьчык быў слабаваты (мусіць, разрадзілася батарэйка), немцы нічога не ўбачылі, і боты загрукалі далей. Неўзабаве крокі прыціхлі: напэўна, шукалі ў сенцах. Тады ён, усё яшчэ не варушачыся, выдыхнуў і зноў паціху ўздыхнуў, азадачаны надзеяй: няўжо ўратаваўся? I сапраўды, крокі зусім сціхлі – адно толькі хліпалі ля печы дзеці, і маці, тупаючы босымі пятамі, кідалася, відаць, да акон – нямецкая гамонка чулася ўжо з падворка. Там штосьці гаварыў гаспадар, напэўна, выправаджваючы іх далей ад хаты. I сапраўды, неўзабаве ўсё сціхла, гаспадар, мусіць, увайшоў у сенцы, да яго падалася жонка. Яна нешта хутка-хутка гаманіла, бядуючы і ледзьве не плачучы. Гаспадар злосна кінуў ёй: «Годзе! Змоўкні!» Яна змоўкла, вярнулася ў хату і засакатала да дзяцей.

Іван падумаў быў, ці не пара вылазіць, каб перахавацца куды ў надзейнае месца, як гаспадыня з жахам у голасе крыкнула:

– Пэтро! Пэтро! Ой лышэнько! Грыць ідэ...

Іван зноў сцяўся. Гаспадар знік недзе, з хвіліну яго не было чуваць, затым у двары пачулася лагодна-з’едлівае: «Добры дзень, гэр Пэтра!» Гаспадар стрымана адказаў на прывітанне, там нешта ляснула, быццам бізуном па халяве, і той жа голас неяк дужа будзённа, нібы гаворка ішла пра сабаку або кацяня, сказаў:

– Каго хуваеш? Ану, підаць ёго сюдой!

– Нікога я нэ хуваю, кум Грыць! Перахрыстыцеся. Чого вы?

– Ага! Ныкога. Што ж, провірымо! Ганна! – крыкнуў Грыць.

– Я тута, кум, – азвалася з дзвярэй напалоханая гаспадыня.

– Кого Пэтра хувае, прызнувайся!

– Ой, хыба ж я ведаю? Ныкога ж він нэ хувае, кум Грыць.

– Нэ хувае. Ану, Настусю, скажы: дзе татко хувае бандыта?

– Не відаю, – адказаў боязны дзіцячы голас.

– Нэ відаетэ. Побачымо, – з шматабяцаючым спакоем вымавіў Грыць.

У Івана ў падпеччы ад злосці да гэтага вылюдка аж анямелі пашчэнкі – так захацелася выскачыць і ўсадзіць яму ў вантробу дзесятак куль. Але хлопец не ведаў, колькі яшчэ там было памагатых, і нядобрае прадчуванне ўжо запанавала ў ім: ён зразумеў, што гэты – не немец, сваю справу ён ведае як мае быць.

– Глух, нэсі солому. Ты, Жупан, тэж. Зараз мі дознаемося, дэ він хуваецца. Мі ёго підсмажымо.

На двары затупацелі крокі, бразнулі недзе паблізу дзверы, – мусіць, у хляўчук. Іван зразумеў, што ўдумаў гэты, каб яму не дажыць да нядзелі, Грыць. «Але няўжо яны адважацца запаліць, няўжо так зробяць са сваім чалавекам, які гэтага вылюдка яшчэ называе кумам?» – пакутна меркаваў Іван.

Тым часам ля акон нешта шаснула, зацямніла святло ў падпеччы. «Мусіць, паклалі салому», – адзначыў сабе Іван. Пасля ўсё прыціхла: ні крокаў, ні гоману. I раптам закрычала жанчына, ды так роспачна і здзічэла, што можна было падумаць, нібы паляць яе самую, а не хату. За ёю загаласілі ўсе дзеці, зараз жа засмярдзела дымам; Іван рашыў, што ўсё прапала, што згарыць і ён ды яшчэ загубіць людзей. Мусіць, трэба было вылазіць ды прыстрэліць гэтага нягодніка, але ў яго ўсё недзе тлела ў душы надзея, што, можа, не дадуць загарэцца – толькі палохаюць.

Зноў жа, даць загарэцца хаце, а пасля вылезці – ці не замнога гэта будзе кары і для яго і для гэтай сям’і? Проста ён не ведаў, што рабіць, хоць і разумеў, што трэба за секунды нешта рашыць.

Мусіць, ён усё ж выскачыў бы з падпечча, ужо ён на тое наважыўся, як раптам з галашэннем і праклёнамі ў хату кінулася гаспадыня. Перш чым ён паспеў даўмецца навошта, яна затупала ля печы і, сагнуўшыся, праз слёзы закрычала:

– Вылазь! Вылазь! Хату праз тэбэ паляць, прыклятый. Душегуб! Звідкіля тэбэ прынесла? Вылазь!

Іван ажно ўздыхнуў ад палёгкі, што ўсё скончылася (хоць такога ён не чакаў), сунуў аўтамат пад смецце ў кутку і вылез. Злосці на гэтую кабету ў яго не было, зрабілася толькі вельмі журботна і шкада, што гэтак недарэчна абарваўся такі доўгі і дужа нялёгкі шлях...

Так ён ступіў на парог – спакойны і гатовы да ўсяго. З падворка на яго ваўкавата пазіралі чацвёра дзецюкоў, сярод якіх асабліва вылучаўся адзін – здаравенны бугай у светлых картовых штанах і з блакітнаю павязкай на рукаве. Гэта, мусіць, і быў той Грыць. У руках ён трымаў рускі карабін на ўзводзе, Іван пазнаў па затворы і падумаў у той момант, што забіць яго тут яны не адважацца – мусяць перадаць немцам.

Так яно і сталася.

 

10

 

Тоячы ў душы зябкую трывогу, Іван спярша азіраўся і ўслухоўваўся, баючыся, каб немцы не пусцілі сабак, але ішоў час, а навокал усё было ціха. Тады прыйшло меркаванне, што аўстрыяк усё ж іх не выдаў, а матацыклісты, напэўна, іхніх слядоў не знайшлі і да пары пакінулі ўцекачоў у спакоі. Да таго ж, відаць, яны забралі забітага вар’ята гефтлінга – было з чым вярнуцца ў лагер. Ад такіх думак трывожная ўзрушанасць паступова ўляглася, саступіўшы месца іншым думкам-турботам.

Расселіна тым часам, як глыбачэзны крывы калідор, патроху вузеючы, вяла і вяла іх угору. Амаль не спыняючыся, яны лезлі па яе дну ўжо гадзіны з чатыры, калі не болей. Стала зябка і сыра; мусіць, ад вышыні, бы ватай, патроху закладвала вушы. Сонца так ні разу і не заглянула сюды; урэшце знік, захінуты аблокамі, зіхатлівы блакіт угары – клочча шызага туману, чапляючыся за верхавіны скал, хутка паплыло над расселінай. Аднекуль падзьмуў моцны парывісты вецер, пахаладнела так, што не дужа грэла і хада. Яны не маглі тут агледзецца, убачыць, ці далёка адышліся ад горада, але Іван адчуваў, што забраліся высока, іначай не прабіраў бы так холад. I ўсё ж скуранку з загорнутым у ёй хлебам хлопец нёс ненадзетай. Ён разумеў, што галоўнае яшчэ наперадзе, што пахаладае яшчэ болей, магчыма, прыйдзецца ісці па снезе. Праўда, аб сабе ён не дужа клапаціўся, ён мог бы ісці і шпарчэй. Хоць і замарыўся і балелі падбітыя на камянях ногі, але быў яшчэ здатны на болыыае – каторы раз выручала хлопца яго немалая прыродная дужасць, непераборлівасць да ўмоў жыцця і, вядома, суровая армейская загартоўка. Колькі ўжо разоў было на вайне і ў палоне, што іншыя выбіваліся з сіл, падалі і прыставалі ад голаду, стомы, бяссонніцы, а ён трываў. Ён пачаў ужо думаць, што як-небудзь адолее і гэтую бяду, пяройдзе хрыбет (не можа быць, каб не перайшоў), абы толькі быў жывы – стрывае, сцерпіць усё: на волі – не ў лагеры.

Вось толькі Джулія...

Хоць яна з прыкметнаю рупнасцю лезла за ім і цяпер амаль не адставала, але ён, раз-пораз спыняючыся, падазрона і насцярожана паглядваў на яе. Чуйна прыкмячаючы ягоную ўвагу, дзяўчына кожны раз слаба ўсміхалася, відаць было, старалася рабіць выгляд, што ўсё добра, што яна не баіцца і яшчэ мае ў запасе сілы. Аднак неўласцівая для яе парывістай натуры замаруджанасць рухаў яскравей за ўсё сведчыла аб немалой яе стоме.

Аднойчы, выйшаўшы з-за павароту, яны ўбачылі, што зусім ужо звузелы гэты раўчук скончыўся, упёрся праз сотню крокаў ад іх, нібыта ў плаціну, у крутую скальную глыбу, якая перагарадзіла шлях. Хоць ім і не хацелася, але трэба было вылазіць наверх – на вецер, на голыя, адкрытыя адусюль скалы. Мусіць, там можна было прайсці далей.

Іван павярнуў на круты адхон, выкарабкаўся ледзьве не да самага верху і, апусціўшыся на адно калена, прычакаў Джулію. Яна лезла трохі марудней, апусціўшы ад стомы голаў; хлопец упёрся выстаўленай нагою, падаў ёй руку. Дзяўчына ўчапілася ў яе сваімі мяккімі сцюдзёнымі пальцамі, і ён, болей не азіраючыся, павалок яе ўгору.

Яны выбраліся з расселіны на голы, не дужа круты камяністы схіл, але згледзець нічога наўкол не паспелі. Адразу ў іх грудзі пругка ўдарыў вецер, зверху нахлынула, атуліла камяні падранае клочча туману, імклівая золкая макрэдзь закрыла скалы і неба, быццам сыры дым ахутаў наваколле. Праўда, ён не быў суцэльны – у рэдкіх яго разрывах сям-там мільгалі рудыя скалы, далёкія сіняватыя прасветліны, але разгледзець праз іх мясцовасць было нельга. Тады яны спыніліся, і Джулія адразу прысланілася плячом да выступу скалы. Вецер шалёна рваў на іх штаніны, рукавы, шкуматаў полы іх куртак. Стала яшчэ халадней; Іван разгарнуў у доле пацёртую ўжо, некалі зграбную, рудаватую скуранку, выняў з яе хлеб і са скуранкай ступіў да Джуліі.

– О, нон... нон... Нет! Я тепло, – зыркнула яна на хлопца ажывелымі вачыма і ўскінула насустрач руку: вецер дробненька матляў яе каротка пастрыжаныя валасы.

Іван, нічога не кажучы, агарнуў адзежынай худыя, вострыя плечы; дзяўчына нехаця захінулася і адразу зябка сцялася, увабрала ў плечы голаў. Ён прысеў над пачатаю буханачкай хлеба – мабыць, можна было крыху з’есці.

– Ільпанэ... Хляб! – зразумеўшы ягоны намер, з галоднай нястрыманасцю сказала яна.

Ён спярша агледзеў буханачку, прыкінуў на руцэ, нібы вызначаючы вагу і тую найменшую норму, якую яны могуць дазволіць сабе ў гэты раз, і ўздыхнуў: дужа ўжо яна была малая. Джулія апусцілася на дол і хуценька пасунулася да яго. Баючыся пакрышыць буханку, Іван не стаў адломваць ад яе, а, азірнуўшыся, падабраў ззаду востры абломак каменя і пачаў ашчадна адразаць пайку. Захутаўшыся ў скуранку, дзяўчына з нейкай замілаванасцю ў вачах пакорна сачыла за рухамі яго грубых пальцаў – як ён рэзаў і як пасля дзяліў адрэзанае надвая, адломваў кавалачак ад аднае палавіны і клаў на другую, яшчэ раз аглядваў.

– Добра?

– Сі, сі. Добро.

Зноў нібы не стала ні холаду, ні стомы. Джулія заззяла вачыма, з нецярплівасцю чакаючы, калі будзе дазволена з’есці гэтую мізэрную пайку. Але Іван з зайздроснаю вытрымкай яшчэ раз падраўняў кавалкі і тады толькі кінуў дзяўчыне:

– Ану, адвярніся.

Яна зразумела, не вымаючы з-пад скуранкі рук, хуценька павярнулася, і ён дакрануўся пальцам да кавалка з дабаўкай.

– Каму?

– Руссо! – з рашучай гатоўнасцю сказала яна і крутнулася да яго і хлеба.

Іван моўчкі і беражна ўзяў тоненькую лустачку, крыху жывей ухапіла другую яна.

– Гра... Спасібо, руссо.

– Няма за што, – сказаў Іван.

– Руссо! – таропка жуючы і хутаючыся ў скуранку, аклікнула Джулія. – Как імеется твой імя? Іван, да?

– Іван, – трошкі здзівіўшыся, пацвердзіў ён.

Яна заўважыла яго недаўменне і, адкінуўшы голаў, засмяялася:

– Іван! Джулія угодаль! Как ето угодаль?

– Няцяжка ўгадаць.

– Все, все руссо Іван? Правда?

– Ну, не ўсе. Але шмат. Многа.

Яна неяк адразу абарвала сваю хвілінную весялосць, стомлена ўздыхнула, зябка захінулася ў скуранку і крадком ад яго паглядзела на буханачку ў доле. Ён, расцягваючы асалоду, марудна даядаў свой кавалак.

Заўважыўшы яе вельмі красамоўны позірк, узяў буханачку, каб пакласці яе за пазуху, але не паспеў гэта зрабіць, як Джулія раптам войкнула і застыла на месцы. Адчуўшы нядобрае, ён ускінуў на яе позірк – на твары дзяўчыны быў спалох, шырока раскрытыя вочы няўцямна глядзелі па-над яго плячом. Іван павярнуўся з хлебам у руцэ і адразу ўбачыў тое, што напалохала яе.

Воддаль ад іх і ніжэй, у разагнанай сярод туману прагаліне, абапёршыся на расстаўленыя рукі, сядзеў на скале страшны, у падзёртай куртцы гефтлінг. Голы, без валасоў, яго чэрап тырчаў на тонкай шыі з шырокага каўняра паласатае курткі, на якой чарнеў нумар і вінкель, цёмныя вачніцы-праваліны ўтрапёна ўставіліся на іх. Пэўна, ён убачыў у іхніх руках хлеб, здрыгануўся і, прыскокваючы на месцы, пачаў хрыпла выкрыкваць:

– Брот! Брот! Брот!

Потым абарваў крык, зябка скалануўся і ўжо зусім чалавечым, поўным адчаю голасам патрабаваў:

– Гіп брот!

– Ге, захацеў чаго, – саркастычна ўсміхнуўся Іван, гледзячы на яго.

А гефтлінг некалькі секунд памарудзіў і з нечаканаю злосцю залямантаваў:

– Гіп брот! Гіп брот! Іх бешайнэ гестапо! Гіп брот!..*

* Дай хлеб! Дай хлеб! Я данясу ў гестапа! Дай хлеб!.. (ням.)

– Ах, гестапа! – Іван узняўся на ногі. – Ану, марш адсюль! Ну, жыва!

Ён пагрозліва памкнуўся было да вар’ята і толькі ступіў некалькі крокаў, як той скочыў са скалы і адбег далей уніз.

– Гіп брот – нікс гестапо. Нікс брот – гестапо!*

* Дай хлеб – не буду гестапа. Не дасі хлеб – гестапа! (ням.)

– Ах ты, сабака! – закрычаў скрозь вецер Іван.

Яго ахапіла злосць, хлопец памкнуўся быў дагнаць гэтага шантажыста, але той засцярожліва адбег яшчэ далей. Згледзеўшы, што Іван спыніўся, ён таксама стаў.

– Гіп брот!..

Іван засунуў руку за пазуху – немец застыў, чакаючы, але хлопец выхапіў пісталет і хруснуў курком.

– Пістоле! – са страхам крыкнуў вар’ят і кінуўся назад.

Іван прыкусіў вусны, ззаду да яго падскочыла Джулія.

– Дать он хляб! Дать хляб! – спалохана загаманіла яна.

Вар’ят тым часам адбег, прыпыніўся і, азіраючыся, хутка пасігаў уніз.

– Іван, дать хляб! Дать хляб! Нон гестапо! – боязна патрабавала дзяўчына.

«Гад прадажны, – думаў хлопец, злосна гледзячы на хісткую постаць вар’ята. – З ім жарты нядоўгія – наробіць крыку і выдасць немцам. Што зробіш з дурным? I забіць шкада, і адчапіцца няма як. Прыйдуць з сабакамі, патрапяць на след – лічы, усё прапала».

– Эй! – крыкнуў хлопец вар’яту– На брот!

Той, затрымаўшыся за скалу, спыніўся, азірнуўся, здалося, нават падумаў, і неўзабаве праз вецер данёсся ягоны голас:

– Нікс... Ду шіссен! Іх бешайнэ гестапо!..*

* Не... Ты будзеш страляць! Я данясу гестапа!.. (ням.)

I зноў падаўся ўніз.

– Ідзі ты к д’яблу! Нікс шыссен! На вось... На!

Іван сапраўды адламаў ад буханачкі кавалак і падняў яго ў руцэ, каб вар’ят убачыў. Джулія, стоячы побач, скаланалася ад холаду і занепакоена пазірала на гефтлінга. А той пастаяў крыху, потым апусціўся на выступ скалы. Да іх ён падыходзіць баяўся.

– Ах так, сабака! – закрычаў Іван, страціўшы цярпенне. – Ну і чорт з табой! Ідзі ў гестапа! Ідзі!!!

– Іван, нон гестапо! Нон, Іван! – затармашыла яго за рукаў Джулія. – Дать нэмножко хляб! Нон гестапо...

– Чорта з два яму хлеб. Хай ідзе.

– Он плёхой гефтлінг. Он кранк. Он гестапо...

Хлопец не адказаў, паклаў за пазуху палову буханачкі, пісталет і пайшоў да ранейшага месца ўгору. Джулія моўчкі ішла побач. Ён адчуваў, што так абыходзіцца з гэтым вар’ятам было небяспечна, але цяпер ён ужо не мог саступіць яму – злосная зацятасць аказалася мацнейшаю за асцярогу. Джулія ўсё азіралася, аднак на іх наляцела імгла, і апроч шэрага нагрувашчання скал навокал нічога не стала відаць – на ўсёй далечыні ўнізе і па баках імчаў, клубіўся, ірваўся золкі імклівы туман. Невядома было, ці гефтлінг сядзеў там, ці, можа, сапраўды вярнуўся назад. Заўважыўшы на твары дзяўчыны трывожны клопат, Іван зазначыў:

– Нікуды ён не пойдзе. Брэша ўсё.

Ён супакойваў яе, але да самога спакой не прыходзіў. Чорт ведае ад каго толькі залежыць жыццё чалавека? Дзе ж гэта справядлівасць? Вар’ят, а вось выжыў, прарваўся ў горы, выкруціўся з аблавы, уцёк з-пад куль... А колькі самых найлепшых хлопцаў палегла ў лагеры?

Сапраўды ўспомніш пра справядлівасць, на якую такая скупая стала зямля.

Яны ўжо выправіліся былі ў шлях, у абход вялізнага слаістага выступа, як Іван азірнуўся і палез у прарэху курткі. Джулія таксама паглядзела назад, але вар’ята нідзе не было. I ўсё ж Іван дастаў кавалак, вярнуўся і, пашукаўшы здатную мясціну, паклаў яго на камень, дзе яны нядаўна сядзелі.

– Ладна. Чорт з ім, гадам! Няхай падавіцца! – нібы апраўдваючыся, сам сабе прабубніў хлопец.

Джулія згодна маўчала.

 

11

 

Вецер усё гааў і гнаў бясконцыя космы туману, куртка на Іване стала волкай, зябкая дрыгота скаланала спіну. Ён усё азіраўся, пачынаючы ўжо сумнявацца, ці знойдзе скарынку вар’ят. З’явілася нават жаданне вярнуцца, забраць, з’есці яе самому, і, каб як адкараскацца ад надакучлівых думак, ён хутчэй засігаў далей ад гэтага месца.

Неўзабаве яны абышлі слаёны гіганцкі выступ, што, нібы акамянелы птушыны хвост, тырчаў у небе, узлезлі вышэй, і тады раптам туманнае воблака каля іх разарвалася, неяк быццам асела. Яны ўбачылі вышэй ад сябе голы, круты камяністы масіў і зусім побач на схіле сцежку. Яна бегла не ўніз і не ўгору, а асцярожна між камянёў прабілася наўскос па схіле. Была яна не дужа прыкметная ў гэтым хаосе скал, але ўсё ж абое ўраз заўважылі яе і прыемна здзівіліся.

Іван першы ступіў на яе, азірнуўся ўніз – там між пасмаў туману таксама мільгалі змрочныя скалы, правалы, між іх дзе-нідзе праплывала шызая далячынь. Угары ж, у высокім прысмужаным небе, гарэў асветлены сонцам пярэсты, густа аснежаны хрыбет. Праўда, калі хлопец прыгледзеўся, дык аказалася, што хрыбтоў там аж два: дальні – магутны і шырокі, падобны на сівую нерухомую мядзведзеву спіну, і бліжні – зубчасты, трошкі прысыпаны снегам, які крайняю сваёй вяршыняй з седлавінай ля боку ўпіраўся ў самае неба. Гэтая вяршыня і здавалася адсюль найболыдай, але Іван ужо ведаў такое ашуканства гор, калі самая бліжэйшая з іх здаецца і самаю высокай. Відаць, усё ж галоўны тут быў той дальні мядзведжы хрыбет, думалася, што за ім ужо жаданая мэта іхніх уцёкаў – партызанскі Трыест.

Задраўшы голаў, хлопец з хвіліну ўглядаўся ўгору, у гэты парог на іх шляху ў будучыню, вельмі хочучы ўпэўніцца, што пагоні тут ужо не будзе, што самае страшнае яны пераадолелі, што людзі цяпер ім не сустрэнуцца, – цяпер ім супрацьстаяла толькі прырода, для змагання з якой трэба адно: болей сілы. Затым ён паглядзеў на прыціхлую і таксама, відаць, агорнутую новым клопатам сваю спадарожніцу: яна рухава жмурыла бухматыя вейкі, таксама ўзіраючыся ў снегавыя хрыбты. I тады, мабыць, упершыню, у яго з’явілася ціхая задаволенасць ад таго, што перад грознаю невядомасцю гор ён не адзін, што побач усё ж чалавек, хоць бы і жанчына. Адчуўшы кароткі пробліск задавальнення, ён кінуў:

– Айда?

Наўрад ці ведала яна гэтае хлапчукоўскае слова, але цяпер настолькі суладнымі былі іх пачуцці, што яна зразумела і згодна падхапіла:

– Айда!

I яны выправіліся па сцяжынцы, што апярэзвала голую скалістую касагорыну. Угары ў разрывах туману нестрымана ярка бліснула паніжэлае ўжо сонца, клочча аблокаў асляпляльнаю белізною заззяла на схілах гор; па скалах і безданях хутка памчаліся чорныя шкуматы ценяў і побач суладна з імі – яркія плямы святла. Вецер, не сціхаючы, ірваў Іванаву куртку, пухіром надзімаў праз дзірку штаны. Джулія зябка наставіла шырокі каўнер скуранкі. Яны падняліся вышэй. Асветленыя сонцам унізе, выразна сталі відны чорная шчыліна расселіны, камяністыя касагорыны, на адной з якіх віднелася, адкінуўшы даўжэзны цень, перыстая патарчака-скала. Іван зірнуў туды і спыніўся: на тым месцы, дзе яны нядаўна сядзелі, сагнуўшыся, нібы шукаючы штось у Доле, дыбаў на сваіх тонкіх нагах вар’ят гефтлінг.

– Глядзі ты – прывязаўся.

– Траджіко челёвэк, – сказала Джулія. – Пекато – жалко!

– Чаго шкадаваць? Сволач ён.

– Он хочет руссо ідет. Но руссо бёзе. Он бояться.

– I правільна робіць, – коратка зазначыў Іван.

Хлопец рушыў далей, махнуўшы рукой на вар’ята, хоць мець такі хвост ззаду не вельмі падабалася яму. Але што зробіш з ненармальным – і адагнаць не адгоніш і ўцячы некуды. Прыйдзецца, відаць, патрываць так да ночы.

– Іван, – сказала дзяўчына, робячы націск на «і». – Ты не імель зло Джулія?

– А чаго мне злаваць?

– Ты нон бёзе?

– Можаш не баяцца.

– Нон бояться, да?

– Да.

Крануты стомаю, яе твар сагнаў лагодную ўсмешку і пасур’ёзнеў, адбіўшы невясёлы ўнутраны ход думкі.

– Джулія руссо нон бояться. Джулія снег бояться.

Іван, ідучы наперадзе, толькі ўздыхнуў на гэта: сапраўды, снег і такі мізэрны запас хлеба ўсё болей пачыналі непакоіць і яго. Хлопец падумаў, што трэба было ў лесніка прыхапіць яшчэ што і абавязкова абутак, бо голымі нагамі проста невядома як было лезці ў снег. Але добрыя думкі, як заўжды, з’явіліся позна. Тады, вядома, яны не думалі, што дабяруцца да снежных вяршынь, – тады шчасцем здавалася выскачыць жывым з аблавы. I так дзякуй аўстрыяку – каб не ён, хлеба яны не мелі б. Іван хутка сігаў па сцяжыне; збоч ярка свяціла, не грэючы, нізкае сонца, па касагорыне валакліся-мільгалі дзве даўжэзныя, да самага нізу, цені. Суцяшаць, угаворваць дзяўчыну ён не хацеў, толькі сказаў:

– Куртка ў цябе ёсць. Чаго баяцца. Манто не чакай.

Дзяўчына, чуваць было, уздыхнула і, памаўчаўшы, сказала:

– Рома Джулія многа манто імель. Фір манто – черна, бела.

Ён насцярожыўся і сцішыў крок.

– Што – чатыры манто?

– Я. Фір манто. Четыре, – удакладніла яна.

– Ты што – багатая?

Яна засмяялася.

– О, нон богата. Бедна. Політіше гефтлінг.

– Ну, не ты – бацька. Бацька хто твой?

– Батіка?

– Бацька. Ну, ацец. Фатэр. Хто ён?

– А, іль падрэ! – зразумела яна. – Іль падрэ коммерсанто. Діретторе фірма.

Ён ціха прысвіснуў – ну і ну, аказваецца, з буржуяў. «Не хапала яшчэ, каб гэты бацька аказаўся фашыстам, вось была б прагулачка ў Альпах, – выбраўшыся да сваіх, век не апраўдацца», – падумаў ён і крута азірнуўся.

– Фатэр фашыст?

– Сі, фашісто, – проста адказала Джулія, жвава зірнуўшы ў яго пасуравелыя вочы. – Начальнік міліто.

Яшчэ лепш! Чорт ведае што робіцца на свеце! Як казаў той Жук, кінеш палку ў сабаку – трапіш у фашыста. Ну і Еўропа!

