epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

«Цябе пакрыўдзілі?..»

Пасля смерці маці Люся пакінула восьмы клас, адступіла суседзям свой пакойчык і ўладкавалася нянькай да знаёмай настаўніцы Дзіны Васільеўны,

Кожнага дня зранку Дзіна Васільеўна, таропка сабраўшыся, бегла на аўтобусны прыпынак, а Люся апранала маленькіх Валерыка і Наташку і заставалася гаспадарыць, Яна прыбірала ў пакоях, мыла бялізну, купала дзяцей, рыхтавала сняданак, бегала з судкамі па абед у сталоўку. Памочнікаў у яе не было. Дзіна Васільеўна, прыйшоўшы пад вечар са школы, адразу садзілася за тоўстыя кіпы вучнёўскіх сшыткаў, якіх у яе ніколі не меншала, і ўсе хатнія справы паранейшаму ляжалі на Люсі. Ей было цяжка ў шаснаццаць год несці на сабе ўвесь цяжар бясконцых хатніх клопатаў, ніхто не суцяшаў яе, асабліва не дзякаваў, але дзяўчына адчувала сваю неабходнасць у гэтым доме і старалася, як умела. Так яна і пражыла ў настаўніцы болей за два гады.

Але, відаць, так уладкаваны свет, што ўсё, што мае пачатак, мае і канец. Аднойчы позна ўвечары, калі паснулі дзеці, Дзіна Васільеўна паклікала Люсю з кухні. Люся дамывала посуд і так, у фартушку і з мокрымі рукамі, увайшла ў пакой. Настаўніца сядзела за круглым сталом над раскладзенымі паперамі, але не пісала, а, зябка хутаючыся ў пуховы шалік, задуменна пазірала перад сабой.

Люся спынілася ў парозе, думаючы, што гаспадыня што-небудзь скажа ёй наконт звычайных заўтрашніх спраў і яна пойдзе дамываць посуд. Аднак дзяўчына нечакана ўлавіла нейкую заклапочаную разгубленасць у змораных, нясвежых пад вечар вачах гаспадыні, і яе сэрца боязна варухнулася ў грудзях.

— Ідзі сюды, Люся,— неяк асабліва мякка паклікала Дзіна Васільеўна.— Я табе хачу сказаць...

Яна нерашуча зірнула на няньку, агледзела свае худыя тонкія пальцы і змоўкла. Люся, аднак, стаяла ўсё ля дзвярэй — яна занадта добра ведала гаспадыню, каб не здагадацца, што яе, Люсю, напаткала нейкае другое пасля смерці маці няшчасце.

— Знаеш, справа такая, — ужо болей рашуча працягвала гаспадыня. — Я надумала аддаць дзяцей у садзік... На лета гэта будзе якраз няблага... Тым больш — немалыя, падраслі ўжо... Я, канешне, шкадую вельмі, ну, але ты сама разумееш...

Люся зразумела ўсё, і нешта недарэчна крыўднае заварушылася ў яе пачуццях, стол і чырвоны абажур пакрывіліся ў вачах, яна патупілася ў падлогу і маўчала.

— Ты прабач мне, Люся, — адчуўшы яе збянтэжанасць, сказала гаспадыня, якая ўжо крыху ачуняла ад сваёй ніякаватасці. — Ты прабач, я вельмі ўдзячна тебе за Валерыка і Наташку, ну але ўжо вось падраслі... Я цябе, вядома, не пакіну так... Месца табе ўжо падшукала, заўтра сходзіш, паглядзіш, там табе добра будзе...

...Увесь той вечар у Люсі было вельмі цяжка на душы. Гаспадыня ўжо суцішылася ў спальні, ціха спалі дзеці, а яна ўсё не гасіла святла на кухні і не сцяліла сабе пасцелі. Ей было да млоснасці шкада пакідаць гэтую адзінокую працавітую жанчыну, шкада расставацца з Валерыкам, асабліва з Наташкай, якая пасталела на яе руках і прывыкла да нянькі болей, чымся да маці. Але ў той жа час на сподзе душы варушылася незразумелая і непадуладная ёй крыўда, што вось стала непатрэбнай, лішняй, што яна — чужая.

