epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Ход канём

У вялікім пакоі за адзіным сталом сядзелі двое. У крэсле — грузны мужчына з азызлым тварам, старшыня праўлення арцелі «Вострая шпілька», а таксама гаспадар гэтага пакоя — сам Кузьма Кузьміч. Насупраць яго — непрыкметны, хлюсткі чалавек у шэрым гарнітуры. Гэта таварыш Лямзікаў, папяровы шашаль І арцельны знаўца розных складаных спраў. Яны гулялі ў шахматы. У пакоі, апроч іх, не было нікога. Стаяла цішыня.

На клятчастай дошцы мала ўжо засталося фігур, і гульня набліжалася да канца. Раптам пасля чарговага ходу Лямзікаў аберуч схапіўся за голаў і гучна заенчыў:

— Ох, ох, што я нарабіў! Прапаў, прапаў!..

Ягоны ж партнёр грукнуў канём, ставячы яго на новае месца, і задаволена адкінуўся на спінку крэсла.

— Мат! Га-га-га... — ускалыхнуў кабінетную цішу магутны раскат шчаслівага смеху, ад якога тоненька затрымцела шклянка, надзетая на рыльца графіна. Кузьміч закінуў сваю яршыстую галаву і абхапіў рукамі важкі жывот. — Гы-гы... Ну і дурань ты, Лямзікаў, а яшчэ пнешся гуляць са мною!

Лямзікаў, маркотна разглядаючы небаракукараля, які трапіў у пастку, чухаў лысую патыліцу і думаў: «Скулу б ты даў, а не мат, каб я знарок не падставіў табе!». Але ўслых ён заўважыў з прытворным уздыхам:

— Вы, вядома, мастак, што і казаць... Гросмайстар!

— Ну, а ты сумняваўся. Вось гэта мат: ходам каня! Так-так, гм... Ну добра, — змяніў, нарэшце, свой гарэзлівы тон старшыня. Ён усклаў важкія кулакі на стол і, прыняўшы паставу ўладарнага кіраўніка, абвясціў Лямзікаву, які, пачціва схіліўшыся, ужо стаяў ля стала:

— Значыць, як дамовіліся. Пасля выступлення Сербяка і Вадалейкіна скажаш ты. Але ўжо будзеш гаварыць адно добрае: пра тое, што начэй не сплю, што турбуюся і дбаю, здароўя не шкадую, ну і яшчэ там што. Ты прыдумаеш, на гэта цябе не вучыць.

— Будзе зроблена, Кузьма Кузьміч. Пастараемся ўжо.

— Вядома, трэба старацца. Інакш вы ведаеце, што можа быць?.. Дарэчы, Паніковіч не вярнуўся яшчэ? — запытаўся старшыня.

— Не, яшчэ не. Але падвечар чакаем.

— Прыехаў бы хаця, усё падмога нашаму лагеру.

Ціхенька прычыніўшы дубовыя дзверы, нібы яны былі шкляныя, Лямзікаў выйшаў з пакоя.

Застаўшыся адзін, Кузьма Кузьміч страціў незалежна рашучы выраз, і яго твар, нібы ад зубнога болю, зморшчыўся ў пакутлівай грымасе.

Што і казаць, становішча сур’ёзнае. Рабочыя наракаюць, пішуць скаргі. Як жа: старшыня праўлення — рвач, нячысты на руку, заціскае крытыку, самаўпраўны дыктатар, акружаны падлізамі. Сёетое ўжо і выплыла. Сёння справаздачны сход. Прыехаў кіруючы таварыш з вобласці. Нездаволеныя радуюцца: зляціць старшыня. Але старшыня не прападзе. Ён узняў на штурм сваю «гвардыю», сваіх верных паплечнікаў, якія за яго і ў агонь і ў ваду... Сёння ён пакажа кіруючаму таварышу, што зусім не такі ён паганы, як яго малююць. Хай слухае, хай цяміць гэты таварыш! Кузьма Кузьміч зробіць сёння сапраўдны ход канём.

...з—за цеснаты вытворчых памяшканняў арцелі і камфартабельнай прасторы старшынёвага кабінета сход арцельшчыкаў адбываўся ў апошнім. За сталом, ля акна, сядзеў прэзідыум, і цэнтральнае месца там займала важная постаць Кузьмы Кузьміча ў паўвайсковай гімнасцёрцы з адкладным каўняром. Побач сядзелі кіруючы таварыш і старшыня сходу, іншыя члены прэзідыума размясціліся ззаду, у другім радзе крэслаў.

Справаздачны даклад быў скончаны. Ішлі спрэчкі.

Засяроджаны настрой арцельшчыкаў, з якім яны слухалі даклад, таяў, як спазнелы сакавіцкі снег. Выпрабаваныя старшынёй дружбакі згодна крытыкавалі Кузьму Кузьміча, прыпамінаючы розныя ягоныя хібы, а той надзіва спакойна пазіраў на прамоўцаў, нібы і не чуў, што казалі яны.

— Таварышы! — сыпаў нядаўні старшынёў хаўруснік прараб Вадалейкін. — Старшыня наш, трэба прама сказаць, не зважаючы на асобы, мае, знацца, недахопы, ну, і, вядома, розныя там махі-прамахі ў нашай слаўнай арцельнай гаспадарцы. Узяць хоць бы такі факт, таварышочкі: ці ветлівы ён? Калі задаць гэтае актуальнае пытанне, то, не зважаючы на асобы, трэба прама сказаць — не заўсёды! Зноў жа чуласць...