Ён саступіў на край сцежкі, даў дзяўчыне параўняцца з сабой і з няўтойнай цікавасцю агледзеў яе ладненькую, цыбатую, як-колечы апранутую фігуру. Але, дзіўная справа, гэтае стракатае, з чужога пляча ўбранне ўсёй сваёй недарэчнасцю не магло зацьміць яе маладой прыроднай статнасці і пекнаты, якая праглядвала ва ўсім: і ў гнуткасці рухаў, і ў ласкавай прыгажосці твару, і ў звычцы трымаць галаву з годнасцю і грацыяй. Яна пакорліва-аддана паглядвала на яго, рукі трымала сашчэпленымі ў доўгіх рукавах скуранкі і прывычна ляскала па сцяжынцы сваімі нязграбнымі клумпес.

– А ты што ж... Таксама, можа, фашыстка? – з абвостранай унутранай чуйнасцю да яе запытаў Іван.

Дзяўчына з прытоеным папрокам кальнула яго вачыма.

– Джулія фашіста? Джулія – комуніста! – аб’явіла яна з даўно ўсвядомленай гордасцю.

– Ты?

– Я!

– Брэшаш, – пасля паўзы недаверліва сказаў ён. – Якая ты камуністка?

– Комуніста. Сі. Джулія комуніста.

– Што, уступіла? I білет быў?

– О нон. Нон латэсара*. Формально нон. Моральмэнтэ комуніста.

* Няма білета. (іт.)

– А, маральна! Маральна не лічыцца.

– Почему?

Ён не адказаў. Што можна было сказаць на гэта наіўнае пытанне? Каб так кожнага, хто сябе назаве камуністам, і лічыць ім, колькі б тады набралася такіх? Ды яшчэ буржуйка... Хто яе прыме ў партыю! Балбоча проста...

Трошкі прытушыўшы сваю цікавасць, Іван пайшоў хутчэй.

– У нас тады лічыцца, калі білет дадуць.

– А, Русланд! Русланд іначе. Я понімайт. Русланд советіка. Русланд свобода.

– Ну, у нас не тое што ў вас, буржуяў.

– Советіка очень карашо. Эмансіпаціоне. Ліберта. Братство. Так?

– Ну.

– Очень карашо! – пранікнёна казала яна. – Джулія очен, очен уважаль Русланд. Нон фашізм. Нон гестапо. Очен карашо. Іван счастлів свой страна, да? – Яна па сцяжыне падбегла да хлопца і аберуч узялася за яго руку вышэй локця. – Скажы, Іван, как до война жіль? Какой твой дэрэвня? Слюшай, тэбя сіньоріне, дэвушка, любіль? – раптам запытала яна, з гуллівай адданасцю заглядваючы яму ў заклапочаны твар.

Іван ніякавата лыпнуў вачыма, але рукі не адабраў – ад яе пяшчотнае блізкасці ў яго нутры зашчаміла непрывычнай лагоднасцю.

– Якая там дзяўчына! Не да дзяўчат было.

– Почему так?

– Так.

– Что, плёхо жіль? Почему?

Ён спахапіўся, што сказаў не тое, – пра сваё жыццё ён не хацеў ёй гаварыць.

– Так. Рознае было.

– Ой, неправда говоріль, – хітравата скасіла яна на яго зіркастыя вочы. – Любіль мнёго сіньоріно!

– Куды там!

– Какой твой провінція? Какой место ты жіль? Москва? Кіев?

– Беларусь.

– Белорусь. Это провінція такой?

– Рэспубліка.

– Рэспубліка? Это карашо. Італія манархія. Монтэ – горы ест твой рэспубліка?

– Не. Гор няма. У нас болей лясы. Пушчы. Рэкі і азёры. Азёры самыя прыгожыя, – міжвольна аддаючыся ўспамінам, загаварыў ён. – Мая вёска Цярэшкі якраз ля двух азёр. Калі ў ціхі надвячорак зірнеш – не шалохнецца. Бы люстэрка. I лес вісіць уніз вяршалінамі. Як намалёваны. Адно – рыба плешчацца. Шчупакі – во! Што там горы!

Ён сказаў адным разам занадта многа для свайго негаваркога характару, зараз жа адчуў гэта і змоўк. Але растрывожаныя яго думкі і ўяўленні ўжо былі там – у родным далёкім краі, і цяпер, у гэтым дзікім нагрувашчанні скал, яму стала так нясцерпна самотна, як даўно ўжо не было ў палоне.

Яна, мусіць, адчула тое і, калі ён змоўк, папрасіла:

– Говорі еще. Говорі твой Белорусь.

Сонца тым часам зноў закрылася шэрым туманным воблакам.

На гладкую касагорыну з пратаптанай наўкос сцяжынай асеў шэры імклівы цень, дымчатае вільготнае клочча хутка панеслася ўпоперак схілу. Было сцюдзёна і ветрана.

Спачатку бязладна і не вельмі ахвотна, часта спыняючыся, нанава перажываючы старыя ўражанні, ён, як пра нешта далёкае, дарагое і незвычайнае, пачаў расказваць ёй пра ўсыпаныя буйнымі жалудамі дубровы, пра бабровыя хаткі на азёрах, пра сцюдзёны гаючы бярозавік вясной і пра водар чаромхавай квецені ў маі.

Даўно ўжо ён не быў такі гаваркі і адталы душой, як у гэты час, – ажно не пазнаваў сябе. Ды і яна з яе зважлівай Цікаўнасцю да ягонага роднага неяк адразу пабліжэла, нібы яны здаўна былі знаёмыя і сустрэліся пасля доўгай цяжкай ростані.

Урэшце ён змоўк. Яна патроху вызваліла яго руку і вальней узялася за шурпатыя пальцы. Спакойна спытала:

– Іван, твой мама карашо?

– Мама? Харошая.

– А іль падрэ – батіка твой?

Яна летуценна пазірала на схіл і не заўважыла, як здрыгануўся яго ўраз спахмурнелы твар.

– Не памятаю.

– Почему? – здзівілася яна і аж прыпынілася.

Ён не захацеў спыняцца, сашчэпленыя іх рукі выцягнуліся.

– Памёр бацька. Я яшчэ малы быў.

– Морто? Поміор? Почему поміор?

– Так. Хвароба зламала.

Яна далікатна выпусціла яго пальцы, зайшла крыху збоч, чакаючы, што ён скажа нешта важнае, растлумачыць тое, што не магла зразумець яна.

Але ён ужо ні аб чым не хацеў гаварыць, толькі ўздыхнуў, падумаўшы, што, відаць, лепш ёй не чуць пра ўсё складанае і труднае, што было часткай яго жыцця.

 

12

 

Так думаў ён, лезучы па крутой сцяжыне ўгору і будучы ўпэўнены, што робіць правільна. Сапраўды, хто яна, гэтая пеставатая прыгажунька, зіхатлівы асколак чужога, далёкага свету, недарэчным лёсам вайны закінутая ў фашысцкі канцлагер, – хто яна, каб выкладаць ёй яго балючае, што ў свой час адабрала столькі душэўнае сілы ў самога? Ці прыме яе, няхай сабе і добрая, сумленная дзявочая душа яго суровую праўду, у якой дай бог разабрацца самому?

Аддаўшыся роздуму, Іван ішоў спорна, таропка і не прыкмячаў часу. Джулія, пэўна, зразумеўшы, што зачапіла балючую струну ў ягонай душы, таксама зважліва змоўкла, крыху адстала, і яны доўга ішлі так – лезлі ўгору па схіле. Тым часам на бязладна-велічнае навалле гор споўз з паднябесся трывожны ветраны вечар. Горы пачалі хутка цямнець, вузела і без таго сцятая хмарамі далячынь; знік срабрысты зіхоткі бляск далёкага хрыбта, туманнае марыва дарэшты праглынула яго. На фоне трошкі прысветленага неба гіганцкім спарышом чарнела бліжняя верхавіна з крыху меншаю побач. У седлавіне, напэўна, быў перавал, туды вяла сцежка.

З усёй пары сутак вечар найбольш прыгнятальна дзейнічаў на Івана. Ні ўдзень, ні ўначы, ні ўранку не было так самотна, так няўтульна-трывожна і сумна, як у часе змяркання. З усёй вастрынёй ён адчуў гэта ў гады вайны ды яшчэ ў палоне, на чужой зямлі – у бядзе, голадзе і сцюжы. У такі час асабліва востра дапякалі адзінота, бездапаможнасць, залежнасць ад бязлітаснае варожае сілы. I асабліва нясцерпна хацелася міру, дабра і роднае, блізкае душы побач.

– Іван!.. – нечакана паклікала ззаду Джулія. – Іван!

Як заўжды, яна рабіла націск на «і», гэта было непрывычна і знячэўку ажно палохала, быццам тут з’явіўся яшчэ нехта, апрача іх дваіх.

Іван здрыгануўся і прыпыніўся.

Нічога болей не кажучы, Джулія моўчкі тупала між камянёў, і ён без слоў зразумеў, у чым справа. Адразу відаць было, як стамілася яна. Ён адчуваў і па сабе, што вельмі трэба было б адпачыць, але ў гэтай завоблачнай высі было нестрывана холадна: шалёна буяў, ірваў вопратку, гуў у расселінах вецер. Вельмі зяблі на хадзе рукі, ногі дык зусім акалелі, ажно анямелі ад сцюжы. А холад усё мацнеў, як мацнеў к ночы вецер. Усёй сваёй жорсткай, сляпой сілай прырода абрушвалася на дваіх гэтых людзей. Іван дужа спяшаўся, вельмі выразна разумеючы, што начаваць тут нельга, толькі ў хадзе паратунак, і калі яны ў гэтую ноч не адолеюць перавал, то заўтра ўжо будзе позна.

– Іван, – сказала, бліжэй падышоўшы, Джулія. – Очен, очен усталь...

Ён пераступіў з нагі на нагу: ступні балелі, саднелі, заходзіліся ад сцюжы, але цяпер ён не зважаў на іх – ён заклапочана глядзеў на Джулію.

– Давай як-небудзь... Бач, хмурыцца.

З-за спарыша-вяршыні перавальвалася, асядаючы на схілах, густая, змрочная хмара. Неба ўгары пакрысе тушыла свой бляск. Цьмяна памільгала і знікла ў чорнай навалачы малюсенькая адзінокая зорка. Прыцьмеўшае наваколле – скальныя груды, адхоны, цясніны і даліны – завалакла мутная мешаніна аблокаў.

– Почему нет переваль? Где ест переваль?

– Хутка будзе. Хутка, – абнадзейваў дзяўчыну Іван, сам не ведаючы, колькі яшчэ трэба дабірацца да той седлавіны.

Яны зноў ішлі па ледзьве прыметнай у камяністым доле сцяжынцы. Іван ужо стаў баяцца, каб не згубіць яе – гэта было б кепска. I хлопец, слухаючы праз вецер прывычны стукат Джуліных калодак, мерным тэмпам лез і лез усё вышэй. На дужа крутых мясцінах ён прыпыняўся, чакаў дзяўчыну, падаваў ёй руку і вывалакваў угору, сам пры тым ледзьве ўтаймоўваючы ў грудзях сэрца.

А вецер шалёна шкуматаў вопратку, тугімі штурхялямі біў то ў спіну, то ў грудзі, забіваў дыханне, круціў у камянях, часта мяняючы кірунак, – не зразумець было, адкуль ён і дзьмуў.

Тым часам зусім сцямнела, грамады скал зліліся ў адну непраглядную масу, неба чорнай беспрасветнасцю самкнулася з гарамі. Стала так цёмна, што Іван пачаў аступацца, натыкацца на камяні, некалькі разоў балюча пабіў ногі, і тады першы непакой скалануў яго – дзе сцежка? Ён сагнуўся, лепей угледзеўся, абмацаў нейкі аскалёпак побач і зразумеў, што сцежка прапала, – яны заблудзілі.

Тады ён стаў, адвярнуўся ад ветру, сцяўся ўсім целам, чакаючы, пакуль падыдзе дзяўчына. Калі ж тая знямоглым сілуэтам дашкандыбала да яго, Іван кінуў: «Чакай тут», а сам адышоўся ўбок, узіраючыся ў дол. Джулія гэтую навіну ўспрыняла моўчкі, бадай што абыякава, адразу павалілася на камень і скурчылася ад ветру. Ён, душачы трывогу, ады шоўся далей, пакідаўся сюды-туды, углядаючыся ўніз і раз-пораз мацаючы дол ступнямі, – сцежкі не было. Спакваля ён пачаў заўважаць наўкола ў цемры касое няпэўнае мільгаценне, адставіў убок руку і зразумеў: то пайшоў снег. Дробненькая рэдкая крупка коса неслася з ветранае чорнае прорвы, прыскокваючы на камянях, збіралася ў ямках, шчылінах, у доле. Іван пастаяў яшчэ, аглядваючыся і напружана згадваючы, што рабіць. Снег пагусцеў, і ў доле трошкі пасвятлела ад шэрай блытаніны плям. I тады ён заўважыў непадалёк белаватую крывуліну сцежкі.

– Эй, Джулія! – ціха паклікаў ён.

Дзяўчына, аднак, не адгукнулася. Ён з прыкрасцю на душы пачакаў яшчэ трохі. Думалася: «Што яна там, ці не заснула? Вось яшчэ даў бог спадарожніка! Па бульвары б з такой шпацыраваць...»

Вецер па-ранейшаму люта буяў, снегавая крупка мільгала, шархацела на камянях, сталі заходзіцца ад золкасці ногі, рукі ён схаваў у рукавы. За пазухай слізкім холадам пёкся настылы браўнінг.

– Эй, Джулія!

Яна зноў не адказала, і ён, вылаяўшыся сам сабе, з неахвотай, асцярожна ступаючы на мокрыя сцюдзёныя камяні, пайшоў туды, дзе пакінуў яе.

Джулія сядзела на камені, скурчыўшыся ў тры пагібелі, з каленямі захінуўшыся скуранкаю. Як і ўчора, яна не азвалася, не ўзняла голаў на яго прыход, і ён няўцямна, адчуваючы вялікі клопат, спыніўся над ёю.

– Баста, Іван, – ціха прамовіла яна, не паднімаючы галавы.

Ён памаўчаў.

– Як гэта, баста? Ану, уставай!

– Нон уставай. Нет уставай.

– Ты што – жартуеш?

– ...

– Ану, падымайся! Яшчэ трошкі і – перавал... А ўніз ногі самі пабягуць.

– ...

– Ну, ты чуеш?

– Фініта. Нон Джулія марш. Нон.

– Разумееш, нельга тут спыняцца. Акалеем. Бач, снег.

Аднак словы яго на яе не дзейнічалі! Ён бачыў, як яна знемагла, і адчуваў бяссілле свае логікі. Але як яшчэ можна было прымусіць яе ісці? Падумаўшы крыху, ён запусціў руку за пазуху, выцяг адтуль абкрышаную рэштку буханкі і, адвярнуўшыся ад ветру, вельмі ашчадна адламаў кавалачак мякіша.

– На вось хлеба. З’еш!

– Хляб?

Яна нібы страпянулася, адразу ўзняла голаў. Іван сунуў у яе рукі кавалачак, і яна, некалькі разоў укусіўшы, з’ела яго.

– Яшчэ хляб?

– Не, болей не дам.

– Малё, малё хляб. Дай хляб! – бы дзіцё, капрызна папрасіла яна.

– На перавале яшчэ дам.

Яна адразу панікла ў змрочным доле і знерухомела.

– Нон переваль.

– Які чорт нон?! – раптам вызверыўся ён, стоячы насупраць. – Ану, уставай. Ты што ўздумала? Замерзнуць? Каму ты гэтым зло зробіш? Немцам? Ці ты хочаш ім услужыць – вярнуцца ў лагер? Ага, яны там чакаюць. Пакажаш, куды Іван пайшоў! – крычаў ён, захлынаючыся ад моцных парываў ветру.

Яна, усё не мяняючы паставы, ускінула галаву.

– Нон лягер.

– Не пойдзеш у лагер? Куды ж тады ты пойдзеш?

Яна змоўчала і зноў панікла, сабралася ўся ў маленькі жывы камячок.

– Замерзнеш жа! Дзівачка! Прападзеш да ранку, – крыху памякчэўшы, сказаў ён.

Яна маўчала.

Вецер усё сыпаў снегам. Снег, праўда, быў рэдкі і дробненькі, але наваколле спакваля ўсё ж пасвятлела, шараватыя плямы скрозь прабівалі чарнату ночы, стала лепей відаць. Цела, аднак, у спакоі пачало хутка астываць і раз за разам здрыгвацца ад сцюжы.

– Ану, уставай! – Іван шкуматнуў яе за скуранку і па-армейску сурова скамандаваў: – Устаць!

Яна, памарудзіўшы, знямогла паднялася, ступіла калодкамі і паціху павалаклася за ім, каб не ўпасці, хапаючыся за камяні і аслабела хістаючыся ад парываў ветру. Іван, насупіўшыся, памалу ішоў да сцежкі. Ужо ён стаў думаць, што ўсё як-небудзь абыдзецца, што яна разыдзецца, што найгорш у такім яе стане збіцца з рытму, хоць бы і прысесці, – тады куды як трудна падняцца на ногі. Яны падышлі да сцяжыны, калі моцны парыў ветру секануў па тварах крупкай, ударыў у грудзі. Абое яны задыхнуліся, а Джулія ўпала.

Ён спачатку памкнуўся быў памагчы ёй устаць, узяў за руку, але яна не ўставала, пачала кашляць, пасля доўга аддыхвалася і ўрэшце, сеўшы ў доле, са спакойнай рашучасцю канчаткова прынятага рашэння аб’явіла:

– Джулія фініта. Аллес. Іван Тріесто. Джулія нон Тріесто. Аллес нон.

– I не падумаю.

Ён адышоўся крыху ўбок і таксама сеў на выступ скалы.

– А яшчэ гаварыла: камуністка, – папракнуў ён. – Панікёр ты.

– Джулія нон панікіор, – зазлавалася дзяўчына. – Джулія партыджано.

Іван прыкмеціў ноткі крыўды ў яе голасе і рашыў выкарыстаць іх. «Можа, гэта разварушыць яе», – падумаў хлопец.

– Панікёрша, а то хто ж ты?

– Джулія нон панікіор. Сілы малё.

– А ты цераз сілу, – пацішэўшы, сказаў ён. – Знаеш, як аднойчы на фронце было? На Остфронце. Куды ты збіралася. Акружылі нас фрыцы ў хаце. Не выйсці. Б’юць з аўтаматаў у вокны. Крычаць: «Рус, здавайся!» Ну, наш узводны Пятрэнка таксама аллес кажа. Капут. А ротны Белашэеў як закрычыць: «Стой! Не для таго нам зброю далі. Ану, – кажа, – прарывацца». Выскачылі мы ўсе разам у дзверы, як ударым з аўтаматаў і пад плот, за вуглы. I што ты думаеш: вырваліся. Пяцёра, праўда, палеглі. Белашэеў таксама. Але ж чацвёра ўратаваліся.

Джулія маўчала.

– Дык што, пайшлі?

– ...

– Ну, якога чорта маўчыш? – здрыгануўшыся ад сцюжы, пачаў ён траціць цярпенне. – Замерзнеш жа, дурніца. Варта было ўцякаць, столькі лезці пад самае неба?

Яна маўчала.

– За што тады хлопцы сябе ўзарвалі? Той бомбай. Каб хоць хто-небудзь уцалеў. А ты ўжо і скісла.

Ён скочыў, адчуваючы, што да нутра прамёрз на гэтым ветры, захадзіў па сцяжыне – на шэрым посыпе адбіліся цьмяныя сляды яго босых ног. Добра яшчэ, што не было марозу, але пад ранак, мусіць, падмарозіць, і тады яны тут прападуць. Іван рашуча спыніўся ля Джуліі.

– Дык не пойдзеш?

– Но, Іван.

– Ну, як хочаш. Прападай, – са знарочыстай абыякавасцю сказаў ён і змрочна патрабаваў: – Давай клумпес!

Яна слаба заварушылася, выняла з калодак ступні і ад сцюжы паставіла іх адна на адну. Ён адразу насунуў на свае акалелыя ногі гэты несамавіты абутак, у якім яшчэ таілася яе цяпло.

– Скідай і тужурку.

Яна паслухмяна зняла і скуранку. Ён рашуча напяў яе на свае шыракаватыя плечы, захінуўся. Адразу стала цяплей.

Робячы гэта, ён адчуваў, што між імі назаўжды нешта рушыцца, што нельга так ставіцца да жанчыны, але ў яго цяпер прарвалася злосць да яе. Здавалася, што яна ў чымсьці ашукала і яго, заўпарцілася, і таму Івану міжвольна карцела пакараць яе.

Лаючыся ў думках, ён, аднак, адчуў штосьці ніякаватае ў душы. Расставанне гэта нечакана аказалася да недарэчнасці няёмкім, і ён стараўся заглушыць гэтую няёмкасць злосцю.

Толькі ўсё ж дзяўчына ў чымсь мела рацыю, у чымсь быў несправядлівы ён. Хлопец адчуваў гэта, і злосці ў яго не хапала.

Надзеўшы тужурку, ён ступіў два крокі па сцежцы і павярнуўся да яе.

– Што ж, бывай!

– Чао! – сцяўшыся на камені, ціха і зусім абыякава сказала яна.

Гэтае слова адразу нагадала яму іх сустрэчу ўчора і той радасны бляск у яе такіх зіхатлівых вачах, які здзівіў яго ў лесе, і яе безразважную смеласць пад носам у немцаў, і поўныя ўлюбёнасці і нейкай шматзначнасці позіркі ў дарозе. Івану стала зусім нядобра. Гэта былі не жаль і не спачуванне – нешта зашчымела ў ягоным сумленні, хоць ён ні ў чым не мог папракнуць сябе, як нічым не быў абавязаны ёй. «Не, не, – сказаў ён сабе, глушачы тую шчымлівасць. – Так лепей». Аднаму зручней, гэта ён ведаў з самага пачатку. Яму не трэба было звязвацца з ёю. Цяпер у яго калодкі на нагах, на плячах тужурка, крыху хлеба – на аднаго гэтага хопіць даўжэй, ён будзе яго эканоміць – па сто грамаў на дзень. Адзін ён выцерпіць усё, пяройдзе хрыбет, ён не можа не перайсці, калі б нават давялося лезці па пояс у снезе, – яму трэба ў Трыест, да партызан. Навошта было звязвацца з гэтай дзеўкай? Хто яна яму?

Ён таропка ўзбег на круцізну, быццам уцякаючы ад думак аб ёй, пакінутай унізе, але ўсё не могучы адолець прыкрасці сваіх адчуванняў. Нешта падспуднае ў душы жыло іншаю логікай, ногі неўзабаве замарудзілі крок, ён азірнуўся, раз, другі – яна ледзьве прыкметнаю плямкай усё сядзела на схіле, і яе пакорлівая бездапаможнасць перад яўнай пагібеллю раптам зрушыла, скрышыла ўвесь нядаўні ягоны намер. Іван, сам таго не жадаючы, павярнуўся і, заляскаўшы па сцяжыне калодкамі, пабег уніз.

Джулія, учуўшы яго паблізу, здрыганулася і спалохана ўскінула галаву.

– Іван?

– Я.

Яна, відаць, нешта западозрыла і насцярожылася.

– Почему?..

Ён, не адказваючы, скінуў тужурку.

– На. Надзявай.

Усё не ўстаючы з месца, яна хуценька захінулася ў тужурку; ён, намагаючы, прытрымліваў рукавы і, калі яна ўправілася, тузануў дзяўчыну за локаць.

– Ідзі сюды.

Яна ўпарта адхіснулася, вырвала локаць і застыла, як бы баючыся яго рук. З-пад броваў строга зірнула ў яго твар.

– Ідзі сюды.

– Но.

– Ат, нон мне яшчэ...

Ён адным рыўком упоперак абхапіў яе дрыготкае тоненькае цела, ускінуў на плячо. Яна рванулася, затрапятала, як рыба, забілася ў яго руках, нешта загаманіла, а ён, не зважаючы на гэта, закінуў яе за спіну і ўхапіў пад калені рукамі. Яна раптам перастала біцца, заціхла, каб не ўпасці, таропка ашчаперыла яго за шыю, і ён адчуў на шчацэ яе цёплае дыханне і пякучую кроплю, якая заказытала-пакацілася па шыі за ягоны каўнер.

– Ну, ладна. Ладна... Як-небудзь...

Яна, сцішыўшыся, прыціснулася да яго шырокай спіны і задыхнулася. Ён і сам задыхнуўся, але не ад ветру – ад нечага незнаёмага, уладарна-лагоднага, вялікага і надзіва бездапаможнага адначасна, што захліснула яго. Нядаўні намер пакінуць яе цяпер аж спалохаў яго, і хлопец, цяжка загрукаўшы калодкамі, рушыў угору.

 

13

 

Снег ужо густа абсыпаў голы камяністы дол. Калодкі слізгалі па сцежцы; і на крутых мясцінах, каб не зваліцца з ношаю, Іван стараўся ісці бокам, як лыжнік, падымаючыся на схіл. Спачатку ён не адчуваў цяжару яе маленькага цела, трохі падтрымліваў яго пад калені і, угнуўшыся, з незразумелым запалам лез угору. Але неўзабаве ён адчуў, што трэба спыніцца, выпрастацца, уздыхнуць, – грудзям вельмі не хапала паветра. Праўда, ён угрэўся. Разгарачанаму целу ніпачым стаў зусім азвярэлы вышынны вецер, унутры таксама ўсё гарэла, гаркота ад стомы раздзірала лёгкія.

Мусіць, перавал быў ужо блізка, бо пад’ём патроху выраўноўваўся. Сцяжына лезла ўжо без крывуляк па голым, дужа заснежаным скалістым узлобку, справа высілася нешта стракатае – пэўна, шэрая грамада той, меншай вышыні. Значыць, яны дабіраліся да седлавіны. Вецер, аднак, аж шалеў ад лютасці, навокал, бы ў нябачнай гіганцкай трубе, гуло, стагнала, звінела, хоць звінела, магчыма, у вушах. Мароз, напэўна, тут памацнеў, ад сцюжы болей за ўсё дапякала рукам і каленям.

Добра яшчэ, што не было макрэдзі, крупчасты снег не асядаў на вопратцы; вецер балюча сек ім па тварах і з вялізнаю хуткасцю нёсся далей. Горы гулі і стагаалі.

Трэба было адпачыць, але Іван адчуваў, што калі ўпадзе ў снег, то, напэўна, болей ужо не ўстане. I ён валок Джулію так гадзіну ці болей, маленькімі крокамі патроху ўзнімаючыся па пятлястай сцяжыне. Джулія ўвесь час моўчкі тулілася да яго, палыды яе на ягоных грудзях часам уздрыгвалі – ён добра адчуваў гэтыя рукі таксама, як і ўсё яе цела, ягоную цеплыню на спіне. I, дзіўная рэч, не зважаючы на стому, на нядаўнюю сварку і сваю злосць, яму было добра. Каб толькі болей сілы, ён згодны быў бы несці яе так, прытуленую і пакорную, далёка-далёка.

