epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Балота

Выбраўшыся са змрочных, воглых на ранку лесавых нетраў, дзе яны праблукалі палову начы, Гусакоў апынуўся на краі жытняга поля і аж уздыхнуў з палёгкай – тут хоць стала відаць. Наперадзе, над прысмужанай сцяной суседняга лесу, паўзло ўгару зырка-агнянае кола летняга сонца. Промняў ад яго яшчэ не было ў чыстым пагодным небе, якое шырока залілося над лесам ранішняй чырванню і хутка святлела. Святлела і ў полі, дзе жытнёвыя нівы-палоскі чаргаваліся з ячменнымі, пшанічнымі, а то і бульбянымі ніўкамі. Зусім як колісь у аднаасобніцкай Заходняй Беларусі, дзе Гусакоў бліз году служыў у пагранкамендатуры. Але тут не заходняя, тут павінна быць усходняя, тут тыя ніўкі даўно павінны быць пераараныя трактарамі, а зямля абагульненая ў калгасы. Другі раз за сённяшнюю ноч яго агарнула трывога: а ці туды яны трапілі? Першы раз ён затрывожыўся, калі на вялізным скошаным лузе, дзе яны прызямліліся на парашутах, іх ніхто не спаткаў, ніякага партызанскага дазору там не было. Праўда, не было і нямецкай засады. У глухой цемры яны паспелі сабраць свае надзімастыя парашуты і пасля трохі завалтузіліся ў балацявіне, пакуль патапілі іх пад лазовым кустоўем. Добра намоклі прытым, ён набраў у боты вады, а ягоны памагаты Агрызкаў аж да пояса ўваліўся ў багну. Зрэшты, тое – бяда не вялікая, дзень абяцаў быць пагодны – высахнуць. Горай, што ўначы нельга зарыентавацца, вызначыць, дзе яны і куды патрапілі. Заставацца на лузе было небяспечна, і яны па компасе рушылі хмызнякамі на захад. Пасля ўзбіліся на палявую дарожку, і яна прывяла іх у стары хвойны лес, з якога ўрэшце выбавіліся ў гэтае жытняе поле.

Трохі счакаўшы спадарожнікаў, Гусакоў памалу пайшоў па жытнёвай мяжы, сцёбаючы воглымі з начы ботамі ў рамонках, васільках ды іншых палявых красках, усё ўзіраючыся наперад, каб не наткнуцца на якую нечаканасць. Найбольшая небяспека, вядома, ішла ад людзей. Людзі, канешне, могуць быць розныя – партызаны, падпольшчыкі, але ж, мабыць, нямала і здраднікаў ды паліцаяў, спатыкацца з якімі зусім нс выпадала савецкаму камандзіру Гусакову. Уначы, ведама, было лепей, ноч памагала, але як было мінаваць дзень? Можа, лепей перадняваць, зарыентавацца па карце і пасля рашаць, куды ісці далей, думаў Гусакоў. Бо ўжо было пэўна, што яны апынуліся не там, дзе павінны былі апынуцца і дзе іх чакалі. Але хто ў тым вінаваты? Канешне, летуны. Ім абы куды скінуць, а там як хочаце, – хоць у палон да акупантаў. Яны дакладуць, што заданне выканана, – рыхтуйце ўзнагароды. Хто іх праверыць? А тут выгрэбвайся як умееш.

У полі яны пайшлі рэдкім ланцужком на дыстанцыі бяспекі, – як і належала паводле партызанскай інструкцыі, якую тры дні перад вылетам вывучаў Гусакоў. Там было ўсё вызначана: як зарыентавацца ў лесе па пні спілаванага дрэва, як пры сырых запалках распаліць вогнішча, як правільна закласці толавую шашку пад рэйку ды шмат што іншае. Але не было сказана, што рабіць, калі цябе не спаткалі там, дзе павінны былі спаткаць. Або як знайсці ў гэтых лясах патрэбную базу, калі яна строга засакрэчаная. Кажуць, – компас, ідзі па компасе. Але што компас, калі невядома, дзе ты ёсць, дзе апынуўся пасля шаталомнай начы? Застаецца хіба – ісці ў вёску і пытацца ў якой цёткі: дзе знаходзіцца партызанская база?

Во становішча! I гэта ў першыя суткі пасля прызямлення. Жытнёвая ніўка канчалася, у канцы яе цямнела прывабная здаля купка маладога бярэзнічку, і Гусакоў павярнуў туды. Трэба было памеркаваць, што рабіць далей.

Пад бярозкамі ляжаў густы росны засень, ён тут няблага туліў ад наваколля, у якім непадалёк за жытам вытыркаліся вяршаліны бухматых дрэваў. «Ці не ад якой вёскі?» – з засцярогай падумаў Гусакоў перш чым апусціцца на дробную траўку долу. Неўзабаве падышоў старшына Агрызкаў, – статны, крутаплечы хлопец у юфтовых ботах. Ні пра што не пытаючыся, ён зняў з пляча свой ППШ і як быў – з цяжкаватым рэчмяшком за спіной адкінуўся на траву. Яны моўчкі аддыхваліся, чакалі трэцяга з іхняе групы – фельчара Тумаша, чалавека старэйшага за іх абодвух, канешне ж, з запасных, якога належала даставіць партызанам.

– Што? – хрыплавата вымавіў той, валюхаста датэпаўшы да астатніх. – Перакур?

– А ты курыш? – перапытаў яго Агрызкаў. Пазнаёміліся яны толькі на аэрадроме перад тым, як скокнуць у ноч, раней Тумаша нават не бачылі і цяпер прыглядаліся да новага чалавека. Які ён?..

– Я дык не куру, – мовіў Тумаш. – Але ж вы, мабыць, курыце?

– I мы ня курым, – сказаў Агрызкаў, з асалодай выцягваючыся ў доле. – Курыць урэдна для здароўя.

– Яно так. Здароўе і партызану не шкодзіць...

Гэта была звычайная балбатня падначаленых, якія ні за што канкрэтна не адказвалі. Не тое што камандзір групы, галава якога трашчала ад нязбыўнага клопату, што гэтак знянацку на іх зваліўся. Яго спадарожнікі ляжалі сабе, з асалодай выцягнуўшыся на траўцы, счакаўшы і Гусакоў зняў з-за плячэй свой рэчмяшок, расшпіліў кірзовую палявую сумку, з якой найперш выняў даволі пакамечаную за дарогу карту і разгарнуў на траве.

– Ну што там? – лежачы, азваўся Агрызкаў. – Далёка топаць яшчэ?

– Спярша трэба ўведаць, дзе мы? – азваўся Гусакоў. – Гэта як мінімум.

– А максімум?

– А максімум – той жа мінімум, – загадкава патлумачыў начальнік.

– Да-а... Раздалбаі летуны...

Пэўна ж так, раздалбаі лётчыкі. Нелыа ж дапусціць, што іх не спаткалі партызаны. Такога не магло быць... А можа, і было – і тое і гэта зусім нават магчыма, нечакана падумаў Гусакоў. Працуючы ў штабе партызанскага руху, ён ужо што-колечы чуў пра летуноў, як і пра партызанаў таксама. Але і Агрызкаў павінен быў што-нішто ведаць, бо хоць за лінію фронту выпраўляўся ўпершыню, усё ж служыў у дыверсійным аддзеле. Ня тое што Тумаш.

– Доктар, ну як ты скокнуў? – звярнуўся да яго Агрызкаў. – У штанах суха?

– Ды скокнуў! – адмахнуўся Тумаш. – Добра, што ноч, ні чарта не відаць. А ўдзень усё магло быць.

– У некаторых горай бывае, – тонам бывалага парашутыста сказаў Агрызкаў. – I ўначы тожа.

З выгляду яны быццам бесклапотна перагаворваліся, а твары ў абодвух былі напружаныя, і ўсё часцей абодва пазіралі і на камандзіра, ад якога залежала цяпер усё наступнае. Ды і што ён мог ім сказаць? Колькі хвілін ён вывучаў карту, і ўсё болыны неспакой агортваў яго – ніводнага знаёмага арыенціра. Ні лугу, ні лесу, ні якога падобнага да гэтага поля. Яўна карта ніяк не дастасоўвалася да канкрэтнай мясцовасці. Дзе тая, патрэбная ім дарога да возера, дзе Востраў Барок ва ўрочышчы Багавізна, што зялёнаю плямай балота заняло палову аркуша карты? Дзе яны ў натуры? У якім накірунку? На захад, поўдзень, усход? Куды ім кіравацца далей? Мусіць, сапраўды давядзецца ісці ў вёску.

– Старшына! – клікнуў камандзір з ціхай рашучасцю. – Трэба вызначыцца.

Агрызкаў адразу насцярожыўся, хаця і не скрануўся з месца.

– Гэта як?

– Трэба спытацца, якая то мясцовасць. Якая вёска?

– А дзе вёска?

– Там, за полем.

Старшына пачаў уставаць – відаць было, марудна і неахвотна. Седзячы, начапіў на сябе рэчавы мяшок, падняўся на адно калена, затым на другое.

– Рэчмяшок пакінь. Тумаш возьме.

Борзда скінуўшы з плячэй цяжкі рэчмяшок, Агрызкаў з аўтаматам у апушчанай руцэ паціху пайшоў па мяжы жытняй нівы. З-пад нізка навіслага вецця Гусакоў прасачыў за ім аж пакуль той не схаваўся за збажыной.

– Да-а, – няпэўна зазначыў Тумаш. – Як цяпер быць? Камандзір нервова перасмыкнуў тварам. Фельчар яўна разьлічваў на размову ці хоць бы на адказ, але Гусакову было не да размовы. Свой клопат ён прывык трываць моўчкі і менш ім дзяліцца з кім бы то ні было. Тым болей з чалавекам староннім ці падначаленым. Зрэшты, на тое самае напіралі і ў асобым аддзеле, куды яго выклікалі перад вылетам і дзе ён пакінуў немаведама якую па ліку «падпіску аб неразглашэнні». Кепска, што ягоных спадарожнікаў у каманду сабралі паспешліва, мабыць, каго трэба было тэрмінова пераправіць у партызанскі тыл, карыстаючыся ягонай камандзіроўкай. Інструктаж давалі кароткі, для адчэпнага, як, зрэшты, і яму таксама. Хаця хто думаў, што ўсё так атрымаецца? Ён ужо ведаў, як гэта небяспечна блукаць па варожым тыле, поўным нямецкага войска, паліцыі, розных мясцовых здраднікаў. Але ж во давялося... Як цяпер выйсці з такога становішча?

– Тумаш, ты дзе ваяваў? – запытаўся Гусакоў, уважліва зірнуўшы на фельчара, на яго зморшчаны, мабыць, нядаўна абгарэлы, чырвоны твар.

– Ды ў танкавай брыгадзе.

– Танкіст, значыць?

– Фельчарам быў.

– Панятна, – сказаў Гусакоў і падумаў: трэба было яго, а не старшыну паслаць у вёску, бо старшына, хоць і назваўся разведчыкам, аднак ці не трапіў у тую разведку ўпершыню?

Ведама, тут назвацца можна як хочаш – дакументы і пагоны яны здалі ў штаб і з выгляду былі ўсе роўныя.

Засцярожліва азіраючыся па баках, Агрызкаў выйшаў з-за жытняе нівы і стаіўся пад грушкай.

Грушка была маладая, нізкарослая і бухматая на сонечным прыволлі, калючае яе сучча абвісала да самага долу і добра затуляла чалавека. Наперадзе за платамі і агароджамі ляжала невялічкая прылесная вёска – агароды, бульбоўнікі, далей – хлеўчукі і будынкі пад саламянымі стрэхамі, за імі некалькі высокіх дрэваў. З закапцелага коміна крайняе хаты віўся ўгару слабы дымок, гатаваўся сьняданак. А за плотам, сярод бульбяных барознаў хадзіла танклявая, мабыць, не старая яшчэ кабета, штось узіралася долу, часам нагіналася, поркалася ў баразёнках. Болей паблізу ў вёсцы нікога не было бачна. Збоч, крыху наводшыбе ля кустоўя пасвіўся прывязаны на вяроўку конь. Каб там быў чалавек, Агрызкаў падышоў бы да яго, занытаў. Ды чалавека ля каня не было, зыачыць, давядзецца яму гукнуць тую цётку. Ён, аднак, не спяшаўся, лежачы пад грушкай, чакаў, калі кабета падыдзе бліжэй. Сонца ўжо даволі высока паднялося ў небе і няблага прыгравала ягоныя плечы, штаны ззаду і боты памалу падсыхалі пасля начнога купаньня ў балоце. Агрызкаў думаў, што ўвогуле то – кепскі знак, такі няўдалы пачатак. Галоўнае – не было сувязі. А ён ужо чуў, як нядаўна гаварыў ягоны начальнік генерал, што без сувязі ў тыле ворага – вельмі блізка хана. Можна аддаць жыццё за радзіму. Агрызкаў аддаваць сваё жыццё не хацеў. Нават і за сваю савецкую радзіму. Ён хацеў жыць.

Яшчэ ён чуў, што нямала ў іх справе залежыць ад тых, хто побач, з кім ісці на заданне. Іхняя група яму не надта падабалася, калі не сказаць – не падабалася зусім. Не кажучы ўжо пра абгарэлага фельчара, які так сабе, збоку-прыпёку. Гэтаму абы дабрысці да якіх партызанаў ды там і застацца. А не ўдасца да партызанаў, дык няблага патаварышавацца і з паліцаямі-немцамі. Цяпер фельчары-дактары патрэбныя ўсім – мусіць, параненых ды трыпернікаў даволі і ў тых, і ў іншых.

Агрызкаву не надта падабаўся і камандзір, гэты штабны пацук, які намагаецца камандаваць, але без патрэбнай рашучасці. Зрэшты, тое і зразумела: каб мець рашучасць, трэба ведаць куды ісці, а ён хіба ведае? Перад адлётам у асобым аддзеле яму сказалі: за камандзіра адказваеш галавой. Найперш нельга дапусціць, каб высокія ўрадавыя ўзнагароды трапілі ў рукі ворага. Калі такая небяспека надарыцца, ведаеш, што трэба зрабіць? Агрызкаў зрабіў выгляд, што ведае і не мае патрэбы ў тлумачэньнях.

Мабыць, ён доўга праляжаў пад грушкай, а цётка ўсё не падыходзіла да плота, калупалася на сярэдзіне бульбоўніку. Тады Агрызкаў падняўся і, затуліўшы за бокам аўтамат, паціху пайшоў да гародаў. Кабета пакуль што ня бачыла яго і ён змушаны быў ціха гукнуць:

– Цётка, можна вас на мінутку?

Спалохана войкнуўшы, кабета згледзела яго за плотам і кінулася па бульбоўніку да падворку. Агрызкаў нягучна вылаяўся. Далей стаяць тут было небяспечна, бо чорт ведае, што наробіць тая кабета? Тым болей, калі можа стацца, што гэта сядзіба паліцая ці старасты. I ён, усё затуляючы сабой аўтамат, памалу пайшоў уздоўж плота, беручы ўбок, бліжэй да палеткаў. Добра ці не, але на гародах і на падворках быццам нікога не было і ніхто тут не згледзеў яго. Трымаючыся наводдаль, Агрызкаў памалу пайшоў у другі канец вёскі – да выгану.

Трохі яшчэ прайшоўшы па канцы агародаў, ён набрыў на нейкую сажалку з абтаптанымі жывёлай берагамі, здаецца, тут быў выган, ва ўсякім разе збажына тут канчалася. I праўда, за парослым альшынамі раўком, відаць было, пасьвіўся невялічкі статак – некалькі кароў хадзілі па сенажаці, збоч сноўдала жаночая постаць. Здаля былі чутныя абураныя покрыкі на кароў, якія, падобна, нахабна мкнуліся да жытнога. Мабыць, варта было туды падысці, падумаў Агрызкаў, мяняючы накірунак – ад вёскі ў поле.

Дзеля таго, каб патрапіць да статка, трэба было пералезьці равок, па крутаватым схіле якога трушком збег Агрызкаў. А як вылез на той бок раўка, адразу ўбачыў незаўважанага здаля пастуха. То быў хлопец-падлетак у даўгаватай, выпушчанай на штаны кашулі і насунутай на лоб вялікай, мабыць, бацькавай кепцы. Стоячы ля краю жытняй нівы, ён раздумна сцёбаў па траве кароценькай пужкай.

– Прывет, парань! – дружалюбна, амаль радасна сказаў Агрызкаў. – Не палохайся, я – партызан. Цябе як зваць?

– Косця, – разгублена прамовіў падлетак.

Косця тым ранкам устаў рана, пабудзіла маці, – падышла радоўка на пасту. Праўда, прачнуўся не адразу, і маці аж тройчы гукала яго з варотцаў у паветку, дзе ён спаў на сене. А як прачнуўся, кароў ужо выганялі, іхняя Красоля, падоеная, стаяла на падворку. Косця ўзяў з-пад страхі раменную пужку і, як быў, босы, у адной кашулі, пагнаў карову на выган.