Назаўтра была нядзеля. Гаспадыня спала даўжэй, чым у рабочыя дні, а Люся ўстала раненька. З неадольным трывожным сумам падняла яна з ложка Наташку, апранула яе і, пакуль на керагазе грэўся чайнік, роспачна туліла малую да сябе, цалавала яе сонныя вачаняты, і сэрца дзяўчыны балюча млела ў грудзях. А Наташка, зранку рвучыся да забаў і цацак, матляла ў яе на руках сваімі босымі, цёплымі са сну ножкамі і, зусім не разумеючы гаротнага болю нянькі, балбатала сваё, дзіцячае, смяялася.

За шырокім акном кухні, якое выходзіла ў сад, паволі зачынаўся пагодны вясновы дзень — самы сумны дзень за апошнія гады Люсінага жыцця. Напеставаўшы Наташку, яна пасадзіла дзяўчынку да цацак, а сама ўзялася гатаваць сняданак. З думак усё не выходзіла самотнае прадчуванне ростані. Праз нятоўстую сцяну чуваць было, як тупацелі па лесвіцы крокі прахожых, і ў Люсі ўвесь час замірала сэрца, як толькі з калідора даносіўся які стук.

Той шматзначны стук, якога яна зранку чакала і баялася, прымусіў яе палахліва ўздрыгнуць. Знячэўку яна выпусціла з рук шчотку, якой падмятала ў калідоры падлогу, нерашуча замерла перад дзвярыма. Яна ўжо ведала, што гэта за ёю, і гатова была ўцячы ад гэтага цвёрдага, упэўненага грукату — яна западозрыла ў ім нешта варожае і нязладнае. Але ўцякаць не было куды, а з пакоя ў адчыненых дзвярах паказалася ў сваім квяцістым халаціку Дзіна Васільеўна — і Люся павярнула ключ.

Дыхнуўшы ў кватэру нябачным воблакам нейкіх вельмі салодкіх духоў, парог пераступіла поўная, немаладая ўжо кабета, з маладжавым дагледжаным тварам. Падцяўшы пульхныя нафарбаваныя вусны, яна кінула на Люсю кароткі, усё разумеючы погляд, з прывычнай ветлівасцю заўсміхалася, калі ўбачыла Дзіну Васільеўну.

— Вось, Люся, пазнаёмся, гэта Маргарыта Яўгеньеўна. Яна хоча ўзяць цябе.

— Так, так, — мякка пацвердзіла Маргарыта Яўгеньеўна, уважліва разглядаючы Люсю падфарбаванымі вачыма. — У нас сям’я невялікая, малых няма, работы будзе нямнога. Галоўнае — уборка, ну там які сняданак, какава ды пакупкі. У мяне хворае сэрца, я не магу бегаць па магазінах, муж заняты, а Ігарок не вялікі памочнік маці; ведама, юнак, у яго свае інтарэсы.

Яна пазірала на Люсю, чакаючы згоды, а можа і адкрытай радасці ад яе паведамлення пра добрыя ўмовы. Але дзяўчына круціла гузік на сваім сарафане і маўчала.

— Ну дык як, дзетка?— пасля паўзы запытала Маргарыта Яўгеньеўна. — Ты згодна?

Люся ўсё маўчала, хоць ведала, што трэба нешта сказаць. Але новая гаспадыня нечым адштурхоўвала. Можа таму, што сваёй напышлівасцю і яўна задаволеным выглядам зусім не падобна была на сціплую, ціхую і такую прывычную Дзіну Васільеўну...

— Ну, яна згодна, толькі не кажа. Яна, ведаеце, гордая дзяўчына, — лагодна зазначыла Дзіна Васільеўна, і ад гэтага яе тону Люсі стала безнадзейна горка і сумна.

— Тады збірайся, дзетка, а то мяне чакае таксі. Я думаю, што ты не пашкадуеш...

Яна ўзнялася з крэсла, укормленая, у дарагіх панчохах, з бранзалетамі на ружовых запясцях. Люся, як толькі мела сілы, сціснулася, быццам каленам прытаптала ўсеабдымную роспач, і пайшла на кухню збіраць свой нямудры набытак. Яна павыцягвала ўсё з гаспадынінага чамаданчыка, якім карысталася, і, падумаўшы, завязала клункам у вялікую маміну шарсцяную хустку. Наташка ў новых сандаліках, прыбраная і святочная, тупала побач, усё шчабечучы неразумнае, а Валерка, нешта зразумеўшы, насупіўся і, стоячы ля дзвярэй, моўчкі назіраў за зборамі нянькі.

— А чаму ты пойдзес да гэтай цёткі? — запытаў ён.

— Так трэба, Валерка, — дрыгануўшым голасам адказала Люся.