Калі ўжо сталі падкошвацца ногі і хлопец спалохаўся, што ўпадзе, побач з снегавой мітуслівай шэрані выплыў нейкі чорны скальны абломак. Іван адразу збочыў са сцежкі і, коўзаючыся калодкамі на камянях, скіраваў да яго. Джулія маўчала, цесна тулілася шчакой да яго шыі. Ля каменя Іван павярнуўся і прысланіў да яго дзяўчыну. Рукі яе пад яго падбародкам разняліся, плечы адчулі сябе вальней, і толькі тады ён зразумеў, якая яна ўсё ж цяжкая.

– Ну, як ты? Замерзла?

– Но, но.

– А ногі?

– Да, – ціха сказала яна. – Нёгі да.

Прытым яна выглядала неяк надзвычай для свайго характару прыціхлай, нібы вінаватай перад ім у чымсьці. Ён адчуваў гэта, і яму хацелася нейкай дабратою, ласкаю супакоіць яе. Толькі вось лагоднасць дужа не ішла з ягонай душы, бы засохла там, і знешне ў адносінах да дзяўчыны ён па-ранейшаму быў дужа стрыманы.

Не паварочваючыся да яе тварам, ён намацаў рукамі яе ногі – яны былі дужа азызлыя, нібы падпухлыя, і дужа сцюдзёныя, сцюдзянейшыя за яго пальцы. Ад ягонага дотыку яна ціха войкнула і тузанула іх да сябе.

– Э, так нельга, давай сюды.

Яна, відаць, не зразумела, а ён крыху зручней пасадзіў яе на скале і сабраў з долу прыгаршчы снежнай крупкі.

– Ану, давай патрэм...

– Но, но!

– Давай, чаго там «но», – нязлосна, але настойліва сказаў ён, згроб адну нагу, зашчаміў яе між сваіх калень, як гэта робяць кавалі, падкоўваючы коней, і стаў церці снегам.

Джулія завойкала, заенчыла, тузанулася, – ён засмяяўся.

– Ну, што ты? Шчыкотна?

– Болна. Болна.

– Пацярпі трошкі. Я ціха.

Стараючыся як мага ашчадней, ён трохі адцёр адну яе маленькую, нібы дзіцячую, ступню, потым узяўся за другую. Спярша дзяўчына стагнала, войкала, але ўрэшце прыціхла.

– Ну як, цёпла? – запытаў ён, выпростваючыся.

– Тепло, тепло. Спасібо.

– На здароўе.

Яна ўхутала ногі поламі скуранкі, а ён, на хвіліну прысланіўшыся спіною да настылага каменя, утаймаваў крыху дыханне. Але ў спакоі адразу стала холадна, вецер лёгка пранізваў яго тоненькую куртку, якая зусім не трымала цяпла.

– Хлеба хочаш? – запытаў ён, успомніўшы іх ранейшую размову ўнізе.

– Но, – адразу ж адказала яна. – Джулія но хляб. Іван эссен хляб.

– Так? Тады паберажом. Спатрэбіцца, – сказаў Іван.

Адчуваючы, што мерзне, ён з вялікім намаганнем прымусіў сябе ўстаць і падставіў спіну дзяўчыне.

– Ну, бярыся.

Яна моўчкі, але з гатоўнасцю абхапіла яго за шыю, прытулілася, і яму адразу стала цяплей.

– Іван, – ціха праз вецер сказала яна, дыхнуўшы цяплом у ягонае вуха. – Ті вундэршон*!

* Цудоўны. (ням.)

– Які там вундэршон!

Аднак яна, відаць, трохі асвойталася ў яго на спіне, вярнула сваю настойлівасць, асмялела, адчуўшы яго добрасць да сябе, і пытала:

– Руссо аллес, аллес вундэршон? Да?

– Да, да, – згаджаўся ён, бо размаўляць аб сабе не прывык, да таго ж сцежка, здавалася, вось-вось гатова выраўняцца, ішлі апошнія метры пад’ёму, і ён хацеў адолець іх як мага хутчэй.

– Правда, Іван хотель пугат Джулія? Да? Іван но бросат?

Ён ніякавата ўсміхнуўся ў цемры і з упэўненасцю, у якую гатовы быў сам паверыць, сказаў:

– Ну, ведама ж...

– Тяжело, да?

– Не, што ты! Як парушынка.

– Что ето – парюшынка?

– Ну, пушок. Такая маленькая, маленькая пушынка.

– Ето малё, малё?

– Ну.

Ён ішоў па сцяжыне, якая добра значылася сярод прысыпанай снегам шэрасці. Ягоную шыю невымоўна лагодна казытала ззаду яе цеплаватае дыханне. Гнуткія тоненькія пальцы яе раптам пагладзілі яго па грудзях, і ён аж здрыгануўся ад гэтай нечаканай пяшчоты.

– Ты научіть меня говоріть свой язік?

– Беларускі?

– Я.

Ён засмяяўся: такім незвычайным тут здалося яму гэтае пытанне.

– Абавязкова, – сказаў ён жартоўна. – Вось прыйдзем у Трыест і пачнём...

Гэтая жартоўная думка раптам узняла ў ім цэлы рой незвычайных, радасных адчуванняў. Няўжо і сапраўды ім пашанцуе дабрацца ў Трыест, да партызан? Калі б гэта здарылася, яны б не рассталіся – яны пайшлі б у адзін атрад, яна стала б для яго роднаю і блізкаю. Як гэта важна на чужыне – родны, свой чалавек побач. Ён толькі цяпер стаў адчуваць яе ласкавую прыхільнасць да яго, і яна не здалася яму нежаданай або залішняй. Ён адчуў, як знябыўся за вайну ў адзіноце, – салдацкае таварыства было ўсё ж з інакшае катэгорыі адносін. Між імі нарадзілася нешта сястрынскае, нават мацярынскае, тут не трэба было ні слоў, ні ўчынкаў – адно толькі пачуццё блізкай суладнасці напаўняла яго шчаслівасцю.

Яны ўвайшлі ў седлавіну. Схілы вяршынь ужо высіліся па абодва бакі, сцежка трохі паднялася яшчэ і скіравалася ўніз. У шэрай начной цемені, мільгаючы, сыпаў рэдкі дробненькі сняжок.

– Пераваль? – страпянулася на спіне Джулія.

– Перавал, ага.

– О мадонна!

– Ну, а ты казала: капут. Бач, дайшлі.

Ён спыніўся, нагнуўся, каб паддаць яе вышэй, але яна рванулася з яго спіны.

– Джулія сам. Граціе, данке, спасібо...

– Куды ты босая? Сядзі!

– Но сіді. Іван усталь.

– Ладна. З гары лёгка.

Ён не пусціў яе ногі, і яна зноў ашчаперыла яго шыю, мацней прыпала шчакой да яго няголенай, шорсткай сківіцы і пальцамі памацала такі ж шорсткі падбародак,

– О, річчо! Еж! Колуча.

– У Трыесце паголімся.

– Тріесте... Тріесте... Партіджяно Тріесте... Іван, Джулія тэдэскі тр-р-р-р! Фашісто сволоч! – казала яна, і ён з прыцьмелаю ўсмешкай слухаў, старанна выбіраючы дарогу.

Аднак ісці ўніз было ненамнога лягчэй, чым угору. Калодкі часта слізгалі, ад пастаяннага напружання хутка пачалі ныць калені; грудзям, праўда, стала вальней. Ногі самі неслі ўніз, і хаду трэба было замаруджваць, на гэта ішло нямала сілы. I Іван рашыў не стрымлівацца. Дзе хуткім крокам, а дзе і подбегам ён шпарка сігаў па сцяжыне, сям-там прыпыняючыся, і Джулія на яго спіне аж палохалася.

– Ой-ой, Іван!

– Нічога. Трымайся.

– Ой! Ой!!

Вецер тут, аднак, чамусьці стаў меншы, угары і навокал быццам пацішэла, ад таго, напэўна, здалося, што і пацяплела. Куды вяла сцежка і што іх чакала наперадзе, убачыць, аднак, было нельга.

Праз нейкі час вецер яшчэ пацішэў, знікла мільганне сняжынак, дол, наколькі быў бачны, скрозь стракацеў, зацярушаны снегам. Сцежка кідалася то ўправа, то ўлева, самыя крутыя былі ў яе павароты, адхон стаў куды меней круты, чымсьці па той бок, на пад’ёме. Іван ужо мерна і спорна ішоў, стараючыся ад стомы толькі не збіцца са сцежкі. Джулія штосьці прыціхла. Ён паспрабаваў загаварыць з ёю, але яна не адказала, і ён здагадаўся: спіць.

Неўпрыцям задрамаўшы ў яго на спіне, яна мерна пасапвала ніжэй вуха, рукі яе далікатна і чуйна ляжалі на ягоных плячах; скуранка на ёй, мусіць, расхінулася, і спіною адчуў ён мяккае цяпло яе маленькіх грудзей. Як на злосць, у ягоную калодку недзе трапіў каменьчык. Хлопец, не згінаючыся, усяляк круціў нагою, каб як не наступаць на яго або вытрасці, але каменьчык упарта не хацеў выкідацца з калодкі. Гэта было амаль што пакутна, і ўсё ж Іван не стаў будзіць яе – пакрочыў марудней і так доўга-доўга ішоў усё ўніз. Здаецца, ён нават і сам прыдрамнуў на хаду, бо раптам перастаў усведамляць, дзе яны і хто ў яго за спіной. Але гэта, мусіць, ад стомы і толькі на кароценькае імгненне. Тут жа ён пачуў яе ўздых і супакоіўся. Наўкола ляжала шэрая ноч з плямамі падталага снегу ў доле. Аднекуль знізу патыхнула сырасцю, часам у нос шыбала смаляным водарам хвойных лясоў, побач недзе шумеў вадапад – напэўна, там была цясніна.

Пад ранак неўпрыцям для сябе ён спусціўся ў зону лугоў.

Снежныя плямы ў доле неяк незаўважна зніклі, было такое ўражанне, быццам расталі. Сціх вецер, пацяплела, толькі прыбыло сырасці ў паветры; наўкола па камянях памалу паўзло кудысь змрочнае клочча туману. Яшчэ ніжэй запахла травой, кветкамі, сырою прэласцю лесу, і ён зразумеў, што самае цяжкае засталося ззаду. Сцежка ўжо недзе згубілася, але ісці было добра, і ён не зважаў на яе. Іван прайшоў яшчэ трохі і, калі адчуў пад нагамі сакаўную мякаць травы, падумаў, што зараз упадзе. Высокія, да калень, сцябліны тугімі бутонамі згорнутых кветак білі па ягоных галёнках. Джулія ўсё спала. Тады ён ціхенька, каб не пабудзіць дзяўчыны, укленчыў і асцярожна апусціўся на бок з ёй побач.

Яна не прачнулася.

 

14

 

Наперакор звычаю, у гэты раз яму не прысніўся яго заўсёдны, пакутны сон; некалькі гадзін ён спаў непрабудна і глыбока, потым ліпкая мешаніна трызнення і рэальнасці пачала блытацца, кружыць у яго цьмянай, соннай свядомасці.

У дваццаць пяць год жыцця юнацтва ўжо на адлёце, шмат чаго з неадмысловых чалавечых радасцей ужо не вярнуць і не перажыць, калі не давялося перажыць іх у маладыя гады, і ў гэтым сэнсе людзі, мабыць, варты крышку большага, чым тое, што ўгатаваў лёс Івану Цярэшку. Праўда, хлопец рэдка калі думаў аб тым, – дома даводзілася дбаць, каб як-небудзь пражыць, накарміць сям’ю, хутчэй стаць на ногі. Пазней, у вайну, куды большы клопат займаў яго галаву. Кахання ў яго яшчэ не было, ён не ведаў жанчыны, і ўсё ж, як гэта часта здараецца ў маладосці, да пэўных узаемаадносін хлопцаў і дзяўчат ставіўся ўжо скептычна.

Можа, у тым, аднак, ён і не быў вінаваты. Недахоп уласнага вопыту часам кампенсуецца прыкладам знаёмых ці блізкіх. Здарылася так, што перад Іванавымі вачыма прамільгнуў вельмі яскравы выпадак з жыцця, які надоўга засмуціў яго нявер’ем і скепсісам.

Гады два назад на Паўночна-Заходнім фронце ён быў паранены адначасна са сваім ротным, старшым лейтэнантам Глебавым, у якога паўгода служыў ардынарцам.

Параніла іх у лесе, калі ротны ішоў на нараду да камандзіра палка. Цярэшка з рассечаным плячом вывалак яго з-пад агню, перавязаў, потым па снезе данёс да дарогі, на якой іх і падабралі абознікі. Іван з сваёй лёгкай ранай увогуле адчуваў сябе ніштавата, а вось з ротным справа была куды горш. Старшы лейтэнант збялеў як палатно, амаль не размаўляў, толькі папрасіў, каб адправілі адразу ў шпіталь, мінаючы дывізійны санбат. Ардынарац разумеў турботы камандзіра – Глебаў не хацеў палохаць Анютку, тоненькую, з шырока раскрытымі вачыма дзяўчынку, нядаўняга санінструктара іхняе роты, а цяпер медсястру ў санбаце. Усе ведалі, што ў яе з Глебавым не якая там гульня ў заляцанкі, а самае сапраўднае каханне – менавіта таму ротны дамогся яе пераводу ў санбат, дзе было ўсё ж зацішней, чым на перадавой. Аўтаматчыкі роты таксама па-свойму любілі дзяўчыну – паважаючы камандзіра, мусілі паважаць і яго каханне. Што датычыць ардынарца Цярэшкі, дык ён, бліжэй за іншых быўшы ля ротнага, дужа прывязаўся да гэтай дзяўчыны.

Так сталася, аднак, што абмінуць санбат было нельга. Дзе ўжо там везці параненага ў шпіталь, калі Іван спалохаўся нават, ці паспеюць яны дабрацца хоць да санбата. Коні шпарка неслі па наезджанай саннай дарозе, а Іван усё пакрыкваў на ездавога – старога нехлямяжага байца ў дзвюх ватоўках пад шынялём, каб той паганяў хутчэй. Глебаў пачаў забывацца, трызніць, лаяцца, ардынарца ён не пазнаваў ужо, як не пазнаў і Анюткі, якая з крыкам упала на сані, калі яны пад’ехалі ўрэшце да вялізнай брызентавай палаткі санбата.

Гэта быў дужа пакутны вечар. Іван на ўсё жыццё запомніў кожную драбніцу яго – зорнае марознае неба, змрочныя елкі, неадлучны пах дыму, ціхую гаману людзей у палаце і болей за ўсё – вялікае, няўцешнае гора Анюткі. Яе не пусцілі ў аперацыйную, але ў накінутым на плечы кажушку яна ўсё імкнулася туды і ўсё спыняла сясцёр, што выходзілі з маленькай палаткі. Іван таксама сядзеў на пяньку ля ўвахода і, забыўшыся на боль свае раны, лавіў кожную вестку аб стане ротнага. А весткі былі кепскія – аперыравалі старшага лейтэнанта доўга і цяжка, пералівалі кроў, бегалі па фізіялагічны раствор. Адчувалася ўстрывожанасць, мітусня, напружанне, медыкі стараліся – і для Анюткі, вядома, і таму, што начальства ў дывізіі ведала Глебава і цаніла яго. Іван чакаў доўга. Анютку не суцяшаў, самому было болей чым кепска, толькі курыў, пакуль не апусцеў партабак.

Глебаў памёр у час аперацыі, яму нават не паспелі накласці швы.

Ад нечаканага гора нешта спарахнела ў Іванавай душы. Хлопец сам ажно дзівіўся, што гэтак трудна абышлася яму тая страта – лічыў, што яго псіхіка за вайну даволі прывыкла да смерцяў. Мусіць, яго перажыванні множыліся чужым горам. Анютка некалькі дзён не дзяжурыла, не паказвалася да параненых, і ніхто яе не асуджаў за гэта, – наадварот, хлопцы на ложках-насілках у вялізнай, як пуня, палатцы з павагаю казалі аб такой дзявочай прывязанасці. Іван толькі маўчаў. У гэты час у яго, пэўна, і нарадзіліся своеасаблівыя адносіны да яе. Не, гэта было зусім не каханне; тое, што ён адчуваў, хутчэй нагадвала ўдзячнасць дзяўчыне за яе беражлівасць да свежай памяці ротнага.

За доўгія зімовыя вечары, праведзеныя ў санбаце, ён бадай зусім адвык жартаваць, усміхацца, толькі бясконца смактаў цыгарку з маршанкай ды глядзеў на агністае мільганне ў печы, змайстраванай з жалезнае бочкі, якую да чырвані напальваў санітар па прозвішчу Ахметшын. З Анюткай пасля таго вечара яны амаль што не размаўлялі, і без таго вельмі добра адчуваючы душэўны стан адно аднаго. Пачаўшы пасля нядаўняга перапынку дзяжурыць, яна зусім страціла сваю заўсёдную жвавасць і стала не па гадах задуменнай і строгай. Агульнае гора зрадніла іх ціхай маўклівасцю. Іван у чым-колечы памагаў ёй у час яе дзяжурстваў. Хлопцы разумелі ўсё, і, хоць ён ніколі ні з кім не сварыўся, ніхто з іх не распускаў пры ім языка наконт гэтай дзяўчыны.

Калі трохі падгаілася рана, ён падвязаў на грудзях руку і стаў выходзіць з палаткі – разам з Ахметшыным брыў на ўзлесак да зруйнаванае вёскі, дзе быў вялізны нямецкі могільнік, пакінуты фашыстамі ў час мінулагодняга адступлення. Сотні, а можа, тысячы крыжоў выстраіліся гектарах на дзесяці, як ні зірні – удоўж, упоперак або наўкос – усё роўненькія, як на парадзе, рады. Хлопцы секлі крыжы і валаклі да палатак. Яны былі з неакоранай падсохлай бярозы і добра гарэлі. Паліць імі печы стала любімым заняткам Івана: дужа ўжо спакойна было глядзець, як старанна нішчыў агонь апошні гэты напамінак аб чорнай навалачы, што прыдбала сабе такі бясслаўны канец на рускай зямлі. Звычайна позна ўвечары, управіўшыся са справамі, Анютка садзілася да яго на насілкі і таксама пазірала ў агонь; хто-небудзь у гэты час апавядаў у цёмным кутку пра страшнае з вайны або пра вясёлае з даваеннага мінулага. I так было добра.

Але час ішоў, параненыя ў санбаце мяняліся: адных эвакуіравалі далей у тыл, другія, падгаіўшы раны, выпісваліся на перадавую, і аднойчы невялікая на першы погляд перамена ўраз парушыла ўвесь лагодны спакой гэтай палаткі.

Неяк пасля абеду, калі Іван узяўся збіраць брудныя кацялкі і міскі, каб аднесці іх на кухню, ля ўвахода ў палатку пачуліся галасы, тупат і двое санітараў увалаклі насілкі з параненым. На насілках пад кажушком ляжаў маладжавы яшчэ камандзір з дзвюма шпаламі ў чорных пятліцах (як даведаліся потым, быў ён з танкавай часці, якая падтрымлівала іх дывізію). Маёра пачалі ўладкоўваць у куце, распараджаўся гэтым сам камісар санбата. Іван трохі падзівіўся з такое ўвагі і панёс сабе посуд. Калі ж ён неўзабаве вярнуўся, маёр ужо сядзеў на насілках. Угрэўшыся, ён скінуў з сябе аўчынную камізэльку, і з-пад яе на шырокіх грудзях важна бліснула бадай што паўтузіна ордэнаў. Хлопцы ў палаце прыціхлі і з цікаўнасцю павярнулі галовы ў яго бок.

Лёгка паранены ў абедзве нагі, маёр аказаўся бойкім на язык чалавекам. Ён марна не глядзеў у мокрую столь, як іншыя, а ўсё болей гукаў да суседзяў, хутка перазнаёміўся з байцамі і санітарамі, а да сясцёр адразу паставіўся па-сяброўску проста і весела. Праз дзень ці два да яго зачасцілі дружбакі-саслужыўцы, заходзіла часам начальства. Пры ўсёй відавочнай лёгкасці яго ран неўзабаве, аднак, камандзір папрасіў завесіць яго прасціной. Хлопцы не здзівіліся – усё ж ён быў маёр, і таму зразумелым стала яго жаданне чымсьці аддзяліцца ад байцоў, хоць гэта і не было прынята ў палаце лёгкапараненых. Просьбу маёра ўважылі. У куце паявілася адвешаная старымі просцінамі бакоўка, і з таго часу самае цікавае ў палатцы стала адбывацца там.

Іван пачаў хмурыцца, часам ледзьве падаўляў у сабе, здавалася б, беспрычынную злосць, заўважаючы, як ажывілася, павесялела Анютка, як не-не ды і забяжыць яна па якой-небудзь справе ў тую бакоўку. Маёр таксама прыкмеціў спрытненькую сястру і рознымі адзнакамі ўвагі пачаў вылучаць яе сярод іншых. Аднойчы ўвечары яна даўжэй, чым заўжды, затрымалася там. Маёр нешта ўсё расказваў ёй пра музыку, пра нейкую оперу. Анютка слухала, перапытвала і наогул з празмернай цікаўнасцю аднеслася да яго расказу. Нават спазнілася з дакладам дзяжурнаму і атрымала за тое па тэлефоне вымову.

З таго вечара яна ўжо зусім стала ранейшаю: з бесклапотнаю жвавасцю лётала па праходзе паміж насілак, пачала жартаваць з байцамі і нават заспявала аднойчы «Синенький скромный платочек». Пэўна, яна так бы і не здагадалася аб сваім вераломстве, калі б незнарок не зірнула на Івана. Мусіць, сустрэчны позірк яго праняў яе да сэрца – дзяўчына заікнулася, упусціла з рук качулку бінта і, не падняўшы яе, выбегла з палаткі. Ён, вядома, нічога не сказаў ёй, толькі думаў усё: гэта не так, не можа яна так, ён памыляецца, усё яму здаецца. Чужое каханне балючай ранай несціхана ныла ў ягонай душы, і Іван, як умеў, аберагаў яго, пакутаваў за яго, як, мусіць, не здолеў бы пакутаваць за сваё, якога яшчэ не было.

Але, відаць, ён памыляўся, супакойваючы сябе. Неўзабаве хлопец прыкмеціў, што Анютка не хоча нават сустракацца позіркам з ім і што ёй настойліва карціць зазірнуць за просціны.

Так мінула яшчэ некалькі дзён.

Аднойчы Анютка рабіла маёру ўкол. Быў ранак, яшчэ слаба развіднела, і па той бок занавесак мігцела «кацюша». Чуйны да кожнага руху ў бакоўцы, Іван хваёвым венікам вымятаў земляны праход у палатцы, як раптам згледзеў на просцінах вельмі красамоўныя цені.

Бачна было, Аыютка спалохана рванулася з учэпістых рук маёра, але затаілася і не крыкнула. Іван міжвольна скалануўся, нібы яго працяло токам, потым з невядомаю злосцю вылаяўся, кінуў пад ногі венік і пляснуўся ніцма на свій праседжаны ложак.

Ён ляжаў доўга і не чуў, што рабілася ў палатцы, не ўстаў снедаць, а калі ранішняя мітусня ўлеглася, сабраў сваё адзенне, завязаў рэчмяшок і, ні з кім не развітаўшыся, пайшоў на дарогу.

Апоўдні ён быў ужо ў роце.

Старшына, які праз дзень ездзіў у медсанбат па яго прадатэстат, прывёз адтуль непрыгожую плётку пра загадкавы Цярэшкаў выбрык. Хлопцы трохі пакпілі ды і супакоіліся, а Іван усё моўчкі курыў. Ён думаў, што ніхто не зразумее, што адбываецца ў ягонай душы.

 

15

 

Першым яго адчуваннем са свету рэальнага была цеплыня.

Нават не цеплыня, а спёка, духата, парнасць. У дрымотнай свядомасці мроілася, быццам ён ляжыць на насілках у санбаце ля бочкі-печы, якую так неміласэрна расшураваў Ахметшын. Пякло, праўда, не толькі ногі, а болей галаву і плечы. Хлопец адчуваў на сабе ліпкую макрэдзь поту, вельмі хацелася павярнуцца, чымся засланіцца ад гэтай знясільваючай спёкі, і ўсё ж санлявая знямога агортвала так моцна, што не было магчымасці нават расплюшчыць вочы.

Так ён пакутаваў у дрымоце доўга, і сон тым часам пачаў адступаць, а розум патроху абуджацца і завалодваць стомленым целам. Іван паварушыўся, пацягнуўся, адкінуў руку і нечакана адчуў далонню росную прахалоду травы. Гэта здзівіла яго. Хлопец з намаганнем расплюшчыў вочы, і першае, што ўбачыў, была ярка-чырвоная кветка ля твару. Нахіленая ў бок святла, яна ўлюбёна падстаўляла сонцу свае чатыры шырокія глянцавітыя пялёсткі, на краі аднаго з якіх ірдзела-іскрылася, гатовая вось-вось упасці, чысцюткая, як сляза, кропля. Лёгкі, мусіць, ранішні ветрык ціхенька варушыў доўгую тоненькую сцябліну гэтае кветкі. Недзе далей у стракатай гушчэчы травы доўга гудзеў і раптам прапаў чмель; нізкі басавіты гук яго адразу абарваўся, і тады Іван зразумеў, што стаяла поўная, на ўвесь свет, цішыня. Ад цішыні ён адвык, яна палохала. Не разумеючы, дзе ён, хлопец ірвануўся, сеў, шырока расплюшчваючы са сну балючыя вочы, азірнуўся і прыемна здзівіўся ад нябачанай, амаль казачнай прыгажосці вакол.

Увесь вялізны прасторны сонечны схіл ззяў шырокім, як возера, ярка-пунсовым разлівам альпійскага маку.

Буйныя, лапушыстыя, пэўна, не таптаныя нагой чалавека, узгадаваныя вялікаю шчодрасцю прыроды мільёны кветак пераліваліся ўрачыстаю чырванню, ціха варушыліся на слабым ветрыку і імкнулі далёка ўніз, на ўвесь прасцяг гэтага затуленага гарамі лугу – аж пад самы цёмна-зялёны хваёвы масіў. Іван, аднак, зірнуў далей, наперад, куды трэба было ісці, і ўраз спахмурнеў. Далёка за далінай снегавымі разводамі сінеў усё той жа высачэзны Мядзведжы хрыбет. Мусіць, ён быў куды вышэй за пяройдзены, што дзвюма спарышамі-вышынямі тырчаў ззаду, бо, не зважаючы на высокае ўжо сонца, цень ад яго празрыстаю сінявай смугою накрываў палову нешырокай даліны. Не заслонены цяпер нічым, ён, бадай, як і ўчора, заставаўся далёкім, аграмадназіхоткім і недаступным.