Радоўка яму сёньня выпала з бабай Аўгустай, старой, але рухавай кабетай, якая, аднак, заўсёды дужа крычала-сварылася на неслухмяных кароў ды і на свайго памочніка-падпаска. Падпасак, ведама ж, быў у бабы Аўгусты на пабягунстве – то ідзі адвярні тую, то не пушчай гэтую. Ды чаго марудзіш, не бяжыш, малады ж яшчэ, бяжы скарэй!.. Не любіў Косця пасьвіць кароў з бабай Аўгустай, ды так выходзіла, што менавіта з ёй часцей за ўсё і выпадала.

Сама найгорш было пасьвіць каля жытнога, куды цераз узьмежак увесь час наравілі ўлезьці каровы. Тут Косця крыху пабегаў за ранак, пакуль згаладнелыя за ноч каровы трохі пад’елі, паспакайнелі, і ён нарэшце аддыхаўся якраз на жытнёвай мяжы.

Косця пасьвіў кароў, бегаў за імі, ляскаючы па касцістых азадках кароткай пужкай, але думкамі быў далёка ад гэтых кароў і гэтага поля. Болей за ўсё на свеце Косця любіў чытаць кніжкі – дзіцячыя, прыгодніцкія ці не надта цікавыя з класікі - абы-якія, каб толькі чытаць. Да вайны ён перачытаў, мусіць, усё, што было ў дзьвюх шафах школьнай бібліятэкі, але цяпер бібліятэкі ня стала, як і самой школы, што згарэла ў першую ваенную.восень. Другую зіму Косця не вучыўся, што трэба было, рабіў дома, памагаў па гаспадарцы маці. Апроч яго ды маці, болей працаўнікоў у іх не было – Віцька яшчэ малы, а бацька... Бацьку як змабілізавалі зімой у паход па зброю, дык і прапаў. Можа, застаўся на фронце і цяпер недзе ваюе ў Чырвонай Арміі. А можа, дзе ўжо загінуў па шляху да фронту. Сусед Казлюкевіч прыплёўся па вясне з адною рукою на перавязі, казаў, што шмат іх пагінула ў Віцебскіх варотах, дзе немцы наладзілі пастку і білі з кулямётаў на лёдзе возера. Там шмат паклалі іх, бяззбройных партызанаў, што мкпулі па той бок фронту, – па зброю і боепрыпасы, якія меліся прынесці ў нямецкі тыл. Ды рэдка каму пашчасціла прынесці хоць сваю галаву. Як таму ж Казлюкевічу.

З кніжкамі цяпер была поўная нявыкрутка, чытаць не стала чаго. А дзе ў каго захавалася якая кніжка, дык курцы падралі на цыгаркі. Скурылі і ўсе падручнікі, што ў каго з дзяцей засталіся ад даваеннай школы. Добра, што ў Косці курыць не было каму, і ён свае схаваў у паддашшы. Усё ж, думаў, вайна скончыцца, і ён пойдзе ў шосты клас. Калі б не вайна, скончыў бы ўжо восьмы. Тым часам падрасце Віцька які будзе адбываць надакучныя радоўкі, а яму хопіць і дарослай працы – капаць гарод, касіць сена, малаціць снапы ды цягаць з лесу дровы. Каня ж у іх не было. Хіба што вернецца з фронту бацька...

I раптам на жытнёвай мяжы ля куста алешніку ён згледзеў чалавека, апранутага быццам ў вайсковае, нават з аўтаматам у руцэ. Здалося на момант – там недзе і бацька, – можа, далей у кустоўі і вось-вось пакажацца з-за алешынаў. Але то не бацька – бацькі там не было.

– Гэта... Падыдзі сюды, – кіўнуў галавой вайсковец. Азірнуўшыся на кароў, Косця нерашуча пайшоў за кусты, мусіць, каб ня бачна было ад вёскі.

– Пасвіш? – няпэўна запытаўся Агрызкаў, мусіць, каб пачаць размову.

– Ну.

– То якая дзярэўня? – кіўнуў ён на вёску.

– То Скрыпачы.

– Харошая назва. А дзе Багавізна, знаеш?

– Багавізна? Ды там, – махнуў рукой Косця ў бок лесу, і Агрызкаў раптам спахмурнеў, падумаўшы, ці не туды гэты хлопец паказвае, адкуль яны ішлі ноч. Але што ж тады атрымліваецца? Кепска атрымліваецца. Ды тут ужо хай разбіраецца камандзір, які іх вядзе.

– Ты гэта... Прайдзі са мной. Тут недалёка.

Косця заклапочана азірнуўся на кароў, здаецца, усе былі трохі зводдаль ад жыта, і ён памалу пайшоў за Агрызкавым, якога адразу ж прызнаў за партызана. Усё чакаў, што той скажа штось важнае ці, можа, нават каго пакажа. Але нейкі час Агрызкаў вёў яго краем жытнёвай нівы, як зразумеў хлопец, да недалёкага бярэзніку. У нядужа рослых жытніх калівах ззаду заставаўся прыкметны след, і Косця трохі сумеўся – усё ж нягожа было таптаць чужое жыта, за гэта яго маглі палаяць у вёсцы.

Як толькі яны падышлі да крайніх бярозак, Косця ўбачыў у доле яшчэ двух вайскоўцаў у зялёным убранні. Бацькі там не было.

– Вот дзярэўня Скрыпачы – паведаміў Агрызкаў, і Гусакоў незадаволена насупіў лахматыя бровы.

– А гэта хто?

– Пастух.

Хвіліну Гусакоў насцярожана моўчкі сядзеў у доле.

– Дзе Багавізна – знаеш? Урочышча Багавізна?

– Знаю, – не адразу сціпла адказаў хлопец.

– Хай пакажа, у якім баку, – запрапанаваў Агрызкаў. – Ну, там, – зноў паказаў Косця ў бок лесу.

– Ці бачылі? – зазначыў Агрызкаў. – Што ж тады атрымліваецца, камандзір?

– Ярунда атрымліваецца, – абвясціў Гусакоў. – Калі гэтаму верыць.

– Але ж няльзя і ня верыць! Куды ж далей топаць?

Косця тым часам маўчаў, ды і што было гаварыць? Хто ў іх не ведаў, дзе і ў якім баку Багавізна, куды бабы ўлетку хадзілі на ягады, а ўвосень збіралі грыбы. Неяк перад вайной на канікулах Косця вазіў туды бацьку падшытыя гумай валёнкі, калі той з калгаснай брыгадай рабіў на лесанарыхтоўцы. Праўда, то было ўзімку, ехалі на санях праз балота, якое месцамі кепска ўмерзла, і яны каля рэчкі-балацявінкі нават уваліліся з коньмі ў багну, ледзьве выбраліся. Добра, тады з ім быў дзед Багацёнак, той ведаў на балоце ўсе летнія і зімовыя сцежкі. Дзед памёр на пачатку вайны.

– Во хлопец правядзе, – прапанаваў Агрызкаў. – А то самім глядзі, каб зноў куды не ўлезьці.

Гусакоў штосці напружана думаў, выпрабавальна-сурова ўзіраючыся ў хлопца.

– Правядзеш да Багавізны, – ні то папытаўся, ні то загадаў камандзір. Косцю на момант зрабілася горача. Ён адчуў, як штось у ягоным жыцьці можа крута зьмяніцца, але яшчэ не разумеў у які бок – горшы ці лепшы. Найперш ён адчуў, што ўсё тое дужа не ўпару: ён жа – на пасце, а там каровы, з якімі засталася адна Аўгуста. Мабыць, яна ўжо там сварыцца на ўсё поле.

– Я гэта – кароў пасу, – нясмела заўважыў ён да камандзіра, якога ўжо вызначыў пэўна ў гэтым чалавеку пры партупеі, з наганам на баку. Камандзір, аднак, ягоныя словы пакінуў без увагі. Борзда ўстаўшы на ногі, ён ужо вешаў на сябе рыштунак – зялёны рэчавы мяшок, кірзовую палявую сумку. Тое ж самае рабілі і два яго спадарожнікі – маладзейшы, што прывёў яго сюды, і старэйшы, нават зусім стараваты дзядзька з тугой брызентавай сумкай, на баку якой шырока чырванеўся крыж. Санітар, значыцца, зразумеў Косця.

– Твой бацька дзе? – ссоўваючы наперад кабуру з рэвальверам, папытаўся Гусакоў. – Ці няма бацькі?

– У парцізанах, – ціха сказаў Косця, не ведаючы, ці казаць ім праўду пра бацьку, ці не. Але пра бацьку гэтыя болей не пыталіся, і ён змоўчаў.

– Паліцыі ў вас многа?

– Дык няма нікога. Паліцыя ў мястэчку. За васемнаццаць кіламетраў. А ў нас няма і старасты. Як парцізаны застрэлілі...

– Добра, – нарэшце пагадзіўся Гусакоў. – Тады шагам марш!

– Але ж каровы, – нерашуча прыпыніўся Косця.

– Абыдуцца без цябе каровы! – рашуча зазначыў камандзір. – Ты – вядзі. У якім напраўленні?

Ды во праз лес...

Яшчэ не ўсё разумеючы, Косця пайшоў па мяжы ў бок лесу. На хаду азірнуўся, але адсюль ягонага статку не было відаць. Непатрэбную цяпер пужку сунуў пад травяны ўзьмежак, і хлопцу зрабілася дужа не па сабе – мусіць, рабіць так было нельга. Але ж то – савецкія партызаны, ім жа трэба было памагчы, мабыць жа, справа ў іх адказная і сакрэтная. Інакш бы яны не сталі да яго звяртацца, знайшлі б каго іншага. Ужо ён не мог ад таго адмовіцца – іхняя справа, напэўна ж, важней за ягоную пасту. Можа, не разбягуцца каровы, Аўгуста неяк управіцца...

Неўзабаве яны ўвайшлі ў лес, дзе можна было ісці дарогай, але Косця збочыў на ўтаптаную між ляшчынніку сцежку і павёў партызанаў наўпрост. Ззаду за ім, не адстаючы, хутка крочыў камандзір Гусакоў, крыху зводдаль Агрызкаў. Апошнім не надта ўпраўна тупаў з немалым грузам на плячах і ў сумцы фельчар Тумаш.

Мясціна на хвойным грудку была даволі прыгожая. Узьнёслыя сосны ўгары, бухматыя зараснікі ляшчынніку ўнізе і на схілах раўка, дзе, пэўна ж, журчэў ручаёк і бруіла крынічка, выклікалі амаль замілаванне ў душы фельчара Тумаша. Ад пачатку вайны ён ня бачыў гэткага хараства, сярод якога некалі нарадзіўся і жыў, а ваяваць яму давялося на поўдні, на гарачыні, сярод пяску, пылу без жаднага ценю ў стэпавым бязлессі. Летні ранак увабраўся ў самую сілу, ды ў лесе не было горача, з раўка веяла прахалодай. I ўсё ж Тумаш спацеў, спацелі спіна пад нялёгкаю ношай, лоб пад пілоткай. Адно плячо млела ад почапкі санітарнай сумкі, а другое ад рамяня вінтоўкі СВТ. Як фельчару і малодшаму лейтэнанту яму ыалежала мець пісталет ТТ ці наган, ды ў шпіталі перад адпраўкай, мабыць, не знайшлося пісталета, узброілі самазараднай вінтоўкай – не мог жа ён выпраўляцца ў тыл да ворага без аніякай зброі. Праўда, у дадатак да немалое колькасці медыкаментаў у сумцы яму наклалі ў рэчмяшок яшчэ чатыры пачкі толавых брыкетаў і дванаццаць ручных гранат-лімонак – на падарунак партызанам. Падарунак – то добра, думаў фельчар, толькі вось блудзіць з ім па беларускім лесе – малая прыемнасць. Зрэшты, добра яшчэ, што ім пашчасціла з прызямленнем уначы, а то калі б патрапілі ў бой, глядзі, узляцеў бы Тумаш высока ў неба. З такім выбуховым грузам тое было зусім верагодна.

Увогуле ён меў поўнае права быць незадаволеным, калі не абураным найперш працэдурай свайго прызначэньня ў партызаны. Хто і дзе прызначыў яго ў тыл да ворага, Тумаш не ведаў і цяпер, мабыць, ужо не ўведае ніколі. Усё ж раней ён ваяваў у танкавым корпусе, цягаў танкістаў з падбітых танкаў, пакуль не падпалілі самога. Абпаленыя рукі і твар і праз дзесяць месяцаў пасля таго памятнага ранку пад Калітвой смылелі і гарэлі – часам зусім невыносна, асабліва на сонцы. Хоць і даўно ўсё зажыло, нарасла тоненькая скура, сцягнулася, зморшчылася, брывоў ня стала зусім, а вушныя ракавіны зрабіліся маленькія. Скукожыліся, як казала хірург Міціна, што ў маскоўскім шпіталі лячыла ягоныя апёкі. А як падлячыла, Тумаша прызначылі памагаць у ардынатуры – за брата міласэрнасці. Што ж, справа была знаёмая, Тумаш не наракаў на новую службу і не ірваўся на фронт, як некаторыя маладыя. Ён лічыў, што сваё адваяваў, – за восем месяцаў хапіла яму пад завязку.

Ды во раптам спахапіліся – заседзеўся ў тыле. Надвячоркам выхаднога дня прыбегла камісарка шпіталю – хутка, тэрмінова атрымаць зброю, боезапас і – на аэрадром. Праз дваццаць хвілінаў – машына. Без разгавораў. Ён ужо ведаў, што ў войску ўсё – «без разгавораў» і ўвогуле быў заўсёды гатовы да найгоршага ва ўласным лёсе. I ўсё ж, пэўна, ён меў права ведаць – куды? Там скажуць – быў на ўсё вычарпальны адказ. Але дзе – там і хто скажа?

Канешне, не праз дваццаць хвілінаў, а гадзіны праз тры ён быў гатовы, атрымаў што было трэба і нават трохі счакаў ля прахадной, прыехаў грузавік поўны вайсковага люду. Узлезці ў высокі кузаў з яго немалым грузам на спіне было цяжкавата, але хтось падаў руку, і ён узабраўся. А трохі агледзеўся, аж здзівіўся – куды гэта трапіў? Скрозь маладыя дзявочыя твары пад новымі пілотачкамі, рыштунак на вузкіх плечуках, рэчмяшкі. I хто такія? – падзівіўся ў думках Тумаш, спярша падумаўшы – медыцына. Аказалася – не медыцына, а сувязь: радысткі, тэлефаністкі... Але куды? I хіба яго, фельчара, таксама з імі? Ды – там скажуць.

Невядома, што сказалі тым маўклівым дзяўчаткам, якіх грузавік павёз далей, а яго ссадзілі на паваротцы ў аэрапорт. Ужо вечарэла, горад застаўся ззаду, на ўзлётным полі раўлі маторы цяжкіх бамбардзіроўшчыкаў, і яго прывялі ў часовы брызентавы закутак, дзе немалады лейтэнант у лётнай фуражцы гэпнуў перад ім аграмадны ранец: «Снаражайся!» – «Што гэта?» – здзівіўся Тумаш. «Як што? Парашут. Ці ты ня бачыў?»

Ён сапраўды першы раз у жыцці бачыў гэткую грувасткую штуковіну і няўцямна ўзяў яе ў рукі – цяжкаватая падла! Але што з ёй рабіць? «Як што? Ну і дзівак, не выпіў, а жартуе, – хіхікнуў лейтэнайт. – Ці без парашута скокнеш? Але ж, мабыць, высока»,

Зусім зніякавеўшы,Тумаш узяў яшчэ і гэтую напханую чымсьці торбу, ня ведаючы, куды яе прыладзіць на сябе. Спіна ў яго была ўсяго адна і на ёй ужо грувасціўся цяжэнны рэчмяшок з толам і гранатамі, плячо ціснула не меней цяжкая санітарная сумка, на другім вісела зусім ня лёгенькая СВТ. Куды было надзяваць парашут? Тут да яго падышоў баец без пагонаў, – то быў Агрызкаў. Гэты, відаць, меў нейкі парашутны вопыт і, дазнаўшыся, што яны ляцяць разам, памог фельшару нагрузіць на сябе увесь яго рыштунак, ад якога Тумаш зрабіўся падобны да шматгорбага вярблюда. «Што, першы раз?» – папытаўся Агрызкаў і, атрымаўшы збянтэжаны адказ, толькі і вымавіў: «Да-а-а...»

Гэта яго шматзначнае «да-а-а» болей чым што іншае ўразіла, дык, мабыць жа, давядзецца ляцець. А ён у сваім жыцці ні разу не толькі не скакаў з парашутам, але і не сядзеў у самалёце. Нямала наездзіўся на фурманках і конна, калі пасвіў у дзяцінстве коней, пасля на аўтамабілях (вядома, у кузаве), наездзіўся на брані танкаў. Але не ў самалёце.

Аднак жа давялося.

У вялікай брызентавай палатцы пры святле сіняй лямпачкі іх пачалі ладкаваць па камандах.