— А ты не ідзі да яе. Я цябе не пушчу...

Люся прыкусіла губу і маўчала.

— Я пайду скажу мамцы, каб яна прагнала яе.

— І я пайду з табой, і я... — раптам зразумеўшы, што нянька кудысьці збіраецца, загаманіла і Наташка.

— Не, Наташачка, я цябе не вазьму, бо ўжо не буду болей з табою гуляць; ты пойдзеш у садзік,— сказала Люся.

Ей стала дужа шкада гэтай выпеставанай ёю дзяўчынкі, з якою толькі яна адна і ўмела ладзіць; падумалася, што ў садзіку дзяўчынку будуць крыўдзіць, і Люся не будзе ўжо мець да яе ніякага дачынення. Ад гэтай матчынай жаласлівасці ці яшчэ ад чаго яе вочы наліліся слязьмі, следам голасна заплакала і Наташка. На плач дачкі прыбегла

Дзіна Васільеўна, яна схапіла Наташу на рукі, але тая ўсё плакала і рвалася да нянькі.

Развітанне было пакутлівым і горкім.

Быццам у нейкім цягучым тумане, Люся пацалавала дзяцей, упершыню ў жыцці падала руку ўзрушанай Дзіне Васільеўне і сказала; «Не крыўдуйце, калі што...». І выйшаўшы за новай гаспадыняй, села ў «Пабеду»... Сабраўшы ўсе свае сілы, Люся намагалася стрымаць слёзы і таму не магла ні гаварыць, ні глядзець на Дзіну Васільеўну і дзяцей. Яна прыладзілася на заднім сядзенні і маўчала.

З таго ўскраіннага квартала, дзе жыла Дзіна Васільеўна, машына выкаціла на цэнтральную гарадскую магістраль і шпарка шыбавала ў напрамку да цэнтра. Люся ніколі не ездзіла ў легкавой машыне і цяпер трошкі павесялела ад той асалоды, якую дае хуткая язда. Бы ў зыбцы, яна мерна пагойдвалася, на паваротах яе млосна хінула ўбок і прыемна круцілася ў галаве. Наперадзе, ля шафёра, з прывычным выразам уласнай важнасці сядзела яе новая гаспадыня.

На люднай шырокай вуліцы яны звярнулі ў пад’езд вялікага дома. У ладным, упарадкаваным двары з клумбамі і кустамі бэзу пад сценамі машына спынілася, і Маргарыта Яўгеньеўна нязграбна вылезла ў вузкаватыя для яе дзверы. Люся таксама пачала мацаць нейкія ручкі збоку, але дзверцы не слухаліся, і дзяўчыну мусіў выпусціць шафёр. Пасля яна дагнала гаспадыню, якая, ужо астудзіўшы прыветную лас.кавасць у вачах, узнімалася па прыступках ганка.

— Вось наша кватэра, прыкмячай. Тут веранда, дзе мы п’ем чай. Дарэчы, трэба падвязаць галіны вінаграду — гэта ты ўвечары зробіш. Тут калідорчык, пярэдняя. Дываны і дарожкі будзеш выбіваць кожны ранак. Выбіваць будзеш вунь там, — паказала яна некуды ў кут двара. — Тут у нас ванная, тут гасціная.

Кватэра была вялікая і багатая. На блішчастай паркетнай падлозе ляжалі дарожкі і прыгожыя стракатыя дываны (прыбіраць будзе лёгка, міжвольна зазначыла Люся), у гасцінай стаяла дарагая канапа і два мяккія крэслы, са сцен хіліліся нейкія цёмныя карціны ў тоўстых пазалочаных рамах. У пакоі на кожным кроку стаялі нейкія столікі і шафкі, на якіх, бы ў музеі, блішчэлі фарфоравыя і медныя фігуркі людзей і звяроў... Дзяўчына аж здзівілася, колькі тут было іх, і падумала; «Вось бы сюды Наташку — столькі цацак!». Яна спынілася ў парозе, разглядаючы багатае ўбранства кватэры, а Маргарыта Яўгеньеўна кінула на канапу плашч, спіхнула нагой з нагі басаножкі і стомлена расселася ў крэсле.

— Упарылася — такая духата! Як толькі пачынаецца лета, дык з ім і мае пакуты. Хвораму сэрцу асабліва супроцьпаказана гарачыня, — скардзілася яна, абмахваючыся хустачкай. — Хоць бы ўжо хутчэй тую пуцёўку... Толькі ля мора і паратунак. Ігаро-о-ок! — раптам з маладымі звонкімі ноткамі пяшчотна паклікала яна.