I тут Іван трывожна схамянуўся – толькі цяпер да ягонай свядомасці дайшоў трывожны сэнс цішыні, у голаў ударыў спалох: дзе Джулія? Ён зноў крутнуўся ў доле, зірнуў сюды-туды – наўкола нікога не было. Побач, у вытаптаным сярод маку лаўжы, адзінока ляжала разасланая скуранка. Іван ляпнуў сябе па запазусе – там было пуста, полы курткі няроўна выбіліся са штаноў. Але першая трывога яго тут жа апала – пісталет і абкрышаная трэць буханачкі, пэўна, захінутыя ад сонца рукавом скуранкі, ляжалі ў траве. Тады ён ускочыў на ногі, ліхаманкавым позіркам пачаў аглядаць схіл унізе, тужлівая самота шыбанула ў яго адчуванне – дзе яна? У душы зацьмела вельмі нядобрая здагадка, але ён не мог паверыць у тое. Чаму не мог, ён пэўна не ведаў, ён толькі не хацеў таго – ён хацеў бачыць, чуць, адчуваць яе побач. Адзінота нечакана засмуціла яго горш за якую няўдачу.

Ён схапіў пісталет, хлеб, згроб пад паху скуранку і сігануў у траву. Росныя высокія кветкі казытнулі яго распухлыя, падзёртыя і пазбіваныя ступні; ён зірнуў у дол, успомніўшы пра калодкі, але іх не было. Тады зноў трывога ахапіла яго – няўжо?.. Босы, ён хутка пакрочыў па лузе ўніз, ляскаючы нагамі ў суцэльных суквеццях маку, адышоўся па схіле далёка, затым раптам спыніўся, азірнуўся – ззаду ў густых зараслях кветак адзначыўся яго след. Наўкола ляжала не кранутае жывою істотай чырвонае мора.

Гэта надало пэўную думку. Іван перахапіў пад пахай адзежыну і хуткім крокам вярнуўся да лаўжа.

Сапраўды, у роснай траве прыкметны быў шнурок другога следу – ён бег некуды ўбок, туды, дзе – відаць было адгэтуль – зачынаўся распадак, і Іван таропка рушыў па гэтай слабай адзнацы яе ног. Ступні і штаніны яго хутка замакрэлі ад расы, наўкола скрозь быў чароўны ў сваім сонечным харастве мак. Ад моцнага духмянага паху п’янела галава, як заўжды, вельмі хацелася есці, ад стомы і слабасці крыху мутнела ўваччу. Але гэта былі прывычныя адчуванні. Дужае ад прыроды, загартаванае ў нягодах Іванава цела як-колечы супрацьстаяла ім, ён адчуваў, што сілы ў яго яшчэ былі.

З трывогай у душы, хлопец абабег калючы рададэндравы зараснік, абсыпаны вялікімі, па кулаку, чырвонымі кветкамі, і з невялікага распадка-раўка наперадзе да яго данёсся шум вадаспада. Хутка ён узбег на травяністую выспу, шум гэты стаў зусім блізкі; з чорнага, блішчастага ад макраты каменнага жолаба, разбіваючыся аб скалу, ліўся зіхоткі струмень вады. Навокал у туманным мроіве мітусіліся драбнюткія пырскі, і, пэўна, ад іх убаку на змрочным каменным фоне вісеў у паветры каляровы кавалачак самай сапраўднай вясёлкі. Безуважны, аднак, да гэтай нечаканай шчодрасці гор, Іван падняўся на пагорак вышэй і тады раптам унутрана ахнуў, спыніўся, прыгнуўся долу і замёр. За паўсотню крокаў адгэтуль пад дажджыстым вадзяным россыпам, захінуўшыся аднымі толькі рукамі, спіной да яго стаяла на камяні і мылася Джулія.

Ён адразу пазнаў яе, хоць на дзяўчыне не было ніводнае адзежыны. Распранутая, яна адразу страціла праклятыя адзнакі гефтлінга і адзін на адзін з прыродаю зрабілася зусім інакшаю ў сваёй палахлівай дзявочай сціпласці, поўнай таямніцы і хараства. Дзяўчына, вядома, не бачыла яго і, насцярожана сцяўшыся, цярпліва падстаўляла сваё худзенькае, лёгенькае цела пад густую пырсканіну струменяў, здавалася, гатовая пры першым жа гуку трапянуцца і знікнуць. Па яе зіхоткіх ад пырскаў востранькіх плечуках блукаў каляровы водбліск вясёлкі.

Не ў стане адолець у сабе чагосьці сарамяжліва-радаснага, Іван паціху апусціўся ў траву, лёг на спіну, перавярнуўся, – над ім гэтак жа перавярнулася чысцюткае, без адзінага воблачка неба. Волкая прэласць зямлі хмельнаю брагай ударыла і закружыла голаў. Хлопец выцягся пластом на травяністым прахладным дзірване і ад прадчування чагосьці неўсвядомлена-радаснага ціха, сам сабе засмяяўся.

У закутках яго пачуцця нязгасна тлела трывога, наперадзе быў, напэўна, недаступны хрыбет, ззаду... Вядома, што можна было чакаць ззаду па сваіх слядах з лагера. Але цяпер, у гэтым запаведніку хараства, ля страчанага і знойдзенага ўжо дарагога яму чалавека Івану зрабілася так па-дзіцячы радасна і хораша, як не было, мабыць, ніколі за ўсё яго невялікае жыццё. I ён прагна душой піў гэтую нечаканую харошасць, і не стараючыся нават даўмецца, адкуль яна і што ў ім сталася, – проста ён быў па-чалавечы шчаслівы, і ўсё. Праўда, неўзабаве адчуў ён, што тое ненадоўга, – нешта клапотнае і труднае не пакідала яго і ў гэтай шчаслівасці, нешта трывожыла і гняло, але цяпер Іван прыцяў яго, прыглушыў, бо так было невыказна добра.

Ён болей не выглядваў з маку і ні разу не зірнуў на яе. Сарамлівая далікатнасць перашкодзіла яму зрабіць тое, хоць і вельмі карцела; лежачы ніц і не ведаючы навошта, ён ірваў ля сябе мак і міжвольна складваў галіністыя яго кветкі ў букет.

За гэтым заняткам, поўны свае невыразнае радасці, ён пачуў непадалёк таропкія крокі, ускінуў з травы галаву – пад вадаспадам нікога ўжо не было. Джулія, на хаду апранаючы паласатую куртку, бегла побач і ніжэй, пэўна, туды, дзе пакінула яго. Ён зноў ціхенька ўнутрана засмяяўся, убачыўшы яе нецярплівы, клапотны, скіраваны ўдаль позірк, але не аклікнуў, а, згробшы скуранку, устаў і памалу пайшоў следам.

Пабліскваючы на сонцы мокрымі, смалянымі да чарнаты валасамі, яна хуценька аббегла рададэндран і стала, быццам спатыкнулася, ля іх лаўжа. Нават зводдаль няцяжка было заўважыць яе спалох і збянтэжанасць. Праз секунду яна зірнула ў адзін бок, у другі і падалася па схіле ўніз, але, на бягу азірнуўшыся, стала.

– Іван!!!

Спалох, боль і радасць адначасна азваліся ў гэтым воклічы. Яна пляснула далонямі і птушкаю кінулася яму насустрач. Іван спыніўся. Здалося яму, цэлую вечнасць не бачыў ён гэтых зіхотна-радасных вачэй, далікатна-смуглявага твару, бязладнага россыпу яе кароткіх валасоў-стрыжак. Усё ў ім памкнулася да яе, але ён сцяў гэта ў сабе, невядома навошта – стрымаў. Яна ж, дратуючы калодкамі мак, падскочыла да хлопца, аберуч абхапіла яго за шыю і, павісшы на ёй, заляпіла яму каля вуснаў п’яны, нечаканы, як стрэл, пацалунак.

– Іваніо!

Ён толькі зацяў дыханне, а яна, усё трымаючыся рукамі за шыю, парывіста адкінулася ад яго і засмяялася – шчасліва і бесклапотна, любасна ўглядаючыся ў яго твар, які гарэў яшчэ ад сцюдзёнага апёку яе вуснаў. Затым, усё смеючыся, разамкнула на ім свае пальцы, лёгка адштурхнула яго і села ў траву насупраць, адкінуўшыся на выцягнутыя рукі. Вочы яе ззялі зіхоткім гарэзна-дураслівым смехам, куртка, нядбайна зашпіленая на адзін гузік-палачку, расхінулася, і ў клінку-ямачцы між грудзей бліснуў маленькі сіні эмалевы крыжык. Гэты крыжык нечаканай цікаўнасцю кальнуў яго позірк. Яна перахапіла яго і, крышачку спазніўшыся, схамянулася, захінаючыся і па-ранейшаму ўсё смеючыся вачыма, тварам, вялікім белазубым ротам, кожнаю часцінкай сваёй маладой свежа-сцюдзёнай ад купання істоты.

Ён, аднак, быў зусім іншы: раптам насупіўся, збянтэжыўся, бо за якіх паўхвіліны, стоячы так, адчуў, як нешта ў ім рушыцца, штосьці траціцца, як нейкая нязнаная, новая сіла падпарадкоўвае сабе ягоную волю. У той жа час ён невыразна яшчэ пачаў разумець, што трэба не паддавацца, супраціўляцца, адстаяць сябе. Зноў жа яе такі рашучы бяздумны наскок збянтэжыў яго, падумалася: «Нашто так? Як гэта яна так? Чаму? Што гэта ў яе – радасць, парыў?.. А можа?..»

Хмуры і збянтэжаны, ён, аднак, зрабіў крок да яе. Джулія раптам абарвала смех і ўскочыла насустрач.

– Іван! – пляснула яна ў далоні, убачыўшы кветкі ў яго руках. – Это ест сюрпріз сіньоріна? Да? Да?

Ён і сам толькі цяпер заўважыў у сваёй руцэ пук маку, няўцямна зірнуў на яго і засмяяўся. Яна таксама засмяялася, панюхала кветкі, утапіўшы ў букет увесь свой маленькі зграбны тварык. Затым паклала букет на траву і хутка-хутка пачала рваць ля сябе мак.

– Джулія блягодаріт Іван. Блягодаріт – очен, очен...

– Не трэба, што ты! – ніякавата загаварыў ён.

– Очен, очен блягодаріт надо. Іван спасат сіньоріну. Руссо спасат італьяно. Ето есть інтернаціонале. Братство, – напаўжартоўна гаманіла яна, усё рвучы і рвучы мак. Пасля з цэлым ахапкам яго падбегла да Івана і вываліла ўсё з сваіх рук яму на грудзі.

– Ну што ты! – здзівіўся ён. – Навошта?!

– Надо! Надо! – смешна вымаўляючы рускія словы, угаворвала яна, і ён вымушан быў ашчаперыць разам з ахапкам маку і скуранку з загорнутым у ёй хлебам. Яна, мусіць, навобмацак адчула ў скуранцы буханачку і раптам пасур’ёзнела.

– Хляб?

– Ага, давай паямо, – ажывіўся ад свае няёмкасці Іван, паклаў усё ў дол і сеў сам.

Яна хуценька прысела побач.

 

16

 

– З’есці б усё зараз, – сказаў Іван, трымаючы ў руцэ ўсохлы, з кілаграм вагой кавалак хлеба – абкрышаны па краях,

счарсцвелы, аднак усё яшчэ такі апетытны і жаданы, што

абое, гледзячы на яго, ледзьве ўпраўляліся глытаць сліну.

– Асё, асё, – як рэха, згодна азвалася Джулія, таксама не зводзячы з буханачкі позірку.

Іван у кароценькай нерашучасці зірнуў па-над яе галавой на далёкі заснежаны хрыбет і ўздыхнуў:

– Не. Усё нельга.

– Нелга. Но?

– Но.

Яна зразумела і таксама ўздыхнула, а Іван разаслаў у доле скуранку і паклаў на яе гэтую іх болей чым малую рэштку прыпасу. Трэба было зрабіць немалаважнае – адмераць пароўну дзве пайкі і прытым найменш раскрышыць, бо без нажа разрэзаць не было чым.

I ён старанна разломваў хлеб, раскладваючы кавалачкі на дзве часткі і ўвесь час адчуваючы побач галодную нястрыманасць Джуліі. У душы яго ўсё бруіла новае пачуццё да яе – нешта не то братняе, не то бацькоўскае. Добрае і вялікае, яно поўніла яго спагадаю да яе – такой па-дзіцячы непрызвычаенай да вялікіх нягод вайны і такой бяздумна-рашучай у сваім амаль што падсвядомым, нібы ў птушкі, імкненні да волі.

Хлопец засяроджана дзяліў. Кожная скарыначка, кожная крошка ўзважвалася іх пільнымі позіркамі, і ён знарок паклаў у адну кучку болей – не так хлеба, як скарынак – разам з акрайцам гэта, паводле лагернага разумення, было значна каштоўней, чымсьці аднолькавы па вазе кавалак мякішу. Калі ўсё было раздзелена, рэштку, грамаў на дзвесце, Іван запхаў у кішэню скуранкі.

– Гэта табе, гэта мне, – сказаў ён проста, без традыцыйнага рытуалу дзеляжу, і пасунуў ёй кавалак з акрайкам.

Яна ўскінула чорныя, смаляныя бровы.

– Но. Это Іван, это Джулія, – пераклала яна кавалкі.

Ён зірнуў ёй у твар і з дабратою ў душы заўсміхаўся.

– Не, Джулія, не трэба. Гэта табе.

Іван хуценька ўзяў сваю долю. Джулія падазрона зірнула на яго, паморшчылася і раптам спрытна сунула адну скарыначку ў яго рукі. Ён з скарынкаю зараз жа падаўся да дзяўчыны, але тая, смеючыся, паспешліва адхінулася, ускінула рукі з пайкаю, каб ён не дастаў. Хлопец з гарэзнаю ўпартасцю памкнуўся болей, яна выгнулася, дакранулася да яго бока грудзямі і, каб утрымацца, схапілася за яго плячо. Смех яе раптам абарваўся. Нечаканая блізасць гэта незразумелай няёмкасцю казытнула яго, – прыцяўшы ў сабе новае, неўсвядомленае яшчэ жаданне, ён адразу адхіснуўся ад яе і сеў на бок скуранкі. Яна ж гарэзна, нібы дзяўчынка, усмешыста зыркаючы на яго з-пад брывоў, прыкусіла губу і паправіла на грудзях куртку.

– Бяры, еш. Твая ж гэта, – сказаў ён, пасоўваючы на пале скарынку.

– Но.

З дабрадушнаю лёгкасцю ў настроі, пабліскваючы сваімі бялюткімі зубамі, яна ўзялася грызці свой акраец.

– Бяры, кажу.

– Но.

– Бяры.

– Но, – упарцілася яна, смеючыся аднымі вачыма.

– Няўступака. Ну, як хочаш... – сказаў Іван і ўкусіў ад свае пайкі.

Яна неўзабаве з’ела ўсё, – вядома, зусім не наелася і тайком пазірала на адтапыраную кішэню курткі. Іван нетаропка, з расцягненай асалодай жаваў, прыкмячаў усе яе позіркі і спакваля пачаў думаць, ці не з’есці ўсё. Што там за наедак з гэтых грамаў другім разам, цяпер жа яно было б куды як добра. Але намаганнем волі ён усё ж адагнаў гэтыя думкі, бо занадта ведаў цану нават і такому мізэрнаму кавалачку, як гэты.

– Яшчэ хочаш? – запытаў ён, урэшце даеўшы і сам.

Яна з падкрэсленай рашучасцю, нібы баючыся перадумаць, пакруціла галавой:

– Но! Но!

– А гэта? – кіўнуў ён на скарыначку, што ўсё ляжала на сярэдзіне скуранкі.

– Джулія нон.

– Тады давай так: напалам.

– Вас іст дас – напалам?

Дзяўчына запытальна зморшчыла носік. Сонца свяціла ў яе твар, і яна ўвесь час міжвольна грымаснічала, нібы дражніла Івана.

– Ну, трошкі Івану, трошкі Джуліі.

Ён разламаў скарыначку і адну частку даў ёй – яна з нерашучасцю ўзяла і, адкусіўшы маленькі кавалачак з кончыка, пасмактала.

– Карашо. Гефтлінген чакалято.

– Немцы, яны вымусяць: і хлеб шакаладам здасца.

– Джулія бежаль Наполі – кушаль чакалято. Хляб міль малё – чакалято много, – сказала яна, усё жмурачы цёмныя, як ноч, вочы.

Іван не зразумеў.

– Бегла ў Неапаль?

– Сі. Рома бежаль. Батіка бежаль.

– Ад бацькі? Чаму?

– А, уна... Една історій, – неахвотна адазвалася яна, яшчэ адкусіла маленькі кавалачак і пасмактала яго. Пасля доўгім позіркам агледзела скарыначку– Батіка хотель плёхой маріто. Рускі ето муж.

«Муж! Яна была замужам!» – гэтая вестка нечаканаю паныласцю ўдарыла ў яго свядомасць, і дзяўчына невядома чаму раптам стала непрыемнай і нежаданай. Яна, мабыць, адчула тое, рухавымі вачыма наўкос зыркнула ў яго раптоўна апанураны твар і ўсміхнулася.

– Нон маріто. Сіньор Дзангаріні не біль муж. Джулія не хатель сіньор Дзангаріні.

Усё яшчэ панылы, Іван запытаў:

– А чаму ты не хацела?

– О, то біль ун сегрето.

– Які сакрэт?

Яна, кідаючы гарэзныя, са смяшынкамі, позіркі то па баках, то скоса – на яго, смактала скарыначку, а ён сядзеў, утаропіўшыся ў дол, і драў з карэннем клочча травы.

– О, сегрето! Маленько сегрето. Джулія любіль, любіль... как ето русско?.. Уно джовіното Маріо. Парень Маріо.

– Во як! – сказаў ён і кінуў убок траву; вецер адразу растрос у паветры травінкі. Хлопец павярнуўся ўбок – цяпер ён чамусьці не хацеў пазіраць на яе, ён толькі панура слухаў.

А яна, нібы не адчуваючы гэтай яго перамены, казала:

– Карашо біль парень. Джулія браль пістоле, бежаль Маріо Наполі. Наполі гуэрра, война. Італьяно шіссен дойч. Джулія шіссен. – Яна ўздыхнула. – Партіджяно італьяно біль малё, дойч мнёго. Мнёго італьяно убіваль. Мнёго концлягер. Джулія концлягер. Очен плёхо концлягер!

– Што, супраць немцаў ваявалі? – з невясёлай зацікаўленасцю здагадаўся Іван.

– Сі. Так.

– Во! – стрымана здзівіўся ён і запытаў: – А дзе ж твой Марыо?

Яна адказала не адразу, падабраўшы да грудзей калені, ашчаперыла цыбатыя свае галёнкі і, паклаўшы на іх падбародак, паглядзела ўдалячынь.

– Маріо фу уччізо.

– Забілі?

– Сі.

Абое памаўчалі. Івану чамусь разам палягчэла, нібы мінула якая непрыемнасць. Ён зірнуў на яе – яна з сур’ёзнасцю вытрымала гэты позірк, трошкі засмучаныя ўглыбіні яе вочы пад яго поглядам сталі ўвачавідкі цяплець, кароценькі сум растаяў, і яна засмяялася.

– Почему Іван смотрі, смотрі?

– Так.

– Что ест так?

– Так ёсць так. Пайшлі ў Трыест.

– О, Тріесте! – лёгенька падхапілася яна з травы.

Ён таксама ўстаў, з нечаканаю лёгкасцю ў настроі размашыста перакінуў цераз плячо скуранку. Па макавым полі яны пайшлі ўніз.

Сонца тым часам прыпякала ўсё болей. Цень ад Мядзведжага хрыбта патроху вузеў у даліне, спякотная попельная смуга мроілася на далёкім падножжы гары, ахутвала лясныя схілы. Толькі снегавыя хрыбціны ўгары ўпэўнена ззялі, выставіўшы, як напаказ, кожную бляклую пляму на сваіх стракатых баках.

– Тріесте карашо! Тріесте партіджяно! Тріесте море! – ажыўлена гаманіла Джулія і, пэўна ад прыліву ўзнёсласці, заспявала:

 

                      Мі пар ді удіре анкора,

                      Ля воче туа, ім медзо ай фьорі*.

* Мне здаецца, што я яшчэ чую

  Твой голас між кветак. (іт.)

 

Гулліва косячы на яго свае жучкі-вочы, яна нягучна, але вельмі рытмічна выводзіла незнаёмыя і ад таго яшчэ болей напеўныя словы. Ён не ведаў, што гэта была за песня, мілагучныя яе пералівы кружылі, вагаліся, нешта падобнае на мернае хваляванне мора было ў яе рытме, нешта ласкавае і добрае размерана імкнула з душы.

 

                      Пэр нон софріре,

                      Пэр нон моріре

                      Іо ті пенсо, э ті амо...*

* Каб не пакутаваць, каб не памерці,

  Я думаю пра цябе і цябе люблю... (іт.)

 

Хлопец, зацяўшы дыханне, слухаў гэты мілагучны адгалосак другога, невядомага свету, ды раптам дзяўчына абарвала свой спеў і падалася да яго.

– Іван! Учіть Джулія «Катуша»!

– «Кацюшу»?

– Сі. «Катушу».

 

                      Ра-а-сцеталі явіні і груші...

                      По-о-опілі туані надэкой... –

 

праспявала яна, адкінуўшы галаву, і ён засмяяўся: так гэта было няправільна і па-дзіцячы няўмела, хоць матыў у яе атрымаўся няблага.

Яна пачала старанна, бы школьніца, спяваць «Кацюшу», не зусім у лад вымаўляючы словы, і ад таго яму было смешна і хораша з ёю, нібы з вясёлым, прыгожым, паслухмяным дзіцем. Ён ішоў блізка ля яе і ў душы ўвесь час усміхаўся ад ціхай чалавечай харашосці, якой ужо так даўно не адчуваў. Невядома было, адкуль і чаму яна, гэта яго лагоднасць – ці мо ад высокага яснага неба, ці ад хараства гор або неабсяжнага шырачэннага прастору, што расхінуўся адсюль, а можа, ад нябачанага ніколі казачнага багацця кветак і нават дзівосных, змешаных у адзін духмяны водар пахаў? Нешта святочнае, замілавана-сардэчнае лунала над гэтымі гарамі і лугам, не верылася нават у небяспеку, у палон і магчымую пагоню і думалася: ці не прысніўся яму ўвесь мінулы паўгадавы жах лагераў з эсэсманамі, смерцю, смуродам крэматорыяў, несціханым брэхам аўчарак? А калі ўсё тое было сапраўды, то як побач з ім магло існаваць на зямлі гэтае бессмяротнае хараство прыроды, якая гэта вялікая сіла жыцця аддзяліла-адасобіла яе чысціню ад злачыннае ашалеласці людзей? Але тое агіднае, на жаль, не прыснілася, яно не было зданню – іх размаляваная палосамі і кругамі вопратка штохвілінна напамінала аб тым, што было і ад чаго яны канчаткова яшчэ не адкараскаліся. I цяпер тут, сярод першатворчае чысціні зямлі, гэтае іх адзенне здалося Івану такой нясцерпнай знявагай чалавечнасці, што ён хуценька сарваў з сябе гэтую куртку і загарнуў, каб не бачыць яе, у скуранку. Джулія перастала спяваць і, заўсміхаўшыся, агледзела яго трохі загарэлыя, крутыя і дужыя плечы.

– О, Эрколе – Геркулес! Руссо Геркулес!

– Які Геркулес? Дахадзяга... – запярэчыў Іван.

– Но, но! Геркулес!

Яна жартоўна пляснула па яго голай лапатцы і ашчаперыла апушчаную долу руку.

– Сільно, карашо руссо. Почему плен шёль?

– Ішоў? Вялі, дык і ішоў.

– Надо біль фашісто! – Яна рашуча махнула ў паветры маленькім кулачком.

– Біў, пакуль мог. Ды вось...

Падняўшы локаць, ён павярнуўся да яе другім бокам, і на яе рухавым смяшлівым тварыку адразу адбіўся жаль, амаль што спалох.

– Ой, ой! Санта Марія!

– Вось і Геркулес... – уздыхнуў ён.

– Болно? – пыталася яна і далікатным дотыкам асцярожна памацала вялізны шырокі рубец – след ад нажавога штыка.

Ён смела пацёр бок.

– Ужо не. Адбалела.

– Ой, ой!

– Ды ты не бойся, дзівачка, – ласкава сказаў ён. – Ану, пырні мацней.

Яна ўсё не адважвалася, і ён, узяўшы ў далонь яе тоненькія пальцы, ціскануў імі шрам. Яна спалохана войкнула і хіснулася ад яго. Іван прытрымаў яе за плечы, гэты кароткі іх дотык адразу шыбануў у душу хвалюючым хмелем, і хлопец, насуперак сабе, адхінуўся. Не, так нельга! Што гэта я? Так нельга. Трэба ісці, дайсці, трэба вырвацца з гэтага фашысцкага кодла – для таго ўцякаў.

– Гэта вось што, – нахмурана сказаў ён, коратка зірнуўшы на яе. – Трэба... Трэба хутчэй ісці. Разумееш?

– Я, – пагадзілася яна ўсмешыста і з нейкаю затоенай думкай гледзячы яму ў вочы.

 

17

 

Яны спусціліся па схіле ад верхняй мяжы лугу да яго сярэдзіны. Тут мак трохі пачаў расступацца, даючы месца настырнаму багаццю іншых кветак. Сям-там сінелі лапікі буйных духмяных незабудак, калыхаліся на ветры званочкі, ад густога водару жоўтай азаліі п’янела ў галаве. Мясцінамі ў кветкавых чашчобах трапляліся жарсцвяныя плешыны, тырчалі з травы шэрыя камяні, каля іх заўжды было многа калючага шчэбеню, ён шкодзіў ступням. Іван таму пачаў асцярожней выбіраць шлях, углядаючыся ў дол. Аднойчы перад яго тварам у траве бліснула чырвоная кропелька. Ён сагнуўся. Між зубчастых лісточкаў ірдзела некалькі налітых сокам буйных сунічын. Толькі ён сарваў іх, як перад вачыма замільгалі яшчэ чырвоныя зорачкі. Тады ён паклаў скуранку, прысеў; Джулія таксама з радасным воклічам кінулася ў дол.

Ягад было шмат – буйных, сакоўных, амаль скрозь спелых. Іван і Джулія пачалі поўзаць і есці, есці іх прагна, прыгаршчамі, забыўшыся на час і асцярогу. Мінула, напэўна, шмат часу, сонца пасунулася на другі бок неба і моцна высвечвала даліну з пералескамі і парэзаны крывулякамі расселін Мядзведжы хрыбет.

Абліваючыся потам, Іван усё поўзаў па траве на каленях, калі пачуў ззаду крокі Джуліі. Хлопец азірнуўся, павярнуўся і, выціраючы з ілба пот, сеў. Тоячы ў зыркастых вачах лагодную ўсмешку, дзяўчына хуценька падышла да яго, апусцілася на калені і разгарнула ражок свае курткі. На густа запэцканай сунічным сокам паласатай пале чырванела рассыпістая кучка ягад.

– Бітте, руссо Іван, – манерна прапанавала яна.

– Ну, навошта? Я ўжо наеўся!

– Но, но аевся! Эссен!