Тады ўжо ля іх з Агрызкавым паявіўся гэты рашучы камапдзір Гусакоў, які з паперкай у руках адшукаў іх у гурце іншых і сказаў трымацца яго, не адставаць. Яны і трымаліся. Тоўпіліся ў палатцы, затым ля самалёту ў дальнім канцы аэрадрома, пры пасадцы – ля кароценькага дзюралевага трапа. У самалёце селі двума радкамі, чалавек васемнаццаць парашутыстаў, усе маўчалі. I Тумаш таксама маўчаў – што і каму ён мог сказаць? Абвясціць, што не ўмее скакаць з парашутам, але тое, мабыць, палічылі б за сімуляцыю, за няўклюдны намер выкруціцца ад небяспечнага задання. На тое ў Тумаша не ставала адвагі, і ён рашыў: як усе, так і ён. А калі разаб’ецца, дык, мабыць, тое яму і наканавана. Не згарэў на зямлі, дык загіне ў паветры. Ды і хіба разбіцца аб зямлю горш, чым згарэць у танку? Ці быць на шмаццё расшкуматаным артылерыйскім снарадам? Мабыць, адна халера. Да пагібелі ён даўно быў гатовы.

Але спачатку яму давялося нямала адпакутаваць з іншай прычыны.

Як яны падняліся ў паветра, Тумаш аберуч ухапіўся за берагі металічнае лаўкі і ўжо не выпускаў яе да канца палёту. Увесь гэты бляшаны самалёт трэсла, бы малярыйніка ў ліхаманцы. А пасля пачало яшчэ і кідаць угару і ўніз, сюды і туды праз усё неба. Тумаш думаў, званітуе, і з усяе сілы стрымліваў знаёмыя прыступы, бо было сорамна як доктару калі б першы не ўтрымаўся. Іншыя, як ён бачыў, пачуваліся не лепей, але маўчалі, трывалі. Ну дык і ён трываў. Палёт іх доўжыўся, здавалася, бясконца, некаторыя ўрэшце і званітавалі. I калі над кабінай пілотаў замільгала лямпачка, людзі бы нават з палёгкай заварушыліся, сцяміўшы, што пакуты канчаюцца. Затое пачаліся іншыя. Для Тумаша дык пэўна яшчэ куды горшыя.

З кабіны выйшаў тоўсты лятун у футравай камізэльцы, – штось гыркнуўшы, насцеж расчыніў самалётныя дзверы. Студзёнае начное паветра шырока шыбанула ў самалёт, парашутысты адразу паўскоквалі, канцы ад іх парашутаў ужо былі ўдзетыя на агульную вяроўку ўгары. I па камандзе «Пашол!» адзін за адным пачалі знікаць у чорным прадонні начы.

Праз хвіліну ў самалёце засталіся толькі яны ўтрох, іхні палёт доўжыўся яшчэ хвілінаў дваццаць. Нарэшце настала іхняя чарга, зноў расчыніліся страшныя дзверы, праз аглушальны роў матораў Гусакоў штось гукнуў да яго і, торкнуўшы кулаком у бок, выскачыў у ветраную цемру. За ім трэба было скакаць Тумашу. Але ён спалохаўся. Так спалохаўся, што яго бы спаралізавала, ён не мог ступіць кроку да прорвы-дзвярэй і сцяўся ля лаўкі. «Ну!» – вызверыўся тоўсты лятун. «Дык я не ўмею», – бязгучна прашаптаў Тумаш, і, мабыць, лятун пачуў тое, бо не паспеў ён яшчэ што падумаць, як атрымаў такога магутнага выспятка ў зад, што ў наступнае імгненне ўжо захлынуўся ў віхуры начнога паветра.

Усё далейшае, што з ім адбывалася, ён кепска памятаў, адчуў толькі, як паваліўся ў нейкую калючую траву – трава, мабыць, яго і ўратавала. Парашут яшчэ трохі пацягнуў яго па зямлі і паволі абвяў у зацішным прыцемку. Гусакоў з Агрызкавым, што прызямліліся раней, адшукалі яго на лузе, памаглі сабраць слізкія пухіры парашута. «Хутчэй, хутчэй, не адставай, матаем адсюль», – шэптам камандаваў Гусакоў.

I яны адматалі па начы, можа, кіламетры чатыры ці болей. Напаткаўшы балацявіну, хуценька патапілі ў ёй свае парашуты і шыбанулі далей за камандзірам, які ж, пэўна, ведаў, куды іх вёў. Аказалася, вёў не туды.

Лясная сцяжына неўпрыкмет вывела іх на гэткую ж лясную дарожку – крывулястую, з гразёй у нізкіх мясцінах, аброслую крапівой, лазняком і алешнікам. Хвойнік застаўся ззаду, пачыналася забалаць. Нікога паблізу не было, ніхто ім не спаткаўся. Косця асцярожна і моўчкі вёў камандзіра, які не пераставаў турбавацца: а ці туды яны ідуць?

Сапраўды, турбавацца была прычына. Гусакоў у думках усё лаяўся – трэба ж, каб гэтак не пашанцавала на самым пачатку. Перад палётам яго тузаў непакой – як давядзецца ляцець? Усё ж, хоць і ноч, а могуць спаткаць нямецкія знішчальнікі ці зенітны агонь над лініяй фронту. Ды і – само дэсантаванне. Гусакоў не прызнаваўся нікому, што і сам скочыў уначы першы раз, набраўся нямала страху, але страх давялося зацяць у сабе – іншага ў ягоным становішчы не выпадала. Якраз самае страшнае мінулася нечакана ўдала. Гэта пасля началося іншае – завязаўся вузел нейкіх недарэчнасцяў, якія дасюль невядома як развязаць.

Галоўнае, аднак, – пільнасць і пільнасць. Як ужо ведаў капітан Гусакоў з свайго вайсковага і давайсковага вопыту, пільнасць – аснова поспеху. Страта пільнасці ёсць пагібель. Ды яшчэ тут, у тыле ворага.

Хлопец вёў іх рухава і ўпэўнена, відаць, тутэйшыя сцежкі ведаў няблага. Гусакоў трымаў яго на дыстанцыі пісталетнага стрэлу, каб у выпадку чаго... Ці мала што магло здарыдца, і камандзір мкнуўся быць гатовым да ўсяго. Яны абышлі гразкай узбочынай застаялую лужыну пад лазовым кустом і тады з-за хмызняковай павароткі ўбачылі будынкі. Падобна, то была вёска – платы, за якімі зелянеў бульбоўнік, стажок свежага сена ля хлеўчука. Гусакоў ціха гукнуў да хлопца:

– Гэй! Што гэта?

– Барсукі, – бяспечна азірнуўся Косця. – Тут нічога. Нікога няма...

«Як гэта – нікога няма?» – незадаволена падумаў камандзір, адчуўшы міжвольны пратэст супраць з’яўленьня гэтае вёскі, да якой іх бяспечна прывёў хлопец. Але ўжо, мабыць, было позна што-небудзь мяняць – іх убачыла нейкая кабета з крайняга ад лесу падворка. Убачыла і знерухомела, усё ўзіраючыся, узіраючыся ў іх, бы ў лясных звяроў. Гусакоў ужо ведаў гэткую звычку сялянскага люду, ад якой заўжды адчуваў сябе прыкра. Цяпер тым болей.

Невядома, ці вялікая была то вёска, гэтыя Барсукі, але Гусакоў не знайшоў іншага варыянта і пакорліва пайшоў за падлеткам. Той спакойна брыў сабе сярэдзінай вуліцы, а камандзір збочыў да плоту; тое ж загадаў заднім, выразна махнуўшы рукой. Вуліца пакуль што была пустая, толькі пад плотам у дзядоўніку ён спудзіў колькі курыц, якія з кудахтаннем пабеглі да свайго падворка. Тады з суседняга двара па другі бок вуліцы забрахаў сабака, відаць было – малы ды звяглівы, ягоны брэх яшчэ пабольшыў камандзіраў неспакой. Здалося, зараз выбегуць... I ён пашкадаваў ужо, што пайшоў за хлопцам, трэба было вёску абысці.

Але сабачка пабрахаў і сціх, а наперадзе, відаць было, вуліца ўжо канчалася, толькі на адным баку стаялі дзве хаты, а насупраць, за плотам, каласавала ладнае жыта. У перадапошнім двары, аднак, хтось варушыўся – раз-пораз з-за паркана вытыркалася жаночая галава ў белай хустцы і яшчэ хтось. Падышоўшы бліжэй, Гусакоў зразумеў – там парадкавалі сена. Пасярод падворка стаяла брыка з сенам, і баба з сівабародым дзядком, упорваючы ў сена вілы, насілі яго кудысь за вугал – у пуню або паветку. Калі ён падышоў бліжэй, дзед апусціў вілы і зняў з потнай галавы картуз.

– Здраствуйце вам, – ціха мовіў да Гусакова, які, аднак, толькі здзівіўся – што гэта значыць? За каго ён прымае іх? За партызанаў ці, можа, за паліцаяў? Аднак жа ён стрымана кіўнуў у адказ – на ўсялякі выпадак. Косця наперадзе, здалося, без аніякай увагі на тое мінуў падворак і тады азірнуўся – супакоена і адкрыта. Мабыць, таму, што ўсё абышлося, і яны перайшлі вёску.

Тая супакоенасць, што, на думку Гусакова, межавала з бяспечнасцю, не спадабалася камандзіру. Пакуль, аднак, даводзілася мірыцца з тым, што адбывалася. Ягоная камандзірская воля нібы пераходзіла да гэтага хлопца, а той, мабыць, і не адчуваў таго. З вясковае вуліцы Косця выйшаў на палявую дарожку і спакойна сабе ішоў, па грудзі затулены рослым жытам. Жыта шапацела калоссем пад лёгкім ранішнім ветрам і здалося б нават прыгожым, калі б не клопат, які не пакідаў камандзіра.

– Косця, а што гэта ў вас скрозь палоскі? – запытаў Гусакоў, азіраючы раздзелены межамі палявы прастор. – Ці немцы зямлю аддалі?

– Самі пабралі, – сказаў хлопец. – Дзе чыя ў каго была.

– Зноў аднаасобнікамі сталі? Ну.

«Гэта дрэнна», – падумаў камандзір. – Займеўшы зямлю, ці япы пойдуць да партызанаў у лес? Будуць у зямлі калупацца. Але хто ж тады разгорне масавую барацьбу з акупантамі?» Пагранічнік Гусакоў памятаў нядаўнія даваенныя гады ў Беларусі, як неахвотна расставаліся сяляне з зямлёй у калектывізацыю. Колькі тады было гора і слёз! Урэшце загналі-такі ў калгасы. I цяпер усё насмарку. Хітрыя, аднак, гэтыя акупанты, ведаюць, што мужыку трэба. За слова супраць – расстрэл, а за зямлю – нічога.

Непадалёк наперадзе цямнеўся новы лес, і Гусакоў думаў: хутчэй бы туды, да лесу. Усё ж у полі, нават сярод жыта, ён не адчуваў патрэбнай бяспекі. Ці мала што... Тым болей, калі ў вёсцы іх бачылі і напэўна распазналі. Хоць ні пагонаў, ні зорак на іх не было, а паліцаі і партызаны, як ён ведаў, апраналіся хто ў што. Тым не менш – беражонага і Бог беражэ, падумаў камандзір і ўсміхнуўся. Вядома, ён быў бальшавік і бязбожнік, але ведаў, што як прыпячэ, дык успомніш не толькі Бога. Хаця менавіта Бога, можа, і не варта было яму прыпамінаць. Перад Богам капітан Гусакоў быў грэшпы яшчэ з даваенных часоў, як яны, пагранічнікі, мацавалі савецкую ўладу ў мястэчку, дзе была іх пагранкамендатура.

Мястэчка тое было несамавітае паселішча пры возеры – некалькі брукаваных вуліцаў, аблепленых габрэйскімі халупамі, тры ці чатыры нарыхтоўчыя сельпоўскія крамкі, кузня і два вялікія дамы – школа ды пагранкамендатура, дзе другі год служыў Гусакоў. Мяжа праходзіла адразу ж за мястэчкам у лесе, для яе аховы там была збудавана новая пагранзастава на адзін пагранузвод. Але самым прыкметным збудаваннем у мястэчку была старадаўняя царква, купалы якой былі бачны здалёк – ці не з усяе акругі. Можа, нават і з таго боку, з-за мяжы, што ўжо было недапушчальна з меркаваньняў дзяржаўнай бяспекі. Царкву, канешне, у свой час зачынілі, папа арыштавалі, – тое было проста, за адну летнюю ноч. З царкоўнымі ж купаламі сталася горш – як было іх пабурыць? Тая справа дасталася лейтэнанту Гусакову з дзесяткам яго пагранічнікаў.

Каб разбурыць купалы, спярша належала выдраць з іх аграмадныя жалезныя крыжы, якія толькі з зямлі выглядалі лёгкімі, амаль бязважкімі ў вышыні. Дабіраліся да іх цэлы дзень – гэтак было высока і небяспечна. Самы адважны з яго каманды чырвонаармеец Сямёнаў, абвязаўшы сябе вяроўкай, палез са званіцы на дах, але праваліўся ў праіржавелую дзірку і дужа параніў нагу. Болей смелых не знайшлося, давялося лезці на купал самому. Раней ён і ня ведаў, якая гэта агідная справа – вышыня і колькі ён натрываецца страху, пакуль дабярэцца да таго хісткага іржавага крыжа. Але мусіў дабрацца. Найперш таму, што бачыў у тым свій абавязак маладога бязбожніка-бальшавіка, якога тыдзень таму прынялі кандыдатам у партыю. Зноў жа, з зямлі, з пляца, падворкаў і нават дзятва ад школы сачылі за яго антырэлігійным подзвігам, і там, ведаў ён, былі не толькі добразычліўцы. Мусіць, зманліва было ім убачыць, як ён сарвецца. Ды не сарваўся, марскім вузлом завязаў тоўстую вяроўку за аснову крыжа і злез на зямлю. Цягнулі крыж усёй грамадой – купка пагранічнікаў як асноўная сіла, якой памагалі местачковыя камсамольцы, усе партыйцы, а таксама некаторыя сяляне з навакольных вёсак. Цікава, што ніводзін яўрэй ім не памог, можа, таму, што сінагогі зачынілі раней. За той подзвіг на царкоўным купале Гусакоў атрымаў сваю першую адметнасць – знак «Выдатнік РСЧА», якім і ганарыўся да пачатку вайны. Можа, праз тую ўзнагароду пайшоў на павышэньне і прыдбаў новае званне. Але тое трошкі пасля.

Пыльная палявая дарожка, пакрывуляўшы сярод жытніх ніваў, спусцілася ў лажок з раўком; яны перайшлі раз’езджаную неглыбокую ручаіну і зноў узышлі на пагорак. Сонца ўжо ўзнялося высока і дужа паліла ў бясхмарным небе, гарэлі іх натруджаныя плечы пад цяжкаватымі, бы накладзенымі каменнем рэчмяшкамі. Усе спатнелі, прытаміліся, але Гусакоў не збаўляў хады, адно ўзіраўся наперад і па баках. На самым пагорку ён раптам ці не ўпершыню гучна вылаяўся: праз паўкіламетра наперадзе расцягнулася новая вёска, мяркуючы па ўсім, не маленькая – садкі, агароды, вулічныя прысады мкнулі да самага лесу. Не, у такую вёску ісці было нельга. Пра тое ён і гукнуў хлопцу. Косця нічога не адказаў, толькі заклапочана агледзеў поле, ячменныя ніўкі, бульбянішчы, раўчук з алешнікам; і бульбяным узьмежкам павярнуў убок – у абход вёскі. Блізка ў полі людзей не было, але далей, на вясковай аколіцы, мусіць, на тамашняй дарозе, паявіліся дзве брыкі, борзда кацілі кудысь у поле – мабыць, па сена. Неўзабаве яны схаваліся ў раўку, і камандзір з палёгкаю выдыхнуў.

Па дзённай гарачыні яны неяк дабрылі да лесу, які тут аказаўся дробным алешнікавым хмызняком, і ззаду незадаволена азваўся Тумаш:

– Можа б, прыпыніцца, га? Папалуднаваць!.. Мабыць, сапраўды тут можна было прыпыніцца, падумаў Гусакоў, перакусіць з таго пайка, што яны атрымалі ў Маскве. Праўда, ён сам не адчуваў голаду, толькі хацелася піць. Але дзе нап’ешся? Не з балота ж піць брудную ваду, шчэ падчэпіш якое халеры. Але найперш трэба было паглядзець на карту. Тым болей, што побач была вёска, назву якой, пэўна ж, ведае Косця.

Адышоўшыся ад узьлеску, яны прыпыніліся на невялічкай, абсыпанай смалянкамі прагаліне, скінулі з сябе ацяжэлыя за дарогу валізы. Тумаш адразу паваліўся, дзе стаяў, Агрызкаў спярша ўладкаваў на рэчмяшок задраныя ногі. Адышоўшыся трохі ўбок, Косця сціпла прысеў у траве.

– Якая то дзярэўня? – запытаўся ў яго камандзір.

– Стараселле гэта.

– Дык колькі да Багавізны?