Недзе ў глыбіні кватэры бразнулі дзверы, нешта рыпнула, і на парозе паказаўся той, каго назвала гаспадыня Ігарком. Гэта быў высокі юнак, крыху старэйшы за Люсю, з худым бледным тварам і грывай пакручастых валасоў на невялікай галаве. Ён спыніўся на парозе, засунуў голыя па локаць рукі ў кішэні вузкіх і караткавых блакітных штаноў і, пагойдваючыся ўзад-уперад, ляніва пацікавіўся;

— Гэта яна?

— Вось, Ігарок, гэта Люся, пазнаёмцеся, — лагодна сказала Маргарыта Яўгеньеўна і па чарзе паглядзела на абодвух, быццам параўноўваючы. Ігарок, аднак, не крануўся з месца, і не дастаў з кішэняў рук, толькі неяк бессаромна, з нахабным выразам у прыгожых, як у маці, вачах, агледзеў Люсю. Ад яго погляду дзяўчыне стала ніякавата, і нешта падобнае на злосць і прыкрасць прымусілі яе панурыцца і прыкусіць губу.

— Ну што ж, хай будзе так!..— зноў гэтак ляніва і сама-задаволена зазначыў Ігар. Выцягнуўшы з кішэні руку і гулліва падкінуўшы на далоні нейкую манету, ён лянівай паходкай знік у калідоры.

— Ігар — студэнт інстытута. Цяпер толькі прыехаў з Харкава на канікулы, — растлумачыла Маргарыта Яўгеньеўна, чагосьці заклапочана ўздыхнула і ўзнялася з крэсла. — Ну, што ты стаіш там, праходзь. Спаць будзеш тут, на раскладушцы. Свае рэчы можаш пакласці ў тумбачку.

Дарэчы, скінь свой мяшчанскі сарафан, — гаспадыня тыцнула пальцам у Люсін квяцісты пашыты ёю (самой) штапельны сарафанчык. — Для хатняй работы я табе дам нешта прыгажэйшае. Ідзі сюды.

Яна падалася ў бакавыя дзверы, Люся нясмела пайшла за ёй. Дзяўчыне было чагосьці трывожна ў гэтай кватэры. Яе пачынаў прыгнятаць самаўпэўнены тон гаспадыні і прысутнасць паблізу яе сына з нахабна-пагардлівым позіркам. Здавалася, што яна тут нейкая дужа маленькая, слабая і неразумная.

— Вось трымай, — сказала тым часам Маргарыта Яўгеньеўна і кінула ёй на рукі агніста-чырвоны кітайскі халацік. Хоць ён быў стары і сям—там дзіравы, але ад яго нельга было адвесці вачэй. Па яго чырвоным фоне распластвалі крылы імклівыя ластаўкі і, бы жывыя, цвілі нейкія дзівосныя кветкі. Люся баязліва разгарнула дарагую адзежыну, а гаспадыня, бачачы яе збянтэжанасць, падахвоціла;

— Адзявай, адзявай, ён якраз табе будзе. Крышку зашыеш толькі ў баках... А вось яшчэ бяры. Гэта калі ў горад прыйдзецца збегаць, у магазін ці на рынак, — і яна падала Люсі таксама паношанае светла-блакітнае плацце. — У нас не будзеш сірацінай, калі станеш старацца...

Ад гэтых слоў гаспадыні нешта хваравітае варухнулася ў душы Люсі, але ўся яе ўвага была скіравана на падарункі. Ей карцела разгарнуць, разгледзець, прымерыць уборы, якіх яна з роду не насіла, але гаспадыня вяла яе далей.

—Ідзі сюды. Паркет у гасцінай будзеш націраць па суботах. Калідор і кабінет Аляксандра Аляксандравіча, дзе цяпер Ігарок, трэба праветрываць зранку і ўвечары. Аляк—сандра Аляксандравіча зараз дома няма. Ён паехаў пісаць эцюды да карціны... З шафаў пыл будзеш выціраць анучкай. Статуэтак, крый божа, не чапай, выціраць іх буду я. Канапы і крэслы чысціць пыласосам. Дарэчы, ты ўмееш карыстацца ім? А халадзільнікам? А пральнай машынай?