Яна зачэрпнула рукой ягад і ледзьве не сілком прымусіла яго з’есці. Потым з’ела трохі сама і зноў паднесла жменю да ягонага рота. Ягады з яе рук мелі чамусьці зусім інакшы смак, чым з’едзеныя па адной, ён выбраў іх вуснамі з жмені і жартоўна казытнуў зубамі яе цёплую духмяную далонь.

Джулія гарэзна пагразілася:

– Нон, нон!

Так яны даелі ўвесь гэты яе ягадны прыпас, і ён узяў пакінутую непадалёк у маку скуранку.

– Айда?

– Айда! – зухавата згадзілася яна.

Задаволеныя і неяк пабліжэлыя адно да аднаго, яны зноў пайшлі ўніз. Джулія даверліва паклала руку на яго плячо.

– Суніцы, гэта добра, – сказаў ён, парушаючы сцішаную, добрую, але трошкі чамусьці няёмкую маўклівасць. – Я да вайны не адно лета імі харчаваўся.

– О, руссо веджітаріані? – здзівілася яна. – Джулія нон веджітаріані. Джулія любіт біфтекс, спагетті, амлет.

– Макароны яшчэ, – дадаў ён, і абое яны засмяяліся.

– Сі, сі, макароні, – пацвердзіла яна і трошкі задзірыста падражніла: – А руссо суніці!

– Часам бывала... Што ж зробіш... Калі не ўродзіць – прагаладаешся, – нявесела пагадзіўся Іван.

Джулія здзіўлена зірнула на яго.

– Почему голядаешься? Русланд как голядаешься? Русланд само богато. Правда?

– Праўда. Усё праўда.

– Почему голяд? Говорі! – настойвала яна, пэўна ўстрывожыўшыся ад тых яго слоў.

Ён памаўчаў, ступаючы па траве і нерашуча згадваючы, ці варта гаварыць ёй аб тым. Але ён спазнаў ужо прыхільную лагоднасць яе душы, да якой міжвольна памкнуўся і сам, і ў ім абудзілася даўно ўжо не адчуваная патрэба ў шчырасці.

– У трыццаць трэцім, напрыклад, пагаладалі, бо засуха.

– Вас засуха?

– Якая засуха?.. – Ён сагнуўся і скубануў з долу жменю травы. – Во, калі сонца спячэ ўсё. I трава згарыць. Праз голад і бацька памёр.

Яна здзівілася, аж стала, строгі яе твар спахмурнеў – выпрабавальна-падазроным позіркам яна глядзела на Івана. Але не сказала нічога, толькі выпусціла яго руку і чамусьці адразу зацялася ў сабе. Ён, засмучаны невясёлым успамінам, ціха пайшоў далей.

Так, былі цяжкія гады ў іх мясцовасці. Ратавала, звычайна, бульба, але і яе не заўсёды хапала да новай, і тады на сялянскіх сталах з’яўлялася трава З шчаўя і крапівы варылі якое сёрбава, падбавіўшы жменю мукі, пяклі траўнікі, агорклы смак іх на ўсё жыццё запомніўся Івану.

У трыццаць трэцім, калі асабліва дапякло, Іванаў бацька кінуў усё і паехаў на Украіну шукаць заробку і хлеба. Маці ўжо апухла была, малыя ледзьве хадзілі – добра яшчэ, што выручала карова ды новая бульба. Пад восень прыехаў бацька. I раней не зусім здаровы, у той час ён зусім знямог: як лёг, так і не ўстаў да Каляд. На Каляды пахавалі. Засталося чацвёра малых. Іван, самы старэйшы, мусіў выхоўваць, карміць. Ой, як нялёгка гэта далося! Усё гэта было балючаю праўдай яго жыцця. Толькі як пра яе раскажаш?

Ён задуменна ішоў, пазіраючы ў дол, дзе мільгалі ў траве шызыя яе калодкі і паціху варушыліся, плылі на хадзе два кароткія цені. Джулія пачала, аднак, адставаць, калодкі падаліся назад, ён адчуў нейкую перамену ў яе настроі, але не азірнуўся.

– I Сібірь біль? Плёхой кольхоз біль? – з яўным выклікам у раптоўна пасцюдзянелых вачах азвалася ззаду дзяўчына.

Ён спыніўся і ўважліва паглядзеў на яе.

– Хто табе сказаў?

– Одін плёхой руссо сказаль. Ті хочаш сказаль. Я зналь!..

– Я?

– Ті? Говорі!

– Нічога я не хачу. Што я табе скажу?

– Ну, говорі: Джулія но правда! Джулія ошібка!

Твар яе стаў злосны, вочы востра блішчалі, уся яе нядаўняя прыхільнасць да яго знікла, і ён напружана стараўся зразумець прычыну гэтай яе перамены, таксама як сэнс яе вельмі непрыемных пытанняў.

– Ну, говорі! Говорі!

Відаць, сапраўды яна нешта ўжо чула, можа, у лагеры, а можа, яшчэ ў Рыме. Але ён цяпер не мог пацвердзіць яе здагадак, ён ужо шкадаваў, што ўспомніў пра голад.

– Біль несправьядлівост? – упарта дапытвалася дзяўчына.

– Якая несправядлівасць? Пра што ты гаворыш?

– Невінні люді Сібірь гналь?

Ён выпрабавальна ўгледзеўся ў яе калючыя вочы і зразумеў, што трэба або сказаць праўду, або выдумляць якую адмысловую хлусню. Толькі хлусіць ён не ўмеў і, каб адразу спыніць гэтую прыкрасць між імі, няласкава кінуў:

– Як раскулачвалі – гналі.

Джулія пакутна закусіла вусны.

– Нон правда! – раптам крыкнула яна і нібы ўдарыла яго позіркам – столькі ў яе вачах было болю, крыўды і самае непрыкрытай варожасці.

– Нон правда! Нон! Іван – Влясов!

Яна раптам голасна хліпнула, затуліла далонямі твар. Іван, здрыгануўшыся сэрцам, памкнуўся быў да дзяўчыны, але яна спыніла яго катэгарычным разгневаным «нон!» і пабегла па схіле. Ён стаяў, не ведаючы, што рабіць, і толькі разгублена глядзеў ёй услед. Думкі яго раптам зблыталіся, хлопец адчуў, што сталася кепскае, але як і што паправіць, не ведаў.

Джулія дабегла да жарсцвянае, без кветак, выспы, села і, скурчыўшыся, падцяла калені. На яго нават і не зірнула ні разу.

– Ну і ну! Власаў! – збянтэжана сказаў сабе Іван і, уздыхнуўшы, затаптаўся ў траве.

Здалося, ён сапраўды нарабіў кепскага, недарэчна гэтак парушыў трудна наладжаную і патрэбную ўжо яму чалавечую прыхільнасць яе. Ад усведамлення таго ўсё ў ім заныла, разам асела нядаўняя ціхая радасць, і на душы стала вельмі адзінока.

Ну, ведама ж, яна нешта ўжо чула з таго, што рабілася ў ягонай краіне ў перадваенныя гады, можа, зусім і не так, як гэта было на самай справе. Толькі як растлумачыць усё, каб яна зразумела? Ён ніколі ў жыцці не расказваў нічога пра тыя страшныя гады нават свайму чалавеку, не тое што чужаземцу. Так было лепей. Зноў жа, свае не горш за яго ведалі ўсё, нікога такія навіны не маглі здзівіць. Праўда, у палоне часам здаралася, што хлопцы заводзілі размовы аб мінулым, але перад людзьмі з другіх краін адно толькі хваліліся хараством прыроды, выгодамі свайго дабрабыту. Гэта было зразумела: каму не карціць выглядаць лепей, чым ёсць на самай справе, каму не баліць душа за сваё, роднае? Але Іван у такіх размовах звычайна маўчаў: хваліцца ён не ўмеў, а капацца ў тым трудным, што адбывалася некалі ў краіне, проста не хацеў, сам яшчэ шмат чаго не разумеючы.

Перакідваючы з пляча на плячо скуранку, хлопец таптаўся ў траве; патыліцу і плечы моцна пякло сонца, а ён, колькі ні думаў, усё не мог зразумець, што паміж імі сталася і ў чым тут яго віна. Вядома, пра голад лепей бы прамаўчаць, а наконт яе нядобрых здагадак, дык, мусіць, трэба было б настойлівей паспрабаваць пераканаць дзяўчыну ў справядлівасці нашага жыцця. Хоць і вельмі гэта няпроста было растлумачыць ёй, якая барацьба ішла ў той час на яго зямлі, але, мусіць, трэба было б паспрабаваць тое. Інакш дужа ўжо крыўдна губляць яе давер і павагу да яго. Можа, не грэх было б дзе і схлусіць, толькі... Толькі невыразна яшчэ адчуваў Іван, што справа была тут не ў ім, – за ягонай спіной стаяла нешта вельмі агромністае, усялякае круцельства перад якім выглядала агідай.

Ну, але вось чакай цяпер, хто ведае чаго... Можна было сабе ўявіць, як прыняла б Джулія і яго праўду, выкладзеную па шчырасці, – ці магла яна зразумець усю складанасць таго, што некалі прынесла столькі пакутных перажыванняў яму самому.

Але хай! Няўжо ён з усімі яго яшчэ нямногімі, але сумленна пражытымі гадамі і ўсёй яго верай і шчырасцю можа страціць нешта ў вачах гэтага чалавека з Захаду толькі з-за цяжкіх часін ягонага жыцця? Няўжо прыгожая, на заходні манер загорнутая ў цэлафан мана даражэй за хоць бы і горкую праўду? Не! Калі ў гэтай дзяўчыны чуйнае сэрца, яна зразумее яго і як трэба паставіцца да яго самога, таксама як і да яго вартага павагі народа. Гэта Іван усвядоміў з выразнай упэўненасцю, і яму стала лягчэй і спакайней – нібы штосьці ўжо вырашылася і засталося толькі дачакацца вынікаў.

 

18

 

Але дачакацца іх у хлопца не хапіла цярпення.

Джулія, адвярнуўшыся ад яго, крыўдліва сядзела воддаль ды раздумна калупалася ў доле, ён, разважыўшы, узяў скуранку і паціху пайшоў да яе. Яна пачула ягоныя крокі, скаланулася, кінула на яго гняўлівы позірк, затым хуценька падхапілася і пабегла далей. Ён нетаропка ўзышоў на выспу і спыніўся. Трэба было чакаць, а можа, і ісці – ён проста не ведаў, што рабіць. Яна адбеглася на лузе і, не азіраючыся, схавалася за вялізным каменем, што грувастка тырчаў з травы.

Тады ён кінуў у дол скуранку і ніцма лёг на яе, адчуўшы ў сабе рашучасць чакаць, пабачыць, што будзе далей.

Стала горача. Ад нагрэтай сонцам цвёрдай вапняковай выспы, парослай жорсткай, як свінуха, травой, патыхала сухім пыльным жарам – зусім як ад напаленай печы. Потнай гарачынёй заходзіліся голыя Іванавы плечы, спіна; наўкола ў лугавой траве мільгала і пырхала рознакаляровая лятучая драбнота. Іван пазіраў на камень, за якім схавалася Джулія, тая, аднак, не паказвалася. Ад стомы, гарачыні ды няпэўнасці чакання хлопцу пачала дакучаць дрымота. Мусіць, ад ягад або ад спёкі адчуванне голаду зменшылася, затое захацелася піць. «От жа яшчэ не было клопату...» – думаў Іван. Трэба б ісці, як найхутчэй дабірацца да вельмі і вельмі, як ён адчуваў, нялёгкага снежнага хрыбта, знайсці там які пераход, прыдбаць харчу, а тут вось ляжы і чакай. Сапраўды, куды як недарэчна павярнулася ўсё ў гэтым яго даволі ўдалым спачатку ўцёку. Каб не даць дрымоце адолець сябе, ён пачаў дзёўбаць каменным чарапком дол. Аднекуль з травы перад яго тварам з’явіўся вялікі, чорны, з аграмаднымі клюшнямі жук. Пэўна здзіўлены нечаканай сустрэчай, спыніўся, выставіў свае рачыныя вочы і чакаў, грозна варушачы доўгімі гнуткімі вусамі. Іван толькі дакрануўся да яго пальцам, як жук адразу выпрастаў усе свае шэсць ног і апруцянеў. Іван занёс руку, каб пстрыкнуць прэч не дужа прыемнае гэтае стварэнне, як раптам учуў ззаду крокі. Ён крутнуўся ў доле так пругка, што чалавек, пэўна, ад нечаканасці, голасна ікнуў і адначасова з незвычайным спрытам скочыў убок. Падышоў ён ужо зусім блізка і цяпер насцярожана стаяў у траве, уставіўшыся ў Івана нялюдскімі вачыма. Гэта быў усё той жа немец-вар’ят.

– Прывет! – іранічна ўсміхнуўшыся, сказаў Іван. – Жывём, значыць?

Іван нават здзівіўся, ніяк не чакаючы ўбачыць яго тут, такога ж здзічэлага, загнанага, счарнелага ад поту і бруду, з амаль нялюдскім выразам на ссохлым твары, у незашпіленай куртцы і парваных у шматкі штанах. Да таго ж немец кульгаў, ледзьве ступаючы на адну нагу. Але глядзі ты – прывалокся, пры такім яго стане проста зайздроснай была яго ўпартасць, – як здань, ён неадступна цягнуўся за імі, невядома на што разлічваючы.

– Брот! – ціха, але з прыкметнай пакорлівай роспаччу ў голасе сказаў немец.

– Зноў брот? – злосна здзівіўся Іван. – Ты што – на ўтрыманні ў нас?

Вар’ят зрабіў некалькі нерашучых крокаў да Івана:

– Брот!

– Ты ж збіраўся ў гестапа. Да свайго Гітлера.

– Нікс Птлера. Гітлер капут.

– Капут? Даўно б так.

Наўрад ці разумеючы яго, вар’ят, растапырыўшы кастлявыя рукі, цярпліва і насцярожана чакаў.

Іван запусціў руку ў скуранку і, не вымаючы адтуль буханкі, адламаў маленькі кавалак скарынкі. Убачыўшы яе ў Іванавых руках, немец ажывіўся, вочы яго заблішчалі, дрыготкія кісці рук у кароткіх абадраных рукавах пацягнуліся наперад.

– Брот! Брот!

– Трымай. I правальвай адсюль.

Іван шпурнуў хлеб немцу, але той не злавіў яго, кінуўся на зямлю, аберуч згроб скарынку разам з травой і пяском і ўскочыў. Затым, боязна азіраючыся, бокам падаўся ўніз па схіле, відаць, чакаючы і баючыся пагоні.

«Можа, адчэпіцца цяпер», – падумаў Іван. Тое, што гэты гефтлінг апярэдзіў іх, было бяспечней, чым калі б ён увесь час ішоў ззаду. Іван задуменным позіркам праводзіў яго, пакуль той не схаваўся ў лагчыне, і зноў лёг на скуранку.

Учарашняя яго злосць да гэтага чалавека знікла, хоць ён не адчуваў да яго і спагады, – вельмі яшчэ свежыя былі ў ягонай душы боль страт і памяць аб людзях, якіх загубілі суайчыннікі гэтага немца. Праўда, той мог быць і антыфашыстам па перакананні, толькі, вядома, чаго варта перакананне, якое так дарэшты спляжылася. Але болей падобна на тое, што гэта які-небудзь выбраковак з іх звярынага ладу, якому проста не пашэнціла ў іх нялюдскай службе. У канцлагеры былі і такія. Вось хоць бы і за ягоныя ўцёкі і за выбух бомбы іх камандафюрэра (калі толькі той ачуняе), пэўна, па галаве не пагладзяць – могуць таксама кінуць за дрот на месца тых, каго не асіліў упільнаваць сам. Хоць яго, напэўна, паставяць капо і таксама надзеляць уладай знішчаць. (Вось табе і гефтлінг!) I як быў ён сабакам у адносінах да людзей, так ім і застанецца, хіба што ягоная нянавісць да зняволеных з прычыны асабістай няўдачы яшчэ пабольшае. Яшчэ ён наробіць людзям бяды.

Фашысты многага дасягнулі ў сваім энтмэншунгу – самай подлай з усіх чорных спраў на зямлі. I калі іх жывёльную жорсткасць да ворагаў яшчэ можна было зразумець, дык іх бязлітаснасць да сваіх, якія не дагадзілі ў чым-небудзь начальству, проста здзіўляла. Страх пакарання стаў іхнім галоўным вызначальнікам ва ўсім: усе жылі пад пагрозай спагнання, пакарання, разжалавання, адпраўкі на фронт, рэпрэсій да родзічаў. I таму, мабыць, так лютавалі, помсцілі за гэты свой страх слабейшым – каму гэта было дазволена – палонным, зняволеным у канцлагерах, яўрэям. Дзіўна было, як пры ўсім тым на фронце немцы ўсё ж ваявалі ўпарта. Можа, таму, што страх пакарання там набываў двайны сэнс і выбар быў невялікі: або ваенна-палявы суд, або савецкая куля – таму і даводзілася трымацца. Хаця прырода гераічнага вельмі складаная, Іван не любіў разважаць аб ёй, тым больш што не лічыў сябе ні героем, ні нават смелым. Каб быў герой, не даў бы сябе ўзяць у палон, што-небудзь зрабіў бы ў той самы рашучы момант, які вызначыў, пэўна, навек і будучае яго і мінулае. Пэўна, трэба было прыкончыць сябе, і ўсё... На момант у ягонай памяці мільгануў той дзень і той нажавы, падкопчаны стрэламі штык, які ён убачыў над сабой, крутнуўшыся з-пад танка. Штык і бот з брызентавым вушкам у шырокай халяве ды доўгім тронкам гранаты.

Зашчацінены, страшны ад пылу немец нешта крычаў, але ён не чуў, бо побач грымеў танк, ды і наогул ён, мусіць, аглух ад грымотаў бою і на кароценькую секунду страціў адчуванне. I тая секунда затым дорага каштавала яму, сляды ад яе ў душы і на целе застануцца, пэўна, навек.

Ён не быў у палку ні героем, ні нават прыкметна смелым – быў як і ўсе: па-пехацінску цягавіты і ў меру засяроджаны. За ранейшыя баі атрымаў тры падзякі Вярхоўнага ды два медалі «За адвагу» і думаў, што на большае і не здатны. I толькі вось тут, у палоне, дзе некаму было ні натхняць на салдацкія подзвігі, ні ўзнагароджваць, ні нават браць пад увагу геройскае, дзе за кожную маленькую правіннасць можна было заплаціць жыццём, – тут у ім хтось абудзіўся, непакорны, дзёрзкі і ўпарты. Тут ён убачыў падыспад фашызму і, мабыць, упершыню зразумеў, што пагібель – не самае горшае з усяго, што можа здарыцца на вайне.

– Отдаль хляб? – раптам раздаўся над ім голас Джуліі.

Ён унутрана здрыгануўся ад неспадзеўкі, але тое, што яна падышла, пранізала яго радасцю, і хлопец хуценька павярнуўся на доле.

– Отдаль хляб? – з зацятай устрывожанасцю на твары пыталася Джулія. – Мі нон Тріесто? Аллес фініта? Да?

– Ну, што ты! – сказаў ён і ўсміхнуўся. – Толькі скарынку аддаў.

Яна нахмурыла лоб і пільна глядзела на яго. Тады ён дастаў з кішэні апошні кавалак.

– Во, толькі скарынку, разумееш?

Пераадольваючы штосьці ў сабе, Джулія прамаўчала. Лоб яе, аднак, паступова разгладжваўся.

– Мі ідет Тріесто? Правда? Но?

– Пойдзем, канечне. Адкуль ты ўзяла, што не пойдзем?

На яе твары ўсё яшчэ адбівалася нешта труднае. Дзяўчына, цярэбячы на грудзях куртку, відаць, нешта вырашала і раптам кінулася да яго на дол. Паставіўшы калені, яна абляглася на іх рукамі і схавала ў рукавы твар.

– Руссо! Ты карошы руссо, – загаманіла яна і адной сваёй рукой паціснула яго руку. – Нон Влясов. Буно руссо. Джулія плохо.

– Ну, нашто так? – з раптоўнай няёмкасцю ад тых слоў запярэчыў Іван. – Нашто? Не трэба...

– Очен, очен, – не слухаючы яго, казала яна. Відаць, штосьці ў яе, раптам выбухнуўшы, памалу адбалела за пакутную гадзіну іх ростані, нешта яна зразумела і цяпер папрасіла: – Іван нон бёзе Джулія... Нон бёзе?

– Нічога, усё добра.

Седзячы ў доле, ён ашчадна ўзяў у свае рукі яе маленькую мяккую далоньку. Дзяўчына не адабрала яе.

– Нон бёзе Іван, – сказала яна і зірнула ў ягоныя вочы. – Нон бёзе Джулія. Іван знат правда. Джулія нон знат правда.

– Ладна, ладна... Ты гэта во што...

– Джулія очен, очен уважат Іван, любіт Іван, – сказала яна.

Ягоныя рукі з яе далонькай у іх ледзьве прыкметна ўздрыгнулі.

– Ты... піць не хочаш? Вады, га?

– Вода? Аква?

– Ага, вады, – узрадаваўся ён. – Вунь там, здаецца, ручай. Айда?

Ён хуценька ўскочыў, яна таксама ўзнялася, абхапіла яго руку вышэй локця і шчакой прыціснулася да яе. Ён другою пакратаў яе валасы, пагладзіў, яна неяк унутрана насцярожылася, і ён таропка апусціў руку. Так абое яны, зноў згодныя і прыхільныя, памалу пайшлі краем лугу.

 

19

 

Ручай быў неглыбокі і гаманкі – шырокі паток ледзяной вады з гор шалёна імчаў па камянях, віруючы пенай і размашыста плёскаючы на нізкія заліўныя берагі. На адным лугавым завароце ён намыў на траве шырокую касу шэрага жвіру, перайшоўшы якую, Іван і Джулія ўволю напіліся з прыгаршчаў, і дзяўчына адышлася на бераг. Іван тым часам падкасаў разадраныя сабакам штаны і ўвайшоў у ваду глыбей. Ногі заламала ад сцюжы, імклівая плынь сілілася паваліць, але яму хацелася памыцца, бо пот раз’ядаў твар. Хлопец памацаў свае шархоткія, з ладнай ужо бародкай пашчэнкі, памкнуўся было зірнуць на іх у ваду, толькі дарма: у імклівай яе каламуці нічога, апроч камянёў ды пены, нельга было ўгледзець. «Мусіць, зарос, як бандзюга», – падумаў ён і азірнуўся на Джулію.

– Я страшны, няголены? – запытаў ён у дзяўчыны, але тая не азвалася – як села, так і сядзела ў задуменнасці і пазірала ў адно месца на беразе. – Кажу, я страшны? Як дзед, мусіць?

Яна страпянулася, услухалася, намагаючыся зразумець яго думку, – ён усё церабіў свае кучаравыя сківіцы, – і яна здагадалася.

– Карашо, Іван. Очен вундэршон.

Іван пачаў мыцца і думаў, што з ёй нешта сталася – дзяўчына, відаць, чымсь устрывожана, штось перажывае; гэткая засяроджаная яна не была нават у час уцёкаў, пад носам у немцаў. Зусім не ў яе характары была такая раздумнасць, гэта штосьці труднае ёй прычыніў ён, Іван. А Іван, наадварот, чамусьці пазбыўся ўсіх сваіх ранейшых трывог і на гэтым лугавым прыволлі проста акрыяў душой. Яму было добра з ёй і хацелася развеяць яе клопат, убачыць яе ранейшай – вясёлай, рызыкоўнай, даверлівай. Мусіць, трэба было б улагодзіць яе, супакоіць, толькі Іван не мог пераступіць нейкую мяжу між імі, хоць і хацеў таго. Нешта няўрымсліва зваблівае ажывала ў ім да дзяўчыны і ў той жа час стрымлівалася, вагалася, пакутна марудзіла.

Памыўшыся, ён набраў у прыгаршчы вады і здалёк размашыста пырснуў на яе – Джулія зноў здрыганулася, няўцямна зірнула на яго і зараз жа заўсміхалася на жарт. Ён таксама ўсміхнуўся нязвыкла, на ўвесь свой шырокі, абкладзены кучаравай бародкай твар.

– Спалохалася?

– Нон.

– А чаго задумалася?

– Так.

– Што гэта – так?

– Так, – пакорліва сказала яна. – Іван так, Джулія так.

Нягледзячы на нешта нялёгкае ў сваёй душы, яна ахвотна паддавалася яго жартаўлівасці і, жмурачы вочы, усмешыста глядзела, як ён, пакідаючы на жвіры мокрыя сляды босых ног, валюхаста выходзіў да яе на траву.

– Хутка ты вучышся па-нашаму, – сказаў ён, прыпамінаючы нядаўнюю іх размову– Здольная, відаць, была ў школе.

– О, я біль вундэркінд, – жартоўна сказала яна і раптам схамянулася. На яе твары мільгануў спалох. – Ой, санта мадонна: ільсангвэ!

– Што?

– Ільсангвэ! Кров! Кров!

Ён нагнуўся, зірнуў, куды глядзела яна, – на мокрай ягонай галёнцы поўз ад калена вузенькі струменьчык крыві. Іван адразу здагадаўся – гэта адкрылася рана, тая, ад сабакі; нічога страшнага, дагэтуль ён нават не знайшоў калі паглядзець яе; цяпер сеў ля дзяўчыны і вышэй загарнуў штаніну. Сапраўды, над каленам нага была здорава раздрапана сабачым кіпцюром і, мусіць, у вадзе раскрывянілася. Джулія спалохана памкнулася да яго, нібы гэта была бог ведае якая рана, завохкала, замітусілася.

– О, Іваніо, Іваніо! Очен болно? Болно? О, мадонна! Где получіль такой боль?

– Ды гэта сабака, – смеючыся, казаў Іван. – Я яго прыдушыў, а ён шкрабануў.

– Санта мадонна! Сабака!..

Спрытнымі рухавымі пальцамі яна пачала мацаць яго нагу, сціраць свежыя і ўжо засохлыя пацёкі крыві. Ён не супраціўляўся – адкінуўшыся назад, аддаўся яе пяшчотнаму клопату; на душы ў яго было шчымліва-салодка і надзіва шырока. Але з драпіны ўсё ж сачылася кроў, краі раны разышліся і не хацелі зліпацца; хоць зусім і не балела, нагу трэба было перавязаць.

Джулія прыўстала на каленях і загадала яму:

– Глядзі нах гора. Нах гора...

Ён зразумеў: трэба было адвярнуцца, і паслухмяна павярнуў твар назад, да гары. Яна ў той час нешта разадрала на сабе, і калі ён зноў павярнуў галаву, у яе руках быў чысты паркалёвы шкумат.

– Медыкаменто надо. Медыкаменто, – казала яна, збіраючыся пачаць перавязку.

– Які там медыкамент? Зажыве, як на сабаку.

– Но. Такой боль очен плёхо.

– Не боль – рана. Па-руску гэта – рана.

– Рана, рана. Плёхо рана.

Ён азірнуўся, агледзеўся і, убачыўшы ў траве непадалёк шэрыя махры падобнай на падарожнік травы, адарваў ад іх некалькі лісткоў.

– Вось медыкамент. Маці заўжды ім лячыла.