Усе прымоўклі, чакаючы адказу на важнае пытанне. Трохі падумаўшы, Косця сказаў:

– Хто яго ведае. Можа, кілометраў з дзесяць. Каб па дарозе, я б сказаў пэўна. А так...

– Па дарозе выключаецца, – раздумна сказаў Гусакоў і зноў упіўся вачыма ў карту. Стараселля там не было. Значыць, да іхняга ўрочышча яшчэ давядзецца патопаць.

Тумаш тым часам развязаў сваю валізу і дастаў пару сухароў. Злавіўшы на сабе хлапечы позірк, адзін сухар працягнуў Косцю.

– На, пачастуйся гасцінцам з Масквы, – прамовіў ён і тут жа змоўк пад прыдзірлівым позіркам камандзіра.

– Не надта афішуй свае гасцінцы. Паняў?

Так, ён зразумеў і адразу страціў ахвоту частаваць хлопца. Значыцца, не дазваляюць. Што ж, ці першы раз... Самому болей застанецца, як некалі казалі ў танкавым корпусе.

Старшына Агрызкаў таксама ўпарыўся за дарогу і быў ня супраць, каб гадзіну спачыць, але адчуваў, што камандзір не дазволіць. Бы заведзеная спружына, камандзір пнецца да мэты і, пакуль яе не дасягне, не супакоіцца і нікому спакою ня дасць. Мабыць, такі ўжо чалавек. Усё, аднак, ускладнялася яшчэ і тым, што ў яго канкрэтнае заданне, атрыманае вусна з забаронай дзе-небудзь запісваць ці нават адзначаць. Агрызкаву сказалі, куды яны павінны прыбыць, але толькі прыблізна – урочышча Багавізна, дзе базавалася кіраўніцтва партызанскае зоны. Урочышча вялізнае, нават не ўсё змясцілася на карце, але ўжо дайшоўшы да яго, яны знойдуць той пункт, што ім трэба. Ісці ўвогуле было бяспечна, ніхто за імі не бег, засад не было, хлопец вёў спраўна, і яны маглі б спачыць дзе ў вёсцы. Папіць малачка, а то і чаго іншага...

Пасядзеўшы трохі над картай, Гусакоў зноў злосна вылаяўся і ўстаў на ногі.

– Старшына, а ну адыдземся!

Агрызкаў падняўся, і яны трохі адышліся ў алешнікавыя зарасьнікі, каб іх не пачулі Тумаш і Косця.

– Ты ўпэўнены, што хлопец не падвядзе? – ціха запытаў Гусакоў. Агрызкаў паціснуў плячыма.

– Быць упэўненым тут ні ў чым нельга. Але – вядзе...

– А думаеш, ведае – куды?

– Мабыць, ведае. Ён жа тутэйшы.

– Тутэйшы! У тым і праблема. Бач, як гэтых тутэйшых купляюць? Зямлёй!

Старшына на тое не адказаў, ён адно пазіраў на спатнедага камандзіра і думаў: ну чаго мандражыш, падазраваеш? Кепскі табе праваднік, дык ідзі ў вёску, знайдзі лепшага. Але ж, мабыць, зноў пашлеш старшыну?

– Ты во што, – сказаў Гусакоў. – Прыйдзем – пра хлопца ні слова. Нават і органам. Паняў?

– Я дык паняў. Але...

У позірку камандзіра ледзянела падазронасць, і Агрызкаў, можа, упершыню падумаў: ці не здагадваецца ён, хто такі старшына на справе? Мабыць, яму як камандзіру групы сказалі ў штабе даставіць старшыну на базу і ўсё. А хто навошта – наўрад ці ён дапытваўся, тым болей, што, калі і сказалі, дык і ведаць нікому не належыць. Рэжым сакрэтнасці. Зрэшты, нават для разумнага чалавека было няпроста сцяміць, хто такі старшына, ужо хоць бы з тае прычыны, што Агрызкаў прысланы з развед-дыверсійнага аддзелу штабу. Значыць, дыверсант-разведчык, што для старшыны і няблага. Ужо ён не будзе тут нічога тлумачыць і ні ў чым апраўдвацца. Хай гэты капітан лічыць, як хоча.

Хаця, калі ён не дурань, дык разумее. Але навошта тады тузае старшыну, гуляе ў сакрэтнасць. Выпрабоўвае, ці каб падстрахавацца? Аднак старшына яму не падстрахоўшчык.

– Сумняваешся? Во і я сумняваюся, – сказаў, счакаўшы, камандзір. – Вот жа становішча, маць яго растакую!...

Так ні пра што канкрэтна не дамовіўшыся і ўвогуле не паразумеўшыся, абодва вярнуліся на палянку. Тумаш з Косцем ляпіва грызлі маскоўскія сухары, і камандзір адразу скамандаваў:

– Пад’ём! Патопалі далей. Ты, – павярнуўся ён да Косці, – вядзі! Але не туды завядзеш – пяняй на сябе. Паняў?

Косця не адказаў, толькі насупіўся з непрыемнасці ад камандзіравага дакору.

У хмызняковым гушчары яны натрапілі на зарасьнікі спелага малінніку – буйныя сакаўныя ягады вінаграднымі гронкамі звісалі з галінастых, у рост чалавека сцяблін. Шкада, не было калі іх збіраць, толькі на хаду, адбіваючыся ад камароў, яны паспыталі па колькі ягадзінаў. У лесе надвячоркам камары бы азвярэлі і, здавалася, за кожным кустом толькі і чакалі людзей. Хмары іх віліся над галовамі, кусалі лоб, твар, рукі, лезлі нават у нос і вочы – быццам згаладнеўшы, прагнулі чалавечай крыві. Косця, можа, прывыкшы, не надта на іх зважаў, затое астатнія адбіваліся ад іх аберуч, – то адной, то другой рукою. Хлопцу зрабілася крыўдна найперш на самога сябе, бо сапраўды ён неяк перастаў пазнаваць мясцовасць і часам блытаўся, у якім накірунку трэба ісці. Іншая справа – па дарозе, той шлях ён памятаў добра. Але ж камандзір сказаў, што па дарозе нельга, і ён бадай што пакутна перажываў недасканаласць уласнай памяці. Хіба пайсці ў вёску і папытацца? Але ці пусцяць аднаго ў вёску?

Пакуль, аднак, яго спадарожнікі маўчалі, упарта прабіраючыся праз хмызняк, маўчаў і Косця. Пасля камарынага гушчару пайшлі расцяробы і пералескі, тут хадакам стала лягчэй, можна было ісці шпарчэй. Часам ім траплялі лапікі сенажацяў, на якіх трава была скошана і сена звезена. Але тут Косцю стала балюча нагам, асабліва на рэштках дуддзя пад кустоўем. Хутка ён пракалоў ступню да крыві і прыкметна кульгаў. Ды камандзір не заўважыў таго, і хлопец не стаў яму гаварыць. Ён усё думаў пра Багавізну. Кепска, што давялося з’ездзіць туды ўсяго аднойчы і то зімовай парой. Зімой там, напэўна, усё выглядала інакш, чым улетку, і ён не надта запомніў драбніцы дарогі. Тады, седзячы ў санях, ён увесь час слухаў дзеда Багацёнка, які апавядаў пра тое, як быў малады і служыў у пана за фурмана, які злы і нядобры быў пан і якая добрая маладая пані. У яе з фурманам усталявалася нават штосьці накшталт таемнага каханьня, але не такое, каб давяло да чагось брыдкага, а далікатнае і дужа жаласлівае. Яна шкадавала фурмана, у якога якраз перад тым памерла маладая жонка, і ён быў у скрусе. Пан на пачатку той, мікалаеўскай вайны загінуў у Галіччыне, а пані пасля рэвалюцыі з’ехала ў Варшаву. Болей яе фурман не спатыкаў і дагэтуль шкадуе яе. «А як звалі тую пані?» – папытаўся Косця. «Звалі пані Анэля», – сказаў дзед Багацёнак. «Анэля, Анэля», – ангельскім голасам гучала ў хлапечай душы тое імя, і Косцю здалося, што і ён кахае добрую маладую пані. Але тое ён зразумеў пасля, праз колькі гадоў, а тады ягоным клопатам было завезці бацьку валёнкі. На дальніх лесараспрацоўках бацька працаваў у чунях – вераўчаных лапцях; накладваў для цеплыні сена, закручваў анучы і так ішоў з мужчынамі ў лес. Адзіныя ў хаце лапленыя валёнкі пакінуў сыну хадзіць у школу, – казаў, што яму яны непатрэбны, бо іх штодня трэба сушыць, а сушыць там няма дзе. Мусіць, аднак, бацька казаў няпраўду, іншыя ж мужчыны недзе сушылі свой абутак. Тым не менш Косця палову зімы прахадзіў у школу ў бацькавых валёнках, аж пакуль з гораду не прыехала да іх добрая цётка Наста, якая прывезла гамашы. Гамашы былі ня новыя, але сталі ўжо цеснаватыя яе пляменніку, і дужа прыдаліся Косцю. Валёнкі ж яны з маці вырашылі адвезці бацьку, во ён і павёз іх у Багавізну. Дзед Багацёнак якраз ехаў на станцыю і паварочваў, не даязджаючы да лесанарыхтовак. Якіх пару кіламетраў Косця пратупаў пешкі па саннай дарозе.

Цяпер пра дарогу не было ў каго папытацца – дзед памёр, а бацька немаведама дзе.

Патроху адбіваючыся ад камароў, Косця прыстала брыў у хмызняку і ўсё думаў: а ці туды ідзе? Некалі чытаў у кніжках, што ў пэўных выпадках можна арыентавацца па сонцу, але не разумеў як. Бо ж сонца не стаіць на месцы, увесь час рухаецца ў небе і ўжо ніяк не паказвае, у якім баку Багавізна. З дому дык накірунак на яе быў пэўны – праз лес, на Барсукі, затым па дарозе ля возера, праз расцяробы і Вялікае балота. Там усё было зразумела, а тут усё зблыталася. Можа, толькі інтуітыўна ён адчуваў, у які бок трэба рухацца, але пэўнасці ў тым ніякай не меў і пачаў асцерагацца, каб ягоную няпэўнасць не заўважыў камандзір, бо што тады будзе? Косцю было сорамна перад гэтымі партызанамі, прысланымі, як ён ужо зразумеў, з самай Масквы. Ён дужа хацеў ім услужыць, бо бачыў, як яны знемаглі са сваімі грузнаватымі валізамі, і гатоў быў пасабіць што несці. Але яму нічога не давалі. Ён быў бы рады, калі б далі хоць патрымаць вінтоўку ці аўтамат. Гэтую вінтоўку, званую СВТ, Косця бачыў упершыню. Звычайныя вінтоўкі ён ужо трымаў раней, ведаў, як зараджаць і як з іх страляць, а гэтую – не. Новая, значыць, зброя ў Чырвонай Арміі. Не тое, што ў партызанаў – куртатыя нямецкія аўтаматы, як у братоў Яхрэмавых, – ці далёка яны страляюць? Мінулай зімой браты прыязджалі ў вёску нарыхтоўваць для партызанаў прадукты. Прывязаўшы да саней трох кароў, павялі іх на Востраў Барок, у свой партызанскі штаб. Таксама дзесьці на Багавізне.

Ужо на зьмярканні яны набрылі ў кустоўі на ледзьве прыкметную ў травяным доле дарожку і пайшлі па ёй. Дарожка была закінутая; даўно не езджаная і пакручастая, але, здалося, вяла ў здатным для іх накірунку. Праз хуткі час і зусім сцямнела. Навакольны хмызняк самкнуўся ў суцэльным змроку начы, нават зблізку нічога не стала відаць. Дарогу можна было хіба мацаць нагамі, але ў травяністым доле тое было няпроста, і Косця наперадзе замарудзіў хаду. Тады камандзір ззаду ціха гукнуў: стой! Хлопец прыпыніўся, прыпыніўся і камандзір. З прыцемак да іх падышоў і стаў побач Агрызкаў. Яны трохі счакалі Тумаша, які, нарэшце прыплёўшыся, стомлена-раздражнёна загаманіў:

– I колькі можна брысці? Усё без прывалу... Ці мы ад каго ўцякаем, ці каго даганяем... Дзіўна нават...

– Ладна, – сказаў камандзір. – Адыдземся ў старонку. На пару гадзін. Усё роўна ўжо...

Што ўсё роўна, ён не сказаў, сышоў з дарогі ў кусты, пралез праз нейкае рагатае голле і першы апусціўся, дзе стаў, – на росны травяны дол.

– Сядайма ўсе.

Яны адразу пасядалі, дзе хто прыпыніўся, пазнімалі ношкі, вольна выцягнулі натруджаныя ногі. Сядзелі моўчкі, міжволі прыслухоўваючыся да стоеных гукаў начы. Недзе з перапынкамі, але настойліва вёў сваю песню турок. Лясное наваколле і ўначы жыло мноствам праяваў-гукаў, якіх тут вынікала, можа, нават больш, чым удзень. Ці тыя гукі цяпер рабіліся болей чутныя, таго Агрызкаў зразумець не мог. Ён першы раз начаваў у лесе і не мог заглушыць у сабе агіднага адчування страхавітасці, амаль боязі начнога лесу. Ведаў, дарма ноччу намагацца што ўбачыць – убачыць у цемры амаль немагчыма нічога, а што разгледзіш, усё фальшыва-прывіднае. Мабыць, уначы кожны куст загадкавы, кожная пляма зводдаль тоіць падазроны знак. Болей пэўна ўначы служыць слых, які таксама часцяком памылковы. Яшчэ звечара як яны ішлі, дзесь убаку вуркала нейкая птушка, ці не балотны бугай? Трохі пераставала, бы задумвалася, а пасля пачынала зноў. Ці, можа, то была ўжо іншая птушка, – таго гарадскі жыхар Агрызкаў сцяміць не мог. I ў кустах паблізу пачулася нейкае кэшканне – можа, зайца, а можа, якой соннай птахі?

Але ўжо наўрад ці чалавека, як уначы можа здацца. Наогул тут чалавекам не пахне, думаў Агрызкаў, мабыць, яны ўлезлі ў такую глушэчу, што навакол толькі кусты ды балоты. I ніводнай вёскі. Малайцы партызаны, ведаюць, дзе трэба партызаніць. Дарма Гусакоў тузаецца ды залішне асцерагаецца. Хіба што адчувае? А можа, у камандзіра якое іншае заданне, апроч тых яго брандзэлак-узнагарод?

Пакуль, аднак, вялікіх складанасцяў старшына Агрызкаў не бачыў. Праўда, партызанаў яны не спаткалі, але не спаткалі і немцаў або паліцаяў. Вакол быццам мірная, як да вайны, зямля. На нівах каласуе жыта, сяляне нарыхтоўваюць сена. Ведама, усім трэба есці. Але ж дзе ўсенародная барацьба з акупантамі?

Паводле дакументаў вайсковае службы Агрызкаў значыўся ў якасці разведчыка-дыверсанта і быў уведзены ў адпаведны штат адпаведнай сакрэтнай службы. Аднак з самага пачатку вайны тая ягоная служба склалася так, што ён не меў ніякіх адносінаў ні да разведкі, ні да дыверсіяў, бо рабіў адмысловым кухарам трэцяга разраду.

Тое ягонае кухарства пачалося калісьці неспадзявана, амаль знянацку. Яшчэ перад вайной па сканчэнні школы ці не ўсе ягоныя сябры паступілі ў лётныя вайсковыя вучэльні. Лёша Агрызкаў таксама падаў дакументы на лётчыка і нават паўгода рыхтаваўся – скакаў з парашутам з вышкі на гарадскім стадыёне. Экзамены ў вучэльню не былі цяжкія, экзаменатары асабліва не прыдзіраліся па навуках, але Агрызкава забракавала медкамісія – падвялі ногі. Ён нават не ведаў, што ў яго плоская ступня, заўжды хадзіў і бегаў нармальна. Аказалася, з такой хваробай у авіяцыю нельга. Ён спрабаваў спрачацца, у авіяцыі, маўляў, не ў пяхоце, хадзіць не трэба. Але тыя, у белых халатах, былі няўмольныя – не паложана і ўсё. З вялікай крыўдай Лёшка Агрызкаў вярнуўся дамоў. Маці, у якой ён быў адзіны, затое любімы сынок, надзіва, не бедавала і хутка ўладкавала яго ў кулінарны тэхнікум, што мясціўся ў ладным дамку на суседняй вуліцы. Праз два гады Лёшка атрымаў дыплом кулінара-кухара трэцяга разраду. Якраз пачалася вайна.

Як усчалі мабілізоўваць моладзь, што не служыла кадравай, ён зноў заявіў у ваенкамаце, што хоча ў лётныя часці. Але ў яго запыталіся пра адукацыю і, пачуўшы пра кулінарны тэхнікум, пераглянуліся. Сказалі заўтра зайсці на трэці паверх да палкоўніка-ваенкама. Той палкоўнік адразу ж даў накіраванне ў штаб акругі, дзе яго сустрэлі ў шырокім кабінеце, павялі на нейкія склады, абмундзіравалі ў новенькае і аформілі ў нейкі дыверсійны аддзел. Напачатку ён быў азадачаны, калі не збянтэжаны. Але замест нямецкага тылу яго прывезлі на прыгожае лецішча па Мажайскай шашы, дзе ён стаў гаспадаром невялічкай кухні вялікага начальніка, стараватага генерала ў сіняй фуражцы, якога ўбачыў, аднак, толькі праз месяц.

