epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Даведка

Па вуліцы ішоў чалавек. 3 выгляду ён падобны быў на вайскоўца — у кіцелі, але без пагонаў, у руках трымаў невялічкі чамаданчык і цікаўна аглядаўся навокал.

Чалавек падыходзіў да вугла, калі адтуль шпаркай хадою выкаціўся маленькі круглявы прахожы ў палатняным летнім гарнітуры і з папкай. Ён спяшаўся, а яго сустрэчны пазіраў угору на шыльду, і яны спрытна стукнуліся адзін аб аднаго. Маленькі збянтэжана буркнуў штось, злавіў збіты з галавы капялюш і хацеў было падацца далей, ды вузенькія вочкі яго раптоўна расплюшчыліся на колькі былі здольны і, поўныя здзіўлення, хуценька замігалі.

— Гэ! Няўжо Алесь?

— Ага, ён самы, — усміхнуўся сустрэчны. — Вітаю вас, Іван Іванавіч.

— Ну-ну-ну! Якім чынам, адкуль і куды?

— Ды вось прыехаў па справе.

— Да нас?

— Ага.

— Тады хадзем. Мне хоць і некалі, але ўжо вярнуся: для былога калегі яно можна.

Яны звярнулі за вугал у бакавую вулічку і засенню бухматых каштанаў дайшлі да першага пад’езда. Маленькі ўвесь час сыпаў пытанні, жарты і прымаўкі — ён, відаць, быў у добрым гуморы і радаваўся сустрэчы.

У калідоры важнай ціхманай установы Іван Іванавіч паслужліва расчыніў дзверы свайго кабінета, гасцінна прапусціў наперад сустрэчнага. Застаялая халаднаватая ціш пакоя адразу ўстрывожылася гоманам і рухамі мітуслівага гаспадара. Ён шпурнуў на стол папку, на дыван — капялюш, бразгочучы графінам, з асалодай напіўся і, нарэшце, у знямозе ад празмернай рухавасці і духаты зваліўся ў крэсла.

— Значыцца, адслужыў? Так, так, цудоўна. Як сямейства, як жонка?

— Дзякую, нічога, — казаў захожы, садзячыся перад сталом. — Нядаўна сын нарадзіўся.

— Гэк, ты! Сын? Малайчына! Сын — спадчыннік, так сказаць.. Цудоўна, цудоўна! Расце, значыць... А мы старэем. Так. Што зробіш...

Іван Іванавіч летуценна-сумна ўздыхнуў, але маленькія вочкі яго паранейшаму весела смяяліся.

— Я па справе да вас, — сказаў захожы пасля кароткай паўзы. — Патрэбна даведка аб часе маёй работы ў вашай установе.

Гаспадар пакоя неяк знячэўку ўстрапянуўся, ураз сагнаў усмешку з твару, які стаў ад таго сумны і посны.

— Даведку, значыць, — паўтарыў ён, нібы абдумваючы сэнс просьбы. — Ат, навошта тыя даведкі? Уся гэта папераманія — заслона ад жывога чалавека.

— Ды ўжо так патрабуецца, дзеля формы, — адказаў захожы. — Калі не забыліся, я працаваў тут з 46 па 49, да прызыву ў армію.

— Як жа, як жа — памятаю. Усё памятаю, але...

Іван Іванавіч абарваў фразу, ускочыў з крэсла і дробнымі крокамі выбег з пакоя. Вярнуўся ён хутка, і яго твар ужо нёс на сабе адбітак моцнай заклапочанасці.

— Ты разумееш — архіваў няма. За 50 год ёсць, а за 49 няма. — Ён па нейкай старой прывычцы прыгладзіў бліскучую лысіну. — Не ведаю, што і рабіць.

— А навошта архівы? — запярэчыў захожы. — Вы ж мяне і так ведаеце.

— Вядома, я ведаю. Але ж трэба падстава для даведкі.

Захожы здзіўлена ўзняў шырокія калматыя бровы. Іван

Іванавіч пухлымі рукамі ляснуў сябе па сцёгнах, нібы дзівячыся няўцямнасці чалавека.

— Я ведаю, але Пётр Аўдзеевіч не ведае, таварыш Зюмкін, бадай, не памятае, а даведка — рэч адказная, для яе патрабуецца апраўдальны дакумент у справах.

Ён яшчэ раз ляснуў далонямі і, закінуўшы за спіну рукі, разы два задумліва прабег па кабінеце. Твар яго ўвесь час выказваў моцны непакой. Відаць было, што Іван Іванавіч не супраць таго, каб дапамагчы чалавеку, але невядомая сіла не давала яму адважыцца на нейкі крок.

Пабегаўшы па пакоі, ён блізарука перабраў паперы на стале, зноў выбег у дзверы, але хутка вярнуўся.

— Разумееш, браце, нічога не можам зрабіць: няма даных.

— Гм! Як жа быць? — занепакоіўся захожы. — Даведка ж мне вельмі патрэбна.