Люся не ўмела карыстацца гэтымі прыладамі навейшай цывілізацыі. У Дзіны Васільеўны нічога падобнага не было. Ды хіба можа нейкі там пыласос або пральная машына так добра зрабіць сваю справу, як гэта можна выканаць сваімі рукамі? Люся так і сказала гаспадыні, калі тая адчыняла дзверы яшчэ ў адзін пакой.

— Гэта погляды тваёй Дзіны... Спадзяючыся на твае рукі, яна не купляла нічога, што палягчае працу, — строга заявіла гаспадыня і пераступіла парог.

Люся нахмурылася.

— Дзіна Васільеўна добрая... — ціха, але ўпарта зазначыла яна.

— Добрая? Гм... Можа і добрая, але скнара. Сабе паліто з чарнабуркай справіла, а домработніца мые бялізну ў карыце... Вось яе дабрата.

Люся хацела сказаць гэтай дзябёлай жанчыне, што Дзіне Васільеўне даводзіцца адной выхоўваць дваіх малых дзяцей, што ёй цяжка, бо часта не хапае грошай, што яна эканоміць і выгадвае на ўсялякіх гаспадарчых драбязях. Ужо хто-хто, а Люся добра ведае, якая гэта клапатлівая і чалавечная жанчына. Але Маргарыта Яўгеньеўна вяла далей, кружыла па кватэры, цеснай ад мноства мэблі, і сыпала ўказанні наконт уборкі, догляду, чысткі ўсіх гэтых дываноў, шафаў, дзвярных ручак, люстраў, гардзін і парт’ер, паркету. Люся дзівілася, што гэтулькі клопату патрабуюць нямаведама каму патрэбныя рэчы. Гэта ж каб выгадаваць Валерыка і Наташку і то трэба менш старання.

Нарэшце, пазнаёміўшы новую домработніцу з яе абавязкамі, Маргарыта Яўгеньеўна падфарбавала перад люстэркам вусны і некуды выйшла з кватэры. Люся засталася адна. Яе агарнула пачуццё няпэўнай варожасці да гэтага шматклапотнага ўтулку і яго гаспадыні, якая надоечы так лісліва ўсміхалася ў вочы Дзіне Васільеўне і так зняважліва адзывалася аб ёй за вочы.

Люся агледзела падлогу, шафы, сталы, паправіла абрус, боязна абышла вялізны — большы за яе — гадзіннік у куце, які са старасвецкай важнасцю ледзь ківаў цяжкім маятнікам. Яна не ведала, што яшчэ можна зрабіць сёння, і, падхапіўшы падарункі, пабегла да вялікага люстэрка.

О, яна любіла ўбранне! Няважна, што не мела амаль нічога свайго. Усё роўна не горш ад любой модніцы разбіралася яна ва ўсіх гэтых шоўках, штапелях, крэпах, нейлонах і перлонах. Спачатку Люся прымерыла агністы халацік, а пасля светла-блакітнае плацце. Яна то пацешна падміргвала сабе ў люстра, то таямніча прыхмурвалася, адкінуўшыся ўсім целам, то высока задзірала свой курносы, крыху вяснушкаваты тварык, то пагардліва аглядала ў люстэрку велічную і гордую, амаль незнаёмую Люсю, то бралася ўбокі і круцілася па пакоі, шчаслівая ад уласнай маленькай радасці. Аказваецца, яна была зусім неблагая на выгляд дзяўчынка... Паступова ёй стала падабацца і трумо, перад якім можна было падурэць з сабою, і гэтая пакаёвая раскоша з безліччу бескарысных прыгожых рэчаў. Павесялеўшая і задаволеная, яна дачакалася гаспадыню.

Маргарыта Яўгеньеўна зноў разамлела ад спёкі і ледзьве дашкандыбала да мяккага крэсла. Некалькі хвілін яна не магла вымавіць слова, усё стагнала і абмахвалася хустачкай. Пасля неяк супакоілася і агледзела Люсю.

— Ну вось, зусім не тое, што вясковы сарафанчык. Цяпер можна і на вуліцу выйсці. Дарэчы, схадзі ў ларок і запраў пару сіфонаў. Гэта ведаеш дзе? Грошы я табе зараз дам.

Яна яшчэ раз неяк пільна зірнула на Люсю, паднялася і адчыніла дзверы ў спальню. Застаўшыся адна, Люся не ўстрымалася ад спакусы лішні раз зазірнуць у трумо. Паправіла заколатыя на патыліцы косы і, задаволеная, падміргнула сабе. У гэты час да яе данёсся насцярожаны голас гаспадыні:

— Люся, зайдзі сюды..