– Ето? Ето плантаго майор. Нон медыкаменто, – сказала яна і ўзяла з яго рук лісткі.

– Ну, што ты! Гэта ж падарожнік. Вунь яшчэ як раны загойвае...

– Нон падаожнік. Ето плантаго майор по-латіні.

– А, па-латыні. А ты адкуль ведаеш?

Яна гулліва зыркнула вачыма.

– Джулія многа-многа знат латіні. Джулія ізучаль ботанік.

Ён таксама некалі вучыў батаніку, але ўжо нічога не памятаў з гэтай навукі і цяпер, больш спадзеючыся на людскі звычай, прыклаў лісткі падарожніка да распухлае драпіны. Дзяўчына з выразам нязгоды пакруціла галавой, але ўсё ж пачала абвязваць нагу белай анучкай. Упершыню, мабыць, Іван адчуў яе перавагу над сабой: мусіць, адукацыя Джуліі была куды вышэй за ягоную, і гэта яшчэ павялічыла хлопцаву павагу да яе. Івана няшмат турбавала рана, яго болей зацікавілі кветкі, назвы якіх яму не былі вядомы. Пацягнуўшыся рукой убок, ён сарваў нешта, вельмі падобнае на наш рамонак.

– А гэта як называецца?

Яна коратка зірнула на кветку:

– Перетрум розеум.

– Ну, зусім не па-нашаму. Па-нашаму гэта, мусіць, будзе рамонак.

Ён сарваў яшчэ маленькую сінюю, як адцвіўшы васілёк, сціплую кветачку.

– А гэта?

– Ето?.. Ето прымула аурыкулата.

– А гэта?

– Гентіна пірінеіка, – сказала яна, узяўшы з яго рук два невялічкія сіненькія гарлачыкі на жорсткай лісцявой сцяблінцы.

– Усё ведаеш. Малайчына. Толькі па-латыні...

Джулія тым часам як-колечы перавязала рану – зверху на перавязцы адразу ж выступілі дзве рудыя пляміны.

– Лежі надо. Тіхо надо, – запатрабавала яна.

Ён з нейкаю несур’ёзнай паблажлівасцю да яе турботы падпарадкаваўся, выцяг нагу і лёг на бок тварам да дзяўчыны. Яна падцяла пад сябе ногі і паклала руку на яго гарачую ад сонца галёнку.

– Карашо руссо. Карашо, – казала яна, беражна пагладжваючы яго нагу.

– Харошы, кажаш, а не верыш. Власаўцам абазвала, – успамінаючы нядаўні разлад, з папрокам зазначыў Іван.

Яна ўздыхнула і разважна сказала:

– Но влясовец. Джулія верішь, Іваніо знат правда. Джулія но понімат правда.

Іван пільным, працяглым позіркам паглядзеў у яе строгія вочы.

– А што ён табе гаварыў, той власавец? Ты дзе яго слухала?

– Лягер слушаль, – з гатоўнасцю адказала Джулія. – Влясовец говорі: руссо кольхоз голяд, кольхоз плёхо.

Іван усміхнуўся:

– Сам ён свалата. З кулакоў, відаць. Вядома, жылі па-рознаму, не такі ўжо ў нас і рай, як ты думаеш. Я, праўда, не хацеў табе ўсяго гаварыць, але...

– Говоріт, Іван, правда! Говоріт! – настойліва папрасіла Джулія.

Ён сарваў пад рукамі рамонак і таксама ўздыхнуў.

– Былі неўраджаі. Праўда, розныя і калгасы былі. I зямля не ўсюды аднолькавая. У нас, напрыклад, адно каменне. Ды яшчэ балоты. Вядома, прыйшоў бы час, дабраліся б і да зямлі. Балот вунь колькі асушылі. Трактары ў вёсцы з’явіліся. Машыны розныя. Дапамога немалая мужыку. Вайна толькі ўсё да халеры спляжыла...

Джулія пасунулася да яго бліжэй.

– Іван говорі Сібірь. Джулія думаль: Іван шутіль.

– Не, чаму, была і Сібір. Высылалі кулакоў, каторыя заможныя. I ворагаў розных падабралі. У нас у Цярэшках таксама чацвёра аказалася.

– Ворагі? Почему ворагі?

– За буржуяў стаялі. Кароў калгасных сапам – хвароба такая – хацелі заразіць.

– Ой, ой! Какой плёхой челёвэк!

– Вось так. Праўда, можа, і не ўсе. Але па дзесяць год далі. Нізавошта не далі б. Дык іх таксама ў Сібір. Перавыхоўвацца.

– Правда?

– Ну, а як ты думала?

Лежачы на баку, ён засяроджана абрываў рамонак.

– Іван очен любіт свой страна? – пасля кароткага маўчання запытала Джулія. – Белоруссіо? Сібірь? Свой кароші люді?

– Каго ж мне яшчэ любіць? Вось калі бацька памёр, трудна было. На бульбе жылі. Дык то адна цётка ў вёсцы прынясе чаго, то другая. Сусед Апанас дровы прывозіў. Пакуль я падрос. Але пападаліся і сволачы. Знайшліся такія – нагаварылі на настаўніка нашага Анатолія Яўгеньевіча – ну і ўтапілі. Сумленнага чалавека. Бывала, усё са старшынёй калгасным лаяўся з-за непаладак. За народ клопат меў. А сказалі – супраць улады выступаў. Таксама дзесятку далі. Памылкова, вядома.

– Почему но защіцаль честно учітел?

– Зашчышчалі. Пісалі. Толькі...

Іван не дагаварыў. Міжвольныя гэтыя ўспаміны выклікалі ў ім невясёлы роздум, і ён ляжаў, кусаючы зубамі абскубаную сцяблінку рамонка. Заклапочана-ўважлівая Джулія ціха гладзіла яго забінтаванае гарачае калена.

– Усё было. Старое ламалі, перабудоўвалі – нялёгка гэта далося. З крывёй. I ўсё ж труднае хутка забываецца, помніцца добрае. Часам здаецца: нічога гэтага і не было. Жылі цяжка, клапотна, можа, і несправядліва ў чымсьці. Але ў міры. А гэта галоўнае. Я вось думаю калі: няхай бы зноў усё вярнулася – і цяжкасці, і голад, але без вайны каб. Усё б адолелі. Справядлівейшыя былі б. Пасля такой крыві, гэта ўжо пэўна.

– Руссо феномено. Парадоксо. Удівітелно, – горача загаварыла Джулія.

Іван, выплюнуўшы сцяблінку, перабіў яе:

– Што ж тут дзіўнага: барацьба. У акружэнні, сярод буржуазнага свету жылі. Чырвоную Армію ладзілі.

– О, армата Россо побеждаль! – падхапіла Джулія.

– Ну вось. Сілу якую накапілі. А пасля вайны, калі гэтую сілу на гаспадарку пусціць, ого!..

– Джулія много слышаль Россія. Россія само болшой справьядлівост. – Яна памаўчала і, здаецца, штосьці прыпомніўшы, варухнула брывамі. – Джулія за етот мыслі от фатэр, іль падрэ, батіка то ест, убегаль. Рома батіка делай вернісаж – юбілей фірма, біль многа гост, біль офіцір СД. Офіцір біль Россія. Офіцір говоріль: «Россія плёхо, бедно, Россія нон култур». Джулія сказаль: «Ето обман. Россія лючше Германіі». Офіцір сказаль: «Фройлін – камуністі?» Джулія сказаль: «Нон комуністі – правдісті». Ла падрэ ударяль Джулія. – Яна кораценька дакранулася да шчакі. – Пощёчін ето по-рускі. Джулія убегаль вернісаж, убегаль Маріо Наполі. Маріо біль комуністо. Джулія думаль: руссо карашо. Лягер Іван бежаль, Джулія бежаль. Руссо Іван герой!

– Ну які я герой? – не пагадзіўся Іван. – Проста салдат.

– Нон просто солдат! Руссо солдат – герой. Само смело! Само сільно! Само... само... – натхнёна гаманіла Джулія, шукаючы рускія словы. Ва ўсім яе тоне адчувалася набалелая шчырасць веры, якой яна вельмі не хацела здраджваць. – Мі відель ваш герой лягер. Мі зналь ваш герой на Остфронт. Мі думаль, ваш фатэрлянд само сільно, само справьядліво...

– А ён і справядлівы, – заўважыў Іван. – Рабочыя, калгаснікі ў людзі пайшлі. Я вось на трактарыста вывучыўся. А настаўнікаў колькі стала. З тых жа мужыкоў. Раней не тое было.

Насупленыя дагэтуль бровы яе варухнуліся, і вочы ад нейкае рашучае думкі гулліва бліснулі.

– Руссо комуністо Іван спасаль Русланд, спасаль буржуазно монархія Італьяно, спасаль Джулія...

– Ну які я камуніст: зашмат гонару. А па-другое, што ж тут такога: увесь Савецкі Саюз ратуе і Італію, і Францыю, і Грэцыю. I ці мала каго! Хоць яны і буржуазныя. Але ж, апроч нас, хто б яго спыніў. Тады, у сорак другім?

– Сі, сі. Так.

З затоенай усмешкай на вуснах, яна шырока агладзіла яго нагу, пасля голы бок. Іван аж сцяўся, слухаючы пяшчотны дотык яе лёгкіх рухавых пальцаў, як раптам яна нагнулася і пацалавала яго сіні шрам на баку. Ён здрыгануўся, нібы яго пранізалі штыком другі раз, варухнуў рукой, каб абараніцца ад нястрыманай яе пяшчоты, а яна злавіла гэтую яго руку, адагнула яе долу і ў адзіным безразважным парыве стала цалаваць усе яго шрамы – ад асколка ў плячы, ад кулі вышэй локця, ад штыка ў баку, асцярожна чмокнула ў павязку на назе. Ён зажмурыўся ад прыліву чагось страшэнна шчыкотнага ўнутры, напяўся, і тады нейкая рыса ў яго стрыманасці аказалася такой вузкай, што балансіраваць на ёй не хапіла цярпення. Не ведаючы, добра гэта ці не, але ўжо аддаўшыся ўладзе невядомае сілы, ён трапятнуўся, прыўзняўся на локці. Другою рукой абхапіў яе наўкос цераз плячо, трошкі прыгарнуў і, зажмурыўшы вочы, дакрануўся да яе разамлелых, з прысмакам чагосьці незнаёмага вуснаў.

Пасля адразу ж адкінуўся спіной у траву, вольна раскінуў рукі і засмяяўся, з заплюшчанымі ўсё вачыма. А калі расплюшчыў іх, у сонечным арэоле, пад распушанымі валасамі дзяўчыны ўбачыў нахілены яе твар і раскрыты зіхоткі белазубы рот. У першую тую секунду яна быццам захліпнулася, відаць было, хацела і не магла штосьці сказаць, толькі шырока акругліла вочы, і ў іх, хутка пераадольваючы збянтэжанасць, шчодра шыбанула з глыбінь душы радасць, шчаслівасць адкрыцця і здзіўленне. У наступнае імгненне яна прыпала да ягоных грудзей, прыціснулася, абшчапіла яго шыю рукамі і блізка-блізка ля яго твару зашаптала горача і аддана:

– Іваніо... Аміка...

 

20

 

Нешта труднае і пабочнае, што ўвесь час утрымлівала іх адно ад другога воддаль, было пераадолена, перажыта шчасліва і амаль раптоўна. Мусіць, тыя пакутныя парадоксы, што дапякалі Джулію, неяк былі ёю зразуметы – з гэтага моманту для абаіх засталіся толькі бражная духмянасць зямлі, макавы водар і спякотны бляск высокага неба. Сярод гэтай першабытнай стыхіі ў адным кроку ад смерці нарадзілася нязведанае, таямнічае і ўладарнае, яно жыло, прагла, палохала і клікала...

Распластаўшыся на зямлі, Іван гладзіў і гладзіў яе вузенькую, напечаную сонцам спіну, дзяўчына ўсё гарнулася да яго грудзей і сваёй гарачай аксамітнай шчакой церлася аб яго рассечанае асколкам плячо. Вусны яе, не перастаючы, шапталі штось незразумелае, іншамоўнае, але Іван і без таго адчуваў усё. Смеючыся вачыма, тварам, душой, ён нібы абмёр у нейкай шчаслівай бязважкасці; неба ўгары кружылася; зямля, нібы вялізная касабокая талерка, усё хінулася кудысь і вагалася, гатовая вось-вось абрынуцца ў невядомую прорву, і ад таго было соладка, хмельна і боязна.

Час, мусіць, перастаў для яго існаваць, адышла ў нябыт небяспека, ля самага хлопцавага твару горача тлелі два вялікія чорныя вугалі ў шырока раскрытых яе вачах. У іх цяпер не было ні пакуты, ні клопату, ні гарэзнасці – нічога, апроч труднага, уладарнага ў сваёй немаце клічу; нешта падобнае Іван адчуваў на краі бяздоння, якое заўжды страшыла і вабіла адначасна. У яго не было ніякае сілы супрацьстаяць гэтаму клічу, ды ён і не ведаў, ці трэба было стрымлівацца; ён зноў намацаў вуснамі вільготную жвавасць яе рота, адчуў касцяную цвёрдасць зубоў. Дзяўчына моўчкі замерла, ён прыгарнуў яе аберуч і сціх. Стала ціха, ціха, і ў гэтую цішыню велічна, як з нябыту ў вечнасць, ліўся, шумеў, булькатаў горны паток. Хацелася растварыцца, знікнуць у яе трапяткіх абдымках, сплыць у вечнасць з патокам, увабраць з зямлі ўсю яе моц і самому стаць зямною магутнасцю – шчодрай, ціхай, пяшчотнай...

А зямля ўсё вагалася, кружылася неба, праз паўрас-плюшчаныя павекі ён незвычайна зблізку бачыў пяшчотную акругласць яе шчакі, пакрытай маленькімі, высвечанымі сонцам варсінкамі; гарачай ружовасцю ззяла падсветленая ззаду тоненькая ракавіна вуха. Ён пацягнуўся да яе мочкі з ледзьве прыкметным следам ад дзірачкі, ціхенька намацаў яе губамі – Джулія пругка трапятнулася целам.

Пэўна абуджаны гэтым яе рухам, недзе ўнутры ў ім разгублена азваўся незнаёмы, зусім тут чужы голас – ён завагаўся, запратэставаў, ён чагосьці баяўся. Мусіць, у яго не было аргументаў, настойлівых, неабвержаных доказаў – уся логіка яго адмаўлення ўвасобілася ў пытаннях-дакорах: «Навошта? Навошта?.. Што ты робіш?.. Што робіш? Ты ведаеш, хто яна? Ты вельмі мала ведаеш... Не, ты зусім не ведаеш! Адкуль яна? Ты прыпомніў, з якога свету?»

Іван стараўся не слухаць, заглушыць у сабе недаверка, ён не хацеў нічога ведаць цяпер, ён адчуваў, як віраваў, плёскаўся, гуў ручай, гула на ўсю глыбіню зямля, трубнымі хорамі ўторыў ёй настырны і ўладарны парыў душы...

Мусіць, зямная вось у той час нахілілася, аднак ён не заўважаў – ён гатовы быў рынуць у бяздонне, цяпер нічога не мела значэння: у ягоных руках была яна. Яна – тая незямная і нязнаная, затанулая ў нясцерпным буйстве макавай чырвані, прыціхлая, маленькая, аслабелая і таму яшчэ болей магутная – над зямлёй, над сабой, над ім...

Недзе зусім блізка пад імі, здавалася, у глыбінных нетрах зямлі гуў, імкнуў, струменіў шалёны паток, ён цягнуў, вабіў у свае неспазнаныя нетры-глыбіні; у хлопца не стала сілы супраціўляцца яму... Яна забілася рыбінай, заплескатала ў ягоных руках, на шырока расхінутых вуснах нараджаліся і паміралі словы – чужыя, родныя, вельмі зразумелыя словы...

Толькі словы цяпер не мелі значэння.

Зямныя нетры, і горы, і магутныя гімны ўсіх патокаў зямлі затаіліся і згодна благаславілі вялікую таямніцу жыцця...

 

21

 

Абудзіўся ён раптам, трывожна-радасным намаганнем волі – схамянуўся ад думкі, што заснуў і даў знікнуць са свайго жыцця чамусьці надзвычай вялікаму і радаснаму.

Іван прыўзняў галаву, разам усё згледзеў і заўсміхаўся ад таго, што дарма напалохаўся – нічога не знікла, не прапала, нават не прыснілася, як здалося ўпачатку. Упершыню за шмат год ява была шчаслівейшая за самы радасны сон.

Джулія ляжала ніцма, спакойна паклаўшы павернутую набок галаву на выцягнутую ў траве руку, і спала. Дыханне яе, аднак, не было мерным і роўным, як у сонных людзей, – часам яна замірала, нібы прыслухоўвалася да чагось, з перарывам выдыхала, затым ішло некалькі роўных кароценькіх уздыхаў і – стрыманы радасны выдых. Крыху раскрытыя вусны яе ўвесь час варушыліся. Ён падумаў спачатку, што яна шэпча, але слоў не было, вусны, мабыць, толькі адбівалі таямнічыя праявы яе сну, таксама як і шчокі, павекі вачэй, якія і ў сне торгаліся, варушыліся, уздрыгвалі. Але ўсе гэтыя навеяныя сном перажыванні яе былі лагодныя і ціхія, – мусіць, снілася ёй штосьці шчаслівае, і на вуснах час ад часу праступала добрая, сцішаная ўсмешка.

Іван павярнуўся на бок і сеў. Пэўна, яны доўга праваляліся ў гэтым лаўжы, сонца ўжо спаўзло з небасхілу і, мабыць, заходзіла за счарнелым горбам спарыша-вяршыні. Без сонечнага святла дужа сціпла, амаль непрытульна выглядаў такі ўрачыста-зіхоткі ўдзень луг. Далячынь густа спавілася туманам, і хоць хмар не было, змрочная туманістая смуга падмыла далёкія хрыбты гор, дашчэнту затапіла даліну. Мядзведжы хрыбет страціў усё сваё лясное падножжа і, яшчэ ярка ззяючы срэбрам вяршынь, нібы падталы, плаваў у дымчатым туманным моры. Гэта было апошняе развітальнае святло незвычайнага і нечаканага, як узнагарода, сённяшняга Іванавага дня. На бляклым небасхіле ўдалечыні ўжо запалілася і ціха гарэла адзінокая, самотная зорка.

Ён зноў павярнуўся да Джуліі, – мусіць, трэба было паднімацца і ісці, але яна спала так соладка, так бездапаможна-знясілена, што ён проста не адважыўся парушыць гэты, такі патрэбны ёй, сон. Ён пачаў прагна глядзець на яе рухавы і ў сне твар, так, быццам упершыню бачыў яго. Цяпер, пасля ўсяго, што між імі сталася, кожная яе ўсмешыстая рыса, кожны рух набывалі свой паглыблены сэнс. Хацелася пазіраць так, бясконца, уважліва пазнаваць пачуццём зманлівую таямніцу чалавечай душы. Наперакор усяму ён адкрыў у ёй неспадзяванае – сціплае і радаснае – і, здаецца, ледзьве не захлынуўся быў у той сваёй першай хмельнасці. Цяпер, праўда, хмельнасць крыху апала, выраўнялася, але затое адчуванне шчаслівасці стала яшчэ большае, і ягоны недаверак-голас змоўк назаўжды. Наогул ён быў проста дурань, што так доўга сумняваўся ў гэтым чысцейшым і, мусіць, самым бескарыслівым у свеце стварэнні. Спасцігшы тое цяпер, ён, не кратаючыся, як на чароўную таямніцу прыроды, глядзеў і глядзеў на яе – маленькае чалавечае дзіва, гэтак позна і радасна адкрытае ім у жыцці, і не адчуваў у сабе ні пагарды да яе, ні чагось брыдкага; было толькі нешта ціхае, добрае, яно да краёў напаўняла яго пяшчотай.

А яна ўсё спала, прынікшы да шырокіх грудзей зямлі; варушыліся, трапяталіся яе тоненькія ноздры, і маленькая, чырвоная багоўка задуменна паўзла па яе рукаве. Яна выпаўзла са складкі, растапырыла крыльцы, але не паляцела, бы перадумала, папаўзла далей. Ён асцярожна скінуў багоўку, беражлівым дотыкам паправіў на дзяўчынінай шыі перакручаны на чорным шнурку крыжык. Яна ўсё не прачыналася, толькі трошкі перапыніла дыханне, тады ён паправіў на яе спіне загорнуты край курткі і ўсміхнуўся. Хто б мог падумаць, што яна за два дні стане для яго тым, чым не стала ніводная свая суайчынніца, запалоніць яго душу ў такі, здаецца, самы няздатны для таго час? Хіба мог ён прадбачыць, што ў сваіх чацвёртых уцёках, ратуючыся ад пагібелі, гэтак нечакана напаткае першае сваё каханне? Як усё зблытана, перакручана, перамешана на гэтым свеце! Невядома толькі, хто перамяшаў тое, інакш як бы атрымалася вось гэта – у палоне, на парозе смерці, з чужой нязнанай дзяўчынай, чалавекам другога свету? «Што б сказалі хлопцы, калі б даведаліся пра такія падрабязнасці ягоных уцёкаў?» – падумаў ён, і гэтая думка непрыемна ўразіла яго. Куды як нялёгка было адказаць на такое пытанне, але Івана не трэба было вучыць прамаце ў адносінах да сябе. Хлопец лёгка ўявіў суровы, незадаволены твар Галадая – той, пэўна, не дапусціў бы ніякага кахання. Галадай заўжды ведаў, чаго хацеў, і быў няўхільны ў сваіх намерах. Мусіць, не пахваліў бы яго і Жук, які насіў у сабе занадта вялікую злосць на фрыцаў, каб апраўдаць нейкае там каханне на шляху да помсты. Янушка, напэўна, зважыў бы, не лаяў, мусіць, памкнуўся б вытлумачыць усё маладосцю, але ў душы таксама ці апраўдаў бы. Не дараваў бы – праўда, па другой прычыне – і дахадзяга Срэбнікаў. А ён, таксама не мякіш сярод іх, не баязлівец і не слабак, вось не ўстаяў, пакахаў гэтае маленькае альпійскае дзіва, якое гэтак нечакана аказалася самым значным і дарагім з усяго, што сустракалася яму ў жыцці.

I ўсё ж трэба было ісці далей. «Не час тут валяцца, вылежвацца, мусіць, трэба б пабудзіць яе», – падумаў ён і сам лёг побач – цесненька, да самага бока, і асцярожна, каб не патрывожыць яе сну. Агорнуты пяшчотаю да дзяўчыны, ён адхіліў ад яе галавы навіслыя сцябліны маку, адагнаў беленькага пырхоткага матыля, які ўсё прымерваўся сесці на яе валасы. «Хай яшчэ трошкі... – думаў Іван, усё мосцячыся побач. – Яшчэ – і трэба ісці... Ісці ўніз, у даліну...»

Над затуманенай навалаю гор у супакоеным вячэрнім небе ціха дагараў шырокі Мядзведжы хрыбет. На крутых яго схілах усё вышэй узнімалася шэрае сутонне ночы і ўсё менела ружовага бляску на піках-вяршынях.

Неўзабаве яны і зусім пагаслі. Хрыбет адразу сцяўся і асеў, шэраю дымнасцю ахуталіся горы, і на пакуль што святлявым небе прарэзаліся першыя зоркі. Іван, аднак, ужо не ўбачыў іх – ён заснуў з апошняю сваёй думкай: трэба ўставаць.

Абудзіла яго ўжо Джулія. Мусіць, ад холаду яна заварушылася побач, цясней тулячыся да яго бока. Санлявы яшчэ, Іван адразу адчуў яе і прахапіўся. Яна ашчаперыла яго рукою і горача-горача зашаптала ў вуха поўныя пяшчоты словы – незнаёмыя, чужыя і дужа дарагія яму словы. Ён прыгарнуў яе і вуснамі сустрэў яе вусны...

Было ўжо зусім цёмна. Пахаладала. Чорнымі на паўнеба гарбамі высіліся бліжнія вяршыні, угары мігалі рэдкія зоры; вецер, мусіць, зусім сціх, бо не шалясцеў нават мак, толькі несціхана і роўна шумеў, булькатаў побач паток. Травяное багацце лугу ўначы запахла на ўсю сваю духмяную сілу, ад яго водару лёгкая п’янасць пацякла ў крыві. Зямля, горы, неба з спакойнай упэўненасцю драмалі ўначы, а Іван, прыўзняўшыся, схіліўся да дзяўчыны і глядзеў-углядаўся ў яе твар, нейкі не такі, як удзень – супакоены, як гэтая ноч, прыціхлы, быццам трошкі спалоханы. У вялізных яе вачах варушыліся цьмяныя зрэнкі, і ў іх далёкай глыбіні бліскала па ледзьве прыкметнай зорачцы. Начныя цені невыразна блукалі па яе твары, а яе рукі і ўначы не трацілі сваёй трапяткой жвавасці – усё гладзілі, пеставалі ягоныя плечы, шыю, патыліцу.

– Джулія! – ціхенька пазваў ён, усё прыгортваючы яе да сябе.

Яна пакорліва азвалася – ціха, з пяшчотай і адданасцю:

– Іваніо?

– Ты не баішся мяне?

– Но, Іваніо.

– Што ашукаю, пакіну цябе?

– Но, аміка. Іван нон обман. Іван – руссо. Кароші, мілі руссо!

Таропка і пругка, з нечаканай для яе тоненькіх рук сілай яна прыціснула яго да сябе і радасна, ціхенька засмяялася.

– Іван – маріто. Нон сіньор Дзангаріні, нон Маріо. Руссо Іван – маріто.

Ён з задавальненнем, нават з патаемным гонарам у душы запытаў:

– А ты давольна? Не пашкадуеш, што Іван – марыта?

Яна шырока расплюшчыла зацененыя яго нахіленай галавой вочы – зоркі ў яе зрэнках здрыгануліся і заскакалі.

– Іван – кароші, кароші маріто. Мі будэт маленькі-маленькі філіё... Как ето по-рускі, скажі?..

– Дзіця?

– Нон дітя! Как ето маленькі руссо?

– А, сын, – трошкі здзіўлена падказаў ён.

– Так, сін! Ето карашо. Такой маленькі-маленькі, кароші сын. Он будэт Іван, да?

– Іван? Ну, можна і Іван, – пагадзіўся ён, зірнуўшы па-над ёю ў чорную далячынь хрыбта, і ўздыхнуў.

Яна прыціхла, нешта думаючы. Абое на хвіліну змоўклі, кожны ўвайшоў у свет сваіх думак. А навокал ціха ляжалі горы, скупа бліскалі рэдкія зоркі, чорнай, непрагляднай аблогай накрыўся макавы луг. Было ціха-ціха, толькі шумеў, віраваў паток, але ён не парушаў цішыні, і Івану здавалася, што ў цэлым свеце іх толькі трое – яны і паток. У апошніх яе словах штосьці было клапотнае, яно сагнала з Іванавага твару ўсмешку. Страціўшы жартоўную лёгкасць, ён набрыў на штось труднае і сур’ёзнае ў сабе і, мабыць, упершыню ўбачыў яшчэ адзін паваротак у іх дужа не простых адносінах. А Джулія, наадварот, надумаўшы штось, неўзабаве прахапілася ад радасці і зноў сціснула яго ў сваіх абдымках.