На круглявым твары Івана Іванавіча, у яго зыркіх вачах і нават на невялічкім, падобным на спелы памідорчык носе з’явілася столькі пакут і жалю, што, здавалася, справа гэтай даведкі дапякала яго больш, чым захожага.

— Проста не ведаю, што і рабіць. — Усё бегаючы па пакоі, ён быў, здаецца, на мяжы адчаю, ды раптам ад нейкай удалай думкі ўраз успыхнуў надзеяй і ўскінуў руку.

— Стоп, браце! Надумаў! Шукай у кішэнях якую паперку з тых часоў.

Захожы без лішніх слоў узяўся за кішэні. З нагрудных, бакавых, унутраных і задніх ён пачаў выкладаць на стол шматлікія паперкі рознай даўнасці. Стоячы побач, Іван Іванавіч выхопліваў з яго рук усё самае старое і цёртае і падносіў да блізарукіх вочкаў. Нарэшце, калі ўсё, што было ў кішэнях, апынулася на стале, і нават была даследавана падклейка вайсковай фуражкі, Іван Іванавіч напаткаў нешта здатнае.

— Вось, вось! — ускрыкнуў ён, прыкмеціўшы знаёмы штэмпель сваёй установы. — Есць, ёсць паперка! Цяпер, браце, парадак.

Чалавек узрадаваўся, як малы, што прыдбаў зманлівую цацку, і хуценька азнаёміўся з квелым ад часу «дакументам».

— О, якраз — «дана для прад’яўлення ў домакіраўніцтва». Цудоўна. Зараз, зараз — знімем толькі пару копій, заверым, запішам — і ўсё ў парадку.

Ён зноў выбег у суседні пакой, разгоніста ляпнуўшы за сабою дзвярыма. Не было яго даволі доўга, і захожы бесклапотна пазяхнуў, пацягнуўся на стуле. Справа амаль скончылася, думалася, што турбавацца, уласна, і не было чаго.

Але супакойвацца, відаць, было рана: калі Іван Іванавіч зноў з’явіўся на парозе, ранейшы клопат засмучаў яго ружовы твар.

— На, зірні, брат, што гэта за лічба?

Ён тыцнуў пад нос захожаму ягоную паперку, той уважліва агледзеў яе: на пацёртым згібе дакумента цьмяна вырысоўвалася машынапісная дзевятка, падобная на васьмёрку.

— Ну, вядома, павінна быць дзевяць.

— Гэ, павінна! Я сам ведаю, што павінна, але ж загвоздка ў тым, што значыцца. А значыцца восем.

— Ну якая ж васьмёрка! — здзівіўся захожы. — Гэта ж ад згібу так здаецца. Не можа ж быць, каб значыўся тут 1847 год.

— Ах жа, каб ты спарахнела! — у роспачы зноў ляснуў сябе гаспадар кабінета і, ухапіўшыся за галаву, забегаў па пакоі. — Ну і задаў ты, брат, задачу... Трэ’ параіцца...

Ён зноў выслізнуў у другія дзверы і, з’явіўшыся праз нейкі час безнадзейна сумны і маркотны, падышоў да стала.

— Нічога, брат, не зробіш. Мусім засведчыць тое, што значыцца ў дакуменце.

— Іван Іванавіч, ну што вы на самай справе! — узмаліўся захожы і ўскочыў са стула. — Навошта ж мне такая даведка?!

Твар гаспадара пакоя ўжо згубіў усе жывыя фарбы, асунуўся, вочы яго не ўзнімаліся ад долу і не пазіралі на наведвальніка.

— Ах, ты, божа мой! Ну што я зраблю, што зраблю? Калі б былі архівы...

Усялякія добрыя намеры, відаць, канчаткова пакінулі яго. З кіслай мінай Іван Іванавіч заверыў копіі, падпісаў даведку, запісаў нумары гэтых папер у нейкі сшытак, зрабіў адзнаку ў сваім кішэнным блакноціку і, прымусіўшы захожага распісацца ў чатырох месцах, уручыў яму новенькі дакумент.

— Вось, паважаны. Мо’ як прынадабіцца. А наконт года, дык што ж паробіш: у мяне ў самога ёсць адзін дакумент са скажонай датай. Хіба вось што магу параіць. Схадзі да таварыша Арапава, папрасі — ён чалавек смелы і, пэўна, згадзіцца паправіць. А калі зробіць гэта і паставіць свой подпіс, дык я ўжо заверу пячаткай. Так і быць!

Захожы змрочна выслухаў і, няўцямна паціснуўшы плячыма, з паперкай у руках паплёўся да дзвярэй.

Невясёлы Іван Іванавіч застаўся адзін. Гэтая сустрэча, радасная ўпачатку, пад канец зусім сапсавала яго настрой. Але што зробіш: затое ён пазбег рызыкі, як заўсёды, вытрымаў прынцыповасць.


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2009
Крыніца: http://www.lit-bel.org/