Праца на кухні была даволі нудотная, ніякіх яго кулінарных ведаў там не патрабавалася. Ягоная кухарская навука была адкінутая, ён цалкам апынуўся ў падпарадкаванні генералавай жонкі Матруны Іванаўны. Тая лепей за яго ведала, як смажыць катлеты, адбіваць біфштэксы і варыць боршч. Нічога іншага і не патрабавалася. Мабыць, генерал быў задаволены тым, да чаго прывык, і ягоны шэф-кухар дакладна выконваў усе патрабаванні гаспадыні – наконт солі, перцу, і без усялякіх там выкрутасаў. Увогуле Аляксею Агрызкаву неўзабаве тая кухня нямала надакучыла, і аднойчы ён папрасіў генерала адправіць яго на фронт. Ды генерал ціхім голасам паабяцаў адправіць яго ў штрафную роту, калі ён не пакіне праяўляць свавольствы ў часе вайны. Агрызкаў палічыў сваю вайсковую кар’еру канчаткова збэшчанай і кожны дзень думаў, як уматаць з таго прасмярдзелага смажанінай і цыбуляй лецішча.

Так доўжылася год ці болей. Неяк узімку генерал аб’явіў, што трэба падрыхтаваць банкет у вузкім коле з радаснай нагоды атрымання ім на пагоны яшчэ адной зоркі. Агрызкаву, каб было ўпраўней, далі памочніцу – прыгожанькую вяртлявую Анечку, якая на другі ж дзень амаль выжыла з кухні і яго і старую генеральшу – так ліха і весела ўпраўлялася з каструлямі і патэльнямі, пякла-смажыла і з адмысловым густам сервіравала стол. Для сервіроўкі прывезлі аднекуль фанерную скрыню парцаляны і крышталю, якія Анечка тонкімі пальчыкамі да вечара расстаўляла-перастаўляла на даўгім пад белым абрусам стале. Як там балявалі басавітыя генералы і палкоўнікі, Агрызкаў не бачыў – шчыраваў з брудным посудам, затое Анечку разы тры, бы актрысу на біс, звалі ў залю. Пілі за яе здароўе і прыгажосць. Піла і яна. Але трошкі. Яна была дзяўчына разумная і не дазволіла б сабе напіцца.

Пасля таго вясёлага банкету генеральша, аднак, два дні праплакала, а пасля і зусім знікла. Куды – Агрызкаў не пытаўся і яму ніхто не казаў нічога. Колькі дзён ён смажыў катлеты і варыў бошч на ўласны розум. А затым на генералавым лецішчы паявілася ўсё тая ж Анечка – ужо на правах гаспадыні. Да кухара Лёшкі яна аднеслася па-таварыску, бы да старога знаёмага. I надзіва яму – амаль перастала ўмешвацца ў яго кухонныя справы. Бы нічога ў іх і не цяміла. Упершыню ён адчуў на лецішчы немалую свабоду. Нейкія байцы прывозілі ўранку набор субпрадуктаў, ён атрымліваў іх па накладной, смажыў сьняданак генералу і яго маладой жонцы, удзень варыў украінскі боршч, які падабаў генерал, потым што-небудзь на лёгкую вячэру.

Праз хуткі час у генерала па службе здарылася запарка, ён пачаў дзесь прападаць да глыбокай ночы, а то і зусім не прыязджаць нанач. Пачаў адлучацца ў камандзіроўкі. Неяк вясной яго не было дзён дваццаць, – лётаў у партызанскі тыл, у Бранскія лясы. Анечка непакоілася, бедавала і сумавала і ўсё часцей наведвалася на кухню. Агрызкаў адчуў, што дабром тое не скончыцца.

З пачатку лета ён начаваў на салдацкім тапчане ў прыбудоўцы, пад разложыстай старой яблыняй, з якой пад восень гучна шпокалі аб толевы дах спелыя ружовыя яблычкі. Неяк ветранай ноччу, засынаючы пад іхняе шпоканне, ён не адразу адчуў, як стукнула засаўка і на яго дыхнула не яблычным пахам, а хвалюючымі жаночымі духамі, тонкія пальчыкі ашчаперылі яго крутыя плечы. Уся ноч мінула тады пад гэты духмяны хвалюючы пах і задышлівы шэпт прыгожай маладой жанчыны. Ды ці толькі адна тая ноч...

Анечка была трохі старэйшая за яго, дваццацідвухгадовага бэйбуса, але па-жаночы сталася мудрэйшаю на цэлы век. Ужо яна ўмела пускаць пыл у вочы – і мужу, і сяброўкам, і генералавым саслужыўцам. Пры людзях яна ставілася да кухара строга і нават прыдзірліва, не саромелася груба вымавіць за недасмажаныя ці перасоленыя катлеты (якія, зрэшты, заўсёды былі нармальныя). Затое пасля, як за гасцямі зачыняліся дзверы, кідалася яму на шыю і абляпляла твар пацалункамі. Ці не з яе ініцыятывы дыверсанту Агрызкаву прысвоілі чын старшыны – мінаючы ўсе сяржанцкія ступені. Яна ўжо намякала яму і пра ордэн, які мог бы аформіць нейкі палкоўнік Ануфрыеў. Само сабой ён рэгулярна мяняў абмундзіроўку – апошні раз атрымаў афіцэрскую, з юфтавымі ботамі. Свае растаптаныя кірзачы кінуў цераз загарадзь на суседняе лецішча. Неяк у супакоеную хвіліну начной шчырасці Анечка распавяла маладому сябру пра сваю сардэчную драму, якая перавярнула ўсё яе жаночае жыццё. Яе муж – лётчык-герой – быў рэпрэсаваны ўладарнаю службай гэтага во генерала, і, хоць яе змусілі адмовіцца ад мужа, яна склала свой хітры, па-жаночы дасканалы план яго паратунку, палову якога ўжо выканала. Праз немалыя намаганні яна здолела завабіць сабой гэтага не надта старога яшчэ генерала і амаль сталася ягонаю жонкай. Яна дужа верыла ў сілу і моц свае жаноцкай прывабнасці і меркавала, што ўрэшце даможацца мэты. Зарукай таму было яе бязмежнае каханне да бязвінна трапіўшага ў бяду героя-лётчыка, дзеля якога Анечка была гатовая на ўсё. Трымаючы яе ў сваіх няслабых абдымках, Лёшка Агрызкаў кісла ўсміхаўся ў цемры: ён дужа сумняваўся, што на месцы таго летуна захацеў бы такога паратунку. Але ў Анечкі, відаць, былі адмысловыя наконт таго меркаванні, і ён змоўчаў, яшчэ мацней прыціскаючы да сябе трапяткое цела ласкавай жанчынкі.

Пры ўсёй яе жаночай дасканаласці Анечка, аднак, не ўлічыла некаторых асаблівасцяў прафесіі генерала-мужа. Хоць той і адлучаўся з дому, але, мабыць, не пакідаў яго без нагляду, і што-нішто з яе адносінаў з кухарам яму стала вядома. Тыдзень таму, неспадзявана вярнуўшыся з камандзіроўкі, ён пакінуў свой «віліс» у пачатку вуліцы і да лецішча падышоў пехатой. У іхняй спальні наверсе жонкі не аказалася, Анечка ў той час бяспечна дасыпала сабе ў прыбудоўцы, а старшына-кухар распальваў пліту на кухні. Там жа генерал і абвясціў Агрызкаву, што яму ўсё вядома, што такія адносіны між кухарам і ягонаю жонкай недапушчальныя, і ён адсылае Аляксея ў партызанскую зону – на выпраўленне. «Куды?» – запытаў збянтэжаны кухар. У распараджэньне беларускага сябра генерала, сакратара падпольнага абкаму. «Што ж, – абыякава падумаў Агрызкаў, – мабыць, і падпольныя сакратары любяць пажарскія катлеты, не ўсе харчуюцца канцэнтратамі з маскоўскага харчкамбіната імя таварыша Мікаяна». Таго ж дня ён сабраў сваё небагатае майно і, трохі пастаяўшы перад генеральскай спальняй, дзе, замкнуўшыся, плакала няшчасная Анечка, пайшоў на цягнік. У партызанскім штабе ўжо былі ў курсе, яго чакалі...

Тумаш заснуу адразу, як толькі паваліўся долу, і, здалося, яго тут жа піхнулі ў бок – уставай. Фельчар нават не адразу сцяміў, хто гэта і дзе ён. Аказалася, будзіць яго Агрызкаў, які стаіць над ім і штосьці ціха гамоніць.

Фельчар борздзенька сеў на траве і азірнуўся. Ну і месцечка яны выбралі для начлегу! Балота не балота, але і не лес – нейкая хмызняковая няўдобіца, парослая крапівой. Мабыць, ад яе ці, можа, ад камароў надта свярбелі рукі і твар. Ужо сьвітала ці, можа, і зусім развіднела, але тут, у алешніку, было змрачнавата, смярдзела грыбной мухаморнай сырасцю, і ён настыла скалануўся са сну. Камандзір насупроць поркаўся ў сваім шматкаштоўным рэчмяшку, хлопчык Косця з маркотным выглядам стаяў зводдаль, чакаў.

– Доктар, у цябе сухарыка не засталося? – папытаўся Агрызкаў. – То дай пагрызьці. А то ў нас пуста.

Тумаш развязаў сваю не новую, з дзіркамі, атрыманую ў шпіталі тарбіну, дастаў спадыспаду два акрышаныя сухары. Адзін сухар старшына разламаў напалам, палавіну працягнуў Косцю. Той пакруціў галавой.

– Не хачу.

– Думаеш малінай пітацца? – сказаў старшына і схаваў сухар у кішэню. Побач падняўся на ногі і камандзір. Ён па-ранейшаму быў заклапочаны, нават раззлаваны з твару, начапіў на сябе майно – кірзовую сумку і рэчмяшок, дбайна паправіў гімнасцёрку пад дзягай з цяжкавата абвіслай кабурой. Увогуле ношку камандзір меў, мабыць, лягчэйшую за іхнія, падумаў фельчар, беручы з долу замакрэлую ад расы вінтоўку. Грузу ў яго ўсё ж набіралася болей за ўсіх.

– Хочаш, дам панясці, – сказаў ён да Косці, трымаючы за почапку санітарную сумку. Косця нясмела ўзяў яе аберуч, быццам паважыў.

– Не цяжкая, самы раз будзе, – запэўніў фельчар, зірнуўшы ў бок камандзіра, які строга пазіраў на яго. Але не сказаў нічога.

Хрумкаючы сухары, яны выбраліся з кустоўя на ўчарашнюю дарожку.

У хмызняковым наваколлі стаяла золкая ранішняя цішыня, неба ўгары паволі святлела, але сонца яшчэ не было відаць. Каля вушэй ціха зудзелі камары, але не так, як учора звечару. «Мабыць, яшчэ не згаладнелі», – падумаў Тумаш. I яму чамусьці прыпомнілася, як колісь гэткім жа росным раннем ён хадзіў з вудай на возера – парыбачыць. Тады ён быў малады, нядаўна скончыў фельчарскую вучэльню і на пару з доктарам Дашкевічам рабіў у местачковым медпункце. Быў халасты, вадзіўся з местачковымі дзеўкамі і неяк аднаго лета ўлёг у рыбалку, тым болей што адразу за местачковай аколіцай разлеглася невялікае маляўнічае азярко з трысняговымі берагамі. У адным месцы трысьнёг расступаўся, і на нешырокай пясчанай водмелі каля дарогі купалася ў поўдзень і надвячоркам галасістая местачковая дзятва. Тумаш абраў сабе рыбацкі закутак наводдаль, ля дуба, паваленага бабрамі ў ваду, дзе часам браліся краснапёркі і акунькі. Але як калі. Рыбак з Тумаша быў ня надта ўдачлівы, часам за ўвесь ранак прыносіў якіх пару плотачак – кату на сьняданак. Калі-нікалі, аднак, шчасціла болей. Аднойчы ён паставіў рэкорд – тузін акунькоў, якіх і засмажыў якраз на дзень уласных народзінаў і запрасіў на пачастунак калегу – доктара Дашкевіча. Дашкевіч быў чалавек у гадах, жыў халасцяком і кватараваў у сварлівай яўрэйкі Голды, з якой апошнім часам не размаўляў, пасварыўшыся і назваўшы яе прагнай жыдоўкай. Болей пра ягоныя адносіны з гаспадыняй фельчару не было вядома, ды ён і не пытаўся пра тое, заняты сваімі клопатамі – дзяўчатамі, дочкамі Лейбы Модаля, у кватэры якога нядаўна пасяліўся. Адносіны доктара з фельчарам былі адно службовыя, чыста афіцыйныя, – такія запачаткаваў негаваркі, амаль заўсёды маўклівы Дашкевіч. Цікава, што ён ніколі і ні з кім не піў – ні на працы, калі прымаў хворых, ні на выкліках у вёсках, нават калі ездзіў да парадзіх. Тое не ўсім падабалася ў мястэчку, некаторыя не любілі доктара, казалі: ганарысты, грэбуе простым чалавекам. А тут на дні народзінаў калегі нечакана для фельчара выпіў, – можа, нават цэлую шклянку гарэлкі, бутэльку якой адмыслова для таго Тумаш купіў у сельпоўскай краме. I раптам доктар зрабіўся гаваркім, бы што ў ім прарвалася, – столькі ён нагаварыў за той вечар маладому фельчару, з жарам і болем, – і пра іхнюю занядбаную працу, і пра класавую барацьбу і калектывізацыю, пра ворагаў народу і нялюдскія органы. Аказалася, у горадзе арыштавалі доктаравага сына, навукоўца-хіміка, і бацька быў упэўнены, што бязвінна. Тумаш спярша аж спалохаўся, спрабаваў пярэчыць, не пагаджацца, але разумеў, што пярэчыць марна, доктар гаварыў праўду. Толькі пра тую праўду ў мястэчку не гаварыў ніхто, усе разумелі, але баяліся, нашто было гаварыць і доктару Дашкевічу? Хто не ведаў, што калгаснікі галадаюць, што інтэлігенцыя запалохана і прыцяла вушы, што над усім пануюць органы, якія ўзялі ў свае кіпці і партыйнае кіраўніцтва. У раёне ўжо сёмы сакратар райкама партыі, шасцёра ранейшых рэпрэсаваныя. Але рэпрэсавана і безліч калгаснікаў, дырэктар школы і дзве настаўніцы. Нашто было гаварыць пра тое? Ці доўга з такімі поглядамі можна было гуляць на волі?

Мабыць, разумеючы тое, Тумаш не здзівіўся, калі праз тыдзень, прыйшоўшы ранкам у амбулаторыю, убачыў на яе дзвярах сургучную пячатку – ноччу доктара ўзялі. На ягонай кватэры ў Голды ўсю ноч ішоў ператрус, а да амбулаторыі ў тых, мабыць, яшчэ не дапрасталіся рукі. Менавіта тады Тумаш спалохаўся: цяпер возьмуць яго. Падумаўшы так, вярнуўся дахаты, узяў сваю звітую з конскага воласу вуду і зашыўся на возеры ў самы дальні закутак. Рыба, аднак, ня брала, ды ён і не надта сачыў за паклёўкай, ягоная галава трашчэла ад страхавітых думак – што цяпер будзе? Усё ж яны там, за бутэлькай, былі толькі ўдвух. Што можа падумаць доктар? Тумаш нічога не казаў нікому, але ж у старым і вялікім Лейбавым доме, апроч гаспадароў ды іхніх дачок, былі і яшчэ кватаранты. Цераз дашчаную, абклееную старымі газетамі сцяну кватараваў з сям’ёй настаўнік грамадазнаўства Квяткоўскі, з другога боку жыў пажылы бухгалтар сельпо – ціхі і непрыкметны чалавек, прозвішча якога за два гады так і не запомніў Тумаш. Можа, іхнюю гаворку пачулі? Напэўна пачулі! Але ж на каго было наракаць?

Тумаш чакаў і баяўся арышту, але яго не арыштоўвалі – яго толькі паклікалі ў райаддзел НКВД і далі прачытаць некаторыя з выказваньняў Дашкевіча. Пытанне следчага было пастаўлена рубам: казаў тое доктар ці не? Тумаш трохі павагаўся: увогуле ўсё было запісана правільна ці амаль правільна, мабыць, адмаўляць было марна, і ён пацвердзіў: так, гаварыў. I падпісаў. Тое следчага задаволіла, яго адпусцілі, сказалі: калі будзе трэба – паклічам.