– Іваніо! Іваніо, карашо! Как ето карашо – філіё, сін! Маленькі сін!

Пасля яна разняла рукі, павярнулася ніц, зоркі зніклі з яе вачэй, і твар цьмяна зашарэў у траве светлаю плямай, на якой у глыбокіх ценях вачніц ледзьве прыкметна блішчалі вочы. Кароценькае захапленне яе змянілася нечаканым клопатам.

– Іваніо, а где будэм жіт? Рома? – Яна трошкі падумала. – Нон Рома. Рома батіка уф бёзе. Трыесто?..

– Што раней часу загадваць, – сказаў ён.

– О! – раптам ціха ўсклікнула яна. – Джулія знат. Мі будэм жіт Россія. Белоруссіо. Дэрэвня Тэрэшкі, блізко-блізко два озера... Правда?

– Можа быць. Што ж...

Раптам яна нешта ўспомніла і насцярожылася.

– Тэрэшкі кольхоз?

– Калгас, Джулія. А што?

– Іваніо, плёхо кольхоз?

– Нічога. Калі-небудзь палепшае. Не век жа ўсё... дрэннаму быць.

Вялікай сваёй пяцярнёй ён паварушыў яе жорсткія густыя валасы, яна, ухіліўшыся, вызваліла галаву і прыгладзіла яе.

– Валёс будет болшой. Джулія растет болшой карошій валёс. Болшой валёс красіво, да?

– Ага, – пагадзіўся ён. – Красіва.

Яна памаўчала крыху і пасля, вяртаючыся ў думках да ранейшага, сказала:

– Іван будэт ла вараре* фэрма, плантація. Джулія будэт... Как ето?.. Віртін вілла**. Мі делать мнёго-мнёго макі. Как етот люг!

* Працаваць. (іт.)

** Гаспадыня вілы. (іт.)

– Так, так, – задуменна згаджаўся Іван, заварушыўшыся ў доле.

Яму дужа закалола нагу пад перавязкаю, мусіць, трэба было б паправіць яе, але цяпер ён не хацеў непакоіць дзяўчыну. Ён толькі выпрастаў і вальней паклаў нагу ў траве, задумліва слухаючы, як гаварыла яна побач – шчыра, замілавана, з вялікай пяшчотай і марай.

– Мі будэм мнёго-мнёго фортуна... Я очен хочу фортуна. Должен біть человек фортуна. Правда, Іваніо?

– Так, так...

Відаць, змагаючыся са сном, яна гаварыла ўсё цішэй, голас яе рабіўся ўсё болей санлівы, і неўзабаве дзяўчына сціхла. Ён ціхенька пагладзіў яе і падумаў, што, мабыць, трэба даць ёй спачыць, выспацца, усё роўна ўжо няшмат засталося гэтае ночы – першай ночы іх шчасця. А назаўтра ісці. Толькі хто ведае, што нарыхтавала ім гэтае заўтра?..

I ён доўга глядзеў так у неба – адзін на адзін з Сусветам, з сотнямі зор, вялікіх і ледзьве прыкметных, з крывою дарогай Чумацкага Шляху цераз усё неба. Нейкі зачатак трывогі і непакою пачаў выцясняць з адчування кароткую яго шчаслівасць.

За гады вайны ён зусім ужо адвык ад такога простага чалавечага імкнення, якім ёсць імкненне да шчасця. Дзе ўжо там было жадаць шчасця, калі апошнія магчымасці выдаткоўваліся на тое, каб як-небудзь выжыць, не даць знішчыць сябе, а для гэтага быў толькі адзін спосаб – забіць. У жыцці панаваў бязлітасны звычай барацьбы – знішчаць да сябе падобных, чаго не робяць нават драпежнікі ў дачыненні да істот аднаго віду. I дзеля чаго? Дзеля матэрыяльнай выгады, дзеля панавання звярынай ідэалогіі, дзеля ўладарнасці маленькай кучкі над іншымі? Пракляты навек нямецкі фашызм, няўжо не хопіць ва ўсёй тваёй зграі здольнасці зразумець, што нельга будаваць сваё шчасце на вялікім няшчасці мільёнаў? Знішчаючы іншых, ты першы вытруціш у самім сабе здольнасць да радасцей, твая душа ад тваіх жа злачынстваў абрасце чорнаю поўсцю варожасці, якую разам з тлустым кавалкам ты імкнешся пакінуць нашчадкам. Але ці захочуць яны ўзяць гэты брудны кавалак з тваіх акрываўленых рук? Ці не пажадаюць і яны сонца справядлівасці і міру пасля той прасмярдзелай трупамі ночы, у якой ты дзесяць гадоў трымаў свет?

Добра, што нядоўга ўжо засталося баляваць гэтым зверыядаўцам і ўрэшце калі-небудзь запануе і шчасце. Прыйдзе час – спазнаюць людзі вялікую вольнасць кахання і адданасці, толькі наўрад ці суджана гэта ім... Мілая, сардэчная Джулія, яна залятае ў марах гэтак далёка, мусіць, зусім не падазраючы, што яшчэ чакае іх па шляху ў Трыест. Мусіць, вырваўшыся з лагера і спазнаўшы каханне ў гэтым дзівосным макавым раі, яна падумала, што ўсё страшнае ўжо ззаду, а наперадзе толькі радасць. Калі б так! Варта хоць трошкі разважыць, як стане зразумела, колькі яшчэ пакут наперадзе: аўтастрады ў даліне, перайсці якія вельмі нават нялёгка, рэкі, пераплыць якія хто ведае як, населеныя пункты, якія не абмінуць. А людзі, засады, сабакі... I ў дадатак да ўсяго недаступны снежны хрыбет! Як перайсці яго ім, распранутым, разутым, галодным?

А яна тым часам ціхенька спала на баку, падагнуўшы каленку. Ён устаў, агледзеўся, абышоў яе і зноў сеў, ужо апанураны і злы, таму што дужа хацелася есці, а галоўнае – балела нага. Галёнка, здаецца, усё пухла, дужа сціскала павязка. Іван крыху паслабіў яе, абмацаў – нага пыхала жарам, і хлопца пачалі даймаць дрыжыкі. Давялося ўзяць з травы ненавісную паласатую куртку і захутацца, але цяпер і яна грэла слаба. Прыслухаўшыся да сябе, Іван падумаў, што не хапала яшчэ захварэць – што тады будзе? «Не, так нельга! – падбадзёрваў ён сябе. – Трымайся!»

Але штосьці перамянілася ў яго настроі, Іван адчуваў гэта, і трывога, як вада ў дзіравую лодку, усё прыбывала ў яго пачуццях. Добра, што Джулія нічога кепскага, бадай, не адчувала і соладка спала. Ён таксама сеў побач, босыя ступні свае захінуў палою скуранкі, якой прыкрыў яе, і стаў пазіраць у ноч. Неўзабаве яго пачало хіліць на сон, дакучала мернае бульканне патоку.

Мабыць, ужо на світанні ён не ўтрымаўся і неўпрыцям задрамаў, уткнуўшы твар у калені.

 

22

 

Прыцьмелая ў дрымоце трывога раптоўным штуршком нібы ўдарыла яго ў самае сэрца. Яно здрыганулася так моцна, што здалося, ледзьве не вырвалася з грудзей. Ён прахапіўся адразу і ў тое ж імгненне пачуў недарэчны вар’яцкі крык:

– Во біст ду, руссэ? Зі гебэн фір ін брот! Зі габэн філе брот*.

* Дзе ты, рускі? Яны дадуць хлеб! У іх шмат хлеба. (ням.)

Над лугам патроху світала, сонца яшчэ не ўзышло, было непрытульна і шэра. Мусіць, напаўзло воблака, і гор не было відаць – клубчастая кудзеля туману, чапляючыся за паніклыя росныя макі, паўзла ўздоўж схілу. Іван адразу тузануў з Джуліных ног скуранку, дзяўчына прахапілася і спалохана загаманіла нешта, а ён, стоячы на чацвярэньках, пільна ўглядаўся ўніз, адкуль данёсся крык. Праз колькі секунд хлопец здагадаўся, што гэта – вар’ят, але адразу ж здалося: ён не адзін, з ім людзі. I сапраўды, не паспеў ён праз туман каго-небудзь згледзець, як пачуў сцішаны пагрозлівы вокліч: «Гальтс маўль!»* і звычайную нямецкую лаянку.

* Маўчаць! (ням.)

Джулія таксама пачула гэта, зразумела ўсё і кінулася да Івана. Учапіўшыся за рукаў ягонае курткі, яна ўтрапёна ўзіралася ўніз, у дымнае месіва туману, сярод якога, здалося, мільганулі чалавечыя цені. Ён схапіў яе за руку і, прыгнуўшыся, падцяг да ручая, дзе было ніжэй. У другой ягонай руцэ была скуранка, калодкі ж яе засталіся недзе ў маку.

Моўчкі з усяе сілы яны кінуліся збоч ручая ўгору.

Іван таропка сігаў па беразе, пераскокваючы камяні, і не выпускаў з свае рукі пальцаў Джуліі; дзяўчына ледзьве спраўлялася за ім і ўсё палахліва азіралася. Іван шукаў позіркам якога зручнага месца, каб перабегчы цераз ручай на той бок, – там можна было схавацца ў скалах і высокіх зарасніках рададэндрану. Але паток разгоніста імчаў з гор, не абяцаючы нідзе пераходу, – сунуцца туды было безнадзейна.

«Добра, што воблака! Добра, што воблака!» – стукала ў Іванавай галаве думка. Імклівае клочча туману пакуль што трохі хавала іх ад немцаў, якія былі недзе зусім блізка. «Пракляты вар’ят, чаму я не забіў яго? Усе яны аднае пароды – і разумныя і звар’яцелыя. Вось і яшчэ здрада! Ці не апошняя?..» – у роспачы думаў Іван і бязлітасна валок Джулію, не выпускаючы яе рукі. Яны ўжо мінулі заваротак ручая, узбеглі на бераг, далей было адкрытае месца. Перш чым выскачыць на лугавы росны прастор, хлопец упаў на калені, прыўзняўся, цяжка сапучы, зірнуў уніз – туман прыкметна радзеў, ужо сталі відаць дальнія камяні ў маку, выспа, дзе ён учора сустрэў вар’ята. I тады ў туманнай прыцьмеласці паветра ён згледзеў некалькі немцаў – нешырокім ланцугом, разбрыўшыся па лузе, яны набліжаліся да выспы.

Немцы яшчэ не бачылі іх. Уцекачы, нямала прабегшы, ужо далекавата адышліся. Іван зірнуў на Джулію – на яе рухавым, яшчэ з адзнакамі сну тварыку відаць была вялікая стомленасць, дзяўчына ледзьве не захліпалася ад дыхавіцы. «Хоць бы вытрымала! Хоць бы яна вытрымала!» – прагна жадаў Іван, бо ў такім іх становішчы толькі ўласныя ногі маглі даць паратунак. I трошачкі аддыхаўшыся, ён зноў тузануў яе за руку. Яна – відаць было – бегла з вялізным напружаннем, але не адставала ад яго.

Шумна дыхаючы, яны ўзбеглі ўжо куды вышэй сярэдзіны лугу, ногі па калені намоклі ад расы, бег іх, аднак, з кожнай хвілінай станавіўся маруднейшым. Іван пачаў прыкметна накульгваць на правую нагу, якая стала надзіва непаслухмянай, нібы пераседжаная. Спачатку ён так і падумаў, што, задрамаўшы, адседзеў яе, але непадуладная млявасць у ёй не міналася, пад каленам круціла сухажылле. Джулія неўзабаве заўважыла тое і спалохана тузанула яго за руку:

– Іваніо, нога?

Ён правалок нагу па траве, стараючыся ступіць як мага натуральней, але гэта яму не дужа ўдалося. Тады Джулія, азірнуўшыся, кінулася да яго на калені і ўчапілася ў штаніну, хочучы агледзець рану.

– Надо вязать, да? Я немножко вязать, да?

Ён настойліва адхіліў яе рукі.

– Нічога не трэба. Давай хутчэй.

– Болно, да? Болно? – пыталася яна, зацяўшы трывогу ў вялізных сваіх вачах і запытальна ўглядаючыся ў яго. Ад стомы пад паласатай куртачкай шалёна хадзілі яе грудзі. Ускінутыя над вачыма жорсткія бровы нервова трымцелі.

– Нічога, нічога...

Перамагаючы боль, ён таропка пакульгікаў вышэй. Джуліна рука выслізнула з яго пальцаў, і ён не ўзяў яе – дзяўчына, штораз азіраючыся, бегла побач.

– Іваніо, аміка, мі будэм жіт? Скажі, будэм? – з роспаччу, ад якое разрывалася сэрца, пыталася яна на бягу.

Хлопец зірнуў на яе, не ведаючы, што адказаць, і ўбачыў столькі мальбы і надзеі ў яе позірку, што паспяшаўся схлусіць:

– Будзем, вядома. Хутчэй толькі...

– Іваніо, я хютчэй. Я бістро. Я карашо...

– Добра, добра.

Яны ўжо дабеглі да верхняе мяжы лугу. Тут недзе ў камянях пачыналася сцежка, па якой яны трапілі сюды ўначы. У гарах-скалах, мусіць, можна было б затаіцца. Але воблака, пэўна, ужо спаўзло з лугу, навокал яшчэ болей развіднела, туман увачавідкі радзеў, у праяснелых разрывах яго ўжо зусім выразна мільгалі лапікі маку, камяні. «Чорт, няўжо не вырвемся? – затрымцела трывожная думка. – Няўжо згледзяць? Не, таго не павінна быць!» – супакойваў сябе Іван і крочыў усё вышэй. Маючы немалы вопыт уцёкаў, ён разумеў усю складанасць такога становішча і ведаў, што калі немцы заўважаць іх, то, бадай, ужо не выпусцяць.

Сцяжыны, аднак, не было, яны ўсё лезлі па травяністым лугавым схіле. Добра яшчэ, што пад’ём быў некруты, адно дапякалі нізкарослыя зараснікі рададэндрану, якія моцна скалолі іх босыя ногі. Праўда, трохі вышэй пачынаўся хваёвы сланік, у ім ужо можна было схавацца. Джулія не адставала, дарма ён непакоіўся: босая, з акрываўленымі ступнямі, яна лезла трошкі ўперадзе ад яго, і, калі азіралася, ён бачыў на твары такую рашучасць уберагчыся ад бяды, якой не прыкмячаў за ўвесь іхні шлях ад лагера. Цяпер ёй быццам не шкодзілі ні камяні ў доле, ні стома, ні калючкі і патырчакі, – здаецца, нібы тыгрыца, яна гатова была люта змагац-

ца за жыццё.

– Іваніо! Скора, скора!

Ужо яна падганяла яго! Адзначыўшы гэта, Іван сцяў зубы, – здаецца, справы ягоныя станавіліся дрэнь: нага ўсё болей налівалася цяжарам. Ён цішком саўгануў разадраную штаніну ўгору і зараз жа апусціў – калена азызла, пасінела і зрабілася тоўстае, як бервяно. «Што за халера яшчэ – няўжо заражэнне?..»

А тут, як на бяду, апошняе клочча воблака праплыло міма – луг стрымана зардзеў чырванню маку. I зараз жа з туману выплылі адна, другая, трэцяя, змрочныя, як тыя камяні, постаці немцаў. Чалавек восем іх стомлена ішло цераз луг, топчучы кветкі, зазіраючы ўгору на схіл.

Далей ужо можна было не хавацца...

Іван сеў, кінуўшы на дол скуранку, побач спынілася панылая, здалося, разгубленая Джулія – некалькі секунд ад дыхавіцы яны не маглі вымавіць ні слова, толькі нема глядзелі на сваіх даганятых. А тыя адразу ж загаманілі, нехта, выцягваючы руку, паказваў на іх, данёсся зычны вокліч каманды. Усярэдзіне ланцуга валокся чалавек у паласатым, рукі яго, здаецца, былі звязаны за спіной, і двое канваіраў, калі ён спыніўся, штурхнулі яго ў плечы. Гэта быў, відаць, усё той жа вар’ят.

Немцы заварушыліся жывей і, крычучы, кінуліся ўгору.

– Ну што ж, – сказаў Іван. – Ты толькі не бойся. Не бойся. Хай ідуць!..

Каб не замінала скуранка, ён надзеў яе ў рукавы і дастаў з кішэні пісталет. Джулія нібы скамянела ў панылай маўклівасці, бровы яе зусім самкнуліся, на твары ценем лёг выраз рашучай упартасці.

– Так, пайшлі. Хай бягуць – зморацца.

– Шіссен будэт? – здзіўленым голасам сказала Джулія, нібы толькі цяпер зразумеўшы, што ім пагражае.

– Страляць далёка. Хай страляюць, калі патронаў шмат.

Сапраўды, немцы пакуль не стралялі, яны толькі крычалі сваё «хальт», але ўцекачы таропка падаліся вышэй, да зарасляў сланіку. Джулія ўжо пазбавілася першай збянтэжанасці, зноў стала рухавай, рызыкоўнай і, здавалася, гатовай да ўсяго.

– Пуст шіссен! Я не боялся. Пуст шіссен! – казала дзяўчына.

Няспынна азіраючыся, яна блізенька падскочыла да Івана і ўзяла яго за руку. Ён удзячна паціснуў яе сцюдзёныя пальцы і не выпусціў іх.

– Іваніо, эсэсман шіссен – мі шіссен! Мі нон лягер, да?

Ён заклапочана сцяў бровы.

– Вядома. Ты толькі не бойся.

– Я не бойся. Руссо Іван не бойся – Джулія не бойся.

Ён не баяўся. Вельмі ўжо шмат страху было перажыта ім за гады вайны, каб і цяпер баяцца. Як толькі немцы ўбачылі іх, ён неяк ураз супакоіўся, сабраўся ў адно, наліўся рашучасцю і спрытам – цяпер толькі б даў Бог сілы і яму, і Джуліі: прыглушаная трывога за яе ныла ў яго душы. Усе астатнія пачуцці ён задушыў у сабе, цяпер яны былі непатрэбны, яны шкодзілі. Ад гэтага часу ўступалі ў дзеянне жывёльныя інстынкты барацьбы, пачынаўся паядынак у спрыце, хітрасці, хуткасці – трэ было ўцякаць і берагчы сілы, не дапусціць на стрэл немцаў, прабіцца да аблокаў, якія з ночы нерухома ляжалі на вяршынях гор. Толькі так. Іншага выйсця ў іх не было.

 

23

 

Урэшце яны дабраліся да сланіку, але хавацца ў ім не сталі – сховішча ўжо не трэба было. Асыпаючы нагамі пясок і шчэбень, хапаючыся рукамі за калючае голле, Джулія першая ўзлезла на абрыў і спынілася. Іван, бокам заносячы хворую нагу, лез следам. На крутым месцы пад самым верхам ён проста не ведаў, як ступіць, каб вылезці з-пад кручы: гэтак балела ў калене. Тады дзяўчына наверсе ўкленчыла і працягнула яму сваю тоненькую, слабую руку. Ён зірнуў на сінія пражылкі вен на запясці і адхіліў руку – хіба яна здолела б вывалачы ягоны цяжар? Але Джулія таропка нешта затараторыла на дзіўнай мешаніне італьянскіх, нямецкіх і рускіх слоў і настойліва падхапіла яго пад локаць, неяк падтрымала, і ён урэшце ўзвалок на край сваё набрынялае цяжарам цела.

– Скоро, Іван, скоро! Эсэс!

Сапраўды, немцы даганялі іх. Пярэднія перайшлі ўжо луг і карабкаліся па круцізне, астатнія даганялі пярэдніх. Апошнім, спатыкаючыся, са звязанымі рукамі, брыў вар’ят у паласатым і з ім канваір. Нехта з пярэдніх, убачыўшы іх ля сланіку, закрычаў і выпусціў чаргу з аўтамата. Стрэлы пратрашчалі ў ранішнім паветры, водгулле гулка разнесла іх па далёкіх цяснінах. Іван азірнуўся – было далекавата, і куль ён не пачуў, а калі зноў падаўся наперад, ледзьве не наскочыў на Джулію, якая ляжала на схіле.

– Ты што?

– Нон, нон! Нон эршіссен! – азіраючыся з радасным бляскам у вачах, сказала яна і ўскочыла. На твары яе свяціўся жвавы, гарэзны азарт. – Сволячы эсэс! – звонкім абураным голасам закрычала яна немцам. – Фэрфлюхтэр! Швайн! Нікс эршіссен, аге!

– Ладна, кінь ты! – сказаў Іван.

Трэ было берагчы сілы, што карысці дражніць тых зверыядаўцаў. Але Джулія, відаць, не хацела проста так уцякаць – злосць і даўняя стоеная крыўда, пэўна, узялі сваё.

– Гітлер капут! Гітлер кретіно! Ну, шіссен, ну!

Немцы яшчэ пусцілі некалькі чэрг, але ўцекачы былі куды вышэй за даганятых, і ў такім становішчы, ведаў Іван, пацэліць з аўтаматаў было амаль немагчыма. Гэта, відаць, адчула і Джулія – тое, што навокал не дзынкнула ніводнае кулі, запаліла яе злою гарэзнасцю.

– Ну, шіссен! Шіссен, ну! Фашісто! Бріганті!*

* Ну, страляйце! Страляйце, ну! Фашысты! Бандыты! (ням., іт.)

Яна расчырванелася ад стомы і абурэння, вочы яе гарэлі злым чорным агнём, кароценькія густыя валасы матляліся ад ветру. У заключэнне свае лаянкі яна схапіла з-пад ног камень і, няўмела размахнуўшыся, шпурнула яго ўніз, – падскокваючы, ён пакаціўся далёка-далёка.

Іван ад абрыву палез першы. Як-колечы яны карабкаліся ўскрай сланіку, пад’ём рабіўся ўсё болей круты. Чорт бы яго ўзяў, гэты зараснік, добра, каб ён быў там, унізе, дзе яшчэ можна было схавацца, а цяпер ён толькі шкодзіў, калоўся, чапляўся. Лезці ж цераз яго напрасткі было страшна – так густа спляліся яго пакручастыя, як дрот, смалістыя галіны. Кідаючы раз за разам трывожныя позіркі ўгору, хлопец шукаў якой болей прыдатнай дарогі, але нічога лепшага тут не было, і гэта прымусіла яго зацяць у сабе трывогу. Угары іх чакаў новы, куды болылы за папярэдні, сыпучы абрыў, узлезці на яго яны, мусіць, не здолеюць...

Джулія, аднак, пэўна, таго не бачыла і не адчувала. Занятая сваркай з немцамі, яна крыху адстала, а пасля таропка даганяла яго. Ён, задыхаўшыся, прысеў і выцяг уніз хворую нагу.

– Іваніо, нога? – спалохана глянула яна знізу.

Ён не адказаў.

– Нога? Дай нога!

Ён моўчкі ўстаў і зноў паглядзеў на кручу, яна таксама зірнула туды, агледзела гэтую сцяну, і позірк яе ўстрывожыўся.

– Іваніо!

– Ладна. Пайшлі.

– Іваніо!

Яе твар зноў перасмыкнуўся, нібы ад болю, яна азірнулася – немцы таропка лезлі іхнім жа следам.

– Іваніо, морто будэм! Нон Тэрэшкі? Аллес нон?

– Давай хутчэй! Хутчэй! – не адказваючы, строга прыкрыкнуў ён, бо інакшага выйсця, як толькі павярнуць у сланік, у іх не было.

I хлопец закусіў вусны і шаснуў у гэты неадольны гушчар, які абмінала нават звяр’ё. Адразу калючыя іголкі сотнямі ўпіліся ў ногі, але ён не зважаў на іх – ён ашчаджаў толькі калена, ад болю і напружання на лбе высыпаў сцюдзёны пот. Не дужа асцерагаючыся, толькі сабраўшы ў вузел усё трыванне, ён ашалела палез сярод сланіку ўбок, у абход кручы.

– Ой, ой! Ой! – роспачна войкала Джулія, але таксама лезла за ім – не вельмі ўмела, не разбіраючы шляху, часта чапляючыся за калючча і падаючы.

Ён не супакойваў яе і не падганяў – ён толькі азіраўся на край стромы, дзе вось-вось павінны былі паказацца немцы.

Праўда, на гэты раз ім пашанцавала, яны амаль што дабраліся да верхняе мяжы зарасніку, калі ўнізе з-за кручы вылез першы эсэсман. Тут ён рабіўся ўжо небяспечны, бо яны хоць і адышліся далей, але мала ўзняліся ўгору – розніца ў вышыні паміж імі і немцамі была невялікая. Як толькі немец узняў галаву, каб згледзець іх, Іван таропка прыцэліўся з пісталета і стрэліў.

У гарах гулка пакацілася адгалоссе.

Вядома, ён не пацэліў: было далекавата, але немец засцярожліва шаснуў пад абрыў, і ў паветры затым разнеслася доўгая рассыпістая чарга. «Тр-р-р-р-рт... Тр-р-р-р-т... р-р-р-рт... р-р-т...» – усё далей адносячы, размножылі чаргу горы. Калі рэха сціхла, уцекачы кінуліся далей. Нечаканы пісталетны стрэл, пэўна, збянтэжыў немцаў, і на кручы нейкі час ніхто не паказваўся. Пасля на краі яе з’явілася паласатая постаць.

– Іваніо, гефтлінг!

Вар’ят, шырока расставіўшы ногі, узлез на кручу і, хістаючыся, закрычаў ім сваім недарэчна сарваным голасам:

– Руссэ! Руссэ! Хальт! Ворум ду гэйст вэг? Зі волен брот гэбэн*.

* Рускі! Рускі! Стой! Чаму ты ўцякаеш? Яны хочуць даць хлеба. (ням.)

– Цурюк! – крыкнуў Іван. – Шіссен!

Вар’ят угнуўся і кінуўся назад, там на яго, чуваць было, закрычалі немцы і, крыху счакаўшы, амаль адначасова ўсе, колькі іх было там, высыпалі з-за абрыву.

Здаецца, становішча ўсё горшала. Да седлавіны, дзе канчаўся сланік, было зусім блізка, але ўжо тут немцы маглі дастаць з аўтаматаў. Трэба было як-небудзь затрымаць іх і прарвацца за седлавіну. Іван укленчыў, прысланіў ствол пісталета да хісткае галіны сланіку і стрэліў другі раз, затым трэці. Пасля ўгнуўся, стаіўся ў нізкарослым гушчары, да яго на чацвярэньках шаснула Джулія.

– Іван, нон патрон аллес! Нон аллес!*

* Іван, не ўсе патроны! Не ўсе! (ням.)

Ён зразумеў, дакрануўся да яе худзенькага пляча, супакойваючы, – два патроны ён, вядома, пакіне на самы паследак. Ён чакаў страляніны з боку немцаў, але тыя маўчалі: шырока разбегшыся, яны таксама палезлі ў сланік. Тады ён ускочыў і, прыгінаючыся, каб хоць троху прыкрыцца, пакульгікаў угору, да седлавіны збок кручы.