З прывычнай гатоўнасцю дзяўчына шмыгнула ў спальню, дзе гаспадыня з нейкай зацятасцю на спацелым твары перастаўляла каробкі на туалетным століку.

— Ты грошы тут не бачыла?

— Не, не бачыла, — адчуўшы, як раптам здрыганулася сэрца, сказала Люся. — Я не заходзіла сюды.

— Гм... Дзе ж яны? Дзесяць рублёў?.. Я ж клала іх сюды.

Яна прымоўкла, узіраючыся сюды—туды і неўпрыцям

кідаючы запытальныя позіркі на Люсю. А тая, трымаючыся за ручку расчыненых дзвярэй, раптам адчула, як нешта правалілася ў яе пад нагамі і яна быццам апусцілася ў нейкае паганае бяздонне.

— Значыць не бачыла? — настойлівей перапытала гаспадыня і перастала шукаць. У глыбіні яе калючых і жорсткіх вачэй прытаілася нешта атрутнае.

— Не,— крыўдлівым і чужым голасам адказала Люся, ледзьве стрымліваючы дрыготкія вусны.

Бездапаможна цярэбячы вузенькі паясок падараванага плацця, Люся безуважна прайшла каля трумо, спынілася ля завешанага гардзінай акна і невідушчым позіркам уставілася на сонечны зялёны падворак. Пасля кароткай радасці ёй зноў стала сумна і горка. Гаспадыня ўсё нешта чмыхала за дзвярыма, а яна доўга пазірала, як мітусяцца ў галлі вераб’і.

Хутка знадворку забразгалі дзверы, і ў калідоры пачуліся лянівыя крокі. У пакой увайшоў Ігар, швырнуў на канапу пакамечаны капронавы брыль і рашуча наблізіўся да Люсі. Але ў гэты момант са спальні выглянула маці.

— Во, Ігарок, якраз дарэчы. Ты ў мяне са спальні грошы не браў?

Ігар, падрыгваючы тонкімі нагамі, адышоўся ад акна, бухнуўся ў матчына крэсла і, не спяшаючыся, дастаў з кішэні блішчасты партабак. Маці, поўная ўвагі, чакала адказу.

— Гм, — сказаў Ігар, пастукваючы папяросай па вечку партабака, — Так сказаць, першая сямейная драма. І прадмет спрэчкі — дзесяць рублёў?

— Ну, кажы, Ігарок,— не вытрымала Маргарыта Яўгеньеўна.— Кажы, браў ці не?

— Што за наіўнае пытанне? — зноў іранічна чмыхнуў сын.— Грэх пакідаць богам пасланыя пару рублёў.

Ён закурыў і, нахабна паводзячы вачыма, даследаваў знямелую маркотную Люсю.

— Ігаа-а-а-ар, — засцярожліва праенчыла маці. — Няўжо ты не мог узяць там, дзе ў мяне заўсёды ляжаць грошы? Не для цябе ж яны былі пакладзены...

Люся раптам зразумела ўсё... Не разважаючы болей, яна кінулася ў прыхожую, адтуль у ванную, сарвала з сябе дараванае плацце і дрыготкімі рукамі апранула свой старэнькі квяцісты сарафанчык... Яе душыла вялікая крыўда.

Пасля скочыла ў гасціную, таропка і бяздумна выхапіла з—пад стала свой так і не развязаны клуначак і, ні слова нікому не кажучы, выбегла ў калідор...

...Убачыўшы яе з гэтым клункам на парозе, Дзіна Васільеўна толькі спытала:

— Цябе пакрыўдзілі?

А Наташка і Валерык з піскам і смехам вобцас кінуліся да Люсі, пачапляліся за яе сарафан, лемантавалі на ўвесь голас:

— Вазьмі на ручкі! Вазьмі на ручкі!

Клуначак упаў з яе рук на падлогу.

— Дзіна Васільеўна, я там не буду... Я не магу...

— Ну і клопат вялікі... Ну і не трэба, — нічога не распытваючы, толькі ўсяго і адказала Дзіна Васільеўна. — Не прападзем жа, нешта прыдумаем... Можа разам з імі, — яна кіўнула на Валерыка і Наташку,— я ўладкую цябе на работу ў дзіцячы сад. А там ты і ў вячэрнюю школу пойдзеш...

— Ой, каб так было!.. Каб так... — сказала Люся, хілячы да сябе і цалуючы Валерыка і Наташку.


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2009
Крыніца: http://www.lit-bel.org/