Усё лета, восень, пачатак зімы, фінскую вайну і аж да пачатку Айчыннай фельчар Тумаш жыў пад гнётам страхавітага, трывожнага чакання – калі паклічуць? Праз тое панішчылася ягонае каханне з малодшай Лейбавай дачкой, ён ні з кім не ажаніўся, – страх перасіліў усё. Як пачалася вайна і яго мабілізавалі ў войска, Тумашу ў пэўным сэнсе стала нават лягчэй – чым далей, тым болей прыходзіла ўпэўненасць, што не паклічуць. I праўда, не паклікалі, і ён пакрысе адчуў сябе, як усе, з душы зваліўся штодзённы пакутлівы гнёт. Праўда, з вайной абрынуўся другі, які, пэўна, і выцясніў першы. Але то быў гнёт чакання пагібелі, які фельчар Тумаш перажываў не адзін, а нароўні з усімі. Тут ужо наракаць не было на каго.

– Возера? – са звыклай трывогай гукнуў камандзір, убачыўшы, што Косця наперадзе спыніўся.

– Возера, ага. Я ведаю. Гэта Кузыроўскае...

Яны ўсе прыпыніліся на пагорку ў рэдкім прыазёрным хвойніку – наперадзе, між рэдкіх і стромкіх хвояў сонечна блішчэла роўная паверхня выцягнутага ўпоперак возера з аброслымі трыснягом берагамі. Пад супрацьлеглым берагам відаць быў густа парослы кустоўем невялікі астравок.

– Во і астравок. Пэўна! – узрадавана мовіў хлопец з нізка павіслай санітарнай сумкай, надзетай цераз плячо. – Цяперака трэба абысці. Тут блізка, цераз рэчку.

– Як называецца рэчка? – пытаўся камандзір. Ён ужо разгарнуў вынятую з сумкі карту, распрастаў яе на каленях. Але як называецца рэчка, хлопец не ведаў і няўцямна паціснуў худымі плечукамі.

Хвіліну камандзір углядаўся ў карту, агледзеў усе крывулястыя рэчкі з нязвыклымі курсіўнымі назвамі. Там іх было некалькі, але гэтага возера не было. Але, мяркуючы па ўсім, яны ішлі правільна, іначай хлопец так лёгка не пазнаў бы знаёмую мясціну. Той факт надта ўзрадаваў камандзіра.

– То – шагам марш! Вядзі ў абход, Косця! – бадзёра скамандаваў Гусакоў.

Косця паглядзеў у адзін бок, у другі і рашуча, амаль подбегам пусціўся між хвой з пагорка. Яны ўтрох жвава пайшлі следам.

На душы ў камандзіра паспакайнела, нарэшце з’явілася ўпэўненасць. Хоць на карце гэтай мясцовасці яшчэ не было, але, калі хлопец яе пазнаў, дык, мабыць, неўзабаве будзе. Гусакову галоўнае, каб якую адзнаку тае мясцовасці ўбачыць на карце, астатняе ён вызначыць без праблемаў. Незалежна ад каго б там ні было. Тым болей – ад гэтага хлопца-падлетка. Смешна будзе прызнацца каму ў штабе, што вясковы пастушок два дні ратаваў іх, трох узброеных кадравых вайскоўцаў, вёў у партызанскі штаб, якога яны не маглі адшукаць нават з картай. Заблудзіліся, бы недарэкі. Бы апошнія малапісьменныя абармоты не маглі даць сабе рады...

Але, мусіць, так – заблудзіліся, хоць і не па сваёй віне – па чужой, як гэта ўсё ж часам бывае на вайне. Хоць капітан Гусакоў ваяваў нядоўга, да цяжкога ранення ў галаву, але хапіла на фронце і яму. Асабліва на пачатку вайны, калі ён з групай пагранічнікаў адступаў ад самага Беластока праз усю Беларусь да Салаўёўскай пераправы, дзе яго і параніла. Увесь час ішлі – удзень, а болей уначы па ўжо занятай немцамі тэрыторыі, харчаваліся, а то і хаваліся па вёсках і хутарах, спатыкалі рознае. Былі харошыя дзядзькі і цёткі, кармілі, прывячалі, паказвалі шлях на ўсход, плакалі, успамінаючы сваіх крэўных, што вось так недзе мыкаюць вайсковую долю. Але былі і інакшыя. Такія, што хацелі, каб хутчэй прыйшлі немцы ды ўстанавілі еўрапейскі парадак, распусцілі калгасы і вярнулі сялянам іхнюю, адабраную ў калгасы зямлю. Адзін настаўнік, як яны начавалі ў сельскай школе, усё даводзіў увечары, што нямецкая нацыя культурная, верыць у Бога. Што краіна, якая дала свету Іетэ і Шылера, не можа зрабіць некаму кепскага, – наладзіць і ў Беларусі цывілізаванае жыццё. Абы толькі скончылася вайна, а там усё будзе добра, лепей, чым пры саветах. Таго надта разумнага настаўніка давялося шлёпнуць уранку пад сцяной яго школы. Нельга было такіх пакідаць акупантам, якія адразу зрабілі б з іх паліцаяў і паслалі забіваць камуністаў і камсамольцаў. Праўда, трохі было няёмка, што перад тым яны добра пасьнедалі ў яго, нават пачаставаліся мёдам. Ну, але мёд – асобна, а палітыка асобна, як сказаў пасля іхні палітрук Сядзёлкін.

А то было горш. У другім месцы, на хутары маладая прыгожая шляхцянка нават не захацела размаўляць з імі, адно дзяўбла: не разумем і не разумем. Хаця як было не разумець простых пытаньняў, якія ёй задавалі ясным рускім языком? Як пасля яны дазналіся ў суседнім сяле, муж шляхцянкі быў афіцэр польскага войска, разбітага Чырвонай Арміяй у 39-м. Значыць, затаіла крыўду! Шкада, нязручна было вяртацца на хутар, а то б яны паказалі ёй, як крыўдаваць на савецкую ўласць.

Праўда, то было ў Заходняй Беларусі, толькі два гады таму далучанай да СССР, – уплывала доўгае знаходжанне пад буржуазнай уладай. Ва Усходняй жа было трохі інакш. Найперш складвалася ўражанне, што Усходняя абязлюднела – адны бабы ды дзеці ў вёсках, а мужыкі ці на фронце, ці ў партызанах, ці куды пахаваліся? Не магло ж так быць, каб усіх тамашніх калгасьнікаў рэпрэсавалі ў трыццатыя гады, калі ішла непрымірымая класавая барацьба. Хаця, калі і рэпрэсавалі, дык, мабыць, было за што. Калі б так у свой час не зрабілі, дык во цяпер, як пачалася вайна, яны б напэўна стралялі чырвонаармейцам у спіну. Як у Прыбалтыцы.

Возера яны абышлі ўдала – перабраліся цераз нешырокую багністую рачулку. Давялося пасцягваць боты, закасалі штаны. А старшына дык зняў і свае афіцэрскія брыджы, сказаў – надакучыла сушыцца, толькі ўчора падвечар высахлі пасля начнога купання з парашутам. Паводзіў сябе старшына даволі незалежна, не надта выдаючы патрэбную падначаленасць, і тое часам раздражняла Гусакова. Але што ж, старшына – часовы падначалены, з тым даводзілася мірыцца. Зноў жа, не зусім і вайсковец – ні армеец, ні партызан, толькі прыкамандзіраваны для дастаўкі ў партызанскі штаб. Камандзір меркаваў, што старшына звязаны з органамі, хаця і не бачыў у тым нічога асаблівага – хто з імі не звязаны. Канешне, з ім трэба трымаць вуха востра. Бо яшчэ невядома хто да каго прыкамандзіраваны, хто старшы, а хто малодшы. Вельмі нават можа стацца, што ён – і не старшына нават, не Агрызкаў, а хто-небудзь іншы. Зрэшты, Гусакову да таго справа маленькая. Таксама як і да фельчара, які ўсё наравіў адстаць. Усё яму не панораву: то груз на спіне надта цяжка, то горача, то ідуць вельмі шпарка. Адставакаў на вайне Гусакоў бачыў шмат, іхнія мэты былі яму знаёмыя. У тое першае ваеннае лета з іхняе групы, што прабіралася на ўсход, ці не палова не дайшла, паадставала. Па розных прычынах – то знясілелі, то панаціралі ногі, то заблудзіліся. Але найперш не захацелі ваяваць, захацелі дамоў – да жонак і дзетак. Жыць захацелі, падлюгі.

За возерам мясцовасць нечакана змянілася – хвойны лес скончыўся, пачалося балота. Праўда, цяпер, у сухую пару, тут было суха – куп’істая імшарына з рэдкімі кустамі крушыны ды алешніку, дробнымі нізкарослымі хвойкамі. Месцамі з-пад ботаў сачылася чорная вада. Вакол была процьма журавінаў – кожная купіна як абсыпана чырванабокімі ягадамі. У пагодным, з рэдкімі аблачынамі небе кружыла наводдаль пара бацяноў, а над галовамі зноў пачалі віцца хмары камароў ды рознае балотнай машкары, ад якой тут стала горш, чым у лесе. Старшына нейкі час спрабаваў адганяць іх веццем, але хутка кінуў – адагнаць іх было немагчыма. Добра, аднак, ім ніхто не спаткаўся, мабыць, тут не было ні людзей, ні якога жытла, падобна, мясціна гэта была зусім не заселеная. Адно – у высокім з аблокамі небе няспынна кружылі бацяны ды зрэдчас, хлопаючы крыллем, нізка праляталі качкі. Учарашняе напружанне ў душы камандзіра апала, хоць турботны неспакой яшчэ заставаўся, але ўжо стала вальней. Цяпер Гусакоў ішоў першы, за ім блізка – Косця, іншыя пляліся зводдаль. Згаладнелыя, раз-пораз нагінаючыся, яны рвалі журавіны. Было горача, нізенькія балотныя дрэўцы ценю давалі мала. Пмнасцёрка зусім прамокла ад поту, Гусакоў расшпіліў яе да апошняга гузіка, ацяжэлы рэчмяшок павесіў на адно плячо, каб трохі ахалонула спіна. У нейкай мясціне сярод балота, дзе дрэўцы здаліся яму болей бухматыя, ён прыпыніўся. Побач пад купкай крушынаў ляжаў звабны цянёк.

– Прывал!

Хутка яны ўсе сышліся ў тым цяньку, паселі радком – тварамі да балота, плячмі да дрэўцаў. Косця па сваёй патрэбе на хвіліну адхінуўся за купіну, а як вярнуўся, Агрызкаў спытаўся:

– А што ты не ў партызанах? Кажуць, у вас жа ўсе, старыя і малыя, ваююць?

Косця памарудзіў, неяк перасмыкнуў не па-дзіцячы абвялым тварам.

– Дык няма як маму пакінуць.

– Не пушчае, ага?

– Не. Бацька пайшоў, дык сказаў – маці памагаць.

– Ну бацька прыйдзе, тады ты пойдзеш. На змену бацьку. Ага?

Косця на тое не адказаў, толькі засмучоным позіркам глядзеў у балотную далячынь, бы маючы намер убачыць бацьку. Туды ж з добрым тварам зірнуў і Агрызкаў.

– Харашо! – сказаў старшына. – Каб яшчэ і пажраць. Кацялочак пярлоўкі. Га, доктар?

– Можа, табе яшчэ і катлет захацелася? – не надта добразычліва прамовіў Тумаш. – Прыйдзем – накормяць. Ужо ў партызанаў пярлоўкі знойдзецца.

– Гэта яшчэ як сказаць! Хаця, канешне, не з пустымі рукамі прыйдзем, праўда, камандзір? – цягнула на размову старшыну. – Цікава, а якія там у вас узнагароды? Медалі, мабыць?

Пэўна, каб надаць важнасць размове, Гусакоў вытрымаў паўзу, пакуль развязаў лямкі рэчавага мяшка. Вялікая кардонная ўпакоўка з узнагародамі была ў поўнай спраўнасці, хіба трохі пакамечаная, але пячаткі на яе баках значыліся выразна.

– Каб ты ведаў, – не толькі медалі. Сем штук Баявога Чырвонага Сцяга, ордэн Суворава, тры ордэны Леніна...

– А медалі? – цікавіўся старшына.

– Ёсць і медалі. «Партызану Айчыннай вайны» першай ступені трыццаць восем знакаў, другой ступені – шэсцьдзесят. Восем – «За адвагу» і пяць – «За баявыя заслугі».

– А «За баявыя заслугі» – каму? Папэжэ, мабыць? Ці ў партызанах няма папэжэ? Яны там усе з законнымі жонкамі...

На тое Гусакоў не адказаў – такі паварот гаворкі яму не падабаўся. Што і як у партызан, старшына пабачыць, як прыйдзе на базу. А то гэтыя роспыты былі надта падобныя на правакацыю.

– Да-а, будзе радасці партызанам, – сказаў старшына. – А вы, камандзір, узнагароджаны?

– Узнагароджаны, не бойся, – не надта ў тон адказаў Гусакоў.

– Нябось не меней, чым ордэнам Леніна?

– Не, не Леніна. Чым заслужыў, тым і ўзнагароджаны, таварыш старшына.

Старшына вольна адкінуўся на мяккі мох купіны.

– А я, ведаеце, яшчэ не. Не ўдастоіўся. Хіба ў партызанах палучу.

– Палучыш. У партызанах палучыш, – няпэўна азваўся Тумаш. – Ужо героя палучыш.

– Маю намер, – сур’ёзна зазначыў Агрызкаў. – Што ж – ваяваць ды не заслужыць узнагароду? Сам жа, мабыць, нахапаў у танкавых войсках?

– Дзе ўжо нам? Мы ж – медыцына, каб ратаваць вас, дужа хвацкіх. Вунь пад Мярэфай аднаго такога героя-камбата цягнуў пад агнём да дарогі, а ён на дарозе сканаў. Ну, думаў, за героя хоць медалёк падкінуць – дзе там! За што ж медалёк, калі сканаў, праўда?

– Гэта гледзячы, як сфармуляваць, – без ахвоты да размовы уставіў Гусакоў.

– Што сфармуляваць? – не сцяміў фельчар.

– Прадстаўленне. За адзін і той жа подзвіг можна медаль «За адвагу», а можна і Чырвоную Звязду. Гледзячы як аформлена.

– Слухай, доктар, вучыся, – зазначыў Агрызкаў. – Камандзір знае. Ён спец па фармулёўках.

Гусакоў прыпыніў размову, ён не надта любіў абмяркоўваць са староннімі свае службовыя справы. Што яны разумелі, гэтыя армейцы ці партызаны, з яго штабное спецыфікі, якую і ён спасціг не адразу. Спатрэбіўся час, праца і трыванне. Не абышлося без памылак і промахаў, – мабыць, як і ў кожнай адказнай справе.

Ва ўзнагародным аддзеле Гусакоў служыў без малога год – афармляў прысланыя з партызанскага тылу прадстаўленні, правяраў правільнасць фармулёвак і запісаў, вёў картатэку і строгі ўлік дакументаў на ўзнагароджаных. I ўсё – сакрэтна і абсалютна сакрэтна, як і належала ў адказнай штабной службе. Гэта толькі недасведчанаму магло здацца, што справа тая простая і для пісьменнага чалавека не мае вялікіх цяжкасцяў. Перадрукоўвай на добрай паперы прысланыя з часцей і злучэнняў рапарты, падкладвай у генералаву папку на подпіс ці зацвярджэнне – і ўсё. Часам забываюць, што ёсць яшчэ сакратарыят прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, ёсць дзяржкантроль і парткам, ну і асобы аддзел – як і паложана – і ўсе кантралююць і правяраюць з правам ануляваць ці вярнуць на выпраўленне памылкі. У адным дакуменце, напрыклад, напісалі Ціхмянёў, а ў іншым Ціхмянеў. Невялікая недакладнасць, як быццам, а яму, начальніку аддзела, давялося атрымаць вымову. Якраз напярэдадні дня Чырвонай Арміі, калі ўсе ў штабе атрымалі віншаванні і падзякі ў загадзе, а ён у іншым загадзе – вымову. Вось табе і нязначная граматычная памылка.

Горш за ўсё, што ягоная служба неяк выпала з усіх статутаў і нічым не рэгламентавана, што давала яму шмат магчымасцяў для ініцыятывы, але змушала і рызыкаваць. Ад ягонага ўмельства і сумлення залежала шмат што, у тым ліку і вырашэнне галоўнага пытання: узнагародзіць ці не? Ягоны папярэднік Усачоў меў нешчаслівую руку і што ні аформіць – няўдала, вяртаюць назад ды яшчэ з рэкламацыяй, за якую яму – спагнанне. Яно і зразумела. Калі напісаць, да прыкладу, што камандзір атраду добра кіраваў боем, паспяхова ўзяў які населены пункт, дзе было забіта 12 паліцаяў і 2 узяты ў палон, – хто такому герою дасць ордэн Чырвонага Сцягу? Трэба трошкі паправіць, – зусім нязначна, але істотна. Найперш указаць сацыяльнае паходжанне камандзіра – тое, што ён з рабочай сям’і, што член ВКП(б). Калі беспартыйны, тое лепш не ўказваць, проста партыйнасць апусціць. Замест 12 забітых паліцаяў лепш указаць 21 гітлераўца. Розніца невялікая, а ролю іграе выдатную. Ну і абавязкова ў канцы дадаць (з чырвонага радка), што справе Леніна-Сталіна адданы, гэта галоўнае і дужа шмат значыць у вачах сакратарыята ВС, дзярж- і парткантролю, асобага аддзела таксама.