Кузьма Кузьміч тым часам усміхаўся ў душы. Усё ішло ладна, як і было задумана.

Вадалейкін нездарма славіўся майстрам публічных выступленняў. Кожную, нават самую простую думку ён гэтак заблытваў мноствам слоў, што неспрактыкаваныя ў красамоўстве шаўцы моршчыліся і ледзьве разумелі яго.

— Гэта не дробязь, таварышочкі, гэта — радзімыя плямы сусветнага капіталу, яны ганьбяць і гэтак далей... З усёй прынцыповай рашучасцю мы павінны сёння ўказаць і найстражэйшым чынам асудзіць!..

Якраз у той час, калі Вадалейкін дасяг найвышэйшага запалу, дзверы ціхенька адчыніліся, і ў пакой улез здарожаны чалавек у чорным кажушку. Ён сцягнуў з галавы рудую шапку і прыпнуўся плячыма да дзвярнога вушака. Гэта і быў Паніковіч, якога ўвесь дзень чакаў Кузьма Кузьміч і які толькі цяпер з’явіўся са станцыі. Зыркімі, насцярожанымі вачыма акінуў ён сход, прэзідыум і ўслухаўся ў гаворку прамоўцы. У той жа момант нешта сталася з гэтым чалавекам, бо бровы яго ўскінуліся на лоб, на ўсю шырыню расплюшчыліся вочы, і твар выцягся, як у здзіўленага англічаніна. Тое, што ён пачуў, уразіла Паніковіча, збіла зпанталыку, і страшная здагадка аб выкрыцці шыбанула ў голаў.

Ён з маланкавай хуткасцю чалавека, які трапіў у бяду, сцяміў небяспеку, што навісла над ім, патуральнікам і ўдзельнікам злачынных спраў Кузьмы Кузьміча, і ўмомант у галаве яго з’явілася адзінае выратавальнае выйсце.

Вадалейкін яшчэ не скончыў заклікаць сход пакараць старшыню (за няветлівасць і нячуласць), як Паніковіч ускінуў руку. Сход загуў, нібы курасадня ўначы, патрывожаная тхорам. Ускінуліся над галовамі рукі, патрабуючы слова.

І тады пачалося няшчасце. Усе тыя беды, што запісаны ў падручніках гісторыі, не больш, як дзіцячыя крыўды ў параўнанні з катастрофай Кузьмы Кузьміча.

Паніковіч, нібы сляпы, чапляючыся за крэслы, прабраўся наперад і амаль залемантаваў:

— Таварышочкі, даражэнькія, па несвядомасці ўсё, па цемнаце сваей рабілі мы гэта. Старшыня загадваў, а мы і выконвалі. Бо як жа не выканаеш? Хіба ж Кузьма Кузьміч даруе непаслушэнства? Ну мы і таго... рабілі памылкі, значыцца, цягнулі з арцелі. І цэмент сплавілі Лямзікаў з Вадалейкіным, ну, рахункі падрабілі, дагаворы з падрадцамі завысілі дзеля ўзятак. Кузьма Кузьміч усім распараджаўся, а мы, што ж, мы выконвалі... Але цяпер, таварышочкі, я шчыра, значыцца, прызнаю памылкі, а віна яго галоўная, старшыні нашага...

Кузьма Кузьміч адразу пачуў небяспеку ў паніковічавых словах, ірвануўся з крэсла, як заяц з—пад стрэльбы, але куды было дзецца! Нібы вада ў адчынены шлюз, хлынуў паніковічаў страх на галовы людзей, а Кузьме Кузьмічу здалося, што ён разам з крэслам кудысьці праваліўся і шалёна ляціць скрозь усю тоўшчу зямлі.

Гэта была катастрофа!

Крыху ачуняўшы ад першага перапуду, Кузьма Кузьміч успомніў пра апошнюю сваю апору, ад якой можна было чакаць нейкага паратунку,— пра таварыша Лямзікава. Таму, калі Паніковіч, гучна смаркаючыся, выенчыў пяцігадовы запас старшынёвых злачынстваў, Кузьма Кузьміч амаль закрычаў:

— Выдумкі! Мана! Слова — Лямзікаву! Лямзікаву! Лямзікаў хай скажа!

Старшынствуючы неяк раптам страціўшы голас, прамармытаў, што слова мае Лямзікаў, але той, відаць, не спяшаўся выступаць.

— Ну, дзе ж Лямзікаў? — загаманілі нецярплівыя галасы. — Давай хутчэй.

— Няма Лямзікава, — адказаў нехта з парогу. — Лямзікаў выйшаў.

Тады старшыня арцелі — уладарны і выкрутлівы Кузьма Кузьміч — зразумеў, што апошняя надзея на паратунак прапала і добрыя мары канчаткова пакінулі яго.

А сход гаманіў, рагатаў, абураўся. Непрадугледжаныя прамоўцы выкрывалі непрадугледжаныя да таго справы старшыні, а Кузьма Кузьміч, абхапіўшы голаў рукамі, нібы адгароджаны ад сходу сцяною, ніяк не мог адкараскацца ад няўцямнай блытаніны ўласных думак аб тым, якія непрадбачана злосныя людзі ў гэтай арцелі «Вострая шпілька» і які гібельны ход зрабіў ён сёння.


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2009
Крыніца: http://www.lit-bel.org/