Мусіць, немцы ўсё ж зрабілі памылку, што, гледзячы на іх, самі падаліся ў сланік. Гэты зараснік, аказваецца, не толькі затрымліваў рух, ён яшчэ не даваў бачыць, прыцэліцца, і пакуль яны валакліся там, Іван з Джуліяй, ледзьве жывыя ад стомы, дабраліся да седлавіны.

З апошніх сіл, усім целам чакаючы стрэлаў ззаду, яны дабеглі да яе і кулямі скаціліся на другі бок. Іван перш-наперш акінуў позіркам новы далягляд – з аднаго боку аж пад самыя нізка навіслыя аблокі ўзнімаўся гэткі ж, як і ззаду, круты камяністы схіл, з-пад ног гонка каціўся спуск у лагчыну, за якой пачыналася новая невысокая горная складка. Сям-там раскіданыя над гарамі, плылі белыя, як авечы статак, аблокі; вышэй ад іх суцэльная навісь хмар закрывала снегавыя вяршыні.

Як толькі яны выбеглі з седлавіны, Джулія, склаўшы ля грудзей далоні, упала на калені, і вусны яе таропка-таропка зашапталі нейкія словы.

– Ты што? – крыкнуў ён.

Яна не адказала, а яшчэ прашаптала некалькі слоў, і ён, дужа кульгаючы, пабег уніз. Яна тут жа ўскочыла і дагнала яго.

– Санта Марія поможет. Я просіт очен-очен...

Ён шчыра здзівіўся.

– Кінь ты! Хто паможа? Давай хутчэй!

Не ведаючы, куды падацца, і не маючы сілы лезці ўгору, яны беглі наўкос па схіле ўніз, у лагчыну. Седлавіна з кручай пакуль што затуляла іх ад немцаў. Бегчы ўніз было куды як добра: цела неслася, здавалася, само, аж падгіналіся калені. Іван, аднак, усё не мог саўладаць з нагой і вельмі кульгаў. Джулія апярэджвала яго, але далёка не адбягалася і часта-часта азіралася. Мусіць, тое, што яны вырваліся ледзьве не з-пад самага носа ў немцаў, поўніла яе жвавасцю і нейкім нястрыманым азартам. Зухавата азіраючыся, яна гаманіла з надзеяй і радасцю:

– Іваніо, мі будэт жіт! Жіт, Іваніо! Я очен хотель жіт! Браво вітта!

«Ой рана, рана радавацца!» – думаў Іван, толькі ён не пярэчыў – хай! Ён таксама азірнуўся і адразу ўбачыў, як у седлавіне з’явіўся першы эсэсман. Ён цяжка вылез з-за выспы – рослы, у падцятых брыджах, мундзір на ім быў расшпілены, і на грудзях бялела сарочка. Не, ён не спяшаўся страляць, хоць яны былі і не дужа далёка ад яго і куды ніжэй, – ён з паўхвіліны ўзіраўся ў іх, стоячы на месцы, а пасля загаманіў нешта тым, што, пэўна, ззаду падыходзілі да яго, і зарагатаў. Рагатаў ён доўга, штосьці гукаў наўздагон, пасля спакойна сеў сабе ў седлавіне і зняў пілотку.

Джулія падскочыла да Івана і затармашыла яго за рукаў.

– Іваніо, Іваніо, смотрі? Он кароші тэдэско! Он пустіль нас? Пустіль нас! Пустіль... Смотрі!

Хлопец бачыў усё і не мог даўмецца, чаму яны не стралялі і не даганялі, чаму яны кінулі іх і, сабраўшыся купай, пасталі на гары. Адзін з іх адышоўся ўбок і, замахаўшы аўтаматам, пачаў крычаць:

– Шнэллер! Шнэллер! Ляўф шнэллер!*

* Хутчэй! Хутчэй! Уцякай хутчэй! (ням.)

– Іваніо, он пускай нас! – бегучы, радасна лепятала Джулія. – Мі жіт, мі жіт!

Іван маўчаў.

«Што за халера? Што за жарты? Што яны надумалі?» Ягоная галава ледзьве не разрывалася ад таго, што ён не мог зразумець новыя выкруты ворага. Гэта сапраўды было дзіўна. Але ён ведаў, што тое – не так сабе, што немцы не ад дабраты свае спынілі пагоню, што ворагі рыхтуюць нешта яшчэ болей кепскае.

Але што?

Яны дабеглі ў самы ніз лагчынкі, прадраліся праз рададэндран на другі яе бок – невысокі, адхоністы ўзлобак – і знясілена пайшлі ўгору. Пясчаныя выветрыны і калючкі нізкарослай травы ўшчэнт скалолі іх ногі, але цяпер яны ўжо не адчувалі жорсткасці долу – Джулія то выбягала наперад, то вярталася, азіраючыся на немцаў угары. Яна радавалася ўсё болыл, чым далей яны адыходзілі ад седлавіны. Аднак яго панылы выгляд, урэшце, не мог не ўстрывожыць яе.

– Іваніо, почему фур’ёзо? Нога, да? – пыталася яна.

– Не нага...

– Почему? Мі будэт жіт, Іваніо. Мі убегат...

Здаецца, ён ужо здагадаўся, у чым была справа. Не адказваючы ёй, хлопец подбегам кульгікаў па ўзлобку, які далей крута загінаўся ўніз. Тым самым ён хаваў іх ад немцаў, гэта было добра, але...

Яны выходзілі з-за пагорка, і тут, пэўна, Джулія таксама нешта ўцяміла і спынілася. Горы наперадзе раптам раздаліся, упоперак іх шляху вялікім прасцягам засінела паветра – унізе ляжала змрочная цясніна, з якой клубіўся, поўз угору туман.

Абое моўчкі дабеглі да кручы і адхіснуліся – схіл, быццам у прорву, крута падаў у затуманеную бездань, у якой дзе-нідзе шарэлі языкі нерасталага снегу.

 

24

 

Джулія ляжала на каменным выступе за пяць крокаў ад абрыву і плакала. Ён не суцяшаў яе, не супакойваў – ён сядзеў побач, абапёршыся рукамі на шурпаты замшэлы дол, і думаў, што, пэўна, на тым усё скончыцца. Наперадзе і збоку да іх падступала круча, з другога пачынаўся круты скалісты пад’ём пад самыя аблокі, ззаду ў седлавіне сядзелі немцы. Атрымлівалася поўная, самая адмысловая пастка – трэба ж было гэтак наглуха ўлезці! Для Джуліі гэта было асабліва нечакана і пакутна пасля яе раптоўнай надзеі вырвацца, і ён цяпер не ўгаворваў дзяўчыны – не меў для гэтага слоў.

З правалля несла золкаю сырасцю. Іх разгарачаныя целы пачалі астываць; навокал у скалах, нібы ў гіганцкіх комінах, гуў вецер; было хмарна і дужа няўтульна. Але чаму немцы не ідуць да іх, не страляюць? Стоўпіліся ўгары ў седлавіне – адны сядзяць, другія стаяць, абступіўшы паласатую постаць вар’ята гефтлінга. Іван угледзеўся і зразумеў – яны забаўляліся: курачы, тыцкалі ў яго цыгаркамі – то ў лоб, то ў спіну, – і вар’ят са звязанымі рукамі ўюном круціўся між іх, пляваўся, брыкаўся, а яны знай сабе рагаталі ды зноў тыцкалі ў яго цела цыгаркі.

– Руссэ! Рэттэн! Руссэ!* – данёсся роспачны крык вар’ята.

* Рускі! Ратуй! Рускі! (ням.)

Іван насцярожыўся – сволачы, што яны яшчэ рабілі там? Чаму яны такія бязлітасныя і бесчалавечныя да сваіх і чужых – да ўсіх? Няўжо гэта ад душэўнае нізасці і дзеля забавы?

Падобна было, яны чагосьці чакалі. Толькі чаго? Можа, якой дапамогі? Ну, але цяпер ужо мала страху, цяпер пэўная фініта, як кажа Джулія; чацвёртыя яго ўцёкі, відаць, стануць апошнімі. Шкада толькі гэтае маленькае дзіва – гэтую цыбатую чарнавокую гаварліўку, шчасце з якой было такое хмельнае і нядоўгае. Хоць, праўда, ён і так быў удзячны Богу, ці лёсу, ці, можа, выпадку, якія паслалі яе ў самы апошні час; цяпер, пасля ўсяго, паміраць побач з ёй было ўсё ж лягчэй, чымсьці ў ненажэрнай печы крэматорыя.

Джулія, здаецца, выплакалася, не хліпала, плечы яе перасталі ўздрыгваць, толькі часам пацепваліся, – мусіць, ад холаду. Ён зняў з сябе скуранку і, пацягнуўшыся да дзяўчыны, беражна ахінуў яе. Джулія ад таго здрыганулася, – відаць, перасіліла сябе, села і запэцканымі, паздзіранымі кулачкамі пачала старанна выціраць заплаканыя вочы.

– Плёхо, Іваніо. Ой, ой, плёхо!..

– Нічога, нічога. Не бойся! Тут два патроны, – паказаў ён пісталет.

– Нон фортуна Джулія. Фіна. Фіна вітта* Джулія, – журботна казала яна.

* Канец жыцця. (іт.)

Ён круціўся, варочаючыся ў доле, сачыў за немцамі, і ўнутры ў яго ўсё разрывалася ад бездапаможнасці і роспачы. Усё ж перад сваім сумленнем ён адчуваў сябе адказным за яе жыццё – толькі што можна было зрабіць? Калі б хоць трохі даступнейшая была круча, а то над безданню навіс пракляты карніз, за ім вытыркаўся другі, а дзе тое дно, і не згледзець было ў змрочным тумане. Ды зноў жа нага, хіба з ёй можна было не сарвацца з такой круцізны?

– Руссэ, рэттэн! Руссэ!.. – аслабела крычаў з седлавіны вар’ят.

Джулія тым часам, убачыўшы на гары немцаў, прыўстала на калені і сварліва-пагрозліва замахала на іх сваімі маленькімі кулачкамі.

– Фашісто! Бріганті! Сволачі! Нэмт унс дох!* Ну!

* Бярыце нас! (ням.)

У седлавіне прымоўклі, прыціхлі, і вецер неўзабаве данёс прыцішаны адлегласцю голас:

– Эй, рус унд гуррін! Мі вас скоро убіваль!..

I следам другі:

– Ком плен! Бросай холодна гора. Шпацірэн горячо крэматоріум.

Джулін твар зноў разгарэўся запальчывай злосцю.

– Геркомэн! – махала яна кулачкамі. – Ком нэйм ір геркомэн унд унс голен! На ір ангст!..*

* Наце! Наце! Ідзіце, вазьміце нас! Ага, баіцеся!.. (ням.)

Немцы выслухалі яе данесены ветрам голас, і адзін перад адным пачалі крычаць непрыстойнасці. Джулія, пакутуючы ад свае бездапаможнасці ў такім паядынку, толькі кусала вусны. Тады Іван узяў яе за плечы і прыгарнуў да сябе, дзяўчына паслухмяна падалася, прыпала да грудзей і ціха ў неспатоленай роспачы, як маленькае дзіця, заплакала.

– Ну, не трэба. Не трэба. Нічога, – недарэчна супакойваў ён, сам з усяе сілы душачы ў сабе пяшчоту і роспач.

Джулія, здаецца, неўзабаве сціхла, і ён доўга трымаў так яе ў сваіх абдымках, паныла думаючы, як здорава ўсё пачалося і як недарэчна канчаецца. Пэўна, зусім ён няўдачнік, самы недалужны з усіх людзей – не здолеў скарыстаць такой магчымасці, з-за якой прапалі чатыры хлопцы. Відаць, Галадай, Янушка і іншыя зрабілі б гэта куды больш умела – ужо дабраліся б да Трыеста і білі б немчуру ў партызанах, а ён вось увяз тут, у гэтых праклятых гарах, ды яшчэ, нібы воўка, даў загнаць сябе ў пастку. Эх, трэба было, як і браўся, ірваць тую бомбу – няхай бы ўцякалі спрытнейшыя. А так вось... Яшчэ загубіў і Джулію, якая паверыла табе. Спраўдзіў ты яе надзеі, няма чаго сказаць! Ды яшчэ нагаварыў, аб чым цябе не прасілі. Гэта было ўдвая кепска і балюча – усе намаганні, выходзіць, дарэмныя, усе надзеі рухнулі так недарэчна і так нешчасліва.

Ён туліў да грудзей яе заплаканы твар і цьмяна праз боль сваіх пакут адчуваў і яе боль, таксама як і пяшчотнасць яе рук на сваіх плячах, гэта па-ранейшаму кранала да самай душы, і ад таго было яшчэ горш.

Пасля Джулія села побач, паправіла рукой раскіданыя ветрам валасы.

– Мало, мало валёс. Нон болшой валёс. Нікогда.

Ён сядзеў насупраць і ад безвыходнасці толькі скрыгаў зубамі. Ягонае ўяўленне ніяк не магло прымірыцца з немінучай пагібеллю. Але што зрабіць?

– Іваніо! – раптам ажывела ўсклікнула яна. – Давай манджаре хляб. Ест хляб.

Яна дастала з кішэні абкрышаную іх пайку і з нечаканаю радасцю ў сумных вачах разламала яе напалам.

– На, Іваніо!

Ён узяў. Гэта быў болылы кавалак, чым той, што застаўся ў яе, але ў гэты раз Іван не стаў дзяліцца-мерацца – цяпер гэта было не так важна. З вялікаю і незразумелаю асалодаю яны праглынулі хлеб – апошнюю рэштку свайго прыпасу, які хлопец ашчаджаў да Мядзведжага хрыбта, і ён з новаю самотай адчуў непазбежнасць канца. Дзіўна было, але гэтая пайка раптам здалася апошняй магчымасцю выжыць, – з’еўшы яе, яны тым самым нібыта падагулілі ўсе свае жыццёвыя клопаты, і цяпер засталося толькі адно – перабыць якія хвіліны і канчаць. Івана зноў ахапіла туга ад марнасці столькіх яго намаганняў і ў такі час! Хлопцы на ўсходзе ўжо вызвалілі родную зямлю, выйшлі да граніц Саюза, і ён не сустрэне іх, хоць так ірваўся насустрач...

Джулія ламала рукі, у роспачы аглядвала змрочныя дзікія закуткі гор і кідала кароткія позіркі на тых, што не адыходзілі, сядзелі, пільнавалі іх тут.

– Іваніо! Где ест Бог? Где ест мадонна? Где ест справьядлівост? Почему нон кара фашізм?– пытала яна, роспачна выцягваючы на каленях тонкія смуглявыя кісці.

– Ёсць справядлівасць! – прахопліваючыся ад гора, крыкнуў ён. – Будзе кара! Будзе!

– Где ест кара? Где? Энгліш? Амерікано? Советуніон?

– Так! Савецкі Саюз! Ужо ён не даруе ім гэтага! Ён паламае хрыбты гэтым сволачам!

– Да? Правда? Советуніон сілно? Правда?

– Ну, вядома.

Джулія з раптоўнай абнадзейнасцю ў вачах памкнулася да яго.

– Он карашо? Справьядліво? Благородно? Іваніо вчера говорі неправду, да? Шутіль, да?

Ён сцяўся, як ад удару, адчуўшы сэнс тых яе слоў, што вырваліся з напоўненае тугою душы, некалькі секунд напружана згадваў, а пасля, быццам у новым святле і зусім інакшым, чымсьці раней, убачыў і яе, і сябе, і далёкую сваю радзіму, і тое, чым яна была для яго ўсё жыццё і чым магла быць.

– Да! – рашуча сказаў ён. – Я жартаваў. Я хлусіў. Усё тое няпраўда. Мая радзіма – цудоўная. Добрая. Справядлівая. Лепш за яе няма. I людзі, і зямля! А што яшчэ будзе! Пасля вайны! Як павесяць Гітлера. Ты пабачыш...

У неадольнай нястрымнасці ён ірвануў з долу жорсткія на камянях нараслі моху, у душы яго ўзнялася вірлівая хваля шырокага, да болю нясцерпна-тужлівага пачуцця да сваёй далёкай краіны, падступіла да горла, сцяла. Ён болей нічога не мог сказаць, бо адчуў, што гатовы заплакаць, чаго ніколі з ім не здаралася.

Джулія, мусіць, заўважыла тое і лагодна дакранулася да яго калена.

– Зачем так шутіль? Плёхо шутіль...

– Прабач.

Але немцы нядоўга дзівіліся іхняе вольнасці – неўзабаве нехта з іх сарваў аўтамат і, не цэлячыся, выпусціў чаргу. Кулі сям-там выбілі на камянях таропкія дымкі, якія хутка падхапіў вецер. Іван тузануў Джулію за палу скуранкі, дзяўчына неахвотна ўгнулася і затуліла галаву за камень. «Страляйце, сволачы, страляйце! Хай чуюць, – падумаў ён, маючы на ўвазе лагер, у якім заўжды прыслухоўваліся да кожнага стрэлу з гор. – Хай ведаюць: яшчэ жывыя!»

Некалькі хвілін яны ляжалі за каменным бар’ерам і слухалі, як над цяснінай веснавым громам грукаталі чэргі. Кулі, аднак, рэдка заляталі сюды: мусіць, немцы болей палохалі. Пасля аўтаматы змоўклі, далёка адляцеўшы, рассыпалася і яшчэ не паспела заглохнуць рэха, як аднекуль з-пад лугу данесліся новыя, вельмі знаёмыя гукі. Ускінуўшы голаў, Джулія памкнулася нешта сказаць, але Іван жэстам спыніў яе, – абое яны ўслухаліся, напружанымі позіркамі ўзіраючыся адно ў аднаго, і Іван злосна вылаяўся – за седлавінай брахалі сабакі.

Невядома, што тут сталася з хлопцам, – стоены, даўні гаеў раптоўна выбухнуў у ім. Іван усхапіўся, цяжка ўзняўся на шырока расстаўленыя хворыя ногі і стаў – угнуўшыся, страшны, раз’юшаны, безуважны да небяспекі.

– Звяры! – закрычаў ён на немцаў. – Шакалы! Самі баіцеся – памочнікаў ведзяцё! Вядзіце, ну! Пушчайце! Чорта вам у зубы! Во! Не возьмеце вы нас! Во! Зразумелі?

Яны, пэўна, лёгка маглі б застрэліць яго, але не стралялі – прыціхшы, яны намагаліся зразумець раптоўны бунт гэтага флюгпункта і наўрад ці зразумелі. А Івана, мусіць, ад нервовай узбуджанасці раптам працяў холад, цела яго зябка закалацілася, здаецца, пачыналася гарачка. Выкрычаўшы ўсё, хлопец міжвольна азіраўся – угары трохі праяснілася, у хмарнай навалачы з’явіліся блішчастыя, зіхоткія ад ранішняга сонца прагалы блакіту. Здалося, вось-вось павінен быў выплысці з хмар Мядзведжы хрыбет, да якога яны не дайшлі. Вельмі захацелася ўбачыць у небе сонца, але яго яшчэ не было, і ад таго стала дужа паныла.

Затым ён і апусціўся на дол – тое, што павінна было вось-вось здарыцца, ужо не цікавіла яго – ён ведаў усё, што будзе. Ён нават не зірнуў, калі сабакі з’явіліся ў седлавіне, хлопец адчуў гэта па брэху і валтузні – відаць, аўчаркі ўвесь час ішлі па іхнім следзе і раз’ятрыліся пагоняй.

Джулія раптам кінулася да яго, схілілася і затуліла рукамі твар.

– Ой! Нон собак! Нон собак! Іваніо, эршіссен! Эр-шіссен!..

Гнеў і збянтэжанасць, выбухнуўшы ў ім, адразу мінуліся, ён зноў стаў спакойны і роўны, з адною толькі турботай у душы – трэба канчаць. Забіць сябе было проста, куды цяжэй было зрабіць гэта з Джуліяй, але ён мусіў рабіць толькі так. Нельга было дапусціць, каб эсэсаўцы жывымі прыгналі іх у лагер і вешалі на страх іншым, – хай валакуць мёртвых. Калі ўжо не ўдалося здабыць волю, дык належала дапячы ім хоць сваёй смерцю.

У гэты час немцы пусцілі сабак.

Адна, дзве, тры, чатыры, пяць рудых, спушчаных з павадкоў аўчарак, распластаўшыся на бягу, шыбанулі па схіле ўніз; за імі выбеглі немцы. Імгненна сцяміўшы, што праз некалькі секунд яны апынуцца тут, Іван ускочыў, ірвануў за руку Джулію, тая кінулася яму на шыю і захліпнулася. Ён у глыбіні душы адчуваў, што трэба нешта сказаць, – самае галоўнае, самае важнае, але словы чамусьці зніклі. Сабакі ўжо несліся па лагчыне. Тады ён ірвануў яе ад сябе, штурхнуў на край кручы, да бездані. Дзяўчына не супраціўлялася, яна ўсё хліпала, нібы задыхалася, вочы яе сталі вялізныя, але слёз у іх не было – толькі знямеў сцяты страх і задушаны самою ў сабе крык...

На абрыве ён кінуў позірк у глыбіню бездані – яна па-ранейшаму была змрочнай, сырой і сцюдзёнай; туману, аднак, там паменшала, і ў яе прорве выразней забялелі снежныя плямы. Адна з іх вузкім доўгім языком узбіралася ўгору, і ў яго раптам выразна бліснула думка-надзея – вялізная, дужа шчаслівая і страшная. Баючыся, што не паспее, ён нічога так і не сказаў Джуліі, а апусціў ужо ўзняты было пісталет і штурхануў дзяўчыну на самы край бездані.

– Скачы!

Яна адразу спалохана адхіснулася ад прадоння, ён яшчэ крыкнуў: «Скачы на снег!», але яна зноў усім целам хіснулася назад і заплюшчыла вочы.

Сабакі тым часам выскачылі на ўзлобак ззаду. Іван адчуў гэта па іхнім брэху, які гучна прарваўся за самай спіной. Тады хлопец сціснуў у зубах пісталет і падскочыў да дзяўчыны. З раптоўнаю сілай ён схапіў яе за каўнер і штаны, ускінуў над галавой і, як здалося самому, шалёна шпурнуў нагамі ў прадонне. У апошняе імгненне паспеў згледзець, як распластанае ў паветры яе цела мільганула цераз карніз, а ці трапіла яно ў снег, ён ужо не бачыў. Ён толькі зразумеў, што самому з хворай нагой гэтак не скочыць.

Сабакі ашалела залямантавалі, убачыўшы яго, і хлопец падаўся на два крокі ад кручы. Наперадзе з пагорка на яго імчаўся паджары шыракагруды ваўкадаў, на галаве якога тырчала чамусьці адно вуха, – ён сігануў цераз камяні і высока ўзляцеў на дыбы ўжо зусім побач. Іван не цэліўся, але з нетаропкаю, амаль нечалавечаю ўвагай, на якую толькі намогся, стрэліў у яго разяўленую клыкастую зяпу і, не стрымаўшыся, зараз жа ў наступнага. Аднавухі з лёту юзам шаснуў міма яго ў правалле, а другі, на бяду, быў не адзін, з ім поплеч бегла яшчэ два, і хлопец у якую долю секунды не паспеў сцяміць, пацэліў у яго ці не.

Гэтае яго недаўменне абарваў ашалелы ўдар у грудзі, нясцерпны боль пранізаў горла, коратка бліснула хмарнае неба, і ўсё назаўжды знямела...

 

Замест эпілога

 

«Здравствуйте, родные Ивана, здравствуйте, люди, знавшие Его, здравствуй, деревня Терешки возле Двух Голубых Озер в Белоруссии...

Это пишет Джулия Новелли из Рима и просит вас не удивляться, что незнакомая вам синьора знает вашего Ивана, знает Терешки у Двух Голубых Озер в Белоруссии...

Конечно, вы не забыли то страшное время в Европе – черную ночь человечества, когда, приходя зачастую в отчаяние, тысячами умирали люди. Одни, уходя из жизни, принимали смерть как благословенное освобождение от мук, уготованных им фашизмом, – это давало силы достойно встретить финал и не преступить совести. Другие же в героическом единоборстве сами ставили смерть на колени, являя человечеству высокий образец мужества, и погибали, удивляя даже врагов, которые, побеждая, не чувствовали удовлетворения – столь относительной была их победа.

Таким человеком оказался и ваш соотечественник Иван Терешко, с которым воля провидения свела меня на трудных путях неравной борьбы и утрат. Мне пришлось разделить с Ним последние три дня Его жизни – три огромных, как вечность, дня любви, познания и счастья. Правда, Богу угодно было не дать мне разделить с Ним и смерть – рок или обычный нерастаявший сумет снега помешал мне разбиться в пропасти, которую я предпочла крематорию. Потом меня подобрал человек, не лишенный доброго сердца в груди. Конечно, это случилось позже, а в тот первый миг в пропасти, когда я открыла глаза и поняла, что жива, Ивана в живых уже не было. Вверху под облаками утихал вой псов, и лишь эхо последних двух выстрелов, отдаляясь, грохотало в ущелье.

Постепенно я возвратилась к жизни, которая без Него поначалу казалась мне лишенной всякого смысла. Долгие месяцы моего одиночества полнились лишь тремя скорбными и счастливыми днями, прожитыми с Ним. Я бы могла описать вам, какой это был человек, но, думаю, вы лучше меня знаете Его. Я хочу только сказать, что вся моя последующая жизнь проходит в ярком свете, излученном встречей с Его личностью, так же как и моя скромная общественная деятельность в Союзе борьбы за мир, в издании профсоюзной газеты, наконец, в воспитании сына Джиованни, которому уже 18 лет и который готовится стать журналистом. (Между прочим, это он перевел на русский язык мое письмо, хотя и я изучила этот язык, но, конечно, не так совершенно, как сын.) Еще в моем кабинете висит карта Белоруссии, страны, так сердечно любимой Иваном. К сожалению, я не могу найти на ней деревни Терешки у Двух Озер – надеюсь, вы мне великодушно поможете в этом. И еще – фото... Хотя бы какое-нибудь: детское, юношеское или чего лучше – солдатское...

Иногда, вспоминая Его, содрогаюсь от мысли, что могла бы попасть в другой лагерь или не увидеть Его схватки с командофюрером и не побежать за ним после памятного взрыва – пройти в жизни где-то близко от него и не соприкоснуться с ним. Но этого не случилось, и теперь я говорю спасибо провидению, спасибо всем испытаниям, выпавшим на мою долю, спасибо всем закономерностям и случаю, сведшим меня с Ним и так неожиданно повернувшим всю мою жизнь.

Вот и все. Финита.

Прощайте, незнакомые земляки Его, прощайте, Его родные, прощайте, далекие Терешки у Двух Голубых Озер, жить возле которых очень заветно хотела и я. Не забывайте своего земляка, как не забываем Его мы.

С благодарением всем – родившим, воспитавшим и знавшим Человека, истинно русского по доброте и достойного восхищения в своем мужестве.

Спасибо, спасибо за все.

С уважением и любовью к вам Джулия Новелли из Рима».


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: http://www.rv-blr.com/demo/all_glava/3103