На пачатку ягонай службы ў аддзеле, калі ён яшчэ не набраўся пэўнага вопыту,.было некалькі выпадкаў, што ўзнагароду зніжалі, і тое выклікала абурэнне партызанаў. Але здарыўся і выпадак, калі ордэн падвысілі адразу на тры ступені. Гэта калі замест «Айчыннай вайны» партызану-снайперу далі ордэн Леніна. Тады ён ажно спалохаўся, бо прычынай таго стаў недагляд машыністкі, якая замест 28 забітых снайперам фашыстаў выдрукавала 82. У аддзеле быў вялікі спалох, але нядоўгі: скаргі з месца не паступіла, бо хутка і камандзіра таго снайпера няблага ўзнагародзілі.

Зноў жа трэба ўлічваць, каго ўзнагароджваюць. Калі радавых партызанаў, ну там падрыўнікоў, разведчыкаў ці падполыячыкаў, можна ня дужа дбаць – гэтым што дадуць, тое і добра. А калі камбрыгаў ці камісараў? Не дай Бог камісару брыгады аформіць меншы ордэн, чымсьці камбрыгу. А то прышлюць голы тэкст кшталту: вёў вялікую палітмасавую работу па згуртаванні партыйнай арганізацыі атраду (ці брыгады), натхняў масы на выкананне задачаў, пастаўленых таварышам Сталіным у загадзе нумар такім. А дзе канкрэтыка? Начальства патрабуе канкрэтыку. I тады начальнік аддзелу капітан Гусакоў сядае за стол і піша: сакратар падпольнага бюро (райкаму, абкаму, акружкаму) у самы рашучы момант бою асабістым прыкладам павёў людзей у контратаку, сам лёгшы за кулямёт, знішчыў 127 эсэсаўцаў, астатніх абраціў у бегства. Тое падабалася і гарантавала ўзнагароджанне высокім ордэнам Чырвонага Сцягу. Звычайна герой і не падазраваў, каму абавязаны, думаў: непасрэднаму начальніку, які прыслаў на яго малапісьменную цыдулку. Але капітан Гусакоў не мае ніякіх ні да кога прэтэнзіяў, ён выконваў свой вайсковы абавязак – не болей.

Трошкі, праўда, рабілася крыўднавата, Кусала самалюбства. Столькім героям ён забяспечыў урадавыя ўзнагароды, а сам як атрымаў летась ордэн Чырвонай Зоркі, так з ім і хадзіў, нібы які камандзір узводу, а не працаўнік Цэнтральнага штабу. Можа, з тае прычыны ён і папрасіўся ў гэтае дэсантаванне, хоць і разумеў, колькі яно ўтойвае небяспекі. I яго зразумелі. Генерал Кругляк з аддзелу кадраў аўтарытэтна сказаў: едзь! Вернешся – узнагародзім. Што ж, дзякуй. Трэба толькі вярнуцца.

Была, аднак, у гэтай яго камандзіроўцы і яшчэ адна асаблівасць – пільная нутраная патрэба рэабілітавацца, ці што? Мабыць, у адным канкрэтным выпадку, афармляючы высокі ордэн, ён перастараўся. Увогуле ўсё адбылося гладка і паспяхова, начальнік атрымаў узнагароду, яго віншавалі і нават надрукавалі ў газетах. А потым... А потым таго начальніка ўзяў асобы аддзел, а Вярхоўны Савет ануляваў сваю ўзнагароду. Пачалося расследаванне, Гусакова выклікалі, дапытвалі. Не тое, каб наклалі спагнанне, ды ўсё ж узялі пад падазрэнне. Тут ён прызнаўся найперш самому сабе, што спудлаваў, паспяшаўся. Мабыць, ніколі не трэба спяшацца, самому дзешавей абыдзецца. Але ж тады хто ведаў? Усё ведаюць хіба адны органы...

Косця таксама акрыяў душой, калі ўбачыў знаёмае возера. Тут яны летась спыняліся, як ездзілі на станцыю, паілі каня. Праўда, што знаходзіцца па той бок возера, хлопец ня ведаў, але напрамак на Багавізну адсюль вызначыў пэўна. Толькі ці далёка было да яе, сказаць таго ён не мог.

Па балоце ён ішоў разам з камандзірам, між куп’я па імшарыне тое было няцяжка. Санітарная сумка трохі муляла на ягоным плячы, ды нішто; ужо ён яе як-небудзь данясе. Тым больш, адпачыўшы ў цяньку пад кустом. Каб яшчэ што-небудзь з’есці. Але ежы тут не было, апроч хіба журавінаў. Ды хіба журавінамі пад’ясі?

Горш тое, што хацелася піць.

Можа, і дзіўна будзе каму гарадскому, што тут, на балоце, не было дзе напіцца, але пэўна так. Рэчка болей ім не трапляла, а вада з-пад імху была дужа непрывабная – рудая, з балотнай церухой, такой не пап’еш. I ён мусіў трываць, адно імкнучыся наперад, каб як-небудзь дапнуцца да берага гэтага бясконцага балота. Ён быў упэўнены, што Багавізна блізка.

Адпачыўшы на купіне, яны зноў рушылі па хмызняковай імшарыне. Але неўзабаве збавілі хаду і нават спыніліся – камандзір здорава праваліўся праз мох у багну, спярша адной, а затым і абедзвюма нагамі. Косця памкнуўся яму памагчы, ды і сам загруз босымі нагамі да самых каленяў. Тут яны агледзеліся, што наперадзе? Наперадзе аказалася яшчэ горш – пачыналася сапраўдная багна з асакой, аерам, вадзянымі вокнамі і дрыгвой.

Але што было ім рабіць? Ці, можа, вяртацца назад, ці спрабаваць прабірацца па гэтай дрыгве? Вяртацца, вядома, нікому не хацелася, і камандзір, пару разоў вылаяўшыся, сказаў:

– Трэба выламаць палкі. З палкамі надзёжна! У блізкіх кустах яны павыламвалі сабе крывулякі-палкі, якімі пачалі пароць у мох і ваду – мацаць дно. Ботаў ужо не скідалі, не было патрэбы, бо там даўно ўжо чвякала і сіпела – набралася вады. Пакрысе намоклі і штаны – у Косці ажно да пояса. Босыя Косцевы ногі лёгка правальваліся ў дрыгву, затое лёгка і выцягваліся з яе. Не тое што ў Тумаша, які аднойчы згубіў свой кірзач. Пасля доўга лаяўся і шукаў у багне палкай, ды ўрэшце дастаў змакрэлай да пляча рукой.

Тут Косця зноў ішоў наперадзе – шукаў найлепшы кірунак, па якім брылі астатнія. Кожны крок даваўся яму цяжка. Спярша пароў у дрыгвяную кашу палкай – у адно, затым у другое месца, затым асцярожна ступаў туды і, калі не адразу правальваўся, хутка скакаў на два-тры крокі. А то кідаўся ўбок, каб не надта глыбока праваліцца. Камандзір за ім усё адставаў, губляў яго след і лаяўся. Косця адчуваў сябе вінаватым, але памагчы камандзіру не мог. Багна яна ўсюды здрадлівая, найлепш яе перайсці як мага хутчэй.

Мабыць, тое разумелі і астатнія, бо хоць зрэдчас і лаяліся, але ішлі за хлопцам. Тым болей, што наперадзе, трошкі ўбаку і зводдаль зацямнеўся нешырокі клінок маладога хвойніку, – падумалася: там будзе сушэй.

Косця брыў, прыкідваў на вока, куды ступіць, і шырока скакаў. Часам удала, а часам правальваўся аж да грудзей. Надвячоркам ён быў ужо ці не ўвесь мокры, перапэцканы чорнай тарфяной граззю. Ужо і санітарная сумка добра намачылася, як ён яе ні бярог ад вады. Тое яго болей за ўсё засмучала, але што зробіш? Іншыя таксама былі ўсе мокрыя з галавы да пят, з бруднымі рукамі і тварамі. Па гэткім балоце Косця яшчэ не хадзіў ніколі, не было патрэбы. Улетку сюды прыходзілі бабы па ягады, але збіралі іх там, дзе суха. Нашто каму было лезці ў багну? Зімой, як балота ўмярзала, мужыкі, можа, і пераязджалі куды на санях – каб напрасткі. А болей каму што трэба ў балоце?

Аднаго разу Косця недагледзеў і шухнуў у прорву ледзьве не з галавой. Хлопец спалохаўся – так можна і ўтапіцца. Ледзьве выбавіўшыся з прадоння, стаў на купіне, перакуліў сумку, у якую таксама набралася вады. Так стаяў колькі хвілін, пакуль з ягонай апраткі цурком сцякала вада, і думаў, што Рабінзону ўсё ж было лепш – той плыў па моры, у чыстай вадзе. I яшчэ ў яго быў сябар – Пятніца... Удвух заўжды не так, як аднаму, – у два разы лягчэй у кожнай бядзе. Было б добра, калі б учора з ім пайшоў яго сябра Лёнька, яны, пэўна, хутчэй бы завялі партызанаў у Багавізну. Ды Лёнька паехаў вазіць з бацькам сена, а Косця адбываў радоўку на пасце. Кепска, што ён нічога не сказаў нікому, Аўгуста там, пэўна, раскрычалася на ўсю вёску. З паўдня з ёй на пасту, канешне, пагнаў брацік Віцька. Малы яшчэ бегаць за каровамі, але больш няма каму. Косця любіў брата, можа, болей, чым маці, браў яго на возера вудзіць уклейкі, катаў на брычцы, як звозілі сена. А ўзімку расказваў прачытаныя кніжкі. Віцька заўсёды ўважліва, амаль зачаравана слухаў, а пасля ўвечары мкнуўся расказаць пачутае маці. Маці, аднак, слухала кепска – яна болей плакала.

Каб хутчэй прыйшоў бацька, было б лягчэй, а галоўнае – весялей дома. I Віцьку, і Косцю, і, пэўна, павесялела б маці. А то ўсё сварыцца і плача, плача і сварыцца. Праклятая гэта вайна! Яна забрала іх бацьку. I вучыцца няма як. Няма школы, настаўнікі параз’язджаліся хто куды. Некаторыя ў горад ці ў якую вёску. А настаўнік матэматыкі Пётр Максімавіч, кажуць, стаў паліцыянтам у раёне. Ціхі быў, добры вучыцель. Чаму так?

Далей яны ішлі так: Косця, які трохі прызвычаіўся да дрыгвянога шляху, далекавата адрываўся ад астатніх – ён бы разведваў накірунак, пракладаючы ў імшарыне блытаны, разварушаны ў гразі след. Прайшоўшы, здаля чакаў камандзіра, які брыў не дужа рухава, болей ашчадна і, дагнаўшы хлопца, хвіліну адпачываў на купіне побач. Тады Косця зноў лез у багну і брыў далей. У адным месцы не было і купіны, каб спыніцца, і хлопец ледзьве не плыў, па плечы пагрузшы ў чорнай з аерам вадзе. Ля зарасніку жоўтых гарлачыкаў неяк выбраўся на мяльчэйшае, уладкаваў на кусце сваю дашчэнту мокрую сумку і быў гатовы заплакаць, што гэтак няўдала завёў партызанаў. Думаў, камандзір яго вылае, як падыдзе бліжэй, і каб не слухаць лаянкі, зноў памкнуў у багну.

Так яны і прабіраліся – быццам перабежкамі на полі бою, як пажартаваў здаля старшына Агрызкаў. Малайцы партызаны, яшчэ сказаў ён, зашыліся так, што ніякі Пінкертон не знойдзе. Мабыць, так, думаў Косця, які таксама колісь чытаў пра Пінкертона, але цяпер чамусьці не адчуў жаднага захапленьня партызанскаю хітрасцю. Між тым хвойны грудок, куды яны трымалі накірунак, пакрысе набліжаўся. Хаця яшчэ доўга давялося ім боўтацца, правальвацца і караскацца на купіны, пакуль дасяглі цвярдзейшага пад нагамі. I не заўважылі нават, як за балотам села ў хмару нізкае сонца. Накаціўся вечар.

Нарэшце дасяглі хвойніку і выбавіліся з д’ябальскіх абдымкаў багны. Косця, як вылез з балота на вузенькі пясчаны беражок, адразу знясілена ўпаў і ляжаў, бы ў непрытомнасці. За ім вылез і таксама ўпаў камандзір. Павыбіраліся астатнія. Усе злосна, знясілена маўчалі...

Першы ачомаўся на беразе камандзір, – сеў, пачаў знімаць боты, выліваць ваду. Пасля павыкручваў анучы, прыпол гімнасцёркі. Ягоны рэчмяшок з каштоўнаю ношкай таксама быў добра падмочаны, як і палявая сумка. Але надта сушыцца ўжо не было як – сонца зайшло, удалечыні над балотам пачаў паднімацца лёгкі празрысты туманок. Агледзеўшы наваколле з хвойнікам, Гусакоў раптам нібы спалохана вымавіў:

– А гэта што такое?

Яны павярнулі галовы ў той бок, дзе недалёка канчаўся гэты пагорак-мысок з маладым хвойнікам – там, відаць было, тырчэў у неба драўляны знак трыгапункта, падобныя на які дзе-нідзе ўжо трапляліся ім на тутэйшых палях. Згледзеўшы яго, камандзір адразу схапіўся за карту, дрыготкімі рукамі разгарнуў на траве яе падмочаны аркуш.

– Так, так, так!! Дык гэта ж трыгапункт семдзесят пяць нуль. Точна! Старшына, а ну зірні, што па той бок сасняку.

Агрызкаў, як заўжды, неахвотна падняўся, узяў аўтамат і палез у хвойнік. Седзячы трошкі ўбаку ад астатніх, фельчар заклапочана поркаўся ў сваім рэчмяшку, мармычучы, што ўсё намокла, прапалі лякарствы. Да яўнае радасці камандзіра, здаецца, ён быў абыякавы. А той, паспешна накручваў анучы, каб сунуць ногі ў мокрыя кірзачы. Аднак не паспеў ён абуцца, як з хвойнага гушчару вылез старшына.

– Ну што?

– Зноў балота.

– А за балотам што?

– За балотам нейкі барок. Лясок нейкі.

– Лясок! То ж – наш Востраў Барок! Мы ж прыйшлі нарэшце!.. – узнёсла абвясціў Гусакоў.

Ён падхапіў карту і, пакінуўшы на траве рэчмяшок, таксама кінуўся ў хвойнік. На нейкі час яны там зніклі. Косця і Тумаш засталіся чакаць на беразе. Тым часам хутка зьмяркалася, насоўвалася ноч – ці не апошняя на іхнім бязладным шляху...

Гусакоў не памыліўся: на самым мыску хвойнай пясчанай касы, што адкульсці выцягнулася ў балота, тырчэлі ўгару тры трухляватыя бервяны трыгапункта. На карце ён быў пазначаны лічбай 75,0. Зноў жа на карце ад яго цераз балота з выразнаю назваю ўрочышча Багавізна значыўся хвойны гаёк, падпісаны дробненькім курсівам Востраў Барок, – якраз тое, куды ім было трэба. Куды яны накіроўваліся, скакалі на парашутах, паўзлі па балоце. Да жаданае мэты заставалася не болей як кіламетр ці два па карце. Але таксама цераз балота.

Тое, што зноў давядзецца ісці цераз балота, Гусакова не надта палохала, ён ужо ведаў, як яго перайсці. Была б мэта. Мэта цяпер паўстала перад ім блізка, здавалася, хоць ты вазьмі і дакраніся да яе рукой.

– Дык што – пойдзем? – будзённым голасам мовіў старшына, які ўсё зразумеў без словаў.

Гусакоў чамусьці не адказаў нічога, яго трэсла – ад сцюжы ці ад нярвовага напружання, якое, падобна, раптам апала, пакінуўшы пустку ў душы. Цяпер, калі Востраў Барок ён ужо бачыць і зараз яны рушаць туды, узнік новы клопат – што рабіць з хлопцам? Раней, як ішлі, прабіраліся цераз балота, ён неяк не думаў пра тое. Хлопец памагаў, вёў, быў ім патрэбны – і добра. Але цяпер... Камандзір выразна адчуў, што яго нельга весці на базу і нельга адправіць дадому... Што ж з ім рабіць?

– Дык ідзём? – павярнуўся да хвойніку старшына.

– Пастой! Ты гэта хлопца прывёў?

– Ну я. А што?

Старшына спыніўся – ён ужо адчуў штосьці кепскае, але яшчэ не разумеў, што.

– Не разумееш?

– Не разумею.

Ён чакаў адказу, але камандзір хвіліну марудзіў. Відаць, яму не хацелася штосьці тлумачыць падрабязна.

– Хлопца нельга весці на сакрэтную базу.

Старшына маўчаў. Але, бачна было, аж захваляваўся і няўцямна сеў на пясчаны дол.

– Да-а, – збянтэжана вымавіў ён.

– Вот табе і да-а!

Гусакоў адчуў, што той усё зразумеў, – не маленькі! I нічога болей яму тлумачыць не трэба.

– Адвядзеш у старонку і застрэліш, – ціха сказаў Гусакоў і зацяў дыханне. Старшына азваўся не адразу.

– А чаму я?

– А хто ж? Ты прывёў?

– Я не буду! – падумаўшы, рашуча сказаў старшына і ўстаў з долу.

– Катэгарычна?

– Катэгарычна.

Заклапочана павярнуўшыся на месцы, Гусакоў паўзіраўся цераз балота, якое ўсё болей змрачнела. Яшчэ трошкі часу – і высокія дрэвы Барка за балотам засцеле змрочны туман. Трэба запомніць накірунак, бо давядзецца ісці паначы. Трошкі не хапіла відна.

– Ідзі пакліч фельчара, – загадаў камандзір. Старшына ўстаў і моўчкі палез у гушчар.

Гусакоў застаўся адзін, ён нервова лаяўся ў думках: вось жа халера! Не падумаў, што так можа ўсё стацца. Усё ішло ладна, яны без стратаў і сутычак дабраліся да мэты і – на табе; невялічкая балючая праблема. Даволі паскудны сюрпрыз! Але, можа, гэта толькі здаецца – праблема? Увогуле, – якая праблема? На акупаванай тэрыторыі. Аднаго чалавека. Хоць бы і хлопчыка. Немцы іх вунь колькі нішчаць кожнага дня – і хлопчыкаў, і дзяўчынак. Шкада, канешне, але ж бяспека партызанскага злучэньня важней. Адпусціш, а калі перахопяць немцы? Ужо ў гестапа ўмеюць выцягваць сакрэты. Не толькі ў падлеткаў-хлопчыкаў. А гэты старшына – не буду. Шкада. Быццам яму не шкада. Ці генералам, камандуючым на фронце не шкада гэткіх во ці трохі старэйшых хлопцаў, што тысячамі кідаюць у бой, і тыя не вяртаюцца, застаюцца ўгнойваць рускую зямлю? Мабыць, шкада. Але будзеш усіх шкадаваць, не дачакаешся перамогі. Сам ляжаш у зямлю.

Мусіць, што ляжаш сам – тое галоўнае. Для кожнага. I для яго таксама. Бо і ён у пастцы – хлопца ні пусціць, ні ўзяць з сабой нельга. Адразу ж прычэпіцца асобы аддзел: скуль? Хто дазволіў? А то і – хто ўнядрыў. Не, лепей за ўсё, калі хлопцу – хана. Можа, і для яго лепей таксама.

З хвойніку вылез Тумаш, маўкліва спыніўся воддаль.

– Тумаш, ты – бальшавік?

– Беспартыйны.

– Дзеці ёсць?

– Не-а. Не жанаты. Не паспеў...

Камандзір памарудзіў.

– Бяры хлопца, адвядзі ў кусты і стрэльні.

Тумаш моўчкі стаяў, бы глухі.

– Ну што маўчыш?

– Думаю, ці вы здурнелі?

– Здурнееш! – амаль закрычаў Гусакоў. – З вамі здурнееш! Што ж вы не разумееце, што я не маю права весці яго на базу? Там жа штаб усяго злучэння, што яны нам скажуць. Яны ж нас паставяць пад сценку, ты разумееш? Ці ты не ведаеш, што такое органы!

– А, органы...! I тут органы! – прабурчэў Тумаш. – Ну што ж... Маё дзела маленькае. Загадваеце – выканаю. Але я не адказваю. Вы...

Усё мармычучы нешта, ён палез у хвойнік, Гусакоў застаўся адзін. Яго ўжо здорава трэсла – ад мокрай апраткі, вечаровай золкасці, нервовага ўзбуджэньня ці ад усяго разам. Нядоўга пастаяўшы, ён таксама палез праз хвойнік на тое месца, куды яны вылезлі з балота і дзе заставалася яго ношка. Тумаша з хлопцам там ужо не было. Абапёршыся локцямі аб калені, на беразе сядзеў старшына; падобна, ён таксама калаціўся ад балотнае золі.

– Пайшоў?

– Павёў, – адчужаным тонам мовіў старшына. Побач ляжаў рэчмяшок камандзіра, а таксама санітарная сумка і валізка Тумаша. Вінтоўкі яго не было. Камандзір надзеў на плечы свой рэчмяшок, схаваў у сумку карту.

Яны пачалі чакаць – чакаць стрэлу. Ды стрэлу чамусьці не было. Уздоўж берагу, трывожна залопаўшы крыллем, паляцела кудысьці качка, за ёй неўзабаве другая. Ужо ці не павёў ён хлопца куды далёка, думаў Гусакоў. Усё ж фельчар франтавік вопытны і не павінен упусціць падлетка, калі той кінецца наўцёкі. Ды і не павінен пабегчы. Калі з ім ласкава, абыходліва, каб лішне не нерваваць перад стрэлам. Аднак жа трохі падазрона, што фельчар лёгка пагадзіўся. Усё ж, каб забіць чалавека, мабыць, трэба мець адмысловую рашучасць, якое вось Гусакоў не меў. Ён на вайне не забіў яшчэ ніводнага фрыца – не было нагоды. У гэтым сэнсе ягонае сумленьне чыстае. Хоць тое яго суцяшала.

Стрэлу яны чакалі, здалося, нясцерпна доўга – аж здрыжэліся абодва ад перанапругі. I стрэл нарэшце грымнуў – ня так і далёка, у хвойнічку. Глухаватае ў тумане рэха перакацілася цераз балота і заглухла. Мабыць, дасягла і ў іхні жаданы Барок. Ужо можна было б ісці па той бок хвойніку, але спярша трэба было дачакацца Тумаша.

Тумаш, аднак, усё не ішоў. Можа, заблудзіўся і павярнуў не ў той бок? А можа, куды падаўся? Калі наўцёкі?

Ужо і сцямнелася. Хвойны мысок зачарнеўся пакатым гарбом сярод дымнага туману над балотам. Страхавітае нецярпенне ўсё болей агортвала абодвух.

Яшчэ прадзіраючыся праз гушчар да Косці, Тумаш толькі дзівіўся, як у гэтых партызанаў усё хутка і проста.

Увогуле ў сваім жыцці ён пабачыў нямала агіднага і страшнага, на вайне таксама. Бачыў, як танкісты душылі на дарозе двух звязаных эсэсаўцаў, паволі наязджаючы на іх гусеніцамі. Рабілі тое прылюдна, напаказ пехацінцам-дэсантнікам, шмат якіх сабралася наўкола паглядзець цікавае відовішча. П’яны лейтэнант сядзеў на крыле трыццацьчацвёркі і ўзіраўся ў вочы звар’яцелых ад болю ахвяраў, голасна каментуючы, як у тых вылазяць вочы з арбітаў. Шмат якія вакол захапляліся, крычалі: давай астатніх! Астатнія, чалавек восем палонных з паабдзіранымі пагонамі, чакалі свае чаргі. Але то былі эсэсаўцы, зацятыя гітлераўцы, якія ўпарта ваявалі і нават перад смерцю раз-пораз кідалі ўгору рукі – хайль Гітлер! А другі раз нашыя самаходчыкі каралі ўласаўца. Пасадзілі на тоўсты, бы бервяно, ствольны тормаз свае 152-міліметровай гарматы, звязалі ўнізе ногі і стрэлілі. Толькі ашмоцце паляцела ў паветра ды крывавымі пляцкамі заляпіла твары тых, што сабраліся наўкола. Добра, фельчар стаяў убаку. А цяпер во ўбок не адыдзешся.

Але ж тут – хлопчык. Не вораг і не партызан, можа, сын партызана. Узялі, пакарысталіся і – прэч. Бы якую анучу. I ўсё з меркаванняў бяспекі, сакрэтнасці, каб не прычыніць шкоды. Але каму? Тым, што сядзяць за балотам і бароняць краіну. I сацыялізм. I камунізм. Каб ім зручней і спакайней было бараніць, ён, беспартыйны фельчар, змушаны застрэліць хлопца. Тыя ж, канешне, страляць не будуць, яны таго сабе не дазволяць.

А ягонымі рукамі можна. Мабыць, чужымі рукамі ўсё можна – і забіць, і памілаваць.

Вось жа д’ябальская нявыкрутка! I што зробіш? Не выканаеш загаду, сам можаш атрымаць кулю ў лоб. Але і як выканаць?

Мабыць, зусім не прадчуваючы, што над ім навісла, Косця ў мокрай апратцы спакойна сядзеў сабе на сухім беражку і дробна тросся ад сцюжы. I як удзень – у сваёй велікаватай кепцы, якая адна і засталася ў яго сухая. Калі Тумаш вылез з хвойніку, хлопец запытальна ўгледзеўся ў яго – чаго, маўляў, тут марудзяць, не ідуць, куды трэба. Бо ж сапраўды Востраў Барок зусім побач, ён да яго прывёў, не заблудзіў, і тым быў амаль задаволены. Можа, нават чакаў падзякі ці ўзнагароды з ліку тых медалёў, што нёс камандзір. Хіба ж не заслужыў?

Тумаш, аднак, не чуў хлопцавых думак, ён дужа маркоціўся ад скрухі, бо не ведаў, як вымавіць тое слова, за якім пачнецца нялюдскасць. Ён ледзьве змусіў сябе прыціхла прамармытаць: «Ну, пойдзем!...»

Хлопец устаў, здрыгануўся і чакаў, яшчэ не ведаючы, куды ісці. Сваё ён адвёў, цяпер, мабыць, павінны весці яго. Толькі куды?

– А куды?

– Туды. У сасоннік, – перасмыкнуўшы абпаленымі вуснамі, прамовіў Тумаш. – Тут, недалёка.

Відаць было ў паўзмроку, як Косця няўцямна цепнуў плячыма, але пайшоў, – спярша па беразе, а пасля мусіў улезці ў гушчар, бо прайсці па беразе ўжо не было як – не стала і берага. Тумаш палез за ім следам. Ужо ўпоцемку, прабіраючыся праз калючы хвойнік, хлопец пару разоў прыпыніўся, мяркуючы, што фельчар яму штосьці скажа. Але фельчар не казаў нічога – фельчар усё думаў – дзе? Дзе яму стрэльнуць? У гушчары было цёмна і нязручна, ён мог не трапіць. А пасля з’явілася маленькая думка – можа, ён уцячэ? Уцячы было ўвогуле лёгка, і Тумаш бы яго не дагнаў. А можа, і не спрабаваў бы дагнаць, што ён, сабака? Ці які міліцыянт. Ён фельчар, медык, ягоны абавязак лячыць людзей, а не забіваць іх. Ды во змушаны...

Але хлопец не ўцякаў, спакойна ішоў да свае пагібелі, і фельчару аж зрабілася злосна. Трэба нарадзіцца гэткаму дурню! Ці ён не разумее?

А хіба ж усё разумеў Тумаш?

– А куды... куды мы ідзём? – упершыню з ціхай трывогай папытаўся Косця. Яны ўжо далекавата адышліся ад берага, ужо трэба было паспяшацца зрабіць, што загадана, а Тумаш усё не мог набрацца рашучасці і толькі мармытаў штось бездапаможнае. I хлопец, мабыць, адчуў штосьці нядобрае ў настроі гэтага чалавека.

– Куды вы мяне ведзяце? – ужо голасна, з надрывам, папытаўся Косця і стаў. «Ах, каб ты прапаў, дурань, – падумаў Тумаш. – Ну што з ім рабіць?»

– Слухай, – няцвёрда сказаў ён. – Ты – бяжы!

– Куды?

– Бяжы ты, халера на цябе. Не разумееш, ці што?

– Бегчы? Дзядзька, вы не партызаны? Вы не партызаны! – раптам праз плач закрычаў ён, бы штось зразумеўшы.

– Уцякай! – крыкнуў Тумаш. – Бяжы, ну!..

Мабыць, Косця ўсё ж зразумеў, што ад яго патрабавалася, і падаўся ў чорны гушчар. Тумаш аж уздыхнуў з палёгкай, падняў сваю СВТ і стрэліў угару. Стрэл грымнуў нечакана гучна, аж аглушыў фельчара. Той стаіўся, трохі счакаў, пакуль заглухла над балотам далёкае рэха, услухаўся. Хлопца ўжо не чутна было ў хвойніку, мабыць, можна было вяртацца на бераг. Але вяртацца туды не хацелася, і Тумаш стаяў, слухаў, чакаў, аж покуль здаля не данесліся выгукі ці, можа, яму здалося. Але – не здалося, бо зараз жа за імі грымотна пратрашчэла чарга, другая, дзве запар – гучнае водгулле разнеслася над балотам. Тумаш спярша прысеў, затым ускочыў і кінуўся ў другі бок, – да камандзіра з Агрызкавым. Але па ягоным шляху гучна зашчоўкалі кулі, ссечаныя імі галінкі сыпанулі з хвой. «Авохці мне, ну ўліп! Ну ўліп!» – стукала пякельная думка. Бегучы, фельчар усё чакаў – зрэжа, во гэтая зрэжа і яго. Ён і прысядаў у хвойніку, і бег, бы заяц, – блытана і не ўлад, абдзіраючы галаву і твар аб калючае голле.

Як выскачыў з хвойніку на вузенькі асакаваты бераг, кулі хвасталі воддаль, мабыць, цяпер па яго двух спадарожніках – рыкашэтам разьляталіся і візгалі над балотам – Тумаш прыпыніўся, лёг. Куды ж было бегчы? Хто і адкуль страляў, яму было ўсё роўна. Тыя ці іншыя, але яго намагаліся забіць, і ён мусіў ад іх ратавацца. Толькі дзе тут было ратавацца? Памарудзіўшы, ён шаснуў у балотную глыб, адразу праваліўшыся па сцёгны. Добра, што ягоная ношка – рэчмяшок і сумка – засталіся там, улегцы яму стала зручней. I ён пабрыў па багне, далей ад хвойніку, усё болей улазячы ў ваду. Вінтоўку, аднак, не кідаў, вінтоўка яшчэ магла спатрэбіцца. Хаця і не для паратунку – адчуваў, уратаваць яго магло толькі балота.

Як там спынілася страляніна, тады і ён спыніўся, стаіўся ў багне, прыціх, думаў, куды падацца.

Старшына на беразе скалануўся – пачуў галасы. Здалося, у тым баку, куды пайшоў Тумаш. Два ці тры выгукі, і даўгая аўтаматная чарга зрушыла начную цішыню. Зусім блізка – над галавой і побач страхавіта ціўкнулі кулі.

– Што гэта? – вырвалася ў Гусакова.

– Ярунда гэта, камандзір! – з адчаем выгукнуў старшына. Ягоны голас адразу заглушыла некалькі чэргаў зблізку – ужо з самага хвойніку. Білі ў бок трыгапункта, а кулі ляцелі цераз іх галовы па беразе, разляталіся над балотам. Старшына схапіўся за аўтамат, але камандзір побач крыкнуў:

– Не страляй!

Яны ляжалі на самым беразе, тулячыся да воглага пяску; бегчы ў балота, аднак, не адважваліся. Праз кароткі час зноў ударыла некалькі чэргаў – ужо з двух накірункаў, ад хвойніку і ад трыгапункта. Іх перакрыжаваныя трасы агнянымі мухамі нізка паляцелі над балотам і згаслі ў тумане. Камандзір з пісталетам у руцэ прыўстаў на каленях і хацеў штось крыкнуць. Але толькі войкнуў і споўз долу. Старшына ўцяўся ў пясок як мага ніжэй і ляжаў так, з аўтаматам у руках. Ён не страляў. Ён ужо разумеў, што гэта – свае і што зараз яны іх расстраляюць, як, мабыць, ужо расстралялі Тумаша. Гэтыя хлопцы сваю справу знаюць – спрактыкаваныя партызаны!..

Гусакоў зноў прыўзняўся на адно калена і зноў хацеў штось крыкнуць, ды ўжо не крыкнуў. Пад новай чаргой ва ўпор торкнуўся ілбом у пясок і заціх.

– Гэй, вашу маць! – губляючы вытрымку, ва ўсё горла закрычаў Агрызкаў. – Што робіце, блядзі! – і лежачы, даў даўгую чаргу з аўтамата – у неба.

Надзіва, чэргі з хвойніку разам спыніліся, пачуліся недалёкія, бы сцішаныя галасы. З цёмнага гушчару вынікла шэрая постаць, прыгнуўшыся спынілася ў нерашучасці. За ёй з’явілася яшчэ адна.

– Тут яны! Во ляжаць...

– Улажылі такі.

– Іш адкуль падбіраліся. Думалі, не ўбачым...

Гусакоў не варушыўся. Наўкола на траве бялелі новенькія партызанскія медалі з расшкуматанага чаргой яго рэчмяшка. Старшына памалу падняўся і сеў на пяску, сціскаючы рукой плячо. Праз пальцы па рукаве горача лілася кроў, і было нясцерпна паныла...

Чорт ведае, што яны нарабілі!.


люты 2001

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2005.
Крыніца: http://www.lit-bel.org/